БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

У перакуленым свеце

Ала Петрушкевіч, Гродна

Надзвычай своеасабліва пачынае Змітрок Бядуля раман “Язэп Крушынскі”: “Злажы пальцы ў кружок, настаў перад вокам, як шкелка з акуляр і зірні”[1]. Ці толькі на беларускі краявід, намаляваны далей? А мо гэты зачын – падказка чытачу: каб разгадаць змест твора, трэба ўзброіцца дадатковым зрокам, згадаць, у якім часе ствараўся раман.

“Язэп Крушынскі” – адзін з самых складаных твораў З. Бядулі. Напісаны ў час, калі ў разгары быў жорсткі, знішчальны наступ на беларускую вёску, на сапраўдных гаспадароў зямлі, час адліку знішчэння непарушнага праз стагоддзі мацерыка – сялянства. Безумоўна, гэта быў ідэалагічны заказ: раскрыць варожую сутнасць кулакоў, падрыхтаваць грамадскую думку да выканання “адзіна мажлівага”, “справядлівага” прысуду – знішчэння варожых “працоўнаму” сялянству і рабочаму класу “эксплуататараў”.

Цікавыя сведчанні пра ўспрыняцце рамана ў тыя часы прыводзіць Франц Гінтаўт у сваёй кнізе “З картатэкі памяці”: “Спярша выказалі вялікае спачуванне аўтару, калі сустрэлі раман “Язэп Крушынскі”, бо ведалі, у якіх умовах яму давялося яго фантазіраваць. Прачытаўшы, жартавалі, адны называлі “Дапаможнікам для пошукаў ворагаў народа”, другія – “Забаўныя казкі пра ворагаў народа”, і яшчэ – “Казка пра вярбу, на якой растуць грушы”[2]. Сапраўды, аўтару давялося шмат фантазіраваць, каб “павыкрываць” мноства “ворагаў народа”, якімі так і " кішыць" твор.

І ўсё ж за гэтай фантастыкай, гратэскавасцю бачыцца нам і іншы бок твора – трагічны. Бо ўсё ж вярба, на якой раслі грушы, вырастала з зямлі, убірала ў сябе глыбокім карэннем яе боль, трагедыю тых, хто паліваў гэтую зямлю сваім потам. У рамане адлюстраваны складаны працэс раздваення чалавечай душы, які характэрны не толькі літаральна ўсім героям (Язэпу Крушынскаму, душа і ўчынкі якога разрываюцца нават не на дзве, а значна болей частак, менскай інтэлігенцыі, Мятлову-Шапавалаву, селяніну Хведару. Нават дзеці вымушаны жыць падвойным жыццём пад уплывам верніцы маці і бязбожніцы настаўніцы), але і самому аўтару. З аднаго боку – гэта далікатны, сумленны чалавек, які бачыць, разумее і ўсё ж імкнецца выкрыць згубную, антынародную бальшавіцкую палітыку ў адносінах да сялянства, інтэлігенцыі, дасканалы мастак слова, з другога – “савецкі” пісьменнік, які вымушаны “тварыць” у духу патрабаванняў да творчай інтэлігенцыі з боку партыі і ўрада. Чалавек, які разумеў рэальную небяспеку для сябе, колішняга нашаніўца, небяспеку смяротную (калі нават Купалу давялі да самагубства). Франц Гінтаўт называе раман “своеасаблівай індульгенцыяй, каб адчапіцца ад інквізітараў – “бэндаўцаў”, бо іх прычэпы былі даволі пагрозныя. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён быў носьбітам і выказнікам дробнабуржуазнай ідэалогіі, а ў часы рэвалюцыі нібы злучыўся з беларускім контррэвалюцыйным нацыяналізмам”[3].

Таму раман і атрымаўся гэткім двухпланавым. Як бы два розныя творы двух розных аўтараў умясціліся пад адной вокладкай. Бо выконваліся звышзадачы ў двух накірунках: з аднаго боку – асудзіць “злачынцу” Язэпа Крушынскага, высыпаўшы на яго галаву ўсе грушы, што выраслі на вярбе, паказаўшы ягоную схільнасць да ўсіх смяротных грахоў, з другога – праўдзіва намаляваць гэты складаны характар, ягоныя арганізатарскія здольнасці, магутную, мэтанакіраваную, вынослівую натуру. З аднаго боку – паказаць неабходнасць калектывізацыі сельскай гаспадаркі, бо існуе сапраўдная небяспека “шкоднай” палітыкі “прышчэпаўшчыны”, што напладзіла мноства “крушыншчыкаў”," ворагаў", з другога – згубнасць гэтай палітыкі. З аднаго боку – знішчыць, саслаць у ГУЛАГ “эксплуататара” Язэпа Крушынскага, розных “ілжэвучоных”, якія "немаведама чым займаюцца", з другога – пасадзіць у кіраўнічае крэсла недалёкага, некультурнага гультая – няўдаліцу Антося Драчыка, забіяку, галадранца, з ягонай дэфармаванай прагай шчырасці (чытай – дурасці) . Вось ужо гэты новы “гаспадар” “нагаспадарыць”, “накорміць” краіну!

