БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

Міхась Стральцоў – паэт у прозе і паэзіі

Арнольд Макмілін, Лондан

Да 65–годдзя з дня нараджэння
Міхася Стральцова

Міхась Стральцоў набыў вядомасць у раннія 60-я гады, сцвердзіўшыся напачатку ў жанры прозы, крытыкі і пазней – у паэзіі. Ужо самыя першыя апавяданні Стральцова вылучаліся выключнай стылістычнай тонкасцю і псіхалагічнай субтыльнасцю, што дазваляла пісьменніку пазбягаць у творах прамых элементаў у трактоўцы такіх тэм, як адносіны між горадам і вёскай, звычаі вёскі ў жыцці маладых урбанізаваных сяльчан, адчужэнне маладых людзей ад родных традыцый і адначасова іх ідэалізацыя. Пры гэтым пісьменнік дасягаў сваёй мэты, выкарыстоўваючы найперш своеасаблівыя імпрэсія-ністычныя “акварэльныя” таны. Міхась Стральцоў быў адным з самых відных, уталентаваных беларускіх пісьменнікаў апошніх дзесяцігоддзяў савецкага часу. Выдатная спадчына лірычнага пісьменніка з моцным і глыбокім маральным інстынктам будзе жыць нават тады, калі апісаныя ім пакаленні і многія іх праблемы стануць мінулым.

Міхась Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Закончыўшы ў 1959 годзе аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, ён працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” (1959 – 1961, 1969 – 1972), часопісах “Полымя” (1961 – 1962), “Маладосць” (1962 – 1968), з 1984 года – загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса “Нёман”. Заўчасна памёр Міхась Стральцоў пасля цяжкай, працяглай хваробы 23 жніўня 1987 года.

Дэбют Стральцова-празаіка адбыўся ў 1957 годзе, калі на старонках часопіса “Маладосць” было надрукавана апавяданне “Дома”. Праз пяць гадоў пабачыў свет першы зборнік яго апавяданняў – “Блакітны вецер”. Пазней выходзяць кнігі прозы Стральцова “Сена на асфальце” (1966), “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970), “Падарожжа за горад” (1986), выбраныя творы “На ўспамін аб радасці” (1974), “Выбранае” (1987). М. Стральцоў з’яўляецца таксама аўтарам чатырох зборнікаў вершаў: “Ядлоўцавы куст” (1973), “Цень ад вясла” (1979), “Яшчэ і заўтра” (1983), “Мой свеце ясны” (1986). За апошнюю кнігу паэзіі яму была пасмяротна прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы (1988). Большасць крытычна-літаратурных артыкулаў, што сведчаць пра глыбокую эстэтычна-этычную праніклівасць пісьменніка, сабраны ў кнігах “Жыццё ў слове” (1965), “Загадка Багдановіча” (1968), “У полі зроку” (1976), “Пячатка майстра” (1986). М. Стральцоў пераклаў на беларускую мову раман Чынгіза Айтматава “Буранны паўстанак” (1987), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў.

Першы зборнік пісьменніка “Блакітны вецер” не быў абмінуты ўвагай крытыкі[1]. У прыватнасці, асабліва адзначалася апавяданне “Перад дарогай”, якое з’яўляецца цудоўным прыкладам бессюжэтнай нарацыі, напоўненай пры тым багатым унутраным зместам. У гэтым творы паказана трое гараджан-грыбнікоў, якія чакаюць, калі пяройдзе дождж, каб вярнуцца ў горад. Пакуль яны гавораць між сабой, разважаюць, мы назіраем за імі пад вуглом розных, непрыкметна пераменлівых перспектыў; дыялог падаецца празаічна рэалістычна, у той час як думкі персанажаў, паралельныя яму, раскрываюць няпростыя і цалкам розныя светаадчуванні. Асноўная апавядальная перспектыва – свядомасць Сямёна Захаравіча, які між іншым разважае аб тым, як з часам ён навучыўся ў цяжкіх абставінах ладна жыць з жонкаю: “... навучыўся трымацца наводдаль ад той мяжы, за якою каса, як кажуць, звычайна находзіць на камень”*. Усё часцей унутрана ён вяртаецца ў сваю ваенную маладосць. Паралельна і ягоная жонка ўспамінае цяжкі час вайны і свой горкі вопыт гараджанкі, змушанай, каб уратаваць дзяцей, стаць сялянкаю і спраўляцца з нязвыклай, непасільнай працай, пакуль яе муж быў на фронце. Саўчанку, маладому чалавеку, неперажытая ім вайна падаецца не зусім рэальнай, а “нечым і незвычайным і цікавым, як прыгодніцкі раман” (73). Сямён Захаравіч адчувае, што ён пражыў два жыцці, адно з якіх прайшло на вайне. У ягонай памяці паўстае ўспамін аб цудоўнай ціхамірнасці мора і акаляючага пейзажу ў час жорсткіх баёў пад Севастопалем – пісьменніцкі прыём, блізкі да таго, як апісваў вайну Л.М. Талстой у “Севастопальскіх апавяданнях”. Хоць канец апавядання даволі панылы, аднак у ім гучыць характэрная для Стральцова паэтычнасць: “Сямён Захаравіч круціў баранку, і яму думалася пра вайну...

Машына ішла ў горад.

У кузаве, пад брызентам, сядзеў, скурчыўшыся, рабочы аўтабазы Саўчанка. Было холадна, і яму хутчэй хацелася трапіць дамоў, у цёплую кватэру, да маладой жонкі. А жонка Сямёна Захаравіча драмала ў кабінцы, схіліўшыся галавой на плячо, і ёй увесь час мроіліся грыбы, грыбы, грыбы...” (75).

Варта пагадзіцца з Вячаславам Івашчанкам, што, нягледзячы на адсутнасць прамога дзеяння і драмы, гэтае ранняе апавяданне М. Стральцова з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам, адным з лепшых прыкладаў жанру кароткай прозы ў беларускай літаратуры[3].

Аднак М. Стральцоў канчаткова сцвердзіўся і прыцягнуў пільную ўвагу крытыкаў сваім наступным зборнікам, удала названым “Сена на асфальце”. У гэтай кнізе навідавоку яго мастацкае майстэрства – паэтычнага, тонкага і псіхалагічна праніклівага пісьменніка. Пры характэрнай для М. Стральцова адсутнасці актыўных сюжэтных элементаў гэтыя творы багатыя зместам. Цэнтральную ролю ў іх адыгрывае музыка слоў, паспяхова працуючы на гарманічную форму, настраёвасць і тонка нюансіраваныя паўтоны аповяду. У большасці выпадкаў апавяданні пабудаваны менавіта на ўнутраных калізіях і кантрастах: між гарадскім і вясковым жыццём, між маладосцю і старасцю, між культурай і хамствам. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на тонкую меланхолію некаторых апавяданняў, ва ўсёй прозе Стральцова высвечваецца аптымістычнае прадчуванне, што нейкім чынам дабро выжывае ў трагічным, блізкім да расчаравання свеце.

Арыгінальна структурыраванае загалоўкавае апавяданне гэтага другога зборніка М. Стральцова “Сена на асфальце” было напісана ў 1963 годзе. Яго назва выразна нагадвае пра нялёгкія адносіны паміж двума светамі – горадам і вёскай, а таксама пра цяжкасці тых, чыё жыццё спазнала карэнныя змены пры перасяленні з аднаго асяроддзя ў другое. У аповядзе Стральцова, аднак, няма таго асуджальнага тону, з якім мы сустракаемся ў апавяданнях другога пісьменніка, зацікаўленага падобнымі тэмамі – Сакрата Яновіча, з яго вядомай формулай “хам на паркеце”. Стральцоў карыстаецца наратарскімі галасамі, якія тонка ўзнаўляюць партрэты персанажаў з іх унутранымі думкамі і знешнімі клопатамі. Галоўны апавядальнік выяўляе дыхатамію горада і вёскі наступнымі словамі: “Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка” (106). У канцы апавядання ён заўважае жмуток падсохлага сена на тратуары, які ўсё яшчэ пахне лугамі і летам: “Сена на асфальце, – падумаў я, – сена на асфальце...”

Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.

“Сена на асфальце, – узрадавана думаў я. – Вёска ў горадзе...” (111).

Вельмі цікавая кампазіцыя апавядання. Яно пачынаецца лірычным лістом наратару ад яго даўняй сяброўкі Лены. Такі падыход да тэмы здалёк – прыём, характэрны для Стральцова. Пісьменнік вельмі паступова і ўскоснымі штрыхамі пачынае вымалёўваць некалькі рамантычны, сціплы, далёкі ад самаўпэўненасці характар і воблік Віктара. Сама Лена надалей не бярэ голасу ў творы, але з яе дапамогай чытач атрымлівае першае ўражанне аб характары героя. Структура апавядання складаецца з трох лістоў у дадатак да прамога аповяду і цалкам падпарадкаваная жаданню аўтара паступова раскрыць сузіральны свет героя і яго спробы самаспасціжэння. Пасля першага ліста аповяд Віктара працягваецца ў тоне лірычных, зусім асабістых успамінаў. Гэта цалкам тыпова для тонкага майстра слова, які спалучае ліст з аповядам героя так умела, што чытач амаль не заўважае незвычайнай формы апавядання. У другой частцы апавядання дзядзька Ігнат угаворвае Віктара дапамагчы яму касіць траву ў адным з гарадскіх сквераў. У тон гэтаму настальгічнаму занятку другі ліст Віктара сябру пачынаецца словамі: “Дружа, сёння ў мяне лірычны настрой” (102) і працягваецца ўспамінамі ваеннага дзяцінства, юнацкага чытання, надзей і перакананняў. У гэтых рэмінісцэнцыях відавочна выяўляецца пэўны аўтабіяграфічны элемент у прозе Стральцова – яго ўласныя раннія ўспаміны звязаны не толькі з вясковым ладам жыцця, але менавіта з крайне суровымі ўмовамі дзяцінства ў ваенны і пасляваенны час. Асабліва кранальна гучыць у гэтым кантэксце прапанова Віктара сябру змірыцца з лёсам бацькі: “Але твой бацька не загінуў, ён вярнуўся: памятаеш, ты саромеўся казаць мне, што ён быў у палоне. Ты не мог дараваць яму гэта, і, навошта таіць, не мог дараваць і я.

Давай жа цяпер, дружа, паклонімся невядомай магіле майго бацькі, і камень той, кінуты на пакутную дарогу бацькі твайго, давай падбяром таксама. Ні мой, ні твой бацька не вінаватыя перад часам і перад вайной...” (103).

Хоць другі эпізод аповяду называецца “Заўтра футбол”, складаецца ён галоўным чынам з думак Віктара аб Лене і дзядзьку Ігнату, заканчваючыся стылістычным прыёмам, вельмі характэрным для Стральцова: “Я засынаў, і мне ўсё мроілася; сінія маланкі, дзядзька Ігнат, заўтрашняя наша касьба. І яшчэ: Лена, Лена, Лена. Футбол, футбол, футбол...” (107).

Трэці з лістоў піша сябрам у родныя мясціны дзядзька Ігнат. Ён выказвае надзею, што зможа знайсці працу лесніка і вярнуцца ў вёску, бо не ўдалося яму прыстасавацца да гарадскога жыцця і марыць ён аб вяртанні да сваіх каранёў. Успаміны пра жыццё ў вёсцы гучаць таксама ў пачатку апошняга раздзела “Пара касавіцы”, калі Віктар з дзядзькам Ігнатам выпраўляюцца ў дарогу а чацвётрай гадзіне раніцы і Віктар узгадвае: “Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, пастух выганяў наранкі кароў” (108). Усю гэтую разнастайнасць тэматыкі і стылістыкі звязваюць цалкам паэтычны аповяд і псіхалагічнае адзінства персанажаў з іх пастаяннымі ўспамінамі, развагамі і глыбока асабістым усведамленнем першаснасці свету прыроды.

Другое апавяданне, напісанае крыху пазней, “Госць” (1965), таксама раскрывае праблемы людзей, якія знаходзяцца ў стане нерашучасці, у пераходны перыяд паміж сваім мінулым і будучым. Галоўны яго герой Пятро Шыбека, вясковы юнак, накіроўваецца ў горад, каб паступіць у Інстытут, але замест вучобы ён уладкоўваецца на працу. Ды пасварыўшыся з начальствам, Пятро звальняецца і нават не задумваючыся над тым, што можа знайсці сабе новае месца, адразу адпраўляецца ў родную вёску, не разважаючы, чым жа ён там будзе займацца. Вяскоўцы, уключна з ягонай маці, глядзяць на яго, як на госця. І калі Пятро гаварыў, што вярнуўся назаўсёды, “усе чамусьці ўсміхаліся на гэта, як на дасціпны жарт”6. Раптам выяўляецца, што аднойчы пакінуўшы вёску, губляеш дарогу назад.

Зусім адрознае ад гэтых лірычна тужлівых карцін разрыву паміж горадам і вёскай апавяданне “Свет Іванавіч, былы донжуан” – можна падумаць, “аўтапартрэт” неспакойнага, ужо крыху ва ўзросце чалавека. Апісаны яго адносіны з акаляючым светам, асабліва з маладзейшым пакаленнем, а таксама з жанчынамі, якіх ён кахаў. Не зусім лірычны, а хутчэй празаічны тон аповяду ўстанаўліваецца з самага пачатку: “У тэлефоннай будцы былі двое, і я ненавідзеў іх” (144). Пазней герой уступае спачатку ў дыскусію, а пасля ў ярую сварку з хамскім таксістам. Адной са станоўчых якасцей героя-наратара з’яўляецца яго іронія, скіраваная не толькі на акаляючых, але і на самога сябе, хоць такое самаўсведамленне (“Мне трэба, вельмі трэба вучыцца цярплівасці” (149)) не надта памагае яму ў жыцці. З аднаго боку, прывабная яго мяккасць у размове з хлопчыкам, які выпадкова набраў яго тэлефонны нумар, з другога боку, ён гатовы траўміраваць сваю былую каханую Эму, разважаючы аб тым, ці варта расказваць ёй аб Ларысе, сваім апошнім захапленні. Эма з лёгкай горыччу, намякаючы на ягоную зменлівасць, заўважае яму ў адказ на яго прызнанне, што мужчыны ягонага ўзросту звычайна ўжо жанатыя. Пакуль яна гаворыць, герой разважае над тым, што, магчыма, яго ўласная халоднасць да Эмы з’яўляецца як бы адлюстраваннем адносін Ларысы да яго самога. Несумненна, хоць пачуццё шкадавання да сябе і экзістэнцыяльнае адчужэнне героя тут менш рамантычныя і напружаныя, некаторыя яго думкі і ўчынкі нагадваюць лермантаўскага Пячорына. Пры тым, што герой Стральцова толькі часткова ўсведамляе сваю разбуральную сілу. Аднак напрыканцы размовы, раячы ёй памяняць кватэру, ён заўважае яе бедную, кепска пашытую сукенку і адчувае падсвядомае пачуццё жалю да яе: “Навошта я прыйшоў сёння да яе? Адкуль мне было ведаць, што нешта перамянілася, надламілася ў ёй, што не мне ад яе, а ёй ад мяне па-сапраўднаму трэба было б чакаць палёгкі? А што сказаў я ёй? Кінуўся ў нейкія чуллівыя разважанні – каму ад гэтага лепш? Ёй не трэба гэтага. Яна жанчына, яна прывыкла і адчуваць, і думаць канкрэтна. Сёння я не памочнік ёй. Сёння я вельмі сабой заняты. Мне трэба яшчэ прыйсці да яе. Урэшце, гэта добра, што я сёння прыйшоў. Я падумаю. Мне трэба прыйсці яшчэ” (165).

Гэты эскіз мужчынскай самасвядомасці, што трапіла ў крызіс, адрозніваецца ад большасці характараў у творах Стральцова сваёй адноснай адсутнасцю у ім паэтычнасці. Калі заблытаны галоўны персанаж узгадвае сваю маладосць, ён думае не пра спакой вясковых пейзажаў, а пра перыяд, калі ён быў гэткім жа “малакасосам”, як тыя, кім ён цяпер акружаны. Калі ж у канцы апавядання Ларыса (сама акружаная “малакасосамі”) выказвае яму адабрэнне, даючы новую надзею, ён адчувае як “па-дзіцячы, па-дурному разгублены і шчаслівы” (172).

Да тэмы дзяцінства пісьменнік звяртаецца ў двух выдатных творах. Першы з іх, “На чацвёртым годзе вайны” (1964) сведчыць пра асаблівыя магчымасці Стральцова як дзіцячага псіхолага, а таксама пра яго ўменне стварыць змешаны настрой пафасу і паэзіі з дапамогай тонкага недагаворвання. Перспектыва таго, што адбываецца, хоць і не сам аповяд, належыць хлопчыку, які жыве з мамай і бабуляй у суровых умовах і яшчэ не ведае, што яго бацька загінуў на вайне. Апавяданне пачынаецца простай канстатацыяй часу дзеяння і далей разгортваецца без дадатковага ўступу: “Было гэта на чацвёртым годзе вайны.

Бабуля – высахлая, з учарнелым ад работы і старасці тварам – адсцябала матузамі малога ўнука за тое, што паабшчыпаў, не дачакаўшыся вячэры, акрайчык ацеслівага, спечанага з бульбы і ячменных шароек хлеба” (125).

Хлопчык у страху і сораме збягае, хаваецца. Пасля таго, як яго знаходзяць і прабачаюць, бабуля і маці, ахопленыя тугою, горыччу аб загінуўшым сыне, мужу, не могуць стрымаць слёз. Хлопчык між тым з раскаяннем думае, што яны плачуць з-за ягонага свавольства. Гэтае непаразуменне надае апавяданню дадатковы пафас, які дазваляе пазбегнуць прамой сентыментальнасці і раскрывае сілу паэтычнасці і глыбокае аўтарскае пранікненне ў дзіцячае мысленне: “ – Не трэба, мама, не трэба... Напалохаем малога.

Яны стаялі, як ніколі блізкія адна адной, падтрымлівалі адна адну за плечы і ціха плакалі – ужо не столькі ад гора, колькі ад гэтай роднасці адна адной.

А малы, адчуўшы нешта нядобрае, калі пайшла ад яго маці, саскочыў з ложка і цяпер стаяў у дзвярах і спалохана, разгублена глядзеў на іх. Многа разоў ён плакаў сам і часцей ад крыўды на дарослых, але гэта было не так і страшна, бо тыя ж дарослыя пасля ўшчувалі яго і ўсё даравалі яму. І цяпер, калі перад ім плакалі бабуля і маці, яму здалося, што парушылася, разышлося, як вада, нешта зразумелае, звыклае, і яму чамусьці падумалася, што гэта ён вінаваты ва ўсім, і ўпершыню, можа, не столькі зразумеў, колькі адчуў ён, якая хісткая мяжа аддзяляе яго ад дарослых і што, зразумеўшы гэта, трэба браць на свае плечы недзіцячы цяжар.

І ён тады кінуўся да бабулі і маці, угаворваў іх, ушчуваў:

– Не плачце!.. Я не буду чапаць больш хлеба... Не плачце!.. Я не баюся Зміцеравага “паліцая”... Мама, гэта я так тады плакаў, а ты не плач...

...Было гэта на чацвёртым годзе вайны” (128-129).

“Адзін лапаць, адзін чунь” (1966) – другі буйны твор пра дзяцінства, дзеянне якога адбываецца ў суровыя пасляваенныя гады. Гэтая аповесць з’яўляецца адным з самых доўгіх твораў Стральцова і ў 1987 годзе пісьменнік выдзеліў яе ў асобны зборнік, куды ўвайшло таксама яго бліскучае эсэ пра Максіма Багдановіча. “Адзін лапаць, адзін чунь” – аповесць, пераказаная з пункту погляду сямігадовага хлопчыка Іванкі, які жыве пры аўдавеўшай азлобленай маці і добрым, уседаравальным дзядулі Міхалку. Апісваючы дзіцячыя пачуцці, Стральцоў умела пазбягае сентыментальнасці і фальшывых нот, дэманструючы сапраўднае майстэрства. Увагу чытача да аповяду аўтар прыцягвае характэрным спалучэннем лірычнага тону і пільнасцю да канкрэтных жыццёвых дэталяў і станаў, як, напрыклад, у апісанні дзіцячага пачуцця голаду:

“Ён запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць штокольвек знайсці на падман голаду: хоць крошку каржа ці хлеба, хоць пшанічнае ці жытняе зернетка. І хлебную крошку ён знайшоў, сухую і гаркавую, як паспытаў на зуб, і аж дзве пшанічыны на астачу: рассмакаваўся і захацелася больш” (190).

Ужо сама назва аповесці сведчыць аб бядацкіх умовах, у якіх выхоўваецца хлопчык: знасіўшы адну пару лапцей, ён вымушаны сядзець у хаце, пакуль не зробіцца ці не знойдзецца іншая пара абутку. Аднак галоўная тэма твора – не суровасць пасляваенных умоў, а праблема выхавання маладога пакалення. Асабліва важную ролю адыгрывае ў гэтым дзядуля Міхалка, які часта гутарыць з хлопчыкам і дае яму магчымасць адчуць неабходнасць чалавеку заставацца ў любых абставінах добрым і справядлівым. Глыбокі ўплыў дзядулі падкрэсліваецца ў восьмым з пятнаццаці раздзелаў, дзе ўжо дарослы Іван піша ліст сябру. Няхітрыя парады Міхалкі маглі б падацца залішне прымітыўнымі і відавочнымі, калі б ім не супрацьстаялі прыклады нізкіх паводзін з боку другога дзядулі, Трахіма, і аднакласніка Іванкі – Цяўліка. У час вайны Трахім пераважна быў заняты самазахаваннем, трымаючыся надалей ад месц баёў і абходжваючы немцаў, якім дастаўляў правіянт. Цяўлік кепска вучыцца і апраўдвае сваю варожасць да ведаў: “Цяўлік крычыць, што ён граматных гэтых, вучоных гэтых, каб яго права было, на край бы свету сагнаў: ведае, якія яны, – такія, як іхні былы настаўнік, што ў паліцаях служыў. Расстралялі, гада печанага, партызаны, ён і сам яго, каб далі, з паганай вінтоўкі забіў бы. А што яго не пераводзяць у пяты клас, дык такой бяды, – ён і сам, можа, не хоча: знайшлі дурня ў тым класе нямецкую мову вучыць. Няхай яму лепш язык адсохне, калі ён будзе вучыць яе, гергетаць, як фрыцы паганыя тыя. Яны бацьку забілі і хату спалілі, а ён будзе па-іхняму гергетаць! Кіне вясною школу і ў калгас конюхам пойдзе рабіць” (188).

Іванка ж глыбока ўспрымае добрыя словы свайго дзядулі Міхалкі, пра што сведчыць адзін з яго сноў, у якім ён просіць незнаёмага чалавека не крыўдзіць Цяўліка: “Не чапайце яго, не трэба яго чапаць! Ён дурны яшчэ, нічога не разумее. Яго ў пяты клас не перавялі, і таму ён злы” (194).

Варта яшчэ раз падкрэсліць, што аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь” выяўляе здольнасць тонкага пранікнення пісьменніка ў асаблівасці дзіцячага мыслення і дае памятную карціну пасляваеннага вясковага жыцця. Аповяд глыбока лірычны, асабліва ў сцэнах апісання прыроды, якая цесна звязана з жыццём і перажываннямі персанажаў. З характэрнай для пісьменніка арыгінальнасцю аповесць пачынаецца своеасаблівым вершам пад назваю “Замест уступу”, у якім гучыць маналог дарослага наратара, папярэднічаючы аповяду з дзіцячага пункту погляду:

ЗАМЕСТ УСТУПУ

Сон.
Сон.
Сон.
Ноччу, бязлюднай і цёмнай,
Іду па зямлі.
Вышэзны і лёгкі,
Пакалыхваюся ад тугі.
Галава прыгнута пад небам.
Я плачу.
Зоркі – слёзы мае.
Спяць гарады і вёскі,
Я над імі іду.
Высокі, пахілы і лёгкі,
Пакалыхваюся ад тугі.
Шукаю шэрую вёску,
Вёску сваю.
Баюся:
Вышэзны і лёгкі,
Не прысяду там на парог,
Як самалёт рэактыўны не сядзе
На травяністым аэрадроме...
Я плачу.
Зоркі – слёзы мае .(182)

Перадапошні раздзел аповесці складаецца з маналога ў напаўверсіфікаванай форме, у той час, як апошні пачынаецца ўжо знаёмым прыёмам тройчы паўторанага слова: “Ноч, ноч, ноч” (221).

Нельга абмінуць увагай апошні прыклад прозы М. Стральцова, за якім адбыўся беспаваротны яго пераход ад прозы да паэзіі. “Смаленне вепрука” (1973) – складаны і захапляльны твор, для апісання апавядальнай стратэгіі якога крытыкі не раз ужывалі такія эпітэты, як “хітры” і “падманлівы”. Нягледзячы на відавочнасць сюжэту, унутранае апавяданне мае мала агульнага з нарыхтоўкай мяса, як, напрыклад, у вершы Максіма Танка “Смаленне кабана” (1961). Сябар Стральцова, рускамоўная паэтэса і крытык Любоў Турбіна ахарактарызавала гэтае апавяданне, як “прарыў у постмадэрнізм”[10].

Апавядальнік пачынае з прызнання, што яму заўсёды хацелася апісаць смаленне вепрука; потым ён падрабязна апісвае тую частку горада, адкуль ён прыехаў у вёску, пераходзячы да апісання яе ў адзін пэўны час і дзень: “тою парою, калі ў вёсках свяжуюць вепрукоў”. Гэты сказ становіцца рэфрэнам апавядання. Як звычайна ў Стральцова, лірычнае апісанне вясковага жыцця разнастаіцца тонкімі і адчувальнымі слыхавымі і зрокавымі падрабязнасцямі. Гэтая паэтычнасць бачыцца рэзкім кантрастам з заяваю апавядальніка аб тым, што папярэдняе апісанне – толькі неабходны фон для паказу смалення вепрука, якое належыла “загнаць у падтэкст” (курсіў Стральцова; 174). Чытач, знаходзячыся яшчэ пад уражаннем прыгажосці ўступнай часткі, сутыкаецца са страшэнным апісаннем болю гаспадароў, які перадаецца вепруку, болю, што суправаджае забойства жывёлы, падобнае на рытуальнае ахвярапрынашэнне. Затым дзеянне апавядання пераносіцца ў горад, дзе вобраз маленькай птушкі раскрывае герою безабароннасць чалавека ў бязбожным свеце, дзе любоў, нават да маці, аказваецца неадэкватнай і непатрэбнай: даецца апісанне сну апавядальніка, у якім ягоная маці акружана ўсімі рытуальнымі інструментамі для смалення вепрука. Твор заканчваецца фактам атрымання раніцою сумнай тэлеграмы з вёскі.

Гэтаму складанаму апавяданню, у якім апісваюцца нараджэнне і працэс пісання прозы, уласціва так характэрная для Стральцова шматпланавасць. Яно адрозніваецца ад больш ранніх апавяданняў тым, што тут у складанай і часта забаўнай гульні пераплятаюцца, узаемадзейнічаюць дзве галоўныя тэмы, напоўненыя страсцю, маральным і душэўным болем. “Смаленне вепрука” ў нейкай ступені раскрывае аўтарскую незадаволенасць магчымасцямі празаічных жанраў. Варта яшчэ раз падкрэсліць, што ўся проза Стральцова, уключна з крытычнымі артыкуламі, вылучаецца стылістычнай вытанчанасцю і лірычнай паэтычнасцю. Як ні парадаксальна, у яго паэзіі, жанры, да якога Стральцоў звярнуўся пазней, сустракаецца шмат наўмысных празаізмаў, але лірычны герой у вершах Стральцова-паэта застаецца ранейшым: тонка адчувальным і маральна патрабавальным.

Першы зборнік паэзіі Міхася Стральцова “Ядлоўцавы куст” не выклікаў у крытыкі вялікага энтузіязму. Алесь Адамовіч, напрыклад, выказаў меркаванне, што проза ўвогуле важней за паэзію і пры гэтым, у прыватнасці, мелася на ўвазе творчасць Стральцова1. На думку Барыса Бур’яна, няшмат вершаў першага зборніка Стральцова вартыя высокай адзнакі, наадварот, дастаткова у ім тэкстаў няясных і павярхоўных[2]. Тым не менш, нікога не здзівіла, што выдатны празаік перайшоў да паэзіі, асабліва пасля відавочнага “крызісу” (вызначэнне Стральцова, працытаванае А Адамовічам).

Адзін з ранніх вершаў Стральцова – “Месяц люты” – вылучаецца асаблівай меладычнасцю, раскрывае паэтычны талент пісьменніка. Ён заканчваецца словамі:

Мяцеліца пасцелецца
Ад рання да цямна.
Апоўначы насмеліцца
Адліга –
Месяц крыгай
Да самага відна.
А зорка – во свавольніца! –
Пад раніцу расколецца
Аб шыбіну акна.

– Скажыце! Навіна!

Кажыце не кажыце,
Ідзе вясна!*

Многія вершы са зборніка “Ядлоўцавы куст” адлюстроўваюць асобныя моманты і мімалётныя ўражанні, часта пакідаючы дакладны сэнс твора няясным, што зусім не характэрна для прозы Стральцова. Прыкладам некаторай павярхоўнасці, незавершанасці ранніх вершаў з’яўляецца “Эпіграф”, дзе сустракаецца празаічная, эліптычная форма, як і ў многіх іншых ранніх вершах Стральцова. Хоць ягоная проза вылучаецца паэтычнасцю, апошні радок гэтага верша празаічны “падтаквае” тэме дабрыні і маральнасці, увасобленых у дзядулі Міхалку з аповесці “Адзін лапаць, адзін чунь”:

ЭПІГРАФ

Я хачу напісаць радок,
толькі адзін радок,
які наіўны паэт
з галавой, кучаравай, як воблака,
мог бы ўзяць за эпіграф.

Напішу хоць бы так:
“Я аднойчы бачыў кепскага чалавека”. (340)

Гэты верш некалькі менш стандартны, чым большасць вершаў Стральцова, якія звычайна ўтрымліваюцца ў межах умоўна сілабатанічнага верша і традыцыйнай рыфмаванай схемы. Іншымі словамі, трэба прызнаць, што ў гэтых вершах Стральцова няма таго наватарства, якім адзначана ягоная проза.

У вершы “Мне звышнадзённай тэмы не падняць...” са зборніка “Цень ад вясла” Стральцоў, пэўна, дэкларуе сваё паэтычнае крэда, услаўляючы прастату самавыяўлення, і саркастычна заўважае аб прэтэнцыёзных модах у літаратуры:

Мне звышнадзённай тэмы не падняць,
Як не пазбыцца і лірычных трантаў.
Як барытону можна заспяваць
Напружана-задзірыстым дыскантам?

Каб так зрабіў, каб гэтакі наіў
Мяне забавіў на сцяжынку моды,
Дальбог, павыміралі б салаўі
На ўчастку мне адведзенай прыроды.

Мне б так сказаць: “Я здолеў заручыць
Сябе з уласнай думкай, і свой голас
Птушынай песняй здолеў надтачыць, –
Сабраў расу, якою ўмыўся колас”. (381)

Верш з таго ж зборніка “Бяда знянацку налучыла...” выразна ілюструе лёгкасць, з якой Стральцоў пераходзіць ад узвышаных абстракцый да празаічнай канцоўкі:

Бяда знянацку налучыла,
Знянацку шчасце абышло...
Жыццё мо кпіла, мо вучыла,
Мо раўнадушнае было.

Патроху болькі адбалелі,
І духам быццам не ачах,
Хоць доўга будні і нядзелі
Адною фарбай пазначаў.

Не пакарыўся скрусе ніцай,
Ды не забыўся з тых часоў
Абрыў адразу столькі ніцяў,
Званкоў, размоў і галасоў.

Ды аблачынкі, ды хмурынкі
З чала ўжо болей не сплылі...
Ды на аўтобусным прыпынку
Даўжэй ён курыць, чым калі .(404)

Многія з вершаў М. Стральцова склалі яго апошні прыжыццёвы зборнік “Мой свеце ясны”. Гэты томік выдадзены з вялікім мастацкім чуццём і густам на незвычайна якаснай сіняй паперы і з каляровымі ілюстрацыямі ў фальклорным стылю. Лірыка ахоплівае шырокі дыяпазон тэм: некаторыя з іх ужо знаёмыя чытачу па больш ранніх творах паэзіі і прозы, іншыя выглядаюць свежымі водгукамі на сітуацыі, думкі і адкрыцці. Уражвае тут разнастайнасць формы і стылю вершаў.

У вершы “Пабудзі мяне рана-раненька...” пануе іранічная і наравістая атмасфера: лірычны герой, мабыць, пакідае сваю не асабліва каханую жанчыну. Ад’езд,, які мусіць даць ёй нядоўгую перадышку, цесна звязаны з тэмай вяртання да прыроды, нязменнай у творчасці Стральцова:

Пабудзі мяне рана-раненька,
Прыбяры мяне ты старанненька.
З дому выйду я – паўзіраюся,
З наваколлейкам развітаюся.
Не туды пайду, дзе хвашчак расце,
А туды пайду, дзе чабор цвіце.
Шумам-яварам, цвет-калінаю
Мне дарожанька сакаліная.
Стрэчу шчасцейка – не кляні мяне.
Стрэчу горайка – не заві мяне.
Бо жылі з табой мы ў кляцьбе-журбе.
Мне дарожанька – адпачын табе. (423).

Сярод многіх адлюстраванняў і метамарфоз, якія сустракаюцца ў прозе Стральцова, цікава ўспомніць трансфармацыю ўзгадваемай тэлефоннай будкі з апавядання “Свет Іванавіч, былы донжуан”, што зноў узнікла ў адным з самых удалых прыкладаў лірыкі Стральцова аб прыродзе – “Пад шоргат кропель дажджавых...” Тая будка, што ў апавяданні была цэнтрам агрэсіі і крыўды, у вершы становіцца ціхім прыстанкам, дзе герой маральна арыентуецца ў раней блізкім, а цяпер чужым яму горадзе:

Пад шоргат кропель дажджавых
Ён з тэлефоннай будкі бачыў,
Як па галінах верхавых
Зялёны вецер пругка скача.

Ён наглядаў. Ён не спяшаў.
Нішто пагляд не абражала.
Як бы лячылася душа,
Яе як быццам суцяшала,

Што вецер згоды не пытаў –
Шалеў над горадам – і, ніцы,
Ужо на вулках шкуматаў
Плашчы, кашулі і спадніцы.

І ў гэтай будцы пад дажджом,
У нейкай роспачы вялікай,
Сябе за даўнім рубяжом
Убачыў ён – і не паклікаў.

Не мог. А мо не захацеў.
Не абазваўся нейкім знакам.
А той у дзіўнай віднаце
Ці то ўсміхаўся, ці то плакаў...

І ў гэтым горадзе чужым,
Які ягоным быў калісьці,
Ішлі інакшыя дажджы,
Іначай трапятала лісце. (431)

У некаторых вершах, як, напрыклад, “За вёскаю на адзіноце...”, аўтар іранічна намякае на сваю абвостраную адчувальнасць і самааналіз, выказваючы элегічнае жаданне пагрэцца “Ля ўласнай цёплае душы” (432).

У вершы “Лявоніха” паэт выкарыстоўвае рэфрэн аб вяртанні ў вёску ў сваім уяўленні: “Так вяла мяне, прывяла // Мая дачушка да сяла”. Але атмасфера гэтага сяла далёкая ад ідылічнага спакою, паказанага, напрыклад, у такім вытанчаным вершы, як “Хто гадаваўся ў цішы дрэў”. У “Лявонісе” карціна вясковага жыцця падаецца ў гумарыстычнай, парадыйнай форме, не тыповай для паэзіі Стральцова ў цэлым:

У хаце дзеванькі не кудзель прадуць –
У хаце дзеванькі карагод вядуць.
Бо ў той хаце шум,
Шум вялізарны,
Шум вялізарны –
Тэлевізарны.
Гаспадар Лявон за сталом сядзіць,
Гаспадар Лявон на экран глядзіць .(411)

Значна часцей у вершах, як і ў большасці сваіх празаічных твораў, Стральцоў імкнецца менавіта апяваць вясковае жыццё, пры тым не толькі захапляючыся прыгажосцю прыроды, але ўводзячы ў вершы падрабязнае апісанне вясковых прылад працы, звычаяў, традыцый. Як у “Бацькаўшчыне” або ў асабліва прыгожым вершы “Вяртанне” паэт, наведаўшы вёску пасля доўгай адсутнасці, захапляецца колерамі і гукамі прыроды. Ды толькі зрэдку знаходзім мы ў Стральцова простыя апісанні прыроды: для яго пейзаж – не толькі месца прыгажосці і сумленнай працы, але і месца, што знаходзіцца пад пагрозай разбурэння з-за чалавечай бяздумнасці і бязлабернасці.

Многія вершы Стральцова пра прыроду можна было б вызначыць як філасофскія, хоць гэта не дэкларуецца напрамую ні формай, ні стылем гэтых твораў. Паэт перадае свае ідэі з мяккай ненавязлівасцю, і ў выніку чытач адгукаецца на іх не інтэлектуальна, але хутчэй падсвядома, пачуццямі. Да вершаў такога кшталту ў разглядаемым томіку належаць наступныя: “Снег пры сонцы”, “Халодны дождж – не даспадобы вільгаць”, “Снег асядае. І заспаны лес...” і “Гэтым дрэвам вясёла шумець!”.

Ужо гаварылася пра асаблівую індывідуальнасць, часам нават аўтабіяграфічнасць прозы Міхася Стральцова. Некаторыя яго вершы таксама нагадваюць урыўкі з аўтарскага дзённіка, поўныя разваг пра творчасць, ацэнак і асэнсавання свайго жыццёвага вопыту: “Пра што пісаць, і як пісаць, і дзе?..”, “Бывае ўсё-такі зайздросна...”, “Сон”, “Пара асвойтаць і прагрэс...” і “Прыехаў сябра”.

Паэтычны дар Міхася Стральцова несумненны і нельга пагадзіцца са сцверджаннем А. Адамовіча, што проза Стральцова важней ягонай паэзіі. Аднак варта адзначыць, што на працягу ХХ стагоддзя беларуская літаратура была багацейшай на паэзію, чым на кароткую прозу. І з гэтага пункту гледжання псіхалагічна глыбокія апавяданні Стральцова – асабліва каштоўны ўнёсак у агульную літаратурную традыцыю. Безумоўна, М. Стральцоў вылучаецца непазбыўнай лірычнай вытанчанасцю і маральнай дамінантай ва ўсіх сваіх творах. Адзін з самых светлых і музычных беларускіх пісьменнікаў савецкага перыяду, ён узвышаецца над дробязнасцю і маральным разлажэннем свайго часу, і з’яўляецца паходняй надзеі для многіх суродзічаў, глыбока заклапочаных лёсам сваёй радзімы (асабліва інтэлігенцыі). Яго найлюбімымі тэмамі былі адносіны мінулага і сучаснасці, свет горада і вёскі, абмаляваныя тонка нюансіраванымі, хутчэй “акварэльнымі” танамі, чым шырокімі мазкамі “алейнай” фарбы; ён асабліва глыбока ўваходзіў у мысленне дзяцей і падлеткаў. У творчасці М. Стральцоў – глыбока асабісты і суб’ектыўны, але адначасова ён быў надзвычай чуйны да пачуццяў тых, хто побач, і асноўную танальнасць яго твораў можна вызначыць як аптымістычную.

У тыя часы, калі Беларусь, як і ўвесь Савецкі Саюз, перажывала карэнныя перамены, якія мусілі пераўтварыць разам з іншымі бакамі жыцця літаратуру, заўчасная смерць Міхася Стральцова, які знаходзіўся ў росквіце творчых сіл, пазбавіла Беларусь незвычайна таленавітага і шматабяцаючага пісьменніка.



1. Адамовіч, Алесь, 1989. “Испытание словом (Неюбилейные заметки)”, Неман 2.
2. Бур’ян, Барыс, 1974. “Я хачу напісаць радок...”, Полымя 3.
3. Иващенко, Вячеслав, 1983. Круги надежды и добра (Мінск: Мастацкая літаратура).
4. Макмілін, Арнольд, 1998. “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура ХІХ ст.: Роднасць і ўплыў”, у: Наталля Давыдзенка (рэд.) Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры, Беларусіка Альбарутэніка (Мінск), 11.
5. Сідарук, Ігар, 2000. “Выкраданне вепрука”, Arche 1.
6. Стральцоў, Міхась, 1965. “Госць”, Полымя 6.
7. Стральцоў, Міхась, 1974. На ўспамін аб радасці (Мінск: Мастацкая літаратура).
8. Стральцоў, Міхась, 1986. Мой свеце ясны: Вершы (Мінск: Мастацкая літаратура).
9. Стральцоў, Міхась, 1987. Выбранае: Проза. Паэзія. Эсэ (Мінск: Мастацкая літаратура).
10. Турбина, Любовь, 1999. Будто кто-то стоит за его спиной...”, Першацвет 12.
11. Цыбук, Яўхім, 1962. “З адчуваннем прыгожага”, Полымя 12.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія