БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 6 / 2002 г.

Лёсы іх сышліся ў Спаску

Янка Жамойцін

Трэцяя зіма побыту Алеся ў карагандзінскім спецлагеры дапякла яму асабліва моцна. Безупынныя марозлівыя ветры гналі змешаны з пяском снег, наскрозь прадзімалі яго папраціраны бушлат. Вецер прадзіраўся за каўнер, засыпаў вочы, займаў дух у часе штодзённых вандраванняў на будову новага квартала горада. Недасушаныя, цеснаватыя лапленыя валёнкі даўно страцілі свае абаронныя якасці перад пякучым марозам. Калона ў дзве сотні зэкаў мусіла штодзень адбываць трохкіламетровы марш на будову і назад у лагер плаўна, па загаду: “Рукі назад, крок улева, крок управа — будзем страляць без папярэджання”. Падцягнуўшыся пад браму абгароджанага калючкай аб’екта працы, можна было пацерці рукамі вушы ды патупаць нагамі, пакуль не пачнуць лічыць пяцёркамі: спярша канвой, які давёў, пасля той, што прымае “тавар”, у рэшце рэшт камендатура аб’екта, якая забяспечвае работай. Усё мусіць згаджацца з пералікамі камендатуры і лагернага дазору, а калі не — выклік кожнага паводле нумароў, бачных здалёку на кожнай частцы вопраткі зняволеных.

Ад пачатку 1952 года Алесь адчуваў сябе штораз пакутней. У яго безупынна балела горла, ён ахрып і паступова слабеў. Недамаганне сваё стараўся, аднак, засакрэчваць, каб не палічылі яго ў брыгадзе цесляроў сімулянтам ды не адправілі ў брыгаду агульных работ — землякопаў і іншых. Брыгада цесляроў была дружная і згуртавана працавала на сваю пайку хлеба, залежную ад выпрацоўкі. Дый самога Алеся, шчырага, сяброўскага, прыветлівага хлопца, уключна з брыгадзірам, паважалі. Прысабечылі яму мянушку “братка беларус”, бо адзіны быў у брыгадзе, сярод украінцаў, літоўцаў і двух палякаў з Беларусі. Кволасць усё ж паступова брала верх над ім, безупыннае недаяданне не спрыяла імунітэту перад атакамі хваробы. Напрыканцы студзеня Алесь аслабеў дашчэнту і аднойчы, ледзь пераступіўшы лагерную браму са сваёю пяцёркай брыгаднікаў у калоне, зусім абвяў і асунуўся долу. Хлопцы падхапілі яго пад рукі, собячы канвою ў выкананні пераліку, а ахове лагера ў даглядзе, каб не прапусціць што недазволенае, і зацягнулі непрытомнага сябра ў санчасць. Прысутны там лекар паляк Бароўскі, чалавек гадоў пад сорак, спагадлівы сябрам па нядолі, занепакоіўся высокай тэмпературай хворага і ненармальнай працай сэрца. На собскую адказнасць, без прадугледжанай правіламі згоды свайго начальніка, ён загадаў санітару палажыць пацыента ў інфірмерыю.

Лячэнне Алеся аказалася нялёгкім. Зацяжная ангіна перакінула нічым не турбаваныя стрэптакокі на сэрца. Эндакардзіт (такі быў пастаўлены лекарам дыягназ) у лагерных умовах не адолець. Даступныя лекі крыху панізілі гарачку, але функцыя сэрца ў норму не прыходзіла. Трохі акрыяўшы, Алесь вярнуўся ў брыгаду. Удзячны сябрам за адведзіны яго ў санчасці, стараўся не адставаць ад іх у працы. Высілак яго ўсё ж быў дарэмны. Сэрца штораз слабела, а гарачка расла. На чарговай камісоўцы прызналі яго інвалідам, але брыгадзір Стэпан — былы сотнік УПА (Украінскай Паўстанчай Арміі) запрапанаваў яму астацца ў брыгадзе і вызначыў найлягчэйшую з магчымых працу: атуляць ватаю шчыліны між шуламі вокан, дзвярэй і сценамі будоўляў, сачыць за цяслярскімі прыладамі. У лагернай наменклатуры ён, аднак, быў запісаны інвалідам, а каменданту ды нарадчыку такія непатрэбныя.

Наступіла карагандзінскае кантынентальнае лета. У цёплы ліпеньскі адвячорак, пакуль яшчэ не пазапіралі нанач баракаў, прыбег “чорны варанок” — вязень, які па загаду аховы выклікаў зэкаў у камендатуру. Пазваў ён Алеся па прозвішчы — Канцавы Аляксандр Іванавіч — і пераказаў яму загад оперупаўнаважанага не выходзіць заўтра на работу. Такія загады, зразумела, не прарочылі дабра, бо маглі абазначаць дапрос ці перасуд, а мо й найгоршае, што магло б стацца — вярбоўку ў стукачы — даносчыкі — што раўнялася б гібелі сумленнага зэка. Алеся закалаціла ад неспакою. Усю ноч ён не мог абараніцца ад назойлівых чорных думак. Раніцай жа сябры выказалі яму спачуванне, брыгадзір пажадаў рашучасці ў гутарцы з “операм”, але ніхто з іх не думаў, што гэта ўжо іхняе развітанне.

Дзяжурныя палічылі Алеся ў бараку сумесна з прыдуркамі, якія асталіся ў зоне і пакінулі самога з яго неспакойнымі думкамі. Нейк апоўдні прыбег зноў той самы “чорны варанок”, але ўжо з іншым загадам — сабірацца са сваім майном, за паўгадзіны падрыхтавацца ў этап. Мінут цераз дваццаць пры камендатуры сабралася чалавек з дзесяць: замораныя старыя, адзін з іх на насілках і два маладыя хлопцы — адзін аднарукі, другі на драўляным кастылі, замацаваным пад рэштай правай ніжняй канчыны. Толькі Алесь у гэтай кампаніі аказаўся без вонкавых прыкмет хваробы ці калецтва. Неўзабаве падышоў грузавы самаход з двума жаўнерамі: шафёрам і канвойным — абодва са зброяй. Распісаўшыся ў дзяжурнага камендатуры за інвалідаў, давераных уладзе канвойных, жаўнер з аўтаматам усеўся на дошцы, пакладзенай паверх кузава і прытуленай да кабіны самахода ды загадаў Алесю і аднаногаму ўвалачы на самаход насілкі з хворым, а таксама ўцягнуць у кузаў іншых старых дахадзягаў. Аднарукі курносы хлопец з цяжкасцю, але без дапамогі сам уцерабіўся на падлогу самахода, а шафёр замацаваў паднятую ім заднюю сценку кузава. Па загаду канвойнага, які сядзеў плячыма да кабіны вадзіцеля на згаданай дошцы, Алесь прымасціўся на падлозе кузава каля яго ног, задам да яго. Іншыя зняволеныя, прызнаныя, праўдападобна, няздольнымі да пабегу, размясціліся як маглі, без ніякіх загадаў ці пытанняў.

Мітусня пагрузкі закончылася і пасажыры самахода насцярожана паглядалі то на канвойнага, то на лагерную браму. Алесь, прыгнечаны нечаканасцю адпраўкі яго ў этап, мімаволі паддаўся расшкамутаным ушчэнт думкам, якія заміналі яму засяродзіцца на рэальнасці. Неўзабаве цераз ухіленыя дзверы лагернай брамы выбег з аўтаматам на плячы шафёр, спраўна, па-хлапечы, ускочыў у кабіну і за хвіліну адазваўся матор, затрос машынаю, заляскатаў і за момант уціхамірыўся. Паўтарыўшы тройчы гэтую працэдуру, спраўца яе вылаяўся благім матам. Не марудзячы вынес з кабіны жалезную корбу, прыладзіў яе наперад матора і з натугаю пакруціў разоў чатыры запар, змушаючы машыну да працы. Валюхаючы па калдобінах, самаход папоўз у парудзелы ад спякоты стэп, цягнучы за сабою хмару пясчанага пылу.

Узбударажаны думкамі Алесь ледзь чутно ўздыхнуў, вымаўляючы сам да сябе, быццам падсвядома, пытанне: “Ды за што?” Асмелены парушаным маўчаннем аднаногі Алесеў сусед запытаў канвойнага: “Куда везешь нас, начальник?” Той, матлянуўшы злым позіркам, адказаў з прыхаванай з’едлівасцю: “Поживешь, узнаешь”, — кладучы націск на падоўжанае “а” ў слове “узнаешь”. На гэтым «таварыская гутарка» закончылася і кожны засяродзіўся на самім сабе, стараючыся зберагчы косці ад удараў аб кузаў, калі самаход падскокваў на калдобінах, ды затуліцца ад пылу і пякучага сонца. Пасля амаль трох гадзін падарожжа самаход прыпыніўся, і пасажыры па загаду жаўнера пассоўваліся з яго на зямлю, сцягнулі насілкі з нерухомым хворым і паслухмяна збіліся ў кучу на паказаным стралком месцы. Абвяўшы ад падарожнай знямогі, старэчы так і апусціліся долу на пясок, дзе стаялі. Засланілі галовы ад сонечнай спёкі хто ганучаю, хто бушлатам. Алесь стаў знаёміцца з хлопцамі. Перш падаў руку аднаногаму, назваўшы сябе: «Алесь Канцавы — беларус». Кульгавы падаўся за татарына з Крыма Ахмеда Узурпаева . Аднарукі працягнуў абодвум хлопцам здаровую правую далонь і адрэкамендаваўся як Васіль Хвастуноў — расеец. Перад імі, як сягнуць зрокам, велічэзны лагер, агароджаны ў тры рады калючым дротам, з дзесяткамі вышак, на якіх драмалі кулямётчыкі. Далей — да самага гарызонту, руды ад сонечнай спякоты стэп. Насупраць лагернай брамы, метрах у пяцістах, пасёлак — трэба думаць, жытло валадароў тысяч зняволеных, пазганяных сюды з усіх канцоў краіны Саветаў, а мо’ і з цэлага свету. Тым часам канвойны, паспрачаўшыся з дзяжурным на вахце, пабег у камендатуру, а яго сябра шафёр, седзячы ў цяньку лагернай вахты, цікаваў за прывезенымі. Этапныя зразумелі, што лагерная адміністрацыя адмаўляецца прыняць іх і нават усцешыліся. У міжчасе пачулі назоў мясцовасці СПАСК, пра які ў рабочых лагерах ходзілі чуткі як пра душагубку. Лагернікі трапляюць сюды на перадапошніх сваіх жыццёвых этапах, бо адсюль высылаюць толькі ў апошні шлях — на безыменныя лагерныя могілкі.

Між тым валакітная мітусня канвойнага ад начальніка да яшчэ большага начальніка прадаўжалася. У рэшце рэшт паявіўся ён з афіцэрам. Хлопцы інтуітыўна адчулі сваю непамыснасць. Пабачыўшы настаўленага рубам да іх афіцэра, яго пранізлівы з’едлівы позірк, адчулі гнёт чакання найгоршага, што ім можа прыгатаваць гэты чалавек. Афіцэр, як бы стараючыся ўпэўніць іх у тым адчуванні, кінуў пытанне ў адрас жаўнера: “А те орлы зачем сюда?” — ды матлянуў галавою ў бок хлопцаў. Стралок разгублена стараўся патлумачыць, што яны таксама інваліды. Афіцэр зноў трасянуў галавою, але ўжо ў напрамку будынка з кратамі і наморднікамі на вокнах, абгароджанага знутры лагера калючым дротам. “Палічыў нас адказчыкамі ад працы, ці блатнымі”, — падумаў Алесь.

У зоне лагера ім у вочы кінуліся нейкія велізарныя, высокія на тры метры загарады, пабудаваныя з каменняў у гліняным споіве. Паверх гэтых муроў відаць было па 2-3 дахі баракаў, у кожнай загарадзе. Далей — у прагаліне між сценамі загарадаў, зноў зона, адгароджаная калючым дротам з варотамі, над якімі віднеўся падпіс: “В больничную зону вход без пропусков воспрещается”. Цяпер толькі прыбышы зразумелі веліч гэтага лагера — камбіната па ўтрыманню непатрэбных рэжыму інвалідаў. Алесь зразумеў сэнс бачанага звонку: на вярсту расцягнутага канвою інвалідаў, што неслі каменні ад каменнага пагорка цераз незабудаваны абшар лагера ў яго цэнтр . Стала ясна, што гранітнае ўзвышша — гэта каменяломы на патрэбу будовы штораз новых загарадаў у лагеры. Але разглядацца было некалі. Хутка паявіліся два санітары, схапілі насілкі з хворым і пагналі перад сабою знямоглых старых інвалідаў у напрамку бальніцы. Трох маладых забраў вярзіла ў зэкаўскай, але чыстай вопратцы, аблепленай нумарамі, як і ўсе “мундзіры” лагернікаў. Правёўшы ў адзін з двух баракаў у суседняй загарадзе, паклікаў брыгадзіра каменяломшчыкаў і заявіў: “Вось табе тры арлы на папаўненне брыгады”. Брыгадзір гадоў пяцідзесяці пяці, з моцна паморшчаным ілбом, абвёў хлопцаў шэрымі, быццам выпаласканымі з ранейшага колеру, вачыма, ад куткоў якіх разгаліноўваліся, сягаючы да вушэй, глыбокія маршчыны. Падаўшы прыбышам руку, ён назваў сябе Чарненкам і за хвіліну дадаў нібыта нешта лішняе ці неўжыванае — Цімафей Пятровіч. “Хоць у лагеры, — сказаў ён, — няма звычкі спавядацца з прычыны зняволення, хачу каб вы ведалі, з кім будзеце мець дачыненне. Судзілі мяне за трацкізм, пра які я мала што чуў, — на пятнаццаць гадоў, а дзесятку дабавілі за лагернае змаганне з нявольнічай працай і названне нашых прыгоншчыкаў належным ім імем. З гэтай катушкі аддубасіў васемнаццаць гадоў. Брыгадзірам каменяломшчыкаў назначылі мяне — інваліда — для пакарання. Цяпер за вамі чарга. Хачу толькі ведаць, хто вы, як вас завуць і срок вашага зняволення. Не мяшала б ведаць прычыны вашага інвалідства”.

Першы азваўся Ахмед Узурпаеў. Назваў сваё імя, прозвішча, 1924 год нараджэння, па прафесіі настаўнік, тэрмін — дваццаць пяць год заключэння і пяць год “по рогам” — пазбаўленне грамадзянскіх правоў, словам, “катушка”. Нагу страціў у час пабегу. “Павязло вам сягоння на «прафесараў», — з вычувальным сарказмам сказаў Алесь. — Я, Канцавы Аляксандр, 1923 года нараджэння — беларус, таксама вучыцель. У мяне нікудышняе сэрца — задыхаюся, слабею і гарачка не ўступае. Далі мне дзесятку зняволення ў асобых лагерах пастановай нейкай тройкі ў Вярхоўным Савеце, без ніякага суда”. “Особое совещание — ОСО, — патлумачыў Цімафей. — Срок, канешне, ерундовы, ды вось часта па волі гэтага ж ОСО мяняецца, але толькі ўверх, — нібыта перасцярог хлопца. — Ну, а хто ты, курносы, бязрукі?” Вася паружавеў і быццам завучаным на памяць тэкстам адрапартаваў: “Васіль Яфімавіч Хвастуноў, 1928 года нараджэння, рускі. Срок таксама “катушка”, як і ў татарына -прафесара”. “Ну, а рука, прафесія?”, — дамагаўся брыгадзір. “Дык у мяне няма прафесіі, а руку аднялі ад гангрэны пасля самасёку на лесапавале”.

Самаакалечанне на лесапавалах Цімафею было добра вядомае, але ён ведаў і тое, што працэдар гэты быў найбольш практыкаваны блатнымі, якія ва ўсякіх умовах пагарджалі працай. “Ну, абцяць сабе пальцы, гэта не тое самае, што падацца ў блатныя”, — ні то ў форме сцвярджэння, ні то пытання прамармытаў нібыта сам да сябе Цімафей. Вася сумеўся ад пачутага і, матлянуўшы ўмольным позіркам у бок брыгадзіра, заікнуўся нешта сказаць, але, апусціўшы галаву, замоўк. “Дык вось што хлопцы, — адазваўся зноў брыгадзір. — Лёсы нашыя сышліся тут у Спаску не на тое, каб мы розніліся між сабою. Тут, братцы — стары, малады, бязрукі ці нават безгаловы, прафесар ці калгаснік — усе мы для нашых валадароў аднолькавыя, пагарджаныя зэкі. Яны нашыя ворагі, а ў нас адзінае заданне: не паддацца, не дазволіць сабе тут падохнуць. Тут людзі не паміраюць, а падыхаюць, як скаціна. Ім прычапляюць да ног біркі і вывозяць у стэп, каб закапаць у падгатоўленых загадзёў ямах, якія раўняюць з паверхнасцю зямлі. Нашая нялёгкая турбота — бараніцца, а мне лёс даверыў пакіраваць вамі ў гэтай абароне. Хто з вас мяне не паслухае — хай пяняе на сябе. Вось вам вольныя нары. Табе, курносенькі, места этажнае — наверсе, а вы, прафесары — унізе”. Хлопцы ўпершыню сустрэліся ў лагеры з так эмацыянальна і адкрыта выяўленай нянавісцю да лагернага рэжыму. Абмяняўшыся заўвагамі, Алесь з Ахмедам дайшлі да вываду, што пачутае не магло б памясціцца ў рамках найсмялейшай правакацыі, а рэшта будзе залежыць ад паводзін брыгадзіра.

Чатырохасабовыя драўляныя нары, стаўленыя ў тры рады ў даўжэзным бараку, спаўнялі ролю закватаравання і адпачынку для трохсотпяцідзесяці мужчын рознага ўзросту і паходжання. Барак меў двое дзвярэй і чатыры акны, забяспечаныя жалезнымі кратамі. Ад першай раніцы жыццё хлопцаў ўступіла ў нармальныя каляіны лагернага існавання па загаду, толькі ў павальнейшым тэмпе, чым у працоўных пунктах. Тут, колькі ні зробіш, то і так атрымаеш пайку недапечанага хлеба, найменшую, паводле інваліднай, а не рабочай нормы, а правінішся — перавядуць на штрафную, вось і падумай. У брыгадзе навічкі не выклікалі асаблівага зацікаўлення. Тут безупынна некага забіраюць “с вещами”, іншых вывозяць нагамі ўперад з прывязанаю біркаю, альбо пераводзяць у іншыя загарады.

З узвышша каменяломаў распасціралася, як вокам кінуць, суцэльная панарама мужчынскага лагера, падзеленага на незлічоную колькасць гліняна-каменных клетак. Далей бальнічная, гаспадарчая частка ды смярдзючыя гнілізнаю сіласы капусты. Цэлае мястэчка, акружанае агнявою зонай у тры рады калючага дроту з кулямётчыкамі на вышках, а унутры — больш дзесяці тысяч паслухмяных нявольнікаў. За радам загарадаў — паласа незабудаванага прастору, за якім зноў — агнявая зона з вышкамі, а за ёю іншае мястэчка, краю якога ўжо не асягнеш няўзброеным вокам. Гэта жаночы лагер.

Цімафей Пятровіч аказаўся чалавекам неўраўнаважаным, з расшкамутанай ушчэнт нервовай сістэмай, але з галубіным сэрцам для сяброў па нядолі і з воўчымі зубамі для прыгнятальнікаў. Быў вядомы, шанаваны як лагерны старажыл і талераваны тымі другімі, як “неисправимый, но безопасный воинственный чудак”. Чудак гэты ,аднак, ведаў сваё. Ведаў, як зберагчы брыгаду ад штрафной пайкі, як уберагчы хлопцаў перад садызмам “опера”, які чуецца хворым, калі не пасадзіць каго маладога ў штрафны ізалятар — пракляты вязнямі ШІЗО, умеў дабівацца камісоўкі для дахадзягаў з мэтай зберажэння іх ад канчатковай знямогі, словам, Чарненка — гэта аўтарытэт.

У каменяломах праца паказалася хлопцам кашмарнай. Алесь з Ахмедам былі пастаўлены малатабойцамі. У абавязак Васі ўваходзіла збіраць выпрацоўку сяброў і складаць у штабель. Да полудня малатабойцы выбіваліся з апошніх сіл, а вынік — хоць ты плач. Скала ўпарта не паддавалася іхняму малатабою, а жалезны клін непаслухмяна адскокваў ад скалы пад ударамі молата. Прывезеная на абед баланда нічуць не папраўляла самапачуцця. Пасля кароткага адпачынку брыгадзір заняўся “адукацыяй” малатабойцаў. Паказаў, як распазнаць слаі, па якіх камень можа раскалоцца ўздоўж, дзе і як замацаваць клін. Сам выканаў гэту аперацыю, яна паказалася хлопцам не так ужо складанай. Васька таксама мігам ухітрыўся, як схаваць у штабелі пустое месца, каб нарміроўшчык запісаў яго аб’ём у карысць выпрацоўкі. Цімафей адразу змікіціў, што для хлопца гэта не навіна. Яны абодва ведалі, што на такія цуды абапіралася статыстыка асягнення працоўнымі накінутых нормаў выпрацоўкі не толькі ў лагерах. Разумелі, што гэта адна з магчымых сістэм абароны іх біялагічнага існавання. Для малатабойцаў справа таксама праяснілася, але сілы, асабліва Алеся, слабелі з дня на дзень, а сэрца адмаўлялася слухацца і выбівалася з рытму. Ратавалі прыпісваныя ім вынікі працы, перш за ўсё дасціпнасць Васіля ў спосабе штабеліроўкі выпрацоўкі ды памяркоўнасць і спагадлівасць брыгадзіра. Асабліва яго ўменне высварыць у прараба ды ў начальства абарону перад штрафною пайкаю. Карагандзінская “тройца” трымалася ў лагеры шчыльна, стварыўшы свой маленькі энклаў. Спрыяла гэтаму супольнасць зацікаўленняў і падабенства перажытага Алесем і Ахмедам. Да гутаркі іх пільна прыслухоўваўся Вася, якому здавалася шмат што пачутае чымсьці незвычайным, а падчас мала зразумелым, але цікавым. Сам ён быў таксама загадкай для сяброў. Малады хлопец, абцяжараны крымінальнымі злачынствамі, ні паводзінамі, ні манерамі ці стылем мовы не прыгадваў блатных, хоць за такога выдаваў сябе.

