БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

Каўчэг Палемона

Генадзь Праневiч, Брэст

Падручнік А. А. Лойкі “Старабеларуская літаратура”, нарэшце, трапіў на паліцы кніжных магазінаў, у бібліятэкі і студэнцкія аўдыторыі, заняў сваё месца на рабочых сталах літаратуразнаўцаў і крытыкаў.

Гэтую кнігу вядомага вучонага даўно і зацікаўлена чакалі ўсе, каго займае наша даўнейшая літаратура, – навукоўцы, студэнты, выкладчыкі ВНУ і сярэдніх школ, нарэшце, проста аматары і густоўныя знаўцы нашага старога пісьменства. Яно і зразумела: многія яшчэ памятаюць, якую цікавасць выклікала ў канцы 70-х гг. ягоная аўтарская (у 2-х кнігах) “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры”.

Перакананы: поспех чакае і новую працу аўтара. Даўно, можа, з часоў “Гісторыі беларускай літаратуры” М. Гарэцкага, у нашым літаратуразнаўстве не з’яўлялася такой наватарскай, канцэптуальна-цэласнай і метадалагічна выверанай кнігі. Кнігі, па вялікім рахунку, місіянерскай, якая як бы запрашае нас з вышыні трэцяга тысячагоддзя яшчэ раз азірнуцца на скарбы нашай даўнейшай літаратуры, пазнаць таямнічы код яе мастацкасці і красы, асэнсаваць маштаб і дынаміку яе поступу і хады ў кантэксце еўрапейскага Сярэднявечча праз усё другое тысячагоддзе нашай духоўнай гісторыі—ад Кірылы і Мяфодзія да Міцкевіча, Купалы і Караткевіча.

Ад самага свайго зараджэння наша літаратура ўскладвала на сябе асаблівую місію, якую непасрэдна звязвала з задачай абароны народа, выпрацоўкай тых маральна-духоўных, эстэтычных і грамадска-палітычных каштоўнасцяў і ідэалаў, што ўратуюць нацыянальны дух і душу ад знішчэння і дэгуманізацыі, адкрыюць перад ім шлях да выратавання і Боскіх яснотаў.

Натуральна, што такі яе накірунак вызначыў не толькі прадмет і сферу асноўных даследчыцкіх зацікаўленняў аўтара, але і структуру і метадалогію працы.

Кампазіцыйна падручнік скампанаваны, выбудаваны так, што важнейшую, ключавую ролю адыгрываюць у ім раздзелы і матэрыялы тэарэтычна-аглядавага характару і тыпу, у якіх аўтар выкладвае сваю канцэпцыю старабеларускай літаратуры, раскрывае праблематыку і дае змястоўную характарыстыку такіх літаратурных эпох, як Сярэднявечча, Рэнесанс, Барока, падмацоўваючы тэарэтычныя выкладкі і канкрэтны разгляд літаратуры перыяду Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, багатым фактычным матэрыялам і манаграфічным разглядам творчасці Ефрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага, Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, Яна Вісліцкага.

Надзвычай істотна, што падручнік напісаны не проста таленавітым вучоным-канцэптуалістам, ўлюбёным у свой прадмет прафесарам, але яшчэ і захопленым раманістам, паэтам, які адчувае матэрыю жыцця і літаратуры пальцамі, на дотык.

Універсальная творчая адоранасць дазваляе вучонаму бліскуча карыстацца пры аналізе і раскрыцці даўнейшых твораў усім багаццем даследчыцкага інструментарыя: біяграфічнымі рэаліямі герояў і кантэкстамі грамадска-палітычнага жыцця розных эпох, прыёмамі ўскоснай характарыстыкі і красамоўнымі і запамінальнымі мастацкімі дэталямі, выбіраць розныя ракурсы паказу, свабодна спалучаць перспектыву і рэтраспектыву, якія дапамагаюць ствараць аб’ёмны, галаграмны малюнак даўнейшай эпохі, адкрываць у алегорыка-сімвалічным сеціве сярэднявечнай літаратуры яе жывы бога-чалавечы змест, вытлумачваць сутнасць і матывы учынкаў сярэднявечных герояў.

Так, аналізуючы алегарычную прытчу Кірылы Тураўскага “Прыпавесць пра душу і цела” (“Пра сляпога і кульгавага”), скіраваную супраць палітычна-сепаратысцкіх памкненняў і царкоўнага расколу ўладзіміра-суздальскага князя Андрэя Багалюбскага і пастаўленага ім епіскапа Федарца, аўтару дастаткова было звярнуць увагу на тое, што Андрэй Багалюбскі быў кульгавы, а епіскап Федарэц перад пакараннем смерцю ў Кіеве, і сапраўды, быў аслеплены, каб чытачу стаў зразумелы і даступны алегорыка-сімвалічны і правідэнцыяльна-містычны сэнс твора.

Яшчэ больш яскрава і глыбока гэтыя даследчыцкія якасці А. Лойкі раскрываюца ў бліскуча напісаных ім манаграфічных раздзелах пра Ф. Скарыну і М. Гусоўскага.

Эрудыцыя вучонага і багаты вопыт прафесійнага крытыка і літаратара, які даўно і паспяхова працуе ў мастацка-біяграфічным жанры, памножаныя на творчую інтуіцыю, дазволілі А. Лойку не толькі па-новаму прачытаць і адчытаць шмат якія старонкі старабеларускай літаратуры, але і стварыць прынцыпова новую канцэпцыю яе развіцця.

Метадалагічная каштоўнасць працы А. Лойкі ў яго дыялектычным поглядзе на стракатую, зменлівую карціну працэсаў развіцця нашай даўнейшай літаратуры ў яе повязях, пераемнасці і асобнасці руху ў кантэксце развіцця ўсёй еўрапейскай сярэднявечнай літаратуры, у яго спробах знайсці для яе тое самабытнае рэчышча, дзе свабодна месцілася б уся яе паўнаводная, шматмоўная плынь, якую даследчык вызначае па яе асноўным фарватары, як старабеларускую .

У назве “старабеларуская літаратура” А.Лойка імкнецца сцвердзіць і акумуляваць некалькі прынцыпова новых для нашага літаратуразнаўства канцэптуальных сэнсаў.

Па-першае, сярэднявечны, а не старажытны (антычны) характар нашай даўнейшай літаратуры.

Па-другое, гэтая назва падкрэслівае, як і з чаго “збіралася” ўласна беларуская нацыянальная традыцыя, удала характарызуе вытокавую фазу развіцця нашай даўнейшай літаратуры, калі ва ўмовах феадальна раздробленай Кіеўскай Русі пачынаюць узнікаць новыя палітычныя цэнтры рэгіянальнага прыцягнення, узмацняецца рэгіянальны змест літаратуры і сама яна паступова становіцца, як пра гэта сведчыць творчасць Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, “Слова аб палку Ігаравым”, выразнікам новых палітычных памкненняў, каб стагоддзем пазней, у эпоху Вялікага княства Літоўскага, дзе старабеларуская мова зацвердзілася ў якасці дзяржаўнай, пачаць інтэнсіўна асвойваць новую для сябе прастору балта-літоўскіх, украінскіх і ўсходнерускіх земляў.

У перыяд з ХІ па ХУ стст. яна развіваецца яшчэ ў сваім уласным монакультурным рэчышчы, паколькі і ў Вялікім княстве Літоўскім важнейшую дзяржаваўтваральную і культура-цывілізацыйную ролю па-ранейшаму адыгрываў абноўлены беларускі этнас, праваслаўная рэлігія і царкоўнаславянская мова ў яе старабеларускай рэдакцыі, даўнейшыя полацкія, турава-пінскія, смаленскія, кіеўскія, чарнігаўскія, наваградскія традыцыі дзяржаўна-грамадскага і палітычнага жыцця.

Выразна патрыятычнай, беларускай паводле свайго зместу і ментальнасці выяўляла яшчэ сябе на пачатку ХУІ стагоддзя і маладая плынь новалацінскай рэнесансавай паэзіі, якая як бы дабаўляла антычнага золата і бронзы ў яе высокае грамадзянскае гучанне, застаючыся ў цэлым у рамках славяна-рускай гістарычнай і патрыятычнай традыцыі.

Таму А.Лойка, безумоўна, мае рацыю, калі заяўляе, што "не толькі здабыткі ўласна старабеларускіх земляў, але ўся літаратура Кіеўскай Русі стала школай культуры, фундаментам старабеларускай літаратуры, яе перадгісторыяй, вытокамі, першатранслятарам уплываў Візантыі і Балгарыі, антычнасці і Блізкага Усходу”.

Нездарма ключавую ролю ў закладцы кодава-матрычнай асновы беларускай нацыянальнай традыцыі даследчык адводзіць выдатнаму помніку ўсходніх славян ХІІ стагоддзя “Слову аб палку Ігаравым”, з улоння якога, па перакананні аўтара, выйшла ўся беларуская літаратура.

Такое завастрэнне пазіцыі не здаецца лішнім у святле несціханых і сёння галасоў аб “Слове” як нібыта сфальсіфікаваным творы. Тым больш, што і сёння шмат хто глядзіць на “Слова” выключна як на чыннік, мастацкае ўвасабленне ідэалогіі вялікадзяржаўнага русацэнтрызму, ахвотна прымаючы на веру распаўсюджаныя версіі аб яго фальсіфікацыі і падробцы.

Вось і зусім нядаўна часопіс “ARCHE” ( № 2, 2001) апублікаваў артыкул амерыканскага славіста Эдварда Кінана “Слова пра тое, як Яраслаў, князь галіцкі, у султанаў страляў”, у якім на падставе прыблізных, а то і зусім выпадковых лексіка-гукавых падабенстваў і сумніцельных версій, стварэнне твора прыпісваецца вядомаму славісту і славянафілу Ёзафу Даброўскаму, які, паводле версіі Э. Кінана, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, прыблізна пасля жніўня 1792 года, у стане абвастрэння псіхічнай хваробы нібыта і напісаў тэкст “Слова”. Пры гэтым Э. Кінан не лічыць “Слова” значным культурным помнікам, а такое яго ўспрыманне лічыць прадуктам пазнейшай расейскай інтэлектуальнай гісторыі.

У падручніку А. Лойкі можна знайсці адказ і на падобныя выклікі. Ён у аб’ектыўным змесце самой беларускай літаратуры, аналіз якой паказвае на перманентную прысутнасць “Слова” ў нашай нацыянальнай традыцыі. Не можа быць сфальсіфікаваным твор, уплыў якога на літаратурны працэс усходніх славян самым пераканаўчым чынам ( не толькі “Задоншчынай” і прыпіскай да пскоўскага “Апостала”) пацвярджаецца развіццём і станаўленнем цэлай нацыянальнай літаратуры — ад беларускіх летапісаў, “Песні пра зубра” М.Гусоўскага і “Трэнаса” М. Сматрыцкага да фенаменальнай творчасці Янкі Купалы, што арганічна і натуральна выявіла на заключнай, нацыянальна-класічнай стадыі развіцця беларускай літаратуры генетычную вытокавую лінію “Слова”.

Сёння ў нас з’яўляецца ўсё больш і больш падстаў, каб не толькі даследаваць беларускую літаратуру ў яе сувязях з “Словам”, але больш смела і адназначна ставіць і само “Слова аб палку Ігаравым” у рэчышча беларускай нацыянальнай традыцыі, разглядаючы яго не толькі праз прызму магчымага аўтарства Кірылы Тураўскага, непасрэднай сувязі з гісторыяй Полаччыны і Чарнігаўшчыны, але і зыходзячы з доўгатэрміновага бытавання і ўплыву самога твора на літаратурны працэс на Беларусі. Нельга абысці ўвагай і той факт, што знойдзены рукапіс “Слова”, па сведчанні вучонага-друкара С.А. Селіваноўскага, які прымаў удзел у першым выданні, быў пісаны ці не так старым беларускім пісьмом.

“Слова”, без сумневу, — адзін з ключавых твораў усёй нашай даўнейшай літаратуры, аўтар якога ў эпоху завяршэння гісторыі Кіеўскай Русі і гістарычнага расстання яе народаў выявіў не толькі мару аб палітычным адзінстве яе былых земляў, але без сумневу паказаў сябе прыхільнікам палітычнай незалежнасці Полацкай дзяржавы як Усяслававай “жизни” і былой Рагвалодавай спадчыны, адроджанай праз ахвяру Рагнеды. Роўна шкадуе ён, як пра ўпадак Рускай зямлі, так і Полацкай дзяржавы, якая таксама ўступіла ў пару княжацкіх "крамолаў" і драблення на ўдзелы.

Апроч усяго, старадаўні помнік адлюстраваў важнейшыя фундаментальныя экзістэнцыянальна-быційныя рысы і светапоглядныя асаблівасці славян і, можа, найглыбей якраз беларусаў з іх глыбіннай прыродна-земляробчай ментальнасцю, з адвечнай прагай сонца, славы, песні, з затоенымі ў глыбі сэрца мроямі пра будучы пераможны гераічны чын.

Нездарма сваё захапленне і піетэт перад “Словам” у розныя часы выказвалі ў нас не толькі А. Міцкевіч, але і У.Сыракомля, М.Багдановіч, Я.Купала, М.Гарэцкі, якія бачылі ў ім з’яву глыбінна нацыянальную, што ляжыць на магістральных шляхах развіцця беларускай літаратуры.

А. Міцкевіч, напрыклад, у сваіх лекцыях па гісторыі славянскіх літаратур, чытаных у Парыжы, гаварыў: “…пакуль нязменнымі застаюцца славянская прырода і славянскі характар, паэма гэтая па праву будзе лічыцца нацыянальнай і дзякуючы сваёй праўдзівасці захавае ў вядомай ступені сваю актуальнасць”. Паэт, відавочна, знаходзіў у “Слове” яшчэ і патолю сваёй спецыфічнай ліцвінскай ментальнасці, калі раўніва адсоўваў ад старажытнай паэмы такіх прызнаных аўтарытэтаў і блізкіх сяброў, як А. Пушкін і Б. Залескі. Дакараў польскіх, а найперш віднейшых рускіх паэтаў, што яны “недастаткова яе чыталі, не спрабавалі глыбей даследаваць, лічылі гэты твор малазначным”.

На жаль, ва ўмовах сённяшняй буянай русіфікацыі, у пэўнай часткі нашай навуковай і творчай эліты з’яўляецца спакуса прыменшыць, альбо выкрасліць зусім “славяна-рускі” чыннік беларускай нацыянальнай традыцыі, робячы акцэнт альбо на племянных адрозненнях пачатковага перыяду старажытнай Русі, альбо на “ліцвінізме” перыяду Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым забываецца, што ва ўмовах мангола-татарскага нашэсця менавіта старабеларускія землі (найперш Полацкая, Смаленская, Тураўская) заставаліся асноўнымі носьбітамі і захавальнікамі духоўнай спадчыны і асноўных цывілізацыйна-культурных здабыткаў Кіеўскай Русі, накшталт кірылічнага пісьма і твораў літаратуры, хрысціянскай рэлігіі, законаў, традыцый дзяржаўна-палітычнага і грамадскага жыцця, якія яны прынеслі на супольны алтар сваёй новай шматнацыянальнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага.

Заканамерна ўзнікае пытанне: чаму і на якіх падставах мы павінны некаму аддаваць сваю ўласную гісторыю і спадчыну, пазначаную гістарычнай прыналежнасцю да старажытнай Русі?

Ці не лепей было б нам, як гэта робіць у сваёй кнізе А.Лойка, навучыцца кваліфікавана адрозніваць ідэалогію русацэнтрызму, пастаўленую на службу імперскай палітыцы Масковіі, а цяпер Масквы, ад рэальнага зместу цывілізацыйна-культурнай спадчыны старажытнай Русі, прыналежнасць да якой дазволіла Ф.Скарыну ў пачатку ХУІ ст. называць сваіх суайчыннікаў-палачанаў і ўвогуле ўсходніх славянаў збіральным найменнем “братие моя русь”, а выдадзеную ім Біблію і мову, на якой яна была надрукаваная, – “рускай” (хоць заўважым тут, што яшчэ ў ХІІ ст. аўтар “Слова аб палку Ігаравым”, як мы маглі пераканацца, не адважваўся залічаць палачан да русічаў, разводзячы паняцці "Руская зямля" і "жизнь Всеславля", як адрозныя).

Зразумела, што ва ўмовах аморфнай, амаль перманентна раздробленай і варагуючай родава-пляменнай Кіеўскай Русі ні палачане, ні смаляне і тураўцы, ні ноўгарадцы ( не кажучы ўжо пра неславянскія плямёны, кшталту чудзі, мардвы альбо весі) ніяк не маглі быць інтэгральнай часткай нейкай міфічнай агульнарускай народнасці. Але праўда і тое, што тыя ж палачане і тураўцы, трымаючыся сваёй незалежнасці і варагуючы на працягу стагоддзяў з кіеўскімі князямі, у роўнай ступені былі ўдзельнікамі і стваральнікамі агульнарускай (кіеварускай) гісторыі, носьбітамі і законнымі спадкаемцамі яе культурна-цывілізацыйных першапачаткаў, накшталт агульнай літаратурнай мовы і пісьменнасці, рэлігіі, законаў і г.д., на якія ў пару гістарычнага расстання змог у поўнай меры абаперціся найперш малады беларускі этнас.

Зрэшты, пра тое амаль стагоддзе назад пісаў М.Багдановіч у сваім артыкуле “Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХУІ сталецця”: “Маскве выпала на долю быць цэнтрам вырабляўшагася тады з славян ды фінаў вялікарускага народа, яшчэ не меўшага моцных каранёў у засялёным ім краю, страціўшага амаль не ўсе звязкі з мацярынскай кіеўскай культурай і прымушанага новымі варункамі жыцця будаваць свой быт на іншых асновах. Беларускі ж народ, цалкам увайшоўшы ў Літоўскае гасударства, развіваўся, як і раней, на старым корані, вытвараючы такім парадкам культуру, незалежную ад культуры велікарускай”.

Такім чынам, якраз Заходняя Русь стала прамой пераемніцай спадчыннага кода, культурных і палітычных дэмакратычна-вечавых традыцый Кіеўскай Русі і яе буйнейшых гарадоў-рэспублік Полацка, Вялікага Ноўгарада, Пскова. У той час, як развіццё Масковіі пайшло ўбок ад магістральных шляхоў еўрапейскай цывілізацыі з яе гуманістычнымі і дэмакратычнымі тэндэнцыямі.

Пры гэтым, як сведчыць сучасны расійскі вучоны А. Буроўскі, цывілізацыйны падзел абазначыўся яшчэ да мангола-татарскага нашэсця, калі “Андрэй Багалюбскі спрабаваў сцвердзіць дэспатызм усходняга кшталту на Паўночна-Усходняй Русі”, а канчаткова “задушыў самакіраванне і дэмакратыю ў гэтай частцы Русі ніхто іншы, як вялікі князь Уладзімірскі Аляксандр Яраславіч Неўскі”.

Палітычная кан'юнктура ў сферы мастацтва, навукі, літаратуры ці гісторыі, як і менш спакушаныя яе спадарожнікі псеўдапатрыятызм альбо патрыятычны нігілізм, – з'явы аднолькава разбуральныя для нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнага быцця народа.

А.Лойка выразна паказвае тое на прыкладзе беларускіх летапісаў ХУ-ХУІ стст. і найперш “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”, у якой упершыню была агучана новая дзяржаўная ідэалогія ВКЛ часоў Альбрэхта Гаштольда. Якраз складальнікі гэтага летапісу насуперак гістарычнай праўдзе першымі пачалі выводзіць радавод літоўскай шляхты ад рымлян і свядома аддаваць першынство ў дзяржаве жмудзінам, каб сцвердзіць, па-першае, неславяна-рускае, па-другое, нетутэйшае паходжанне вялікіх князёў і шляхецка-магнатэрскай эліты і тым самым адпрэчыць прэтэнзіі маскавіцян на славянскія землі Княства, а заадно збіць пыху з датклівых і фанабэрыстых польскіх феадалаў, што пышаліся сваім высокім паходжаннем.

Трэба аддаць належнае таленту і мастацкай фантазіі стваральнікаў "Хронікі Літоўскай і Жамойцкай", якія ў легендзе пра князя Палемона, які з пяццюстамі знатнымі рымскімі сем'ямі нібы прыплыў у Літву, ратуючыся ад жорсткага імператара Нерона, вылучылі на першы план рэнесансавую ідэю свабоды, таленавіта спалучыўшы яе з сюжэтам цудоўнага выратавання ад тырана (паводле апісанняў, карабель Палемона нагадвае Ноеў каўчэг) і адкрыццём новай радзімы, як біблійнага раю.

У беларускай і украінскай шляхты, якая зусім не жадала патрапіць пад уладу ўсходняй дэспатыі, новая ідэалогія, відаць, таксама не выклікала асаблівага пратэсту, а нават спарадзіла пэўнае пачуццё элітарнасці. Але ж і прыгожыя міфы, як вядома, маюць уласцівасць не толькі падхарошваць рэчаіснасць, але і ўздзейнічаць на яе у патрэбным кірунку і нават падмяняць гэтую самую рэчаіснасць на цалкам іншую.

Ужо ў ХУІ ст. новая патрыятычная формула беларускіх летапісаў “Мы, старая шляхта рымская…” як найлепш прыдалася кіруючым вярхам Кароны і касцёлу для правядзення зусім рэальнай палітыкі акаталічвання і паланізацыі шляхецка-магнацкіх колаў беларуска-літоўскага грамадства, якая завяршылася Люблінскай уніяй 1569 і Брэсцкай царкоўнай уніяй 1596 гг., здрадай шляхты і арыстакратыі, заняпадам беларускага пісьменства і культуры. “Палемонаў каўчэг” не выратаваў ні народ, ні дзяржаву.

З усяго гэтага можна зрабіць толькі адзін вывад – па-сапраўднаму асэнсаваць і зразумець сябе ў люстэрку літаратуры і гісторыі, абараніць сябе і сваю культуру магчыма толькі ў рамках аўтэнтычнай аўтахтоннай канцэпцыі нацыянальна-духоўнага быцця, якая базіруецца на праўдзе фактаў і іх усебаковым, комплексным аналізе, на шырыні назіранняў, багацці і глыбіні кантэкстаў.

Менавіта такі метадалагічны падыход дазволіў А.Лойку зрабіць цікавыя назіранні над беларускім Адраджэннем, паказаць яго унікальнасць на скрыжаванні ўплываў з Усходу і Захаду, Поўначы і Поўдня, істотна ўдакладніць і дапоўніць канцэпцыю ягонага ўзнікнення і паходжання фактарамі грэка-візантыйскага і другога паўдзённабалканскага ўплываў, якія, на думку аўтара, мелі першараднае значэнне, паколькі рыхтавалі глебу і пракладвалі дарогу рэнесансавым уплывам з Захаду.

Гэтыя новыя акцэнты асабліва важныя для ўсведамлення мясцовай, аўтахтоннай асновы беларускага Рэнесансу, які доўгі час разглядаўся ў нас выключна з пазіцый культурна-цывілізацыйнай экспансіі Захаду і класічных эталонаў італьянскага Адраджэння — як з’ява цалкам новая і радыкальна-кантрасная ў дачыненні да папярэдняй, сярэднявечнай эпохі.

А.Лойка разглядае беларускі Рэнесанс найперш як з’яву, народжаную традыцыямі рэлігійна-асветніцкага гуманізму, талерантнасці і ерэтычнай свабодамыснасці беларускага Сярэднявечча, у цеснай сувязі з традыцыямі рэлігійнага асветніцтва Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Рыгора Цамблака, антычнымі чыннікамі ў творчасці Клімента Смаляціча і невядомага аўтара “Слова аб палку Ігаравым”, ерасямі багумілаў і мараўскіх братоў, распаўсюджаннем на Беларусі вучэння ісіхастаў, якое разбудзіла ўнутранае жыццё чалавека, надало яму актыўнасці і глыбіні.

У гэтым жа кантэксце ён разглядае і буйнейшую постаць беларускага Адраджэння – скарынаўскую, пераканана даводзячы, што “нельга жыўцом вырываць Скарыну з яго сярэднявечнага рэлігійна-царкоўнага мацярынскага ўлоння”, бо “выдатным дзеячам беларускага Адраджэння ён не мог стаць без вяртання ў сваё роднае даадраджэнскае, без сімбіёзу дасягненняў усходнеславянскага рэлігійнага асветніцтва з ідэямі свецкага заходне-еўрапейскага Адраджэння”.

Чытачы маглі, аднак, звярнуць увагу на тое, што "залаты век" нашай айчыннай культуры ўпершыню адкрываецца ў кнізе А. Лойкі не постаццю Ф.Скарыны, як мы да таго прызвычаіліся, але постацямі лацінамоўных пісьменнікаў Я. Вісліцкага і М. Гусоўскага, якія раней за Ф. Скарыну пачалі, ці завяршылі сваю творчую дзейнасць і жыццёвы шлях.

Гістарычны падыход дазволіў А.Лойку не толькі аднавіць праўдзівую храналогію літаратурнага працэсу, але і паказаць маштабнасць і унікальнасць асобы Ф. Скарыны як заснавальніка фундаментальных асноў беларускай рэнесансавай культуры, які рашуча выраўняў стратэгічную лінію развіцця беларускага Рэнесансу, перадусім заклаўшы ў ягоны падмурак аўтэнтычныя духоўныя каштоўнасці нацыі — кірылічнае пісьмо і родную мову, адпорны патрыятызм і любоў да роднай зямлі, хрысціянскі гуманізм і этыку талерантнасці, замацоўваючы ў нацыянальным рэнесансавым каноне іх першасны складнік — грэка-візантыйскія і славяна-рускія філасофскія, этычныя і эстэтычныя традыцыі, аплодненыя здабыткамі заходнееўрапейскай гуманістычнай думкі.

Як гуманіст-адраджэнец і пісьменнік-традыцыяналіст, Ф. Скарына пераняў ад літаратуры беларускага Сярэднявечча найперш яе вучыцельную апостальскую місію, сфармуляваўшы асноўныя пастулаты нацыянальна-духоўнага быцця народа, яскрава акрэсліўшы тыя маральна-этычныя, эстэтычныя, грамадска-палітычныя каштоўнасці і ідэалы, што адкрыюць ягонаму народу шлях "з гэтага веку цёмнага" ў царства Божае.

А.Лойка, безумоўна, мае рацыю, калі гаворыць пра тое, што рашаючымі, пабуджальнымі імпульсамі ў развіцці беларускага Адраджэння былі імпульсы мясцовыя, аўтахтонныя, якія актыўна ўзаемадзейнічалі з ідэямі і павевамі, што ішлі з Захаду праз Кракаў, Рым, Прагу, Падую, Вінтэнберг і іншыя буйнейшыя асяродкі заходнеславянскага і заходнееўрапейскага Адраджэння.

Варта заўважыць, што актывізацыі і пашырэнню заходнееўрапейскіх уплываў асабліва спрыяла дзейнасць беларуска-ліцвінскага зямляцтва ў Кракаве, якое пачало складвацца тут, відаць, ужо з часоў Ягайлы, не забываючыся на свой абавязак перад былой радзімай — Вялікім княствам Літоўскім. Можна меркаваць, што не без ягонай падтрымкі ў канцы ХУ стагоддзя немец Швайпольт Фіёль наладзіў тут выданне на царкоўнаславянскай мове старабеларускай рэдакцыі чатырох кніг царкоўна-служэбнага характару: "Трыёдзі поснай", “Трыёдзі каляровай", а таксама "Часаслоўца" і "Актоіха".

Прычым, як адзначаюць даследчыкі, Фіёль быў звязаны з друкарняй толькі фінансава, а сапраўднымі ініцыятарамі справы былі магнаты з Літвы і Русі, такія, як Гаштольды, Салтаны, Сапегі, якія імкнуліся да уніі ўсходняй царквы з Рымам. У той час, як высокай філалагічнай культурай і дасканаласцю тэкстаў выданні былі абавязаны аднаму з працаўнікоў друкарні Фіёля з красамоўным усходнеславянскім імем Гаўрыла і двум ягоным таварышам Богушу і Яну.

Відавочна, што кімсьці з іх былі падрыхтаваны і выдатныя ўзоры 230 знакаў «рускага шрыфта», заказаных Фіёлем у 1491 годзе Рудольфу Барсдорфу з Брушвіка.

У сувязі з гэтай акалічнасцю варта звярнуць увагу на недакладную даціроўку двух славянскіх кнігадрукаў Ш. Фіёля “Трыёдзі поснай” і “Трыёдзі каляровай”, нібыта надрукаваных у Кракаве ў 1492 і 1493 гадах. На самай справе, яшчэ ў лістападзе 1491 года Фіёль быў абвінавачаны ў ерасі і пасаджаны ў турму, адкуль быў выпушчаны ў сакавіку 1492 года. Пасля гэтага ягоная друкарня цалкам заняпала, паколькі яшчэ ў студзені 1492 года гнезненская капітула (якая мела права цэнзуры) забараніла яму далейшае друкаванне новых кніг і продаж ужо надрукаваных. Польскія даследчыкі на аснове вывучэння названых старадрукаў Фіёля і, у прыватнасці, шрыфтоў, якім яны былі надрукаваны, выказваюць меркаванне, што яны былі выдадзены да 1490 года.

Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, з якімі сутыкаліся гуманісты ў Кракаве, менавіта гэты горад становіцца на пачатку ХУІ стагоддзя буйнейшым фарпостам беларускага Адраджэння на Захадзе. Тут канцэнтруюцца яго найбольш значныя інтэлектуальна-творчыя сілы: прыкладна ў адзін час у Ягелонскім універсітэце штудуюць навукі будучы першадрукар і перакладчык Бібліі на старабеларускую мову Ф. Скарына і пачынальнік лацінамоўнай паэзіі Беларусі Я. Вісліцкі; з Кракавам цесна звязана жыццё і творчасць другога буйнейшага паэта-лацініста М.Гусоўскага. Сталыя палітычныя стасункі з Вавелем падтрымлівае ў гэты час мецэнат і апякун М. Гусоўскага Э. Вітэлій.

Паказальна, што на гэтай заранкавай, пачатковай стадыі беларускага Адраджэння ў глыбіні спасціжэння і асэнсавання новых рэнесансавых ідэй беларускія гуманісты не толькі не саступалі мясцовай эліце, але на цэлы тэмп апярэджвалі яе, як і ўласна польскае Адраджэнне ў цэлым.

Выйгрыш тэмпа забяспечваўся найперш больш высокай стартавай гуманістычнай і філалагічнай культурай беларускага Рэнесансу, які змог шырока і грунтоўна абаперціся на здабыткі ўласнага Сярэднявечча. Нездарма кірылаўскае кнігадрукаванне і першыя кнігі на царкоўнаславянскай мове ў яе старабеларускай рэдакцыі з'явіліся ў нас на 15-25 гадоў раней, чым арыгінальныя кнігадрукі на польскай мове ў Кароне, а "Библия руская" Ф.Скарыны апярэдзіла з’яўленне аналагічнай друкаванай Бібліі на польскай мове Вуйка, больш чым на 80 гадоў. Уласна польская літаратура і пісьменства на роднай мове яшчэ толькі зараджаліся, рыхтуючыся вырвацца з задушлівых абдымкаў латыні: першыя адзначаныя пісьмом творы на польскай мове (Bogarodzica", велікодная песня "Chrystus z martwych wstał…") з'явіліся толькі ў ХІУ стагоддзі, а першая спроба стварэння рэктарам Кракаўскай Акадэміі Якубам Паркашовіцам польскага алфавіта і правіл арфаграфіі датуецца 1440-1445 гг. Беларускае ж пісьменства, як вядома, ужо мела на гэтую пару амаль пяцісотгадовую традыцыю кірылаўскага пісьма і развітую літаратуру на старабеларускай мове, дастаткова блізкай да народнай.

Па-другое, феадалізм у Вялікім княстве Літоўскім яшчэ не ведаў тых жорсткіх формаў сацыяльнага прыгону і ўціску, што мелі месца ў Кароне ў дачыненні да сялян, супраць чаго праз колькі дзясяцігоддзяў, у сярэдзіне ХУІ ст., будзе так горача пратэставаць выдатны польскі гуманіст Андрэй Фрыч Маджэўскі.

Нарэшце, у Княстве на тую пору квітнела рэлігійна-культурная талерантнасць, а ў Кракаве і па ўсёй Польшчы праследавалася гусіцкая ерась, уводзіліся цэнзурныя забароны. Той самы Ш. Фіёль, дарэчы, быў абвінавачаны ў ерасі, арыштаваны і аддадзены пад суд менавіта за выданне царкоўнаславянскіх кніг літургічнага характару.

Невыпадкова Ф. Скарына, рыхтуючыся да свайго кнігадрукарскага подзвігу, месцам сваёй дзейнасці выбраў не Кракаў, які ён добра ведаў з часоў вучобы ў Ягелонскім універсітэце, а талерантную і свабодамысную на той час чэшскую Прагу.

Ва усякім выпадку, як заўважыў польскі даследчык В. Брухнальскі, "зарана гаварыць, як часта даводзіцца чуць, што польскі Рэнесанс угрунтаваны на польскім Сярэднявеччы, бо сувязі, што лучаць у нас гэтыя перыяды, да сёння дакладна, належным чынам не акрэслены і, як дагэтуль, можна іх пацвердзіць толькі на пэўных паасобных фактах, – не на цэлым кірунку і яго гістарычных выніках".

Паводле А. Лойкі, інакш было на Беларусі: антычнасць адраджалася тут праз дзве плыні, два цывілізацыйныя цэнтры тагачаснага сярэднявечнага свету – усходні, грэка-візантыйскі, і заходні – рымска-каталіцкі.

Калі грэка-візантыйскі ўплыў тут фактычна ніколі не перапыняўся, вызначаўся паступовасцю і свойскасцю, бо ішоў як бы ад самога жыцця, натуральна выяўляючы і замацоўваючы свае пазіцыі ў сферы літаратуры праз развіццё кірылічнай пісьменнасці і старабеларускай літаратуры, пераклады на старабеларускую мову такіх твораў антычнасці, як “Александрыя”, “Троя”, паглыбленне рэалістычных рыс і ўзмацненне індывідуальна-аўтарскага пачатку ў летапісанні і г.д., дык заходні суправаджаўся відавочнаю навізною – непасрэдным зваротам да латыні, твораў антычных і сучасных заходнеўрапейскіх аўтараў, шырокім увядзеннем новых ідэй, сюжэтаў, прыёмаў.

Трэба адзначыць, што поле назіранняў, вывадаў, сам пункт гледжання даследчыка на працэсы развіцця літаратуры даўнейшай Беларусі, сістэма аналізу і назіранняў прынцыпова новыя ў сваёй канцэптуальнай аснове. Новыя найперш сваёй зыходнай сістэмай каардынатаў і падыходаў, перыядызацыяй.

А. Лойка шмат у чым пракладае новае рэчышча для нашай старой літаратуры, здымаючы з яе напластаванні даўнейшых, яшчэ савецкага часу вульгарна-сацыялагічных канцэпцый, у прыватнасці, разбураючы навязаныя маркісцкай (і не толькі) навукай уяўленні пра Сярэднявечча, як пра выключна “цёмнае” і “змрочнае”. Духоўны тытанізм Сярэднявечча, якое вядзе свой адлік ад векапомнага подзвіга Хрыста і трыумфальнага шэсця хрысціянства па свеце, доказна даводзіць А. Лойка, заклаў асновы сучаснай еўрапейскай культуры і цывілізацыі, якую цяжка ўявіць сёння без шмат якіх сярэднявечных вынаходніцтваў і адкрыццяў – пісьма, паперы, друкарскага варштата, парламента, універсітэта і г.д.

Бяспрэчнай заслугай аўтара “Старабеларускай літаратуры” з’яўляецца па-навуковаму аб’ектыўная і дакладная ацэнка беларускага Сярэднявечча як своеасаблівай асновы, стартавай пляцоўкі беларускага Рэнесансу.

У гісторыі навейшага беларускага літаратуразнаўства А. Лойка па сутнасці выканаў тую ж задачу, што і аўтар знакамітай кнігі “Восень Сярэднявечча” галандзец Ёган Гёйзінга, які, імкнучыся акрэсліць межы Рэнесансу, убачыў у ёй пераходную эпоху, што ўтрымлівае ў сабе старыя, сярэднявечныя, і толькі што народжаныя, свежыя элементы мыслення Новага часу, карацей кажучы, мост паміж Сярэднявеччам і Асветніцтвам. На долю знакамітага галандца выпала таксама ўстанавіць шматлікія пункты судакранання і крэўнай повязі пэўных формаў думкі і духу адыходзячай рыцарскай эпохі і выступаючай на агляд усяго свету эры Адраджэння, а таксама прывесці шматлікія прыклады, якія пазбавілі вобраз Рэнесансу шмат якіх складнікаў, якія дагэтуль прызнаваліся за класічныя і прэзентатыўныя для новага кірунку, такіх, напрыклад, як імкненне да ідэальнага жыцця, жаданне славы і публічнай вядомасці, амбіцыйнасць, арыстакратычны ідэал жыцця, культываванне шляхетнасці і высакародства душы і г. д.

Падхопліваючы гэтую ідэю, А. Лойка развівае яе ў цэласную канцэпцыю пераходнага перыяду, згодна з якой „пераходны час у розных краінах пачынаўся ў розную пару, не перакрэсліваючы сярэднявечча, а ператвараючы ў Еўропе краіну за краінай у арэну супрацьборства сіл старых і новых — сіл свецкіх і духоўных, палітычных і філасофскіх, літаратурных. Сярэднявечча, такім чынам, будучы для новага часу як бы матчыным улоннем, само жыло, дзейнічала, заставалася, і сярэднявечныя еўрапейскія літаратуры – пад павевамі ідэй новага часу — пераўтвараліся, абнаўляліся, будучы і сярэднявечнымі і ўжо не толькі імі".

Навізна і пэўная парадаксальнасць аўтарскай трактоўкі ў тым, што А. Лойка вылучае Адраджэнне, Рэфармацыю, Барока і Асветніцтва як з’явы пераважна Новага часу, якія ўзніклі на сярэднявечным падложжы, аднак не замянілі і не разбурылі яго базісных асноў, не змянілі сярэднявечнага тыпу беларускай літаратуры.

Іншая справа, што ў нашым літаратуразнаўстве да гэтай пары не існуе дакладных крытэрыяў Новага часу як гістарычнай і эстэтычнай катэгорыі (фактычна паняцце Новага часу спрэс ужываецца выключна як метафара тых новых змен, што прынёс Рэнесанс), паводле якіх можна было б правесці, няхай і ўмоўную, але усё ж мяжу паміж літаратурай Сярэднявечча і Новага часу, паміж сярэднявечнай і новай беларускай літаратурай, нарэшце, размежаваць такія паняцці, як літаратура Новага часу і новая беларуская літаратура, якія, на наш погляд, зусім не з'яўляюцца тоеснымі.

Думаецца, што і А. Лойка часам пярэчыць самому сабе, калі, паказваючы на выразную прысутнасць у творчасці Ф. Скарыны, Я. Вісліцкага, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, Л. Сапегі новай, персаналісцкай канцэпцыі чалавека і іншых яскравых чыннікаў Новага часу, асабова-аўтарскі характар іх літаратурных твораў, пазначае межы сярэднявечнай беларускай літаратуры канцом ХVІІІ стагоддзя, калі яна канчаткова аддала свае правы не проста Новаму часу, але новай беларускай літаратуры.

Дарэчы, калі зыходзіць з іншых аўтарскіх ацэнак і меркаванняў, з такім жа поспехам можна было б акрэсліць літаратуру гэтага перыяду і як літаратуру Новага часу, пасунуўшы яе межы ў зваротным кірунку – у глыб Сярэднявечча, якое па афарыстычным выказванні аўтара, "у цэлым было тыглем, дзе выпламеньваўся новы час, дзе прымаў загартоўку новы чалавек". Тым больш, што вучоны і сам пераканальна засведчыў, што старонкі новай беларускай літаратуры пісаліся ўжо ў пачатку ХVІ стагоддзя; ужо тады "ў нетрах старабеларускай літаратуры сапраўды пачыналася новая літаратура", якая "ў старой сістэме, у старой канцэптуальнасці займела прынцыпы новай сістэмы, новых канцэпцыяў. І то было арганічным спалучэннем даўніны і навіны, часта не да расчлянення, не да разрыву (хоць вылучэнне ўласна новых літаратурных гатункаў таксама мела месца)".

Абагульняючы назіранні, можна зрабіць вывад, што ў гэтай сваёй пераходнай якасці старабеларуская літаратура ХУІ-ХУІІІ стст. у прынцыпе не паддаецца якой-небудзь адназначнай атрыбуцыі, кшталту "сярэднявечная", альбо "новая".

Магчыма, што выйсцем з гэтага становішча было б увядзенне для абазначэння пераходнага перыяду паміж уласна сярэднявечнай і новай беларускай літаратурай паняцця "літаратура Новага часу". Аднак, наўрад ці ў гэтым ёсць нейкая патрэба: пераходны характар і паступальна-прагрэсіўны напрамак гэтай вялікай і грандыёзнай эпохі барацьбы за Новы час красамоўна засведчылі назвы яе важнейшых этапаў: Адраджэнне, Рэфармацыя, Барока, Асветніцтва – і, як падаецца, гэтая іх характарыстыка з'яўляецца самадастатковай.

Што датычыцца ўласна Сярэднявечча, дык можна выказаць меркаванне, што як класічная эпоха яна, несумненна, скончылася разам з ХУ стагоддзем, як сацыяльна-эканамічная, ідэалагічная і культурная рэальнасць працягвалася ўсцяж да эпохі Асветніцтва, як духоўная традыцыя не памерла яшчэ і сёння, і будзе доўжыцца ў літаратуры і духоўным жыцці народа да той пары, пакуль не будзе дарэшты вычарпана самая яе матрыца, што складае першапачатковы архетып усёй нашай нацыянальнай культуры.

Зрэшты, апошняе слова за аўтарам. Цэлы шэраг цалкам новых, нестандартных падыходаў А. Лойкі да вырашэння самых складаных праблем айчыннай медыявістыкі, якія ён дэманструе ў сваёй рабоце, пераконваюць у тым, што поўны адказ на пастаўленыя пытанні, падобна на тое, ведае пакуль толькі ён сам.

З тым большай цікавасцю застаецца чакаць выхаду другой кнігі аўтара, прысвечанай паслялюблінскаму перыяду нашай даўнейшай літаратуры.

Што датычыцца галоўнага выніку працы, якую чытач трымае ў руках, дык ён, як падаецца, цалкам відавочны. Падручнік, падрыхтаваны А.Лойкам – гэта падручнік новага пакалення і для новага пакалення, якое жыве і пачувае сябе інтэгральнай часткай абноўленай еўрапейскай цывілізацыі, законным спадкаемцам адзінай і непадзельнай еўрапейскай культуры.

Як падручнік найперш для студэнтаў ВНУ, маладых навукоўцаў і настаўнікаў, ён напісаны ў цалкам іншай, чым ранейшая, сістэме гістарычных, ідэалагічных і духоўна-культурных каардынат – у сістэме каардынат адноўленага агульнаеўрапейскага часу. Напісаны пра запас, навыраст, з улікам навейшых здабыткаў сучаснай айчыннай і еўрапейскай медыявістыкі, з той звышдастатковай мерай інфармацыі, канцэптуальных ідэй і смелых наватарскіх падыходаў, якія спаўна запатрабаваны ўжо сёння і будуць патрэбныя заўтра.


Пагаджаючыся з высокай ацэнкай рэцэнзуемай кнігі, не ўступаючы ў канцэптуальную палеміку, мусім звярнуць увагу на канкрэтныя спрэчныя моманты. Так, на сс. 55, 56, 68, 70 і іншых пад Бібліяй маецца на ўвазе толькі Стары Запавет: “Біблія і Евангелле”. На сс. 59, 63 разглядаецца “сінтэтычнасць” даўняй літаратуры, на с. 105 летапісанне падаецца як жанр “сінтэтычны”. Відавочна, сінтэтызм, уласцівы складаным відам мастацтва,у значнай ступені атаясамліваецца тут з сінкрэтызмам, пра які, аднак, не згадваецца. Жанр падручніка між тым патрабуе асаблівай выверанасці тэрміналогіі і фактаў, таму пры перавыданні кнігі пажадана выправіць і згаданыя і некаторыя іншыя недакладнасці.

рэд.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія