|
Кiно "Iлюзiя"
Мiхась Андрасюк
Я нiколi не любiў хадзiць у кiно, усе тыя сюжэты, што адбываюцца на сцяне, уяўлялiся мне плоскiмi, выдуманымi i несапраўднымi, а ўжо асаблiва гiсторыi пра вялiкае каханне – я, папершае, не быў перакананы ў існаванні гэтага пачуцця, падругое, калi ўжо i здараюцца з людзьмi нейкiя складанасцi, дык перш за ўсё там, у вялiкiм свеце, якi, дарэчы – ёсць, а мо яго i няма? каханне ў нашым мястэчку выяўлялася зусiм iначай – нiхто ад яго не памёр, затое шмат хто ўпершыню пабачыў свет, ды некалi ў мяне ўзнікла цiкавасць да школьнай сяброўкi Люсi, а ў яе якраз квiтнеў аўтэнтычны сентымент да дзесятай музы i я, хочаш цi не, быў час ад часу прымушаны аддаць гонар цэлулоiднаму мастацтву – дайце, калi ласка, два бiлеты, сёння, на сем гадзiн вечара – у касе панна Вiкця – выпадкова задоўжылася яе дакучлiвае паненства, з тае пары, калi Манюсь, за два днi да шлюбу, у выніку шчырага развiтання з халасцяцкiмi бестурботамi, заснуў быў за рулём i спынiўся ў натоўпе старэйшых жанчын, якiя iшлi якраз з паломнiцтвам у святую мясцiну – у нас заўсёды, калi ззяе летнi час, хтосьцi кудынебудзь маршыруе з такой свентаю мэтай – але Манюся, так цi iначай, асудзiлi на шаснаццаць гадоў, чатыры ўжо за спiною, астаецца дванаццаць i вось зараз панна Вiкця каўкае днi, бы горкую цыкуту – заходзяць жа ў кiно асобенi нетактоўныя, асаблiва ўсякiя даўно не бачаныя цёткi, хто, прыкiнуўшыся шоўкавай хустачкай спачування, нiяк не ўпусціць аказiю падпытаць: а колькi ж Манюсю яшчэ асталося? дванаццаць? дванаццаць! ах бедная ты, ой якая – а мне вось, калi купляю бiлеты, мне робiцца не па сабе, бо тыя два пропускi ў прыемныя хвiлiны з Люсяй каштуюць – як ні лiчыць – якраз дванаццаць злоты – дванаццаць злоты – кажа панна Вiкця, i, здаецца, яе словы падхоплiвае нейкая нядобрая сiла i дэфармуе iх, i выкручвае, i выдаўжае ў бясконцасць – дванаццаць гадоўгадоўгадоўгадоў – а якое месца? цi ёсць у вас канкрэтнае жаданне наконт месца? – жаданняў ёсць два, першае – крайнi радок ззаду i другое – па левы i правы бок, таксама парожняе месца – ну самi ведаеце, як абмяжоўвае iнтымную прастору чужая асоба побач, i нiколi невядома,хто яна, i цi ў кульмiнацыйны момант не пачуеце непераборлiвы каментар, або грубае храпенне, або – падзiцячы наiўныя хаханькi, стараюся падбiраць час, калi iдзе польскi фiльм, тады не адно крайнi, але i ўсе апошнiя радкi iнтымна пустуюць – паводле гадзiннiка, да сёмай увечары астаецца дванаццаць гадзiн – мабыць, i не тузiн дзён, i не тузiн месяцаў, у васемнаццацiгадовым жа ўзросце, дык i гадзiны ўяўляюцца даўжэйшымi за вечнасць – а свет у чэрвенi такi прыгожы, у краме Спажывецкiя прадукты прадаецца лiкёр Экстаз, гэта вельмi хiтры напiтак, лiпкi i салодкi, беспраблемна заходзiць нават у тонкiя дзявочыя вусны i толькi праз палову гадзiны сорак градусаў пачынаюць сваю падпольную працу – лiкёр Экстаз, адну бутэльку, дайце – панi Казя за прылаўкам сумняваецца ў маім паўналецці – а вам, малады чалавек, цi можна ўжо? – ну, вядома, што можна, трэба адно працягнуць руку ў кiшэню i апраўдацца адпаведным дакументам – вось, калi ласка, мне васемнаццаць i два месяцы, i калi ўсё пойдзе згодна з планам, спадзяюся сёння на першае знаёмства з цялеснымi сферамi жыцця – як жа хочацца пахвалiцца! – ды ў нiякiм выпадку не магу сказаць апошнiя словы, у панi Казi ёсць дрэнны вопыт з лiкёрам Экстаз – некалi яе запрасiў быў на кватэру паручнiк Мацейка – дзверы ў дзверы жылi на апошнiм паверсе ў блёку, што па вулiцы Вызвалення, штодзённа абмiналiся на сходах – а ў вас пiсталет сапраўдны, цi мо нейкi не сапраўдны? а медалi якiя? а цi можна паглядзець? а дакрануцца, цi можна? – гады тры стаўлялiся пытаннi, гады цi не тры чуўся i адказ – не зараз дзетка, не сёння – i нiяк не магла зразумець: што не зараз? чаму ж не сёння? – аж летам у васьмiдзесятым склаліся выпадковыя i непаўторныя абставiны, ну самi ведаеце, калi здараецца важнае, заўсёды складаюцца непаўторныя абставiны – бацькi на вёсцы, жонка пана Мацейкi ў санаторыi, а Казi – не бач калi завяршаецца семнаццаць – i пан Мацейка запрашае: а вось, будзем глядзець i медалi, i ордэны – i адкрывае дзверы ў кватэру – на пачатак пайшоў у атаку лiкёр, затым i пан паручнiк, ну скажыце самi, доўга ж можна абараняць пазiцыю, калi наступае на вас дыплямаваны афiцэр? цырыманiял з ордэнамi паўтараўся затым шмат разоў, бо як пажаўнерску казаў пан паручнiк – разгарнуўшы тушонку, можаш яе кансумаваць, колькi захочаш, калi захочаш i дзе захочаш, можаш нават i лепшых сяброў частаваць, калi, вядома, ёсць у цябе такiя – аж у рэшце рэшт, у восемдзесят першым, у неспакойны снежань, i паручнiка, i шмат якiх сяброў ягоных, па службовых справах перавялi ў другiя мясцовасцi, а панна Казя пайшла замуж за маладога слесара Сямiгора, нарадзiла яму пяцёра малых Сямiгораў, ды пасталела ў саноўную паню Казiмеру – такую вось гiсторыю расказаў пан паручнiк Мацейка незнаёмаму асобеню – вудзiлi якраз рыбу на Семяноўскiм вадасховiшчы, значыць – вудзiў рыбу незнаёмы чалавек, а плавок на вудачцы пана паручнiка нат i не хiстануўся за ўсю ноч – бо шчасце бывае або ў каханнi, або на рыбалцы, ды нiколi i тут, i там – разгартаючы вайсковую тушонку, канстатаваў пан паручнiк Мацейка – калi ласка, вы, мабыць, таксама прагаладалi – i ўзяў ды прывёў свой аповед з лiкёрам Экстаз, незнаёмы асобень, вярнуўшыся апоўднi дамоў, вытрыбушыў карпаў, карасёў i лiноў, прыгожа iх абсмажыў, а затым адлупцаваў сваю жонку Казю, калi яна, прыхапiўшы ў вусны румяны хвосцiк, аж вочы заплюшчыла ад бязмежнай раскошы, i ўсё тое кулiнарнае ўмельства назвала адным словам: экстаз; я не думаю пераконваць вас, быццам бы ў жыццi здараюцца сустрэчы паходжаннем з мексiканскага кiно, я толькi хачу сказаць вядомую праўду, што вудачка спалучае ўсе слаi грамадства, у гэтай праўдзе я зараз абсалютна перакананы, а вось некалi сядзелi мы з Люсяй у цёмнай зале, глядзелi якiсьцi польскi фiльм, i мне здавалася – нашыя сцежкi спалучыць усётакi кiно, я чакаў, калi ўжо ў акцёра вычарпаюцца стандартныя мацюкi, i калi – згодна з правiламi сцэнарыя – яны сфармiруюцца ў пары i пачнецца сапраўдная, мужчынскажаночая бiтва ў пасцелi, Люся ў такiх выпадках паводзiла сябе з вялiкай годнасцю i прыстойнасцю, знерухамелая, з горда ўзнятай галавой, бы нейкая панi-сенатар падчас важнага пасяджэння, яна ўзiралася ў экран сталёвымi вачыма i я, не ведаю чаму, уяўляў сабе, што так менавiта паводзiлi сябе першыя хрысцiянскiя жанчыны, калi на арэне, мiж галодных львоў, завяршаўся iх зямны шлях, але я ведаў i другую праўду – Люся звычайна саромелася зiрнуць налева цi направа, была яна ў гэты момант як удзельнiк злачынства, каму здаецца, што не бачанае астаецца нябачным, у яе была кароткая сукенка i доўгiя ногi, i я тое дасканала бачыў, i калi прыгажуня на экране адлятала ў бясконцую асалоду, мая рука прызямлялася якраз на Люсiным калене, не зводзячы вачэй з экрану, яна адводзіла нахабнiцу на ранейшае месца, я паўтараў манеўр, яна зноў сваё, i так чарговы раз, i чарговы, аж у рэшце рэшт мая рука адступала, бо я ўжо – мабыць пад уплывам кiно – пачаў засвойваць тонкасцi францускага графа, i рамантызм Гётэ з Байранам, i ў гонар Люсi я пагадзіўся б памiраць, а вось без дазволу, няёмка было трымаць далонь на яе калене, а свет у чэрвенi такi прыгожы, асаблiва ноччу, куды нi глянеш – усюды зоры – зоры ў небе, зоры ў лiпавым галлi, зоры ў аконным шкле, ды ў шкле з-пад лiкёру Экстаз – ужо i апаражнiлася бутэлька, зараз затыкае яе чырвоная, скручаная ў спiраль свечка, i ад гэтай якраз свечкi, адзiнае ў пакоi святло – хадзем, паслухаем музыку, там будзе зручней – Люся не пратэстуе, з-за стала перасяляецца на тапчан, скідае туфелькi, усаджваецца на кукiшках – цi выгодна? – о, так, вельмiвельмi – падбародак абапiраецца на калені, яе вочы – oczy twe jak piękne świece, a w sercu źródło ich płomienia – плюмкае ў клавiшы нябачны пiянiст – i вось яе вочы трымцяць зманлiвымi пламеньчыкамi – ужо сэрца iм крынiцай? цi ўсё яшчэ салодкi лiкёр? – не здагадацца зараз – далонь, пачынаючы ад шчыкалаткi, вандруе вышэй, уцiскаецца мiж падбародкам і каленам, i другая сястрыца бяжыць з успамогай, лашчыць шыю, уплятаецца ў валасы, вылучае гравiтацыю, як параненая ластаўка трапечацца на падушцы галава – не! нне! – раптоўны iмпульс падрывае яе, стаўляе на ногi – не так, не зараз, я – калi ўжо – дык назаўсёды, на ўсё жыццё – забiваецца ў туфлi, папраўляе сукенку i прычоску – ну не ўмею так, прабач – зараз яе рука ўплятаецца ў мае валасы, пасяброўску, увiшныя пальцы тузаюць за вушы, за нос – добры хлапец, не пакрыўдзiць Люсю, праўда? праўда, я ж канчаткова ўжо далiкатны, як францускi граф, i рамантычны як Байран, i бы Трыстан у Iсольду, так я закаханы ў Люсю, i – аб чым не сказаў раней – самай агiднай рысай чалавецтва зараз здаюцца мне хiтрасць i iлгунства, часам прапанова пайсці ў кiно сыходзіла ад Люсi, яна ў такiх выпадках падбiрала рэпертуар i наогул глядзелi мы аповед пра Яго i Яе, багатых, прыгожых i адукаваных, i свет iм, усе тыя Рыверы, Караiбы, Венецыi – тое, што i свая хата, хочацца – падалiся на цёплае мора, не хочацца – бавяць час дома, здараецца – спачатку – узводзiць недарэчныя барыкады грандыёзная цешча – вусны такое асобенi стандартна надзьмутыя, бы сцяг пралетарскай рэвалюцыi – а вось з дваццатай хвiлiны ўсе дружна б’юць у грудзi за ранейшыя недаразуменнi, затым забiваюцца за стол, ласуюцца iкрою i шампанскiм, ну жыць не ўмiраць, дзяцей гадаваць на разбэшчаных шчаслiўчыкаў, сядзiш вось, узiраешся ў экран, мабыць, i зайздросцiш крадком, усёткi ёсць ужо ў тваiм нутры тое высокачалавечае, што дазваляе быць шчаслiвым ад чужога шчасця, i ўсаджваешся зручней у крэсла, i разгортваеш загадзя прыдбаныя салодкiя дробязi, а тут раптам насоўваецца на экран чорны фатум – яе, нявiннiцу, зводзiць з яснай сцежкi звычайны ашуканец, або напамiнае аб сабе таямнiчая, невылечная хвароба, або – у крайнiм выпадку – трапляе прыгажуня ў дарожную аварыю, i бачыш на ўзбочыне дарогi падоўжысты клунак, загорнуты ў сумнае палатно, i ён таксама бачыць тое, што ты бачыш, i пускае сабе кулю ў лоб, побач Люся абцiрае пякучыя слёзы, у нiякiм выпадку не магу прызямлiцца на яе каленi, усё, што я зараз у змозе – працягнуць папяровую хустачку, ды моцна сцiснуць яе далонь – а як жа, каханая, я з табою ў сумнай хвiлiне – згасае экран, fine, стукаюць крэслы, людзi гуртуюцца да выхаду – а калi б з намi такое, калi б я так? ну не скажу, з прамой сцежкi нiхто i нiколi мяне, сам ведаеш, але калi б хвароба, цi нешта такое? – мокры твар усоўваецца ў маё плячо, не адказаць зараз на такое пытанне, а яно зноў паўтараецца, на кватэры ўжо, за стопкай лiкёру – калi б такое з намi, я б, пэўна, злажыў галаву пад колы цягнiка – i зараз прыходзiць на думку дзядзька Мiкалай, ён усаджваецца за руль раз’юшанага лакаматыва, з кiшэнi тырчыць пластмасавая бутэлька – страшэнны ж перагар у панядзелак ранiцой – пранiзлiвы гудок, i колы пайшлi па рэйках, а тут раптам – стоп, а тут раптам крык i мiтусня, аварыя, палiцэйскiя мундзiры, у дзядзькi Мiкалая перагар i малалетнiя дзеткi – мне агiднае iлгунства, маўчу, затым чытаю чужыя вершы пра смерць, i пра каханне – файнэ – кажа Люся, разглядаючы ў святле свячы чарку лiкёру, складае брацкi пацалунак на маё чало i адыходзiць, углядаюся ў свячу, доўга, пакуль на гадзiннiку кукулка не адкукуе поўнач, i так большменш гардзеевым вузлом завязалася лета, у настальгiчную восень я сам пачаў складаць словы пра каханне, чытаў iх у густыя, як Экстаз, зiмовыя адвячоркi – файнэ – паўтарала Люся, а ў пачатку чарговых вакацыяў яна без слова з’ехала ў Iспанiю, там – калi б паверыць газетным аб’явам – у барселонскiх рэстаранчыках дзяўчаты з усяго свету, з маленькiх – як нашае – мястэчкаў, зарабляюць вялiкiя грошы, i я нiколi ўжо не спаткаў Люсю, а ўсё, што адбылося далей, працяг гэтай гiсторыi, цi – дакладна – яе заканчэнне, у нiякiм выпадку не грунтуецца нi на фактах, нi на здагадках, гэта мая звычайная фанабэрыя, паспалiтае самалюбства, якое заступаецца за ўсе нашы расстрачаныя днi i няздзейсненыя мары, i вось бачу Люсю, яна высаджваецца з аўтобуса на белым вакзалерынку, у руках перагружаны чамадан, разглядаецца, а ўсе сцежкi ў адным, невядомым напрамку, людзi спяшаюць хто куды, дзень iдзе на спад, ружам вечаровага сонца налiваюцца белыя вежы касцёлаў, Люся ўзiраецца ў маленькую картачку – там, пэўна, адрас – рэстаран Santa Rosa? – ад сцяны адрываецца таямнiчая асоба, у цянi чорнага самбрэра ветлiва ўсмiхаюцца чорныя вочы, яна штосьцi пытае – si si, seniora – працягваецца рука – Хозэ? Луi? – ён называе сваё iмя – не чую, надта ж далёка Iспанiя, a моцныя далонi ўжо падхапiлi цяжкi чамадан – come on, gehen – пайшлi? там? цi напэўна там? – si si, напэўна – чорныя вочы надалей усмiхаюцца, i ўжо абязлюдзiўся вакзал, зараз яны на нейкай кватэры – цi тут рэстаран Santa Rosa? гэта ж не тут, у нiякiм выпадку не тут! у рэстаранах шмат столiкаў, i афiцыянткi, i клiенты, i музыка, а тут што? адзiн стол i адзiн тапчан– Santa Rosa? maniana, заўтра, усё заўтра – запэўнiваюць вочы, на стале бутэлька таннага вiна, дагарае свечка – паслухаем музыку? там во, будзе зручней – яна не пратэстуе, усаджваецца на тапчан, падбародак абапiраецца на каленi, яшчэ хвiлiна i чую знаёмае: не! нне! – але, можа i памыляюся, усёткi далёка Iспанiя – Луi? Хозэ? ён жа блiжэй, ён, мабыць, чуе зусiм другое, i чарговыя людзi заходзяць на кватэру, i чарговае чорнае самбрэра схiляецца над падушкай, а ранiцой Люся шпацыруе каменнай вулiчкай, тры крокi наперад, тры крокi назад, тры наперад, тры назад, наблiжаецца нейкi мужчына, на некалькi хвiлiнаў яны знiкаюць з маiх вачэй, знiкаюць за чырвонымi фiранкамi, i зноў стукаюць абцасы аб каменную вулiцу, i чарговыя мужчыны, i чарговыя днi, адвячоркам з’яўляецца ХозэЛуi, пералiчвае нейкiя паперкi, i калi няшмат iх, вельмi злуе ХозэЛуi, крычыць i махае рукамi, адштурхоўвае яе, адыходзiць, Люся падымаецца з тратуара, атрэсваецца ад каменнага пылу, ступае ўслед, усмiхаецца, бо яна – калi ўжо – дык назаўсёды, а свет зараз – якi прыгожы, жоўтым i чырвоным лiсцём успыхнуў местачковы сквер, на фоне апошняй жнiвеньскай ночы, яркiм фiялетам стаiць неон Кiно Iлюзiя, то згасае, то зноў разгараецца лiтара ю, ранiцой, мабыць, адказны электрык зменiць лямпачку, а можа i не? мне хочацца , каб заўтра прайшоў там апошнi сеанс, а потым бязлюдную вулiцу няхай замятае восеньскi вецер.
чэрвень, 2002
|