БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

Успамінаючы Настаўніка... 

Тамара Лаўранчук, Высокае

Калі твая будучыня
сумесціца з будучыняй сусвету –
усе словы дарэчы,
усе ўчынкі да месца,
усе стрэлы ляцяць у цэль.

А. Разанаў

Верасень 1962 года. Брэст. І курс філфака. Руска-беларускае аддзяленне.

Мы, пачаткоўцы, наслухаўшыся старшакурснікаў, баімся семінарскіх заняткаў па выразным чытанні, якія вядзе Уладзімір Андрэевіч Калеснік.

– Старанна рыхтуйцеся да знаёмства. Прыгожа чытайце – пажадана на памяць. Пакажыце добрае веданне літаратуры і дасканалае валоданне мовай. І абавязкова вывучыце верш Е. Лось “Друг цудоўнай маладосці”, прысвечаны Уладзіміру Андрэевічу. Ён яго вельмі любіць і будзе ўсім шчыра ўдзячны.

“Узброеныя” такім чынам “да зубоў”, з нецярпеннем чакаем першай сустрэчы з выкладчыкам.

Нетаропкаю хадою, пільна прыглядаючыся да прысутных ва аўдыторыі, большасць з якіх -–дзяўчаты, уваходзіць Ён.

– Добры дзень, шаноўныя. Будзем знаёміцца. Вашай візіткай кароткай стане верш, які вы сёння прачытаеце. Хто першы?

Узнялася са свайго месца высокая дзяўчына, што сядзела наперадзе на значнай адлегласці ад “іарданскіх галубіц” (так пазней называў Калеснік нашых дзяўчат).

– Маё прозвішча Міткевіч.

– А чаму не Міцкевіч? Трэба ўнесці папраўку.

– Няхай застаецца, як ёсць. А прачытаю я верш Канстанціна Сіманава “Родина”.

Упэўненая ў бездакорнасці свайго чытання, пачала. Урачыста, на поўную сілу голасу – так, як заўсёды чытала патрыятычныя творы, стоячы перад хорам у часе выступленняў.

Аўдыторыя слухала моўчкі, а я, давёўшы да канца, села, узрушаная да слёз, чакаючы пахвалы.

Пасля паўзы выкладчык вынес прысуд:

– Чытала, шаноўная, не шкадуючы галасавых звязак. А калі дайшла да радкоў аб трох бярозах, здалося, што ў тваіх бяроз лісце жалезнае. Так і звініць, так і калоціцца, заглушаючы ўсё навокал. Ні пяшчоты ў голасе, ні любові – адзін метал. Дрэнна! Цяжка слухаць такое чытанне!

Нізка апусціўшы галаву, я моўчкі выслухала гнеўную прамову.

Наступнай “ахвярай” была студэнтка Шуба з доўгай, да кален, касой. Яна чытала праграмны верш, які запомніла яшчэ са школы, і часта шморгала носам.

Карэлічы: Л. Мірачыцкі, У. Калеснік, З. Калеснік. 1967 г.

– Гэта што за кавальскія мяхі суправаджаюць чытанне? Гэта што за чытанне? Так і перад вучнямі будзеш хлюпаць? Ніякай культуры. Дрэнна!

Астатнія чытальнікі, успомніўшы наказ старшакурснікаў, ратуючы сітуацыю, адна за другой чыталі “Друг цудоўнай маладосці”. Добра, што Е. Лось не чула заключных акордаў нашага знаёмства з выкладчыкам.

А роўна праз 6 месяцаў, 3 сакавіка 1963 года, я атрымала ў падарунак ад Уладзіміра Андрэевіча яго кнігу “Час і песні” з такім надпісам: “Міткевіч Тамары, цудоўнай чытальніцы вершаў, з найлепшымі пажаданнямі поспехаў у прапагандзе роднага мастацкага слова”. Калеснік заўсёды быў шчодры на пахвалу тым, хто гэтай пахвалы заслужыў, і мы вельмі стараліся быць уважлівымі на лекцыях, старанна рыхтаваліся да семінарскіх заняткаў, многа чыталі дадатковай літаратуры.

Як натура ўражлівая, Уладзімір Андрэевіч умеў радавацца чужым поспехам, захапляцца новымі ідэямі, меў патрэбу жыць для іншых, жыць годна. Ён не дараваў хлусні і подласці, не прымаў ілжэкультуру, духоўнае ўбоства і маральныя звырадненні. З ім было цікава ўсім пакаленням студэнтаў.

У першы год свайго студэнцтва мы аказаліся сведкамі і таго шчаслівага для Уладзіміра Андрэевіча часу, калі ён стаў аўтааматарам, набыўшы позняй восенню 1962-га “Масквіч – 407”. Падзея гэтая сталася вынікам шматлікіх камічна-клапатлівых сітуацый.

“Мне самому тады “Масквіч”, – як узгадваў У.А. Калеснік, – падабаўся: просты ў абслугоўванні, непатрабавальны, адно толькі, адно толькі не падыходзіла – чырвоны колер. Дзеці ў двары, як я толькі прыгнаў сваю “цацку” з Мінска, пачалі дражніць мяне “пажарнікам”. Як бы змовіўшыся з берасцейскімі падшыванцамі, гэта ж паўтарылі і падшыванцы ў маёй роднай вёсцы”.

“Аўтамабіль я асвоіў за восень і весну, але ж належала яго аб’ездзіць з сябрамі, урачыста, як аб’язджалі, бывала, у вёсках на Юр’я маладых жарэбчыкаў”. З колерам Уладзiмiр Андрэевiч пагадзіўся, суцяшаючы сябе: “Што чырвана, то і хораша, што салодка – то смачна. Увогуле з першага дня пачаліся мае з ім турботы. Як толькі прыгнаў з Мінска і паставіў у двары, каб перакусіць і загнаць у гараж, то і аказалася, што двор пусты, мой транспарт знік, шукаў, пакуль не наткнуўся на яго ў завулку. Зразумеў, што забыўся паставіць на ручны тормаз, і жэўжыкі закацілі вялікую цацку ў тупічок, як робяць з гаспадарскімі вазамі на Купалле. Пасля таго я зацягваў “ручнік”, нават ставячы машыну ў гараж. Але раз перабраў меру. Позна ноччу, спяшаючыся, забеглі мы з заядлым курцом і выдатным наваградскім краязнаўцам Міхаілам Петрыкевічам у рэстаран захапіць цыгарэт, бо абкурыліся за дзень. Зацягнуўшыся, я забыў зняць машыну з ручнога тормаза і гнаў ад Наваградка да Валеўкі, пакуль у салоне не запахла гарэлай гумай: ляпнула ўся тармазная сістэма. Пасля тае прыгоды я стаў змагацца са сваёю рассеянасцю, паспрабаваў лічыць ручны тормаз непатрэбнаю прыдумкай канструктараў, ад якой гаспадару больш лішняга клопату, чым карысці, а машыне адна порча.

Заехаўшы неяк у Гродна да Карпюка, пакінуў машыну незатарможанай. Вечарам выйшлі з Аляксеем прайсціся па горадзе. Бачым – знікла мая машына. Кінуліся шукаць – абшнырылі некалькі кварталаў, нарэшце наткнуліся на яе ля глыбокага абрыву, пад якім цурчэў ручай, прыток Нёмана. Пад шчоткай шклоачышчальніка тырчала паперка з надпісам: “Паря! Не зевай. Следующий раз скинем в пропасть”.

Пасля падобных папярэджанняў наступнага разу не бывае. Але “Масквіч” мой заставаўся наравістай казой. У часе паездкі па Прыбалтыцы я неяк палез пад яго з гаечным ключом праверыць тармазны дыск і не падстрахаваўся. Машына стала каціцца на мяне. З цяжкасцю ўтрымліваючы яе, я крыкнуў жонцы: “Падлажы што-небудзь пад кола!” Тая падлажыла часопіс і – вызвала гамерычны рогат Вялюгіна, Брыля і балгарскага літаратуразнаўца Юркі Вылчава, якія прыбеглі ратаваць вадзіцеля ад саманаезду. Вялюгін з Брылём тады нават эпіграму склалі, чамусьці па-руску, пад Крылова і Пушкіна:

Из дальних странствий возвратясь,
Побыв на Неринге и в Купе,
О, Володимир, Брестский князь,
Ты начертай себе на дупе
Совет внимательных друзей:
Чем больше технику мы любим,
Тем меньше нравимся мы ей.

Так небяспека і гумар сяброў вучылі культурна абыходзіцца з тэхнікай”.

Першы год студэнцтва запомніўся і лекцыямі па вуснай народнай творчасці:

Воран крача – сыру хоча.
Дзеўка плача – сына хоча.
Воран крача, сыру з’еўшы.
Дзеўка плача, сына меўшы.

Іншы раз, захапіўшыся і пераносячыся ў думках у толькі яму ведамыя далі, Уладзімір Андрэевіч пераходзіў на рэчытатыў, што межаваў са спевам. Светла і цёпла было на душы і ў часе такіх лекцый, і пасля іх...

Возера Свіцязь : Я. Брыль, Н. Брыль, У. Калеснік. 1987 г.

Часам здаралася назіраць у Калесніку і праявы духу супярэчлівасцяў, якія не заўсёды адпавядалі сітуацыі. Тут успамінаецца выпадак, як у Інстытут прыехала каманда медыкаў станцыі пералівання крыві, каб выканаць план па нарыхтоўцы гэтай самай крыві, узяўшы яе ў студэнтаў за бясплатны талончык на абед і вольны ад заняткаў наступны дзень. Многія з нас былі донарамі і рэгулярна праз 56 дзён здавалі 450 грам – дозу, атрымліваючы за гэта добры дадатак да стыпендыі (стыпендыя на той час складала 23 руб., доза крыві – 22 руб. 50 кап.). Акрамя таго, мелі вольны дзень і той самы, за 70 кап., талон на абед. Некаторыя з нас умудраліся збегаць яшчэ і ў паліклініку чыгуначнай лабараторыі, каб і там зарабіць штось за 225 грамаў. Каманда пакінуць аўдыторыю і ісці ў аўтобус, прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову, паступіла якраз на занятках, якія вёў Калеснік. Мы саромеліся прызнацца яму, што зарабляем такім чынам грошы на метадычныя выданні, кіно, тэатр і паездкі. І ў той дзень проста не мелі магчымасці дапамагчы медыкам выканаць даведзены план.

Што адразу пачалося!..

Ды пасля размовы са старастай групы, якая патлумачыла прычыну нашага супрацьстаяння, Уладзімір Андрэевіч змяніў гнеў на міласць, абураючыся ўжо на медыкаў за абыякавасць да нашага становішча, за іх гатоўнасць любымі сродкамі выканаць заданне.

Тым разам мы былі рэабілітаваныя, чаго нельга сказаць пра маю аднакурсніцу Аню Шчыгельскую. Яна патрапіла ў “чорны спіс” да канца студэнцкага жыцця за тое, што неяк выказалася супраць партызан, што прыходзілі ў вайну рабаваць яе вяскоўцаў, забіраючы апошнюю худобу са двара. Партызанскі гонар Калесніка выбухнуў тады з неймавернай энергіяй...

Апошнія месяцы майго першага года вучобы асабліва запомніліся знаёмствам з Уладзімірам Караткевічам, ужо тады вядомым нам па зборніках паэзіі “Матчына душа” і “Вячэрнія ветразі”.

За месяц да гэтай падзеі Калеснік прапанаваў Брылю разам “аб’ездзіць” машыну, наведаць Слонімшчыну і Наваградчыну. Іван Антонавіч параіў узяць з сабой Караткевіча, у якім бачыў “буяны талент”. Давяраючы Брылёваму “нюху” на здольных людзей Уладзімір Андрэевіч згадзіўся. У часе цікавага сумеснага падарожжа яны і дамовіліся аб сустрэчы ў Брэсце.

“Я адкрыў вечар, – успамінаў У.А. Калеснік, – заклікам да студэнтаў набрацца смеласці і выступаць шчыра. Чытацкая думка можа быць карыснай пісьменніку тады, калі яна шчырая, а калі падладжана пад стандартны густ, хрэстаматыйныя нарматывы, – нічога не вартая. Такія веды залічваюцца толькі на экзаменах ды і то педантычнымі выкладчыкамі, а нашаму госцю, мастаку слова, патрэбны жывыя ўспрыманні. Караткевіч выступаў свабодна, раскавана, гаварыў пра свае творчыя планы, чытаў фрагменты з рамана “Каласы пад сярпом тваім”, над якім працаваў, на памяць дэкламаваў вершы пра Машэку, паўстанца Ваўкалаку, пра “векавечнай бацькаўшчыны клёны”, і ўсё гэта рабілася так непасрэдна, натуральна, што аўдыторыя параднілася з госцем, студэнты ахвотна выступалі”.

Падкупляў прысутных і талент Караткевіча-чытальніка. “Сапраўдны артыст”, – захапляліся мы, чакаючы свае чаргі на аўтограф. Такія сустрэчы заўсёды мелі працяг на лекцыях:

Пружаны 1981 г. Справа :   М. Пракаповіч, А. Каско, У. Калеснік, У. Ягоўдзік

– Ну і як вам, паненкі, Караткевіч? Халасцяк, між іншым. Прызнавайцеся, хто мае ахвоту стаць ягонай жонкай? Можа, ты, Тамарка? – звярнуўся па-свойму да мяне Уладзімір Андрэевіч.

– Пакуль не планую замужжа.

– А, мо, прозвішча не падабаецца? – працягваў ён жартаваць. – Тады зробіш праз злучок: Міткевіч-Караткевіч. Гучыць! А што? Згаджайся!

Шмат разоў згадвалі мы пасля за агульным сталом гэты жарт і заўсёды Уладзімір Андрэевіч ушчуваў:

– Вось паслухалася б мяне, выйшла б за Валодзю, нараджала б яму дзяцей, і род Караткевічаў не звёўся б.

Сталася так, што менавіта Калеснік быў ініцыятарам жаніцьбы Караткевіча на выкладчыцы гісторыі КПСС Брэсцкага педінстытута Валянціне Браніславаўне Вадковіч:

А Калеснік добры быў,
Мне сучачку падарыў,
А сучачка белая
Па пакоях бегае.

(У сваёй кнізе “Усё чалавечае”, згадваючы гэтыя радкі, Калеснік увёў “козачку”).

Аўтограф Караткевіча на кніжцы “Вока тайфуна” сведчыць: “Міламу майму Валодзю Калесніку, які мне “удружыў” раз і назаўсёды, свату і брату – ад аўтара. Ул. Караткевіч. 26.ХІ.74 г.”

Наступным госцем нашай студэнцкай аўдыторыі быў Янка Брыль. Мы ведалі, што ён даўні сябар Калесніка, зямляк і аднадумец. Такія розныя па характарах, яны былі знітаваныя агульным клопатам пра становішча роднай мовы і літаратуры, абодва любілі ўсё натуральнае і прыгожае, прыроду, маладыя таленты, шчырых людзей.

“Калі ў нашу партызанскую стаянку на ўскрайку Налібоцкай пушчы прыйшлі ўсе тры браты Коля, Міша і Янка Брылі, – узгадваў У.А. Калеснік, – неяк пасвятлела ў зямлянках пад кашлатымі елкамі”.

Сяброўства доўжылася, мацавалася і ў пасляваенны час: вучоба ў Мінску, сустрэчы на Гродзеншчыне, сумесная рыбалка, ціхае паляванне ў Налібоцкай пушчы (абодва – заядлыя грыбнікі), шматлікія паездкі па беларускіх гарадах і вёсках (спачатку – на веласіпедах, потым – на машыне), агульная праца над фотаальбомам “Між тых палёў” (па мясцінах, звязаных з імем А. Міцкевіча) і, нарэшце, у кампаніі з А. Адамовічам – над кнігай “Я з вогненнай вёскі...”

“З Брылём лёгка працавалася, – пісаў У.А. Калеснік, – ён быў вельмі тактоўным і талковым саўдзельнікам выяўленчых задум, глядзеў на наваколле вокам і сэрцам паэта, лавіў у прыродзе перадусім “чалавечы” змест, не ўмешваўся ў маю фотакухню. Яго бачанне аб’ектаў не сапернічала з маім, нацэленым на жывапісны зрокавы эфект. У мяне ўражанне ішло ад вока да кадра, а ў яго ад вока – да сэрца, уяўлення. Любуючыся разам нейкім краявідам, мы перажывалі яго красу кожны па-свойму, лавілі іншыя імпульсы, што зыходзілі ад аб’екта, дапаўнялі адзін аднаго. Калі нам абодвум нешта падабалася без спрэчак, значыць, варта было над ім паваражыць з фотакамерай. Мы звыкліся дапаўняць адзін аднаго ў бачанні свету, і нам добра сузіралася ўдвух, добра гаварылася вечарамі пра ўбачанае днём”.

Уладзімір Андрэевіч разумеў, што і наша знаёмства з такім чалавекам пойдзе толькі на карысць. Ад Івана Антонавіча сыходзілі такое святло, такая дабрыня, што хацелася, каб сустрэча наша была бясконцай.

Студэнцкае жыццё працягвалася. Пачатак восені 1963 года памятны мне падзеяй, якая адбылася па ініцыятыве Уладзіміра Андрэевіча. У той час ён быў куратарам у пяцікурснікаў, з якімі я ўлетку ездзіла ў складзе студэнцкага будаўнічага атрада ў Казахстан. Верасень, пакуль усе раз’ехаліся па калгасах капаць бульбу, мы адпачывалі. Прапанову паехаць па літаратурных мясцінах Беларусі і Літвы я ўдзячна прыняла. Кіраўніком і экскурсаводам у гэтай паездцы быў неўтаймаваны Калеснік.

Завоссе, Валейка, Наваградак, Мінск з літаратурнымі музеямі Я. Купалы і Я.Коласа, возера Свіцязь, Вільня – вось далёка не поўны пералік мясцін, якія наведалі мы ў часе гэтай паездкі. Здзівіла, што на нашым шляху не было людзей, якія б не ведалі Уладзіміра Андрэевіча. Ведаў усіх і ён. І нам было з ім цікава і неяк па-сямейнаму ўтульна.

Сардэчны і гняўлівы, узрушаны і чулы, пахмурны і насмешлівы, шчыры і жыццярадасны, цэльны і паслядоўны, Калеснік – з пароды жыццялюбаў, што не так часта сустракаюцца ў жыцці. У яго было вялікае чалавечае сэрца, у якім заўсёды хапала месца сябрам, родзічам і проста блізкім па духу людзям. Напэўна, гэтая акалічнасць і паклала пачатак нашай амаль 40-гадовай дружбе.

На ІІІ курсе (1964 год) мы пісалі курсавыя працы па беларускай літаратуры. Сярод прапанаваных Калеснікам тэм я выбрала, на мой погляд, самую цікавую, нязведаную і патрэбную – “Літаратурныя мясціны Брэс-тчыны”.

У. Калеснік і У. Караткевіч. Белавежская пушча. Апошняя сустрэча. 1984 г.Быццам у вір, увайшла ў яе з галавой. Архіў, краязнаўчы музей, бібліятэкі і чытальныя залы з іх пажоўклымі ад часу падшыўкамі газет і часопісаў на польскай, украінскай, беларускай і рускай мовах настолькі паглынулі мяне, што работа выйшла далёка за межы, прадугледжаныя патра-баваннямі. Кансультацыі час ад часу пераносіліся ў кватэру Настаўніка, дзе я пазнаёмілася з яго жонкай Зосяй Міхай-лаўнай, гасціннай і мудрай жанчынай.

Уладзімір Андрэевіч, зада-волены маёй працаздольнасю, не шкадаваў добрых слоў. Было прыемна і ад пахвалы, і ад таго, што вось так проста, амаль па-свойску, размаўляю з выкладчыкам у ягонай кватэры, сярод ягоных рэчаў, а на кухні ўжо чакае накрыты стол. Калеснік прарочыў мне аспірантуру і светлую будучыню на ніве навукі. Але лёс распарадзіўся па-свойму: я выйшла замуж і на пятым курсе 12 красавіка нарадзіла дачушку. Паспяхова здаўшы дзяржаўныя экзамены, я вярнулася ў Высокае да бацькоў, каб ужо 15 жніўня пачаць настаўніцкую працу (Натальку сваю аддала ў дзіцячыя яслі).

А вясною 1968 года Уладзімір Андрэевіч прывёз да нас у школу групу студэнтаў, якім трэба было праходзіць педагагічную практыку. (Сённяшні прарэктар па вучэбнай рабоце Брэсцкага універсітэта Станіслаў Рачэўскі быў адным з іх). Увогуле ўлетку Настаўнік разам з жонкай часта наведваў нас, забіраючы з сабой у лес, на рэчку ці нават на начлег у палатках.

Калеснік быў адмысловым грыбніком. Цешыўся ўдачамі, але на “прамысловыя” рэйкі гэты занятак не пераводзіў: “Мы ў лес прыехалі адпачываць”. А дома, даводзячы да ладу сабранае, кожную зялёнку старанна чысціў ад пяску і ляснога смецця адслужыўшай свой век зубной шчоткай, якая спецыяльна для гэтага пакідалася ў гаспадарцы. Сушэнне-саленне лясных прысмакаў, не давяраючы нікому, заўсёды рабіў сам і сам частаваў (не без гонару!) найбольш прыязных наведвальнікаў сваёй гасціннай кватэры. Грыбы хвалілі. Яны сапраўды заўсёды ўдаваліся.

Вельмі любіў дарогу, што злучае Брэст з Высокім – роўную, чыстую, месцамі абсаджаную яблынямі і алычою, месцамі пралёгшую праз лес. Адлегласць у 35 км здавалася мізэрнай і, напэўна, таму, дастаўляючы асалоду ў першую чаргу сабе, мог без папярэдніх званкоў прывезці да нас сваіх гасцей – Дзмітрыя Бугаёва, Васіля Жуковіча, Ніну Мацяш, брэсцкіх паэтаў і нават сваю дачушку па першай жонцы Леначку, калі яна, скончыўшы інстытут замежных моў, лячылася пасля аварыі.

У часе нашых бясконцых вандровак па лесе прыемна было назіраць за Калеснікам, пільнае вока якога заўважала не толькі грыбы-ягады, але і розныя незвычайнай формы галінкі, карэньчыкі, непад’ёмныя вываратні і проста мудрагелістыя цуды прыроды.

Дома, у рэдкія вольныя хвіліны, ён іх абрабляў, надаючы казачнасць і непаўторнасць у толькі яму вядомыя контуры. Атрымліваўся шэдэўр, які звычайнаму воку адкрываўся толькі цяпер, хоць мастак бачыў яго яшчэ ў лесе. Так узніклі “дамавік”, галава партызана, Францыск Скарына, іншыя героі, а таксама настольныя лямпы, аправа для гадзінніка, палічка з ружамі на ёй і іншыя прылады.

А яшчэ любіў Уладзімір Андрэевіч маляваць пейзажы. Адшукваў прыгажосць паўсюль – на ўзлеску, каля рэчкі, на лузе... У машыне заўсёды ляжаў эцюднік і іншыя “прычындалы” для малярства. Карціны свае нікому не дарыў – цешылі вока гаспадара і гасцей, пацясніўшы розную драбязу на паліцах. Па-майстэрску выкананае Бакуменкам палатно “Зімовая дарога” ён уручыў маёй дачушцы, даведаўшыся, што яна выйшла замуж. А мне да майго 50-годдзя – “Адлiга” Данэлія.

Шмат часу любіў праводзіць Уладзімір Андрэевіч на дачы, дзе амаль усё было зроблена яго ўласнымі рукамі: канапа, табурэткі, лавачкі і лавы, стаўні, полкі і палічкі, стол. Звычайны кавалак дрэва ў яго руках імгненна ператвараўся ў цуд, а кошыкі можна было смела везці на выставу самага высокага кшталту. Тут, на дачы, парадніўшыся з зямлёй, адчуваў сябе яе ўдзячным сынам. Яна ратавала яго ад гарадской мітусні і наталяла душу ўсведамленнем сваёй неабходнасці ў гэтым жыцці.

Толькі хваробу Уладзімір Андрэевіч не змог перамагчы. Прапаноўвалі яму сваю дапамогу мінскія сябры, хацеў забраць у Польшчу да дактароў Ян Чыквін, але не такі ён быў чалавек, каб узваліць цяжар сваёй немагаты на іншых. Прадчуваючы немач, ён адмовіўся ад пышных урачыстасцяў у сувязі з 70-годдзем.

У бальніцы, куды неўзабаве трапіў, Уладзімір Андрэевіч не хацеў бачыць чужых спачуванняў і чуць абнадзейваючыя словы. І толькі Зося Міхайлаўна была жаданай наведвальніцай.

Дадому пасля бальнічнага ложка ён выпісаўся незадоўга перад канцом свайго зямнога жыцця. Даведаўшыся аб гэтым, мая дачка з мужам і шасцімесячнай Паўлінкай прыехалi з Гайнаўкі ў Брэст.

З радасцю сустрэў нас гаспадар. І, хоць рукі яго былі павольныя, а ўсмешка – праз сілу, запрасіў нас, як заўсёды, за стол і нават выпіў некалькі кілішкаў чырвонага віна, прывезенага Наталькай (так заўсёды ён называў Наташу). Цешыўся Паўлінкай, трымаючы на каленях яе жвавенькае цельца (сваіх унукаў не давялося песціць). Гэты момант захаваўся на здымку, зробленым за два тыдні да трагічнага 15 снежня 1994 года.

Праз колькі дзён, убачыўшы фатаграфіі, Уладзімір Андрэевіч заўсміхаўся: “О, які я тут яшчэ прыгожы”. Гэта былі апошнія імгненні жыцця цудоўнага чалавека. Суцяшаўся ён, што памрэ на сваім ложку.

Тэлефонны званок нашай агульнай з Зосяй Міхайлаўнай прыяцелькі парушыў ранішнюю цішыню маёй кватэры: “Тэрмінова прыязджай. Памёр Уладзімір Андрэевіч”.

Ля рэчкі Сэрвач. 1990 г.

На кватэры Калеснікаў былі ўжо найблiжэйшыя ягоныя сябры. Назаўтра прыехалі з Мінска Я. Брыль, Н. Гілевіч, У. Гніламёдаў, В. Жуковіч, А. Разанаў, У. Ягоўдзік. Прывезлі з Белаазёрска Ніну Мацяш, прыйшлі берасцейскія паэты і пісьменнікі, выкладчыкі і студэнты, суседзі і знаёмыя.

Словы развітання. Мноства кветак. Задоўга да апошняга свайго снежня, прадчуваючы хуткаплыннасць жыцця, Уладзімір Андрэевіч прыглядаўся да прыгожых валуноў, звезеных з палёў на ўзлесак: “Я сам зраблю сабе помнік – такі, які хачу, каб стаяў на магіле”. Слухаючы гэта, мы ніякавата ўсміхаліся, пераміргваючыся з Зосяй Міхайлаўнай.

Побач з магілаю стаіць высокі прыгожы камень з ружова-бардовымі пражылкамі. На ім надпіс: “Каб помнілася твая прысутнасць у свеце, каб не забывалася зробленае для людзей. У. Калеснік”. На магіле – помнік – шліфаваны граніт такога ж колеру з датамі жыцця.

Калі не стала Уладзіміра Андрэевіча, многія былі ўпэўнены, што яго імем назавуць Брэсцкі універсітэт, дзе ён працаваў з 1956 па 1994 год. Аднак атрымалася, як у нас заўсёды бывае: начальству відней. І універсітэту было вернута старое імя – А.С. Пушкіна, хоць Пушкін, пры ўсёй павазе да класіка, ніякага дачынення да Брэста не мае.

Сёння ў старым корпусе вышэйшай педагагічнай установы ёсць аўдыторыя № 315 – “Цэнтр Калесніка”. Усё тут звязана з яго імем: кнігі, фотаздымкі, перыядычныя выданні, альбомы, рукапісы, іншыя матэрыялы. Захавальніца і ахоўніца гэтага скарбу – Зося Міхайлаўна Калеснік, выкладчыца нямецкай мовы.

Шчырая на словы і пачуцці, інтэлігентная і далікатная, патрабавальная і добразычлівая, яна больш за ўсіх ведае пра чалавека, з якім звёў яе шчаслівы лёс у далёкім 1957 годзе.

Спыняючыся позіркам на багатай спадчыне, што пакінуў пасля сябе У.А. Калеснік, міжволі ўспамінаеш вельмі сціплую яго ацэнку сваёй працы: “Пра сябе як аўтар я магу хіба што сказаць – стараўся”.

Упэўненасць, што ішоў верным шляхам, не пакідала Настаўніка ўсё жыццё. Такім будзем памятаць яго – непараўнальнага знаўцу прыгожага і людскага, які пайшоў ад нас у несмяротнасць з глыбокай верай у перамогу дабра і хараства.

У. Калеснік трымае на руках Паўлінку Герасімюк. 2 снежня 1994 г.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія