|
"Трымаючы ў руках паходню"
Алена Анішэўская, Варшава
Азіраючыся назад, на сваё жыццё, я бачу, што лёс падарыў мне шмат цікавых і вартасных падзей, якія ўспрымаю як кампенсацыю за іншыя ягоныя фрагменты, што былі часам і не пад сілу. Самым жа вартасным, важным у жыцці я лічу знаёмства і духоўнае збліжэнне з цікавымі, ідэйнымі людзьмі, натхнёнымі творцамі.
У самы цяжкі перыяд майго жыцця, у час нямецкай акупацыі, калі я ўсяго што толькі развіталася з дзяцінствам, лёс сутыкнуў мяне з незвычайным чалавекам – Масеем Сяднёвым. Падумаць толькі – дзе Магілёўшчына, вёска Мокрае, дзе Белавежа і Беласточчына, а дарогі нашыя скрыжаваліся.
Ваенны Беласток 1943 года. Я аказалася тут разам з маці і радзінаю, вывезенай сюды пасля расстрэлу нашага бацькі ў Белавежы 1941 г. Сяднёў уцёк са сваім бацькам і сястрой з нямецкага транспарту падчас стаянкі таго на Палескай станцыі ў Беластоку. Транспарт той вёз беларусаў з Магілёўшчыны ў Германію. Як і чаму ён збег менавіта ў Беластоку, пісьменнік расказвае ў “Масеевай кнізе” (Мінск 1994 г.) у раздзеле “Беластоцкі сшытак”.
Пакуль дайшло да сустрэчы з самім паэтам, я зацікавілася ягонымі творамі, што пачалі друкавацца ў “Новай дарозе”, газеце, якую выдавала Беларускае аб’яднанне ў Беластоку. Першыя вершы М. Сяднёва: “Пастушка”, “Сосны”, “Сонцу”, “Адзінства хараства” і іншыя, датаваныя гадамі 1933 – 1936, былі напісаны яшчэ на бацькаўшчыне, у Мокрым. Неўзабаве ж з’явіліся “Расчараванне”, “Раздум’е”, падпісаныя “Менск, турма 1940 г.” Аказалася, што малазнаны тутэйшаму чытачу паэт – спакутаваны чалавек, носьбіт драматычнага лёсу свайго народа:
Расчараванне
Многа ведаць больш я ня імкнуся,
Як імкнуўся я ў юнацкі час:
Добра зьведаў гэту я спакусу, –
Ды і хто ня ведаў яе з нас?
Без пары састарыўся і ссох я,
Атупеў, зьняверыўся, зачах.
Больш ня жывяць цела майго сокі,
Мітусіцца цемень у вачах.
Думаў я пражыць лягчэй, пагодней
Чым жылі мой бацька і мой дзед
І, трымаючы ў руках паходню,
На зямлі пакінуць яркі сьлед.
Часу ўсё сваё аддаць я мусіў,
Толькі ўсё маё прапала тлом:
Горш за бацьку з году ў год я б’юся,
Зарабляю хлеб сабе гарбом.
Гіну я, нібы трава на пожнях,
Жоўтая, упаўшая ў ваду.
Па зямлі да дзён маіх апошніх
Не заўважаны нікім прайду.
Менск, турма – 1940 г.
Раздум’е
Мяне чакае нябыцьцё,
Забыт я буду сьветам.
Ідзі-ж па-іншаму жыцьцё,
Я мог-бы быць паэтам.
Блакітнай яркасьцю і све-
жасьцю, як посьле грому,
Мой верш хвалюецца, жыве
На зло сабе самому.
Жыве адзін сваім жыцьцём,
Нікому невядомым.
З маім здружыўшыся нутром,
Начуе толькі дома.
На час маўклівы і глухі,
Ён знае, дзе танцуюць чэрці.
Сышліся ўсе яго шляхі
У пункце гібелі і сьмерці.
Але ў час буры і слаты,
Калі імгла гусьцее ночы,
Падоўгу, з жартам, як браты,
Глядзім адзін другому ў вочы.
І не палохае нас час,
На ўсё кладзем свае прыметы.
І цікавей яшчэ для нас,
Што невядомыя мы сьвету.
Менск, турма – 1940 г.
У турму паэт патрапіў у 1936 годзе, будучы студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута, як “вораг народа”. Адседзеў у турме, адпакутаваў на этапах і ў Калымскіх лагерах. Аднак лёс падараваў яму магчымасць выратавання, творчага сталення, ўзыходжання на паэтычныя вяршыні.
Беластоцкі перыяд у жыцці М. Сяднёва нельга залічыць да малаважнага эпізоду, хаця працягваўся ён нядоўга – усяго адзін год. Сутыкненне з беларусамі Беласточчыны – прызнаецца паэт, – дзе ўпершыню пачуў ён сумнацягучую (песню) “люблю наш край, старонку гэту”, – дзе віталіся – “жыве Беларусь!”, – знаёмства з шырокім актывам Беларускага аб’яднання, побыт у этнічна чыстых беларускіх вёсках адкрывалі перад паэтам нешта новае, хвалюючае: – “Людзі, якія толькі што здаваліся мне несваімі, умомант сталі сваімі”, – кажа паэт. Там жа ў “Беластоцкім сшытку” ён сцвярджае: “Скажу – хіба адсюль пачалася мая Беларусь, у гэтую часіну яна прайшла праз маё сэрца. Усвядомленая, яна не давала мне ўжо быць раўнадушным”.
Працуючы карэктарам у “Новай дарозе”, паэт шмат ездзіў па Беласточчыне, наведваў розныя мясцовасці і часта, калі нешта яго ўзрушвала, там паўставалі вершы. Як, напрыклад, верш “Адказ” (каму і з якой нагоды ўжо я не памятаю) быў напісаны ў Орлі, “На хутары” – у Нараўцы.
Адказ
Я добрага ў жыцьці яшчэ ня знаў,
Аб добрым у жыцьці я толькі яшчэ мару.
Як кволы цьвет паўдзённых пышных траў,
На поўначы я мёр ад сьцюж бязьлітаснага ўдару.
Мне Бацькаўшчына мірсьцілася ў снах,
Прыглушаная гвалтам, зьдзекам і бядою.
Я песьнямі адзначыў свой няволі шлях,
Я сумам напаіў свой верш, нібы дзіця вадою.
Пакутаў зьменшыць я ня мог нічым –
Стаяла сьмерць кастлявая перад вачыма...
Я і цяпер балючасьць ран не залячыў,
Мая душа, парваўшы ланцугі, яшчэ не адпачыла.
Я накіп сэрца песьнямі лячу –
Яны бальзамам для яго – няйначай.
Сярод імклівай радасьці, мой чытачу,
Няўцешны плач душы і смутак можна мне прабачыць.
Орля 1943 г.
На хутары
Ува ўсе канцы чатыры – поле, –
Як пра ўсё я гэта напішу?
Шырыня, прастор, размах і воля
Прыгажосьцю радуюць душу.
Домік прытуліўся пад узгоркам,
Яблыкі зьвісаюць да зямлі,
Толькі неяк быццам было горка,
Што яны яшчэ не зацьвілі...
Пад стадолаю Жучок зацяўкаў,
Толькі злосьці ён ня меў ані.
Паказалася ў вакне шляхцянка
І раптоўна зьнікла ў глыбіні.
Уваходзім сьмела і нясьмела,
Кінуўшы акуркі на двары.
Тут за стол – ні пала і ні села –
Пасадзілі нас гаспадары.
– Гаспадар, была у нас дарога -
Не паі мяне ты, як даўней:
Хмель каханьня нашага, яй-Богу,
За твае стоградуснай мацней.
Счырванела, сэнс пазнаўшы словаў.
Вочы – быццам іскры двух агнёў.
А інакш – ня чулі-б мае мовы
І ня быў-бы я Масей Сяднёў.
Нараўка 13.5.1944 г.
Сяднёў жыва цікавіўся жыццём беларусаў на Беласточчыне. Асабліва высока цаніў ён развітае беларускае школьніцтва і ахвотна бываў у школах. Увосень 1943 года наведаў ён двухкласную школу ў Беластоку, дзе я нейкі час працавала. Адбылася сустрэча з вучнямі, а пасля з настаўнікамі. Так я пазнаёмілася з паэтам. Бачыла яго часам раней у Беларускім Камітэце, але гэта былі кароткія хвіліны прывітання, амаль без размовы. Ды назаўсёды застаўся ў маёй памяці навагодні вечар 1943/44 года. Вечар той наладзілі настаўнікі школы ў кватэры кіраўніка Уладзіміра Кузняцова. Запрошаны быў і Масей Ларывонавіч. Немцы ў той вечар скарацілі каменданцкі час і можна было хадзіць па вуліцах да 23 гадзіны. Тады мне пашчасцілася даўжэй пагутарыць з паэтам. Я была моцна ўсхваляваная, што магу з ім гутарыць, што ўпершыню так блізка каля мяне “жывы” паэт. Расказала яму, што немцы расстралялі майго бацьку, што я з Белавежы. “Я ўжо там быў”, – адказаў мне. Пасля пахвалілася, што чытала ягоныя вершы, што некаторыя знаю на памяць. “Ну, цяпер ужо мы будзем знаёмыя”, – сказаў ён. І надалей я вырэзвала з “Новай дарогі” вершы М. Сяднёва, а таксама Х. Ільяшэвіча, Я. Богдана і Шэршня.
Ад вясны 1944 года звычайныя акупацыйныя дні прасякнуліся трывогай ад начных налётаў, вывазам у Нямеччыну, арыштаў. Атмасфера ў Беларускім Камітэце была нервовая. Але беларускія школы працавалі, рыхтаваліся да заканчэння школьнага года. Сяднёў і іншыя дзеячы ездзілі на візітацыі. Беларускі хор пад кіраўніцтвам Кіслага даваў канцэрты. Пачаліся выразна афармляцца палітычныя падзелы. Многае, відаць, не падабалася паэту. Далёка не ўсім ён давяраў. Паўстаў тады верш “Сябрам”.
Сябрам
Так, так. Вядома мне, дальбог,
І вашае дабро і вашае сяброўства.
Ваш гнеў і кліч да перамог
Ня йдзе далей пустога красамоўства.
Вы – добрыя, як добра ўсё,
І кожны з вас сябе ўзьвялічыў.
Вы важна ходзіце, як парасё
З паднятым і надзьмутым лычам.
Сьмяюся я за гэта з вас –
Такою дрэняй шмат мяне душылі.
Як прыйдзе добры для вас час –
Вы аддасьцё мяне з вяроўкаю на шыі.
Тады ў другіх, каб жыць было зручней,
Вы купіце спакой і купіце вы згоду:
Не аднаго прадаўшы, як раней
Зноў чэсна будзеце служыць народу.
10.4.1944 г.
Быў гэта, здаецца, апошні верш, які я выразала з “Новай дарогі”.
У ліпені пракаціўся цераз Беласток фронт, прыйшло вызваленне. У разбітым, засыпаным друзам Беластоку, мясцовыя жыхары стараліся наладжваць сваё жыццё, а прывезеныя сюды не па сваёй волі стараліся вярнуцца дадому.
У Белавежу мы вярнуліся напрыканцы жніўня 1944 года. Захапіла я з сабой каля 30 вершаў, выразаных з “Новай дарогі”, найбольш з якіх было М. Сяднёва. Праз два гады, у жніўні ’46 года, я накіравалася ў Беласток, на працу і вучобу. Разглядалася па розных установах ці не сустрэну дзе каго з маіх знаёмых беларускіх дзеячаў. На жаль, нікога не пабачыла. Асабліва займала мяне думка пра М. Сяднёва. Калі ў 70-х гадах пачала я час ад часу бываць у Мінску, у кнігарнях пытала пра паэта Масея Сяднёва. Ніхто нічога пра яго не ведаў. Мая сваячка, студэнтка Педінстытута ў 80-х гадах не чула яшчэ пра такога паэта. Няўжо такі выдатны паэт недзе загінуў?! І, каб пацешыць сябе, нанова перачытвала захаваныя мною вершы.
Аднойчы прыйшла я на літаратурны вечар Віктара Шведа ў памяшканне БГКТ на вул. Сенатарскай у Варшаве і прынесла вершы Сяднёва. Мне надта хацелася адрэкамендаваць паэта Сяднёва ў нашым беларускім асяроддзі. Пасля выступлення В. Шведа, які ў той вечар прачытаў каля 60 сваіх вершаў, я папрасіла дазволу ўзяць голас. Сказала крыху пра беларускага паэта з Магілёўшчыны, якога лёс закінуў на заходнія землі дасюль невядомай яму Беларусі – нашу Беласточчыну. Прачытала тады з дзесятак вершаў Сяднёва, у тым ліку і напісаных у турме. Хтось зрабіў мне заўвагу, што тыя “турэмныя” вершы кранаюцца быццам палітыкі і можа лепш іх не прыпамінаць. Гэта на ўсякі выпадак, каб не маглi зрабіць нам закід, што займаемся палітыкай. Я, аднак, спытала прысутных, ці хто не чуў пра такога паэта. Нехта мне тады сказаў, што М. Сяднёў жыве ў Злучаных Штатах. Але як знайсці яго?
Дапамог мне ў гэтым выпадак.
Улетку 1992 года прыязджаў у Польшчу беларус з Амерыкі спадар Г.П. Певень. БГКТ забавязала Варшаўскі аддзел узяць яго пад апеку, сустрэць у аэрапорце, паказаць Варшаву ды пасадзіць у цягнік на Беласток. Паколькі у той час Хведар Галёнка і я былі гаспадарамі Беларускага клуба ў Варшаве, абавязак той датычыў менавіта нас.
Вяртаючыся з Беластока праз нейкі час, спадар Певень ізноў быў нашым госцем. Тады я спытала яго: ці часам не ведае ён паэта Масея Сяднёва? – “А як жа, ведаю! Мы з ім знаёмыя”, – адказаў спадар Певень. Тады я, карыстаючыся гэтай нагодай, напісала Сяднёву некалькі слоў. Прыпомніла, што мы сустракаліся ў Беластоку, што захоўваю дасюль ягоныя вершы, выразаныя з “Новай дарогі”. Спадар Певень сказаў, што сам асабіста перадасць гэты ліст адрасату і раскажа пра беларускую дзейнасць у Варшаве.
Так пачалася нашая перапіска. Першы ліст – адказ на маю кароткую запіску – я атрымала вельмі хутка пасля адлёту спадара Пеўня. Быў ён таксама кароткі з просьбай напісаць больш пра сябе і прыпомніць, калі і ў якіх абставінах мы спатыкаліся. Я напісала даўгаваты ліст, у якім падрабязна прыпомніла беластоцкія сустрэчы.
У адказ прыйшоў доўгі, на чатыры старонкі, ліст ад М. Сяднёва (23.8.92)
Даражэнькая Гэлена,
Ня ведаў я, што ёсьць на сьвеце душа, што захавала памяць аба мне – такая прыгожая душа! У мае цяжкія часіны гэтая душа была-б для мяне вялікай падтрымкай, надзеяй, нават нечым больш – выратаваньнем. У цяжкія часіны мне такой душы не хапала і, я ствараў яе, жыў уяўным вобразам нечага прыгожага. Чаму я кажу “нечага прыгожага”? Канкрэтна-ж, гэтым вобразам была – ну як-жа інакш? – жанчына, якой у сапраўднасьці ня было і ў пошуках якой я знаходзіўся. Яна была крыніцай майго натхненьня і смутку. Памятаю тую сустрэчу Новага году. Быў я ў добрым, узьнёслым настроі і, здаецца, не бяз посьпеху жартаваў. Здаецца, мог-бы карыстацца ўвагай у жанчын, што там былі. Але, нясьмелы, ініцыятывы ня выявіў, хоць і палымнеў жаданьнем сустрэчы. І гэтак сустрэчы не адбылося і, самотны, я пайшоў дахаты адзінотны. Чаму Вы, Гэлена, не падыйшлі да мяне?
... Але што я – Вам-жа было толькі 15. І для Вас гэта быў цуд пабачыць “жывога”, як пішаце, паэта. Вы паланілі мяне сваёй памяцяй аба мне, і цяпер я шкадую, што нешта было прапушчана ў маім жыцьці. Ваша памяць аба мне (праз колькі год!) убіла мяне прыгожым смуткам па Вас. Значыць, я ня страчаны ў сьвеце – Вы зьбераглі мяне!
Дзякую за Ваш прыгожы і сумны ліст-споведзь. Вы страцілі бацькоў (бацьку – трагічна), страціў я таксама (маці – трагічна, гэтаксама, як Вы – бацьку). Я далучаюся да Вашага “Са ўсім, што нясе жыцьцё мусім памірыцца”.
Добра Вам адпачывалася ў Вашай роднай Белавежы? (Быў і я ў ёй аднойчы). Над чым працуеце – што пішаце.
... Спадзяюся, што Беларускі Клюб у Варшаве будзе жыць. Вашая-ж душа ў ім. Гэтак хацелася-б пабываць у ім, пабачыцца з Вамі, цяпер ужо дарослай!, наведаць Беласток. Ян Чыквін запрашае.
Зьбіраюся наведаць зноў Менск. Мяркую накіравацца туды 14 верасня на пяць тыдняў. Хацелася-б завітаць і ў Вільню, і Гарадню і – як даўняя мара – у Беласток. Незаводна мушу пабачыць і сястру (у Магілёўскай вобл. Адтуль атрымаў страшэнную навіну – забіты мой родны брат). Але на гэтым не хачу канчаць ліста. Не хачу затушоўваць сьветлага таго ўсяго, што прынёс мне Ваш ліст. Прызнаны Вам надта.
Прывітаньні мужу. Сардэчна абнімаю – Масей.
Адказваючы на ліст, я не асмелілася распытваць, хто і чаму, у якіх абставінах забіў брата? Не хацела вярэдзіць балючай раны. Пераказала толькі словы спачування Яму і сям’і. Да гэтай тэмы Масей Ларывонавіч больш не вяртаўся.
Ведала я з ліста, што паэт у верасні збіраецца ў Беларусь. Трывожылася. Такое няшчасце спаткала брата, ці не пагражае што і самому паэту?! Хоча заглянуць у Вільню, у Гродна, на Магілёўшчыну – ці ён будзе там бяспечны? Нецярпліва чакала ліста.
Урэшце, у канцы снежня ’92 года амаль адначасова прыйшло 2 лісты: святочная картка з віншаваннем з Раством Хрыстовым і Новым годам, а затым доўгі ліст (24.12/92)
Даражэнькая Гэлена,
Думаецца, мы нагэтулькі знаёмыя і блізкія, што час нам абраць форму звароту больш натуральную, сяброўскую, нічым незаменную форму “Ты”. У гэтым “Ты” усё: і дружба, і зразумеласьць, і цяга аднаго да другога, і мо нешта большае – закаханасьць, туга па далёкім, нязьдзейсьняным. Згода, Гэлена? Чакаю ад цябе ліста ўжо з тым “ты”.
Далей Масей Ларывонавіч апісвае сваё падарожжа ў Беларусь.
... Падарожжа маё было нялёгкім і вытрымаў я яго магчыма дзеля Твайго непакою і трывогі за гэтае падарожжа, дзеля Твайго “Увесь час думкамі я спадарожнічала Вам”. Быў нязвычна халодны кастрычнік, нат часам з сьнегам, а адзетым быў па-летняму і – мёрз. А потым эмацыянальна нялёгкія сустрэчы, яны падкасілі мяне. Надзьверх выматвалі мяне выступленьні ў Доме літаратара, у Інстытуце літаратуры, у Пэдінстытуце, у Доме афіцэраў, выступленьне па радыё, ў тэлебачаньні, на рэпрэзэнтацыі кнігі “Туга па радзіме”, адвядзіны рэдакцыяў “ЛіМу”, “Полымя”, “Роднага слова”, “Пралескі”. Жыць у гасьцініцы не захацеў (чамусьці баяўся, была-б ты разам, не баяўся-б) і праваляўся ў Сачанкаў (даражыў іхняй кухняй). Дзеля занятасьці і непагадзі не пабываў ні ў Вільні, ні ў Гарадні, ні ў Беластоку, ні ў Варшаве ў Цябе, як я планаваў на пачатку. Твая парада ляцець у Мінск праз Варшаву зманлівая і практычна нат выгадная. От тады і сустрэнемся... Ня можа быць, каб мы ня сустрэліся. Наша сустрэча мусіць адбыцца, сустрэча з Ленай. Пабываў толькі ў Вязынцы і ў Талачына (там наведаў сына, Васілька з “І той дзень...” Дуся хацела бачыць мяне, яна ў Гомелі, але муж ня пусьціў, незадаволена, што шмат нахлусіў пра яе ў рамане).
Зімою з ’92/93 год Масей Ларывонавіч адпачываў пасля інтэнсіўнай працы на Беларусі. Адбыў там гэтулькі сустрэч у розных асяроддзях і хаця прымалі яго ўсюды сардэчна і з пашанай – знясіліўся.
Цікавіўся ён нашай літаратурнай дзейнасцю на Беласточчыне. Я пісала пра нашы семінары, аўтарскія вечары, пра нашу культурную дзейнасць у беларускім варшаўскім асяроддзі. Калі штось цікавае было на літстаронцы ў “Ніве”, абавязкова пасылала яму. Адважылася і паслала сваю невялічкую паэму “Наш Парнас”. Напісала я яе на 30-годдзе нашага аб’яднання “Белавежа”. Надрукавана яна была пасля ў зборніку “Смак жыцця” (Беласток 1998 г.). Масей Ларывонавіч адказаў мне:
Даражэнькая Гэлена,
Палюбіў Цябе, як Гэлену, дык няхай і застаецца створаны мною вобраз Гэлены, а не Алены, гэты апошні больш празаічны, ці што.
Атрымаў Твой ліст і Тваю паэму “Наш Парнас”. Дальбог, гэта цікавы твор, у нейкім сэньсе прост класічны, побач “Энеіды навыварат” і “Тараса на Парнасе”: добры гумар, дасьціпнасьць і нат афарыстычнасьць. Твой гэты твор просіцца ў гісторыю нашай літаратуры. Дык за ўсё гэта вялікі дзякуй, Гэлена! Быў рады атрымаць ад Цябе ліст, па сутнасьці два – першы быў скамечаны, відаць, адкрываўся і зноў заклейваўся, другі – уласна Твая паэма. Вось гэткая гісторыя.
Пішы, як Ты сама? Я ўвесь час чакаю Тваіх лістоў і як атрымліваю – станаўлюся лепшым. Шкадую, што Цябе няма побач. Вітаю Цябе з Сьвятам: Хрыстос Воскрэсе!
Абнімаю, цалую.
(На Вялікдзень цалуюцца-ж. Твой муж не рэўнівы?)
1993 М. Сяднёў
М. Сяднёў цаніў знаёмства з Янам Чыквіным. Калі Чыквіна выбралі старшынёй Літаратурнага беларускага аб’яднання “Белавежа”, ён напісаў, што вельмі разумна паступілі “белавежцы”, бо Я. Чыквін не толькі знакаміты паэт, але напэўна і добры арганізатар, а “нам гэтага часта не хапае”.
І так абменьваліся мы думкамі ад ’92 да 2001 года. Некалькі лістоў чамусьці не дайшло да мяне. Масей Ларывонавіч зрабіў мне заўвагу, што я невыразна напісала назву маёй вуліцы ў Варшаве. Ён няправільна адчытаў і таму не дайшоў ліст.
23.08.93
Даражэнькая Гэлена,
Так і думаў – ліста Ты майго не атрымала (нічога ж няма пра яго ў Тваім лісьце, які я толькі што атрымаў). А гэта ж быў ліст усім лістам. Шкада. Доўга чакаў ад Цябе ліста і думаў – не дайшоў мой ліст. Але вось прыйшоў Твой ліст і радасьці маёй ня было канца. Шчыра дзякую. Гэта ж як лек на душу. Атрымаў і Твае вершы – уласныя і перакладныя. А яшчэ раней – Твой “Наш Парнас”. Пра яго пісаў у тым сваім лісьце, што не дайшоў да Цябе. Цікавы гэта твор. Колькі там досьціпу! І нат афарыстычнасьці! Параўноўваў з “Тарасам на Парнасе”. Ты малайчына. Ты сапраўдны паэт. Вось жа і Твае вершы “Надзея”, “Астры”, “І хто ж гэтак нізка павесіў...” сьведчаць, што Ты менавіта паэт, чульлівы, гуманны, філасафічны. Блізкі мне паэт. Чую Тваю душу. Цікавыя таксама і Твае пераклады польскага паэта-філосафа. Адным словам закаханы ў Цябе.
Быў на зьезьдзе і як шкада, што Ты не змагла прыехаць на яго – от была б сустрэча! А мы ж, сапраўды, мусім сустрэцца! І як гэта? Буду ехаць у Беларусь, буду ехаць праз Варшаву!
Сустракаўся на Зьезьдзе з Чыквіным і Чачугай, хацеў з імі ехаць у Беласток, ды нажаль ня выйшла – завітаў бы тады і да Цябе. На Зьезьдзе ня было мне праходу – прасілі інтэрв’ю, запрашалі ў госьці, ну і я даваў тыя інтэрв’ю, і бываў у гасьцёх. А вось Цябе ня было. Зусім было б іншае. Наша, блізкае, а ня нейкае там, усё ж чужое, ня то што наша даўняе, такое датклівае! Ды будзем жыць усё ж СУСТРЭЧАЙ!!! Кажаш, з Табою мае “Патушаныя зоры”? У сваіх лістох, у вершах сваіх і Ты – са мною. І ня толькі ў лістох. Ты й без лістоў сваіх – заўсёды са мною, прынамсі ў думках. У думках сваіх я набліжаю Цябе да сябе гэтак блізка! Ды што гэта я?..
Шкада тых “гандляроў” з Беларусі, што цяпер з сваімі торбамі імкнуць у Польшчу – бяда!!! За тры сваіх візіты нагледзеўся я ўсяго. Ты разумееш гэтых “гандляроў” – у Цябе ж добрае сэрца. Удалося мне гэтым разам заглянуць у колішнюю “Польшчу” – пабываў у Нясьвіжы, Міры, Новагрудку, на Сьвіцязі. Упяршыню ў маім жыцьці.
Пішы пра сваё падарожжа ў Беларусь. Ці паправілася твая сястра? Оля яшчэ не пісала Веры Путрыневіч. Усё зьбіраецца. Дзякую за тэлефон. Мо калі пазваню. А тымчасам яшчэ раз дзякую за ліст, не забывай мяне, пішы, адраджай мяне сваёй прыхільнасьцю, сэрцам сваім. Абнімаю, цалую. (Няхай Твой муж не раўнуе – гэта ж усё рамантыка! Раўнівы ён у Цябе? Такі майстра!
М. Сяднёў
Я вельмі перажывала, што не патрапіла на сусветны з’езд беларусаў у 1993 годзе ў Мінску. Не думала, што буду дэлегатам, і заранёў не пастаралася аднавіць свой пашпарт. Тэрмін яго кончыўся за дзень да ад’езду, а я была ў Белавежы і ніяк не паспела б аформіць справы. Відаць, не суджана было нам спаткацца.
На просьбу Масея Ларывонавіча я час ад часу пасылала нешта з напісанага мною, у рукапісе або друкаванае ў “Ніве”. Цешылася ягонай ацэнкай. Разумела, што ацэнка тая роблена з “прыплюшчваннем вока” на мае недахопы і недасканаласці. Гэтак Ён хацеў заахвоціць мяне, каб не пакідала пісаць.
Узамен пачала атрымоўваць ягоныя творы: “І гэты дзень надышоў”, “Патушаныя зоры”, “Масеева кніга” і іншыя.
У “Патушаных зорах” былі змешчаны творы, знаёмыя мне з часу акупацыі, друкаваныя ў “Новай дарозе”. Між іншым такія вершы: “Сосны”, “Адзінства хараства”, “Пастушка” і моцны па пафасу верш “Сябрам”.
Аднойчы напісала я Сяднёву, што некаторыя вершы з “Патушаных зор” надта мяне хвалююць. Датычыла гэта верша “Маленькая просьба”. Верш пачынаецца са слоў: “магчыма, хутка я памру”. Атрымала наступны адказ:
Даражэнькая Гэлена,
Масей, Масей, сімвалічна стаўляю на Тваім стале букет вясьняных кветак, яны цалаваныя сонцам і... мною. З такімі, душу маю ускалыхнулымі, радкамі Ты прыслала мне картку болей чым тры месяцы таму назад. Твая картка, з букетам кветак на ёй, стаіць у мяне на стале і я кожны дзень чытаю Твой надпіс і гляджу на букет, цалаваны ня толькі сонцам, а і... Табою. Ня толькі гляджу, а – літаральна – жыву такім прыгожым Тваім прывітаньнем. Ты асьвячаеш маё, цяпер нялёгкае жыцьцё, зараджаеш мяне слабога, маладой энэргіяй, успамінамі пра мінулае.
А цытаваны Табою мой верш “Напэўна* хутка я памру // і Ты забудзеш пра мяне. // I сон пра шчасную пару, // напэўна, хутка прамінe.
Скажы, калі мы шчэ жывём, // што Ты часінку хоць адну // нахілішся сваім чалом, // я нават мёртвым уздыхну.
Душа мая на сьвеце тым // даступіцца к дабру, //
Тады аб нашым аб зямным // навек у песьнях я замру”.
Як добра Ты пачула мой верш! Які Ты сама вялікі паэт!
Я выпіў сёньня шклянку віна і бутэльку нямецкага піва, ап’янеў, і на мяне нахлынула ўсё маё мінулае, падбіраючы пад тое мінулае жалобныя мелёдыі, пачаў пяяць тое мінулае з плачам і надрывам, я высьпеўваў яго для сябе. Для сябе – таму што у мяне няма перад кім паспавядацца – я жыву з глухой для мяне асобай. І я высьпеўваў сваё гора перад самім сабою. Сьпяваў “наўзрыд”. Суседзі маглі падумаць, што звар’яцеў чалавек. Канчаю тымчасам, гэтай споведзяй. Са здароўем дрэнна. Буду рады калі адгукнесься. Напішы, як Ты жывеш?
Твой Масей
20.7.2000 г.
Здароўе Масея Ларывонавіча было хісткае здаўна. Як мог змагаўся з хваробамі, якія да яго прыставалі. Калі дрэнна сябе адчуваў – думаў аб смерці. Было так у дзевяноста чацвёртым годзе. Напісаў тады верш “Калі я буду паміраць...”. Верш-запавет друкаваўся ў “ЛіМе” 15 ліпеня 1994 г.:
Калі я буду паміраць, канешне ж,
я не забуду вас, мае сябры, сяброўкі.
Жывеце весела на гэтай зямлі і дбайце
пра лёс краіны нашай занядбанай і мяне,
не помнячы грахоў маіх, часамі памяніце.
Я буду стуль вам слацьма прывітанні,
асветленыя сонцам райскім, а калі
надыдзе час вам у маю дарогу,
на райскім на парозе буду вас страчаць.
З вясны Масей Ларывонавіч планаваў прыехаць у Польшчу. А ў верасні напісаў:
“... нават баюся ўжо пісаць табе. Мой прыезд да цябе ў Варшаву адкладваецца, дрэнна чуецца жонка і тымчасам нельга пакінуць адну на даўжэйшы час, а дзеці далёка ад нас. Але будзь пэўна – сустрэча наша адбудзецца можа нават і ў гэту (мо позьнюю) восень. (8.09.94)
У траўні 1998 года М. Сяднёў з сумам канстатаваў: “Хацеў бы быць на 40-годдзе “Белавежы” – я-ж беластоцкі. Не прыехаў”. А ў наступным лісце ён напіша: “У думках ездзіў на беластоцкі юбілей. Сустракаўся там з Табою. Сустрэча гэтая ажывіла мяне і я пачуўся зноў шчаслівым. Нат здароўе маё паправілася”. У гэтым жа лісце: “Ад душы дзякую за Твой каштоўны падарунак, за Тваю цікавую кніжыцу “Смак жыцця”, за Твой мілы для мяне аўтограф”.
... “Я назваў твой талент чыстым, першародным у тым сэнсе, што ён караніцца, як слушна заўважыў праф. Базыль Белаказовіч, у “айчыннай глебе”. Раіў мне Масей Ларывонавіч паслаць у “Полымя” апавяданні з гэтай маёй кніжкі.
Час сыходзіў і я прадчувала, што сустрэчы нашай хіба не будзе. У шуфлядзе збіраліся лісты. Аптымізму ў іх было штораз менш. Пытаў мяне, ці я прыеду, то ён прышле мне запрашэнне. Я не магла абяцаць – гэта ж не на маю пенсіянерскую кішэнь. У лістах Масей Ларывонавіч наракаў, што ён самотны, што ўжо не ў сілах нечым важным займацца. Я суцяшала яго. У 2000 годзе ён доўга не адгукаўся. Думала, што ўжо нешта сталася. Ажно прыйшоў ліст (ад 1.10.2000). Апошнімі гадамі лісты ён пісаў ужо на машынцы.
Даражэнькая Гэлена,
Цытую з цябе “Хацелася б, каб хтосьці нас падтрымаў душэўна, каб было перад кім адкрыцца са сваімі думкамі і набалелымі справамі”. От-жа гэтым “хтосьці” для мяне Ты. Твае лісты, Твае добрыя словы, Тваё “Масейку, будзь спакойны, не падай духам. У Тваім жыцці былі і сонечныя дні, была і радасць. Ты знакаміты паэт і пісьменнік. Пастарайся ўспамінаць толькі добрае і прыемнае. Я буду заўсёды з Табою”. Гэтае Тваё “Я буду заўсёды з Табою” супакоіла і абрадавала мяне. (не, “абрадавала” гэта заслаба: сьвятло дабрыні і цяплыні Тваёй асьвяціла мяне, запэўніла мяне, што ў гэтым сьвеце я не адзінокі, з мяне як-бы зьляцела мая адвечная нудзьга, прыгадаў і свой радок: “Я забыт ня усімі на зямлі”. Дый от, з Тваім “Я буду заўсёды з Табою”, я буду і паміраць, але тымчасам яно адчаліла і ўзбудзіла ў мяне заснулыя ўжо было сілы. Канешне-ж і Твае запэўненне, што “маё цяжкае і пакутлівае жыццё не астанецца бяз сьледу ў гісторыі нашай пакрыўджанай лёсам Беларусі”.
У студзені 2001-га атрымала я апошнія словы Масея Ларывонавіча: віншаванне з Раством Хрыстовым і Новым годам. Напачатку лютага ён расстаўся з гэтым светам...
|