На шляху беларускай духоўнай культуры
(паводле паэтычнай кнігi “Ускраек тысячагоддзя” Галіны Тварановіч-Сеўрук)
Янка Жамойцін, Варшава
Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь?..
Там, дзе ў сьпевах лагоднага Слова
Узыходзіць крывіцкае рэха...
дзе вякі ўзнаўляюць нанова
еднасьць сьвету з душой чалавека...
Зьніч
З прыходам хрысціянства на беларускія землі ад 988 года паступова пачалі арганізоўвацца манастыры, у якіх перапісвалася духоўная лiтаратура, ствараліся жыццеапісанні падзвіжнікаў. Дасюль актуальнасць захоўвае “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, культ якой, як узор маралі, жыве да сённяшніх дзён у народзе нараўні з постацямі прапаведнікаў Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага, Клімента Смаляціча, Феадосія Пячэрскага. Гэта некалькі з шматлікіх ацалелых у абыякавым руху часу падвалін духоўнай культуры. Менавіта праваслаўныя кніжнікі вызначылі ідэалогію маладой беларускай дзяржавы. Яны сталі аўтарамі напісаных кірыліцай на старабеларускай мове летапісаў Вялікага княства Літоўскага, а з часам і дзяржаўных актаў у абліччы між іншымі - Статутаў ВКЛ. Дамінуючая ў ВКЛ беларуская мова ў ХVI стагоддзі паспрыяла ініцыятыве Францішка Скарыны перакласці на старабеларускую мову Біблію ды стварэнню друкарняў. Крыху пазней рэфарматары ў тым жа XVI стагоддзі, схільныя да збліжэння з народам, таксама заняліся перакладам Свяшчэннага пісання. Маецца на ўвазе пераклад Евангелля Васілём Цяпінскім, выданне на беларускай мове Катэхізіса Сымонам Будным.
Рэфарматарскі рух, а пасля Брэсцкая Вунія змабілізавалі праваслаўныя брацтвы да пашырэння этнакультурнай дзейнасці перш за ўсё духавенства і да выдавецтва кніг на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. У духоўных семінарыях быў уведзены абавязак вывучэння старабеларускай мовы і паслугоўвання ёю ў кантактах з насельніцтвам, не выключаючы богаслужэнняў. Неацэнныя заслугі ў гэтых адносінах беларускай шляхты, асабліва Канстанціна Астрожскага, Хведара Скуліна-Тышкевіча, Багдана Сапегі і іншых.
Маладыя святары сталі пасрэднікамі паміж беларускай праваслаўнай царквой і народнай культурай, нявызваленай ўсё яшчэ ад закаранелых у народзе паганскіх традыцыяў. У XVI ст. надрукавана ў ВКЛ 321 кніжка на старабеларускай і царкоўнаславанскай мовах (Запіскі культурна-гістарычнай калегіі, стар. 23), што сведчыць аб дамінацыі беларускай мовы і духоўнай праваслаўнай культуры. У трэцяй сталіцы Беларусі – Вільні – ужо на пачатку XVI ст. налічвалася 13 праваслаўных храмаў. Затарможанне развіцця духоўнай культуры, а перш за ўсё – дэмаграфічную катастрофу выклікалі амаль 70-гадовыя войны, што пракаціліся цераз беларускія землі. У наступстве іх колькасць насельніцтва з 4.546.368 душ ў 1648 г. паменшылася ў 1717 г. да 1.853.390 асоб. (Marceli Kosman, Historia Białorusi, стар.174) Завяршэннем “залатога веку” ў галіне беларускай духоўнай культуры фактычна стала вайна паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай 1654-1667гг., у выніку якой праваслаўная царква згубіла ўплывы на дзяржаўныя структуры, а ў 1696 г. беларуская мова страціла ў ВКЛ свой афіцыйны статус. Наступіла паланізацыя беларускай шляхты. Беларусь апынулася пад ціскам Польшчы і Расеі, а з часам стала часткай Расейскай імперыі. Кацярына II, працягваючы палітыку Пятра І, адсунула ад дзейнасці іерархаў беларускага паходжання, забараніла святарам паслугоўвацца мясцовай мовай у царквах, а неўзабаве была праведзена акцыя знішчэння беларускай рэлігійнай літаратуры. Наступіла адчужэнне духоўнай культуры ад народнай. У праваслаўнай царкве запанавала расейшчына, што і трывае да сённяшніх дзён. Палітычная сітуацыя паспрыяла паланізацыі беларускай каталіцкай канфесіі, не без удзелу уніяцтва.
Незалежна ад палітычных нягодаў і канфесійных контраверсій, аднак, на працягу гісторыі да часу бальшавіцкай рэвалюцыі духоўны дзейнік выступаў як асноўны ў фармаванні культурных умоваў у жыцці беларускага народа.
70-гадовая ўлада “саветаў” на Беларусі, бязмала поўнае пазбаўленне царквы ўплыву на духоўвы стан грамадства, атэістычная прапаганда, знішчэнне сакральных аб’ектаў і духавенства, беларускіх пісьменнікаў і школьніцтва ў імя пабудовы “савецкага” грамадства спустошыла духоўнае жыццё краіны.
Літаратура абмежавалася да “маналіту”, падыктаванага інтарэсамі камуністычнай партыі і яе правадыроў.
Паступовая палітычная адліга ў СССР на працягу трох апошніх дзесяцігоддзяў ХХ ст. узбударажыла думкі і пачуцці беларускіх творцаў. Беларуская паэзія пашырыла мыслёва-ідэйныя абшары, удасканаліла формы вершa, штораз смялейшыя думкі і форма сталі пашырацца ў творчасці Уладзіміра Караткевіча, Дануты Бічэль-Загнетавай, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава і іншых.
Поўным рэхам Крывічоў у “еднасці свету з душой чалавека” першым з сучасных творцаў адгукнуўся Зьніч (Алег Бембель). Аднак яго зборнік вершаў на духоўную і сацыяльна-грамадскую тэму “Шляхам сумоўя” мог з’явіцца ў
80-х гадах толькі ў саміздаце, даступным нешырокаму асяроддзю утаямнічаных. Выклікаў ён сенсацыю ў тагачасным свеце літаратараў і стаў падвалінай сучаснай беларускай духоўнай паэзіі, а можа і духоўнай літаратуры ў цэласці. На жаль, не споўнілася дасюль прароцтва Зьніча ў адносінах да святароў:
О, Крыўя, – не!.. Цябе ня змораць,
Ты зноў асьвеньцішся знутры –
як па-крывіцку загавораць
з табой Хрыстовы святары.
Царкоўныя айцы пакуль што па-крывіцку не загаварылі з Народам. Аднак Зьнічавая іскра свету знутры зморанай “Крыўі” не пагасла. На пераломе тысячагоддзя хрысціянства ў Краіне яна здолела разгарэцца полымем шчырых пачуццяў і асвяціць найлепшыя думкі ўражлівых, смелых творцаў.
Галіна Тварановіч-Сеўрук нездарма называе Алега Бембеля сваім паэтычным хрэсным бацькам. Яе зборнік вершаў пад назваю “Ускраек тысячагоддзя” ( Мінск, 1996) на самай справе перагукваецца з духоўна - эмацыянальнай паэзіяй Зьніча.
Свядомая гісторыі свайго народу, доўгавяковай закаранеласці хрысціянскай ідэі на Беларусі і ўплыву яе на мараль і псіхіку землякоў, уражлівая на знішчальныя сілы духоўнай культуры народу ў ХХ ст., на магчымасць супрацьстаяння ім, натхнёная тысячагадовым юбілеем хрысціянства на беларускіх землях, паэтэса прыкмеціла шанец “адкрыць з імглы вяршыні духу народа”:
Сплывае імглістасць суровых вякоў
над прыхаванымі колісь
вяршынямі духу...
Вось дачакаліся:
выспеліў час
таемныя долю і лёс,
маленне й шлях –
прагу Хрыста
ў Беларусі.
Аўтарка “Ускрайку тысячагоддзя” разумее і тое, што не ўсім будзе суджана пераступіць парог “адчыненых дзвярэй у ратунак”. Разумее, што і яна, як лірычная гераіня, аказалася на шляху ўнутранай барацьбы, якой (у асноўным) прысвяціла свае творы, з надзеяй разбудзіць пачуцці чытача і прагу духоўнага самаўдасканалення:
Сваім
слабым, мітуслівым словам
спрабую выказаць тое,
што выгаворваецца
адно цішынёю вачэй (...)
Згаданыя абумоўленасці вызначаюць творчы шлях Галіны Тварановіч. Стыль яе паэзіі, выяўленая шчырасць хрысціянскай ідэі, незалежнасць думкі, рэфлексій і пачуццяў сведчаць аб абсалютнай самастойнасці яе мастацтва. Згаданыя прыкметы, як галоўны козыр творчасці аўтаркі, дамінуюць над турботамі аб рыфмічнай гладкасці радкоў. Свядомая факту, што не тое найлепшае, што найлепш прадаецца, яна не піша вершыкаў да падушкі – на сон градушчы, не турбуецца аб колькасці, паліроўцы слоў ці сфармуляванняў, якімі можна было б час ад часу палюбавацца быццам цацкамі, згуртаванымі мяшчанкамі за шклом буфету. Кожны радок яе вершаў з непаспалітай іх метафарай змушае думаць заварожанага чытача сказаным ёю:
І раптам:
пранізлівы смутак –
аднойчы Раскрыжаваны
зноў трымціць болем-пакутаю.
У маёй руцэ –
цвік.
Вяртаюся!
Лірычная гераіня ад пачатку стараецца пранікнуць “у глыб сваёй душы, зашчэмленай жорнамі тугі”, з мэтай “памагчы той кволай завязі духоўнага”, са сведамасцю, што ўсё існае нараджаецца ў пакуце, якой немінуча спадарожнічае цярпенне:
Выбіраю расхінутую прастору,
дзе цярпенне ўводзіць у цуд,
а цуд мацуе цярпенне.
“Per aspera ad astra” (цераз церніі да зорак). Паэтычна сфармуляваная старажытным Рымлянінам думка, пацверджаная хрысціянскай ідэяй і законамі прыроды, прабіваецца ў творчасці Галіны Тварановіч як адзін з матываў змагання дабра са злом:
Пекла і рай, дабро й зло,
цемра й святло –
усё гэта я,
Перамогі дабра над злом, душэўнага святла над цемрай шукае лірычная гераіня ў засені крыжа і ў малітве за трыумф веры, надзеі і любові:
Божа!
Насуперак спёкам, якія здрадай
маёю
Табе –
раскашуюцца,
навучы мяне быць удзячнаю.
Дай мне сілы на добрае.
І адымі, калі мыслю благое.
Ачысці крыніцы мае.
Хай бруяцца ў згодзе –
Вера, Надзея, Любоў.
Унутранае духоўнае змаганне перакананняў з сумненнямі, рэфлексійныя разважанні аб прамінанні, паўторнасці ў прыродзе, знаходзяць вырашэнне ў разважаннях лірычнай гераіні:
Калі ўсё было ўжо – і неаднойчы,
то дзеля чаго паўтор гэты?
Зноў жалобная сцежка быцця
і джалам пакуты працята душа.
Дзеля чаго я зноў шукаю
шлях да Галгофы свае?!
Такім чынам, глыбіня думак, працягласць абшару разважанняў, што выклікаюць пытанні i на якiя не знаходзіцца адназначных адказаў, прыдаюць творчасці Г. Тварановіч драматычнае адценне, што тым больш схіляе чытача да роздуму.
Засяроджанне гераіні на собскіх перажываннях, уласнай унутранай барацьбе, асабістым духоўным стане і на пошуках свайго шляху да існасці ўнушае ўражанне біяграфічнага характару “Ускрайку...”, і на самай справе гераіня ў сваіх разважаннях, рэфлексіях не кранаецца трэціх асоб, нікога не ацэньвае, не павучае. Аднак багацце думкі, засяроджанай у радках гэтай творчасці, асэнсаванне праблемы духоўнай сферы ў рэальным жыцці чалавека, абуджае ў чытачу схільнасць да рэфлексій над сутнасцю чалавечага існавання, выклікае паглыбленне духоўнасці, маральную пераацэнку, пошукі месца на зямлі. Падарожжа гераіні “Ускрайку...” ў глыбіню ўласнай свядомасці, імкненне зразумець таямніцу чалавечага існавання, безупыннай зменлівасці ў праявах натуры-жыцця, смерці, памірання і адраджэння – гэта асноўныя матывы паэтычнай кнігі.
“Ускраек тысячагоддзя” не спаўняе функцыі павязання з сабою біяграфічных фактаў. Прысутны ў ім элемент біяграфічнага характару хутчэй можна ацаніць як сродак у будове асноўнай ідэі. Змест кнігі, абмежаваны собскімі роздумамі, пачуццямі, перажываннямі, рэфлексіямі лірычнай гераіні не стварае падстаў для палемікі, а важкасць разважанняў у пошуку існасці шляхам лагоды і ціхамірнасці абуджае зацікаўленне сферай пачуццяў у чытача, што і з’яўляецца перш за ўсё згаданай мэтай “Ускрайку...”.
Шукаю
уседаравальнага разумення цяпельца,
тое,
што спрадвеку жывіцца аднымі
лагоднымі паленцамі ціхамірнасці.
Адценены аўтаркай культ маці, прысутны ў большасці творцаў беларускай літаратуры, асабліва ў паэзіі – пацвярджае не толькі ўражлівасць, духоўны стан Галіны Тварановіч, але і нацыянальны характар яе творчасці:
Мы – вечныя,
пакуль нас сабою засланяюць
нашыя мацяркі.
З культам маці спалучаецца пачуццё нацыянальных каштоўнасцяў:
Хіба ёсць у лёсу
цтрывалей строі
ад зрэбнае кашулі,
шытае з вытканага
на суровых кроснах долі
пачуця?
Любыя строі, як і кожны мёртвы – без душы – прадмет можна купіць, прадаць, падарыць, выкінуць, але не зрэбную кашулю, шытую з вытканага (у домысле – маткаю) “на суровых кроснах долі пачуцця”, адушэўленую памяццю маці, ствараючую каштоўнасці для пакаленняў.
Не абмінула паэтэса і любоўную лірыку, характэрнымі рысамі якой, як і ўсёй яе паэзіі, з’яўляюцца духоўныя асаблівасці:
Сумую заўжды па
непасрэднасці галубінай
у шчырай прасторы душы.
Ці чуеш?!
Такім чынам, пераканаўчы духоўны характар творчасці Галіны Тварановіч, глыбіня выказаных пачуццяў, смеласць паднятай ёю непаспалітай тэмы вызначае для сучаснай беларускай літаратуры непрацярэблены яшчэ ад занядбання, але як жа важкі шлях.