БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

Рыцар Дажджу

Людка Сільнова, Мiнск

(Юрку Голубу – 55)

Дзень нараджэння Паэта – дробная ўмоўнасць. І, вядома, святая нагода сказаць некалькі добрых словаў у падарунак чалавеку і майстру. (Напрыклад, пра тое, што 55 – гэта дзве заслужаныя адзнакі “выдатна”: за змест жыцця і за пісьменнасць...)

Дакрануцца да тайны паэтавай індывідуальнасці – і не апячыся, бо зрабіць гэта словамі, проста словамі, тонкімі, празрыстымі пальчыкамі словаў. Што можа быць зманлівей у доўгія зімнія вечары, у чаканні калядных святаў ці ўрачыстага Раства Хрыстова!

Усё-ткі паэтамі ў большай ступені нараджаюцца, чымсьці робяцца, напрыклад, з цягам часу, праз пэўную паэтычную практыку і муштру на выбеленым сонцам славы пляцы Парадку і Публічнасці. Праўдзівы паэт – як герой культурнае бітвы – жыве ў міфалагічным часе, у Вечнасці, і таму помніць, здаецца, нават момант свайго фізічнага нараджэння:

А потым полымя! А потым...
Туга вачэй...
Бязважкасць рук...
І сок зацягвае кару
На дзічцы-падчарцы ля плота.

(“Хата, якой няма...”)

Нараджэнне? ці смерць?..

“Поруч з дажджом”. “Вышыня была наканаваная яму ад нараджэння – вёска Горна, прозвішча Голуб. ... З узвышэння, як вядома, лягчэй узлятаць”, – пісаў пра паэта другі паэт – маладзейшы, але ўжо не са збраяносцаў! – Міхась Скобла (М. Скобла “Пад сэрцам у Радзімы...” // Роднае слова. 1997. № 10). І тая публікацыя была – сапраўдны падарунак гарадзенскаму паэту на свята! Жывая, цёплая, далікатная, – як падарыць у дзяцінстве сябру жывога сабачку, кацяня або птушку (хутчэй птушку: тэкст проста шумна “лапаў” у прасторы вялікімі фотаздымкамі-крыламі!..).

Чамусьці астатнія юбілейныя матэрыялы пра Юрку Голуба, шматлікія рэцэнзіі, водгукі на маленькія, мяккія на дотык, нібы трава, зборнічкі вершаў (ніводнага ў цвёрдай, грунтоўнай вокладцы!) – амаль усе пакідаюць у мяне ўражанне павярхоўнага, звыклага падыходу іх аўтараў да заказанага, хутчэй за ўсё, тым ці іншым рэдактарам тэксту. Тэксты чытаюцца гладка, але праходзяць, як вада скрозь пальцы, – і нічога не застаецца. Без адказу пытанні: дык хто ж ён такі, Юрка Голуб? Які ў яго паэтычны Статут? А найважнейшыя подзвігі? Слабіна? А Дама сэрца?.. Адно невыразная вільгаць на роспачна раскрытых далонях. Дзе жывая магія? Дзе скарб?.. Вось якія нейтральныя, “ніякія” назвы у тых артыкулаў пра сціплага “сына небасхілу”, нібыта пра вечнага вучня ці нясмелага харашыста: “Пачатак” (Р. Бярозкін), “Узыходжанне” (А. Пысін), “Прызнанне сыноўняга сэрца” (А. Петравец), “Урокі другой кнігі” (Ю. Свірка), “Ад імя пакалення” (В. Нікіфаровіч), “Выспяванне слова” (В. Ярац) і зноў “Узыходжанне” (В. Макарэвіч)...

Толькі некалькі назваў падаюцца больш-менш трапнымі, не стрэламі ў “малако”. Акрамя ўпамянутага анталагічнага “Пад сэрцам у Радзімы...” (М.Скоблы), вылучаюцца яшчэ тры – нібыта назвы трох частак творчай біяграфіі нашага паэта: “Пра сувязь зоркі і травы...” (С. Алексіевіч), “Дзеля праўды” (В.Быкаў, на рускай мове) і “Дзейнасць думкі і пачуцця” (Р. Семашкевіч). Тут паўстае й пералік пяці асноўных хімічных рэчываў, якія кіпяць у тыглі паэзіі Юркі Голуба.

Пра юнацтва – частку – ці пра поўнае жыццё калісьці напісаў ён радкі, падобныя да алхімічнае формулы сваёй творчасці:

Жыццё раскладзена на трэці:
Адна... Яшчэ... Яшчэ адна.
Хачу старонкі ператрэсці,
Дзе жылка кожная відна.

(“Зноў галубіныя веранды”)

Чаму так сталася, што, бясспрэчна, таленавіты і своеасаблівы Юрка Голуб не выявіўся, як іншыя паэты яго пакалення: Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, – ярка, гучна, выразна, часам скандальна, ці драматычна?.. Ён заўсёды заставаўся ў сваёй паэзіі-магіі нешматслоўным, як бы ў ценю. У смузе дажджу, пад зялёным голлем дрэваў, кустоў. Не, ён не быў “шэрым” – быў хутчэй “серабрыстым”. Нібы закаваны ў латы шляхетны Рыцар Дажджу. З верным, празрыстым, як вецер, крылатым канём Пегасам за аброць...

А што, калі паглядзець на нашага сціплага паэта не будзённымі вачыма, а ўзброіўшыся якой прыладай, напрыклад, праз Чарадзейны Крышталь (той самы, з заходнееўрапейскіх казак, паэт жа сам родам з Гродзеншчыны, Заходняй Беларусі!)?.. Ды мы ўжо, здаецца, і глядзім праз яго: перад намі не “ардынарны індывідуум” з драбнюткага верша “Спроба аўтапартрэта”, а рамантычны і таямнічы Рыцар Дажджу Юрка Голуб. (Цікава, што і на зборніку вершаў Юркі Голуба, які нядаўна выйшаў у Мінску і называецца “Поруч з дажджом”, пададзены – у выглядзе рэальнай фатаграфіі – твар пасталелага паэта, які пільна, як варта, або міфалагічная птушка ці вайсковец, углядаецца ў Нешта праз густы косы дождж.)

“Голас травы”. Тэма травы, яе шматпланавая сімволіка, праходзіць праз тэксты ўсіх вершаваных кніг Юркі Голуба.

Нават вялікая падборка перакладаў ягоных вершаў на рускую мову, што выйшла ў Маскве ў канцы 1980-х гг. у арыгінальным калектыўным зборніку (серыя “Кнігі ў кнізе”) у выдавецтве “Маладая гвардыя” (!), называлася знакава “Голас травы”. Паэт прызнаўся тады ў прадмове: “Пісаць пра сябе – занятак даволі рызыкоўны...

Аднолькава не хацеў бы ні ўпадаць у празмерную сціпласць, ні займацца самахвалой. Няхай меркаванне пра аўтара складаецца ў аматараў паэзіі па ягоных вершах...

<...>

А голас мае ўсё жывое на зямлі, нават трава...”

Паэт прыпадабняе траву душам людзей: “На сцежках былых перамог/ выраслі нашыя душы”. Ён вызначае далей гераічную трываласць травы пад вятрамі і навальніцамі: “Нішто яе з ног не саб’е, / і грае яна без упынку”. Наш рыцар робіць ёй амаль рамантычнае прызнанне: “І голас травы, паміж тым, / хвалюе, / бярэ, / непакоіць... / І сцелецца голас, як дым, / па сэрцы...” Трава ў Голуба падобная да нейкага абагульненага жаночага вобразу, сімвалу Вечнага жыцця, Вечнай Жаноцкасці, а ў нашае сістэме вобразнасці – да Прыгожае Дамы... Паэт-рыцар нават чуе словы яе ў адказ: «І шэпча трава: “Беларус, / цябе анідзе не забуду”», – як дама сэрца кажа на развітанне свайму каханаму перад дальнім паходам.

Гэтым інтымным, мілосным прызнаннем травы – Травы – адкрываецца чацвёрты паэтычны зборнік паэта “Помню пра цябе”. Бо сапраўды, наперадзе – невядомае падарожжа лірычнага героя, узброенага толькі словамі і сваім мірным умельствам.

Варта адзначыць, што ў лексіцы назваў кніг Юркі Голуба выразна дэкларуецца тэма дажджу (як мужчынскасці, нябёсаў, высакароднага абранніцтва, у рэшце рэшт, гераічнай самаахвярнасці і г.д.): “Гром на зялёнае голле” (1969), “Дрэва навальніцы” (1973), “Векапомнае поле” (1976), “Помню пра цябе” (1983), “Сын небасхілу” (1989) і “Поруч з дажджом” (2001). Але асобныя вершы ў іх маюць у сваіх назвах не толькі металёвыя рыцарскія шоламы (“Дождж у Кракаве”, “Дождж у канцы вайны”, “Пасля дажджу”, “Шум дажджу”, “З нагоды позняга грому”, “Дождж на пляцы”, “Замалёўка ліўня” і іншыя), але і ўзорыстыя, утопленыя ў тэкст, як у валасы, жаночыя дыядэмы (“Ля спакойнай травы і вады...”, “Незнаёмыя шолахі траў...”, “Запыніцца сонца ў травах...”, “І трава, і дзіва, і дымок...”, “Высокім травам даспяваць...” і іншыя). Як маленькія кароны на жаночых фрызурах – назвы “Луг”, “Поле”, “Пах травы”.

З цягам часу вершы пра траву пішуцца і адпаведна называюцца паэтам усё радзей. Як і пра дождж... Усё больш – пра снег, зіму, маразы, віхуру і сена пад снегам: гэта новы ўзрост “лірычных герояў” паэта. Час вымагае быць іншым: дажджу – стаць халодным, як снег; траве – пажоўклай і схаванай пад мяккім сівым покрывам новага сезону.

У шостай кнізе вершаў Голуба ёсць на гэтую тэму кранальны “Трыялет расы”: “Старая раса на адхоне / Не падае вобзем з травы”... А праз некалькі старонак – заключны ў кнізе, нейкі “па-за-часавы” аптымістычны “Трыялет вадаспаду”. Прывядзем цалкам гэты ўзор любоўнай (рамантычнай? гераічнай? рэлігійнай?..) паэзіі Юркі Голуба.

На руках трымаеш вадаспад,
Ён табой, як я, зачараваны.
Дзе маланак повязь разарвана,
На руках трымаеш вадаспад.
Хоць гадоў ружанцы перабраны,
Азірнуўся, здзіўлены, назад:
На руках трымаеш вадаспад,
Ён табой, як я, зачараваны
.

“Зорны каляндар”. Універсальныя тэма дажджу і тэма травы маюць у паэта сувязь з тэмаю космасу і Сусвету ўвогуле. Гэтая сувязь адлюстраваная ў такіх вершах як “Пачатак”, “Юрыю Гагарыну”, “Чаканне снегу”, “Шум дажджу”, “Другое дыханне”, “Пах травы” і ў іншых. Пры апошнім з названых вершаў (ён надрукаваны ў зборніку “Дрэва навальніцы”) чытач знойдзе такі “касмічны эпіграф”: “Я на ўсё жыццё запомніў пах, што ўварваўся да нас у карабель, калі мы толькі адчынілі люк для пасадкі. Гэта быў пах травы...” (Віталь Севасцьянаў, лётчык-касманаўт СССР). (Нават на вокладцы кнігі – выява касманаўта ў скафандры і зашклёным шлеме!)

Пры вершы “Шум дажджу”, які змешчаны ў зборніку “Сын небасхілу”, – эпіграф такога ж кшталту: “ – Пеця, а ты помніш шум дажджу? – спытаў я. – Забыў ужо, сказаў ён і задумаўся.” (З касмічнай размовы В. Севасцьянава і П.Клімука). Складваецца міжволі ўражанне, што наш шаноўны паэт нейкім дзівосным чынам чуе не толькі ціхуткі голас зямное травінкі, але і страшна далёкія галасы касмічных вандроўцаў. І гэта надае невымерны аб’ём ягонай індывідуальнай творчай прасторы!

Прыгонны даўніх запаветаў,
Уласнай волі гаспадар,
Ты сёння валадар Сусвету
І дзён наступных уладар.

(“Шчырае”)

Рыцар – гэта чалавек рытуалу. Ён трымаецца своеасаблівага Статуту, Закону аб справядлівасці; і гэта надае ягонаму жыццю адчуванне парадку і сэнсу, нават, калі хочаце, прыгажосці (бо хаос – брыдкі, што б там ні гаварылі пра “поўную свабоду”!)

Асабліва, калі гэта Рыцар Дажджу...

А з Космасам, Сусветам, увогуле вялікай прасторай узнікае ў паэта аса-цыяцыя ў такіх варунках (“каардынатах быцця”) вельмі натуральна: радзіма ры-цараў і герояў – неба, на адной зямлі ім існаваць зацесна. Час жа іх – вечнасць.

Год нараджэння (1947),
А мне ў гэтых дужках цесна!
І, непрытомны, амаль адпачываю
На беразе ўспамінаў...
На гарачым пяску...

(“Бацьку”)

“Ідзём, каб майстраваць”. Паэт жыве як бы не ў звыклым, лінейным, а ў “Свяшчэнным Часе”, які “з’яўляецца першасным міфічным часам, пераўтвораным у цяперашні” (Мірча Эліадэ). Ён ёсць заўсёды часам пачатку пачаткаў, святам стварэння свету, які не канчаецца. Героі самай першай кніжкі паэта Голуба прыходзяць у свет, “каб майстраваць” – будаваць, сеяць, лавіць рыбу, пілаваць дровы, даваць святло, асвойваць новыя землі, быць піянерам (нават у космасе). Прыгадаем вершы з тыповымі для Юркі Голуба назвамі – “Майстры”, “Сталярка”, “Цагельня”, “Пілуем дровы”, “Мяняюць дах”, “Вынаходніцтва веласіпеда”, “Нарачанская рыба”, “На Беларускай чыгунцы”, “Шафёрская балада”, “Сейбіт”, “Сенакос”, “Рамонт дарогі”... У іхніх герояў –

Часу груз на спіне.
Асалода работы.

(“Рабочае слова”)

Пэўна, гэта і яднае іх з героямі вершаў і баладаў англійскага пісьменніка Дж.Р. Кіплінга (“Марфіны сыны”, “Ветэраны” і іншыя – пра майстроў з залатымі рукамі, шукальнікаў прыгод і ваяроў).

(Мірнае і вайсковае часта сплятаюцца ў вершах Юркі Голуба так, што не разлучыць: “Травы зялёнае паўстанне”, “Раптоўная за садам / Чырвоная засада – / Засада снегірова”, “Няспешнаю стала вада / Пад латамі буйнага лісця”. Тут “латы” – частка вайсковага адзення – альбо каляровыя плямы-нашыўкі на блакітнай сукенцы ракі?.. Гэта ўсё – разам, таму што прыгожы свет, дадзены ў падарунак, трэба вартаваць.)

З гэтага пункту гледжання, прыпадабняючыся да першапачатковых багоў і герояў, наш аўтар “з нічога (з “проста слоў” – Л.С.) можа саткаць тое, што пераходзіць у стан канкрэтнага і як бы становіцца матэрыяльным” (В.Макарэвіч. Узыходжанне // Маладосць. 1998. № 10)...

Паэзіі Юркі Голуба ўласцівыя і іншыя рамантычныя матывы традыцыйнай заходнееўрапейскай паэзіі, якія бяруць свае вытокі з глыбокага Сярэднявечча. Любімы пейзаж паэта – халаднаваты, паўночны. Манера выяўляць сябе – стрыманая, высакародная; форма вершаў – спарадкаваная, лаканічная (нават у верлібры). І – смеласць вобразаў, раптоўная, дзёрзкая метафарычнасць! Нібыта выпад у час двубою...

Адтуль жа ягоная цікавасць да такога сярэднявечнага жанру паэзіі як трыялет, неразгаданага іншымі даследчыкамі. У ХІХ, ХХ стагоддзях да трыялету звярталіся такія вядомыя пісьменнікі, як М.Карамзін, Ф.Салагуб, М.Багдановіч (апошні змяніў уяўленне аб трыялеце як легкадумным жанры, надаўшы яму філасафічнасці, грамадскага пафасу). І вось устойлівы працяг традыцыі – Юрка Голуб...

Вернасць абранаму ладу жыцця (ці наканаванаму: нам так і не зразумець гэтага), пачуццё абавязку, асабістая сціпласць, шляхетнае стаўленне да жанчын, уменне трымаць у руках самыя розныя інструменты, ад кавальскага молату, сякеры – да касы і мяча, – усё гэта, на наш погляд, вызначальныя рысы творчасці вандроўнага ваяра і чараўніка, Рыцара Дажджу Юркі Голуба.

У ягонай паэтычнай краіне Сыноў Небасхілу нават “буслы вартуюць край і комін” і “арлы не хочуць пакідаць пасты”!

Свята паэзіі Юркі Голуба – гэта “свята дзядоў”, калі “засынаюць у гнёздах восы”, а “старыя сады стаяць”, і “вечар адчыняе дзверы” проста ў спрадвечны дом, дзе заўсёды “багата на сталах”...

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія