|
Франсуа Жакмэн
Франсуа Жакмэн (1929 – 1992) бельгійскі франкамоўны паэт, аўтар звыш тузіна кніг, спаміж якіх “Шэрае даміно”, адзначаная прэміяй французскай супольнасці Бруселя, і “Поры года”, прызнаная еўрапейскімі літаратуразнаўцамі лепшай у бельгійскай паэзіі кнігай другой паловы мінулага стагоддзя.
Ласкава запрашаю ў жакмэнаву “Зіму” з тых слынных “Пораў года”. У думную, з парадаксальным мысленнем і ўразлівай шматзначнасцю сентэнцый, празрыстую, глыбокую экзістэнцыяльную прастору паэта. Каб прыкрануцца да нязвыклай выяўнасці халоднай велічы свету. Зразумець, што напраўду “быццё і небыццё – аднолькавага памеру”. Магчыма, нават пагадзіцца, што, сапраўды, “недарэчна маркоціцца, калі й без таго халадэча”. Ды й шмат з чым яшчэ, магчыма. Бо, як слушна заўважыў Мандэльштам, кнігу можна прачытаць, толькі прыпамінаючы, прыгадваючы. Вяртаючыся ўва ўласны душэўны абсяг, чужой думкай, вобразам, метафарай уваскрошваючы сваё, асабістае, зведанае і перажытае.
Няхай мяноўна гэтак і чытаецца ніжэйпрапанаваная паэма зімы.
Ніна Мацяш
Зіма
***
Калі рэч ёсць люстэркам,
хто люструецца ў гэтай
белі?
Неспасцігальны, толькі і
можна сказаць пра
таго, хто яе сузірае.
Ужыві хоць адну тут метафару –
і смяротна засмужыцца
снег.
***
Той, хто хоча спазнаць, што такое снег,
павінен стаць бездыханным і
бяскроўным, як само бязмежжа.
Рука цікаўніка мусіць мець
нулявую тэмпературу.
І яшчэ адной якасцю ён мае валодаць:
быць няздатным да рыторыкі.
***
І ўранні, і ўвечары немянліваю, прастадушнай
тойсамасцю свецяцца вочы
зямлі.
Свет больш не раскрышаны
ў той пыхлівай аквітасці,
якой аж буяў увесь дол.
Цяпер толькі крыштальнасць піша ўсю
гісторыю дня.
***
Неашчутнымі дзелькамі
снег кладзецца на ўсе
перапады пазему.
Усё тое, што адно прыкраналася
да паверхні, прапала.
А відомае
запаноўвае скрозь ува ўсім сваім
бляску.
***
Аблагоджаны інеем, я больш не
шукаю лякарства ў
сумоце.
Недарэчна маркоціцца,
калі й без таго халадэча.
***
Матэрыя выяўляе сваю незняволенасць
гэтак і ў нашай свядомасці,
як у шароне.
Розуму яна прапануе
загадку смутлівую існага.
А пры збудове краёвідзі
спластоўвае блішчыкі
белі.
Як бач, і пагодзімся з
ёю, што мароз гэта
хібны крок полымя.
***
Зямля бытуе ў якімсьці глухім
супакоенні.
Вечар моцніць
жаданне скуплена жыць
у мінулым.
Марыш пра немагчымыя
раны, якія загоіліся
богведзь чаму.
Жывішся тым, чаго болей няма, што
дарэштачкі перажылося.
***
Снег ляціць прама ў вочы,
бы жвір невагомы.
Ён засціць прасцяг,
у якім ані
зорачкі.
Безаб’ектная просталегласць
кіруе ягоным
кружляннем.
Ціхі вір,
дзе зноў адчуваеш сваю
роднасць з бурай.
***
Падае снег.
І немажліва раз-
межаваць дзень
і мозак, дзе мільгаюць подумкі
шэрыя.
Сумнеўным стаецца ўсё, што
вядома было і пра стыль, і пра формы.
Знітаваныя адной бабілонскай сняжніцай,
народы сцураліся
сваіх этнічных адрозненняў.
***
У гэтай кузні вада
куецца да незварушнасці.
Лёс гнятлівай
знямогласці канаваны і
рыбе.
Хіба не нагадвае раўнадушша
гэткая вось раўнавага, калі нідзе
ані ўздрыгу?
***
Колькасць сняжынак складае
незлічоную суму. Мерзлякі
яе маюць наўме
безуцямна.
Вось чысцюткая процьма
з’явы, бясконца ўзніканай.
Стынь яшчэ не была ажно гэткаю
пульхнай.
***
У галерэях ажынніку сядзіць
дрозд.
Яго зняволіла пустка; сцюжа
перацяла яго лёты.
Зіма памыкаецца
пераўтварыць яго ў камень сваёй
ступою.
***
Ціша сталася рэчывам.
Паветра цвёрдае, як арэшак.
Спроба вымавіць слова
цяпер раўнавартая навыку
скульптара.
Мусіш перакшталтоўваць
умельства сваё, як дыханне раскрываецца
аб яліны.
***
Зоркі замгляюць значэнне
сваё, ад чаго лес
бы ў пудры.
Ідучы па ім, бачыш,
што быццё і небыццё
аднолькавага памеру.
***
Атмасфера сцвярдзелай, застыглай
музейнасці.
У бюста свету празрысты,
нябытны позірк вялікіх продкаў.
Жыццё саступае парадоксу
каменя.
Прагульваешся – бы
сячэш зубілам.
***
Ноч – бярлога
крысталаў.
У ёй, чыстай і цёмнай, мароз
выштукоўвае адмысловыя
вуліцы.
Там стаіць цішыня,
паветрам абмураваная.
Адно няўдалае слова ўшчэнт струшчыла б
гэты брыльянт.
***
Вада больш не валодае таямніцаю
прызмы.
Мірсціцца ейны
стоены крык.
***
Завіруха ўваскрошвае
міт дапатопны.
Паланёныя формы хаосу
ірвуцца на волю.
Дарога знікае, яна ўжо
алегорыя.
Ажно ўзгадваюцца
гарнастаі судзейскія.
***
Пустое гняздо.
Анічога, адна звязь
паветра там, скуль выпырхвала
птушка.
Цяпер праз гэтыя межы аселасці
безаглядна шыбуе вецер.
***
Настае глухі вечар,
і агмень прыварожвае вочы да
полымя.
А яно зводзіць позірк
ва ўнутраны стан існавання, дзе
рэальнасць чароўна
вызбытая выразнасці.
Калываюцца цені, і слухмяная мроя ідзе
ўслед за імі.
***
Шугавея
напладзіла чысцюткія, лосныя купы
паліпаў: гурбы снегу.
Дзятву так і цягне туды,
і той поцяг не
брудзіць.
Сёння ў холаду подзіўная
слабасць да чалавека.
***
У скалелым небе
чырвоняцца зоркі зімы.
Яны ззяюць з той цнатліваю палкасцю,
якая прызначана толькі
бязжарснаму сэрцу.
Іхны бляск асвятляе адно
прынцыпы.
***
Душа цешыцца колкім
паветрам.
Яна зноў набывае
жаданую праўднасць.
І вітае калянасць, якая
па складах перачытвае кожную рэч
з выразнасцю сухога маўчання.
Шчаснасць ейная – жар,
выцяты з лёду.
***
Які тэатр умясціў бы і
вытрымаў усю важкасць
зімы?
Як вымудрыць сцэну, у якой
зашугаў бы агонь яе
шалу?
Не дадумацца,
не даўмецца, як паказаць бы яе насампраўдную
бель.
***
Дарога ільсністая і
далікатна размытая.
Дзень вырыў некалькі пэўных
пазначак, якія мае тлумачыць
празябка.
Мусіш на мінака спадзявацца,
калі хочаш упэўніцца ў белай па
белі.
***
Град усчынае
звонкую стралянінку.
Успыхі яе так і звякаюць па
крышцовай краёвідзі.
Дастаткова прыслухацца,
і ты ў самых
зародзінах крэменю.
***
Як усякая містыка, сцюжа
трымаецца на
непарушлівых аксіёмах.
Іста жывога, калі яно камянее,
зноў набывае сваю абсалютную этымалогію.
Рух перавяртаецца ў
саначны полаз.
***
Мароз рэстаўруе свае прадонні.
Там ёсць каменныя
позначкі нейкага белага, жывёльнага
безразважжа.
Пад лоснай абстракцыяй крэсак праглядвае
няшчадная лютасць.
***
Дарэмна пытацца, куды ён
ідзе, гэты снег.
Гэтак бы гаманіць пра аселасць
з качэўнікам, для каторага
вецер – і дзедзіна, і
ружа агменю.
Душа завеі –
душа слепаты.
Адвольнасць руху сняжынак даведзена
да нятленнага ровеню
дасканаласці.
***
Усё застыгла, апроч гэтых
апілак паземных, гаркава
падвейваных ветрам.
Голасу рэчаў цяжка
дапяць формы
гуку.
Кожны па вушы ў
воўне свайго дыхання.
***
У луга калянасць
фагота.
Старая ружа дажывае свой
век пад шырокаю світай
снегу.
Дзверы пазапінаныя.
Вугаль баіць пра свае мітычныя
разгулёны.
***
Зіма люта навальваецца на
агонь.
Яе чорнае грэбаванне
спагадай улягаецца на
самлеласці жару.
І ён выдае таямніцы
найгарачэйшыя вугалю.
Той працівіцца гэтаму ўрыўкамі баек.
***
Апяты дужкамі хмызу,
снег здольны
выклікаць захапленне
пурыста.
Па ім трэба спярша пахадзіць, каб
уцяміць мастацтва, якое
выяўляе сваю глыбіню пад ступою.
Толькі нагамі даводзіцца
універсальнасць гэтае
мовы.
***
Па кутках прываконня ляжаць
гурбачкі снегу.
Зараз, як узвычаена, вокнаў не
адчыняюць.
Быццам там,
пазавоканню – сама небыць, нямілая
свету!
***
На купку мінальнасцяў часам
сыходзіць цяпло
вышняй ласкі.
Яны мкнуць да скупога,
нярупнага сонца
выпадковага вялікадушша эпохі.
Іх вар’яцкі,
празрысты імпэт – імпэт з’яваў без
заўтрага.
У шчаслівай уздымнасці іхнай лёгкасць
радасці, што прамінае без горычы.
***
Зіма дзейнічае досыць
подзіўным чынам.
Дастаткова марозу датаркнуцца да
свету, як адразу
успыхваюць подумкі пра жароўню.
***
Сок злоўжывае сваёй
летаргіяй.
Вёсны ранейшыя ён
абвяшчае недарэчным мінулым.
І выпраўляе дрэва да антыподаў.
***
Пры распаленай грубцы гартаюць старыя
альманах свайго смутку.
Яны ўжо не ў сіле адладзіць
разбітыя зыблі
мінулага.
Зараз адны шкадаванні цвітуць на
іх вокнах.
Бы слухмяныя дзеці, яны ўжо нікуды не
збочваюць з той дарогі,
што вядзе да вясёлкавай пасткі смерці.
***
Гостры вецер снуе пакуту ўсёй
жывіне.
Узятая на павадок
апануры, яна бадзяецца па
утаптаным маўчанні сцяжынаў і жывіцца
адкіддзем з кляйнодамі гнілі.
Нішчымны хмель голаду
яе гаспадар.
***
Мушмула выбрала:
лепей з годнасцю згніць.
Яна адрынае лёс
каменя, якога крышыць ядранец і
цешыць тым сваё дробнае
пустахвальства.
***
Сцюжа робіць насенне
няведным.
Яе тупое адпрэчванне
любога цяпла вяртае
свет да
яго першабытнай застыгласці.
Дол, здаецца, часцінкаю
кожнай пакутуе
цяжкім правалам памяці.
***
Заснежаны ранак пры-
ваблівы, як немаўля.
Спакой і бяз-
моўнасць развінаюць дарогу,
што патанае ў карунках.
Крок шчаслівы быць
мяккім.
Душа з расплюшчанымі вачыма
спавіваецца ў шолахі
белі.
***
Агромністы, велічны замысл
пачынае здзяйсняцца.
Чарговае самаўладдзе рыхтуецца
распачаць эпапею
гразюкі.
Пустка ўжо аздабляецца
грыўкаю птушак.
***
Зіма на сконе сваім выглядае
агіднаю ранай.
Перамулены, снег цяпер –
магма пагрозаў
бяссілых.
Верх бярэ апантанасць наступнасці.
Задуме карціць
уцялесніцца.
З французскай пераклала Ніна Мацяш
|