|
Нарэшце вярнуліся
Вольга Шынкарэнка, Гомель
Нараджаючыся ў канкрэтных прасторы і часе, пачаўшы аднойчы свой шлях, чалавечае жыццё імкне далей вызна-чанымі лёсам пуцявінамі, але наробкі яго абавязкова мусяць вярнуцца да першавытокаў, да тых мясцін, дзе гэтае жыццё задумвалася і выношвалася. Таму дарогі, далёкія і блізкія, пакручастыя і плаўныя, шырокія і памерам са сцяжынку, пры ўсёй рознанакіраванасці заўжды зваротныя.
Вось і сучаснае літаратуразнаўства, дбаючы як пра паўнату асвятлення нядаўніх здабыткаў мастацтва слова, так і дзеля спраўджання самой гістарычнай аб’ектыўнасці, ушчыльную за апошні час узялося за асвятленне творчых наробкаў эміграцыі. Шматвектарнасць і належнасць глыбіні іх агледзінаў у многім акрэслілі “Далёкія і блізкія” (1997) Яна Чыквіна, змест якіх разам з асобнымі артыкуламі і працамі адпаведнай тэматычнай скіраванасці Б. Сачанкі, Ю. Гарбінскага, М. Мішчанчука для метраполіі шмат у чым стаўся сенсацыйным. Маецца на ўвазе і колькасць адкрытых персаналіяў, і глыбіня філасофска-эстэтычнага прачытання створанага мастакамі слова за межамі Айчыны пераважна ў другой палове ХХ стагоддзя. Услед за кнігай паэта і даследчыка з Бельска, творчая манера якога здолела змясціць невымерныя абсягі антычнай, усходняй і заходняй культурных традыцый, не размыўшы пры гэтым уласнае самадастатковае “я”, толькі за апошнія гады ў Беларусі з’явіліся пасля нью-йорскай “Архіўнай кнігі”, надзвычай змястоўныя “Камэнтары” Л. Юрэвіча, вынашаныя “Пакліканыя” Л. Савік. У Беластоку выйшлі ў свет “Зваротныя дарогі” (2001) аўтара вершаванай “Нябеснай сірвенты” і ўзнёсла-паэтычных раманаў-дакументаў “І дам табе вянок жыцця...”, “Пляц Волі” А. Пашкевіча. Якраз на даследаванні апошняга, прысвечаным назіранням над прозай беларускай эміграцыі ХХ ст., хочацца спыніцца больш дэталёва.
Неабходнасць стварэння такога кшталту працы самім аўтарам абгрунтоўваецца наступным чынам. “Увод у адзіны нацыянальны кантэкст імёнаў літаратараў эміграцыі – гэта ўадначас і нашае ўзбагачэнне, і запаўненне мастацкіх пустотаў, і дапраходжванне (хоць і запозненае з прычыны неспрыяльных дзесяцігоддзяў ідэалагічнага прэсінгу на ўсё “замежжа”) непяройдзенага нашай літаратурай” (Пашкевіч Алесь. Зваротныя дарогі... С. 5 (Далей спасылкі па гэтым выданні з указаннем у дужках адпаведнай старонкі).). Менавіта таму, вызначыўшы ў якасці дамінуючай тэмы ў прозе беларускай эміграцыі нацыянальнае адраджэнне і станаўленне дзяржаўнасці ў розныя гістарычныя эпохі з рэалізацыяй яе ў самых розных жанрава-стылёвых адзінках, даследчык у кожным канкрэтным выпадку імкнецца да спасціжэння творчай індывідуальнасці таго або іншага мастака слова. Ім адшукваюцца адметныя крытэрыі ідэйна-эстэтычнага аналізу, што дазваляюць максімальна наблізіцца да лагічнага прачытання або інтуітыўнага ўгадвання пісьменніцкай задумы, адчуць шматмернасць самога мастацкага тэксту, якая і забяспечвае заўсёдную актуальнасць, жывучасць і вяртанне слова праз гады. Улік зместава-фармальных асаблівасцяў эмігранцкай прозы, вылучэнне ў ёй у якасці вядучых гістарычнай, мемуарна-біяграфічнай, сатырычнай плыняў у адметных жанравых мадыфікацыях даюць магчымасць А.Пашкевічу акрэсліць спецыфіку ўзнаўлення нацыянальнай мадэлі быцця, прыродна-касмічнае светаадчуванне і характаралогію беларусаў творцамі, якія былі адарваны ад родных каранёў па самых розных прычынах.
Разважаючы над эканамічнымі і палітычнымі прычынамі беларускай эміграцыі і прызнаючы відавочную перавагу апошніх, даследчык лічыць за неабходнае ўзнавіць асноўныя этапы літаратурна-грамадскага руху на працягу ХХ ст. праз зварот да дзейнасці найбольш значных згуртаванняў, выдавецтваў, а таксама дзейнасці канкрэтных асоб. У сціслай, даведачнай форме ім характарызуецца кожная з краін, што хоць у нейкай ступені мела дачыненне да беларускай эміграцыі ці з’яўлялася яе асяродкам. Асобна вылучаюцца аўтарам Літва, Латвія, Чэхія, Нямеччына, ЗША, Англія, Францыя, Польшча, Аўстралія.
Услед за Л. Корань аўтар манаграфіі “Зваротныя дарогі” ўспрымае літаратурны працэс апошняга стагоддзя не толькі як з’яву пасіянарную, крэатыўную, але і адметную заўважнай няроўнасцю ў развіцці, пэўнай перарванасцю, г.зн. дыскрэтнасцю. Тым больш прыкметна зазначаная рыса выяўляе сябе ў эмігранцкай культуры, што асабліва сур’ёзна заявіла пра свае ўласныя мажлівасці ў часы БНР і напрыканцы Другой сусветнай вайны. Якраз тут без пагрозы ідэалагічнага ўздзеяння здолела найбольш захавацца філасофска-мастацкая мадэль беларускага космасу, кажучы словамі А.Пашкевіча, “практопія нацыянальнага духоўнага і сацыяльнага ўлад-кавання” (38), што дагэтуль сфармавалася ў працах Ф. Шантыра і У.Канчэўскага, творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, А. Гаруна і М. Гарэцкага, “нязменнага сакратара беларускага Адраджэння” В.Ластоўскага. Дадзенае меркаванне наўрад ці магчыма аспрэчыць. Сапраўды, нароўні са сваёй класічнай папярэдніцай беларуская проза, літаратура наогул у ХХ ст. захавала шматфункцыянальнасць прызначэння, не абмяжоўваючыся чыста эстэтычна-мастацкай роляй, сумяшчаючы ў сабе адзнакі розных сфер інтэлектуальна-пачуццёвай дзейнасці чалавецтва.
І ўсё ж падаецца, што А. Пашкевічу не патрапіла прадставіць усё айчыннае мастацтва слова акрэсленага перыяду ў выглядзе цэласнай гісторыка-культурнай эпохі, як тое заяўлялася ў адпаведным раздзеле (Гл.: с. 31-49). Па-першае, пры ўсёй вехавасці не толькі “нашаніўства” і “ўзвышэнства” вызначалі сабою асноўныя кірункі літаратурна-мастацкага развіцця ў крывавым ХХ ст. Па-другое, паўнаты адлюстравання карціны не можа быць без назірання над дынамікай усіх без выключэння жанравых форм. Па-трэцяе, актывізацыя той або іншай зместава-відавой адзінкі ў пэўны перыяд гістарычнага развіцця не азначае гэткай жа плённасці яе функцыянавання на працягу цэлай эпохі. Ды і наўрад ці наогул мэтазгодна кідацца-замахвацца на неабдымнае, маючы папярэдне вызначаныя канкрэтныя задачы ў выглядзе канцэптуальнага доследу прозы ХХ ст. ва ўсёй шматстайнасці яе жанрава-стылявых праяў.
Так, з асаблівай увагай аўтарам работы разглядаецца гістарычны эпас беларускай эміграцыі, гэты “своеасаблівы індыкатар сталасці нацыянальнай літаратуры, паказальнік яе ідэйна-мастацкага росту, складнік агульна-нацыянальнага культурнага і грамадскага адраджэння” (50). Пры гэтым даследчык не ўнікае размовы пра вытокі фармавання гістарычнага жанру, спецыфіку яго зместава-фармальнага выяўлення ў наступныя перыяды, найвышэйшы росквіт у эпоху рамантызму, адметнасці развіцця ў асобных нацыянальных літаратурах, калі такога кшталту проза брала на сябе функцыі філасофска-інтэлектуальнай, грамадазнаўчай, этнаграфічнай літаратуры, выхоўвала пачуццё патрыятызму, нацыянальную свядомасць, яднала ў адно мінулае, сённяшняе, будучае. Вызначаючы выключную ролю твораў гістарычнага гучання ў літаратурах Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, узнікненне якіх абумоўлена найперш матывамі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, адраджэнскім змаганнем, слугаваннем духу народаў, А. Пашкевіч лічыць за неабходнае падкрэсліць відавочнасць іх уплыву на станаўленне традыцый беларускай прозы пра мінулае, разважае пра мастацкія тыпалагічныя з’явы ў суседніх літаратурах. У гэтым аўтару работы не бачыцца ніякай выпадковасці, ён знаходзіць шмат агульнага ў лёсах Беларусі і пералічаных краін, калі і праз гады прыніжэнняў і пакут людзі ў нейкія моманты раптам адчувалі сябе няскоранымі, пакліканымі адстойваць волю і незалежнасць свае і свайго краю.
Але нягледзячы на пэўнае тэматычнае і канцэптуальнае сугучча, шлях развіцця айчыннай гістарычнай прозы, у тым ліку і на эміграцыі, надзвычай спецыфічны. Доказным сведчаннем зазначанаму з’яўляюцца эпічныя творы пра мінуўшчыну В. Ластоўскага, што здолелі ў пошуках ідэальнай формы спалучыць высокі дух паданняў і легендаў, гумар і камічнасць анекдатычнай і побытавай прозы, містыцызм і рамантычную сімволіку шматлікіх плыняў пачатку ХХ ст. Удумлівае прачытанне аповедаў і аповесцей “Мікалай Галубовіч”, “Лабірынты” дазволілі А. Пашкевічу прыйсці да слушнай высновы аб тым, што ў сваёй творчасці “слуп крыўскай прапаганды” здолеў заглыбіцца “да вытокаў беларускай культуры – у міфалогію, узнаўляў і рэканструяваў яе, па каліву складваючы-мадэлюючы будучую Беларусь, яе духоўныя і культурныя абсалюты” (66). Значнасць уплыву, далейшы прасцяг уздзеяння прозы В.Ластоўскага на беларускую літаратуру пра сівую даўніну, няхай і на падсвядомым узроўні, бачыцца даследчыку ў творчасці Я. Дылы і асабліва У.Караткевіча. У якасці вядучых адзнак такой дзіўнай сугучнасці аўтарам называюцца адраджэнская скіраванасць, містычная сімволіка, празаічная “семіясфера”, парабалізацыя, спасціжэнне героямі духоўна-нацыянальнай самасці, атмасфера таямнічасці.
Менавіта пералічаныя якасці, згубленыя беларускай савецкай літаратурай, на эміграцыі атрымаюць далейшае развіццё, дзякуючы творчасці паязджан па няволі, як ахарактарызаваў іх А. Пашкевіч, – У. Случанскага, П. Вазёрнага, Ю.Віцьбіча, М. Цэлеша, У. Сядуры, С. Каўша. Першы з пералічаных пісьменнікаў даследчыку “ўяўляецца няўбачаным, непачутым пярэдаднем маладзейшага на тры гады У. Караткевіча, а таксама Л. Дайнекі і У. Арлова. Якраз у прозе У.Случанскага былі выпрацаваны тыя ж асновы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі, што праз дзесяцігоддзе пачнуць увасабляцца ў прозе У. Караткевіча” (96). Размова ідзе пра “Драбы” – гістарычную аповесць, прысвечаную адважным воінам князя Вітаўта, старадаўнім рыцарам Пагоні з вобразам ваяводы Фёдара Грозаўскага ў цэнтры. А. Пашкевіч бачыць жа ў “Драбах” узор першага беларускага “рыцарскага” рамана, з чым можна пагадзіцца толькі пры ўмове, калі браць ва ўлік не ўласна жанравую адметнасць твора, а адзіна яго геройную і тэматычную, знешнюю суаднесенасць з рыцарствам. Даследчыка захапляюць у “Драбах” майстэрства перадачы гістарычнага каларыту, займальнасць фабулы, рамантычнасць герояў і падзей. Ён гатовы аддаць іх аўтару славу В. Скота і Г.Сянкевіча, іншы раз губляючы ўсё ж строгасць крытэрыяў аб’ектыўнага аналізу з-за нястрымнага, хоць і цалкам зразумелага, жадання: здзейсніць у рэшце рэшт гістарычную справядлівасць і ўвесці У. Случанскага ў літаратурна-мастацкі летапіс ХХ стагоддзя, як ён таго і без непатрэбнай ідэалізацыі сапраўды заслугоўвае.
Глыбока даследуюцца ў кнізе “Зваротныя дарогі” жанрава-структурны і зместавы план мемуарнай прозы, адметныя прычыны ўзнікнення аўтабіяграфічна-дакументальнага эпасу ў эмігранцкай літаратуры, дзе, па слушным сцверджанні А. Пашкевіча, самі “пісьменнікі-эмігранты станавіліся жывымі сімваламі, персанажамі і чыннікамі сваёй эпохі” (126). Часта імпульсамі-штуршкамі для асэнсавання індывідуальна і ўсенародна перажытага побач з уласнай патрэбай выгаварыцца, выспавядацца, адстаяць асабісты выбар і праўду выступалі атмасфера суцэльнага падману і ачарнення на радзіме, неадступнасць успамінаў з-за настальгіі па ёй, ранейшай, натуральнасць жадання пакінуць для наступнікаў занатаваным на паперы свой горкі вопыт хаджэнняў па пакутах і чужых дарогах. Менавіта таму лепшае з напісанага ў гэтай адметнай і сінкрэтычнай мастацкай форме (а сюды аўтар манаграфіі адносіць мемуары шматлікіх аўтараў, раман “Роджаныя пад Сатурнам” В.Вальтэра, прозу Ф. Аляхновіча, эпічныя творы У. Сядуры-Глыбіннага, К. Акулы, А. Калубовіча, М. Сяднёва, жыццяпіс А. Саковіч) і зараз уяўляюць сабой несумненны дакументальны і эстэтычны інтарэс. Большасць з твораў мемуарна-біяграфічнай скіраванасці, і даследчык асабліва падкрэслівае гэта, “успрымаюцца сёння і багатымі фактурна-інфармацыйнымі крыніцамі па гісторыі і літаратуразнаўству, і адметнымі ўзорамі мастацка-стылёвых сродкаў выражэння, становяцца пранікнёнымі хронікамі чалавечых лёсаў, мастацкімі прамовамі-абвінавачваннямі таталітарнай сістэме, шчырымі споведзямі-тэстаментамі” (128). Пераканаўчасць доказаў вучонага, як і сама жывая літаратурная практыка, нават у самага прыдзірлівага чытача не можа выклікаць іншага, апроч згоды, пачуцця адносна заяўленага прадмета абмеркавання.
У якасці трэцяй вядучай плыні ў эмігранцкім эпасе беларусаў ХХ ст. А.Пашкевічам называецца сатырычная. Некалі ўзнікнуўшы, каб дазволіць, як піша даследчык, “больш рэльефна і каларытна перадаць абсурднасць савецкай мадэлі рэчаіснасці” (46), яна пазней па мастацка-паэтычных параметрах арганічна супадзе з эстэтыкай постмадэрнізму, больш трывала, чым на метраполіі, засвоенай “выгнанніцкай” літаратурай. Акрамя таго, якраз гумарыстычна-сатырычны пласт прыгожага пісьменства, штучна перарваны перыядам рэпрэсій, з’яўляецца найбольш адэкватным нацыянальнаму менталітэту і ўяўляе сабой арганічны працяг класічнай літаратурнай традыцыі. Акрамя агульнай характарыстыкі дадзенай жанрава-стылёвай разнавіднасці эпасу, А. Пашкевіч асабліва дэталёва спыняецца на “Сатырычных дзённіках” Л. Савёнка і аповесці адпаведнага гучання А. Адамовіча “Трывога”. Гэты матэрыял каштоўны сваёй нацыянальнасцю, што вынікае з доўгага замоўчвання і т.зв. двайной – геаграфічнай і архіўнай – эміграцыі саміх творцаў. У прыватнасці, даследчыкам разам з вострай грамадзянскасцю твораў Л. Савёнка падкрэсліваецца іх фельетоннасць, суседства ў мастацкіх тэкстах іроніка-гумарыстычнага і светлага лірычнага, парадыйнай і гратэскавай стылізацыі, неардынарнасць “метаду ад адваротнага”, барокавасць моўнага афармлення. У сваю чаргу, усё зазначанае дае падставы аўтару работы супастаўляць напісанае беларускім празаікам з манерай М. Булгакава, А. Мрыя, Я. Замяціна, Л. Калюгі і іншых, а таксама гаварыць пра незвычайную жывучасць і нават невынішчальнасць тыпаў і з’яў, супраць якіх так мужна паўстаў Л. Савёнак.
Удумліва прачытваецца А. Пашкевічам і сатырычная аповесць А. Адамовіча “Трывога”, дзе адбіліся спавядальнасць перажытага творцам у гады высылкі, роздум над заўсёднай непрымірымасцю бездухоўнага і высока-акрыленага, адначасная прысутнасць у паўсядзённасці трагічнага і камічнага. Па перакананні даследчыка, “Трывога” – гэта і неспакой за будучыню Беларусі, і шчырая песня-плач пра знішчаных яе сыноў і дачок, і абвінаваўчая прамова супраць іхніх ворагаў-катаў” (229).
Трэба сказаць, што шмат у чым працытаваныя словы стасуюцца і з працай самога А. Пашкевіча, магчыма, не ва ўсіх адносінах роўнай, бясспрэчнай у сваіх асноўных палажэннях, але несумненна каштоўнай як інфармацыйнасцю, сістэматызацыяй матэрыялу, так і хвалюючым прачытаннем, глыбокім аналізам яго. Своеасаблівае з’яўленне гэтай цікавай кнігі, падрыхтаванай маладым і дасведчаным аўтарам, – трывалыя заручыны нястрачанасці арыенціраў для зваротных дарог, па якіх і вяртаюцца на радзіму раскіданыя лёсам таленты.
|