БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

ЯНО
Аповесць

Янка Юхнавец

Частка першая
1

Ягоная сяліба была крыху далекавата ад вёскі. Дзед Цярэм апрануў вышытую кашулю і падперазаў па ёй белы, утканы чырвонымі лукаткамі, пояс, а тады, узяўшы чачотавы кіёк з качарэжніку, выйшаў на двор. Старажытны зык завесаў у дзвярох сенцаў каротка хліпнуў на прасцягу сялібы. На прывязі просьбна заскуголіў калматы сабака-вадаплаў. Цярэм не адразу адвязаў яго: узіраўся праз знаёмыя прагаліны соснаў на дарогу з Менску. У прагалінах дрэў заўсёды быў відзён далекаваты пачатак дарогі ад ускрайку сталіцы.

Восеньскай парой, у сонечныя дні, Цярэм любіў назіраць за гэтым ушчалопкам дарогі. Яна прасціналася па роўнадзі ўзгорку і аб’яўляла, быццам на далоні, кожны рух цялегі, аўтамашыны і чалавека. Восеняй якраз найпрыгажэй атаяўляўся жывы малюнак паміж рамамі з калыхлівых хвояў, што ахвотна ды ўзніміста, у шыраце свайго росту, пакратваліся пад подзьмухам рэдкага, сцюдзёнаватага ветру.

У канцох дзён верасня ўздоўж дарогі на вельмі разбежыстым поплаве дымілася туманістая куравень. Ейную цвялістасць не высушваў і не раздзьмухваў восеньскі сухавей, наадварот, апоўдзені яна да зоркіх Цярэмавых вочаў даносіла зіхаценне павуцінак, а заходам сонца разлогі паплавоў наўпрасткі пад ускраіны Менску залаціліся. У гэткую пору Цярэм жыў сумнай уявай незразумелага жыцця. Старыя, але яшчэ здаровыя, грудзі захопна ўдыхвалі паветра, памагалі сэрцу ўзнімаць ды апускаць палову цела. Тую палову, якая да самай смерці адданая хваляванню, нянавісці, любові і спакою, тую, усяляк асягнутую суладзь шорхання чалавека ў жыцці.

Чалавечымі вачмі дзед Цярэм глядзеў на заўсёднае і ўторнае, і яно аддавалася яму толькі выпадкам падаспеласці здары. Бо прынукваць сябе знайсці прыгожыя часіны выключна дзеля чароўнасці не жадаў. Ён ведаў, што калі прыдуць гэтыя часіны, і ён апынецца перад імі няўхільна і пажадана, і будзе іх любіць, дасягаць, прынамсі, як назіранне прасцінку дарогі ў сонечныя дні восеняй. А сумныя ўявы незразумелага жыцця дзед Цярэм усяляў у думкі адно для прыемнасці перабраць гады свайго жыцця, і яно зрабілася ягоным прызвычаем. Бадай, як у кожнага, у яго была глухая скрабіна асталапення, ды ён, што не бывае ў кожным, разумеў яе ўсякую пагожасць – стомны ад яе апыноўваўся з аголенай душой. Але ўсё-такі жадаў і глядзеў на гэтую цьмяна асвечаную сцяжыну душы, як на прыгажосць пасля выйсця з падзямелляў, і як на быццам , упершыню, незнарокам спатканую ў часе блукання…

У зіхаценні сонечным, на імжыстай істужцы дарогі паказалася з невялікай будкай брычка. Цярэм зірнуў на яе. Борзда падышоў да сабакі, паказытаў яго каля вушэй, адвязаў з прывязі.

- Хадзем, ужо пара… хлеб аддадзім, – гаварыў Цярэм сабаку. І ён, маўляў, разумеў гаспадарову гутарку, падскокваў радасна, зусім нязлоўна, хваціста спраўляўся у падскоку аблізваць Цярэмаву бараду і шчокі. Вочы сабакі пранырыста адгадвалі Цярэмаў наўмер.

- Утаймуйся, стары звадыяш! Не стамляй мяне! – папрасіў Цярэм і пакрочыў хутчэй да селавога пляцу.

Сабака супакоіўся, марудным бегам раўняўся з хадой Цярэма. За гусцінёй хвояў яшчэ не віднеліся стрэхі сяла, але ў моўкнасць сценяў хвой, і на жвірыстую, з’езджаную калёсамі дарогу, па якой сяляне ездзілі да лесу, і на ўтаптаную ім жа, Цярэмам, за колькі дзесяткаў год на ўзбочыне сцяжынку, даносіліся ўскрыкі дзяцей і глухі смех дарослых. Сяльчане ўжо даўно сабраліся на сьцяж каля старой святыні. Святыні там не было, але памяць пра святое месца казаў дубовы пачарнелы крыж… Маладзейшыя, апранутыя ледзь-ледзь па-святочнаму, а старэйшыя жанкі й мужчыны зышліся ў звычайным буднім апранні. Яны, усе апаленыя летнім сонцам, жартавалі паміж сабой, расказвалі што-небудзь якраз адпаведнае да выпадку дня. Сонца над імі яшчэ аставалася ў сваёй здаровай прамяністасці й цеплыні. Дзяўчаты, як быццам “пошчак гэтых праменняў”, бесклапотна адклікаліся кожнаму хлапцу. Яны, маладыя, не разумелі добра, дзеля чаго іх неспакмечана стрымоўваюць у гурме пажылыя аднасяльчане. Калі б усё задуманае з’явілася ў іхных галовах, яны б напэўна не зрабілі гэтага, а калі б і зрабілі, дык сонечная пусціня нябёсаў і сам сьцяж, дзе яны стаяць, папаўзлі б, зліліся б у адну песню сэрцаў, выкрутлівых знакаў на зямлі ад абцасаў ці нават ад босых пяткаў – ускіпела б яно цепрасцяй танцу.

Дзед Цярэм выйшаў з ляснога прамежку і яшчэ раз, уторна, зірнуў на дарогу. Кагадзе на палове адлегласці шляху да сяла ён добра бачыў брычку і вазара з круціста падціснутымі пад сябе нагамі. Белы і чорны конь імкнулі ў суладнай наўзавадзе. Бялясты пыл рассцілаўся за брычкай, як скамечаная ветрам хмара перад навальніцай, і ў чыстай бяздоннасці небасхілу, здаецца, рос рухлівай жменяй імкнення, падтакваў існаванню ўшчалопку адносінаў да тых, хто сабраўся на пляцы селавым і чакаў іх на спатканне.

Дзед Цярэм прыплюснуў вочы, але яснае надвор’е не выдала затуленых у брычцы. Адзадзя вазара вісела рудаватая коўдра і завешвала ўваход да сярэдзіны.

- Пачакай, Мурза, хай едуць, – папярэдзіў ён сабаку і сеў на абочыне дарогі. Мурза расцягнуўся каля ягоных ног і пазіраў убок грукату брычкі.

- Мы потым падыйдзем, калі пачнецца, – зноў звярнуўся Цярэм да сабакі й пагладзіў яго каля вушэй.

Неўзабаве аблепленая, чорная ад усялячыны, з няроўнымі калёсамі праймкнула наводдалі брычка. Цярэм памалу з сабакам пайшоў услед ёй. На вярбінах і таполях паўзбоч вуліцы несуцішна крычалі шпакі перад адлётам у вырай і званіста вуркалі індзюкі на дзядзінцах.

Цярэм незнарокам падумаў пра гэтае вольнае жыццё істоты. Думкі гаратліва круціліся ў галаве без тлумачэння, запальвалі ягоную самалюбасць.

Ён прыпыніўся на першых кроках прыціхлага сьцяжу. Бы з цікавасці, глянуў на постаці гасцей, што некалькі часінаў даўчасу прыехалі і вылезлі з брычкі. Іх было трое… Цярэм не пайшоў да астатніх. Думка, што была з ім неразлучна ад пачатку вайны, падмовіла не далучацца да аднасяльчанаў. І ён, не ўважаючы на завіхныя маханні рук сялян з скрайку гурмы, пайшоў адтуль…

На сьцяжы, пасля спаткання быўшага палкоўніка з хлебам і соляй і калі мінула ўрэплівае напружанне гасціннасці ды цікавага аглядання іх, сяльчане заварушыліся. Наступнай чарадоўкай пашаноты была прамова старшыні мясцовае воласці. Старшыня ў прывітанні пажадаў адчуць шчаслівае будучае. Саракапяцігадовы палкоўнік падзякаваў сяльчанам трыма раздзеленымі словамі звычайнай падзякі: “Шчыра… дзякую… вам”.

Ціскануў руку старшыні воласці і палез зноў да залапленай, вельмі апраўдна збудаванай будкі на брычцы. На ім была паўвайсковая вопратка на польскі лад. І калі б ён гутарыў нядобра па-беларуску, яго напэўна б залічылі да палякаў, хоць гэтакі намер у некаторых ужо з’яўляўся і моўк у скабках грудзей.

Палкоўнікавае захаванне было асаблівае – збытліва выхаванае. Вочы стрыгалі празорыста па кожным, і ў іх свяцілася дацятлівасць: што яно значыць? Гэтыя дзве павярхоўныя якасці не выдавалі й не акурацілі яго перад панурым позіркам сялян. Але палкоўнік найбольш губляў норму суладнасці ў хадзе: ступаў, бадай, балючымі ранамі на ступнях – механічна-цудоўна не дазваляў злавіць адным зіркам ягоную поступ. Ён бы палохаўся стаць на зямлю цвярдзістай хадзьбой, усё неяк вывертліва даторкваўся яе, як на сталёвых спругах.

А дзвюх жанчынаў, што разам з ім прыехалі, сяльчане прылучылі за ягоных дачок. Адна была высокая, поўная і на схоп вока каля дваццаці двух год. Яе сціснутыя вусны чамусьці пазнаваліся азначэннем знаходжання ў сэрцы моўкнай пакуты і не перажытай, а нясёнай далей у посапе дзён. Не было і ятранасці ў яе вялікіх вачох – яны, мабыць, зжыліся з часам, пакідаючы толькі процьвень сіня-азяровых зрэнак. Другая была, як называюць у Беларусі, дзяўчаро, і адно ведала насуплена, безраздумна пазіраць на ўсіх і на ўсё аднолькава.

Жанчыны таксама ўлезлі да будкі. Яны адзначыліся, як і палкоўнік, сціпласцяй, адмовілі старшыні воласці падсадзіць іх на брычку. Вазар асцярожна сеў на сваё мізэрнае, бы гняздо, месца, стрымна прытрымаў ногі, што ледзь не ўпіраліся хвастоў коняў, сцебануў паўразмашыста па самых іхных сярэдзінах, паехаў паўз расступіўшыхся сялян і, як толькі абмінуў натоўп, зноў падагнуў пад сябе стомленыя ад напругі ногі, яшчэ раз ямчэй размахнуўся пугай, папрастаў коней прысадай на другі канец сяла да сялібы сярод старых ліпаў. Дарогу туды ён не забыўся, ведаў яе даўно. Ён вяртаўся туды, бы да свайго роднага кутка.

2

Цярэм чуўся задаволеным. Ён вельмі часта падчас бяды і суму любіў выказацца свайму махнатаму сябру Мурзу, і той тады пад гуд Цярэмавых слоў драмаў каля ягоных ног. Але зімою Цярэм не гутарыў з сабакам, запальваў агонь на каптурку, садзіўся на ўслоне і перачытваў старыя нямецкія выданні па прыродазнаўству, выпадкам чытаў балонкі й з французскіх выданняў па метэаралогіі, аднак, паколькі французскую мову ведаў горай, дык уся намога правесці свае вячоркі лажылася на змест беларускіх і расейскіх кніжак. Усялякія здабыткі веды, укладзеныя ў гэтыя выданні, былі тысячу разоў знаёмыя дзеду, але яму хацелася перачытваць іх зноў, як толькі ахінала ненадзвычайная часіна – часіна ўражання смерці. І яны дапамагалі яму вызваліцца ад надаедлівай загадкі адыходу чалавека ў іншы свет.

- Я стары ўжо, – чутна адчыняў ён таемнасць свайго сэрца Мурзу і клаў кніжку на паліцу. Сабака лагодна віляў хвастом і, не падымаючы галавы з паміж лап, абводзіў кароткім зіркам Цярэма. І, дазваляючы агню на каптурку пагаснуць самому, ішлі абое спаць: адзін на ляжанку, а другі пад стол. Узімку дзед не пакідаў Мурзу на дварэ.

- Красці ў нас няма чаго. Будзем спаць і сніць рай, – жартаваў Цярэм, і ў хаце хутка рабілася стульна, гострая да неспакою зацягвалася ціхінь.

Вяртаючыся дахаты з селавога пляцу, Цярэму ўспомніўся зімовы вечар перад калядамі, не ў сваёй хаце, а ў старшыні саўгасу. Успомніліся ўсе рухі й стравы, і нават спрэчка з Міхасём і старшынём пра цярпенні жывёлаў ды чалавека. Упершыню, за ўвесь час жыцця дарослага чалавека, сціснуў плачна вусны, слёзы сплылі нястрымна.

- Мой родны любы Міхась!.. Хоць бы раз яшчэ ўбачыцца перад смерцяй… Памру, Мурза… штосьці часцей мроіцца пра смерць… а Міхася няма. Хто пахавае, мой ты без’языкі, а?..

Цярэм завярнуўся і ўзлескам пайшоў да прагаліны, праз якую да расстання з Міхасём любіў пазіраць на дарогу з Менску. Сеў там на пень. Вельмі прынукна азіраў дарогу. Ейны прасцяг не парушаў аніхто вандроўны. Цярэм жадаў цярпець ейную паражнечу. Яму было прыемна-стомна глядзець на выпадковыя ўзлёты пылу ад подзьмуху мацнейшага ветру.

- Бадай, вянчаецца ім, – прагаманіў ён навакольнай моўкнасці сваю турботу, а тады, не азіраючыся больш на дарогу, устаў з пня, накіраваўся да сваёй палоскі, пасеянай палеткам ячменю, і некалькімі даўгімі барознамі бульбы. У канцы палоскі, пазірней да хаты ён паставіў тры калоды дзікіх пчол, што прывёз з лесу. Пчолы перад надыходам ночы ў густой мітусні лёталі блізка каля дуплістых каранёў. Цярэм паслухаў іхнае жудзенне, якое, нават з адлегласці, чыста далятала да ягоных вушэй. З цяжкім прадчуваннем чагосьці, быццам благога, ён хацеў стаяць тут, недалёка ад іх, і ўтаймоўвацца сваім шорахным пачуццём. Яно ніколі не прыходзіла яму раней, але кадзе сціскала яго, як мора скалыненні собскіх хваляў. Сонца, параўняўшыся з небакраем, і закрэпшыя ад падкапцелай сінявы некалькі хмурынак рабілі з дзедавай паляны, абкружанай лесам, уяву казкавай калыскі. Ад уражання Цярэм расставіў ногі, усклікнуў:

- Калыхніся! Калыхніся, мая калыска!

Мурза настарожліва загаўкаў у бок сялібы.

– Сціхні…

Мурза, наадварот, не перастаў, а, гаўкаючы, пабег наўпрасткі да хаты, але Цярэм крыкнуў на яго, прымусіў вярнуцца.

- Напэўна дакарыць прыйшлі… Нашлі пругло, бессаромныя. Хлеб і соль зарабляюць, а ня доруць…

Цярэм не пабарздзіў дахаты. У ім у той вечар, і толькі ў той адзіна-адзіны, жыла абыякавасць. Яна, прынукная і неспадзеўная, блыталася ў чымсьці зусім апрычоным ад усяго мінулага.

Мурза зноў загаўкаў. Цярэм усміхнуўся яму… Няведамка, ускалыхнуўшыся ўсёй постацяй, зірнуў на медзяністую бляскату хмурынак у сцюдзёным спакоі неба.

- Чаго азіраешся, мой дарагі?

- Міха-а-ась!

І на часіну яны абое замоўклі. Без аднаго шораху стаялі адзін перад другім. Ахамянуўся Цярэм і, падганяны ўсё тым надумленым намерам, падышоў да Міхася. Яны абое заплакалі, доўга не разыходзіліся з абдымак спаткання.

Упобач селі на ганку.

- Жывём яшчэ – мацуемся, – загаварыў Міхась і шчаслівымі, іскрыстымі ад слёз вачыма агледзеў Цярэма.

- Змарнеў Міхаська. Твар зрабіўся як васковы і бы макам пасыпаны… Барада адрасла, як у мяне…

Цярэм дрыготнай рукой пахлопаў па Міхасёваму усплеччу і да канца гутаркі трымаў яе на тым самым месцы, увесь час перабіраючы пальцамі жорсткую тканіну бруднай шынелі з адпоранымі прышыўкамі вайсковага лекара.

- Цяпер буду клікаць цябе сынам… толькі сынам.

- Дзякую, мой заўсёды родны, – радасна адказаў Міхась.

- Кадзе што каля таго пня быў. Я абкарыў яго, і ён асмалелы сядзіць, не гніе. Але навошта ўторваць вядомае, усёдна ня будзем ведаць, хто бацькі твае…

Цярэм шчыльней прысунуўся да Міхася.

- Мой родны Міхась, каб ты не вярнуўся гэтак зналуску, мабыць болей я ня жыў бы. Я зрабіўся, Міхась, дзіваком. Плаклівай жанчынай зрабіўся…

Цярэмаў твар ахваціўся застыглымі маршчакамі й блядым колерам.

- Міхась, я сяння гадзін колькі даўчасу жыў думкай самагубца… самай сапраўднай, а ня ўяўнай.

Прымоўк, як быццам яго душыла задуха. Міхась карціва шмаргануў брудным рукавом па сваім успацелым чалу.

- Сын, я мушу сказаць усё… усё, каб не пакутваць потым ад гэтага неспадзеўнага… Але павер, думка самагубства з’явілася ў мяне не як туманісты морак уявы, а як прысутнасць нечага жывога, аднак, бяз жадання жыць. Штосьці з перапынкамі ціха ўваходзіла ў думкі й прыпамятоўвала аб патрэбным ды няўхільным, а тады адыходзіла, дазваляла ўсяму гэтаму спусціцца ў развой развагі. А развага торыла згоду карыснасці такой дзеі: забі сябе! Ты непатрэбны. Ты перашкаджаеш жыць таму, пра каго клапаціўся. І гэтак бясперастанку, пакуль не спаткаўся з табой. Як ты ў пару, мой дарагі! Не таму, што астануся жыць, а таму, што спаткаў цябе жывога!.. буду жыць дзеля цябе!

- Будзем – як заўсёды! – адказаў Міхась, прыціскаючы да сябе Цярэма.

- Я напэўна ад радасці прызнаўся табе... Уставай – хадзем у хату… Ах, жыццё. Жыццё!

Цярэм устаў з ганку. Пачатая ім гутарка больш узрушала яго самога. Ён у сапраўднасці, у часіны спаткання, яшчэ адчуваў знібу ўяваў самагубства. Яны пераканалі яго ў іхнай неабходнасці ў жыцці, і нічога бакаватага для іх тлумачэння ён шукаць не думаў.

Памог Міхасю распрануць шынель. Ад задавальнення спатканнем Цярэм міжволі адчуваў у ім поўную росквіць жыцця.

- Я ледзь не сказаў па старому прызвычаю: будзь госцем!..

Гаманіў няспынна Цярэм, а Міхась ад ласкі, як хлапчук, толькі шчыра ды згодна ўсміхаўся ў адказ.

- Я пачынаю дзяцініцца, Міхась – мабыць, час на гэта, – за якіх два гады мне восемдзесят год будзе.

- Ты не змяніўся ад часу нашага растання. Выглядаеш яшчэ хваткім і здаровым, – паспрабаваў Міхась збянтэжыць Цярэмаву пэўнасць.

- Сын, не хлусі!.. Апрача дзяцінства, пакрыху шкодным семяруком раблюся, – не адыходзячы ад вешалкі, размаўляў Цярэм. – Надысь кацянят утапіў у возеры, бо ня мог глядзець і слухаць, як яны пішчэлі ў кутку, недарэчлівыя, сляпыя, корпаліся, цягнуліся ссаць кошку. Так із скарсцяй і балтыхнуў усіх на дно. Мне здавалася, яны здзекваюцца з майго жыцця, нада мной старым, і то хто? Кацянё!.. Ты, Міхась, сядай, не слухай маю гамазню. Трэба есці табе, а ня гутаркі… Мабыць, ад радасці нацёўп табе… Сядай, Міхасю.

Міхась сеў на старэнькае, рыплівае, абцягнутае аўчынкай хатняга вырабу крэсла, перад якім быў рассцелены кілімчык з рысевай шкуры. Цярэм пачаў гаспадараваць каля прыпечку.

- Ты навет па-святочнаму апрануты. Што, гадавое свята сяння? – спытаў Міхась.

- О не. Гэта, мабыць, і ёсць здара, што прымусіла мяне перад тваім зваротам звар’яцела думаць… Мне старшыня воласці ўрочыў паднясці хлеб і соль сыну Сконтавай, ён з Польшчы вярнуўся, а я йшоў і не дайшоў, завярнуўся з самага пляцу дахаты, бо ўсё выдуманае ўявілася мне гэткім брудлівым і невыносным: спатыкай смаргача нейкага, ды яшчэ мне, старому чалавеку…

Цярэм махнуў рукой.

- Міхась, ты лепш пра сябе скажы: скуль і як да нашае хаты вярнуўся?

- Бадай што даплёўся, а не вярнуўся. Зусім недалёка, у Васюкоўшчыне, у палоне быў. Калі ўдалося ўцячы адтуль, дык тыдзень туляняўся ў наўкольных барох – усё здавалася пад кожным кустом немец вартуе і вось-вось зловіць мяне. Кожны мізэрны трэск, навет пад сваёй нагой зломленая зналуска патарчака, палохаў. І тады я ўцякаў ад таго месца абы куды. Стамляўся – валіўся на зямлю. Прыслухваешся: дзяцел стукае на сухастоіне, ды больш мучае спрага і голад. Замест нашага сяла блізку да самага Барысава дайшоў. А потым прызвычаіўся, і сполах трымаўся, як перасцярога.

Цярэм засмяяўся, схапіўшы слова “перасцярога”. Ён некаторы прамежак часу, пакуль засцілаў абрус, падносіў міскі са стравай, торыў гэтае слова.

- Перасцярога… Сядай, Міхась, паеш.

Міхась сеў за стол, а побач яго на канцы ўслона – Цярэм.

- Гэта Боская перасцярога, а не страху, сын.

Міхась маўчаў. У худых грудзёх чулася біццё сэрца, якое, нібы п’янела ад асабістага неспакою, рабіла ўсю постаць адсутнасцяй. Пачаў есці.

- Перасцярога, сын! Каб не яна, – і дзед Цярэм пасля гэтага сказу сербануў страву, – я можа б спалымнеў у сваёй хаце.

Рука Цярэмава затраслася, ён апусціў лыжку ў міску, і малымі, зіхрыстымі ад зусім іншых пяклівых слёз, вачыма глянуў на Міхася.

- Я жадаў знішчыць сябе: падпаліць хату, выгнаць сабаку, а тады сесці і гарэць разам з хатай. Мне адчувалася гэтак патрэбным яно і добрым, што я не знаходзіў іншага выйсця… Парупіла мяне да гэтага і загад сустракаць сына Сконтавай… Ах, Міхась, ня слухай мяне.

- А я думаю, самагубства – самая найлепшая з’ява ў чалавеку: ён апыноўваецца сярод яе з душой парывання настрою. Настрою сутнасці жыцця, што раптам з’явіўся з неадоленым супрацівам, бо, па-мойму, чалавек ад прыроды вельмі няўмелы, лянівы да супраціву злу…

- А ўсё-такі, – умяшаўся маркотна Цярэм, – гэта ёсць банкроцтва апяянай душы, у чым вось пераканаўся назаўсёды.

- Можа, я не дарэшты ўявіў страшную вартасць загубленага жыцця собскім жаданнем, але яно ўва ўсе надары – ахвярны пратэст супраць немагчымага…

- Па-мойму, Міхась, яно – ступень да сваёй немагчымасці, чымсьці да грамадства. Я мяркую: яно – санлівасць, лядайкасць чалавечага розуму.

- О не! Наперакор твайму перакананню, мне здаецца, што самагубства ёсць намога ўкараніць памяцяй для іншых значэнне нястворанага раю ў жыцці...

- Ты хочаш сказаць: стварыць мінуўшчыну? Але мінулае адклікаецца ў чалавеку, блізкога да таго часу, а не ў далёкіх нашчадкаў, бо нашчадкі любяць узяць ад мінулага толькі досвед, а ня дарыць спачуванні.

- Тады вы, родны, перамяніліся. Гэта зусім ня тое, што калісьці казалі мне пра інстынкты. Вы даводзілі цвярдую існасць пераходу інстынкта не ў заўсёднае дзеянне, а ў зразуменне.

- Сёрбай страву – астыне, – прапанаваў, усміхнуўшыся Цярэм. – Мы, гутарачы, запаўзлі ня туды, куды трэба… Але вельмі добра, што сяняшняя дурная нагода смерці перамянілася тваёй перасцярогай.

Цярэм яшчэ раз, нясцерпна, балазе ў радасці, пахлопаў па Міхасёваму плячу. У аднаго і ў другога яна была нібы адвечная. Замоўклі – пачалі есці.

Міхася, пачатая незнарок на першым кроку спаткання, Цярэмава гутарка хвалявала, і ён падрыхтавана паглядзеў ізноў на яго ссівелую, схіленую над міскай галаву.

- А як мой родны глядзіць на гэтакі выпадак жыцця? Папаўшыся ў палон, я апынуўся там сведкай аднэй з’явы. Перад гэтым мушу сказаць, што там нас некалькі чалавек абсуджвала нагоду ўцёку, але ў кожнага, хто жадаў уцякаць, склаліся розныя меркаванні: кожны даводзіў хітрасць і выхаднасць сваёй дзеі. Так цягнулася доўга, і яно, нарэшце, надаела мне, і я вырашыў дзейнічаць сам…

- Яно крыху маладушна, але ў некаторых выпадках, калі няма агульнага меркавання, дзейнічай сам на сваю ўмеласць, і гэта вельмі, бяз ліку прыносіць карысць як для сябе, таксама і іншым, – умяшаўся ў гутарку Цярэм, бы з канцылярскім, бы з судовым азначэннем.

- Але ня ў гэтым сутнасць, – працягваў Міхась, – якраз мая адлука не прынясла мне перамогу, а надзвычайны выпадак, у якім – іх шмат такіх – усцвітвае ўся суровасць і лагоднасць становішча людзей у вякох… Аднойчы, позна ўвечары, тыдзень даўчасу, я быў заведзены вартавым на прыбіранне гасподы каманданта лагера. Перад тым, як я кончыў усю загаданую работу і чакаў ізноў на вартавога ў кутку пачакальні, барзлівым крокам уваходзіць мой знаёмы змоўшчык, лейтэнант Ганевіч. Ён, убачыўшы мяне, спытаўся: «Камандант тут?». Адказваю: «Але». У ягоным пытанні, як заўсёды ад часу знаёмства, чуўся той самы неадолены спакой празірнага і сцюдзёнага афіцэра. «Адамчык, пакуль ня позна, ідзеце самі да бараку, бо ці не вашага вартавога кадзе што задушыў паміж баракаў». Я моўк перад ім, як ёлап, і трымаў, няведама навошта, працягнуўшы да яго руку. «Ідзеце, Адамчык, дзеля чаго вам гінуць?» І прайшоў некалькі крокаў да выхаду, перад тым, калі адчыніліся дзверы камандантавае гасподы. Я азірнуўся, стаў і глядзеў не на Ганевіча, а на задымлены цыгаркай прастор гасподы, скуль па-ранейшаму праз радыё гучэла музыка Бетховена. На парогу стаяў сам немец; ён, мабыць, пачуўшы нашу гутарку, пацікавіўся паглядзець. Збянтэжаны неспадзеўнасцяй, навет без папярэджання да гэтага, я падняў угару рукі. Ягоныя вочы і ўзмашны позірк Ганевіча азірнулі мяне. Ганевіч зацеміў: «Гэты палонны ні пры чым. Ён не разумее па-нямецку. Кіньце яго тут або адашлеце да барака». «За ім прыйдзе вартавы», – крыху асягнуўшым голасам тлумачыць камандант. «Перад тым, як забіць вас, я жадаў бы спытацца ў вас… – і Ганевіч, магчыма, зразумеўшы сваю неасцярогу, пабарздзіў абвясціць мне: «Зашчэпеце ўваходныя дзверы… Камандант, скажэце: я ў поўным праве адказаць вам тым самым учынкам, які вы кожны дзень твораце над намі, ці не?».

Камандант маўчаў, але па руху маршчакоў на твары заўважалася: ён штосьці жадаў адказаць. Аднак Ганевіч пачакаў, урывіста працягваў гутар надалей:

- Гэта ня ёсць мая помста вам, а мера перасцярогі, і то не для собскага жыцця і шчасця, а дзеля асцярогі і пашаны жыцця іншых… Я не кажу да вас ушчэмлены словамі, падспелымі адно цяпер. Скажэце, ці ёсць злачынства нацыі, калі яна абараняецца ад злачынства іншае нацыі?

- Нямеччына абараняецца ад захопу, і мы робім гэтак, як вы сказалі, – адказаў камандант Ганевічу, махнуўшы празмерным схінам галавы. Неспакметна ўслухваўся ў гукі на знадворку, пачаў мацнавата стукаць абцасамі аб пярэчыны парогу, часцей абапірацца ўсплеччам то на адзін, то на другі вушак дзвярэй.

Ганевіч назіраў і чакаў ягонае гутаркі, але камандант моўк, ці не ад незразумеласці Ганевічавага стаўлення, або, можа, прыкідваўся. Моўкнуў і я, бо мне што?

- Усё? – пытліва глянуў Ганевіч і паскрабаў пальцам бакавіну пісталета. – Вы любіце пашаноту да абароны айчыннай улады? Абараняецеся ад ворагаў захопамі?

Камандант загаманіў ахватней:

- А дзе ж вы здабылі пісталет?.. Хаця, даруйце, не адказвайце на гэта… Я шаную вас як патрыёта, і навет малю вас шанаваць мяне такім самым. Мы вось гэтай часінай жывём адзіным адчуваннем… Вы можаце застрэліць мяне, але што прынясе вам мая смерць?

- А што прыносіць вам забойства нас?

- Я прымушаны быць гэткім.

- Вы апраўдваецеся, што цяперака вайна, і жаўнер забываецца пра ўладу, што паслала яго на смерць, а ведае толькі: дзесьці наўперадзе смерць ад чужацкіх жаўнераў, ён рупіцца ўхіліцца яе не сваёй смерцяй?

- Я сказаў: прымушаны… Аднак наводлесць учынкаў робіць людзей нікчэмнымі – будзе мой адказ на ваша.

- Каб забіць вас, я паміж парожніх баракаў задушыў вашага жаўнера…

- А калі б я задушыў вас?

- Нічога! Смерць!.. Але мне шкада, – загаварыў Ганевіч больш упэўнена, – астатніх палонных, якія могуць загінуць за вашу смерць. Я пакідаю вам жыццё із зарукаў, што дазволіце мне справідлова абараніцца ад усіх назолаў мае Айчыны не як патрыёту, а як чалавеку, каторы ведае змаганне ў звычайным, сціплым значэнні: перасцярога жыцця іншых…

- Добра, – адказаў камандант, – я абяцаю вывесці вас за вароты лагеру. Сведкай няхай будзе сябра па палону, і ён хай таксама ідзе на волю. Задавальняецеся маёй шчырасцяй, ці не?

- Згодзен.

- Калі не давяраеце маёй прапанове, забярэце і мой пісталет, я падперажу толькі дзягу з кабурой, як патрабуе уніформа.

- Згодзен.

Неяк п’яна згаджаўся Ганевіч. І да самага выйсця, заплеценых дратамі варот з лагеру, яны не гутарылі. Камандант ішоў наўперадзе, а за ім я, Ганевіч адзадзя. Бадай кожную часіну ўсцяж загародаў цемень ночы прарэзвалі рэфлектары. Подзьмух ветру журыў паміж дратамі й прамежкамі баракаў. Чуць гэтае журэнне было горш, чымсьці бачыць нейкую прывідзь з чартамі. Я жадаў папярэдзіць Ганевіча асцярожнасцяй, але не знаходзіў слоў – ішоў, бы на расстрэл. Некалькі крокаў ад вартавой праходкі ў лагер Ганевіч звярнуўся да каманданта:

- Скажэце, гэр, калі б усе палонныя, прынамсі, і за дратамі жылі, маглі б яны знайсці сабе тутака волю, непрынуку і шчасце людзей ці не?

- Маглі б, – адказаў камандант з нехаванай уражлівай дрыготкай у голасе.

Мяне пачала цвяліць гэтая непрынятлівая, змрочная зваротка: «скажэце». У мяне потым ажно ўціхамірылася перакананне, што ён, Ганевіч, звычайны выскачань і дурань. Ад блізасці прастору за дратамі я ледзь ня крыкнуў яму: «Сціхні, асталапень!».

– … і ты даверыўся немцу, як дураслівае ягня ваўку, – зазначыў усхваляваны Цярэм. Але Міхась гаварыў, не зварачаючы на Цярэмавы словы. Ён уцэльваў зусім нядаўна ўбачаную скразніцу ў цемрадзі жыцця.

- Вы, можа, палохаецеся за здзяйсненне абяцанага? Я магу адвесці вас за лагер, далей ад вартавых, – звярнуўся камандант да Ганевіча.

Ганевіч упершыню ператлумачыў мне ягоную гутарку, хоць я і сам дакладна ўсё разумеў, але ў няволі не прызнаваўся веданнем нямецкай мовы. Я адказаў удзячна і вывучальна, што мне ўсё’дна. Аднак у душы жадаў, каб камандант правёў нас на адлегласць ад лагеру. Мне хацелася жыць. Толькі адна думка пра гэта лялела ў маёй галаве.

За неадлеглым узгоркам каля лагеру камандант спытаўся ў Ганевіча:

- А цяпер застрэліце мяне, ці не?

Я адышоўся ад іх. Азірнуўся. Агарнуў сорам труслівасці. Прыпыніўся.

- Не, гэр камандант, – пачулася шчыплівае Ганевічава абяцанне. – Я, можа, спаткаюся з вамі ў будучыні на чэсных гонях ходання…

- Я люблю вас за гэта. Да будучага спаткання… Але прашу аддаць мой пісталет… і запамятайце яшчэ раз: наводлесць учынкаў чалавека супраць чалавека робіць яго нікчэмным. І гэтак: будзем сябрамі й людзьмі… Палажэце мой пісталет, бо ён зараджаны, а самі ідзеце.

- Але, гэр камандант, – сказаў насмешліва Ганевіч і выняў столку набояў з пісталета. – Можаце ўзяць з маіх рук, дзеля чаго брудзіць зямлёй?

- Паціснем яму руку – ды прэч ад яго, – прапанаваў я Ганевічу зводальку. Ён згадзіўся і працягнуў першым руку на развітанне. Камандант усё яшчэ ўкладаў пісталет.

- Ах, гэты пісталет. Не ўлазіць, мабыць, пабольшаў у вашых руках. – І ў прокмець, не прыпынены анікім з нас, прыклаў да скроні рульку. Я злавіў з гуку стрэлу шчымок стрымгка ў пісталеце. Камандант недарэчліва асунуўся на зямлю. Ён застрэліўся. Напэўна, у рульцы быў набой. Я пабег. Мяне гнала адчуванне жыцця і свабоды. Ганевіч аставаўся стаяць каля каманданта. Уторны стрэл. Я зразумеў, што здарылася. Ганевіч таксама кончыў самагубствам ці не з таго, каб за каманданта не расстралялі іншых палонных. Па цёмнаму наваколлю густа зацыўкалі асвячальныя кулі.

…Міхась замоўк. Позіркна азірнуў Цярэма. Да балонак вакон, перакрыжаваных зеленаватымі рамамі, ужо даўно прыліпла ноч. Па сцяне назнадворку заскрабала кошка і, падлезшы да падваконніка, высунуўшы ў святло пярэстую пыску, вымяўквала ўлезці ў хату. Міхась адчыніў створку акна, упусціў яе. Неахвотна загаўкаў Мурза, рассыплівым перазвонам адклікнуўся яму ланцуг. Цярэм сядзеў занураны ў задуменнасць і нячутна крэсліў пазногцем па стале.

- Я думаю, Міхась, што гэта імгненне жыцця нічога табе не падкажыць… Ды ці патрэбна параўноўваць яго да размаху жыцця? Тут усё пераплялося: калючы дрот навакол лагеру з тваім маладушшам, а з іхным вялікадушшам, а палымністасць характараў із скорсцяй імкнення здзейсніць, што пераконвала вас усіх… А карацей: вы ўсе трое асвялыя рыцары-рыцарчыкі, – нібы незадаволена, нібы толькі каб спыніць дражлівую гутарку, узважна сказаў Цярэм і пайшоў засцілаць ляжанку і ложак.

- Лажыся спаць, Міхась, адпачывай.

3

Небасхон на ўсходзе нават не ірдзеўся лёгкімі накідамі золаку раніцы, але Цярэм ужо не спаў. Ён ціханька ўстаў, каб не разбудзіць Міхася і пачаў падрыхтоўваць паляўнічыя рэчы: сеткі, пасткі і розныя звязаныя ўвочкі-вяровачкі. Таемнасць Цярэмавага палявання аставалася пры ім, ён не клапаціўся навучаць ёй хоць бы Міхася. Ён крыху злаваўся на сваіх бацькоў за тое, што калісьці навучылі разумець замежныя мовы і розныя ўмеласці палявання, але нічога іншаму не прынуквалі. У сапраўднасці, ім не было абходным прыладжваць Цярэма да чагосьці другога, бо былі людзі заможныя і карцілі толькі карысцяй з гаспадаркі ды навінамі за мяжой і ў сваёй краіне. З цягам часу іхная праглівая адданасць роднаму месцу і асабістаму спакою сярод паўнотасці ўсялякіх рашучасцяў і неспакояў у свеце перадалася яму. І яно нават перавярнулася ў большую, чымсьці ў бацькоў, патрэбу і палахлівасць ледзь не ад кожнага здарэння: ці яно было змушаным, ці яно было налапам у жыцці…

Папраўдзе, Цярэму жадалася разбудзіць Міхася й павесці разам з сабой да лесу й стаўкоў, але, глянуўшы на яго худы, стомлены твар, ухіліўся свайго намеру. І толькі, каб Міхась ведаў, дзе ён дзеўся, паклаў на крэсле ліст паперы, у якім напісаў: «З усходам сонца вярнуся. На паляванне пайшоў».

Цярэм затушыў маленькую капцілку, выйшаў з хаты. Паклапаціўся, каб дзверы сеняў не скрыпнулі – прычыніў іх, узнімаючы вышэй на завесах. Гэтак быў дораг спакой Міхася. І ён, як быццам ад нейкай вялікай удачы, паглядзеў шчасліва на зачыненыя без скрыпу дзверы.

Мурза пачуў яго – ланцужная прывязь абсыпалася глухім дзіньканнем. Выскачыў з будкі, выгнуў пацяжна сярэдзіну, прыветліва замахаў хвастом.

- Ці-і-ш-ш, – папярэдзіў Цярэм і адчапіў яго.

Найперш Цярэм папрастаў да стаўкоў. Рэдкія восеньскія зоры свяціліся, як праз галіны лесу ці праз дзіравую страху будоўлі. Высокае трысцё ад стаўкоў льсціла даўгаватымі ўрэзамі ажно ў пусталессе ўзбярэжжа. На самым прастору найбольшага стаўка чарнеліся закрэмсіны абточкаў чароту. Цярэм адамкнуў човен ад дубовага пня, упусціў у яго сабаку, без плёхання, з дапамогай вясла сапхнуўся з мелі на паўнаводзь. Хутка каля абточкаў у стаўку ціхінь адклікнулася ўскрыкам і хлопаннем крыл дзікай качкі. Ёй адклікнуліся крыкі з суседніх расплываў стаўка. Над галавой прашамацела некалькі ўзляцеўшых качак і чаранак. Чаранкі рэзліва цыўгалі й на ўзбярэжжы ў трысці. Але каля абточкаў у цемнаце ўсё яшчэ працягвалася плёханне вады. Там Цярэм, нанач, пасадзіў калісьці злоўленага качанём дзікага качара і неглыбока, пад самай зверхняй вады, парасцягваў сеткі, у якія заблытваліся качкі, падплываючы ці сядаючы з лёту. Іх прыманьваў туды падсаджаны качар. Сеткі былі вынайдзены самім Цярэмам, і таемнасць іхная аставалася неразгаданай, хоць часта, у іншыя ночы, іх падглядвалі аднасяльчане.

Злоўленыя качкі рваліся з сеткі, але стуль ні адна ўжо не вылятала жывой: дзед кожнай адкруціў галаву і кінуў да Мурзы, які тых, хто яшчэ хлопаў крыламі, падціскаў пад свае моцныя лапы.

У тую ноч Цярэм злавіў ажно шэсць качак. Забраў качара да клеткі, звязаў мокрыя сеткі, павеславаў да берага. Задушаных качак ён паклаў у мяшок і падвязаў да Мурзы – перавешваючы праз ягоную сярэдзіну. Замкнуў човен і пайшоў да лесу. Там таксама ён трымаў пасткі з прынадамі, але часта яны былі парожнія. Некалькі агледжаных з іх былі парожнімі і ў тое надранне. Цярэм ведаў, што прыйшоў да іх прадчасна, таму і не клапаціўся абыходзіць кожную – пайшоў да раскіданай сярод поля капы грэчкі, дзе паклаў грудкамі намочаны ў гарэлцы гарох. Схаваўся з Мурзам пад кустом палявое лазы і пачаў чакаць. У полі, як заўсёды прад раннем, вадрыў моцным і прычэплівым пахам жнеўнік. Ён перамешваўся з вохкасцяй восеньскай пары. На ўсходнім скрайку неба сталі памалу цвіцецца шызасцяй плоймы хмараў. Вершаліны лесу аддзельваліся ад узвысяў. Надыходзіў світанак, і ён, здаецца, яшчэ больш распаўсюджваў моўкнасць прастору зямлі й неба. У гэткія часіны Цярэм апыноўваўся ў людзкой бязмежнасці: ён думаў пра ўсё і пра ўсіх, але ніколі пра сябе.

З глыбакаватых выймаў, абсыпаных вынесеным вадой пяском, падымалася віхрыстая сырыца. Ейныя сівыя раздзеленыя пылінкі Цярэм дакладна бачыў, калі яны падляталі да яго… Дзесьці ў канцы палос, каля лесу, захлопалі памашыста крылы птушкі – і зноў па-восеньскаму панура й смутна аставалася навакол.

Ужо зусім абкрэпла светлая сінь, але журавоў, хоць бы іхнага курлыкання ў паднябёсах, не было. Цярэм не чакаў болей, бо ў пісульцы абяцаў Міхасю вярнуцца дамоў з усходам сонца. Склаў раскіданую грэчку ў капу й пашкадаваў намочаныя ў гарэлцы насёны.

Палявая дарога знаходзілася не вельмі далёка ад месца палявання, таму яму надумалася вяртацца па ёй дахаты. Запоны абвіслых хмар, што былі ўночы, знікалі клубістым дымам і далёка адбеглыя паміж сабой, вельмі шпарка ляцелі на небакрай, адрываючы выцягнутыя ўскрайкі. Палявая дарога праходзіла паўзбоч двору палкоўніка Сконтаўта. І па ёй, не гледзячы, што было рана, гэтаксама, як і Цярэм, але вярхом на кані, ехаў коннік. На белым кані. Цярэм адразу адгадаў, што гэта едзе палкоўнік.

- Дабрыслаў Бог! – прывітаўся ён, як толькі параўняўся з палкоўнікам. Але той не адказаў на прывітанне. Спыніў каня й спытаўся ў яго сведчання асабістасці.

- Няма пры сабе… Я з палявання, спадару… Я мясцовы чалавек – з сяла гэтага…

- На ілбе не бачу!.. Што падвесіў на сабаку?

- Качкі дзікія, – растлумачыў шчыра дзед і яшчэ раз прыветліва ўсміхнуўся. Палкоўнік асочна азіраў Цярэма.

- Што, настраляў? А дзе ж зброя?

- Я лаўлю іх жывымі…

- Яны ж лётаюць – што пляцеш, старча?

Цярэм не сказаў, якім спосабам налавіў дзікіх качак. «Свая таемнасць – моц перад іншымі», – трымаўся ў яго асабісты выснавак.

- Расцягні мяшок – пакажы…

Цярэм паказаў пальцам на высунутыя з мяшка лапкі качак.

- А з імі што?

- Нічо-ога.

- А дзе злавілі іх?

- Тут недалёка стаўкі ёсць. Калісьці ў вашай мамы адкупіў іх адзін лесавод, ён там жадаў зрабіць, як быццам пералётны прытулак для вадаплаўных птушак, але ня падспеў, іншыя часы насталі…

Палкоўнік спыніў Цярэма не словам, а сціганнем бізуна.

- Завошта, спадару?.. Я ж ня звер!? – непарушна з месца і непахілены ад болю, спытаўся Цярэм. У вачох яснілася крыўда, чамусьці напагатаваная адчуваць сваю прызнібу без супраціву, ажно да самага канца, пакуль ягонаму ворагу надаесць зло. А палкоўнік яшчэ горш ачуніў сваю злосць. Ён толькі адзін ведаў, чаму яна прыйшла да яго падчас спаткання з Цярэмам. Ён не спаў цэлую ноч пасля спрэчкі з жанчынай, з якой прыехаў. А калі надышла раніца, наўмерыў расцярушыцца праездкай па дарозе ад двара ў поле. Едучы ў ахалодзе раніцы, ён шмат думаў пра тое, што яна сказала яму. Паміж імі жыла скрыпаная доля дзён…

- Абарванец стары! Чаго ходзіш рана? Чаго?.. Адвыкні!.. – сквірліва скрыкнуў палкоўнік ды зноў сцегануў Цярэма па ўсплеччу.

- Я ня ведаў… – нарэшце папрасіўся Цярэм. – Калі гэтак – забярэце качак… Забярэце!..

Тады Сконтаўт глянуў зусім па-іншаму. Ён, як быццам артыст на сцэне, перамяніў сваю ролю. Саскочыў з каня, борзда падышоў абняць Цярэма. Але Мурза ятра, з спрытнасцяй адданай жывёлы, рынуўся на палкоўніка і збіў яго з ног. Ён разарваў палкоўнікаў шанаваны паўвайсковы мундур. Конь падкінуў зад і, адбегшы ад непаладу, пацерушыў да двара. Цярэм адцягнуў сабаку ад крыўдніка.

- Даруйце мне! Я вас не за гэта… Ах, памяць гадоў – старэча, прабач напасніку!..

- Бог з табой! – адразу адыходзячы, не здзіўлена сказаў Цярэм.

Над лукаткамі верхалін лесу, што блізка дабягалі да сяла, падняўся, не слепячы, паўкруг сонца. Міхась не спаў. Спакмеціў дзедаву запіску, прачытаў яе і палажыў на скрай стала. Хутка вярнуўся і Цярэм. Ранішняе прывітанне з Міхасём было як слова з прасоння. Цярэм не сказаў яму пра неспадзеўнае спатканне каля сялібы палкоўніка. Ён вырашыў не запальваць злосцяй маладое сэрца гадаванца – палохаўся помсты. Ён пачаў гутарку пра зусім іншае.

- Міхась, мой любы Міхась. Мы ўчора гаманілі пра непатрэбнае… а самае дарагое прапусцілі… Сорамна мне: ня спытаўся пра тваю жонку, пра сынка твайго.

- Жыла каля Віцебску… Хто іх ведае, як цяпер з імі. Супакоіцца крыху – пачну шукаць… Найперш трэба здабыць дакументы асабістасці…

- Дакументы? – перапытаў Цярэм і зараз жа палез у шуфляду па свой пашпарт і паклаў да кішэні. А мяшок з качкамі шпурнуў пад прыпечак.

- Неяк агадаем усё. Дабудзем тысячы справак і пашпартаў.

- Дзякую. З лагеру мяне не будуць шукаць, бо я няволіўся там без запісаў – на колькасць пальцаў спраўджваўся.

Цярэм распрануў зараснелую вопратку і, скручаную абыяк, камком, кінуў пад лаву каля сцяны. Гэтак ніколі не рабілася раней. Падышоў да сплеценай з саломы скрыначкі й выняў старое, прысланае Міхасём пісьмо.

- Не магу сабе дараваць за тое, што ўчора не спытаўся пра сына і жонку тваю. Гэта ж вялікі грэх, ды яшчэ каму – старому чалавеку…

Цярэм сеў у мяккае, скрыпучае крэсла з разасланым прад ім рысявым кілімам. Ён хваляваўся. «Дарагі дзед!..» Прыпыніўся. Голас задрыжэў. Яму жадалася плакаць. Глынуў сліну і аглянуўся на Міхася, ён прымошчваўся каля рукамытніка галіцца. Міхась азірнуўся, але дзедаву прайменную часіну не спакмеціў.

«Дарагі дзед!.. – уторыў зноў Цярэм. – Найперш паведамляю маё няшчасце: на дыпломных экзамінах згарэў, і то на якім спакмяне, каб ты ведаў? На звычайных чарвякох, што ядуць нас. Смешна, дзед, праўда? Але астальныя здаў на вельмі добра. А на “пагарах” дазволілі восеняй зрабіць паўторныя экзаміны і абараніць адначасова дыплом. Я пакажу ім, хто – я… Ды мабыць ва ўсім вінаватая дзяўчына з-пад Віцебску. Яна таксама вучыцца тут. Справядлівей, дзед, яна “трускае на раялі”, а вечарам, апрача гэтага, навет пакручваецца пяткамі на сцэне… І вось я ехаў і не даехаў да цябе – яна “зацягнула” да сваіх. Бо казала: “Навошта турбаваць дзеда? Лепш да мяне паедзем, там мой тата з працоўнага дырэктарам лесапілкі выскачыў, дык паглядзім ягоную важнасць…” І я паехаў».

- Ня чытай, мой родны! – папрасіў Міхась. І жадаючы ўхіліцца слухаць далей, дабавіў. – Бадай ад гэтага шарсцінне на твары вырасла…

З ёканнем павёў брытвай па густа зрослай барадзе.

…У Цярэма дзіўна злучвалася гордасць і пакора прад атрыманай знявагай ад палкоўніка. Ён не зусім поўнай сведамасцяй захавання шукаў уздзеяння на сябе, каб барджэй прагнаць згнібу. Яна імкнула яго давесці праз чытанне ліста да іншага хараства ў непрыемнасці. Ён думаў прачытаць увесь ліст, аднак, пачуўшы супярэчлівую просьбу Міхася, папрасіў дачытаць толькі канец ліста.

«...надысь памагаў маёй паважанай цешчы купіць на нядзельным кірмашы пеўніка. Купілі досыць сытага, але не пашанцавала. Пеўнік быў вашывы. Пакуль цешча несла яго да гасподы, добрая жменя вашанкоў перапаўзла да яе. Няшчасная душа доўга пацярэблівала кожнае месца ў сябе… І не сцярпеў – выявіў турботу, безумоўна, сказаў праз дачку, што няхай, моў, маці добра памыецца і пераапранецца, пакуль пойдзе спаць. Вось як сцегануў! Яна, напэўна, падумала, што я ўжо сапраўдны лекар і, задаволеная тым, “падаравала” мне ейную дачку… Дзед, я ажаніўся… Я ўжо гаспадар сям’і, праўда, дзед? Праўда! Цалую дзеда. Твой Міхась.»

Цярэм кончыў чытаць. Міхась маўчаў. Яго кволіла мінулае шчасце. Нават пашкадаваў, што не дазволіў прачытаць дзеду ўвесь ліст. У сардэчнай волі з’яўляўся да яго спакой зыркай уявы: незагойная рана мінулых перажыванняў.

4

Пасля снедання Цярэм прапанаваў Міхасю пайсці да царквы. Пра гэта ён ужо падумаў яшчэ будучы на паляванні, і цяперака, калі на панадворку ў дрымотным настроі ціхаці рання паляцеў з сяла зманлівы звой званістасці званоў, Цярэм пабарздзіў Міхася.

Царква была ў селавым клубе, на скрайку сяла, якраз па вуліцы да палкоўнікавага двара. Чыста выгабляваны крыж высіўся над ейным уваходам. Ганак быў шырокі і з абгародкай, пафарбаванай на зялёны колер. Наводшыбе ад яго, з нарсцівым размахам сучча, вышэзныя, пасаджаныя блізка міжсобку, раслі дзве ліпіны. На прыбітай да іх накрыж планцы віселі абрэзаныя гарматныя гільзы – гэта была званіца. Людзі чамусьці гурмой стаялі перад царквою і глядзелі на адол. Некаторыя адзаднія журна азірнулі Міхася і Цярэма ды зноў выцягнулі шыі да позірку на ранейшае месца. Зварот Міхася дадому, відаць, не вельмі цікавіў аднасяльчанаў. Сярод гурмы замкнулася напружнасць, толькі час-часам парушаная ўздыханнем жанок і ўрывістай гамонкай мужчынаў. Адзін з іх, ужо стараваты, што стаяў крыху наводдалі ад усіх, махам галавы прывітаўся з Цярэмам і сказаў навіну:

- Нехта ўначы нябожчыка падставіў…

- Нябожчыка? – упэўніўся Цярэм і адначасна такім самым пахінам перамяніўся прывітаннем з тым чалавекам.

З зысуненым на палавіну векам каля ганку стаяла дамавіна. У ёй на палатнянай, з вышытай па краёх падушцы, бялеўся нябожчыкаў твар. Хто ён, ніхто не ведаў, і аб тым, хто яго прынёс сюды ўночы, таксама не было як меркаваць ці дадумоўвацца на каго.

Тады выйшаў з царквы святар, апрануты на набажэнства. Міхась пазнаў старога святара, што калісьці, пасля разбурэння святыні на селавым сьцяжы, прыкідваўся прыдуркаватым, каб упасціся высылкі з Беларусі. У ягонай злунелай постаці й выглядзе цяпер нельга было пазнаць ранейшага, з церпнасцяй ношанага захавання. Толькі ягоная хада ўжо спакволілася непажаданай стомай і няпэўнасцяй, а адчышчаны да зіхцення золата крыж дрыгацеў у руках, што, складзеныя наўперадзе, азначваліся, як вылепліны з воску.

- Нясеце ў сярэдзіну, – сказаў ён хмурліва ды зноў пахінена пайшоў да святыні. – … і Святога Духа… Амін.

Быццам стрэсены з вуснаў “амін” уразіў Міхася. Штосьці ў значэнні святога слова было парожняе, як і ў імю гэтага няведамага чалавека.

Неадразу між гурмы знайшліся ахвотныя падняць дамавіну і занесці ў святыню. Людзі глумяна пераглядаліся. Тады Цярэм звярнуўся да Міхася, але ён якраз сам збіраўся падысці да дамавіны – прасіў расступіцца. Усе пакінулі гаманіць і з патаемным, зрэшты, сумлеўным перакананнем: хто наступны? – глядзелі на Міхася і Цярэма. Тая прокмець супакою была, бы прызвычаеная журнасць восені ў садзе, які можа толькі ўчора абтрэслі ад позняга ўраджаю, але шмат яшчэ лісця на дрэвах, яно гэтаксама, як улетку, нячутна выхапляе з прастору шумлівасць свае песні – лёгкае ад пладзіні, не хоча супярэчыць подзьмуху ветру… ды наадвароту ўсяму спадзяванню: пажоўклае, ляціць на зямлю і шасціць па ейным прасцягу.

Праз расчыненыя дзверы царквы плыў водар ладану і воску. Ніводзін з малельнікаў не ўваходзіў туды. Усе моўкна дазвалялі ўвайсці найпершым невядомаму, у дамавіне.

Нарэшце, наўперад дамавіны, да ўзгалоўку падышла жанчына. Яна, маладая, і, быццам ужо ведала пра спатканне смутку, была апранутая ў паўхаўтурны гарнітур. Гэта была, хто яе ведае, дачка ці палкоўнікава жонка.

- Хто паможа мне? – спыталася яна ў бліжэйшых.

- Чаго цябе… туды-ы? – густым голасам адгукнулася дзяўчына, што прыйшла разам з ёй.

- Ды я. Чаго баяцца? – пагадзіўся памогай і пытаннем кульгавы з мыліцаю селянін і скрануў скрай дамавіны. – Нясем! Як жа гэтак? Нежывога хоць пашануйце!..

У царкве Міхась апынуўся побач жанчыны з двара. Яна, смутлівая, з застыглымі вачыма нейкі час стаяла крыху адзадзя ад Міхася. І яго, сярод уразы ненадзвычайнага спаткання з нябожчыкам, усё-ткі прынуквала цікавасць зірнуць на ейныя моўкна-рухлівыя вусны, што выдавалі шчырасць апынення перад святымі абразамі, прыгожа абвешанымі сялянскімі карункамі й тканінамі з рознымі чырвонымі й чарнаватымі на іх лукаткамі. Наўзбоччы ад яе, на падпорцы бэлькі, пацямнелы, але з вельмі выразлівымі аценьвамі, вісеў абраз нейкай святой. І ў тым прыгожым аджытым і ў яшчэ існуючым вобразе была найбліжэйшая запраўднасць існасці людское падобы. А гэта жывая і памерлая бытнасць з’явілася Міхасю існай дапытлівасцяй. З гэтым пачуццём ён прастаяў усё ранішняе набажэнства: скрадліва пазіраў на жанчыну з двара.

Яна адвярнулася на прокмець у бок Міхася, і іхныя позіркі сустрэліся. Ейныя белазорыя вялікія зрэнкі, абхопленыя жаўцістымі кружкамі, а затым стрыманыя зігтлівасцяй белае эмалі самога вока, паволі, па-жаночаму хаваючыся ў сціпласці, аглядзелі яго. Нос лёгка ўзняты, раздзельваў справядліва шчокі, якія сумерна да ўсяе постаці крыху худзілі твар, але былі кранутыя карцівым сценем здароўя, ад чаго яна рабілася – нат пры самым кароткім зірку – чароўнай і надоўга помненай.

Міхась уцеміў веданне незвычайнага прызначэння. Ён не закахаўся ёй, а толькі адчуў натхнёнасць ад людскога прыгаства, гэтую не прыгнаную ў такіх здарэннях, нямотную чуткасць бясхібнае веры ў вялікую ахову хараства й любасці. “Бессупярэчлівае ў ёй”, – падумаў ён… і падумаць далей не здарылася – падышла яна.

- Выбачайце, мо ведаеце, хто ён?

- А ніяк.

Пахінам аблічча яна паказала на дамавіну. Спыталася:

- А ці магу папрасіць вашэцінай памогі паглядзець на яго?

- Так.

Міхася заманіла ейная роўная гладзіня лобу, што стугла лягла ад усмеху й удзячнасці, ейныя поўна-густыя-бялясыя, закручаныя куклай валасы.

Міхась зняў века дамавіны. Цярэм зводдальку шапнуў: “Ня рушце”, – але яго не пачулі. Нябожчык быў апрануты ў вайсковыя нагавіцы і хатняга вырабу кашулю. Босы. Уся дамавіна ўсярэдзіне абабітая палатном. Міхасёва незнаёмка пачала прыладжваць на кашулі не ўсе зашпіленыя гузікі, і тады яна спасцерагла: даўняя рана, ужо абмытая кімсьці, значылася на целе маладога чалавека.

- Застрэлены, – нагнуўшыся, сказаў Міхась, – …і блізу дзень таму, ня больш.

- Можа, знаеце яго?

- Ніяк.

Тады яна расхінула куртку і зняла свой нагрудны крыжык. Папрасіла Міхася падняць галаву нябожчыка. Надзяючы крыжык, яны абое напаткалі пад асуненымі далонямі лісткі паперы й паміж іх невялікі квадрацік срабрыстае бляхі з выбітым нумарам і сымбалем савецкай авіяцыі.

…Ранішняе набажэнства канчалася. Сярод святых і просьбных словаў стаяў нябожчык, як быццам нямотны сведка чагосьці непазнанага ў жыцці. Вадрыў мацней ладан і воск. Міхась расхінуў лісткі. Першая паперка была пераламаная й пацертая на кантах. Там называлася прозвішча й імя забітага ды месца ягонага паходжання дзесьці з Магілёўскіх мясцінаў. На другім лістку з сшытка былі напісаныя два стаўбцы словаў з вельмі незразумелым развіццём мэты і зместу. Магчыма, яны і былі ў простай сувязі з гэтым ужо закалелым чалавекам, бо там на пачатку першай абодкі была напісана зацемка: «Радкамі з твайго дзённіка – багаслаўляем».

«Ці ёсць здрада нявольнай нацыі перад кім-небудзь, хто пануе над ёй?.. А хоць бы тэрор, калі толькі гэтая рада патрабавалася ў змаганні за незалежнасць?»

У другой абодцы яшчэ больш супярэчлівая думка, але ў дакладнасці і першыя і другія радкі не развейвалі своеасаблівасцяў напісанага: «...ён чуе, што яго б’юць, робяць болесць, але ён затойвае сваю помсту да наступнай болесці, наагул, хітруе: пакінь толькі жывым мяне, і я паспрабую зрабіць табе тое самае, а цяпер я кленчу, пераношу пакуту… Я толькі жаласлівы прамежак перад табой. І ў ім я працягваю руку, каб змусіць цябе згледзець тваю аслепленасць, неадступнасць у намеры, каб гэтым спыніць здзек нада мной… А тады я абаранюся, о, абаранюся! Але інакш: прыйду помслівым і мо лагодным бажком да цябе».

І дапісана, у вадступе пад выпісамі, цынічна й злачынна: «Ну, як ты думаеш, паміраючы: напэўна, смерць забірае цябе, а нікога іншага, а? Ты гэтак думаеш, або не? Накш, гідкі здрадніку, накш, ці не? Маўчыш? Гэта й было трэба табе: замоўкнуць і ляжаць падлай. Хто падбярэ цябе? А?..»

Міхась перадаў лісткі незнаёмай жанчыне. Ён пабачыў, як у часе чытання набеглі і згаціліся слёзы за ейнымі павекамі і як у іхнай празорасці свяціліся маленькія махры свечак.

Людзі зноў пачалі гурміцца навакол дамавіны, некаторыя больш баязкія барздзілі пакінуць царкву.

- Я думаю, войча, усе дакумэнты выняць і пакінуць пад аховай царквы, бо яны-ы… тут усё, што толькі захочаце чуць, – выказала свае меркаванні незнаёмая жанчына зусім незразумела святару і рэшце прысутных.

- Амін… Усё’дна трэба пахаваць. Хто паможа мне? – папрасіў святар.

- Я.

- І я.

Згадзіліся два хлапцы. Здаравенны хлапец, што згадзіўся першы памагчы, папрасіў перачытаць, што напісана ў лісткох. Лісткі й сведчанні асабістасці прачыталі ўсім.

- Дзякую вам, спадару, – на развітанне сказала незнаёмая Міхасю, а тады: – Хадзем, Ганя, – паклікала дзяўчыну, з якой прыйшла разам да царквы.

Ганя перахрысцілася першай і скасіла вочы, каб бачыць, ці глядзяць за ёй, і выставіла жанчыне язык. Міхась убачыў ягоную цвіласць, падумаў: «Падлётак мае нястраўнасць».

- Алена, як табе ня сорам прыкідвацца старой, праведнай манашкай?.. Я скажу ўсё Барысу, хай усё-ткі возьме цябе ў рукі! Сорам, Алена, сорам! Гэта ж абразок не твой, а Барысаў падарунак… Навошта надзела на нейкага валацугу? – учарэплівалася Ганя ціхой сваркай, пакуль ішлі да надворку з царквы.

Яны былі родныя сёстры, родныя і вельмі, вельмі непадобныя. Алена не адказвала Гані. Яна не радзьва праймалася ейнымі кпінамі, не заўважала яе каля сябе.

На панадворку ж, бы зналуску, Алена спаткала зусім іншае здарэнне. Пад самымі званамі з гільзаў стаяў сам Барыс-палкоўнік і, няведама дзеля чаго, падвесліва на руцэ трымаў кашулю і шапку. Ганя, як заўсёды празірыстая, паказала яго Алене:

- Вунь і ён – рыхтуйся! – гардліва, ужо даўно знаёмай пагардай, урэзвіла сястру, выклікаючы гэтым самым для свайго сэрца канечную спакусу падрастаючае жанчыны; а ў ім, у сэрцы, было зацікаўленне без ліку ведамае Алене ў асабістым затайкаваным назірку. Ганя гэтаму пачуццю аддавалася чыста й справядліва, ані не думаючы аб падозранні разумення яе сястрою. Яна абсудлівым, бадай розумам дарослага, даўмявала прылуку непагоднасці паміж Аленай і палкоўнікам, таму з вялікай задавольнасцяй чакала ад усяго гэтага сабе карысных вынікаў.

- Што вы робіце тут? Я ж нешта не бачыла вас у царкве, мо прыйшлі сустрэць нас?

Палкоўнік прыгнетліва глядзеў на сёстраў, асабліва на Алену, бо Ганя ўсміхнулася яму пры спатканні і ўжо была занятая назіраннем людзей, што памалу выходзілі з царквы.

- Алена…

І ён доўга не мог дабраць патрэбнага слова да гэтага, бы згубленага, зваротка. Ён быў увесь у тую часіну ў адчуванні прыяваў жыцця, адна з якіх прынуквала яго ісці на згоду з Аленай.

- Алена, – ён зноў звярнуўся да яе, але з упэўненым голасам, – навошта я пакутую? Навошта?

Ганя ўчалопілася на яго з усёй прагнасцяй пачуць неспадзяванку, аднак палкоўнік працягваў далей: – Скажы: ты бачыш маё становішча, вось кагадзе, ці не? Скажы, Алена, скажы! Я гатовы знесці ўсякі твой адказ…

Шчырая чырвань легла на Аленін твар, і Алена чула ейны цёплы выліў, а вочы, і так ужо адзеленыя выразлівасцяй, глядзелі цяпер на яго нязводнай і вялікай, хоць і збянтэжанай рашучасцяй: даверліва і ўзбудрожана чакала душа чагосьці, не наводля ўсяго папярэдняга. Маўклівіла.

- Не хочаш адказаць? Я цярплю, Алена, і магу цярпець яшчэ. Магу цярпець бясконца… Дакляруй толькі, што не будзеш змушаць мяне на такія ўчынкі. Падакляруй, Алена.

- На якія гэтакія ўчынкі?

- Няўжо ты не бачыш? Ты ж змусіла, паклікала мяне рабіць гэтак!.. – і палкоўнік патрос на руцэ рэчы. – Я прынёс аддаць іх бедным, а яны ніводзін не падышлі да мяне і не папрасілі… Я цалюткае ранне стаю тутака… Я няздольны на гэта, няздольны!.. Ах, Алена, Алена! Ці ж за гэта толькі думаеш кахаць?

- Хадзем, – усміхнулася яна.

Алена вычувала надуманае палкоўнікам бясхібна.

Другі раз ад часу знаёмства ў Варшаве ўзяла яго пад руку. Яму спадабалася ейнае скаланенне на абліччы: яно абяцала зусім спадзеўную асалоду, яно быццам забірала ўсё ягонае ліха і не кідала ў перадчасны смутак. Такая лікоўная сутань спынілася ў яго сэрцы: жадалася ўзяць яе на рукі і несці ажно да двара і крычэць на ўсіх, хто маніўся б не схіліцца перад ёй. Ён разумеў яе, маўляў, вернутае жыццё да цела памерлага, і цяперака глядзеў на яе не так, як калісьці, а адкрытна: у ім адклікаліся пачуцці найбольшага болю за штосьці вечна дарагое й любае. Яго запэўнівалі нават ейныя крокі. У іхным ступанні побач з ім, здавалася, была не водгуль іх, а вялікая гаманкая даверлівасць адданасці, адданасці яму назаўсёды. Не сцярпеў, загаварыў:

- Алюся, ты зрабіла з мяне юнака… Няўжо ты не кахаеш мяне?

Алена не адказала. Палкоўнік узбудрожна сціснуў мацней ейную далонь.

Ганя нецямлівая, але зусім з іншым плёнам уражання, ішла адлегла за імі. Яна журліва глядзела на ўзбочныя дрэвы, што, як выветраныя цягліцы зямлі і таксама раздзеленыя адно ад аднаго, уздымаліся, голыя й галіністыя каля вуліцы.

5

Да самага двара палкоўнік і Алена ішлі бязгутарныя. Палкоўнік, увесь выкліканы, яшчэ там каля святыні, не ведаў у здушнасці шчасця, як захоўвацца да яе. Ён вельмі добра ведаў ейную абурлівасць пры кожным ягоным неасцярожным спрабаванні дабіцца ад яе чагосьці канчальнага, хоць бы і непажаданага адказу, але зыркага сярод узнікшых адносінаў паміж імі.

Палкоўнік закахаўся Аленай ад першага спаткання з ёй у Варшаве падчас нямецка-польскай вайны, калі ён, пераапрануты ў сялянскую вопратку, стомлены і зусім не маючы спадзявання нейкага іншага звароту падзеяў на свеце, варачаўся да сваіх “крэсаў”.

- Алюся, жыві як хочаш… але не пакідай мяне, не цурайся, не ўцякай адгэтуль!..

Пад уздзеяй Аленінай ахвоты: ісці разам з ім з святыні, нават маўклівай, – была празмерная моц захаплення выказацца, што ён зусім забыўся на палахлівасць, якая знаходзілася ў ім ад мінулых намогаў, дабіцца ад яе хоць бы невыносных патрабаванняў ці абяцанняў. Але апрача таго, што справіўся сказаць, ён не здолеў больш гутарыць… Каля двара падхапіў Алену на ўлонне, прыціснуў усю да грудзёў і панёс гэтак ажно да свайго габінету.

Яна не супраціўлялася. Не выпускаючы яе, сеў на асунутую канапу, і тады яму спакмеціўся ў ейных вачох той, заўсёды азярысты і адоньлівы, спакой.

- Што жадаеш, Барыс?

У сьцягу даўгаватага жыцця побач з ёй упершыню пачуў ад яе сваё імя.

- Я памагла табе шмат чаго дабіцца, і прынамсі цяпер ёсць патрэба гутарыць пра гэта, бо мяркую: скажаш – але!.. Ды я ведаю, што пасля таго, як я зрабілася фольксдойчкай, каб вярнуць табе двор па памерлай мацеры, ты прагнеш цяпер ад мяне іншага… Я вельмі ўдзячна табе за гэта цярплівае каханне. Я ведаю: ты закахаўся ў мяне тады, калі я, з першым днём выбуху вайны з палякамі, была прагнаная з працы гаспадыняй-немкай, якая чамусьці прыехала з Нямеччыны жыць у Варшаву. Пра крыўду, а яе было шмат, дужа шмат, я не сказала польскім уладам. Я мусіла… Ды што я кажу – мусіла… Навет хоць бы і не быў ёю зроблены для мяне і Гані той гадкі ўчынак, я асталася б ёй удзячнай. Яна каля пяці год таму назад, калі мы прыйшлі ў Варшаву знайсці астанкі памерлага ў польскай турме бацькі, узяла нас галодных, абарваных да сябе. Яна ўтрымоўвала нас і выхоўвала. І цяпер паверылі: немка! Лекары-немцы – ажно смех! – пацвердзілі, што я гэтакая, а не іншая. Ды пра гэта ты ўжо ведаеш. Я жадаю, Барыс, сказаць табе: тое, што ўторыла кагадзе, усё дзеля таго, каб крыху пасароміць цябе, а мо звычайна церабіла язык: бо ж трэба ў міжчасе надумацца, каб сказаць штосьці неабходнае… Трэба, Барыс, трэба – гэтая пара ўжо надышла! Пара, мой Барыська!.. Але пусці мяне, сама магу сядзець…

Алена, як пяшчотнае дзіцяня, уставілася позіркам на палкоўніка. Ён, усё не выпускаючы яе з прыполля, абхапіў дрыготнымі рукамі ейныя плечы і пачаў цалаваць на іх вопратку, а потым адной напругай, лёгка, ледзь-ледзь узняўшы яе перад сабой, пасадзіў побач. Аленіна няўкора смуціла яго. Не ставала мінулага раздольства-жарслівага шэпту жанчыны ў самы твар.

Алена зноў загаварыла.

- Барыс, я ведаю, чаго ты хочаш ад мяне… ведаю. Вы, як мыш, скрабяцеся да нейкага здабытку, прагрызваеце кімсьці зробленую будоўлю над ім, каб задаволіць сваю патрэбу і ўнаднасць. Але не дай Бог, што вы пакідаеце потым! Вы можаце пакінуць зусім няўражлівую атоліну – смурод і шумецце… Вось і ўсё! Не! Не ўсё яшчэ! Тое, што я сказала, не дзеля мяне ёсцека. Гэта маё меркаванне пра цябе на будучае. Ты пераканаешся ў ім і напэўна яшчэ больш укарэнішся ў ім. Ці цеміш, чаму ў Варшаве, калі ўсё палымнела ад бомбаў, я зачапіла цябе? Ведаеш ці не – скажы?

- Алюся, мне ляпей слухаць цябе, чымсьці адказваць…

- Ах, Барыс, даруй! Я радая тваім сённяшнім учынкам, дык таму наказала шмат, шмат, і зусім ужо не памятаю, пра што казала… Даруй, Барыс!

- Ты мышай зрабіла мяне.

- Ты ўсё-ткі прагнеш ведаць, што гэта значыць? Не, я не скажу! Некалісьці сам сябе ўбачыш… Барыс, шчырае дзякуй табе, што асталася тады, у пошуках гроша на кавалак хлеба, чыстая, незурочная, з неабтрэсенай душой… Гэта ж тады я падышла да цябе прадацца, бо не адважылася прапанавацца якому-небудзь варшаўскаму Антэку. Надумалася: давай падхаплю вясковага цяляпая. Ажно, як памятаеш, ты і сам шукаў ратунку… Ды і пра гэта стане! Ты лепей скажы: памятаеш, як мяне і Ганю пасылаў на “ўсходнія крэсы”, калі туды прыйшлі бальшавікі, ці мо забыўся? А можа памятаеш, як каля Лукаў, у лесе, паказваў нам бронзавую брошку і казаў: яна ўся залатая, і аддам яе вам, калі даведаецеся, што робіцца на маім хутары, і дзе мая мама ёсцека, – памятаеш?.. Але я без гэтага жадала прынесці табе ўсякую помач, звычайна, без усялякіх аплатаў, бо мяне, бедную, галодную, цягнула тварыць нейкую дабрадзейнасць людзям… Ты не саромся, Барыс, не хіні галавы… Я жадаю, Барыс, астацца мнішкай без манастыра! Старой мнішкай, як сяння сказала мая родная сястра. Яна, бадай, адкапала пайсткі маіх грудзей. Ты мусіш з гэтым пагадзіцца… Паабяцай, дарагі, што будзеш згодзен… Паабяцай, любы!..

Невядомая ніколі раней урачыстасць, што з’явілася да палкоўніка яшчэ там, каля царквы, зноў прапала. Узлакаціўшы твар над каленамі, сядзеў у раздумнасці. Гутарка Аленіна яго, саракапяцігадовага мужчыну, не вельмі сароміла. Ён пераважна ў тую кароткую часіну развагі наўмерваўся пахітрыць да Алены.

- Алюся, упершыню ты па-сапраўднаму адважылася гутарыць пра нашую ўзаемнасць, але ты, мабыць, жартуеш з мяне, скажы таксама, што гэтак, а не інакш. А калі так, дык, па-мойму, ты не сказала ўсё. Тут ёсцека штосьці недакладнае…

- Усё дакладна, Барыс – не дакладзеш і не аднімеш! Запісалася з табой, але быць жонкай тваёй не хачу, хачу быць мнішкай без манастыра!.. А ты думаў, што я неяк абаб’юся і буду з табой дзяцей лічыць?..

- Алюся, ты і так са мной, у маім двары.

- Але, Барыс, ён твой, а не мой! Хаця ізноў, любы, ці памятаеш, што я сказала табе аднойчы вечарам, здаецца, праз месяц, калі пачалі немцы вайну супраць саветаў і мы прыйшлі да твайго хутару, – напэўна, памятаеш? Дык вось тады я сказала: як фольксдойчка, я звярнуся з хадайнічаннем да немцаў аб звароце табе двору каля Менску; прапанавала ўмоўны шлюб паміж намі, а па закону сапраўдны. Ты паабяцаў, што не будзеш вымагаць ад мяне абавязку жонкі. А цяпер ты зусім няўрочнае вядзеш, мабыць, забыўся… Я ўсё рабіла дзеля цябе і дзеля знаходу нейкага спосабу памагаць іншым… Барыс, зразумей: памагаць – памагай і ты!

- Дурнасць, – з утайкаванай злосцяй адказаў палкоўнік.

- А я вось паважаю маю дурнасць і буду імкнуцца да яе, – бяскрыўдна, аднак сцюдзёна адказала Алена.

- Алюся, ты надакучыла сваёй гутаркай… Хаваеш мяне, праваслаўнага, без свечкі, вось і ўсё! Тваім прызвычаем кажу… Прад гэтым я жадаў ад цябе абы-што пачуць, абы-што, каб толькі ведаць сваё знаходжанне каля цябе; дык цяпер я напагатове твае ногі цалаваць, прасіць прабачэння за мае абразы; вымольваць у цябе, маладой, сваю долю, бо колькі яе падаравана чалавеку? Нават з каціным капцюром не параўнуеш тую долю… Кажу ўсё, прызнаюся табе, як прад святаром у святыні: я грашыў, вільгаў душой прад табой мо які цэлы год ад часу спаткання, і не кахаў цябе, і глядзеў на цябе, як на дурня, і не было ў мяне шкадавання да цябе і да твае сястры, хоць ты шкадавала мяне і рабіла ўсё добрае для майго дабра. Але ты не адходзіла ад мяне, ты ўжо празмерна пачала спыняцца ў маёй душы, і, як ні дзіўна было яно, я закахаўся табой. Алюся, табой!.. Я пакутна прагну спакою, капельку грошаў для старасці маёй і для маіх нашчадкаў… болей нічога. І хто прагоніць гэтую смагу, Алюся? Ты! Толькі ты!..

- І хлусіш ты, палкоўнічак дарагі, найбагаслаўлены, нехаўтурны, гэтак хлусіш, як быццам у таго, хто слухае і слухаў няма памяці, і таму можна яму вярзці ўсё, усё, што падбяжыць… Апамятайся, бо магу зусім пакрыўдаваць. Ці ўпершыню ты кідаеш мяне ў крыўду? Не першая ўжо!.. А пераканальная хлусня – прыгаство! Ды ўсё-ткі ў затайкаванай карысці ты не здольны сплясці яе ў адно. Я ведаю: ты закахаўся ў мяне ад часу спаткання ў Варшаве, а не пасля… Ха-ха-ха! Смяюся, мой добры палкоўнічак, і навошта ты надумаўся адмаўляць яго, падмалоджваць?.. Але ў жыцці, палкоўнічак, ёсць два адвеку-вечныя адчуванні: радасць і смутак… Навошта вярэдзіць балючае хлуснёй?..

- Пашкадуй, Алюся! Пашкадуй мяне!..

Ён увомірг падсунуўся шчыльней да яе.

- Пашкадуй, не пагарджай мяне і мае ўчынкі. Абяцаю быць гэткім самым, як ты. Ды і ты, Алюся, яшчэ не стала тэй, якой ты думаеш быць; ты толькі манішся рассуваць замёты нашага двору дзеля прыстанку дабра, дзеля нейкага піравання… Ах, Божа, Божа, навошта я спаткаўся з табой?!

Палкоўнік ашчапіў Алену і бязрухна застыг, прыціснуўшы галаву да ейных плечаў… Яна вышчапілася з ягоных рук, устала, адышлася да стала. У ёй моўкла сцюдзёнае, тое самае жаданне знаходзіцца каля палкоўніка. Яно яшчэ больш чутней усукравалася ў сведамасць наўмернасцяй. Наўмернасцяй ніколі не кідаць яго, каб магчы ў такой дасязе браць усё з яго собства для нейкай цёмнай, як яна сама часта абхрышчвала яе, “добрай волі”.

Палкоўнік, застаўшыся сядзець на канапе, падумаў: “Я, мабыць, перацярплю твае дзіваты, я даб’юся цябе, хоць і кахаю, дужа кахаю цябе”. З гэтымі перакананнямі ён не змагаўся, бо яны ўжо азначыліся яму верай: мусіць адбыцца! Ім толькі чакаўся дзень даведвання, калі яна павядоміць яго згодай.

- А ты глядзі на мяне як на служанку, а не як на жонку, нават і не будучую, – быццам бы адгадваючы палкоўнікавы думкі, звярнулася Алена пасля доўгай моўкнасці.

- Згодзен, толькі не пакідай мяне! – асцярожліва прапанаваў ён.

- А прынамсі, надумаюся кінуць, дык чаго расчульвацца ад такіх дзейкаў? Наогул, ты, палкоўнік, вайсковы чалавек, праўда? Дадумаешся, як са мной ваяваць…

- Ах, якія словы ты кажыш? – і дадаў, тайкуючы ўмела сваю ўзбудрожнасць: – Я жадаю кахаць цябе…

- Ну дык чаго ж тады бегчы адгэтуль?.. А, можа, паспрабаваць? Я калісьці зраблю так: буду хадзіць упрочкі да Менску… Недалёка, праўда?

Ува ўсім тым, што нагаварыла яна палкоўніку, было добрае і адданае асабістаму захапленню… Папрасціла да дзвярэй, на выхад.

- Стане на сяння. Палуднаваць збірайся.

Алена ўсміхнулася.

Адчыненыя Аленай дзверы нямоцна стукнуліся ў Ганю. Яна, напэўна, заклапочаная падслухоўваннем размовы, не пачула Аленінага выйсця з габінету. Не зусім безуразлівая Алена і ўсхваляваная Ганя захавалі паміж сабой вонкавую прабачлівасць. Але як толькі Алена апынулася за дзявярыма ядальні, Ганя блізу ўбегла ў габінет.

- Барыс, кінь валаводзіцца з ёй, кінь! Няхай будзе манашкай, няхай!

Ганя, бы ап’янелая сваім пачуццём, у нейкай адважнасці, маўляў, абараняцца, спынілася перад палкоўнікам.

- Барыс, я кахаю цябе!.. Я ж ужо – дарослая!..

Ён некаторы ўрывак часу пазіраў на яе палымністасць шчок, на яе дрыготкасць вуснінаў і рук, на яе просьбнасць у вачох з позіркам, што яшчэ не ўмеў глядзець упораста на знарокі жыцця, а тады, без аднаго слова, як родную дачку, вывеў яе за дзверы.

Аднак палкоўнікава ўражанне ад Ганінага захаплення апынулася ў мінулым летуценні, калі ён, будучы ў Варшаве, не гледзячы на даходнае і паважнае становішча, чамусьці абмінаўся каханнем жанок.

- Каб ты, дзяўчаро, крыху раней да мяне – я адпомсціў бы там маім асмешнікам… Ах, як шкада! Адранцвееш шчасцем, калі не трэба і няма каму пахваліцца ім, – голасна абвесціў сабе палкоўнік, з вясёлым настроем прычасаўся пры шыбіне падвойнага вакна, што адчынялася ў сярэдзіну габінета, і пайшоў палуднаваць.

6

За вокнамі шасцелі лісты дзікага хмелю, яны за лета справіліся ўзпаўсці па шастку аж да шаламя хаты. Касматая і шаслівая сцень ад іх рухалася па шыбінах вакон. Была ноч. У распагоджаным небе начышчаны ветрам ледзянеў месяц. Вецер роўным подзьмухам прарываўся дзесьці з-за бору. Бор зацяжыстым і загусцелым шумам адклікаўся ўслед яму. Сяліба палкоўнікава ад бору аддзельвалася невялікай засцежай ніў. Новая жыхарка Ганя, бадай з першага дня прыезду, пачала жыць у ім неспакоем шаснаццацігадовага сэрца. У сваёй гасподзе пасля кароткае гутаркі з палкоўнікам яна асталася аж да ночы сядзець каля вакна задуменная і дакорная. Ейная душа гутарыла. У нячутнай размове ўжо пачыналі завязвацца першыя чуткі хітрасці, а ў іх яна пагаджалася дараваць палкоўніку.

«Я ўсё-ткі спытаюся: куды ты ездзіў учора раніцай?»

Далей Ганя не сказала анічога. Як быццам яна і не казала гэтыя словы, угледзелася ў падзямельнасць восеньскай ночы.

«Тая сцежка мне так надакучыла, што я ўжо болей не жадаю хадзіць па ёй да лесу. Заўтра пойдзем з табой іншай. Там ёсць другая, пад самымі елкамі, уся засыпаная апаўшай лісцінёй. Мне вельмі падабаецца, што на ёй лісты заўсёды ўскапычаны казулямі, і іх кожны раз можна там напаткаць. Гэтая сцежка прасцігае ажно да ляснога возера; вада ў ім вельмі сцюдзёная, мабыць, крынічная…»

«Але ж, Ганя, гэтак нам не будзе кожны дзень. Трэба штосьці рабіць… Ды яшчэ, ты ж сама ведаеш: мы неяк дзіўна жывем».

Думала Ганя пра возера, пра гутаркі, пра лес, у якім нават не была, і ўяўна нахілілася да палкоўнікавага твару, правяла сваёй шчакой па ягонай. Палкоўнік, адчуўшы чароўнасць каханай жанчыны, жартаўліва, бо пэўны ў захапленні ім, паквяліўся каля ейных вуснаў пацалункам. Яна спрабавала атрымаць яго, але ніяк не магла злавіць палкоўнікавы вусны.

Ганя запэўнівала сябе: ён кахае яе.

«Барыс, ты будзеш мой!»

Але каханне ён жадаў адхіліць надалей.

«Чаму гэтак робіш, Барыс? Няўжо збіраешся забыцца на той пацалунак мяне… каля вуха? Няўжо, Барыс?» – думала і пыталася Ганя, трымаючы ўявай палкоўніка ў абдымцы.

«Не!» – голасна адклікнуўся ён і палахліва глянуў на Ганю.

«Што здарылася, мой каханы?» – спытала яна, не хаваючыся ў падазроныя думкі.

«Часам, бывае, падыходзяць цяжкія развагі», – адказаў ён і пачаў хадзіць па пакоі.

Ганя па-ранейшаму сядзела каля вакна. У часінах, скволеных уявай, яна, здаецца, забывалася пра ўсё недарэчлівае. Ёй толькі жадалася глядзець і глядзець на ночную сівізну. Ды не!

«Барыс, надысь, едучы сюды атрымаць зноў маёнтак, ты нешта пачынаў казаць мне і спыніўся? »

«Ах, нічога асаблівага… Хадзі лепш сюды».

Ганя паглядзела праз месячны змрок пакою на ўвабразнага Барыса. Прайшлася па пакоі, а тады зноў села. Чулася стомленасць ад думак.

«Каханы, я скажу табе ўсё. Усё, мой любы, і толькі цяпер, таму што я кахаю цябе і раблю гэта ў тваё імя… Ты здзіўляешся, Барыс?»

«Ганя, хіба ж гэтак? Мне прыемна паслухаць, што ты наўмерала сказаць…»

І яна сказала яму пра летуцелае раней. Закаханага, усхваляванага палкоўніка прымусіла хадзіць, а сябе ўслед за ім: прасіла прабачэння за патурбаванне нянатвым настроем.

Наймізэрныя шорахі ветру доўга ўсюдзіліся ў Ганіным пакоі, іншыя шорахі там не заглушвалі іх.

«Тады я, Барыс, астануся табе шчыра ўдзячнай за ўсё, што зрабіў для мяне…»

Ганя не даказала думку, правяла рукой па твару.

«Барыс, няўжо для нас немажліва маё?»

«Што ты сказала?»

Яна на цыпачках падбегла да ўяўленага палкоўніка, прысела на падлозе і пачала абнімаць ягоныя калены, церціся аб іх шчокамі.

«…ты не пачуеш больш маіх слоў, ты слухай мае ўздрыгі ў грудзях і шолах маіх далоняў… Я нямая цяпер».

«Чаму?»

«О не! Лепш пачуй адно: або я, або яна не мусіць быць тут, тут пад гэтым дахам. Нават сяння! Нават цяпер!..»

Барыс маўчаў. Ганя апранулася, пайшла на знадворак.

Подзьмухі ветру мацнелі. Невялікія кагорты хмараў плылі раздзелена каля месяца. Ганя толькі жадала выйсці з двара, як адзадзя пачула Аленін голас. Яна заўсёды праходзілася перад тым, як пайсці спаць. Ганя, перапалоханая неспадзеўным урывам у меру ейных мрояў, ірванулася наўперад, прабегла некалькі крокаў, аглянулася, затуліла па-дзяцінаму вочы, спынілася і заплакала.

- Што з табой, Ганя? Ты, мабыць, хворая? Скажы, родная, што з табой?.. Чаму адмовілася есці?.. Хадзем дахаты… Не плач, родная, а то пачуе Бары-ы-с…

- Я не плачу! Я перапалохалася цябе, – зласліва адказала яна.

Ганя адкінула сястрыну руку, пайшла хадзіць сцежкай пад таполямі навокал двара. Таполі, як падпоры ў пячоры, чорнымі стваламі падпіралі неба й галлё з шумам ад ветру.

7

Да сваёй хаты з царквы Цярэм і Міхась вярнуліся позна, бо Цярэм мусіў завітаць да старшыні воласці за абяцанымі даведкамі на атрыманне пашпарту для Міхася. Іх змест быў напісаны собскай рукой старшыні. Там побач са сведчаннем лаяльнасці Міхасёвай да новых уладаў падавалася хлуслівае тлумачэнне абставін несвоечасовага атрымання пашпарту. Гэткай прычынай, паведамлялася, была зацяжная цяжкая хвароба. З Цярэмавых рук аплата за яе перапала старшыні воласці зусім каштоўная: ён пазычыў у сяльчанаў дзве кварты самагонкі і аднёс яму сваячасна.

Міхась пра Цярэмавы рупнасці не думаў. Ён верыў у іх шчаслівы вынік. У ім даўнавата, ад пачатку вайны, пасялілася пэўнасць пра час, што прынесла вайна. Час, калі можна рабіць усё, што надумаешся, і нават добра даторкнуцца цудоўнасці ўсялякай валадарнасці.

Міхась тымі часінамі адсутнасці каля яго Цярэма паклапаціўся павандраваць па знаёмых мясцінах навакол сяла і спаткацца ды паразмаўляць з аднасяльчанамі. У гутарцы з імі ён слухаў не зусім зразумелы неспакой існасці жывога чалавека, якога ўжо бадай што не палохалі гукі гармат і бомбаў. Усе яны чамусьці звязаны мінулай сувязяй жыцця: прызвычаем спаткацца выпіўшы, ці без таго, у чыёй-небудзь хаце або на выгане, абхапіўшы даланямі постаці жанок ці дзяўчат, як жменяй нарваныя краскі, вытанцоўваць драбнуху ці па некалькі разоў топаць на адной падлозіне рытмічнага «Мікіту», – цяпер раптам закахаліся ў адзіноцтва, у неахвоту нават добрасумленна рабіць свае хатнія абавязкі.

Міхась даведаўся, што ўсе сяльчане, пакліканыя да арміі, вярнуліся дадому ледзь не ў першыя дні вайны. Толькі ў адной сям’і не ставала дома сына. Міхась меркаваў: сяляне мусілі глядзець на здарэнне веку інакш. Але ўсёнае хутка пакінулася ім безуразліва, як штосьці немагчымае да азначэння паміж набегу пачуццяў ад раптоўна напатканага і спакмечанага.

Наапошак ён пачакаў Цярэма на прысапе скрайняй хаты па дарозе да іхнай сялібы, і калі той падышоў, накіраваліся разам дадому. Няцёплыя прамяні сонца рассыпаліся бражовым колерам сярод хвояў лесу, які дзяліў іхную сялібу з сялом. Між іхных верхалінаў і сценяў хавалася незачэпленая глухата восені. У сэрцы Міхасёвым было моцнае жаданне даведацца ад Цярэма пра жанчыну, што памагала ўносіць дамавіну да царквы.

- Хто яна, тая памочніца, што памагла ўнесці забітага? – спытаўся нарэшце ён.

- Напэўна, жонка Сконтаўта, – адказаў Цярэм. Яму не вельмі да гутаркі пра чалавека, які адно сённяшнім раннем набіў яго.

- Даруйце, што турбую дзяцінымі пытаннямі… А як спраўкі ад старшыні воласці?

- А што яму? Даў. Ён неблагі чалавек. Крыўдна, што п’е не ў меру.

- А чаму вы сумныя? Можа, хвалюецеся пра тога лётчыка?

- Аб усім, сынку…

- Навошта гэтак?

- Бо я ўжо не вярнуся сюды на белы свет маладым, таму кожнаму старому, пакуль захліпнецца апошняя часіна жыцця, хочацца патурбавацца аб усім, што не перажыў.

Цярэм, зачэплены Міхасёвым пытаннем, тлумачыў і прыводзіў прыклады з людской дабрадзейнасці й несправядлівасці. Па–ягонаму прыпушчэнню: справядлівасць пакуль што не знойдзена чалавекам. Але ён усё-ткі стаіць ужо ў адным кроку перад ейным парогам. І прамежак паміж наступным ступком-наўмерам – ён даводзіў: якраз ёсць тая справядлівасць, а гэта свабода. Быць свабодным у несвабодзе.

Цярэмавы довады апаноўвалі Міхася ў незнаёмых хваляваннях, недармо што наводле іх ён ужо меў выпадак перажыць яшчэ пры сустрэчы немца-каменданта і Ганевіча. Ён пераконваўся, што дзед усяго толькі ўзвялічвае патрэбу ўвагі на зразумелую існасць у жыцці. Раптам чамусьці зазлаваўся Цярэм:

- І спадзейся на вас інтэлігентаў! Спадзейся на душу, якая некалісьці абрасце целам. Ды яна навет ходзе каля самага цела і ня ведае, як увайсці ў яго ды там трымацца, учапіцца за што… Ты не распазнаеш свой дом. Мабыць, твае калены ўжо зарагавелі ад поўзання – ня чуеш болю. Поўзай, сын! Запэўняю цябе: ты малады будзеш прадчасна старым, калі будзеш блукацца эвангельскім блукнікам па нейкіх радзімах…

- Ня злуйцеся! Вы, старое пакаленне, пажыло ўваскрашэннем нашага народу, і ня можаце адмовіцца ад гэтага, справядлівей яно спынілася ў вас святой верай. А я? Я толькі збірач падрыхтаванага вамі. Для нас, маладзейшых: наша айчына існуе й існавала, як усе іншыя. Ці варта гутарыць пра ейнае абнаўленне ці ўваскрашэнне?

- Народжанае – нараджае, абнаўляецца! Тады, мой сын, і дурань памрэ ад гэткае размовы!..

І ён болей нічога не сказаў Міхасю. У настроі Цярэмавым тым днём жылі дзве крыўды: крыўда ад палкоўніка, пра якую не ведаў Міхась, і крыўда на Міхася – ягоную думку пра сваю нацыю.

«Чаму неспадзеўна?» – падумалася Міхасю.

8

Гэтаксама, як напярэдадні спаткання з Міхасём, дзед Цярэм ізноў кінуўся душой у парыванні благога неспакою. Здарэнне ў царкве, а найбольш словы ад немаведама за што забітага летуна і кароткая гутарка з Міхасём, ідучы дахаты, якая блізу нічога і не давала яснага, усё-ткі кранала ягонае старое пачуццё, яно праніклівым голасам казала яму аб зусім адмоўнай з’яве сярод нахлыні сусветных падзеяў.

Ягоны позірк найперш бачыў толькі сваё, а сцяг іншага, чужацкага, разумеў як пабочнае. Апрача ўсяго да настрою, напэўна, шмат спрычынялася і біццё ад палкоўніка. Але ён цярпеў гэта: не хацеў выдаць сябе Міхасю, каб той учыніўся помстай. Дый Міхась таксама неспадзеўна паказаўся расцягнутым і трухлявым ў дацемленні сваіх ручанняў з паглядамі на закарэлы мярлог з незадрымалымі мэтнасцямі некаторае колькасці валадарных нацыяў…

А Міхась, сваім парадкам, бадай што цешыўся Цярэмавай бязгутарнасцяй: ён таксама думаў, але апыньваўся між сваіх думак толькі ў вадным маменце дня – спаткання ў царкве. Ды прохань усяму таму змрочнаму і смутнаму была пераважна тайніца жанчыны з двара. Ён і цяперака ў хаце, ахутанай восеньскай гушчэчай вечару, бачыў яе перад сабой. Штосьці незнарок цягнула яго даведацца пра яе больш. У ейных вачох і адвазе памагчы ўнесці ў святыню дамавіну Міхась знаходзіў невымоўны прывід добрага і вялікага захавання ў жыцці. Але ў самым развоі думання пра незнаёмую Цярэм звярнуўся да яго, прапанаваў:

- Цягні страву з печы, вячэрай.

- А чаму ж вы ня хочаце? – падазрона згадзіўся і спытаўся Міхась.

- Ат, ня хочацца – кладуся адпачываць… Надвор’е пераменіцца: баляць і ціснуць грудзі. Ды што зробіш – старасць!

Міхась пачаў выцягваць страву з печы. Ён, выгаладаны ў няволі, вельмі шмат думаў пра яду, а дзед надалей моўкны, распрануўся і лёг адпачываць на сваёй ляжанцы.

У іх, у аднаго і другога, уцякалі словы гутаркі, а тымі, што ўжо перамяніліся, – дык адно толькі, каб усцерагчыся журнасці непаразумення.

Пад шамаценне Міхася каля печы, а тады каля стала за ядой з яшчэ большай цепрасцяй Цярэм пачаў ажыўляць чароўнае суквецце думак. У кожнай з іх знаходзілася магчымасць перамогі над рознымі гмахамі й драбноткамі, якія не лагодзіліся або не падтасоўваліся да ўмовы здабыцця свабоды ў жыцці. У вацеве зачэпленых душой мрояў ім краналася ўсялякая метульга дачыненняў кожнага народа да свае незалежнасці. Аднак у перакананнях, у спадзяванні нечаканасцяў, у рознаякіх памаўзлівасцях выклікаць адзін уздых абнаўлення нацыі спыніліся даўменні, ад якіх ажно заціхала сэрца Цярэмава. «Мы прызвычаіліся калісьці жыць незалежнымі, і яно, незалежнасць, зрабіла нас лядайкамі думаць пра нацыі-захопнікаў…» І адначасным забегам папярэдзіў Міхася другім клопатам:

- Ты ж і Мурзу дай есці – чуеш, як гаўкае?

- Добра – я зараз, – адказаў Міхась.

За колькі часінаў развагаў Цярэм задрамаў, і ў сне ён таксама думаў далей пра свой неспакой. Цярэмавы вусны ў сцені ляжанкі краталіся, шапталі штосьці незразумелае. Але ў далёкім кутку душы і розуму яны клаліся зразумелымі неаддзеленымі ад ягонай старэчай постаці.

Рыпнулі дзверы ў трысцені, і гэты нешта кажучы гук перарваў ягоную дрымоту.

Міхась вяртаўся з панадворку, занёсшы яду сабаку.

- Што, ня чуеш? – дзіўным усклікам скрыкнуў Цярэм, і тады ён пры спатканні з цмяным святлом ліхтара ахамянуўся: – Ах, гэта я спрасонку!..

- Спеце, спеце. Я таксама іду спаць, хоць і ранавата йшчэ.

- Ага…

Цярэм заплюснуў павекі і, па-ранейшаму санлівы, стомлена апусціўся на цвёрдую пасцелю. Зноў заблукалі словы з уявамі, што не вельмі выразліва спыняліся перад ім – яны ўсё беглі, круціліся, пераменьваліся выглядамі… Тая дамавіна з няведамым летуном была быццам бясконцай дарогай, домам і небам з роўнымі, бураватымі плямамі на месцы сукоў, ужо абгаблёваных кружкамі-вокамі. Праз іх ён бачыў самога ды іншых стомленых, але яны, як пчолы ў шкляным карані, не сядзелі каля доння, а паўзлі ўсё да вершаліны дужа крутое гары. Ён бачыў марудную мітусню людзей з чырвонымі абліччамі, аблепленымі спацелым валассём; у іх кожнага ў ваччу была няўмольная да напухання велізарная слёзіна, якая вось-вось азначвала напагатаванасць скрапнуць і разліцца.

Ажно да самае вершаліны і па адхонах гары густа ляжалі патарчакі з людскіх касцей. Іхную перашкоду ніхто не парушаў: жывыя людзі паўзлі, праціскаліся паміж іхнымі невялікімі прасторамі. Шмат хто з жывых перамешваўся з імі – прападаў.

- Што ты? Ідзі, ідзі! Ты ж юнак, чаго тут круцішся на дарозе? Няўжо я, стары, мушу цябе ўпрошваць?.. Пусці тады – я сам!

- Куды?

- Як – куды? Ты хочаш у дамавіне застацца? Тлець хочацца?

- Не! Не! Я мусіў быць іншым!

Але Цярэм заміж далей гутарыць, паглядзеў на расхрыстаную кашулю на грудзёх у летуна: чорна-чырвоная дзірачка ад кулі выкручвала з свае сярэдзіны лісткі паперы з зацемкамі.

- Навошта ты пісаў гэтыя словы, хто іх чуў і пачуе? Ты ж быў летуном-сокалам, у цябе ж была зброя заміж іх…

- Старэчы! Ты прагнеш змагання?

- Але! О, я люблю адшукваць і здабываць маё!

- Дык жа чым? Дзе ж у цябе хоць бы снасціна старвечнага чалавека?

- Ланцуг адвяжу ад Мурзавай будкі – вось пабачыш…

- Ты дрывіш, старэчы… Ты, як той генерал, што змагаецца супраць ворага і адначасна супраць ягоных дзяцей, жанок і старых бацькоў…

- Які ты няшчасны юнак! Ты сп’янеў ад сваіх словаў і цяпер стаіш перада мной бяздумны, зусім бяздумны… Ты запамятай: той генерал неразумны, ён толькі жадае абвесціцца пераможцам, пацерабіць сваю ўвабразу пыхай велічы. А ён, ён – звычайны караед, які ня цеміць, што ім падточанае дрэва хоць і ўсыхае, ды пакуль зваліцца, можа стаяць доўга, доўга, і яшчэ навет выспельваць сваё насенне…

- Чакай, старэчы! Я разумею цябе: у змаганні няма няроўных, ёсць толькі пераможцы і адоленыя. Ды вось валей адкажы мне на гэткае пытанне: ці гэта злачынства, калі ёсць абарона свае веры, мэты тымсамым злачынствам, тымсамым змушэннем?

- Ты шмат гаворыш, юнача! Дазволь мне. Ты, мабыць, манішся знішчыць тых тымсамым шляхам: сваёй несправядлівасцяй – учынкам галоднай смерці й расстрэламі, га?

- На баку хутар, але ўбогі не палянуецца завярнуць да ягоных гаспадароў па ўбожыну!

- Дык як тады?

- Ты ж дамагаўся ад мяне гэтага слова… Ты, можа, чуў адну невялікую зваротку з песні?

- Я не люблю песняў, не люблю, мой родны, мой няведамы Ісус: я не ўмею падпраўляць людзей клічам песні ці прамовай правадыра. Я… я ўмею пакутваць!

- Ты?.. Ад парывання твае кволасці й старэчай агнявіцы нічога не народзіцца, а я… я… О, ледзь не забыўся на маю песню:

Зноў у радасці
глядзім на неба,
меч на дзязе.
Мне
ён
трэба…

- Якая даўгая – не спявай… Твая рана ад спеву робіцца большай, і там… там нешта жывое, жывое – не спявай!

- Раны ад ран, старэчы. Яны ад самага пачатку свету. Мусіць жа недзе нешта разарвацца, загінуць на целе, каб выйсці стуль новай душы, што потым не ўкрыжуецца, не разойдзецца ад пацалункаў дабра і зла, яны – жыццё наступнаму: табе, камусьці іншаму… Смешна спрадвечнае?

- Мне?.. Дай агледжу цябе ўсяго, дазволь, мой хлапчук-Ісусік, дазволь… Мне хочацца пацалаваць цябе…

- Ты прагнеш, каб я быў нованароджаным дзеля пацалункаў?

- Не! Не, мой сынку, навошта! Ты ўжо навучыўся рухацца і здабываць умееш, ты адвык плакаць… хвалявацца умееш.

- Ад гэтакай гутаркі й дурань памрэ – здаецца, ты сказаў мне?

- Я не казаў гэтак!.. Міхась, Міхась, чаму ты перабраўся ў забітага?

- Хлусіш, родны! Я адно хацеў быць зразумелым. А быць зразумелым – зрабі непажаданае, навет неканечна ў тым неспадзеўнае, бо тое, непажаданае, і так для іх не святое.

- Не кажы: хлушу. А калі так, дык жа я мушу падагнаць цябе ў жыцці, ці толькі падумаць?.. Годзе, годзе вуснявіць: барздзі, барздзі!.. Ах, як позна! Дзе людзі нашыя? Дзе? Ах, вунь, вунь, здаецца…

- Адляжа, дзед: ня позніцца ноч, ня позніцца й дзень – пажджы расказваць пра цэдзіва…

- Я? Я – цэдзіва – людзі нейкія?

Цярэм прачнуўся ад свайго скрыку, і Міхась таксама. Міхась, найперш запаліўшы лямпку, падышоў да яго і прыклаў адразу далонь на лоб. Цярэм быў спацеўшы. Ягоныя вочы глядзелі звар’яцела на Міхася. У памяці адным схопам застыглі перад ім прывіды сну – ён, нейкі час асветлены лямпкай і рухамі блізасці Міхася, яшчэ дрывіў іх.

- У вас гарачка, захварэлі.

Тады Цярэм уцямна пачуў і зразумеў Міхасёў гутар.

- Кладзіся, сынку, не хвалюйся: звычайна нейкі дзяцінец прысніўся, і я крыху патросся. Не турбуйся.

Міхась не паверыў. Доўга трымаў далонь каля лобу Цярэмавага і колькі разоў паслухаў пульс.

Цярэм у сапраўднасці і не хацеў, каб той барджэй адышоўся ад яго: ён невыказна, аслодна каяўся ў сваёй душы за кпіну Міхасю мінулым днём, ідучы да хаты ад старшыні воласці. Цяпер у вялікай празмернасці адчування Міхась разумеўся да смерці блізкім і неадступным, і гэтае пачуццё ў тую часіну адкавалася адным неразрывам звязку – пад ягоным уздзеяннем ён ледзь не сказаў: «Міхась, будзь са мной, пакуль я жыву, ты – усё для мяне!» Яму не хацелася якой-небудзь іншай сутані, другой спакусы.

- Вы паспрабуйце не памятаць пра сон, і гаручка ад хвалявання міне.

- Дзякуй, Міхаську, дзякуй! Гасі агонь – спі… Каранаты дзядок я: са старасцяй спрачаюся.

9

Міхась сярод ночы часта разбуджваўся і падыходзіў да Цярэмавай ляжанкі. Слухаў ягонае дыханне, клаў далонь на лоб. Цярэм цэлую ноч пасля таго, што гэтак дзіўна прыснілася, не зводзіў павекаў; кожны раз, як толькі падыходзіў Міхась глядзець за ім, прыкідваўся, што спіць, не чуе. Ён у сусцігу даўгаватага жыцця мо ўпершыню натрапіў на сэнс самога жыцця – прынамсі, гэтак яму думалася і ачуньвалася ў тую восеньскую ноч на ляжанцы.

«Дзеля чаго пазбывацца пошчыку блізасці роднага чалавека, каб потым хвалявацца аб ягоным жыцці? Аддаць яму ўсе найлепшыя адчуванні свайго жыцця, а тады асабістай, бацькоўскай чысталюбасцяй змусіць яго пакінуць цёплы куток толькі дзеля таго, каб здабыць неабходнае на захаванне ў днях… навошта?» – разважаў пытліва Цярэм.

І ён зарокся ніколі ў будучыні не рабіць Міхасю благіх даветаў, праз якія той мог бы зноў пакінуць яго адзінотным сярод лесу і поля.

Назаўтра, раннем, яны ўсталі адначасна. Міхась сказаў, што ён не наўважан адкладваць надоўга атрыманне пашпарту, збіраецца ісці ў Менск.

- Але ты, Міхась, будзь ласкавы узяць з сабой торбачку, – папрасіў Цярэм.

- Навошта?

- У такі час не вельмі сорамна хадзіць з торбай.

- Я абыйдуся без лусты…

- Луста – лустай, Міхась, а торба сама сабе гаспадар… Прад колькімі днямі, пакуль ты вярнуўся, я кожную раніцу з Мурзам хадзіў да Менску і заносіў рассечаныя кускі дзічыны галодным і ўбогім. Там цяпер горш, чымсьці ў паўголадзе – блізу ўсе мянчане ўбогія. Вось таму і ты вазьмі занясі дзічыну для іх. Сяння аддай яе калекам, што збіраюцца каля святыні Пётры й Паўлы.

- З прыемнасцяй зраблю, – пагадзіўся Міхась.

Яму жадалася як найхутчэй убачыць прынесеную вайной неспадзеўку роднай сталіцы. Сталіцы, ад якой гэтак шмат асталося ўспамінаў з маленства.

Сонца выплыла з-за вяршалін лесу і, не надта ўзляцелае ўгару над імі, свяцілася восеньскай астыгласцяй, бы расчыненая цемрадзь ночы. Ранішняя смуга рассцілалася нізка. Вохкая, гладка даторквалася кожнага выступу над зверхняй зямлі – прыносіла заўважнасць цёплага дыхання ў скронях камянёў, у плажме муравы. Дарога, праложаная па роўнаму ўзвышшу, адсвечвала шэра-жоўтым кантам пясчанага адхону. Міхась пайшоў да Менску наўпрасткі ад дарогі. Аж з прастору мурожнага сухадолу былі бачны дахі паўзгародных сяліб Менску, іх вырывала з смугі сонца – уцалелі ад вайны. Ад скраёў сталіцы Міхась азірнуўся на лес, за якім хавалася Цярэмава сяліба.

- Ён там чакаў мяне, – мімавольнай любасцяй прагаманіў ён і пайшоў шпарчэй.

Ранішняга рэху ў сталіцы не шмат. Толькі дзесьці замест яго ракацеў самалёт і адзінотна дыміў на паўдзённым баку невысокі камін заводу. Пасля доўгага расстання і пад уразай Цярэмавага апавядання пра сталіцу, яна ўяўлялася Міхасю бадай пакінутай будкай садоўніка ў запусцелым садзе. Яна спаткала яго наводлясьцей не ўявы, а вобразамі існасці. Адразу за рэдкімі наўгароднімі будоўлямі прад вачыма Міхася разбегліся шырызны развалін, яны слаліся ажно да самай Свіслачы. Уцалелы тэатр оперы і балету з некалькімі адлеглымі ад яго камяніцамі высіўся над грудамі цаглін, бэляк і вадаправодных трубаў. Вуліцы сярод руінаў ляжалі, быццам акамянелыя гіганцкія яшчырыцы. Блізу да самага Пляцу Волі Міхась не спаткаў людзей. Пацукі беспалохна бегалі па друзах і разбураных сценах.

Пляц Волі, што калісьці раптоўна ўзвышаўся, нібы выпукласць старавечнага шчыту, нібы насыпаны курган, плажміўся ў несуладу руін. Званіцы святыняў, уцалелыя ад бамбардыроўкі, і вежа з абвіслымі стрэлкамі гадзінніка тырчэлі над пляцам. Ад іхнай узгоні ўвышкі неба і не прабадала пачуццё людзкой душы, у скрайках якой пранізваецца тая гонкасць якімсьці імём несумніўнай думкі ў сваё. Ад іх заўсёды пераможаным людзям увейваецца вера; ад іх часта з’яўляецца перамена ў імкненнях; яны, узнесеныя з абцёсаных камянёў, прынукваюць не забыцца вялічна-роднага; яны выхопліваюць з людскога пачуцця немагчымае і робяць яго магчыма-здзяйснёным; яны незвычайнасць роднага жыцця і прысвята чаму-небудзь неабходнаму ў змаганні, чаму-небудзь злачыннаму супраць злачынства, ад якіх толькі тады ўздрыгнешся, калі пройдзеш пад прывітанні народу каля гэтых сымбалаў у супакоі – яно здарылася і здабылася…

Песня спрадвечнага разбурэння! Ніхто не ведае, дзе яе пачатак быў і калі пачнецца канчатак яе! Глыбы зруйнаваных дамоў, музеяў, тэатраў і лякарняў лажацца шарахатай апранай на зямлю і жыццё! Мірсціць хаос імкненняў і думак! Заплюшчваюцца вочы ў тупой звар’яцелай асалодзе існавання-быцця, і пад тупаценнем брудных воявых ботаў апыноўваецца, не на прокмець, пляма ад якога-небудзь народу! Захаванне жыцця сваёй нацыі ў смерці іншых нацыяў!

Каля Дома працы, які, можа, цудам астаўся цэлым, стаяла шмат аўтамашын. Уздоўж сцяны над уваходам былі выведзеныя нямецкія словы, яны значылі прыладнасць гэтае будоўлі да ўлады немцаў на акупаванай Беларусі.

У пачатку дзесятае гадзіны раніцы там часцей з’яўляліся людзі, часцей замітусілі немцы, апраненыя ў жоўтую вопратку, яны то прыязджалі туды, то ад’язджалі ў нізкіх чорных лімузінах або ў звычайных сталёвага колеру вайсковых машынах. Міхась паназіраў за асаблівасцяй рухлівасці немцаў і сваіх людзей. Ён ніколі не мог потым адказаць сабе на ўсё тое, што тады падумалася і разважалася – яно асталося ў ім нямотным успамінам аб чымсьці нявырашаным у вякох цярпенняў. Ён меркаваў: яно падаспела яму ад часін спачування разбуранай сталіцы, а можа, хоць і каротка пазнаў іх, ад пакутаў у палоне.

Той раніцай Міхась быў больш суровы і жорсны. У ягоным сэрцы зіхрылася нянавісць не толькі да немцаў, у ім знайшоў прыстанішча выкліч усяму людству, усяму таму, хто імкнецца панаваць, апыноўвацца ў слодычы шчасця разбою над іншымі народамі.

У маладым парку перад Домам працы Міхась сеў на паўзломленую лаўку. Яму не жадалася барздзіць спытацца, дзе сцвердзіць сведчанне асабістасці. На яго дзейнічала блізіня сталіцы: імкнула апынуцца ў прокмеці хіжака, – знішчай тых, хто знішчае! Ён нават палетуцеў пра волата-чалавека. Мроя заўсёды адчувальная ў бяссіллі й вельмі неабложлівая ў парываннях.

Міхась не пайшоў атрымаць сведчанне – успомніў пра Цярэмаву торбачку, накіраваўся да манастыра, дзе збіраліся ўбогія, аддаць ім убожыну.

Манастыр з саборам ацалеў ад бамбардыроўкі. Ад вуліцы яго старанна адгарадзілі тонкімі пілёўкамі. На двары перад святыняй не было нікога, але дзверы ў святыню былі адчыненыя нарасцяж. Праз іх Міхась бачыў бражовае мірсценне лампадак і светлую срабрынь асягоў сонца. Ён увайшоў туды. Каля самага алтара стаяла на каленях жанчына і пасля кароткіх шэптаў хрысцілася. Міхась не бачыў яе твару, але разборліва чуў словы ейнай мальбы. Ён перахрысціўся і пачаў азіраць даўно нябачаныя абразы святых і апосталаў. Некаторыя з іх вельмі прыгожа былі выкананыя і апраўленыя ў рамы. Але яму не прышлося доўга азіраць іх – жанчына ўстала і звярнулася да яго.

- Памажэце мне выйсці.

Міхась не адразу адказаў ёй. Ён глянуў на вытыркненыя калені з-пад кароткай сукенкі, якія чырванеліся пасля стаяння на іх. Яна чакала, упершыся ў пустэчу святыні чорнымі кружкамі тканіны на вачох. Яна была маладая.

- На знадворак?

- Але. Калі ласка!

Каля выхаду яна папрасіла Міхася падаць віяланчэль, якая стаяла ў кутку карыдору, пакіненая падчас мальбы. Ён запрапанаваў памогу паднесці. На твары дзяўчыны прабег звычайны ўсмех удзячнасці, але смутны і церпны.

На ганку святыні, папярэджваючы сляпую аб наступнай усходцы, Міхась спакмеціў, што яна прыгожая дзяўчына. Нават чорныя навязкі не псавалі ейнага аблічча. Навошта чорныя навязкі?

- Калі ў царкве няма людзей, я выходжу сама.

Міхасю не хацелася пацвярджаць існасць няшчаснай, ён толькі міла глядзеў на яе.

- Пакіньце мяне каля ўваходу на царкоўны двор, я там заўсёды йграю – зарабляю мой хлеб і соль.

Яна зноў, павярнуўшыся да Міхася, усміхнулася.

- Вы адны, ці родзічаў маеце?

- Маму. Але яна хворая, вельмі хворая… Ня кожны дзень зарабляю ўбожыну – галадуе…

- А вы ня іграйце сяння – я дам вашай маме есці… Мо хопіць на тыдзень…

- Шчырае дзякуй вам!

- А доктар глядзеў вашу маму?

- Вашае падараванне найлепшы доктар для яе… Якая я шчаслівая! Перавядзіце мяне праз вуліцу, а там я ўжо сама патраплю. Я прызвычаілася находзіць свой дом… Я жыву з мамай у доме, хоць усюды, я думаю, руіны, руіны…

- Я давяду вас да дому і агледжу вашу маму – я доктар, – дазваляеце?

Сляпая нічога не сказала Міхасю толькі, бы ў нязносным болю, сціснула вусны, ашчапіла яго і заплакала, ён пацалаваў яе ў скронь.

У сьцежнай вуліцы да Дому працы іх спынілі жандармы і латышскія добраахвотнікі. Па вуліцы, у ахове салдатаў СД, ішоў іхны начальнік Лібіц са спадаром Арэмчыкам. Лібіцу зажадалася азірнуць вялічча руінаў, натвораных розумам і рукамі ягонай нацыі. Ён меў звычайную цікавасць: паглядзець. А для Арэмчыка ўсёнае з’яўлялася сапраўдным рэнесансам, і ён не думаў аб нейкіх іншых, пабочных адступах скрухі. Яму было ўцешна мастацтва знікнення мінулага ў беларускай сталіцы…

На спатканне Лібіцавай паходні з-за вугла, абапіраючыся на падстаўкі-дошчачкі, выпаўзла постаць калекі-абрубка.

Калека, аброслы і стрыманы ў позірку вачэй, не звярнуў увагі на затрыманне жаўнера-латыша, пасігаў, перамахваючы тулава крокамі на падстаўках, насустрач Лібіцу. Латыш, мабыць, збянтэжаны упорстасцяй чалавека з недакончаным жыццём, пакрыкваў на яго:

- Цурык! Цурык! – прыгнуўшыся, трымаючы за плячо, ішоў таксама за ім. Калека натарапіў Лібіца выпадкова, але ён ужо справіўся пазнаваць па уніформе прычаснасць да ачалу.

Лібіц і калека спыніліся на вузкай, не заваленай друзамі сцежцы-вуліцы.

- Вас махтэн эр?

- Што вы жадаеце, чалавечу? – ператлумачыў Арэмчык.

- Сына арыштавалі… Сына адзінага! Дзіцяня яшчэ!.. Даруйце яму!.. Падумайце: якая віна – адбіваўся ад вашага… ды ваш салдат пакрыўдзіў яго першым… Не расcтрэльвайце! Не расcтрэльвайце! Майго сына!

«Не расcтрэльвайце» калека ўторыў дзікім ускрыкам і ў надрыве руху тулава-абрубка замахнуўся дошчачкай-падпоркай на Лібіца, але не кінуў яе. Лібіц захоўна адхіліўся, а тады выцягнуўся, без чакання помачы ад латыша-жандара, з густым шыпеннем у вуснах, легануў ботам калеку-людзкі пень, так, як гэта робяць з мячыкам у запале гульні спартсмены. Калека ад удару паваліўся на адхон друзаў. Лібіц з уследным за ім Арэмчыкам абышоў яго…

*

Сляпая трымала моцна Міхасёву руку. Яна беспамылкова паказвала дарогу, лёгка абыходзіла перашкоды на пратоптанай сцежцы паміж камянёў, цэглаў і розных металёвых патарчак. Моўкныя, кожны са сваёй думкай, дайшлі да месца, дзе жыла сляпая са сваёй маці.

- Вось тут мы і жывём.

Сцежка заварочвала на двор разбуранага дома. Падсечаная асколкамі бомбаў скульптура на вадаліве сярод кветнікаў узнімалася недарэчлівым астанкам, а сам дом зубрыўся вяршынкамі малой гары, ужо зрэдку аброслай палыном і лебядой.

Сляпая прывяла Міхася да ўсходак, якія зыходзілі ў падвал памяшкання. Яна адчыніла дзверы. Апрача дзвярэй там не было ні толькі вакна, а нават звычайнага празорцы. Падвал наводліў сабой вялікі жолаб у канюшнях. У другім канцы ад дзвярэй ён быў засыпаны зверхняй дому. Вадрыў смурод цвілі і вогкасці. Пакінутыя сляпой адчыненыя дзверы былі адзіным святлом у падвале. Каля абсыпу на жалезным ложку ляжала жанчына.

- Мама, я доктара прывяла.

- Навошта клапацілася – усё роўна памру…

- Мама, доктар нам і есці прынёс.

- Дзякую вам!

Сіпатым голасам, з васковым тварам, што ні разу не павярнуўся ў бок Міхася і дачкі, адказвала маці.

- Доктар, у мяне сухоты… перад вайной яшчэ… ужо крывёю кашляю… Ня трэба аглядаць мяне.

- Мама, ты мусіш жыць…

- Ты, дачухна, глядзі сябе, ня турбуйся пра мяне – памерці хачу… Доктар, не падыходзьце да мяне.

Яна закашлялася глухім і даўгім кашлем, ад яго яна згібалася і выпроствалася. Нават пад коўдрай ейная постаць значылася шкілетам. Ручніком, што ўвесь час трымала ў руцэ, абцірала з вуснаў ліпкую і цягучую краску сліны…

Аднойчы, задоўга перад нямецка-савецкай вайной, яна мела двух сыноў. Іх, народжаных у адзін дзень і год, выхоўвала разам з сужэнцам нядоўга.На трэці год пасля двайні нарадзілася дачка, якая й адна асталася пры ёй, а муж загінуў на працы. Адзін з сыноў, малады, рослы, з матчынымі бялясымі валасамі й абліччам у 1939 годзе загінуў у Фінляндыі, другога, яшчэ навучэнцам тэхнікума, звінавацілі ў крушэнні цягніка і выслалі ў Сібір. Турбота выгадаваць іх дапоўнілася больш цяжкай і непапраўнай пакутай мацеры: згубіліся спадзяванні й уцехі ад народжанага ўласным целам! Як мага яна пачала больш працаваць, каб сабраць мальгва грошаў на аплату праўніку за памогу сыну і дачцэ на вучобу ў кансерваторыі. Яна зарабляла 110 рублёў у месяц за прыбіранне дому, у падвале якога цяпер збіралася памерці. Вельмі часта, нанач, моцная і здаровая, ішла да чыгуначнай станцыі працаваць выкладачкай торфу, за што зарабляла каля 120 рублёў у месяц. Па нядзелях знаходзіла час памыць бялізну ўрадоўцам. Яна бралася за кожную працу, каб толькі сабраць грошы для дачкі й сына. У пісьмах маліла сына цярпець, абяцала зрабіць усё неабходнае для яго будучага жыцця пасля зняволення. За паўгода перад вайной, калі сын мусіў вызваліцца, атрымала ад яго неспадзеўную вестку. Ён паведамляў, што яму дабавілі яшчэ 10 год катаргі… Мацеры здароўе не вытрымала – захварэла на сухоты.

Міхась даў некаторыя парады і пакінуў іхнае падзямелле. Стуль ён выйшаў больш сумны дый роспачны. Падумаў, ці браць пашпарт. У змаганні пашпарт не патрэбен!

10

Алена прырыхтавала стол да вячэры. Ганя памагала ёй. На ўсе Аленіны пытанні яна адказвала ў азначаным сэнсе словаў: “А што табе?”

Па ейнай нясловаахотлівасці можна было разумець неадпаведнасць становішча. З аднаго боку: няяснасць, чаму палкоўнік Барыс так аднёсся да яе? І з другога: яна у тым выпадку апынулася ўшчэмленай, – тут дагадкі Аленіны і злосць на яе. Ганя была, бы злоўлены і асуджаны злачынец, які мог без адной застыгі справядлівасці памсліва пакараць чалавека, хто пасмяяўся з яго, з ягонага няшчасця.

Крыху пазней у ядальню прыйшоў Барыс. Ён, як ужо прызвычаены, блізу ўсцязе двух год жыцця з Аленай, спытаўся агульным перакідам абыдзеннай гутаркі:

- Ну як адчуваеце?

Аленін адказ задавальняў Барыса. У яе адказе заўсёды было невядомае:

- Дзякую!

Пасля гутаркі з Аленай у габінеце Барыс сцярог сябе ва ўсім: ён не здзіўляўся, калі слухаў яе, хоць часам можна было здзіўляцца з некаторых выказванняў, бо яны знаходзілі ў ім зусім не асізаныя разуменнем месцы. У ягоным характары ўжо даўно заіснавала павага да людзей вышэйшых службова. На іхныя загады, прапановы і выдумкі ён паддаваўся без адмаўлення. А цяпер раптам спаткалася Алена, бедная і бязмайная, але што жадае нейкага вобліку абавязнасці людзей перад людзьмі, змусіла перамяніцца яго. Яна не годзіцца з пануючым, не годзіцца з ім, палкоўнікам, – чагосьці заўсёды хоча. Яна робіць нейкія запаветы сабе, прыціскае яго ўсялякай несумленнасцяй, і здабытак ад усяго гэтага: лісіца з адсечаным хвастом.

Дамогшыся звароту двара, Барыс пачаў думаць пра Алену і па начах. Яна нават снілася яму ў тых вобразах, якіх ён дабіваўся і праг ад яе. Некаторыя дні ён губляў спадзяванні пра ейны адварот да папярэдніх «запаветаў». Але летуценні хутка прыводзілі да мілага ад жанчыны, і ён адразу пачынаў жыць імі: цярпеў і чакаў. Дапамагалі й выручалі запомненыя незнарокам некалькі словаў з французскай кніжкі: «Жаночая лытка прымусіла шмат лідараў рэвалюцыі забыцца пра народ». Хто яны, правадыры, якая рэвалюцыя адбылася тады, ён чамусьці не памятаў, ды пра гэта не надта клапаціўся ведаць – адно хацеў і ў сваёй дваровай рэспубліцы свайго здзяйснення.

Праз вакно голыя галіны таполяў, асвечаныя сонцам заходу, лажыліся чорнымі й крывымі сценямі на падлогу, на бліскучую з кафлі кухонную плітку. Алена шорхала хатнімі пантофлямі па падлозе – яна налівала страву і падносіла на стол. У сцісненай цішыні ядальні Барыс прыслухоўваўся да гэтага шарахнення, лавіў позіркам Аленін стан, абцягнены зеленаватай сукенкай. І сярод сценяў ад таполяў сукенка і шорах абутку прыносілі яму асаблівую ўразу, калі мужчына толькі ў здоле думаць, але не карыстаць і адчуваць дабраславенства жарсці.

Ганя першая села за стол. Насупленая, не пазіраючы на Барыса і Алену, пачала есці. Яна выглядала, бы дзіцяня іхнае. На дварэ скрыпеў асвер і пакрыквалі на жывёлу парабкі. Шмат з іх былі ранейшыя працаўнікі савецкага саўхозу, што знаходзіўся ў гэтым двары перад вайной. Алена голасна заўважыла:

- Нешта ўжо другі дзень палкоўнік без свайго мундуру.

Барыс тупым позіркам азірнуў яе і, крыху памаўчаўшы, адказаў:

- Трэба яго каму-небудзь аддаць.

- Ужо даўно трэба. Аддай хлапцу, што ўцёк з палону і астаўся працаваць у нас.

- Якому хлапцу? Што за палон?.. З палону?

- Быў у палоне – і ўцёк з палону. А ісці да сваіх мясцін дзесьці за Гомелем баіцца.

- Ах, Божа мой! Алена, Алена!

- Я цемлю, палкоўнік, куды вы вернеце. Але не забывайся: уладарка двору – я!

Наколькі Барыс быў узбудрожаны самачыннасцяй браць людзей на працу, настолькі хутка пад уздзеяй двойчай падуладнасці і залежнасці ад Алены быў кінены ў беспраціў ёй.

- Добра, можаш аддаць. Учора сабака нейкага старога аболтуса падзёр яго.

- Што вы кажаце? – па-сапраўднаму насцярожылася Алена. – Чаму не сказалі ўчора?.. Але ж як яно магло здарыцца?

- Ехаў верхам на белым, на павароце дарогі на нівы злез, а сабака цап мяне – і падзёр мундур…

- Тады той сабака шалёны! Не дай Бог! Вы ж ашалець можаце! Я зараз пабягу і скажу работніку, няхай асядлае вашага белага і зараз жа, зараз жа да таго селяніна едзьце: даведайцеся, ці ашалеў сабака… Хутчэй! Пад’ясцё потым, – усхвалявана распараджалася Алена.

Барыс кінуў есці. Ягоныя вочы, шырокія ад палахлівасці, сустрэліся з зіхрыстым позіркам Гані, якая таксама кінула есці і чакала, калі ён згодзіцца. Ганін позірк уцвяліў Барыса – цяжкі, працяжны ўздых і выдых пацвердзіў сілу ўздзеяння адной і абрыдлівасць, няведама чаму, да другой.

- Я сам, Алюся – не бяжы да работніка.

Барыс шпарка праехаў сяло і толькі на канцы яго адумаўся: куды ён едзе? Ён не ведае, дзе жыве той селянін. Паспрабаваў спытацца ў сяльчанаў скрайняй хаты, але там нікога не было дома. Завярнуўся назад да маёнтку, бо наўважаў памалу праехаць блізка каля кожнай сялібы і прывабіць увагу сабак, каб такім чынам пазнаць аднаго з іх, а тады і ягонага гаспадара. Не ўдалося. Паехаў за ўзлесак – адтуль чуўся спеў пеўня. За прамежкам бору ад сяла, на паляне з нівамі, спакмеціў адзінотную хату. Сонца заходу ляжала скраем на верхалінах бору, ад ягоных даўгіх сценяў несла вохкасцяй. Барыс падагнаў каня. Цярэм якраз складаў у вярсту дровы. Мурза загаўкаў, кінуўся злосна на спатканне Барысу. Цярэм зноў убачыў свайго крыўдцу, паклікаў Мурзу, прывязаў яго да будкі. Чакаў, што скажа палкоўнік. Падышоў бліжэй да калодкі з удзёўбнутым носам сякерай. Ён хваляваўся – яму меркавалася штосьці зноў непрыемнае ад палкоўніка. Першым не прывітаўся, як тады, пры спатканні за маёнткам. Чуўся прыплыў крыві да скроняў і стук сэрца. Палкоўнік таксама не прывітаўся. У процілегласць Цярэмаваму настрою быў малым, прапоратым мяшком.

- Незнарокам знайшоў, – сказаў насуплена палкоўнік і спытаўся: – Твой сабака ашалеў ці не?

Цярэм абцёр пот з лобу. Часіна, якая раздзяляла іх моўкнасцяй, скончылася. Ён зразумеў несправядлівасць сваёй барздлівасці. Але калі б палкоўнік сказаў што-небудзь супраць і крыўднае, ён без папярэджання сякерай расшчаміў бы яму чэрап. З Цярэмавай душы адляцела прокмець, у якой было ўсё роўна, абы толькі ўпершыню ў жыцці, ды яшчэ на схіле год, задаволіцца помстай за крыўду.

- Чаму вы пытаеце? Што, вам не падабаецца мой сабака?

- Дык жа ён укусіў мяне. Ён, мабыць, шалёны?.. Падумайце: я мушу памерці ад нікчэмнага сабакі.

- Мой Мурза не шалёны. А як ашалее, дык я і без вас ведаю, што рабіць з ім, – усё-ткі злосна адказаў Цярэм. Сабака, пачуўшы ад Цярэма сваё імя, зноў загаўкаў, ірвануўся на ланцугу да палкоўніка. Палкоўнік забег за плечы Цярэма.

- Не палохайцеся… не ўкусіць – ён прывязаны.

- Дык жа шалёны – праўда? – дамагаўся свайго палкоўнік.

- Не!.. Чалавеча, едзьце з Богам, адкуль прыехалі… Вы пра гэта і хацелі спытацца?

Цярэм зноў адчуў нераўнавагу свайго супакою. «Гідотнік, за плечы нават браўся».

- Ну, дык дзякую, кажу вам. Я таксама думаю, ён не шалёны, праўда?

На гэты раз Цярэм не адказаў – пачаў складаць паскіпаныя дровы да вярсты. Ён кідаў іх рашуча і хватка, з сілай… Палкоўнік сеў на каня. Ад’ехаўшы пад уторнае гаўканне Мурзы некалькі дзесяткаў метраў ад Цярэмавай сялібы, звярнуўся да яго з аддаля:

- Кожны дзень прыходзь да мяне з паведамленнем, ці ашалеў сабака, чуеце?

- Чую, чую.

Цярэм ятра ўсміхнуўся сам сабе. «Шыш табе ў горла!» Апошняе палена ён кінуў абы-як, рукой аб р