А ці не разрываецца душа аўтара, калі ён піша пра смерць мястэчка – сваёй роднай калыскi? З аднаго боку – спрадвечная яўрэйская грамада, якая ўспрымае гэты ўжо відавочны працэс як трагедыю, як катастрофу, з другога – радасць тутэйшых камсамольцаў: “Памірае мястэчка! – даўно пара… Зробім тут вялікі калгас, фабрыку” (1, 295). Ці не прадбачанне гэта пра той “вялікі калгас”, у які ператворана ўся Беларусь?

Зрэшты, у тэксце твора ёсць сапраўдны ключ, каб разгадаць ягоны праўдзівы сэнс. Гэта філасофія “перакуленага свету”, укладзеная ў вусны старога, мудрага чалавека – каваля Лейбы: “Мы ўсе цяпер ходзім дагары нагамі” (2, 149). Таму, чытаючы твор, мы і павінны перастаўляць усё ў адваротным кірунку, з галавы на ногі, каб вылушчыць са шматлікага шалупіння тую натуральную садавіну, якую, пэўна ж, гадаваў аўтар.

Ужо самае першае – назва твора – падказвае нам: успрымаць вобраз галоўнага героя як цалкам адмоўны не выпадае. Згадаем: літаратурная традыцыя патрабуе не выносіць у назву твора імя адмоўнага персанажа. А як вядома, нават шматлікія папрокі крытыкі: імем кулака, ворага назваў твор – не прымусілі аўтара змяніць назву.

Хто ж ён – Язэп Крушынскі? Не селянін – аднадушна сцвярджаюць крытыкі. «Крушынскі — жулік і прайдзісвет. І ніякі не селянін, а тым болей не «культурны гаспадар». Адзін толькі раз бачым яго за работай у час касавіцы»[4]. Бо непасрэднай сялянскай працай не займаецца, не ведае яе. Але гэта не зусім так. У маленстве вырваны з сялянскага асяродку, ён усё ж вяртаецца на радзіму, заводзіць гаспадарку. “Крушынскі, ніколі не працаваўшы на сельскай гаспадарцы, за адно лета налаўчыўся працаваць не горш за суседзяў” (1, 41). Тое ж, што пазней ён не змог у час касьбы ісці поруч са звыклымі да гэтай працы з дзяцінства касцамі, зразумела: ён па сутнасці сваёй не выканаўца будзённай працы, ён – арганізатар. Вось як ён працуе: “Крушынскі хутка пабег на гумно. Яму трэба было ўсюды паспяваць: і на сенажаці, і на полі, і на гумне, і ў хаце” (1, 45). Калі ён будзе поплеч з касцамі касіць на лузе, хто ж дагледзіць астатнія справы? Як дбалы гаспадар, Крушынскі імкнецца механізаваць працу, марыць аб “фабрыках”, сам многае ўмее рабіць, напрыклад, сам чысціць ваўначоску. Праўдзівы майстар на ўсе рукі. Ён гэтак заняты, што не мае часу закончыць рамонт дому, прывесці ў належны стан стары сад – галоўны папрок агранома. (Вось ужо новыя “гаспадары” антоныдрачыкі “навядуць” тут “парадак”!).

Галоўны лозунг Крушынскага (што, бясспрэчна, павінна было выклікаць агіду ў савецкага чытача): “Кожны з нас павінен багацець, тады і дзяржава будзе багатая” (1, 215). Але ж гэта – самае страшнае для драчыкаў. Таму і крычыць Антон на сходзе, выступаючы супраць выхаду сялян на пасёлкі: “Гэта ж і беднякі такім чынам кулакамі зробяцца!” (2, 69). Крушынскі імкнецца давесці, што “тут няма ні багатых, ні бедных. А ёсць адзін працоўны люд”. Але больш здольнаму, увішнаму, таленавітаму, рупліваму і шанцуе болей.

Ён – працадаўца. Надзейны партнёр, гаспадар: “Крушынскі стараўся даваць усім заробкі, як і чым толькі мог” (1, 70). І хіба ягоныя развагі не маюць пад сабой грунту: “Па-ягонаму выходзіла, што беднякі – гэта тыя з сялян, якія не стараюцца, не дбаюць аб сабе, запушчаюць гаспадарку. Беднасць… цягне да гультайства, абібоцтва. Бядняк і апошнюю сваю капейку гатоў прапіць, не шануе яе. Чым больш грошай хто мае, тым больш дрыжыць над рублём. Трэба быць багатым, каб шанаваць грошы” (1, 70).

Шмат гаворыць аўтар пра “рэспубліку” Крушынскага, дзе ён ужо нямала часу тут – гаспадаром. Што дрэннага ў тым, што “за ўвесь час завірухі, розных акупацый, розных уладаў ён быў як бы апекуном Драздоў і Дзятлаў, іхнім адвакатам пры немцах, пры паляках” (1, 39). Калі б болей было гэткіх гаспадароў, то менш крыўдаў цярпеў бы няшчасны беларускі люд у тыя завірушныя часы.

У кожным кроку героя, у кожнай ягонай справе савецкі аўтар мусіць адлюстроўваць нейкі эгаістычны намер: купляе косы, каб пасля адпрацавалі, купляе газету, каб прачыталі артыкул пра яго. Як бы не мае права чалавек зрабіць нешта добрае, не падумаўшы пра сваю выгаду. Але ж лозунг Крушынскага: будзе добра ўсім вакол, будзе добра мне – гэта адлюстраванне цывілізаваных стасункаў між людзьмі.

Часта згадваюцца, ізноў жа – як адна з самых нядобрых справаў Крушынскага, тыя дзікія бойкі, што ён наладжвае раз у год. Віною – ён, быццам гэткія ж, але мо яшчэ больш дзікія бойкі не адбываюцца па-за межамі “рэспублікі”, у тых жа Гайдачанах, дзе героем іх найперш Антон Драчык. З.Бядуля вельмі падрабязна апавядае пра такую бойку, прысвячае ёй цэлы раздзел “На арэне бойкі”. Але калі ўважліва прыгледзецца, што адбываецца на гэтай арэне, то эпітэты “дзікія”, “страшныя” не зусім адпавядаюць таму, што мы ўгледзім. І найперш – ад таго дасцiпнага, іскрыстага гумару, у які ахутвае аўтар свой аповед.

Бойкі Драздоў і Дзятлаў – гэта своеасаблівае запаўненне пустэчы ў грамадскім жыцці, гэта спорт, канцэрты, што разнастаяць манатонны быт: “Без гэтага было б вельмі нудна, без гэтага жыццё застоілася б, як вада ў сажалцы”. Гэта з аўтарскага аповеду, які падкрэслівае, што бойкі гэтыя “называць … можна хіба мастацтвам для мастацтва – змаганне для самога змагання. Самы працэс бойкі хутчэй за ўсё служыў і мэтай. Гэта было як бы лазняй, у якой Дразды і Дзятлы парыліся, мыліся і мелі вялікую прыемнасць. Бойка асвяжала кроў, улівала бадзёрасць” (1, 69).

Разам з тым гэтыя “дзікія” бойкі праходзілі па пэўных, абавязковых правілах. Сяляне да канца не трацілі розуму, не пераставалі быць гаспадарамі: “сапраўднай” зброі – косаў – не ўжывалі: “Косамі, праўда, хутчэй можна было б вырашыць пытанне: “хто каго”, але кос шкода. Чаго добрага, ні за што ні пра што і каса на кавалачкі раздасца. А Дразды і Дзятлы гаспадары не абы-якія – шануюць сваё дабро” (1, 72).

У гэтым “тэатры” і “гледачы” маюцца – старыя дзяды. Яны ж – суддзі, кантралююць, каб не парушаліся “правілы”: “У вока не бі, сабачы сын! Выб’еш! У патыліцу не можна, разбойнік! Заб’еш!”

Крушынскі і сам загараецца гэтым відовішчам. Суддзя, арбітр, які старанна сочыць за двубоем асілкаў, ён да таго ж добры псіхолаг. Ведае, што людзям патрэбна выплюхнуць свае эмоцыі. Адбываецца тое ж, што і ў спорце, боксе. Хіба не выклікае захаплення здольнасць Крушынскага вяршыць суд: “Але ў гэтай “рэспубліцы” ўмеюць накіроўваць плынь у адваротны бок, адважваюцца выступіць супраць законаў прыроды: слабейшы застаецца правым.

Трэба ўмець быць моцным, каб аддаць у падарунак правату слабаму. Трэба ўмець заўважаць праз грубасці жыцця хараство дабраты і чуласці.

Крушынскі ўмее” (1, 80).

Колькі тут, нягледзячы ні на што, у гэтай аўтарскай характарыстыцы станоўчага пра гаспадара “рэспублікі”: адважны, моцны, бачыць хараство дабрыні…

Злосць, нянавісць, што з’яўляюцца ў часе бойкі, ураз знікаюць пры выглядзе распластанага цела асілка: “Чалавечы выгляд і чалавечае пачуццё зноў відаць у абліччах Драздоў і Дзятлаў. Няма ніводнага злоснага твару. З вачэй свеціцца дабрата, празмерная чуласць” (1, 79). Гэткі своеасаблівы “катарсіс” ад далучанасці да “высокага мастацтва”, “сапраўднай трагедыі”.

А ўрэшце, сцвярджае аўтар, усё гэта – людскія справы, калатнеча, ды і само будзённае чалавечае існаванне – усяго толькі марная марнасць у параўнанні з вечным і гэткім дасканалым жыццём: “Над лугам спяваюць птушкі, звіняць з нейкім захапленнем. Пахне трава. Толькі цяпер Дразды і Дзятлы гэта заўважылі”. Гэткае душэўнае прасвятленне, ачышчэнне, відушчасць – ці не цудоўны вынік “дзікай” бойкі?

Язэп Крушынкі “апекаваўся над сваімі рабочымі. Сам прымаў удзел у наладжванні іхняга сямейнага дабрабыту” (1, 47). Ці зможа, нават пры жаданні, новая ўлада ў асобе Антона Драчыка замяніць яго?

Імкненне Язэпа Крушынскага да славы, безумоўна, крытыкуецца. Бо і з гэтага ён хоча мець выгаду. Але ж гэта нармальнае чалавечае жаданне: добрая слава пра добрыя справы. І ўрэшце, “быццам станоўчы” герой рабфакавец Мікола Ярэмчык ці не гэтак жа той славы прагне: “Уявіў сабе, як на гэтым сходзе ён зробіцца на нейкі час цэнтрам увагі” (2, 14).

Самае няпростае ў існаванні героя – гэта пастаянная неабходнасць прыстасоўвацца, каб выжыць і жыць. Адсюль імкненне ўвесь час надзяваць “чырвоную пралетарскую шапачку”, бо пралетарскае паходжанне – адна з умоваў выжывання ў тым часе. Хіба гэткае прыстасавальніцтва – ягоная віна? Гэта хутчэй бяда, неабходнасць. Нават пакуты адзінокага дзіцяці ў чужых людзей аўтар вымушаны падаваць не як шчыры, кранальны ўспамін, якім гэта і ёсць, а як імкненне “прымазацца” да гэтага пралетарскага паходжання.

Бадай што самае суровае абвінавачванне ў адрас Крушынскага – кантрабандыст. У савецкага чалавека гэткае злачынства, безумоўна, павінна было выклікаць справядлівы гнеў і абурэнне. Але паглядзім, што ёсць кантрабандай. Грабеньчыкі, панчохі, карункі, гузікі, матэрыя. Што ж гэта за краіна такая, дзе звычайныя прадметы побыту трэба ўвозіць як кантрабанду?.. Калі гэтая ўлада не здольна напоўніць крамы такой драбязой, дык павінна адудзячыць разваротліваму, спрытнаму Крушынскаму за тое, што дапамагае павысіць дабрабыт людзей, стварыць яму нармальныя ўмовы для развіцця гандлю.

Безумоўна, тут на вярбе выраслі грушы. Забіты Рахмілька. Паводзіны Крушынскага ў гэтым эпізодзе – у вышэйшай ступені непрыстойныя. Як піша Франц Гінтаўт, “аўтар гвалтоўна прымусіў разумнага, разважлівага махляра Язэпа … пасылаць Рахмільку за мяжу, каб яго забілі (з 1925 года граніца была на моцным замку)”[5]. Выкрывае ў сваёй прамове “злачынствы” забітага Рахмількі. Але ж – “яму шкода гэтага маладога дзецюка, так балюча шкода, ажна нешта ў сэрцы шчаміць” (1, 279).

Крушынскі называе кантрабанду “праклятай” справай. Безумоўна, яна яму не па душы. Таму недарэмна ў развагах-зваротах да сябе не раз заклікае: “Кінь… свае гандлёвыя справы! Кінь! Глядзі, лепш будзе, калі адчэпішся ад гэтай смалы. Тады ўсе бакі твае будуць чыстыя” (1, 226). Ізноў жа – “гандлёвыя” справы. Бо насамрэч гэта і ёсць гандаль. І ён яму патрэбны з вельмі простай прычыны: на развіццё гаспадаркі патрэбны грошы. Створана была ўладай законная падтрымка гаспадароў крэдытамі, матэрыяламі? Безумоўна, усе гэтыя “буржуазныя штучкі” не для савецкага чалавека. Вось і выкручваецца Крушынскі як можа. Ягоныя развагі – гэта развагі разумнага гаспадара: “… Без грошай нічога ў цябе не выйдзе? Няўжо ж не ведаеш, што нават па-марксісцку эканоміка – усё на свеце? Няўжо ж я буду чакаць, пакуль мне хто дасць дапамогі…” (1, 227).

Важным момантам для характарыстыкі героя з’яўляюцца ягоныя адносіны да блізкіх людзей. Адносіны з бацькам, мякка кажучы, не склаліся. Але ці толькі віна Язэпа ў гэтым? Пасля смерці жонкі Сымон Чарнюк адвозіць сына ў горад да багатага брата. Хлопчык нават спрабуе ўцячы дахаты, але пагроза бацькі (уцячэш, дык кіну сабакам) падзейнічала, мусіў прывыкаць. Меў незайздросную долю беднага сваяка пры багатых: жыў адзінока ў каморцы, еў на кухні. І, безумоўна, гэта не магло выклікаць у душы хлопчыка любоў да бацькі.

Сымон Чарнюк (недарэмна ж – Чарнюк, і не столькі з-за таго, што ніколі не мыўся, колькі – меў чорную душу) увогуле выглядае маральнай пачварай. Памірае жонка. З-за таго, што не старгаваўся з ксяндзом наконт аплаты пахавання, крычыць: “Можаш, яловы сук у сутане, з’есці яе, можаш яе пакрышыць на каўбасы. Мне ўсё роўна” (2, 39). Пакінуў цела нябожчыцы і з’ехаў. І ўсё гэта – на вачах спалоханага Язэпкі.

Гэты вобраз – тып беларускага Габсека. Галоўнае – запасы на “чорны дзень”. Не дзеля дзіцяці, не дзеля яго будучага. Накапленне дзеля накаплення.

Язэп не трымае злосці на бацьку з-за мінулага. Калі стаў гаспадаром, спрэчкі з бацькам адбываюцца якраз з-за таго, што сын хоча яму дапамагчы, кліча да сябе, але “ўпарты стары … не хоча і думаць аб гэтым” (1, 45). Безумоўна, тут прымешваецца і імкненне, каб бацька сваёю варажбою не ганьбаваў ягонае імя. Што ж не задавальняе бацьку ў паводзінах сына? “Па-ягоным, сын павінен быў рабіць запасы на “чорны дзень”, а то ніякага толку няма” (1, 46).

Смерць бацькі – важны момант у абмалёўцы вобліку Язэпа. “Крушынскі не любіў бацькі, але нешта непрыемнае пранізала яго насквозь” (2, 36). Імкнучыся сцішыць сваю віну (усё ж памёр родны бацька, недагледжаны, адзінокі), ён гаворыць жонцы: “Жыў як самому хацелася, а што больш чалавеку трэба?” (2, 36). Гэта якраз тое галоўнае, чаго не меў ён, Язэп Крушынскі. Ён не меў той сапраўднай волі, што дала б яму магчымасць пазбавіцца заўсёднага клопату-страху, пазбыцца падвойнага жыцця.

Спадкі па бацьках заўсёды належаць дзецям. Язэп – адзіны сын. Таму асуджаць яго за тое, што забірае бацькава дабро, на якой падставе? Шукае грошы пад вопраткай мёртвага. У гэтым часе Язэп яшчэ не быў гэткім крахаборам. Гэта пазней аўтар зробіць яго такім. Тут іншае: “Грошы мне непатрэбны, але цікава, дзе яны і колькі іх. Я іх пушчу на хаўтуры” (2, 40).

Воблік маці ўвесь час уваскрасае ў памяці Крушынскага. Душа дзіцяці шчыра адгукалася на праявы дабрыні. Маці была адзіным чалавекам, хто шчыра любіў Язэпа. І ён плаціў ёй тым жа. Самым любімым прысмакам на ўсё жыццё засталіся сушаныя яблыкі, якімі маці ўпотайкі ад бацькі частавала сына. Гэтыя ўспаміны кранальныя, хвалюючыя, авеяны глыбокай сыноўняй пяшчотай:

“З-пад вэлюму сняжынак перад вачыма Крушынскага вырысоўваецца постаць кабеты… Яна журботная, пакрыўджаная, стомленая, хворая, непрыгожая. А вабіць да сябе, як надзвычайна прыгожая…

Вочы набліжаюцца, робяцца вялікімі, пазіраюць у самае сэрца. Блакітныя вочы з гарачым бляскам, ад якога робіцца цёпла, горача.

Толькі вочы бачыць ён – знаёмыя, родныя.

Вочы – гэта цэнтральныя кропкі, ад якіх разыходзяцца лёгкія, тонкія, як павуцінне, лініі-абрысы жанчыны. Яго родная маці!” (1, 218)

Ці мог гэты чалавек быць амаральным тыпам, захоўваючы ў сэрцы такую пяшчоту? Пры ўсёй сваёй жорсткасці, як бачым, Язэп Крушынскі – чалавек даволі сентыментальны, чуллівы, ягоная душа здольна адгукацца на добрае, прыгожае. А носьбітам прыгожага заўсёды была жанчына. Жанчыны, што сустракаліся герою на ягоным шляху, не ёсць катэгарычным сведчаннем ягонай разбэшчанасці. Ён захапляецца прыгажосцю, умее цаніць яе, стварыў цэлую філасофію аб “вялікай сіле прыгожай жанчыны”: “Прыгожая жанчына – сталёвы кручок, на які бярэцца самая тлустая рыба. Прыгожая жанчына за кулісамі трону кіруе дзяржавай. Прыгожая жанчына адыгрывае вялікую ролю ў справах любой краіны. Прыгожая жанчына ахутвае залатой павуцінай самых разумных людзей” (1, 97-98). Філасофія гэта абмалявана часам грубавата, недалікатна. Але ці не мае рацыі наш герой? Яго нельга назваць распусным спакуснікам, бо ў адносінах з жанчынай ён якраз і імкнецца задаволіць сваю прагу прыгожага: “Перад уяўленнем Язэпа Крушынскага праходзіла цэлая галерэя знаёмых дзяўчат, якія яму падабаліся. Некаторых, хоць яны былі для яго недаступнымі, ён кахаў. З іншымі меў прыязныя адносіны. З нямногімі былі ў яго самыя блізкія, самыя прыемныя хвіліны ў жыцці” (1, 96). Падкрэслім, з нямногімі. Пэўна, з тымі, хто адказваў яму ўзаемнасцю, бо інакш тыя “самыя блізкія” хвіліны не былі б “самымі прыемнымі”. Таму нельга пагадзіцца з наступным: «...Не цырымоніўся з многімі іншымі дзяўчатамі і жанчынамі. Разбэшчаны, амаральны тып»[6].

Язэп Крушынскі быў бязбожнікам. Гэта таксама – адна з умоваў выжывання ў тым часе. Таму хрысціянская мараль не магла быць перашкодай у адносінах з жанчынамі. Вернасці жонцы, каханне да якой ператварылася ў звычку, патрабаваць ад яго хто мае права? Гэта вельмі складанае пытанне. Хіба нехта назаве амаральным тыпам таго ж Сціву Аблонскага з рамана “Ганна Карэніна”, які наракае: “Жонка старэе, а ты – малады, поўны сілаў…” Тое ж і ў сям’і Крушынскіх.

Пані Ганна, у дзявоцтве мілая далікатная шляхцянка, што, пэўна, і прывабіла ў ёй Язэпа, у замустве сваім на адукаваную, культурную, прыгожую шляхцянку не выглядае. І ў гэтым яе і бяда, і віна. Яна непрыгожая (ці можа прыгожа выглядаць кабета ў неахайна завязанай хустцы, з-пад якой выбіваюцца пасмы недагледжаных валасоў?) не таму, што прырода пазбавіла яе вабнасці, а таму, што прыгажосць жанчыны ў многім залежыць ад яе ўласнай працы над сваёй знешнасцю. Пані Ганна, трымаючы кухарку, пакаёўку, безумоўна, магла б выглядаць зусім інакш. І павінна была б тое рабіць, маючы мужам гэткага эстэта, калі яна хацела зберагчы сям’ю. Яна ж яшчэ такая маладая! Усяго трыццаць з нечым гадоў. Неадукаваная, недасведчаная. Петрарка ў яе – “Пятрок”, варты жалю: “Каб я пачаставала яго салам з Курганішча, дык ён бы не вар’яцеў. Жартачкі, так многа пісаць! А божанька! Гэта ж проста страх бярэ!” (1, 64) Гэткія яе прычытанні мала чым адрозніваюцца ад нараканняў няграматнай сялянкі, жонкі “Льва Талстога” – Мірона Гарбочыка. Ці ж гэткай павінна быць гаспадыня Курганішча? Добрая маці, неблагая гаспадыня, ці імкнулася яна стаць добрай жонкай? У часе хваробы Язэпа амаль не падыходзіць да яго. Яна ігнаруе яго густы, яго схільнасці.

Безумоўна, гэтая жанчына, яе лёс выклікаюць шчырае спачуванне, шкадаванне. Стаўшы прычынай смерці жонкі, Язэп, бясспрэчна, не прадбачыў і ніколі не жадаў гэтага.

Сцэна, калі пані Ганна даведваецца пра цяжарнасць Стэфкі, вельмі непрыемная. Язэп імкнецца цывілізавана, наколькі гэта магчыма, вырашыць канфлікт: скасаваць шлюб, забяспечыўшы жонку матэрыяльна, ніколі не адмаўляецца ад дзяцей. Калі б ён сапраўды быў амаральным тыпам, то, згвалціўшы Стэфку, асабліва даведаўшыся пра яе цяжарнасць, выгнаў бы з хаты ці, у лепшым выпадку, адкупіўся б. Ён жа збіраецца ажаніцца з ёю. Самагубства жонкі было для яго страшэннай нечаканасцю. Робіць усё, каб выратаваць. Згадвае мінулае, дакарае сябе. Вінаваціць і іншых: то Стэфку, то братаву жонку. Ягоныя слёзы, праз якія ён нічога не чуе з легкадумных аповедаў сваячкі, – сведчанне шчырага шкадавання памерлай жонкi.

Што да Стэфкі, то – гэта было каханне. Нейкае нават нечаканае ў гэтага сталага мужчыны, юнацкае, далікатнае: “Ён саромеўся яе, губляўся. Яму было цэлы дзень прыемна пасля таго, калі пагаворыць з ёю некалькі слоў, калі “яна” яму ўсміхнецца” (1, 214). Гэтая звычайная дзяўчынка, да таго ж зусім знешне не да густу Крушынскага, завалодала ягонымі думкамі. Ды і Стэфка не надта супраціўляецца заляцанням гаспадара: калі першы раз пацалаваў, злавалася, другі – “не была ўжо такая строгая” (1, 317). Паводзіць сябе як дасканалая какетка, па сутнасці , правакуе тое, што здарыцца пазней:

“Ёй вельмі прыемна, што знайшла ў сабе такі цікавы, незразумелы ёй самой скарб. Ігра з Крушынскім ёй спадабалася. У працягу кароткага часу яна налаўчылася “граць” не горш за сталую “красуню”, якая “зубы з’ела” ў фліртах.

Кожны яе рух, кожны смяшок, кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект.

Яна ведала, што Крушынскаму падабаецца яе тонкая ножка – і як бы незнарок выстаўляла ножку” (1, 317).

Ці не апраўдвае і сам аўтар свайго героя, апісваючы гэткія спакусы?

Самым вялікім грахом Крушынскага стаўся выпадак з Мэрай. Учынак нелагічны, не характэрны для героя. Ізноў жа, спашлемся на Франца Гінтаўта, які сцвярджае, што аўтар “гвалтоўна прымусіў разумнага разважлівага махляра Язэпа … гвалціць дачку каваля Лейбы”[7]. Праўда, сітуацыя, у якую трапляе Крушынскі з Мэрай, вельмі неадназначная. Безумоўна, Мэру шкада. Але ці не павінна яна была паводзіць сябе больш абачліва, як дарослая, замужняя кабета, а не як дзяўчынка, якой патрэбна чужое шкадаванне? Заставацца на адзіноце ў лесе з чужым мужчынам, прысесці з ім, разжаліцца: “Агортвае такі вялікі жаль, ажно яна пачынае голасна плакаць. Крушынскі прабуе яе пацяшаць. Нічога не памагае. Яшчэ мацней плача. Прыкра. Не ведае, як супакоіць яе. Прабуе ласкаць, гладзіць па галаве і шыі, як маленькую дзяўчынку. Гэта памагае. Мэра ад голаснага плачу пераходзіць да ціхага ўсхліпвання і туліцца да Крушынскага…” (1, 300).

“Выкрыццю” “звярынай натуры” Крушынскага садзейнічаюць і сімвалічныя карціны, што змешчаны ў творы. Напрыклад, на пясчаным пляжы побач з ваўчынымі слядамі ступае наш герой, выкручваючы пальцы ног. Адбіваюцца сляды нейкага “невядомага драпежнага” (абавязкова – “драпежнага”) звера. Пры гэтым Крушынскі голы (купаўся), падаюцца некаторыя прыкметы яго знешнасці, што, безумоўна, падкрэсліваюць звярыную сутнасць. Голы звер. Якраз, як у аповесці Міхася Зарэцкага.

Крушынскі, абкладзены з усіх бакоў, параўноўваецца з пацуком у ванне, якому не ўдаецца выбрацца.

Затраўлены, загнаны, нібы ў клетку, у пакой, з якога не выходзіць, хворы Крушынскі ізноў жа нагадвае звера. Але хутчэй няшчаснага, вартага жалю. Бо ён і сапраўды хворы. Але не на прыдуманы рак. Ягоная хвароба – страх. Гэтае пачуццё засланіла перад ім вялікі, шматфарбны свет, пазбавіла чалавека радасці існавання, звузіла адведзеную яму прастору да маленькай шчылінкі: “Стаў супраць замёрзлага акна. Хукаў на заільдзянелае шкло, як малы хлопчык. Круглячок велічынёю ў пятак зрабіўся чыстым. Хворы зірнуў на запушчаны сад… “Увесь кавалачак свету, які маю перад сабою” (2, 30).

Ці не спачуванне выклікае гэткая сцэна? Ці не ў гэткае ж становішча трапілі літаральна ўсе людзі у тым жахлівым часе? Ці не гэткі ж страх скоўваў волю аўтара, не даваў яму магчымасці заставацца сапраўдным мастаком?

Што ёсць сапраўдным мастацтвам? Бядуля не абышоў гэтае пытанне. Раскрываючы безумоўна зніжаны, сатырычна абмаляваны вобраз крытыка Гайдача, у ягонай прамове-дыскусіі ён супрацьпастаўляе разуменне пра гэта аматараў сапраўднага і марксісцкага мастацтваў. Атрымоўваецца: марксісцкае – значыць несапраўднае. Якія ж высновы робіць аматар сапраўднага мастацтва? – “Мастацтва, якое служыць зброяй для абароны і замацавання пэўных ідэй якога б ні было класа ці групы грамадства, ёсць не мастацтва, а агітацыя. Удала зробленая ці не – усё роўна – гэта толькі агітацыя! Сапраўднае мастацтва ёсць такое, калі выяўнікі яго знаходзяцца па-за класавасцю – у творчасці вырашаюць праблему агульнага чалавека” (1, 156). Ці не падпісваўся і сам З. Бядуля пад гэтымі словамі, калі ў нашаніўскі час імкнуўся дайсці да спрадвечных ісцінаў у бясконцым пошуку красы. І, пэўна, сцвярджаў іх сваёю творчасцю і пазней, калі б той самы страх не вымушаў яго станавіцца марксісцкім пісьменнікам.

Якім бы намаляваў сапраўдны мастак З. Бядуля свайго героя, калі б не патрэбна было апісваць “перакулены свет”? У тэксце першай кнігі знаходзім адказ-падказку: Крушынскі ўсміхнуўся. “Каб усмешка не была захавана пад вусамі, дык выглядала б усмешкай бога – дабрадушнай, выбачлівай і спакойнай. Так, прынамсі, маляваў бы госпада-бога той маляр, у ўяўленні якога бог – не грозны мсцівец за грахі людскія, а спрытны, хітраваты і не заўсёды кепскі” (1, 273). Дабрадушны, выбачлівы, спакойны, спрытны, хітраваты і не заўсёды кепскі – вось найбольш характэрнае для сапраўднага Язэпа Крушынскага, калі б ён быў пазбаўлены заўсёднага страху, неабходнасці прыстасоўвацца, пераапранацца.

А ў тым “перакуленым свеце” даносчык Мікола Ярэмчык – самы што ні на ёсць “станоўчы” герой. Чалавек, які і бацькі свайго здольны вырачыся, калі той не прыме ягоных “новых” ідэяў. Сапраўдны правобраз Быкаўскага Міколкі з аповесці “Аблава”.

З. Бядуля паказвае, як савецкая сістэма знішчае кроўныя сувязі. Як адбываецца адрачэнне ад родных з-за класавай варожасці: “Не хачу быць братам кулака”, – заяўляе звычайна “рахманы” “Леў Талстой” – Мірон Гарбочык. Адракаецца ад малодшага брата Сымона толькі за тое, што ён – кулак. Радуецца, што судзілі і саслалі брата. І нават адмаўляецца выканаць братаву просьбу – наведаць ягоную сям’ю: "Не хачу свінскага кулацкага карыта" (2, 52).

У гэтым “перакуленым свеце” запатрабаваны якраз асобы нікчэмныя, неразумныя, жорсткія, вельмі аднабокія са сваёй “шчырасцю”. Такія, як Антось Драчык, Мікола Ярэмчык, аспірант Бандарчук, чыя разгромная рэцэнзія на вершы Антона Цярэшкі ці не праўдападобная копія бэндаўскіх, кучараўскіх пісанняў? А наборшчык Сакалоўскі, які ў часе чысткі гэтак “справядліва” крытыкуе працу Інстытута? Уся гэтая галерэя “станоўчых”вобразаў у нармальным, неперакуленым свеце ўспрымаецца ў зусім іншым плане.

Ці быў Язэп Крушынскі амаральным тыпам? Гэта пытанне трансфармуецца ў іншае: ці быў ён, гэткі, якім яго павінен быў намаляваць аўтар, наогул?

Раман Змітрака Бядулі – гэта аповед пра тое, як знішчалася беларускае сялянства, як улада ў гэтай краіне дасталася недарэчным, недалёкім няўмекам-галадранцам, як высланы і раскулачаны былі сапраўдныя гаспадары. Як знішчалася багацце гэтай зямлі, яе духоўныя скарбы, як руйнаваліся цэрквы, вера ў душах людскіх. Гэта – папярэджанне: што будзе далей? Суцэльны калгас?


1 Бядуля Змітрок. Язэп Крушынскі// Збор тв. У 5 Т. Т. 4-5. Мн., 1987, 1989. С. 5. (Далей – цытаты з гэтага выдання, у дужках – кніга, старонка).
2 Гінтаўт Ф. З картатэкі памяці. Гродна, 2000. С. 89.
3 Гінтаўт Ф. З картатэкі памяці. С. 88.
4 Навуменка І. Змітрок Бядуля. Мн., 1995. С. 92-93.
5 Гінтаўт Ф. З картатэкі памяці. С. 92.
6 Навуменка І. Змітрок Бядуля. С. 101.
7 Гінтаўт Ф. З картатэкі памяці. С. 92.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія