Справаздача
з працы Управы БЛА “Белавежа” за перыяд
ад 14.03.1999 да 8.06.2002 гг.
Папярэдні справаздачна-выбарчы З’езд Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” прыняў наступную пастанову:
1. Павялічыць колькасць літаратурных сустрэч.
2. Арганізаваць літаратурныя семінары.
3. Забяспечыць школы з навучаннем беларускай мове выданнямі “белавежцаў”.
4. Дасылаць нашыя выданні ў навуковыя асяродкі Еўропы і Польшчы.
5. Шукаць фінансавых сродкаў у пазаўрадавых структурах.
6. Даць магчымасць выезду ў Мінск усім сябрам арганізацыі.
7. Павялічыць управу з трох да пяці асоб.
8. Звяртацца да ўсіх сяброў арганізацыі за кансультацыяй у праграмных справах.
9. Наладзіць кантакты з літаратурнай моладдзю.
10. Пашыраць выдавецкую дзейнасць.
Гэтыя пункты датычацца асноўных напрамкаў дзейнасці нашай літаратурнай арганізацыі. Яны ў згодзе са статутовымі мэтамі аб’яднання, і таму, зразумела, што перагукаюцца або й паўтараюцца ў той ці іншай форме з пастулатамі прынятымі ранейшымі з’ездамі.
Апошнія дзесяць пунктаў, якія Управа літаб’яднання забавязана была вырашаць, аб’ядноўваюцца, па сутнасці, у дзве ўзаемадапаўняльныя праблемы:
1) праблема ўнутрыарганізацыйнага жыцця (пп. 6, 7, 8, 9);
2) праблема няспыннага пашырэння ведаў пра беларускую літаратуру ў Польшчы – асабістым маніфестацыйным удзелам або толькі пасрэдна, праз аб’яўленне сваіх кніг (пп. 1, 2, 3, 4, 5 і 10).
Вось гэтымі дзвюма вялікімі праблемамі, а таксама, вядома, і іншымі, бягучымі і займалася апошнія тры гады Управа. Яны ж для Управы, зноў як бы самі сабою, расчапляліся на меншыя справы, драбніліся, бывала на нейкі час знікалі з поля зроку. Сёння, аднак, агульна кажучы, два гэтыя праблемныя колы спраў атрымалі сваё чарговае вырашэнне, запоўніліся новым зместам у той ступені, як гэта магчыма было зрабіць за трохгадовую кадэнцыю. І рабіць ведаючы, што не падводзім ужо канчатковых вынікаў, а што, дзякуй Богу, ёсць адкрытая перспектыва далейшай творчай і арганізацыйнай дзейнасці.
Менавіта гэтая перспектыва – будучыні нашай літаратурнай арганізацыі, адкрытасць яе творчага працэсу былі для Управы як бы трэцяй вузлавой праблемай. Яна змушала задумоўвацца не раз над патрэбай аднаўлення метадаў працы, пошуку адэкватных зменлівай знешняй рэчаіснасці форм існавання. Планы сяброў Управы, што гаварыць, былі амбітныя. Але гэта ў значнай ступені таму, што адчувалася і адчуваецца вялікі творчы даробак і ўсё жывы творчы патэнцыял “белавежцаў”. Вось адсюль з’явілася і жаданне і мусовая патрэба выдаваць такія тоўстыя часопісы-гадавікі, як “Тэрмапілы” і “Annus Albaruthenicus”. Задоўга да канца сваёй гэтай кадэнцыі Управа колькі разоў ужо задумоўвалася, напрыклад, як адзначыць 45-годдзе “Белавежы” (8 чэрвеня 2003 года). Ёсць дзеля гэтага ўступныя прапановы, ствараюцца планы на бліжэйшую будучыню.
Што тычыцца справаздачнага перыяду і калі гаварыць аб падрабязнасцях, то трэба сказаць, што за гэты час сама Управа збіралася шаснаццаць разоў, арганізавана было пяць семінараў, сустрэч, прысвечаных ушанаванню дня нараджэння Сакрата Яновіча, Віктара Шведа, а таксама Дзмітрыя Шатыловіча, Васіля Петручука, Янкі Жамойціна. Адзначаліся ўгодкі такіх нашых калегаў, як Надзея Артымовіч і Уладзімір Гайдук. У семінарах прымалі ўдзел даследчыкі з Мінска і Гародні (Галіна Тычка, Алена Таболіч, Алесь Пашкевіч, Алесь Чобат) і польскія вучоныя (Базылі Белаказовіч, Тэрэса Занеўская, Галіна Тварановіч).
Па меры выхаду ў свет новых кніг “белавежцаў” усе яны рассылаліся ў еўрапейскія навуковыя цэнтры, а таксама ў беларускія навуковыя ўстановы. Наладзілася справа з пашырэннем кніг у нашых школах праз Тамару Русачык. І высылка кніг, і распаўсюджванне іх у школах сталіся пэўнай добрай нормаю.
Надалей жа клапатліва з фінансавымі сродкамі. Іх немагчыма “вырваць” у пазаўрадавых структур. Такія намаганні рабіліся. Не ўсе яны безвыніковыя. Падтрымаў нас два разы Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі “Польшча-Беларусь”. Вельмі моцна, дзякуючы Сакрату Яновічу, дапамог фінансамі ў выданні анталогіі ў Мінску Міраслаў Цялушэцкі. Даклалася да яе сужонства з Варшавы Ірэна і Кастусь Сахарчук і пасольства Беларусі ў Польшчы.
Як бы ні было, адзіным стабільным спонсарам для нас дасюль з’яўляецца польскае Міністэрства культуры. Дзякуючы гэтай крыніцы цягам трох справаздачных гадоў беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” выпусціла ў свет, акрамя трох чарговых нумароў тоўстых “Тэрмапілаў”, чатырнаццаць новых кніг прозы, паэзіі, зборнікаў артыкулаў, навуковых прац, альманахаў: у 1999 г. – Сакрат Яновіч, Запісы веку, Жэня Мартынюк, На парозе, Ян Чыквін, Лісце срэбнай таполі. З польскай лірыкі ХХ ст.; у 2000 г. – Сляза пякучая айчыны, Віктар Швед, Выбраныя вершы, Дзмітры Шатыловіч, Хвалі часу, Міхась Андрасюк, Фірма, Зося Сачко, Паэмы, Алесь Разанаў, Гліна. Камень. Жалеза, Анатоль Раманчук, Гарыць мая свяча; у 2001 г. – Букет Белавежжа, Міра Лукша, Бабскія гісторыі, Алесь Пашкевіч, Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя ды ў 2002 г. – Ян Чыквін, Крэйдавае кола.
Побач з пісьменнікамі больш спрактыкаванымі, вопытнымі, аўтарамі шматлікіх кніг, варта тут адзначыць дэбют у самастойным кніжным выданні Жэні Мартынюк і Міхася Андрасюка.
А гэта ж і не ўсё з напрацаванага. Вядома, што, як і раней, “белавежцы” прабівалі сабе дарогу ў друк па-за структураю сваёй арганізацыі – у Беластоку, Варшаве або яшчэ дзе ці нават за межамі краіны. За гэты справаздачны перыяд такім чынам з’явілася яшчэ болей дзесятка кніг: Надзея Артымовіч, Адплывае спакойнае неба, Алесь Барскі, Nostalgie, Георгій Валкавыцкі, У каменным крузе і Сваякі, Тэрэса Занеўская, Dziki wiatr. Rozmowy ze Stefanem Mucharskim; Przez burze pod wiatr. Szkolnictwo i oświata polska na Zachodzie w czasie II wojny światowej ; Dżennet znaczy raj; Галіна Тварановіч, Верасы Дараганава, Віктар Швед, Lata wiatr skrzydlaty i Śmiech nie grzech, Сакрат Яновіч, Ojczystość. Białoruskie ślady i znaki, яго ж Z księgi Podlasia. Białoruska mniejszość narodowa w Polsce. Яшчэ раз узгадаем, што ў Мінску выйшла ў “Беларускім кнігазборы” анталогія Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ стагоддзя. Дык вось, агулам за тры гады маем такі творчы плён: выпушчаны 26 кніг, 1 анталогія, тры нумары “Тэрмапілаў” і таксама тры нумары “Annus Albaruthenicus”.
Трэба дадаць, што гэта выдавецкая актыўнасць “белавежцаў” суправаджалася даволі частымі аўтарскімі сустрэчамі (Т.Занеўская, С.Яновіч, В.Швед, В.Петручук).
Прамая ацэнка мастацкай якасці твораў, апублікаваных “белавежцамі”, значнасць іх кніг у літаратурным працэсе беларускай і польскай культуры не належыць да задач Управы літаратурнага аб’яднання. Ды гэта не значыць, скажам на маргінэсе, што сябры Управы ў тых справах некампетэнтныя. Аднак жа сталася добраю традыцыяй ва Управе непасрэдна гэтыя пытанні не ўздымаць, тым болей, што да гэтага і абавязвае нас статут, у якім не прадугледжваюцца аналіз і крытычныя разборкі ды іерархізаванне Управай якіх-кольвек твораў.
Тым не менш сябры Управы ўсюды ў знешняй прэзентацыі даюць станоўчую ацэнку творчасці сваіх калег. Ёсць дзеля гэтага ўсе падставы. Сёння варта ўсвядоміць сабе яшчэ і такую ісціну. Беларуская эміграцыйная літаратура як жывы працэс спыняецца. У жывых застаюцца лічаныя: у ЗША – М. Кавыль (1915 г.) і Я. Юхнавец (1921 г.), у Канадзе – К. Акула (1925 г.) ды ў Англіі Ю. Весялкоўскі (1924 г.). Усе астатнія відныя ў свой час эміграцыйныя пісьменнікі ўжо не жывуць. Па-за межамі Рэспублікі Беларусь застаемся толькі мы. Мы і навокал нікога. У час, калі ў Беларусі да нуля згортваюцца праявы беларускай нацыянальнай культуры, перад намі вырысоўваюцца новыя мэты дзеяння і маральна-эстэтычны ды нацыянальны абавязак не даць, прынамсі ў Польшчы, пагаснуць беларушчыне. Няхай гэтыя словы не будуць кінуты на вецер!
Асаблівую актуальнасць у гэтай сітуацыі мае выданне нашай перыёдыкі, двух гадавікоў, адкрытых для ўсяго беларускага сучаснага кантэксту. Варта нагадаць, што і ў “Тэрмапілах” і ў “Годзе Беларускім” друкуюцца нароўні прадстаўнікі ўсіх пакаленняў беларускай літаратуры – ад найстарэйшых (М. Сяднёва, Я. Брыля ) да наймалодшых, сучаснікаў-авангардыстаў – празаікі, паэты, крытыкі, даследчыкі, перакладчыкі, адным словам, усе зацікаўленыя развіццём і пашырэннем беларускага мастацкага слова ў свеце.