|
На гарызанталях і вертыкалях літаратуры беларускага замежжа
Ян Чыквін, Бельск
На пачатку 2002 г. у серыі славістычных даследаванняў Бірмінгемскага уні-версітэта ў Вялікабрытаніі выйшла манаграфічная праца А. Макміліна, гэтым разам цалкам прысвечаная беларускай літаратуры ў замежжы. А. Макмілін з’яўляецца першым гісторыкам беларускай літаратуры, які ўжо ў 1997 г. далучаў да агульнабеларускага мацярыка і некаторых віднейшых беларускіх эміграцыйных паэтаў і празаікаў. Як бы з ягонай лёгкай рукі ў 1982 г. Ш. Акінэр, даследчыца таксама ангельскамоўная, упісвае і беларускую літаратуру Польшчы ў яе гістарычна-культуровы кантэкст. Урэшце і ў Беларусі пачынаецца вывучэнне гэтай тэмы: у 1988 г. часопіс “Маладосць” друкуе артыкул Б. Сачанкі “Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні”. Сцяна маўчання вакол эмігрантаў была падмыта. У 90-х гг.на Беларусі пачынае актыўна і ў розных жанрах распрацоўвацца тэма эміграцыі (М. Мішчанчук, У. Конан, Л. Савік, Л. Пранчак, А. Ліс і інш.). У 1997 г. выходзіць манаграфія “Далёкія і блізкія” ў Беластоку. Зразумела, шмат новых матэрыялаў публікуе БІНіМ У прыватнасці, нядаўна з’явілася кніга
Л. Юрэвіча “Літаратурны рух на эміграцыі” (Мінск
2002). На жаль, нягледзячы на заяўленую ў анатацыі мэту падаць “упершыню (?)... і поўную карціну эміграцыйнай літаратуры”, даследаванне носіць выразна фрагментарны характар).
Сёння можна смела гаварыць пра ўфармаванне трох адметных асяродкаў, дзе сістэматычна і мэтанакіравана вывучаецца спадчына беларускага замежжа (Мінск, Беласток, Лондан-Нью Ёрк). Як вынік гэтых студыяў у 2001 г. у Беластоку была надрукавана грунтоўная манаграфія супрацоўніка БДУ Алеся Пашкевіча “Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя”, і неўзабаве, на пачатку гэтага года, з’явілася рэцэнзаваная тут намі кніга праф. Лонданскага універсітэта А.Макміліна “Беларуская літаратура ў дыяспары”. Гэта два найноўшыя капітальныя даследаванні, у якіх першай – такой падрабязнай – гарызантальнай прэзентацыі літаратурных фактаў і з’яў адпавядае істотная спроба вызначыць мастацкія вартасці паасобных творцаў па вертыкалі.
Манаграфія А. Макміліна па свайму аб’ёму (510 стр.) і насычанасці фактамі з’яўляецца багацейшай крыніцай бія- і бібліяграфічнай інфармацыі аб беларускай літаратуры замежжа на яе сённяшнім этапе вывучэння. Складаецца яна з трох частак. Першая, найбольшая (237 стр.), прысвечана беларускай літаратуры ў заходнім свеце, другая (толькі 25 стр.) – ва ўсходняй Еўропе, у трэцяй жа (193 стр.) гаворыцца пра беларускую літаратуру ў Польшчы.
У першай і трэцяй частках даследчык выдзяляе тры раздзелы, зыходзячы з класічнага падзелу мастацкай творчасці на паэзію, прозу і драму (у другой частцы няма гэтакага падзелу, чым аўтар працы паказвае, па сутнасці, маргінальнасць беларускай літаратуры ў Латвіі, Расіі і Украіне). Кожны з тых раздзелаў – гэта шэраг кароткіх тэкстаў, дзе даюцца агульныя звесткі пра жыццёвы шлях паасобных пісьменнікаў, іхняя творчая біяграфія ды характарыстыка гэтай творчасці з мэтай выяўлення найбольш адметнай для кожнага ідэйнай схільнасці, тэматычнай дамінанты, а таксама і фармальна-эстэтычнага наватарства, аднак без супастаўлення іх творчасці з іншымі творамі замежнікаў – “сваіх”, “чужых” ці хоць бы сучаснікаў у Беларусі.
Ёсць, праўда, адна пададзеная на самым пачатку кнігі парадыгма, якой ненавязліва карыстаецца аўтар у ацэнцы ўсёй беларускай літаратуры замежжа і якая як бы сама сабой вызначае месца пісьменніку на перасячэнні гарызантальнай і вертыкальнай ліній развіцця беларускага прыгожага пісьменства. Маецца на ўвазе “традыцыя «Нашай нівы»” (лінія гарызантальная) і традыцыя-асоба Максіма Багдановіча (лінія вертыкальная). Як сцвярджае ва ўступным слове да раздзела “Эміграцыйная паэзія” А.Макмілін: “Большасць паэтаў у значнай ступені засталася, аднак, вернаю традыцыі ранейшых гадоў, менавіта традыцыі «Нашай нівы»”. А М. Багдановіч быў творчым інспіратарам, але ж толькі “для нешматлікіх”. Не адмаўляючы творчага плёну паслядоўнікаў “Нашай нівы”, А. Макмілін усё-такі ў культурова-нацыянальнай карціне Беларусі аддае перавагу “эстэтычнай” плыні беларускай паэзіі.
Манаграфічна-праблемнымі артыкуламі з “амерыканскай” беларускай літаратуры ўганараваны, як і трэба было спадзявацца, Я. Юхнавец, Н. Арсеннева і М. Сяднёў. І ў такой менавіта чарговасці. Нечаканасцю для многіх даследчыкаў беларускага замежжа будзе, як думаецца, уключэнне А. Макміліным у гэты “амерыканскі” раздзел і ў гэты пералік імёнаў Л. Геніюш і выпадзенне з пераліку “прызнаных” А. Салаўя. З “польскай” беларускай літаратуры асаблівай увагі, на думку даследчыка, заслугоўваюць, як вынікае і з пададзенага матэрыялу, паэзія Я. Чыквіна і проза С. Яновіча. Ім таксама адведзена непараўнальна больш месца, чым астатнім “белавежцам”.
Трэба падкрэсліць, што даследчык наогул у замежнай беларускай літаратуры прыярытэт аддае паэтам, носьбітам канцэнтраванай, эсэнцыяльнай, “элітарнай” (у адрозненне ад заўсёды больш “дэмакратычнай”, наднацыянальнай прозы) выявы беларускай духоўнай культуры і ў аспекце якасным і колькасным (паэзія ў кнізе займае ўдвая больш месца, чым проза). Драма ж – мізэрна мала! Аднак гэта зразумела, бо гэты від творчасці развіваецца пры непасрэдным жывым і штодзённым кантакце з нацыянальным тэатрам, чаго, вядома, ні беларусы ў ЗША, ні ў Польшчы, ні ў іншых эміграцыйных асяродках, на жаль, не маюць. І іхнія спробы драматургічнай творчасці не маглі ўстаць на крылы.
Тым не менш, даследчык аднатоўвае ўсё, што на ягоную думку вартае ўвагі і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі. Такім чынам ён уводзіць у англамоўны кантэкст значны, вялікі масіў беларускай літаратуры, якая стваралася ці яшчэ ствараецца па-за межамі ейнай метраполіі. Аўтар імкнецца быць як мага больш аб’ектыўным і, мабыць, гэтым тлумачыцца такое шырокае ды поўнае цытаванне твораў (з літаральным перакладам на ангельскую мову кожнай цытацыі). Даследчык гэтым самым, несумненна, дае магчымасць свайму чытачу, і ў першую чаргу студэнтам славістычных факультэтаў, самому ўвайсці ў творчы свет беларускай літаратуры замежжа і праз яе першасныя, відавочныя для вока, значэнні прабіцца да прыхаваных, глыбейшых або й глыбінных сэнсаў, на якіх і трымаецца нацыянальная культура кожнага народа.
На заканчэнне хочацца асабліва аднатаваць, што ў гэтым даследаванні беларуская літаратура Польшчы галоўнымі сваімі параметрамі аніколькі не саступае той, якая стваралася ў заходнім свеце, і ейныя шматлікія праявы, як піша А. Макмілін, “выдатна ўзбагачаюць увесь корпус пасляваеннай беларускай літаратуры”. Адчуваецца пры тым, што ў сваіх аналізах і інтэрпрэтацыі даследчык актыўна пакарыстаўся анталогіяй “Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ стагоддзя”, чым аддаецца належнае не толькі змешчаным у ёй мастацкім творам, але й вартасці самой гэтай анталогіі, якая магла быць падрыхтаваная непасрэдна і прафесіянальна выключна ў “белавежскім” асяродку.
Хіба што адзіным спрэчным момантам бачыцца выкарыстанне ў назве кнігі тэрміну “дыяспара”. Аднак гэта частковая недакладнасць не мае для нас палітычнай афарбоўкі, бо аўтар гаворыць (на стр. 265) пра “этнічных беларусаў Беласточчыны”, а кніга, як было сказана, адрасавана выключна ангельскаму чытачу і на ягоным пачатковым этапе знаёмства з беларускай літаратурай, відаць, катэгорыя “дыяспара” для яго больш семантычна вагомая, чым “замежжа”.
|