“Акрамя жыцця на свеце больш няма нічога”
(Аб паэтычным светаcузіранні Яна Чыквіна)
Людміла Зарэмба, Мінск
Паэзія Яна Чыквіна ў сваёй магічнай сукупнасці, чытаная як адна-абагуленая кніга, стварае ўражанне зусім пэўнай маральна-псіхічнай і нават матэрыяльнай явы – незлічонай у параметрах часу, існуючай як бы спантанна, самастойна. Яна, уяўляецца мне, зрадні струменям той векавечнай грэцкай ракі, у якую нельга ўступіць двойчы. “Уваходзіш” – назаўсёды, а зборнікі – нязменна і прыцягальна своеасаблівыя ў сваім адзінстве зменлівасці.
Вось трымаеш у руках новае выданне і перш, як раскрыць, гартаеш у памяці папярэднія. Лагодны, супакойваюча добразычлівы “Светлы міг”: садок, што сынок, бяжыць “да мяне” “у белай кашулі груш” і “бяжыць на нас” “у іскрыстым вэлюме чырвоным жоўты корч агню” – Сонца. Потым была варажбітная “Кругавая чара”, дзе ў патрыцыянскіх абрысах крэсла – “элегантнага” фатэля “для вольнага чалавека” праглядала выява шыбеніцы, месца маральных пакут. Тое ж напружанне пазней запоўніла сабою старонкі наступнай кнігі. У загалоўку яе “Свет першы і апошні” пазначаны быў кантрапункт перажыванняў лірычнага героя: “свет-сусвет” як адзіны, найдаражэйшы, бесклапотна-малады і неабачліва-шчодры, якому вельмі патрэбная любоў-атуленне чалавечай душы. Перапоўненасць нескарыстанай самаахвярнасцю абаронцы пазбаўляюць ад перасцярогі за ўласнае, прафаннае, узвышаюць да шчасця абсалютнай свабоды. Але тады Нехта раўніва “паказаў” чалавеку ягонае месца ў свеце: наслаў выпрабаванні і цяжкасці зусім зямныя. Высокае Боскае пачуццё сутыкнулася і загублена было ў матэрыяльным, “тутэйшым” свеце. Гэтыя два пачаткі: высокая гуманістычная праблематыка, абагуленасць і ўменне амаль фатаграфічна выхапіць рысы рэчаіснасці, земляробчай сферы побыту – літаральна зачароўваюць у Чыквіна.
Можа з тае прычыны ў крытыцы пасля вызначэння ў яго як галоўнай вельмі ж пашыранай тэмы расстання з вёскай, суму-трызнення па ёй у горадзе (У.Калеснік) [1] (Уласна кажучы, з ёю паэт не расстаецца. Таму ёсць цудоўны доказ: верш “Гарадок на ўскраіне вёскі...”), з’яўляюцца ўдакладненні: “Настальгія па сельскім побыце? Не, гэта боль за зямлю...– калыску людзей” [2]. Да вершаў Чыквіна звярнуўся філосаф У. Конан і бездакорна раскрыў, згрупіраваў іх праблематыку ў гнасеалагічным полі, адзначыў у падтэкстах эмацыянальных экспрэсій, рэчыўных замалёвак глыбокія рацыяналістычныя канструкцыі, нумараваныя законы дыялектыкі (“Быццё і час у люстэрку паэзіі”, 1993) [1].
У гэтым адзінстве процілегласцей паэтычнага свету большасць крытыкаў усё ж сваю пазітыўную ўвагу засяроджвалі ў адпаведнасці з нашымі традыцыямі на “катэгорыях мыслення чалавека вёскі”, прадметных, маргінальных вобразах. Гэта “пасудзіны”, “міскі”, “скваркі”, “коні”, “поле”, “дрыгва” і т.д. (М. Сяднёў, П. Макаль, В. Шынкарэнка, аўтар гэтых радкоў) [1]. Атрымала распаўсюджанне меркаванне пра ўстойлівую мінорнасць, элегічную інтэлігенцкую самотнасць Чыквіна. Бадай што выключэннем можна лічыць кароткія артыкулы Г.Тварановіч “Насуперак тузе, самоце” (1997) і А. Разанава “Безназоўны верш Яна Чыквіна” (1997). Само абранне твораў для аналізу, пункту погляду на іх сведчыла, што сучасныя паэты лепш за крытыкаў зразумелі свайго калегу, шляхі яго далейшага руху і ў пэўным сэнсе “прадказалі” новую кнігу. Пра “абуджэнне душы з летаргіі падпарадкавання законам плоці” [1,100],– разважала аўтарка і да яе далучаўся А. Разанаў: “Мы прыходзім да распазнання... сутнасці быцця, якое можа ўвасабляцца ў постацях і нават у рэчах, і нават можа зусім не ўвасабляцца, быць толькі водсветам, водгукам, невідавочнай прысутнасцю нечага, што мае да нас даўняе дачыненне”. Яны недвухсэнсоўна адвялі галоўнае месца ў паэтычнай ідэалагеме Чыквіна над-эмпірычнаму, умоўна-ўяўнаму.
Гэтай скіраванасці адпавядае нават і, як заўсёды, грунтоўна прадуманае знешняе афармленне “Крэйдавага кола”: на лілова-бардовай вокладцы жоўтаколерны надпіс прозвішча аўтара і загалоўка ўтвараюць як бы не зусім завершаны круг (праект П.Бельскага), псіхаэмацыянальна іх дапаўняе фотаздымак Чыквіна – строгі профіль класіка і мысліўцы. Сапраўды, паэт тут адыходзіць ад той ранейшай сістэмы прыёмаў і вобразаў, што перадавалі захапленне пейзажамі, "казачнымі" рэаліямі сялянскага побыту, вытанчанай псіхалагізацыі і адухоўленасці гэтых з’яў (Нездарма ж М.Сяднёў выказваючы захапленне пластычнасцю славесных малюнкаў у гэтай сферы ўсё ж даваў ім вызначэнні з недвухсэнсоўна адмоўным падтэкстам: “зазямленне”, “зматэрыялізава-насць”, “вульгарызацыя” вобраза прадметнасцю”, “нібыта грубое”.), хаця яна, гэтая сістэма, была станоўча ацэнена крытыкай і здавалася вычарпальнай для чытацкай аўдыторыі, узгадаванай на аўталагічных малюнках жыцця вёскі ў беларускай класіцы. У новай кніжцы з'яўляецца побач з гэтым новы ракурс: аўтар адвяргае "жалкое, земное, эвклидовское" бачанне і разуменне сусвету, пры гэтым нават двойчы выкарыстоўвае ў сваіх радках тэкставыя алюзіі з рамана Ф.Дастаеўскага "Братья Карамазовы"[3,277]:
А па дарозе ў той катух абнімемся з бярозай –
Няшчасніцай, што валасы ірве на сабе ззелянелымі рукамі:
Без працы жыць не на яе эўклідавы розум.
("Прыдарожны бар")
У іншым выпадку – гаворачы аб "замучаных прадметах / Не пад сілу чорнай працай":
Спяць – не спяць: навыварат, наўгад,
Тронкі вырваўшы з заціску гора...
Іх жыццё, ох, цвёрды мае лад!
Бо яны ўсе – дзеці Піфагора
("Чорная віла")
Разгортваючы далей гэтую замалёўку прагматычнага, самадастатковага быцця, паэт узмацняе ідэйныя паралелі з раманам словамі:
Ноч дужэла і дзічэла,
Чорныя віла вяроўкі,
Лезла пошасцю ўзбуйнелай...
Выкарыстанне дзеяслова "дзічэла" ў гэтым апісанні (нельга ўявіць сабе, каб выпадкова ў такога майстра, як Чыквін!) супадае з развіццём думкі Івана Карамазава: “Но ведь это лишь эвклидовская дичь, ... ведь жить по ней я не могу согласиться" [3,278].
Аналагічнае мастацкае імкненне ад канкрэтыкі да абагульнення, абстрагаванага паэтычнага мыслення можна назіраць і ў зменах, што адбываюцца з устойлівымі вобразамі традыцыйнай сферы так званага "сялянскага побыту". У "Крэйдавым коле" сустракаюцца найбольш устойлівыя з іх словы-сігналы: "вёска", "лісце", "поле", "вецер" і г.д. Але цяпер яны дапоўніліся таксама і новым, якога раней не адзначалася: "бяроза". Слова гэтае мае апроч заўсёднага ў такіх выпадках намінатыўнага значэння, прадметна-канкрэтнага наймення
Серабрыцца лісце бярозы...
срэбны вецер кліча бярозы!
("Vita mea")
Я чую, як шумяць бярозы родныя...
("Бемоль Сяднёва")
і пераноснае:
Скажы, аквамарынная бяроза-стройніца...
зялёная Оза-княгіня,
Ці любы табе мае рукі на тваіх галінах
("Сонечная меса")
Або набывае побач з вершам "Vita mea" пераноснае азначэнне істоты прыроднага, біясфернага ўзроўню быцця:
Зялёнавокая зранена да жывога
("Сёння прыйшоў той трэці ліст...")
ці іншае, эўфемістычнае найменне:
срэбралістая ціш
("Трысмутэніі")
А тая "сапраўдная" намінатыўная "бяроза" нечакана губляе свой традыцыйны ўзнёслы, пазітыўны арэол і разглядаецца як прыналежнасць звыклага і празаічнага трохпамер'я, што не ўздымаецца над "відавочнымі" пастулатамі элементарнай Эўклідавай геаметрыі-светабачання:
Без працы жыць не на яе эўклідавы розум!
("Прыдарожны бар")
Такія ж тэндэнцыі адыходу ад падкрэсленай апрадмечанасці назіраюцца і ў зменах вызначэнняў мастацкага пачуцця руху часу. Рэальным для паэта з'яўляецца не грамадска-палітычны, агульнапрыняты, а "ўнутраны каляндар"– уласна-псіхалагічнае ўспрыняццё гэтай формы існавання матэрыі:
Мой скрутны час і час эпохі
Не супадаюць ані трохі
("Выгіб полымя")
"Чыквінскі" мастацкі час адчуваецца дотыкам, зрокам, згодна трапных назіранняў Г. Тварановіч: "У вобразнай сістэме Я. Чыквіна час набыў зусім пэўную мастацкую канкрэтыку: з возера маленства гадзіны пераліваюцца ў вядро юнацтва; сонца заходзіць паміж стромымі сценамі часу; коснаязыкая прастора круціць з гадзін вяроўку дзён; на залачоную вось навіваюцца срэбныя ніткі гадзін; вешалка дзён; вецер часу..."[1,100]. Рух часу – гэта найперш канкрэтныя змены: працэс згасання, зыходу са стану паўнаты быцця:
Старэе дзень! Як чарнавік, гарыць,
І спапяляецца ў труху феномен дня
("Феномен дня")
“Вельмі часта водбліск падзеі, мінулага аказваецца больш устойлівы, больш даўгавечны за самую аб'ектыўную рэчаіснасць і выбудоўвае, арганізуе прышласць”, – заўважае даследчыца і цытуе радкі, у якіх таксама выразныя менавіта эмпірычныя прыкметы-абрысы адышоўшага:
Дубічы, Дубічы,
Скрынка паштовая
Маіх дзён адышоўшых(...)
Я заўжды гатовы
Ваш след цалаваць,
Які не астыў.
("Дубічы, Дубічы...")
Індывідуальны час аўтара відавочна супадае з часам прыроды. У "Беластоцкай элегіі" ("Светлы міг") чалавечае жыццё атаясамліваецца з летам. У восень узмацняецца матыў Эклізіяста ("Трывожная альба" з "Кругавой чары") [1,100].
Відавочна, у трох зборніках Я.Чыквіна – ад "Светлага мігу" да "Свету першага і апошняга" – была прадстаўлена зусім сталая і цэласная сістэма каардынатаў мастацкага адлюстравання часу (сусвету ўвогуле). У новай кнізе гэта сістэма перацярпела істотныя змены: з'явілася словазлучэнне з ранейшага пункту погляду абсалютна фантасмагарычнае – "чысты час". Ён, гэты час, прымае форму, відаць, найбольш поўна-дасканалую і завяршальную. Сказана ж: "прымае ўрэшце форму кола" (“Прыдарожны бар”). Зразумела, што ў такім кантэксце "кола" зусім не павінна асацыіравацца ў чытача з возам сена, як было б магчыма ў папярэдніх кнігах, або, ні ў якім выпадку, з аўтамабілем. Тут нешта зрадні "зачараванаму колу", "магічнаму" кругу – найбольш пашыранаму геаметрычнаму сімвалу. Круг увасабляе бясконцасць, вечнасць, азначае адмежаванне прасторы космасу ад хаосу, з'яўляецца праекцыяй шара, касмічнай сферы, сонца, яйка сусветнага і г.д. [4,661].
"Кругавая чара" і "Свет першы і апошні" ў творчасці Чыквіна як бы далі сінтэз, і сусвет жыцця зямнога – раней адзіны і цэнтральны –"пашырыўся", да яго параметраў далучыліся новыя філасофскія сферы быцця і духу. Такі выхад мастацкага мыслення да новых неэўклідавых "гарызонтаў", новых парадкаў паэтычна-погляднага абагульнення выклікаў комплексныя змены ў вобразнай структуры новай кнігі.
Паэзія Чыквіна папярэдніх гадоў нязменна вызначалася сваёй сонечнай сімволікай: шматлікімі і шматпланавымі выявамі, эпітэтамі і азначэннямі сонца, эўфемістычнымі найменнямі і ўвогуле ўплывовасцю сонца на яе героя як жывую, інтэлектуальную істоту. Сонечны імпульс, напрыклад, "арганізуюча" ўздзейнічаў на псіха-эмацыянальны стан лірычнага персанажа ў "Светлым мігу". Цяпер жа, у "Крэйдавым коле" у 41 вершы зборніка 13 разоў (гэта значыць прыкладна адзін на кожныя тры вершы) успамінаецца сонца або сустракаецца аўтарскі неалагізм з гэтым коранем. Мы чытаем: "сонца вечнае" ("Зноў на магіле бацькоў вясна..."), "сонца ледзь кругліцца" ("Паўночны пейзаж"), "свяціла коціцца у тло і прах, / Заходзіць велічнай актавай" ("Лягла імгла на паплавах..."), "трава адсонцаўлялася, "цёплае свяціла"("Божая кароўка"), "асонцаяўлены", "сонцазвон” ("Сонечная меса"). Сонца – як аксіёма – заўсёды носьбіт і крыніца абагулена станоўчых эмоцый. Калі ж здараецца так, што ў фізічна-хімічнай сферы ўздзеяння гэтага нябеснага цела адбываюцца адмоўныя псіхічныя працэсы, то яно і называецца нават інакш:
Сярод жоўтых дзён, хларафільных гадзін
("Ноч пад месяцам, а не цвіце палын...)
Больш таго, яму свядома проціпастаўляецца паэтычная сфера "пад сонцам", дзе "твой дзень нарадзін" (там жа).
Сонца – персаніфікуецца, зліваецца ў адзіны вобраз-персанаж з асобай, што нараджае моцныя пазітыўныя пачуцці і думкі:
Сонца ходзіць па хаце
цёпла-светлаю з'явай...
("Сонца ходзіць па хаце...")
Сонца ў новай кнізе становіцца своеасаблівым эпіцэнтрам станоўчага, які ў сваім сэнсавым полі ўтрымлівае мноства сумежных аур як сваіх складаемых. Гэта цеплыня:
У затонах ціхіх нашага падворка
стаіць цяпло...
("Раздвоенасць”)
Штогод у Дубічы зыходзіла цяпло.
І цёплы гул з палёў ішоў...
("У Дубічы штогод прыходзіла вясна...")
святло:
Дзень у тумане...
светлае кола быцця
("Бемоль Сяднёва")
белы дзень
("Божая кароўка")
асляпляльнае святло, бляск, што перадаюць эмацыянальную прыўзнятасць, любоў:
ласкавасць нябёсаў,
адкуль цераз шчыліну хмарын
на твар яе святло лілося
і рассыпалася іскрыстым бляскам
("Размова з сястрою")
У ззянні свету будуць для сябе яны Джульетай і Рамэам
("Раздвоенасць")
І стаяў аслеплены бляскам ... дзевы
("Адысей і Наўзікая")
канцэнтрацыя жыцця:
стрымаўшы сонца вечнае ў вачах
("Зноў на магіле бацькоў вясна...")
Адсутнасць сонца і яго "складаемых" азначае выразны негатыўны стан – "самазгаранне":
самазгарання дзень,(...)
хочаш ці не хочаш,
праміне
без ласкі, без цяпла
("Яшчэ адзін самазгарання дзень...")
Сонца і Хрыстос, як галоўныя носьбіты станоўчага пачатку сінтэтычна аб'ядноўваюцца ў паэзіі Чыквіна:
Бог захутаны ў пахмар'е,
І не блішчыць яго вянец
("Яшчэ адзін самазгарання дзень...")
...акруглае сонца
Ззяла як воблік Гасподзен.
("Яна ляжала ў забыцці...")
А наводдаль, здаецца, светлае кола быцця.
І па крузе тым светлым там ходзіць
сам Хрыстос – там два сонцы мігцяць.
("Бемоль Сяднёва")
...сонца ўзыходзіць !
У бляску ягоных скрыжаляў...
("Светла-збалелая Жаля...")
Такая "салярызацыя", змены ў сэнсавым напаўненні іншых вобразаў, адзначаныя вышэй, адлюстроўваюць пэўныя глыбінныя зрухі філасофска-светасузіральнай пазіцыі Яна Чыквіна. Можна яе вызначыць як падкрэслены антрапалагізм і гуманізм. Бо чалавек інтэлектуальны, адухоўлены найперш выклікае цікавасць. Вакол яго і дзеля яго існуе ўсё – і нябеснае "над", і тайніца "пад", промні якіх пранізваюць наш часава-прасторавы кантынуум. Усяго яго ў ягонай сутнасці канцэнтруе ў сабе Чалавек. Ён ёсць мікра- і макрасусвет, універсум. Імпэт імкнення зрабіць яго абсалютна светлым, боскім і ўяўляецца мне ідэйнай скіраванасцю, мэтай гэтай кнігі. Яму падпарадкавана ўся сістэма паэтыкі.
Сусвет людзей, "гэты" свет для паэта – не часовы, не "бренный", а пазітыўны і неўміручы:
Яны ж праз надмагільныя партрэты
на неўміручы свет усё яшчэ глядзяць,
і ён глядзіць яшчэ на іх, такіх жывых, дваіх,
стрымаўшы сонца вечнае ў вачах.
("Зноў на магіле бацькоў вясна...")
Погляд чалавека, яго вока – вельмі распаўсюджаныя на старонках кнігі вобразы, нават пачуццё жалю, што ўзнікае на беразе Віслы, атрымоўвае найменне "жаль віславокі" (“Водгулле”). Орган зроку чалавека і сонца як вечнае вока дазваляюць спазнаць і, калі не ўбачыць, то хаця б адчуць, "праглынь" ("Лягла імгла на паплавах..."), "вечнасць" ("Неспакметна выглянуўшы ў вечнасць..."). Існаванне і трывожная прысутнасць "там", "таго" свету адчуваецца лірычным героем як нязвыклая, адчужаная, пагрозлівая з'ява:
Вочы, якімі ён глядзіць на свет,
Тыя самыя вочы, што яго сузіраюць.
("Даўно нежывы бацька полем ідзе...")
Лягла імгла на паплавах(...)
І адчыняецца вачам праглынь,
І вечнае перастварэнне звышнябёсаў,
А на душы расце на страху страх(...)
("Лягла імгла на паплавах...")
Сімвалам “таго" найчасцей выступае ноч, цемра, імгла:
Што ні крок – за парог(...)
А насустрач імгла,
Дзверы ў ноч, у пралёт.
("Мы раслі...")
Шэрая гадзіна. Вочы ў вочы(...)
Бачаць ўсё праз вечнасці акно.
("Шэрая гадзіна. Вочы ў вочы...")
Рэальная ноч – як бы праекцыя той пагрозлівай начы:
Ноч – і зноў у ноч адчыненыя дзверы.
("Фантасмагорыя")
Чыквінскія дзень і ноч, у рэальным і фантасмагарычным значэннях заўсёды проціпастаўлены, і яны ж разам утвараюць адзінства вялікага чалавечага космасу:
І ноч мая баіцца дня, і дзень пужаецца начы.
І бацька й брат жывуць ва мне і сварацца й крычаць.
Адзін пільнуе крыкам дзень, другі ўсю ноч на ноч крычыць –
На вуснах іх маўклівасці пячаць.
("Трысмутэніі")
Толькі аднойчы ў прамой мове гераіні, якая, безумоўна, надзелена надзвычайнай роллю ( на твар яе ліецца святло нябёсаў, яна трымае ў руках чарадзейнае яйка, ёй спавядаецца лірычны герой) два процілеглыя пачаткі светабудовы названы без эўфемізмаў па іх прыналежнасці да хрысціянства:
Ёсць духасветлыя і бестыяры,
і ўсе, жывучы, паміраюць...
("Размова з сястрою")
У гэтай "аб'ектыўна" поўнай структуры каардынат (нябеснае – зямное – інфернальнае) паэт выбудоўвае свае, уласныя, і іх цэнтр як бы прыўзняты, выразна змешчаны ў напрамку дабра і духоўнасці. Чыквіна найбольш і пераважна цікавіць "гэты" свет у тым яго "рэгіёне", што знаходзіцца пад уплывам станоўчага, Боскага пачатку. Поле праяў абсалютна адмоўнага як бы не існуе. Гэтае "паэтава" кола быцця не зусім "сапраўднае" і трывалае, нібы крэйдай намаляванае на Звыш-утвораным сусвеце, што ён, пэўна, і сам разумее. ( Мабыць таму і даў такую назву кнізе.) Ды поўную тайну светабудовы – хто з нас спасцігне?!
Вобраз кола напаўняе сабой гэту новую кнігу вершаў, пастаянна вяртае і замацоўвае мысленне чытача на своеасаблівых светасузіральных якасцях мастацкай прасторы ў вобразе “крэйдавага кола”: Замыкаецца кола лёсу ("Vita mea"), А наводдаль светлае кола быцця ("Бемоль Сяднёва"), І... час прымае... форму кола ("Прыдарожны бар"), ...разарваўшы безвыходнасць кола ("З анахарэтавых запісаў"),Закрыўленая лінія свету болей не выгінаецца для жывых ("Свет, як адна міска ..."), Жыццё імкнецца ў форму кола...("Размова з сястрю").
Трэба звярнуць увагу і на прысутнасць у мове Я.Чыквіна шэрагу іншасказальнай перадачы ўяўленняў пра акругласць. Гэта ўжо цытаваны верш "Свет, як адна міска...", дзе "закрыўленая лінія сусвету", што "выгінаецца", зрокава-графічна супадае з кругавымі абрысамі міскі: "Свет, як адна міска на стале...". Гэта таксама:
Праз нас жыццё
Шукае сабе формулу
Навелы.
("Праз нас жыццё...")
Навела, па будове сваёй мастацкай формы таксама асацыіруецца з кальцавой замкнёнасцю, бо прадугледжвае вылучэнне аднаго малюнку-эпізоду з панарамы жыцця, адной псіхалагічна напружанай лініі падзей і пераважна нечаканы сюжэтны фінал.
Лірычны герой Чыквіна пастаянна адчувае сябе адной асобна ўзятай часткай неспазнанай сістэмы, эпізодам вялікай і таямнічай эпапеі – "боскай формулы жыцця" ("Зноў на магіле бацькоў вясна...").
Жыццём здарылася быць невялікім
Як бы ў прамежку чужога лёсу.
("Vіtа меа")
Мы заложнікі чыйгосьці лёсу.
("Лягла імгла на паплавах...")
У адпаведнасці з такім мастакоўскім бачаннем вызначаюцца асаблівасці не толькі семантычнага напаўнення пэўных знакавых вобразаў (сонца, "сялянскага побыту", бярозы і т.д.), але і тэматыкі. Напрыклад, раскрыцця традыцыйных тэм.
Ці не галоўная з іх – тэма гістарычнага лёсу Радзімы. Як звыкла ўжо стала нам чытаць пра роспач, балючы сум аб тым, чаго не было і чаго няма, што не так нешта ў нас саміх, калі менавіта так у нас, як ёсць... Згаданыя матывы не чужыя для Чыквіна, ёсць яны і ў "Крэйдавым коле" ды, зразумела, на іншым мастацкім узроўні:
Не тая кроў пралітая народам,
Не тое малако мы ссалі...
("Бяскроўны спіць-адпачывае розум...")
Што сталася з намі такое:
дзе нашы людзі прапалі,
дзе згінулі нашы дзянёчкі,
чаму ўсё навыварат, ніцма?(...)
Не хачу заморскага шчасця,
не хачу падкантрольнага раю!
("Размова з сястрою")
Але не гэтымі матывамі новая кніга прыцягальна-цікавая. У "сваіх" каардынатах Чыквін задае іншыя канстатацыі і пытанні:
А мы ў самотнасці тугу ўсечалавечую галубім...
Ці нас жыццё не любіць? Ці мы жыцця не любім?
("Раздвоенасць")
Адказы гучаць то ў форме даўніх "анахарэтавых" прароцтваў:
Набрыньваюць дні ліхотаю надзеяў –
І праміне, мабыць, і Польшча, і Расея,
А Беларусь жывою застанецца.
("З анахарэтавых запісаў")
То ў рытмах нязвыклых (нібыта піянерскай "речевки"):
Будзе жыць айчына
небам сваім і зямлёю!
Ёсць такая памклівасць!
Ёсць такая патоля!(...)
Ёсць такая мажлівасць!
І духу такая воля...
Будзе жыць айчына
Небам сваім і зямлёю.
Прызнацца, калі б не радкі "Сонца ходзіць па хаце..., мякка душу адчыняе... Кнігі чытаюць кнігі, а вершы родзяць новыя вершы", то, мусіць, і не пазналі б тут Чыквіна!
Ускосным сведчаннем, што меркаванні нашы пра ідэйны свет паэзіі Чыквіна маюць падставы, можа служыць цяперашняе знікненне заўсёднай (хаця і не шматлікай) "палітычнай" тэмы. Семантычна-эмацыянальны сегмент гэтай рэчаіснасці пад яго пяром прадставаў як абсалютна адмоўны і ў сваіх уплывах на Асобу – згубны. Лагічным вынікам, відаць, тут можна лічыць вельмі ж ёмкі катрэн са "Свету першага і апошняга", сэнс якога асацыятыўна набліжаны да заключнага слова назвы зборніка:
Самакрыльна рухаўся ў паветры
Вогненна-празрысты надпіс
ХОПІЦЬ СМЕРЦІ ЎСІМ –
загадкавы і страшны.
Усё тут – і "самакрыльны" рух вогненнага надпісу, як бы незямнога паходжання, і загадкавасць, страх, разам з напамінам пра смерць (а не бяссмерце душы) – гавораць, што бачым феерыю зла. Яна сімвалізуе тую зямную барацьбу за матэрыяльныя набыткі, жаданне ўлады, не што іншае, як бег навыперадкі да смерці. Верш уражвае і думкай сваёй і бачнай пагрозліва-жудаснай выявай.
Антынамічная скіраванасць, дэманстрацыя непрыняцця гэтай сферы нашага жыцця, адчужанасці яе духоўнаму свету паэта праяўляецца, часам, нават на ўзроўні паэтыкі. Напрыклад, у філасофскі абагулены верш "Выгіб полымя" ("Кругавая чара") гэтая тэма ўвайшла замалёўкай "з натуры" зніжанага зместу, якая прыўнесла непажаданы камізм:
Мой скрутны час і час эпохі...
Размінаюцца, як Гмін з Сенатам,
Як дулі соваюць сабе розных партыяў плакаты.
Кожны з паэтычных твораў "Крэйдавага кола", пэўна ж, заслугоўвае больш падрабязнага аналізу, як і пераклады некаторых вершаў, змешчаныя побач. Ды гэта, мусіць, справа будучыні.
У сукупнасці ж сваёй кніга "Крэйдавае кола" і скіравана на "адсонцаўленне" нашага з вамі такога нетрывалага, складана-неўраўнаважанага і разам з тым поўнага шматколернай раскошы, элітарнасці жыцця. Такое жыццё Паэт вучыць нас адкрываць, разумець і ўтвараць у сваім асяродку, бо "акрамя жыцця на свеце больш няма нічога".
1.Сляза пякучая Айчыны.Творчы партрэт Яна Чыквіна, Беласток 2000
2. П.Макаль,Зямныя вытокі //Ян Чыквін,Светлы міг, Мінск: Мастацкая літаратура 1989
3. Ф.Достоевский, Братья Карамазовы, Минск 1980
4. Мифологический словарь// Гл. ред. Е. М. Мелетинский, Москва 1991