Сакрат Яновіч
Патрыятызм
У бясхлебнай айчыне няма патрыятызму. Бедныя знікаюць без следу ў гісторыі, мільёнамі. Віхуры часу ўкрываюць зямлю мяцеліцамі.
У галотніка не бывае гонару, ён у яго нават і не начаваў. Хоць Бог чалавекападобны. Заядаюць басоту не ідэі, а голад і холад. Ёй есці ды есці!
Гэта хаос бязмозгі. Як жа верыць у разумнасць чалавецтва? Якая мэта ў мурашніку?
Знікненне
Бацькаўшчына пусцее ціха і ў забыцці, бы пакінуты хутар, што ў полі за лугам. Дзеці надзеі разляцеліся ластаўкамі ў белы свет, сонечна шчабечучы. Бацькі іх сіроча даглядаюць дзядоў да смерці, нагледзеўшы і сабе траву забыцця ля ўчарнелай капліцы, што ў купе старадрэўя на магільным узгорку. Памяць у нас выносяць у труне і столькі ад яе следу, што ў нявечным грудку. І прыйдзе вялікі лес сюды, накрыўшы ўсё і ўсіх безгалосаю вечнасцю. І нічога ўжо не будзе – ні слёзаў ані прычытаў, ці хаця б духу.
Першароднае
Жанчыны, мужчыны. Адны нараджаюць, а другія хлебам сыцяць. Ёсць пытанне, хто важнейшы? Хоць байструку пэўная толькі маці.
Найшчаслівы, аднак, той, хто і не падазрае існавання шчасця з няшчасцем, бы дзіця малое. Шчаслівасць прыцягвае нешчаслівасць. Два полюсы ў адным. Як бяда бяду не любіць.
Свядомасць – гэта кара нябёсаў? Гэта таму паэты рана паміраюць? А разумныя ідуць у поле? Чалавек павінен быць святым мучанікам. Слёзы выбліскваюць на антыподах гора, таксама і неразумнае радасці. Каханне ёсць праяваю псіхічнае хваробы, не заўсёды вылечанай.
А так па-шчырасці: на халеру нам шчасце?! Без яго ж не было б няшчасця.
Эміграцыя
Эміграцыю раўняю я з няволяю. З уцёкамі капытнымі з горшае ў лепшую толькі. Хоць у айчыне не тая яна, што на чужыне. Няма ж эміграцыі без нявольнасці, як самое нявольнасці без жадання некалі прысягнуць вольнаслыннаму Запарожжу.
Эміграцыю лічу адрачэннем дзеля чагосьці і кагосьці. Лёс так гне, што аж не адагнуцца; скачаш жабаю ў лягчэйшасць. Без янычарнай няроднасці нашто каму бераг турэцкі?
Эміграцыя здасца райскім канцом свету пакутнага, занебакрайным. Ты кветна жывеш, перад усім жывеш там менавіта. Без галадранскай радаснасці існавання пакідаеш дзяцінства далягляды. Табе гэта новая радасць. Дык магчымая радасць ад радасці?
Твая шчаслівасць эмігранта вельмі ж надуманая, прымушоная для завідлівасці пустое.
Адно без аднаго
У чым розніца паміж цывілізацыяй людзей і цывілізацыяй, напрыклад, ваўкоў? Ні ў чым, бо адна адну выключаюць. Была роўнасць між імі гадоў пад сто тысячаў назад, калі людцаў бачылася не больш. Пасля праявілася перавага чалавека, у выніку якое маем сабаку. Гэты нашчадак Ваўкавыі выбраў выгоду Рыма. Пушчанскія прашчуры ненавідна разрываюць яго прынагодна. Так франкафонскіх асімілянтаў рэзалі па горле арабы, проста на вачах французаў, што селі ўжо на караблі, уцякаючы з карфагенскіх берагоў Алжыра летам тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят другога году ад нараджэння Хрыстова.
Раман
Раману шанцавала як апошняму дзіцяці даўгавечнай маткі (бацьку даўно пахавалі). Браты жаніліся і адыходзілі на свой хлеб; сёстры выперліся замуж у чужое старонне. Раман – ад добрага жыцця – пачаў выпіваць ды хадзіць па чужых бабах. Згалелыя ўдовы сваталі яму дачок, але Раман не думаў далёка наперад. Гароўная маці не стрывала гультаявання свайго анёлка і пайшла жыць у старэйшага сына, аднак прыносячы лайдаку саганок гарачае стравы.
Раман памёр неспадзеўна, прыняўшы нанач савецкую курву, што гандлявала рускім спіртам на беластоцкім базары. На двары беляцеў тады інеем ранні зазімак. У вясну потым дзіўна высока павырастала пустазелле вакол апусцелае хаты. Усё вычысціў яго няшлюбны хлопец, палячы непатрэбшчыну ў канцавіне запушчанага садка. Упратаную сядзібу прадаў цераз суд жыватастаму шлянзаку, што з’явіўся тут ажно ад нямецкае граніцы. Будзе яму, чужому, дача на старасць. Пенсіянер ён.
Арыядна
Яшчэ ў нямецкую акупацыю цудная па-нябеснаму Арыядна перабірала ў кавалерах, бы фасоністая купчыха ў шаўках. Нават пасля таго, як ноччу ўварваліся ў яе дом п’яныя ўкраінцы з местачковага гарнізона і, шукаючы партызанаў, білі бацькоў ды рагатліва гомталі салодкую харашуху (нехта з залётнікаў падкусіў?). З прыходам саветаў летам сорак чацвёртага, яна дапусціла да сябе маладзюсенькага лейтэнанта-масквіча, каб з ім – пасля ўжо вайны – з’ехаць адсюль. Але ён, прыгажун над прыгажунамі, паклаў галаву пад Берлінам, а жаніхоў жа пабралі ў армію, і Арыядна засталася сама, бы той кол у плоце. Трохі заходзіў да яе новы польскі паліцыянт, пакуль яго не забіла белая банда. Аднаго часу звязалася Арыядна з напахнёным спекулянтам, што скупляў мяса на чорны рынак. Спрытнюга гэты ўсё ж папаўся дзесьці, не паявіўшыся болей у задаткаваных ім мужыкоў. Свет балаганіўся і Арыядне не было калі чакаць з замужам (бацькі паўміралі адно за адным). Казалі людзі: пайшла за кагосьці, добра і сытна. Казалі: дзяцей не магла мець.
Захад
На захадзе Польшчы дарогі не тыя, дагледжаныя. Гладкія, нецікавыя. У раўнінных далячынях чырваняць мураванкі, ад якіх можа здацца, што тут не было славянаў падстрэшных. І не палымнелі войны. Аднак рознатварыя дзеці – патомны след гаманлівы ад прайшоўшых сюдою арміяў некалі. Людзі пладзяцца ўсё ж па-звярынаму. Выдумляюць паэты вершы пра каханне.
На захадзе Польшчы мала лесу – мала Бога. Гэта ў нас сосны з небам гавораць, на манументах ялінаў анёлы гняздуюць па-арлінаму. Таму Беларусь святая і пакутная. Немагчыма ў ёй жыць, няшчасце быць у распяцці.
Молімся і ўцякаем. Імчым, колькі змогі, у сытую бесцікавасць. У сны негалодныя.
Закутак
Мясцінка за Перакалам, цяпер у зарастаючым бярозкамі полі. У ёй чырванее ўвосень куст. Я ўсё чагосьці дазнаюся пра той, бачны з акна рэйсавага аўтобуса, закутак у настальгічнай вуалі лістападаўскай імглы. Шыпшына, бы помнік надмагільны. Калісьці ў далінцы там стаяла леснікова хатка за высокім тынам і гадавалася паляўнічая псярня. Палясоўшчык быў чалавекам бурклівым; рыхтык пакінуты яцвяжскі бажок. Аднае зімы, надта лютаўскай, воўчае ган’ё выразала тых гончых сабак, а ад кароўкі ў хляўчуку засталіся скура і рогі з капытамі. Бо не было гаспадара, што запыніўся быў у месячнасць на прасецы падпільнаваць крадзежнікаў калодаў. Ля цёплаводных багнаў Старынкі з мянтузамі ў каменных парогах пад мастком.
Бяда прыйшла потым, разам з немцамі, што населі на Расею ў расаванне жытоў перад летам сорак першага. Фрыц з конскай мордаю ўпадабаў чамусьці хатку і на вачах свае каманды застрэліў таго аброслага лесуна; у п’яную ноч бухнуў смольны пажар, у якім усе пагарэлі.