Увесь вольны ад працы час сябры праводзілі ў гутарках між сабою, часцяком з удзелам Цімафея. Яны, сілаю той долі памяці, якая не паддалася разбураючай уладзе часу, ператваралі ва ўяўленнях мінулае ў цяперашняе. Халастым між імі трыма быў толькі Васіль. Асалодай у перажыванні разлукі двух старэйшых хлопцаў з каханымі спадарожніцамі жыцця былі ўспаміны, перш за ўсё, эмацыянальна перажытых хвілін. Мінулае было іх неразлучнай часткай, незалежнай ад абступіўшага іх кашмару.

Алёнку Алесь знаў з маленства. Іх хаты ў вёсачцы Клінкі, аточанай з аднаго боку поплавам, а з другога альховым гаем, стаялі якраз напроці, цераз вулічку. У кожнае прадвесне яны выбягалі з іншымі дзеткамі басанож, пераскоквалі лужыны і заляжалыя яшчэ пад плотам гурбачкі снегу, каб паказацца вынослівымі на холад. Пакуль з’яўляліся першыя кветачкі, яны ўсе ўжо мелі чырвоныя парэпаныя лыткі, што ім ніколькі не замінала ў гульнях. Алёнка заўсёды першая адшуквала падснежнікі, а пасля лотаць. Алесь ахвотна памагаў ёй збіраць краскі, адчуваючы падсвядома яе ўражлівасць і пачатак іх дружбы. Праведзеная на Наваградчыне камасацыя сялянскіх палосак у трыццатыя гады, разбіла іх сяло на хутары. Алесева сям’я перасялілася на хутар за тры кіламетры ад вёскі, а аўдавелая цётка Алёнкі, якая гадавала яе, сіротку, асталася на старым месцы. Сустрэчы з Алёнкай парадзелі, тым больш што Алесь, закончыўшы шэсць класаў вясковай школы, выехаў вучыцца ў Вільню, а бедная цётка Алёнкі ледзь вязала канцы з канцамі і адукацыя дзяўчынкі закончылася на сёмым класе. Узаемная туга падлеткаў умацавала іх дружбу, а кожная сустрэча пакідала ў іх душах непазбыўныя пачуцці і ўражанні. Самым шчаслівым імгненнем у жыцці асталася ў памяці Алеся сустрэча з Алёнкай у летні адвячорак саракавога года. Умоўленыя ў палове дарогі між хутарамі і вёскаю, павандравалі яны прымежкам, атуленыя з двух бакоў рослым, хвалюючым, непаўторна-лагодна пахлівым жытам. Квяцістыя палоскі між краямі прымежка і жыта, ператыканыя васількамі і рамонкамі, узмацнялі пачуццё зачаравання, быццам неспатыканаю дасюль красою. Усё акружаючае іх, усё, што яны бачылі, чулі, адчувалі ўзбуджаным рытмам іх сэрцаў, здавалася незвычайна прыгожым, радасным, створаным для іх шчасця. Выйшаўшы на скрай жытняга палетка і поплава, называемага чамусьці садочкам, не пайшлі на дарогу пад горку, у напрамку цётчынай хаты, але інстынктыўна павярнулі лявей у накірунку хвойніка, сярод якога на горцы стаяла трохсотгадовая каплічка з вобразам святога Ануфрыя, а каля яе ледзь-ледзь значыліся зацёртыя цягам часу могілкі. Алесь, чытаючы думкі Алёны, запытаў: “Можа прысядзем на скраю ўзвышша?”. Прытуліўшыся да дзяўчыны, пачуў цяпло яе заружавелага твару, а яна ціхенька адказала на яго прапанову: “Ну, давай пасядзімо”. Дзень хіліўся да скону. Знікаючыя паступова праменні сонца ўступалі месца спачатку нясмеламу, але штораз больш уладарнаму прыцемку. Над садочкам распасцёрся рэдзенькі туманок, пакрываючы містэрнай вуаллю поплаў. Алесь, абняўшы Алёнку, моцна прытуліў яе да сябе. Вольная рука яго спачыла на цвёрдых, як мячыкі, грудзях дзяўчыны, а вусны трапілі на ўхіленыя гарачыя губы. Абвялая ад асалоды Алёнка раптам залекацела, з непакоем адсунулася ад сябра і трывожна адазвалася:

— Алеська, мілы, ты ж не скрыўдзіш мяне, праўда?

— Няўжо ты не разумееш, Алёнка, што я кахаю цябе, — зарэагаваў хлопец у парыве шчырасці. — Я не пазволю скрыўдзіць цябе нікому і ніколі, — дадаў з упэўненасцю. Ад гэтай хвіліны вусны іх з’ядноўваліся штораз смялей, але ўзаемныя пяшчоты не парушалі граніцы ўстрыманасці.

Сябры слухалі Алеся і кожны па-рознаму. Ахмед перажываў ва ўспамінах раскошы кахання са сваёй Фацімай, а Васіль раптам перапыніў аповед Алеся: “І ты яе нітаво?” “Нічаво”, — яўна раздражнёна адказаў Алесь. “Ну, як жа, — не здаваўся Вася, — ты ж быў ужо ўзрослы мужык, яна дзеўка, дык як жа так?!” “А вось так-та, Васька, дасць Бог і ты пакахаеш у жыцці, тады зразумееш”, — перапыніў Алесь спрэчку, каб зноў вярнуцца ў шчаслівыя ўспаміны.

Тым часам распасцёртая над зямлёю ноч наваражыла цішыню. Даўно праклекатаў на дабранач бусел у гняздзе на ліпе побач цётчынай хаты, замерлі гукі няхітрай мелодыі, рассыпанай адвячоркам па наваколлі нейкім гарманістам, на абсеяным зоркамі небе пралёг Млечны Шлях, цемру раз’ясніў яшчэ і месяц, пазычаным у сонца халодным бляскам, напамінаючы закаханым, што час вяртацца дамоў. Алесь трапіў на сцяжынку ў капліцу, высланую аерам з нагоды прыезду на Сёмуху святара . Аеравай сцежачкай дайшоў з Алёнкай да кладкі цераз завоню і, выбраўшыся на горку, правёў дзяўчыну да самай хаты. Непрытомныя ад спазнанага пачуцця шчасця, развіталіся яны да хуткай сустрэчы. Лёс, аднак, наканаваў ім іншае. Неўзабаве Алесь выехаў на навукі ў Вільню. Алёна пайшла заканчваць сваю вучобу ў сёмы клас. Аб’яднаныя шчырым пачуццём кахання, раздзеленыя значнымі прасторамі, яны стараліся аблягчаць сваю тугу абменам думак, давяраючыся паперы і пошце — адзіным у той час пасрэднікам між імі.

Памысна завяршыўшы сярэднюю асвету, Алесь адсвяткаваў з сябрамі заканчэнне навукі і падрыхтаваўся да падарожжа дамоў, як мага хутчэй, каб пабачыцца з Алёнкай. Але нечакана чэрвеньскім заранкам Вільню скаланулі моцныя выбухі. Звонку пачуліся нечыя крыкі: “Вайна, немцы напалі на Саюз!” На вуліцах горада запанавала мітусня. Алесь дарма дамагаўся прыдбаць на вакзале білет у Баранавічы. Чыгуначная магістраль была пашкоджана бомбамі і цягнікі стаялі. Сябрам з Беларусі асталася магчымасць толькі пешага вяртання на радзіму. З цяжкасцю дабраўшыся да ваколіц Ліды, Алесь з сябрамі напароліся на незлічоныя калоны гнаных немцамі палонных, у вайсковай і цывільнай вопратцы. Не паспелі агледзецца дзецюкі, як і яны пад штыкамі канвойных патрапілі ў гэты разлеглы строй. На нейкім прыпынку цывільных аддзялілі ад вайсковых, але не з мэтай адпраўкі дамоў. Хутка Алесь апынуўся ў Прусіі. Начапілі яму на вопратку латку OST i загналі ў лагер працы, дзе, кормлены пераважна бручкай, адпрацаваў увесь час вайны. Алёнка дарма ліла слёзы, выглядаючы на скраю гасцінца мілага сярод замораных, гнаных пад жорсткім канвоем, людзей. Дзяўчына, аднак, не траціла надзеі і заставалася вернай каханаму. Амаль праз год прыйшла першая вестка ад Алеся, а з ёю ўзмацнілася надзея на немінучае іхняе спатканне. Жыццё Алёнкі набыло новы сэнс. Яна выкарыстала магчымасць навучання ў арганізаванай падчас акупацыі беларускай прыгімназіі, а восенню 1944 года паступіла ў Наваградскую педагагічную вучэльню.

Радасць ад новай сустрэчы умудроныя разлукай закаханыя перажылі ў кастрычніку 1945 года. Навучаныя жыццём пастанавілі спярша закончыць навуку, а пасля збудаваць сумеснае будучае. Алёна атрымала сярэднюю педагагічную адукацыю і стала працаваць у малодшых класах баранавіцкай дзесяцігодкі. Алесь далучыўся да яе пасля заканчэння Педагагічнага інстытута ў Мінску, прыняты на пасаду намесніка дырэктара дзесяцігодкі. Яны хутка пажаніліся, шчаслівыя ад трывалай вернасці, пачуцця вялікага ўзаемнага кахання і веры ў прышласць, але не падазраючы, на жаль, што на іх радзіме іхняе будучае, як і ўсё іншае, не можа быць прыватнай, а тым больш непарушнай уласнасцю. Неўзабаве нахлынула аднекуль трывога. Здальнейшыя і больш актыўныя вучні адзін за адным кудысьці знікалі. Пайшлі чуткі аб выкрыцці “ворганамі” нейкай падпольнай маладзёжнай арганізацыі. Афіцэры безупынна сачылі за настаўнікамі. Напрыканцы 1949 года схапілі цяжарную Алёну, а неўзабаве і Алеся. Абвінаваціўшы іх у супрацоўніцтве з падпольнай арганізацыяй моладзі, не маючы доказаў, накіравалі справу ў ОСО, якое завочна вырашыла зняволіць іх, кожнага тэрмінам на дзесяць гадоў у “исправительных трудовых лагерях”.

“Такім вось спосабам, хлопцы, лёс злучыў мяне з вамі ў гэтым Спаску”, — звярнуўся Алесь да сяброў, закончыўшы сваё апавяданне. Дадаў, што мукі, якія перажыла Алёна з народжаным у няволі сыночкам вядомыя яму толькі часткова з пісем. Пісьмы апошнім часам перасталі прыходзіць і хлопцы, прадчуваючы гора свайго старэйшага друга, стараліся пазбягаць аб тым гаворкі.

Жыццёвы шлях Ахмеда аказаўся не менш драматычны, чым Алеся. Ахмед, здольны хлопец, здабыўшы педагагічную адукацыю ў Казані, вярнуўся ў родны аул каля Балтасі працаваць настаўнікам у мясцовай сямігодцы. Прызначаны дырэктарам школы, віншуючы выпускнікоў у канцы школьнага года, уручыў першай выдатніцы пахвальную грамату і пацалаваў яе ў шчочку. Твар пятнаццацігадовай стройнай Фацімы абліўся румянцам, а сама яна ажно ўздрыганулася ад нечаканага ўзрушэння. Фаціма — найпрыгажэйшая дзяўчына ў ауле, абяцаная бацькамі замуж сыну суседа, стала часта заглядаць пад рознымі нагодамі ў школу. Ахмеду спадабаліся гэтыя адведзіны і ён стаў іх чакаць са што раз большаю нецярплівасцю. Непрыкметна, з цягам часу, узнікла глыбокая прыязнь між маладым настаўнікам і былою яго вучаніцаю, у міжчасе даспелаю дзяўчынаю. Шчырая ў адносінах да былога настаўніка Фаціма даверыла яму сваю таямніцу адносна нежаданага ёю замужжа. Ахопленая пачуццём да Ахмеда, горача заявіла, што жыццё яе без каханага было б бессэнсоўным і немагчымым. Даверлівасць Фацімы, цвёрдая ўпэўненасць у пачуццях і памкненнях памаглі і Ахмеду раскрыць перад ёю даўно народжаную, глыбока заканспіраваную таямніцу кахання .

Прысягнуўшы на ўзаемную вернасць, пачалі яны патаемна рыхтавацца да сужэнства. Ажыццяўленне гэтага намеру вымагала пераадолення вялікіх і небяспечных перашкод. Адзінай магчымасцю здзяйснення іх планаў было выкрасці дзяўчыну употай. Паводле пануючых ад вякоў традыцый і звычаяў, ніякім чынам незалежных ад сучасных законаў дзяржавы, апекуны маладой, а, перш за ўсё, браты, мелі за гонар і абавязак адбіць схопленую, а захопніка забіць. Калі, аднак, на працягу трох дзён ім знайсці дзяўчыну не ўдасца, сужэнства лічыцца здзейсненым і каханкі не падлягаюць пераследу. Не маючы магчымасці пакарыстацца ў аперацыі традыцыйным рэквізітам — канём, Ахмед з прыяцелем пад’ехалі самаходам на ўмоўленае з Фацімай месца і, незаўважаныя, уцяклі з аула да сардэчнага друга Ахмеда ў Казань. Трое сутак раскошы кахання — пад пагрозай смерці ў выпадку дэканспірацыі — упэўнілі закаханых у слушнасці іх ўчынку. Праз пяць дзён уцекачы вярнуліся ў аул прывітаныя іх сем’ямі. Два старэйшыя браты Фацімы, гатовыя забіць Ахмеда ў часе пагоні, не хавалі задавальнення са шчасця сястрычкі і яе мужа. Ды неяк надосвітку ў ауле пачуўся незвычайны безупынны гул матораў. Ахмед, сарваўшыся з пасцелі, кінуўся да акна. У радзеючым змроку заўважыў перабягаючых ад хаты да хаты людзей ва уніформах. Неўзабаве нехта, калоцячы ў дзверы, дамагаўся, каб адчынілі па загаду органаў бяспекі. У хату ўварвалася некалькі жаўнераў са зброяй, з крыкам, каб збіралі хутчэй неабходныя рэчы: эвакуацыя з пасёлка. На кожнае пытанне быў адзін адказ: “Маўчаць і хутка збірацца”. Фаціма з прасоння ўся лекацела ад спалоху і бязрадна сноўдалася па кватэры. Ахмед памог ёй сабраць яе рэчы, паднесці да падагнанага грузавіка і папрасіў пачакаць, пакуль ён не вернецца з рэштаю свайго адзення з хаты. Мінут цераз пятнаццаць, выгнаны жаўнерамі, выбег са сваім клункам, але самаход, ужо бітком запоўнены суседзямі, ад'язджаў. Фаціма роспачна адгукнулася дзесьці з людскога натоўпу ў грузавіку. Лямант жанчын, каб затрымалі машыну, аддаляўся і паступова знікнуў у пякельнай суматосе. Ахмед рынуўся ў напрамку грузавіка з яго каханай. Жаўнеры, аднак, схапілі яго і піхнулі ў іншы караван, які, як пасля аказалася, выслалі ў іншым накірунку. Гэтым дзікім гвалтам над людзьмі закончылася кароткае шчасце Ахмеда і Фацімы, а мо і жыццё ці мала якіх іншых іхніх суродзічаў.

Завезены на пасяленне ў Цалінаград, Ахмед не расставаўся ў думках з намерам адшукаць Фаціму. Чуткі аб крымскіх перасяленцах распаўсюджваліся між сасланымі хутка. Неўзабаве ён даведаўся, што адзін транспарт прывёз жанчын у ваколіцу Краснаармейска. Пакуль не закончылася мітусня з прыпіскамі, пасяленнем, допытамі пераселеных, Ахмед пакінуў у суседзяў сваё сціплае майно і выбраўся ў падарожжа. Лічыў, што шукаць яго пачнуць не раней як праз тыдзень, і не памыліўся. Вандраванне ўцекача па незнаёмых бездарожжах аказалася цяжэйшым ад спадзяванага. Затрымаўся ён у Краснаармейску. Бадзяючыся па аўтобусным і чыгуначным вакзалах ды іншых публічных месцах, выпытваў людзей, ці ім вядомае месца пасялення татараў. Хутка, аднак, пераканаўся, што людзі, пачуўшы пытанні, перапынялі гутарку і, быццам апараныя, моўчкі кідаліся чым хутчэй і далей ад няшчасця. Ахмед зразумеў, што ў такіх людных, загушчаных міліцыяй месцах яму будзе цяжка наладзіць кантакты з запужанымі грамадзянамі, пераважна сасланымі, як і ён сам. Адвячоркам Ахмед вырашыў ад’ехаць першым цягніком у больш зацішнае, бяспечнае месца. Ідучы перонам уздоўж цягніка напароўся на двух у вайсковай форме, яны спыніліся перад ім і запатрабавалі дакументы. Затрыманы прабаваў адвесці іх увагу і нібыта здзіўлены спытаўся, у чым справа. У адказ пачуў: “Ты што, аглох — дакументы!” — злосна зрэагаваў жаўнер. Зразумеўшы бязвыхаднасць становішча, Ахмед з усяе сілы шпурнуў свой мяшочак на праследавацеляў. Рынуўся пад стаячы цягнік з намерам перакаціцца на другі бок і збегчы. У той момант моцны штуршок паравоза раптам адапхнуў вагон, з-пад якога ўцякач не паспеў, аднак, выцягнуць нагі. Па ёй упоперак голені пракацілася кола вагона.

Хлопец апрытомнеў у бальніцы, чуючы нясцерпны боль у правай ступні. На пытанне пра тое, што сталася, пастаўленае незнаёмцу, які сядзеў каля ложка ў накінутым на плечы белым халаце, пачуў знаёмы адказ: “Паживешь, узнаешь”. Трагічнае абуджэнне Ахмеда з ампутаванай па калена нагою змяніла дашчэнту яго жыццё, калі не сказаць – выштурхнула ў безнадзейную вегетацыю. Пераведзены з бальніцы ў астрог, ён упарта адмаўляўся адказваць на пытанні, уключна з адмовай назваць прозвішча і паходжанне, каб не нашкодзіць Фаціме. У роспачы і нянавісці да віноўнікаў свайго няшчасця, пераносячы здзекі следчых, ён безнадзейна бараніўся абвінавачваючы ўладу ў генацыдзе і ў бяздушнасці органаў прымусу. Справу выяснілі росшукі цалінаградскага МГБ, куды і перавезлі арыштаванага. Там ваенны трыбунал палічыў дастатковымі матэрыялы допытаў для абвінавачання ў бяспраўным пабегу з месца высылкі, ачарненне савецкай улады і яўна варожае стаўленне да яе. Падсумаваўшы ўсе прыпісаныя злачынствы, трыбунал засудзіў Ахмеда да зняволення ў ІТЛ на 25 гадоў. “Такім вось спосабам мой лёс сышоўся з вашымі, — заключыў Ахмед. – Шкада толькі, што ў гэтай спаскай душагубцы”, — дадаў, падумаўшы. Цімафей Пятровіч прыслухоўваўся да апавяданняў хлопцаў і сумесна з імі спагадліва перажываў, як сваю, загубленую іхнюю маладосць. Пабачыўшы недамаганні Алеся, як мага спрыяў яму. Кожная гутарка між сябрамі пераконвала іх у дружбе і ўзаемнай шчырасці.

Васіль успрымаў споведзь сяброў па-свойму, але і ён вырашыў адкрыцца перад імі. Перажытае ім аказалася больш простым, але не меней драматычным. Упэўнены ў захаванні сябрамі тайны прызнаўся, што сапраўднае яго прозвішча Пятушкін Васіль Іванавіч, ён селянін з калгаса імя Леніна непадалёк мясцовасці Кормы арлоўскай вобласці. З непрыхаванай ганарыстасцю расказаў сябрам пра сваю працу пры механічнай малацілцы, пра адносіны з дзеўкамі, якіх шмат любіў у сваім бестурботным, хоць і нядоўгім жыцці, пра п’яныя ад самагонкі гульні пад гармошку. “Гэта было жыццё”, — задумліва падсумаваў Вася. “За што ж цябе пасадзілі і чаму памяняў прозвішча?” — спытаў здзіўлены Цімафей. “За звычайную салідарнасць, — паясніў Васіль. – Чыстае ж зерне з малацілкі, гэта справа прынадная. Дык вось малацільшчыкі і прызапасілі яго сабе на хлеб, на корм падсвінку, курам дый на самагоначку, але ніхто з іх не мог выйсці з працы з пустымі кішэнямі, бо іншыя падумалі б, раз не бярэ, значыць стукач — даносчык, бо чаму не браць, калі гэта і так нічыё, калгаснае”. Ідылія Васіля кончылася тым, што міліцыя знайшла ў яго пуні мяшок зерня ды яшчэ бочачку самагоначнай брагі, а ў загарадцы парсючка падкормленага, вядома ж, не травою. Неўзабаве хлопца асудзілі на пяць год зняволення, сканфіскавалі захопленае калгаснае дабро, а самога яго адправілі этапам у кустанайскі лагер, дзе, як і паўсюль у лагерах, уладу над зняволенымі трымалі “социяльно-надёжные” блатныя. Вася сумленна адпрацаваў тры гадочкі, год яму залічылі за перавыкананне плану і назначылі ў этап на бесканвойнае завяршэнне тэрміну зняволення ў якімсьці саўгасе. Перад самай адправай па этапу нейкі прыдурак - блатны з азызлым тварам паклікаў Васю ў пражарачную тапілку. Там, з дапамогай кампанаў, звязаў хлопца, усунуў яму ў рот скамячаную ганучу, матлянуў на вязня злым позіркам ды са з’едлівасцю заявіў: “Ты запамятай, пацан, што ад гэтай хвіліны ты не Васіль Пятушкін, а Хвастуноў Васіль Яфімавіч з арлоўскага дома для бездаглядных, а срок твой — катушка за зладзейства, насілаванне і пабег з прытулка”. Выказаўшы ўсё , што мусіў ведаць звязаны, загадаў яму некалькі разоў паўтарыць і забыць Пятушкіна. На заканчэнне пагрозліва дадаў: “Запамятай, гад: еслі дзе-небудзь, калі-небудзь, каму-небудзь пікнеш, што ты не Хвастуноў, мы цябе ўсюды дарвём, з-пад зямлі выкапаем і гэта будзе твой канец — хана табе. У найлепшым выпадку ў тапілцы абагрэем табою пражарку, ці паплаваеш у лагернай уборнай, пакуль не прапхнем цябе на самае дно”. І яшчэ кракануўшы пагрозліва: “Законны вор сваіх слоў на вецер не кідае”. Так Вася застаўся ў лагеры «блатным», ён прадоўжыў побыт нейкага Хвастунова, але толькі да наступнага этапу, калі яго завезлі ў лагер непадалёк Тайшэту Іркуцкай вобласці. Змучанага доўгім падарожжам у “цялячым” (таварным) вагоне загналі ў лагер лесапавальшчыкаў. Там ён далей быў Хвастуновым, але не “законным” блатным, толькі звычайным “фраерам”, ганяным на высечку лесу і паганяным блатнякамі. Жыццё абрыдла хлопцу ад безупыннай нястачы ежы, надаедлівай машкарні. Ад яе ўкусаў свярбела і пухла цела, а пасля балела да самай зімы, што яшчэ дапякала траскучым марозам. Галодны, змушаны да непасільнай працы, Вася дашчэнту аслабеў і чуў блізкі канец. Ён задумаў замучыцца на смерць альбо спрабаваць ратавацца самаакалечаннем і магчымай адпраўкай у бальніцу. За пайку хлеба ўгаварыў іншага зэка памагчы яму адсекчы тры пальцы левай рукі, пачынаючы ад мезенца. Два апошнія пальцы дамовіліся пакінуць на наступны самасёк, калі надарыцца такая неабходнасць. Пастанавілі здзейсніць план перад заканчэннем працы, каб не акалець ад крывацёку. З прытрыманай на пяньку рукі тры намераныя пальцы адсеклі быццам сучкі, перавязалі моцна руку вышэй далоні і закуталі рану здабытай з валенка парцянкай. Управіўшыся з аперацыяй, зэкі нарабілі крыку, што чалавек параніўся. Аслабелы Вася страціў прытомнасць. Пакліканы канвойны, хоць і здагадаўся ў чым справа, загадаў дзяжурнаму вазаку завезці абамлелага ў лагер. Той, забавязаны чакаць заканчэння працы, супрацівіўся, але пад пагрозай натоўпу лесапавальшчыкаў, уступіў. Дасведчаны лагерны санітар разумеў, што пальцы адсечаны наўмысна і не рваўся клікаць хірурга. Лекар паявіўся на трэці дзень пасля выпадку, калі ўжо рука хлопца пачарнела і прышлося ампутаваць яе ў локці. Бязрукага цягалі з лагера ў лагер, як непатрэбны ні аднаму начальніку бязвартасны тавар, асудзілі за самасёк, што Хвастунову было ўжо без значэння, і ў рэшце рэшт Вася апынуўся ў Спаску.

Набліжалася вясна 1953 года, але сакавіковыя прымаразкі, успамаганыя буранамі, не саступалі. Зэкі нават ўсцешыліся, калі дваццаць чацвёртага сакавіка раніцай не адчынілі баракаў, не выгналі на праверку, не мазолілі ім вушэй сваімі загадамі ды ненавіснай прапагандай цераз хрыпучы “громкоговоритель”. А вось тое, што не павялі на ранішнюю баланду ў сталовую, занепакоіла. Пад поўдзень заляскаталі замкі ў дзвярах барака і ў памяшканне ўварваліся жаўнеры без зброі. Старшыня загадаў усім падняцца і стаць каля сваіх нараў, на праверку. Падсумаваўшы “штукі”, вайскоўцы выйшлі з бараку, дзверы зноў зачынілі. Цімафей пранюхаў, што нешта сталася з “генсекам” і ўзбударажаны весткай, занепакоены пачутым, падышоў да хлопцаў, каб прашаптаць і ім тую навіну. Неўзабаве зноў паадчынялі дзверы і выгналі ўсіх навонкі. На мурзатым ад нанесенага буранам пяску і пылу, але яшчэ высокім снежным кургане, пры сцяне загарады, стаяў стол. Пры ім оперупаўнаважаны з ліста паперы ў чорных абводках прачытаў паведамленне аб смерці Сталіна ды жалобнае пасланне партыі і Вярхоўнага Савета. Пасля загадаў зняць шапкі. Вочы вязняў, як па сігналу, скіраваліся на Цімафея, той абвёў натоўп прыдзірлівым позіркам і не зварухнуўся, трымаючы рукі ў кішэнях бушлата. Хлопцы зразумелі брыгадзіравы адносіны да падзеі і нікому не прышло ў галаву зрабіць іначай. Збянтэжаны опер са злосцю нацягнуў на лоб сваю вушанку і хутка знік з загарады каменяломшчыкаў. Зэкі вярнуліся ў баракі цалкам не ў жалобным настрою, а шапкі ўсіх паляцелі ўгору без загаду. Запанавала атмасфера надзеі. Жыццё ў лагеры на самай справе стала мяняцца з месяца на месяц. Ліквідавалі абмежаванне карэспандэнцыі, апрача перапіскі між зняволенымі. Перасталі зачыняць на замок баракі і загарады, пераследаваць духоўнае жыццё і рэлігійныя практыкі. Ахова і лагерная адміністрацыя памякчэла і дзесьці згубіла сваю ўпэўненасць у безадказнасці, як і іх «сацыяльна-надзейныя» блатныя. Цімафею ўдалося накіраваць Алеся ў бальніцу на аперацыю горла, пасля чаго хлопец выразна акрыяў і падужэў. Ад каторага часу непакоіў яго брак вестак ад маці і Алёны. Ліст прыйшоў у лютым 1954 года, але не з дому, а ад Алёнінай цёткі, з далучаным пісьмом Алёнкі. Хуценька прачытаўшы сваю пошту, Алесь згорбіўся і прысеў на нарах. Пачуў у галаве якуюсь кашмарную пустэчу і на момант страціў пачуццё рэальнасці. Перакрыўлены дзіўнаю грымасай ягоны твар напалохаў Ахмеда. Той зразумеў, што на прыяцеля абрынулася вялікае гора і моўчкі абняў за плечы друга. Абвялаю рукою, жэстам адчаю, Алесь падаў сябру скамячаныя ў далоні пісьмы. Цётка паведаміла зяцю аб смерці ягонай маці, а Алёнка дзялілася сваёй роспаччу: адабралі Славіка, аддалі яго ў прылагерны дзіцячы прытулак і забаранілі дзіця адведваць.

Ачуняўшы крыху, Алесь слаў цётцы ліст за лістом, прызначаныя Алёне, якую стараўся падтрымліваць на духу надзеяй на будучае. Апошні ліст Алёнкі, не менш роспачны, цётка пераслала яму ў траўні 1954 года. А ў верасні 1954 года вестка аб гібелі яго ўкаханай і ўсынаўленні Славіка нейкім афіцэрам канчаткова прывяла Алеся ў адчай. З неадольнага, здавалася, жыццёвага крызісу, як гэта ні паказалася б дзіўным, памагла Алесю выйсці, трагічная ў іншых умовах, тая вестка аб дарагой яму істоце — сыночку — апошняй, якая ў ягоным жыцці заставалася.

Пра мяцеж у кінгірскім лагеры, дзе лёс з астатнімі зэкамі падзяліла Алёна, хадзілі чуткі ўжо з ліпеня 1954 года. Ні маштаб паўстання, ні эпілог яго не быў, аднак, вядомы вязням іншых лагераў. МГБісты адчулі моцную пагрозу з боку добра арганізаванага паўстання, якое імкліва пашыралася. Не могучы ўціхамірыць зняволеных, увялі сваё войска з танкамі ды на працягу гадзіны расстралялі ці падушылі ўсіх, хто ім патрапіў на вочы, не паспеўшы схавацца за сценкамі альбо зашыцца ў які кут. Тыя, каму ўдалося ўцалець, былі адразу забраны і асуджаны. Памардаваных вывезлі трактарамі і закапалі ў долах, зраўнаваных пасля з паверхняю зямлі. Знайшла апошні спачын там і Алёнка.

Тым часам Ахмед, спачуваючы Алесю, засяродзіўся на справе пошукаў Фацімы. Дзесяткі высланых пісем далі памысны вынік. Аказалася, што Фаціма жыве ў саўгасе дзесьці між Цалінаградам і Карагандою. Ужо ў чэрвені яна адведала непрытомнага ад шчасця бязногага, але каханага мужа. У траўні 1955 года выпусцілі Ахмеда з лагера, а ў палове 1956, пераадолеўшы немалыя цяжкасці, яны абое з Фацімай апынуліся на сваёй любай бацькаўшчыне.

Васіля забралі з лагера ў студзені 1954 года і след па ім загінуў. Ды нечакана пад новы 1955 год на імя Чарненкі прыйшла пасылка з арлоўскай вобласці. Верны прыяцелям Васька прыслаў ім кусок салёнага сала, падсушанай каўбасы, торбачку ячменных круп і ўсе куткі фанернай скрыначкі шчыльна пазатыкаў часнаком і цыбуляй. Пад векам пасылачнай скрынкі была запісачка, у якой Вася разам з жонкай Дашай, калгаснай даяркай, віншаваў сяброў з Новым годам. З лагера Васіля завезлі на вочную стаўку з праўдзівым Хвастуновым, схопленым на якімсьці чарговым злачынстве. Калгаснікі распазналі ў ім свайго былога земляка Пятушкіна. Такім чынам Васёк вярнуўся пад уладу калгаснага праўлення, падмацаваную Дашай.

Цімафея пастанова Камісіі Вярхоўнага Савета аб вызваленні ніколькі не ўзрадавала. Дваццацігадовы побыт у няволі перамяніў яго ў лагерніка, пазбаўленага сям’і, міжлюдскіх кантактаў, здольнасці карыстацца воляю. Прыгнечаны пачуццём бязраднасці, ён падаўся ў родную Адэсу пашукаць згубленай маладосці .

Апошнія месяцы лагернай адзіноты Алеся, страціўшага найдаражэйшых яму людзей, а перш за ўсё каханую Алёну — частку яго самога — былі невыносна кашмарнымі. Высненая ў няволі, галубленая ў думках вольнасць у сінявокай дарагой Наднёманшчыне змагалася з клічам крыві, абавязку і невядомым дасюль пачуццём роднасці з нябачанай яшчэ роднай крывінкай — часткай яго і Алёнкі. Іхнім сыночкам.

Звольнены ў траўні 1956 года Алесь паехаў у Кінгір і хутка заняў вызваленае іншым ссыльным месца настаўніка. Увесь свой вольны ад працы час ён прысвячаў пошукам сыночка і доказам бацькоўства Славіка. Працавітасць Алеся, яго заўсёдная спагадлівасць, прыязная лагоднасць, хутка забяспечылі яму аўтарытэт і сімпатыю. Гутаркі з людзьмі прывялі яго да пенсіянеркі — былой няні ў прылагерным дзіцячым прытулку, сасланай з Беларусі ў 1940 годзе. Яна добра памятала Славіка, яго трагедыю ростані з мамаю і пазнейшае ўсынаўленне хлопчыка капітанам МГБ Рубаковым і яго прыветлівай жонкаю Марыяй Пятроўнай. Ва ўмовах заканадаўчага адраджэння грамадзянскіх правоў і абмежавання самаволі органаў прымусу адшукаць хлопчыка, пабачыць яго і адсудзіць было толькі праблемай часу. Капітану Рубакову — ахрыпламу барытону з фіялетавай фізіяноміяй было “безразлично”. Пакутавала толькі Марыя Пятроўна. Славік быў адзінай радасцю яе жыцця з безупынна п’яным салдафонам. Хлопчык, мініяцюрная копія Алеся, яшчэ мала разбіраўся ў гэтых лёсаносных для яго абставінах. Перакананы “мамай”, што будзе яго адведваць, без супраціўлення памяняў дасюлешняга пагрозлівага тату, на прыемнага яму “дзядулю”, якога таксама згадзіўся называць татам. Славік пасябраваў з татам хутчэй, чым можна было спадзявацца. Яны паставілі на месцы супольнай магілы памардаваных зняволеных дубовы крыж з надпісам: “Дарагой Алёне ад яе Алеся і Славіка”.

Дачакаўшыся канца 1957/58 навучальнага школьнага года, Канцавыя Аляксандр і Вечаслаў адправіліся ў далёкую цудоўную жытнёвую краіну сваіх дзядоў і прадзедаў. Алесь уладкаваўся на працу ў Баранавічах. Старэнькая цётка Алёны згадзілася памагчы ім, і была шчаслівай апякункай унука. Неўзабаве прыехала гнаная тугой па Славіку Марыя Пятроўна. Яе адведзіны некалькі разоў паўтарыліся. Хутка выяснілася, што жанчына пасялілася ў Баранавічах і працуе медсястрой у бальніцы, яна пакінула безупынна п’янага капітана. Цётка палюбіла яе за шчырую прыхільнасць, любоў да Славіка, сціпласць і ветлівасць. З часам Марыю сталі прымаць як сваю. Цераз год памерла змораная жыццём цётка. Канцавыя — усе трое — часта адведвалі летам далёкі Кінгір і складалі кветкі пад дубовым крыжам. Час паступова гаіў раны...

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія