|
“О, гэта боская формула жыцця”
Галiна Тычка, Мiнск
У сапраўднай паэзіі ёсць нешта ад Евангелля. Можа быць, гэтае нешта варта назваць існай сутнасцю слова, яго душой, яго праўдай. Ісціны, выказаныя такім словам, не могуць быць банальнымі, не могуць быць састарэлымі. І таму нашая душа адгукаецца на кожны па-сапраўднаму паэтычны радок, незалежна ад таго, калі і кім быў ён створаны, сотні гадоў таму, учора ці сёння: Адамам Міцкевічам ці Міхаілам Лермантавым, Янкам Купалам ці Гійомам Апалінэрам, у зганьбаванай падзеламі Польшчы ці ў царскай Расіі, у дэмакратычнай Еўропе ці на сацыялістычнай Беларусі.
“…у кантакце з творам мастацтва рэцыпіент заўсёды мае неадольнае падсвядомае прадчуванне, што дакранаецца нечага такога, што ўтрымлівае ў сабе якуюсь балюча-радасную таямніцу. Хоча даведацца ад творцы, ад стваральніка, што ж гэта такое, як яно ўзнікае?… Мноства, шматстайнасць адказаў, якія датычацца творчага акта, аднак не задавальняюць чытача, бо той унікальны акт не паддаецца ўсёабдымнаму перакладу на ratio і самому творцу. Перадусім — яго найранейшая стадыя, у выпадку літаратуры – давербальная”. (1. С.157)
Так вызначаў патаемную сутнасць мастацтва Ян Чыквін у 1992 годзе падчас гутаркі з Тэрэсай Занеўскай — “Немагчыма ўступіць у адну і тую ж раку двойчы”, — якую я люблю чытаць і перачытваць не менш, чым вершы паэта. Была там, у прыватнасці, гаворка і пра катэгорыю шчырасці ў мастацтве, што нядаўна прыгадалася мне, калі чытала “Леташняе. З лірычных запісаў” Янкі Брыля ў апошнім “дахолдзінгаўскім” (3-4) нумары часопіса “Полымя” за 2002 год.
“Востра адчулася, што маё, у той ці ў іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё “Птушкі і гнёзды”, трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязлітаснай шчырасцю, што я зрабіў не на ўсю моц, а з той асцярожнасцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм…
Літаратарам-прафесіяналам я стаў дзякуючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасць, то па наіўнай шчырасці, то з патрыятычнага абавязку, вучачыся стаць, быць савецкім пісьменнікам, бо інакшым быць і не мог. Калі б вайна, аб´яднанне Беларусі адбыліся гадоў на дзесяць пазней, я, жывучы ў Заходняй Беларусі, застаючыся селянінам, можа, і змог бы стаць, як літаратар-саматужнік, у пэўнай меры значным ці прыкметным сваёй шчырасцю, праўдай жыцця, аднак — гэта ж толькі калі б…”(2. С.5-6).
Ян Чыквін, ва ўжо згаданай гутарцы з Т. Занеўскай, сцвярджае, што праўда жыцця і шчырасць не з´яўляюцца галоўнымі ў літаратуры.
“Шчырасць патрэбная чалавеку ў практыцы жыцця грамадскага для адрознення ў ім дабра і зла. У мастацтве ж усе этычныя катэгорыі – у тым ліку і шчырасць, сінонімам якой ёсць выказванне праўды, няўтойванне сваіх думак і пачуццяў, — праходзяць своеасаблівую эстэтычную апрацоўку, яны эстэтычна “скрыўляюцца”, выгінаюцца. (1. С.159)
Парадокс мастацтва якраз і заключаецца ў тым, што безаглядная, бязлітасная шчырасць зусім не гарантуе праўдзівага слова ў мастацтве. Праўдзівае слова можа нарадзіцца і ў выніку геніяльнай маны, і ў выпадку бяскрыўднай выдумкі. Але ніколі ў выніку лагічна прадуманага, матэматычна абгрунтаванага фальшу, карыслівай няпраўды. Праўдзівае мастацкае слова даецца не кожнаму. Адзін гадамі працуе на яго, як мазолісты Сальеры, “ абрабляючы з цярпеннем” свой “гнуткі верш”, другі, як легкадумны Моцарт, нараджае свае шэдэўры без вялікіх намаганняў, як бы гуляючы. Існуе і застаецца неспазнанай вялікая таямніца сапраўднай паэзіі, якая спалучана толькі з мастакоўскай інтуіцыяй, талентам. Таму паэзія, як і дух, нараджаецца сама, калі і дзе ёй захочацца, пра што сведчыць і новая кніга паэзіі Яна Чыквіна “Крэйдавае кола”.
Паеду ў вёску, дзе Насця,
сястра найстарэйшая ў хаце,
курэй даглядае з-пад ганку.
— Жывеш як, што новага, браце?
Ці там, дзе ў свеце, рашыў ты загадку,
што ж было на самым пачатку
яна, тая курка, ці — яйка? (3. С.50)
Мудрая Насця, лірычная гераіня верша Яна Чыквіна “Размова з сястрою”, упэўненая, што “жыццё імкнецца ў форму кола”, бясстраснага і да “духасветлых і бестыяраў”, бо “ўсе, жывучы, паміраюць...”
Загадка першапачатку чалавечнасці, першапрычыны зла, паўторнасці і непаўторнасці быцця і не толькі ў адносінах да асобнага індывідыума, але і ў адносінах да ўсяго чалавецтва, да грамадства, дзяржавы, радзімы – тыя спрадвечныя пытанні-праблемы, пра якія разважае аўтар “Крэйдавага кола”.
“Беларускім інтэлектуалам еўрапейскай школы” назваў Яна Чыквіна Уладзімір Калеснік. Як “лірыка інтэлекту”, “паэта пытанняў” характарызуе яго Сакрат Яновіч. А паводле Масея Сяднёва, творчасць Яна Чыквіна “вяртае нашу паэзію ў лона еўрапейскай (…) Экзістэнцыяльна яна адрозная ад нашай сённяшняй паэзіі, калі хочаце – нават запярэчвае яе матэрыялістычную сутнасць”, — сцвярджаў гэты пакутнік беларускага слова.
Чыквін называе свае вершы тэкстамі, нібыта знарок падкрэсліваючы іх інтэлектуальна разумовы пачатак. Але разам з тым яму застаецца блізкай эліністычная тэорыя, якая разумее паэзію як спалучанасць ingenium (натхненне, талент) i ars (веды, майстэрства, прафесіяналізм).
“Мае вершы, так мне здаецца, растуць як расліны з зерня, якога не ведаю, не ўяўляю, што за яно. Растуць без паспешлівасці, цягнучыся да сонца і хараства. Імкнуць угару, несучы з сабою ўсе ўтрапенні матэрыі, з якой выйшлі і якая хоча растварыцца ў духу. Аднак, вядома, не ўсё пасеянае ўзыходзіць і не ўсё, што ўзыдзе, дае плён”. (1. С. 158)
Пэўна, тут, у гэтым прыведзеным выказванні, гаворка ідзе найперш пра ingenium. Ars уключаецца ў творчы працэс як быццам само па сабе, нібыта па-за свядомасцю аўтара, бо яно неад’емны складнік неардынарнай асобы, без гэтага ars складана ўявіць сучаснага творцу.
Слова “еўрапейскасць” сёння аказвае на нас магічнае ўздзеянне перш за ўсё ў плане палітычным, як сінонім цывілізаванасці, дэмакратычнага грамадскага ладу. Але ў плане эстэтычным, мастацкім, трэба прызнаць, далёка не ўсё еўрапейскае добрае, і далёка не ўсё беларускае дрэннае. Асабліва калі гаворка ідзе пра літаратуру. І нават тады, калі гэтая літаратура называлася беларускай савецкай, ці літаратурай так званага сацыялістычнага рэалізму. Аднак пра гэта іншым разам. А сёння нашая размова пра адметнасць твораў Яна Чыквіна як у агульнабеларускім, так і ў еўрапейскім кантэксце. Бо не агульнасць, а найперш адрознасць мае значэнне ў сапраўднай паэзіі.
Бяскроўны спіць-адпачывае розум
І боль не йдзе праз розум плыткі.
Разбілі нас – і памяць, як гнілыя ніткі.
І мы пайшлі служыць чужому.
Каб хоць жа следам Валянрода.
Або – каб як Іван Сусанін...
Не тая кроў пралітая народам,
Не тое малако, відаць, мы ссалі... (3. С.48)
Гэта твор на вельмі балючую для беларусаў патрыятычную тэму, з жорсткай высновай купалаўскага кшталту пра марныя ахвяры (“не тая кроў пралітая народам”), пра трагічны феномен так званых “беларускіх сыноў” (“не тое малако, відаць, мы ссалі...”). Патрыятычных вершаў у беларускай літаратуры шмат, лепшых і горшых. Верш Я. Чыквіна выглядае вонкава нават крыху каструбаватым, няўклюдным, аднак менавіта ў гэтай “шурпатасці” і пэўнай недасканаласці якраз і выяўляецца , на маю думку, вышэйшая ступень ars. Калі зыходзіць з выказвання паэта, што яго вершы “растуць як расліны з зерня”, то робіцца зразумелай гэтая, я сказала б, далікатнасць у абыходжанні з кожным радком, з кожным словам, гэтае нежаданне прыгладзіць, замяніць той ці іншы выраз на больш даступны ці больш прыемны для вуха. Відаць, для Я. Чыквіна гэта азначала б не толькі спробу “зрабіць”, давесці да гранічнай ступені дасканаласці верш, але яшчэ і гвалт над жывой прыродай твора.
Новы зборнік паэзіі Яна Чыквіна “Крэйдавае кола” – кніга асаблівая. На пачатку некалькі слоў пра яе, так бы мовіць, вонкавую адметнасць. Найперш – гэта тое, што новыя, нядаўна напісаныя творы, якія адкрываюць невядомыя грані творчай індывідуальнасці паэта, падсвечваюцца ранейшымі, мабыць, па-свойму этапнымі творамі аўтара. Гэта напісаныя ў 1977 годзе тры раздзелы паэмы “Чорная віла” (друкавалася толькі ў газеце “Ніва”, а з заключным, чацвёртым, раздзелам чытач знаёміцца ўпершыню), а таксама верш “Даўно нежывы бацька полем ідзе” (“Кругавая чара”, 1992). Наступная асаблівасць кнігі – яе шматмоўнасць. І не толькі ў пераносным, але і ў прамым значэнні слова. Побач з беларускімі тэкстамі змешчаны іх пераклады на іншыя мовы народаў свету. Напрыклад, верш “Даўно нежывы бацька...” гучыць на старонках кнігі па-польску ў перакладзе Мар’яна Юркоўскага, па-нямецку ў перакладзе Эльке Эрб і Гундулы Чапега, па-італьянску ў перакладзе Ірэны Конці дзі Маўра. І гэта не выпадкова. Такая шырокая зацікаўленасць еўрапейскай грамадскасці тлумачыцца анталагічным зместам твора, глыбінёй яго ўнутраных сэнсаў.
“Давяраючыся ўнутранай логіцы верша, мы прыходзім да распазнання бацькоўскай сутнасці быцця, якое можа ўвасабляцца ў постацях і нават у рэчах і нават можа зусім не ўвасабляцца, а быць толькі водсветам, водгукам, невідочнай прысутнасцю нечага, што мае да нас даўняе дачыненне”, – разважаў Алесь Разанаў над радкамі твора (5. С.121).
Даўно нежывы бацька полем ідзе.
Ён арэ
Ён і плуг.
Ён і скіба раллі, і зерне.
І водсвет далёкага раю. (3. С.27)
Характэрна, што гэты “водсвет”, гэтая “невідочная прысутнасць” спрадвечнага захавалася і ў перакладах. І яно прамаўляе да нас не толькі словамі, не толькі сэнсамі, але нават гукамі – далёкай прадаўняй, “прапершай” сутнасцю слова, якая хаваецца ўнутры яго гукавой абалонкі і жыве хіба што толькі ў нашай падсвядомасці:
Il padre morto da tempo cammina il campo.
Arra.
Lui e l´ aratro.
Lui e la feta di terra.E il seme,
E il riflesso del paradiso distante. (3. С.30)
“Мы распазнаём сябе ў тым, з чым мы зроднены і падобны, і тое, з чым мы зроднены і падобны, выступае падставай нашага спазнання і самаспазання”, — пісаў Алесь Разанаў. (5. С.121)
Імкненне да гэтага спазнання і самаспазнання вызначае і ўнутраную, сэнсавую, асаблівасць “Крэйдавага кола” — анталагічнасць тэм і матываў, што складаюць асноўны змест кнігі. У гэтым накірунку спрацоўвае і арганічнае паяднанне дзвюх, здавалася б, маласумяшчальных культур: антычнасці і хрысціянства. І гэта стварае цалкам адметную эмацыянальную настраёвасць кнігі. Калі ў ранейшых зборніках, асабліва ў “Кругавой чары”, даследчыкі на першае месца ставілі “гнасеалагічны” аспект трагізму” (У.Конан), то ў новай кнізе, смутак, які пранізвае яе старонкі, прасякнуты святлом надзеі:
Ці маці памерлая ўспомніць
Жыццё, што не ведае ўводзін,
І што над ёю акруглае сонца
Ззяла як воблік Гасподзен?
Яна не ўспомніць не можа
Імгненна і прагна пражыты
Палёт свой над спеючым жытам
У трапятанні трывожным.
Успомніць — і станецца кветкай мурожнай. (3. С.26)
Святло і надзея “належаць сілавому полю новазапаветнай цывілізацыі” (Г.Тварановіч). Але не толькі. Бо сонцалікі “воблік Гасподзен” — гэта адзін накірунак руху чалавечай самасвядомасці, а перастварэнне мацярынскай душы ў “мурожную кветку” – зусім іншы.
“Мастацтва — “ўсёпаглынальнае”: яно не пагарджае ніякай тэмай, матывам, праблемай, матэрыялам, ніякай нацыянальнасцю. Яно неразборлівае ў адносінах да часу і прасторы. Дамагаецца, аднак, арыгінальнасці, якая з’яўляецца апазнавальнай і найвышэй цанімай у наш час рысай. Але як дасягнуць узроўню непаўтаральнасці? Узнімацца на вышыню інтэлекту, ці сыходзіць у пячору Платона, ці, можа, паглыбіцца ў акаляючую нас штодзённасць, каб адчуць прыгажосць і адначасова трагізм нашага існавання?...” (1. С.167). Так гаварыў Я.Чыквін у адказ на пытанне Т.Занеўскай пра ўласнае месца ў літаратурным жыцці “Белавежы”, нібыта выказваючы ўласную праграму творчасці, распавядаючы пра ўласны шлях пошуку паэтычнай арыгінальнасці.
Сапраўды, чыквінская паэзія – гэта паэзія інтэлекту, у пэўнай ступені паэзія кніжная, якая патрабуе ад чытача адпаведнага ўзроўню адукаванасці, своеасаблівай падрыхтоўкі не толькі інтэлектуальнай, але і эстэтычнай, духоўнай.
У паэме “Чорная віла” ёсць радкі:
Ноч – не віла, а палацца,
Запаветная зямля для рэчаў,
Для замучаных прадметаў
Не пад сілу чорнай працай (...)
Спяць-не спяць: навыварат, наўгад,
Тронкі вырваўшы з заціску гора.
Іх жыццё, ох, цвёрды мае лад!
Бо яны ўсе – дзеці Піфагора. (3. С.65)
Згаданыя строфы з’яўляюцца, мабыць, своеасаблівым ключом да разумення не толькі гэтага твора, але ў нейкай ступені і ўсяго зборніка. Адухаўленне рэчаў, метамарфозы, што адбываюцца ў вёсцы Белазверы са звычайнымі беларускімі хатнімі жывёлінамі выяўляюць сістэму светабачання старажытных элінаў, вучняў і паслядоўнікаў знакамітага антычнага філосафа і матэматыка. Піфагораўцы зыходзілі з уяўленняў, што лік – аснова ўсяго існага. Лікавыя суадносіны – крыніца гармоніі ў космасе. Істотнае месца ў іх вучэнні займала тэорыя перасялення душ (метэмпсіхоза). Сутнасць гэтага вучэння ў тым, што пасля смерці цела душа пераўвасабляецца ў новае цела: каменя, расліны, жывёлы, боства. Паводле сведчання Арыстоцеля, згодна піфагарэйскіх міфаў, любая душа можа пераўвасабляцца ў любое цела. (“Пра душу”).
Элементы піфагарэйскага светабачання прасочваюцца не толькі ў паэме “Чорная віла”, але і ў вершах лірычна-інтымнага плану, ствараючы своеасаблівую аўру ўсечалавечай спрадвечнай журбы быцця:
І к палкаму жанчыне-дрэву схіліцца мужчына-дрэва,
На ўсё імгненне жыццё сябе рукамі абаўюць без слоў.
У ззянні свету будуць для сябе яны Джульетай і Рамэам,
І здасцца ім, што перад імі тысячы гадоў. (3. С.22)
Вяртанне да першавытокаў цывілізацыі, захопленасць старажытнагрэчаскім яе “дзяцінствам”, калі і навакольны свет, і людзі, і багі суіснуюць і самарэалізуюцца ў гармоніі геніяльнай прастаты і адназначнасці – не выпадковая прыхамаць пісьменніка-інтэлектуала. Гэта своеасаблівыя ўцёкі, адпачынак, духоўная нірвана для чалавечага духа, змучанага неадназначнасцю, заблытанасцю этычных і эстэтычных катэгорый сучаснага свету.
Далёкае дваццатае сталецце!
Яно як сон, якога немагчыма расказаць.
Ці як вада распырсканая, што з вышыні пральецца
На камень дзікі воляю нябёс.
Яно было жыццём маім. Яго я нёс
Ў сабе, як у амфары каштоўнае віно...,
– сведчыць паэт у вершы “Насільшчык амфары”. (3. С.37).
Аднак лірычны герой Я.Чыквіна ніколі не зыходзіць на пазіцыі тых знуджаных жыццём апалагетаў чыстае красы, якія ў пошуках уласнай духоўнай гармоніі ігнаруюць жорсткую рэальнасць сённяшняга свету, праблемы і беды чалавецтва, сваіх суродзічаў:
Заўсходні чалавек, красы староннік найзвычайны,
Я чую, як шумяць бярозы родныя санскрытам
ратавальным. (3. С.35)
Гэтыя радкі – не толькі пра душэўныя пакуты выгнанніка-паэта, пазбаўленага роднага краю (верш “Бемоль Сяднёва”), гэта, думаецца, і эстэтычнае крэда самога аўтара.
Пераадоленне страху трагічных прадчуванняў адносна лёсу сучаснай цывілізацыі, душэўную гармонію, суладнасць дум і адчуванняў у кнізе “Крэйдавае кола” ствараюць не толькі самі тэксты, але і ўвесь лад кнігі. Ужо сама назва падкрэслівае няспыннасць і непаўтаральную паўторнасць жыцця, што “імкнецца ў форму кола”, “крэйдавага кола”, якое сваім белым колерам вяшчуе святло і чысціню і служыць пэўнага роду абярэгам, магічнаю мяжой, якую не могуць пераступіць чорныя сілы. Працуе на агульную канцэпцыю кнігі і чароўны жывапіс грэчаскай мастачкі Марыі Стамаці, якая ў сваіх карцінах, увасабляючы колеры чатырох асноўных стыхій, што фармавалі быт і духоўны свет старажытных элінаў, перадае і нам іх светлы настрой бясхмарнай сузіральнасці і мудрай зачараванасці дасканаласцю і прыгажосцю свету.
Узвышана-светлая журба ўзнікае ад параўнання бясхмарнага, прадвызначанага багамі жыцця дзяцей прыроды Адысея і Наўзікаі з абцяжараным ведамі існаваннем сучаснага чалавека:
Ў прыбярэжным трысці змораны спаў Адысей.
А ў той час на той бераг рабыні прыйшлі і паселі,
Каб глядзець, як ідзе па пяску, нібыта музыка жывая,
Нібыта хваль марскіх накат, што самі сабою граюць,
Царэўна іх, багіням роўная, раздзета Наўзкая –
Перад красою цела юнага краса нат мора адступала. (3. С.7)
Верш гэты не паддаецца скарочанаму цытаванню ці банальнаму пераказу. У мяне асабіста ёсць прадчуванне, што ён стане такім жа хрэстаматыйна вядомым, як і “Даўно нежывы бацька полем ідзе...”. У кантэксце ж кнігі гэты твор і эмацыянальным зместам, і метрычным ладам кантрастна адцяняе і падкрэслівае іншы матыў – трагічна-неспазнавальнае расчараванне, мітуслівы неспакой прадстаўніка сучаснай цывілізацыі.
Серабрыцца лісце бярозы
Пад шаўковым ветрыкам жніўня.
Замыкаецца кола лёсу,
Замяняецца кроў у вадзіцу. (3. С.5)
Верш называецца “Vita mea” (“Маё жыццё”). Але ж Адысей і Наўзікая” таксама – “vita mea”, маё жыццё – наша жыццё. Яно як памяць пра згублены рай, якая напаўняе душу светлым смуткам, але разам з тым для нас, прадстаўнікоў хрысціянства, нясе ў сабе надзею вяртання – уваскрашэння. Які б ні быў індывідуальны лёс чалавека, як ні баліць нам свой уласны адыход і адыход нашых блізкіх — жыццё працягваецца. Яно несканчальнае, яно існуе побач з намі ў розных праявах і формах, кожная з якіх мае права на існаванне, і кожная з якіх спалучана з намі вядомымі толькі Найвышэйшаму Творцу повязямі. І таму не магу ўстрымацца, каб не працытаваць на заканчэнне яшчэ адзін твор Яна Чыквіна, дзе гэтая “боская формула жыцця” знайшла сваё цудоўнае паэтычнае ўвасабленне.
Зноў на магіле бацькоў вясна:
на жывой кветцы жывая пчала,
па траве маладой паўзе жук-таўсцяк,
вечны пясок нейк здрадліва нагрэты,
а болей нічога туды, углыб, не відаць.
Яны ж праз надмагільныя партрэты
на неўміручы свет усё яшчэ глядзяць,
і ён глядзіць яшчэ на іх, такіх жывых, дваіх,
стрымаўшы сонца вечнае ў вачах.
О, гэта боская формула жыцця,
што не ўмяшчаецца ні ў чалавечы дух,
ні ў логас мудрых кніг!
Можа хоць ім яна азорыцца на міг. (3. С.39).
Вось у гэтым памкненні да “боскай формулы жыцця”, у арганічным паяднанні дзвюх светапоглядных сістэм, дзвюх вялікіх цывілізацый — антычнасці і хрысціянства — бачыцца арыгінальнасць Яна Чыквіна як творчай асобы, як паэта.
1. Немагчыма ўступіць у адну і тую ж раку двойчы (З Янам Чыквіным гута-рыць Тэрэса Занеўская) // Сляза пякучая Айчыны. — Беласток, 2000.
2. Брыль Янка. Леташняе. З лірычных запісаў // Полымя. – 2002. – Нр. 3-4.
3. Чыквін Ян. Крэйдавае кола. — Беласток, 2002.
4. Дукса Мар´ян. Айчыне. // Полымя. — 2001. — Нр. 3.
5. Разанаў Алесь. “Безназоўны” верш Яна Чыквіна. // Сляза пякучая Айчыны. — Беласток, 2000.
|