|
 Аповесць “Яно” Янкі Юхнаўца, напісаная ў 1952 годзе,
была задумана аўтарам у дзвюх кнігах. Аднак пасля напісання першай кнігі
пісьменнік, як сам сцвярджае ў запісках “Да «Яно» – ад сябе – аўтара”,
адмовіўся ад намеру пісаць наступную кнігу, каб – як тады яму здавалася – не
паўтараць “пра Мазэ-паўшчыну на Беларусі падчас 2-ой вайны”.
Падзеі першай кнігі аповесці “Яно” разгортваюцца ў
акупаваным немцамі Менску, калі Беларусь “сталася паказным вайсковым тэатрам з
вялікай мадэрнай сцэнай на ейнай тэрыторыі”. На гэтай сцэне дзейнічаюць
калабаранты, здраднікі, патрыёты, большасць з іх “у масках-невідзімках для
немцаў і расейцаў”. Усе яны “як на маскарадзе – у палітычным танцы”, у
разгубленасці, безвыходнасці. Зняважаныя і абражаныя, яны намагаюцца пакуль што
“абараняць” чужых. І хоць яны, беларусы, любяць чакаць назначэння свайго лёсу,
у іх, аднак жа, як піша ў тых жа запісках Янка Юхнавец, “трымалася нацыянальнае
чысталюбства”.
Аповесць “Яно” складаецца з трох частак. Увазе
шаноўнага чытача прапануем толькі частку першую. Спозненая на паўвека
публікацыя гэтай аповесці яшчэ мацней, мабыць, абвострыць нашую зацікаўленасць
ейнай ваеннай тэматыкай, таму што паказана яна ў іншым, чым дагэтуль, ракурсе,
у арганічна-жыццёвай беларускай нацыянальнай цэнтрабежнасці. Усё ў кнізе як бы
служыць выяўленню гэтай мастацкай ідэі, у тым ліку і “вітражная” мова
паэта-празаіка. Мова Янкі Юхнаўца, сапраўды, як вітражныя вокны ў хрысціянскай
святыні, што затрымліваюць наш зрок сваім сюжэтам-хараством. Яна ў яго сама ў
сабе вялікая нацыянальная праблема. Яна – адзін са сродкаў будавання жывой
беларушчыны праз выкарыстанне не знішчаных варожымі для яе бакамі скарбаў
лакальных дыялектаў. Трэба, як піша Янка Юхнавец, “усюдзіцца ў цішыню
нацыянальнай мовы, (...) прынесці самае далёкае з нашай мовы. Рафінаваны
дыялект патрэбен нашай мове. Не можна адмовіць рафінаваную мову (расейцы ўжо
стварылі раней за нас), калі яна творыць канцэпты родныя, нялюбыя камусьці”.
За ягонае своеасаблівае паэтычнае эксперыментаванне ў
прасторы роднай мовы, зварот да яе паспалітай натуральнай стыхіі,
эмпірычна-сэнсуальнай першаасновы, а, магчыма, і па нейкіх іншых прычынах
лідэры беларускай эміграцыі, як вядома, не прызналі Янку Юхнаўца “сваім”. І
аповесць “Яно” таксама “не заўважылі”, яна засталася “не ўключанай у
літаратурную сям’ю сапраўднай творчасці”.
Ян Чыквін
|