«Душы нястрымнае імкненне»
(некалькі думак пра паэзію Міхася Шаховіча)
Анатоль Раманчук, Гродна
Жыццё чалавека і жыццё паэта часта не супадаюць у храналагічных рамках сваіх паслядоўных этапаў. Бывае, што паэт можа сфарміравацца раней, чым самастойная і сталая асоба. Нярэдка біяграфічны лёс абрываецца ў творчым росквіце пісьменніка. Таксама неабходна прызнаць, што часамі будзённа-заклапочаны абывацель перажывае агонію ці смерць мастака. Калі гаварыць пра Міхася Шаховіча, то «спалучэнне» чалавека і творцы ў яго асобе было пазначана, думаецца, трагічнай канфліктнасцю, дыскамфортным суіснаваннем, нават, супрацьстаяннем. І зараз, на жаль, прызнаем, што ўсім прагнозам — песімістычным і абнадзейваючым — не суджана было апраўдацца, усім планам не было наканавана споўніцца. На памяць прыходзяць імёны тых пісьменнікаў, след якіх на складаных пуцявінах беларускай літаратуры хоць быў і не вельмі ёмісты, і не надта глыбокі, але — свой, асабіста-выпакутаваны, выразна абазначаны. Гэта і прадстаўнікі розных пакаленняў «масавай паэзіі» пачатку ХХ ст., лёс якіх няшчадна ламалі вайна і рэвалюцыя. Гэта і тыя натхнёныя творцы, што зведалі жахі савецкіх турмаў, а пасля полымя Другой сусветнай. Мабыць, падобныя постаці ёсць у кожным пакаленні. І не толькі значныя нацыянальныя грамадскія трагедыі нішчаць мастакоў. Другая палова мінулага стагоддзя ўчыніла еўрапейцам, славянам свой нялёгкі экзамен. І аказалася, што вытрымаць яго без ахвяр немагчыма.
Міхась Шаховіч належыць да так званага «другога пакалення» беларускіх пісьменнікаў у Польшчы. Ён увайшоў у літаратуру ў сярэдзіне 70-х гг. ужо сталым чалавекам з сур’ёзнай філалагічнай падрыхтоўкай. У размове з Т.Занеўскай «белавежац» прызнаваўся, што, хоць не мае адзінага куміра, яму вельмі блізкія літаратары рамантызму і сімвалізму. Сярод найбольш любімых называліся імёны Ясеніна, Блока, Норвіда, Мілаша, а таксама Багдановіча і Разанава. Як бачым, літаратурна-творчыя арыенціры беластоцкага паэта багатыя і разнастайныя, утрымліваюць вяршынныя праявы славянскай паэзіі ХХ ст. як Усходу, так і Захаду.
Звычайна, калі гаворка ідзе пра стылёвую харатарыстыку Шаховічавай паэзіі, яго імя ставіцца ў адзін рад з імёнамі «белавежцаў»-карыфеяў Алеся Барскага і Віктара Шведа. Тым самым самабытная паэзія М. Шаховіча заключаецца ў прадказальныя мастацка-вобразныя схемы. Між тым сувязь ідэйна-вобразнага свету твораў М. Шаховіча з творчасцю вышэйназваных пісьменнікаў даволі апасродкаваная, павярхоўная. Знаны нямецкі філосаф Артур Шапенгаўэр з упэўненасцю сцвярджаў: «Стыль ёсць твар духу, розуму... Мова, на якой пішаш, — нацыянальны твар... Каб узнавіць папярэднюю ацэнку каштоўнасці твораў пісьменніка, няма прамой неабходнасці ведаць, што ці аб чым ён думаў: для гэтага варта было б прачытаць усе яго творы, у дадзеным выпадку дастаткова ведаць, як ён думае. Вось стыль і прадстаўляе дакладны зрэз з гэтага «як»... Ён лепіць свае вобразы незалежна ад іх разнароднасці».
«Святая ноч», «Смерць валошкі», «Святы лёс», «Паэма ценяў» —нетрадыцыйныя па форме ды ідэйна-вобразнаму зместу паэмы Міхася Шаховіча. У гэтых складаных па структуры і неадназначных па змесце творах надзвычайнай інтэнсіўнасцю выдзяляецца эмацыянальны фон. Дадзеныя паэмы, думаецца, у першую чаргу лірычныя, калі пад гэтым тэрмінам разумець максімальную напружанасць пачуццяў, спавядальную шчырасць і маналагічную форму расповяду. Знешні свет у розных сваіх праявах судакранаецца з бытаваннем героя паэм і пераходзіць у духоўна-пачуццёвую сутнасць. «Святую ноч», на нашу думку, можна назваць «паэмай надзеі, веры і трывогі». Менавіта гэтыя лексемы найчасцей сустракаюцца ў стракатай канве твора. Дадзеныя паняцці ілюструюць агульны настрой паэмы. «Святая ноч», мабыць, самы абнадзейваючы твор такога маштабу з літаратурнага даробку М. Шаховіча. Вось гэтае нязводнае спадзяванне на сілу «надзеі і веры» пасля амаль знікне, адыдзе ў глыбіні свядомасці лірычнага героя. У паэме творца спрабуе заключыць свае думкі ў дасканала-афарыстычную форму: «Жыць у шчасці — не значыць патраціць надзею».
На пялёстках ружы
Гаснуць промні ночы.
Надзейнай іскаркаю
Кропелька расы
У мутным збане
Чысціню прарочыць;
Спакой і веру
Думкам праду.
Там яснасць зор,
І месяц, і надзея.
Там мае мары,
Шчырасці прыліў.
Надзею
Бачылі так многія
У веры,
І я туды
З надзеяй той адплыў.
[1, с.504 ]
Сама паэма складаецца з трох частак: «Змярканне», «Ноч», «Заранка». У «Змярканні» герой прызнаецца, што вяртаецца «з душой крывавячай надзеяй» да родных успамінаў. Т. Занеўская слушна разважае: «Герой вершаў Міхала Шаховіча часцей прыпамінае сабе здарэнні з мінулага, чым у іх удзельнічае. Мудрасць свету і сэнс людскога жыцця ўяўляецца ў працэсе прамінання. Усё жыццё героя тых вершаў — гэта няспынны працэс прыпамінання» [4, с.105].
У паэтычным свеце «белавежца» ноч — адзін з асноўных вобразаў. Ноч як пара, калі вызваляюцца містычныя сілы, калі валадарыць нешта звышчалавечае, але і не боска-чыстае, такая ноч здаўна прыцягвала думкі людзей, фарміравала (ці трансфарміравала) іх уяўленні пра навакольны свет. «Ноч/ Пакуль сіла твая,/ У сэрцы поўна надзеі»; «Спіць дзень./ Толькі Надзея і трывога /Лунацікамі ходзяць ува мне». Ноч — перыяд душэўнай свабоды, эмацыянальнай разняволенасці, а дзень «жыве па-другому, не душою, а хлебам». Таму менавіта час ад змяркання да заранкі і ёсць час, калі паэт і чалавек могуць знаходзіцца ў найбольшай гармоніі. Таму ноч — «святая». Але з іншага боку ў гэту пару найвыразней ажываюць успаміны, турбуюць чалавека, пазбаўляюць яго спакою. Герой не страшыцца памяці (мінулага) гэтак жа, як і будучыні. Заранка, адыход ночы ў яго выклікаюць думкі аб уласным адыходзе, і гэта ўспрымаецца з філасофскім спакоем: «Кожны з нас выбраў сваю каляіну».
Такі ж душэўны неспакой, такая ж прага да ўтапічнай гармоніі чуюцца, на нашу думку, і паэме «Святы лес». Лес, абагоўлены продкамі, апеты нацыянальнай літаратурай, для героя Міхася Шаховіча ўтрымлівае свой жыццёва-філасофскі сэнс, сваё прызначэнне. «Зачараванае царства» пушчы ўспрымаецца толькі праз прызму такога ж чароўнага кахання. Нечаканыя пераходы настрояў і эмоцый, узаемапранікненні вобразаў і матываў ствараюць дзіўны малюнак-калейдаскоп, калі патрэбна пільная чытацкая ўвага, каб дакладна адчуць аўтарскую задуму. Чалавечае пачуцццё па сваёй прыродзе нетрывалае, хісткае. Яно патрабуе апекі, пастаяннай падтрымкі. Адвечная ж пушча – сімвал нязводнасці і трываласці. Мабыць, гэтак жа нашы продкі ўспрымалі магутны прыродны комплекс, з якім трэба было навучыцца жыць у згодзе. Лес для героя адначасова і фон, і сведка, і саўдзельнік яго пакутліва-шчаслівых роздумаў, трызненняў, і яго кахання.Такія адносіны да прыроды ўтрымліваюць, як здаецца, паганскія прынцыпы светаразумення. З другога боку, такая натурфіласофская канцэпцыя свету вельмі пашырана ў сучаснай літаратуры і адпаведна ў «белавежскай».
За небасхілам
Прагных ценяў,
Пагоні вечнай,
Вечнай стражы —
Ёсць край
Бяскрайніх летуценняў.
Душы
Нястрымнае імкненне,
Клубком навітым
З думак пражы,
Дарогу значыць
Марам чулым
У свет вясны,
У свет натуры,
У эльдараднае
Імгненне.
[1, с.509]
У паэмах сінтэзуюцца розныя бакі чалавечай культуры, веравызнання. Чытач можа ўбачыць побач з біблейска-хрысціянскімі вобразамі чыста паганскія матывы. Разам з рацыяналістычным светабачаннем суіснуе ідэалістычнае. Гэта знайшло адбітак і ў лексіцы твораў, якая злучае розныя пласты ад спрошчана экспрэсіўнага да ўзнёсла-рамантычнага, уключаючы і неалагізмы, і аўтарскія новатворы. Характаралагічнай, на нашу думку, з’яўляецца яшчэ адна асаблівасць лірыкі М.Шаховіча — часты зварот да біблейскіх вобразаў ці рэлігійнай атрыбутыкі. Асноўнай прычынай гэтага, мабыць, з’яўляецца імкненне аўтара перадаць адчуванне сапраўднай святасці, боскай узнёсласці ўсяго таго, пра што распавядае паэт. Самога сябе ён часамі называе «блудным сынам». А малюнкі прыроды перадаюцца праз царкоўна-абрадавую сімволіку: «У святыні моляцца,/ У Святыні спевы./ Уся прырода /На ўсяночні»; «Месяц з кадзільніцы/ Сівай імглою,/ Лугі ачышчаны / З грэшнасцю дня,/ Моліцца ціха»; «спеў цудатворны, /Што /З кліраса неба/ Уліваецца ў чашу/ Зямнога быцця». Карціны прыроды — вечна рухомыя і зменлівыя — выклікаюць самыя розныя асацыяцыі, а праз іх — філасофскія роздумы і абагульненні.
«Святая ноч» і «Святы лес» — творы, у якіх даследуецца рухома-хісткі ўнутраны стан індывідуума, што нярэдка проціпастаўляецца эмпірычна-знешняму і сацыяльна-грамадскаму існаванню. «Смерць валошкі» і «Паэма ценяў» прадстаўляюць іншае кола пытанняў і праблем, што непакояць сучаснага чалавека. Гэта тычыцца найперш бытавання нацыі, яе захавання ў гістарычным працэсе. І тут кожны свядомы творца адчувае асабістую адказнасць і асабісты боль. Трэба падкрэсліць, што «белавежская» літаратура ніколі не хварэла на трыбунны патрыятызм, не звінела гучнымі прызнаннямі і абяцаннямі. Кожны беларускі пісьменнік у Польшчы мае смеласць і сілу прызнаць аб’ектыўную праўду. Але душа не можа і не жадае прыстасоўвацца пад такую праўду. «Смерць валошкі» у мінскім выданні мела прысвячэнне Сакрату Яновічу. Вось «Валошка» – адзін з першых твораў крынкаўскага філосафа: «Кропля блакіту ў спелым жытнёвым узмежку.(…) Серп пакідае цябе драпежным асеннім вятрам, якія збыткуюць, глумяцца над пялёсткамі тваёй удовінай прыгажосці. Росную свежасць палошчуць сцюдзёныя ліўні...
Ад знямогі горбішся ў парудзелым іржэўі.
Ціха паміраеш».[1, с.386]
Ужо класічны ў беларускай літаратуры вобраз васілька-валошкі, як бачым, набывае новую інтэрпрэтацыю. Наш беластоцкі сучаснік спрабуе зазірнуць далей за тую мяжу бягучага часу, калі прыгажосць і радасць бруяць у кожным моманце. Што ж за гэтай мяжой? Пісьменнік не можа дазволіць сабе ілюзію ці самападман, таму наперадзе толькі прамінанне і згасанне. У М. Шаховіча вобраз кветкі нясе такую ж ідэйна-эмацыйную нагрузку. Валошка ўспамінаецца шмат у якіх творах (напрыклад у «Святым лесе»: «Маёй мовай — Калоссе /І валошкі/ У полі. /Мае думкі, /Як сад /Усёзялёнай магноліі»).
У дадзенай паэме нават яе назва змушае да трагічнага светаўспрымання, не пакідае аптымістычнай надзеі. Думаецца, будзе не зусім правамерна ўспрымаць паэму, як чыстую алегорыю. Валошка-васілёк – сімвал, апеты яшчэ Багдановічам, таксама ў нечым перажыў дэвальвацыю мастацкай сілы. У «белавежцаў» гэты вобраз набывае новае гучанне, утрымлівае новае эмацыйнае значэнне. Валошцы наканавана памерці, і пры тым – не па сваёй волі. Што-небудзь памяняць у гэтым фатальным лёсе ніхто не можа. Іншыя сілы, варожа-чужыя і непераможныя, пануюць у свеце.
А яна
На руках зелені
Ціха
Небу спавядаецца:
— Зжалі тыя,
Што не сеялі!
Аб’ядналі
Не з’яднаўшыся!
[1, с.505]
Шчымлівы матыў безвыходнасці, фатальнасці запаланяе паэмы М.Шаховіча. Каб перадаць гэтакі настрой, аўтар карыстаецца разнастайнымі прыёмамі, фальклорнай і біблейскай сімволікай, своеасаблівай перарванай разрадкай, калі ледзь не кожнае слова выдзяляецца ў значную семантычную адзінку. Рытміка-інтанацыйны малюнак уключае і тужліва-песенныя фрагменты, і будзённа-размоўныя расповяды. Праз гэта творы «белавежца» страчваюць канкрэтную стылявую акрэсленасць. «М Шаховічу ўласцівы спантанны лірызм, які крынічыць з глыбіні яго паэтычнай істоты і, на першы погляд, не абумоўлены якімі-небудзь канкрэтнымі прычынамі» [2, с.199], — заўважае даследчык з метраполіі У. Гніламёдаў. Прыкладна гэтай жа думкі прытрымліваецца «белавежац» Я. Чыквін, калі прызнаецца, што паэзія М.Шаховіча ўражвае яго «эмацыянальнай стыхійнасцю, лірычнымі перахлёстамі»[5, с.139]. «Паэма ценяў» сваімі вобразамі, фальклорнымі перайманнямі, матывамі, якія часамі цяжка ідэнтыфікаваць, уводзіць чытача ў сапраўднаё княства, дзе практычна няма нічога канкрэтна-матэрыяльнага, звыкла-будзённага.
Туман
Усё гусцее.
Мітусяцца цені.
Яшчэ мары крычаць,
Яшчэ б’ецца надзея.
Яшчэ не ўсё разбурана
Пустаслоўем ліслівым.
Не ўсё яшчэ ўтоплена
У патрыятызме
Крыклівым (...)
Цені
Усё наступаюць,
Ужо
Да горла сягнулі.
І падлізна смяюцца.
Бог
Чамусьці нячулы.
[1, с.523]
Героя паэмы можна ўспрымаць, як абстрактнага творцу-пісьменніка, што ідзе па шляху расчаравання і самоты. Тры «ездакі», якіх сустракае герой, сваёй няўмольнасцю нагадваюць «вершнікаў Апакаліпсіса», здаецца, яны не пакідаюць ніякай надзеі. Разам з тым, герой М.Шаховіча знаходзіць сілы, а галоўнае – мэту, каб тварыць (пісаць). Ён прысягае: «Аддаю душу/ З крывёю./ Дай паверыць /У самастойнасць». У адным з інтэрв’ю на амаль рытарычнае запытанне пра ролю паэзіі ў ягоным жыцці, М. Шаховіч адказаў: «Паэзія ў маёй творчасці з’яўляецца ў пэўным сэнсе святыняй — малюся пры неабходнасці, рэдка, але ад сэрца»[3, с.110]. «Паэму ценяў» можна ўспрымаць як своеасаблівы тэстамент. Зараз ужо застаецца толькі, калі стане смеласці, спрычыніцца да таго душэўнага болю, псіхалагічнай напругі, пакутлівага роздуму, якімі вызначаецца герой паэзіі Міхася Шаховіча. Тыя кнігі, творы, якія засталіся пасля пісьменніка, пакідаюць надзею, што «краіна ценяў», куды ўрэшце трапляе ўсё, хоць часамі будзе адпускаць сваіх падданых на сустрэчу з жывымі.
1. Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХст. – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2000.
2. Гніламёдаў У. рэфлекЛітаратурнае жыццё на Беласточчыне: паэзія, проза, крытычныя сіі // Полымя.– 1995.– № 3.
3. Zaniewska T. A dusza jest na Wschodzie. Polsko–białoruskie związki literackie. – Białystok, 1993.
4. Zaniewska T. Podróż daremna. Szkice o poezji białoruskojęzycznej w Polsce. – Białystok, 1992.
5. Чыквін Я. Да вытокаў роднага / Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа. – Беласток, 1997.