|
Галіна Тварановіч
БУРШТЫНАВЫ ЯБЛЫК МІГЦІЦЬ...
***
Ружовыя, белыя хвалі пяшчоты.
У бельскіх гародчыках чэрвень.
Нявесты-півоні – плаўная лінія,
пышная форма барока.
І кожны пялёстак палічаны
з месцам у зграбнай паставе. Сваім.
Вось жа задумана колісь дзівосна
і вядзецца нязменна дасюль:
хвалі пяшчоты, зямля ў нябёсах.
***
У пару, калі сонца й васільковага неба
над зямлёю зялёнай так шмат,
здаецца на могілках нават –
Вечнасць далонямі свет ахінула:
усе ўжо спачылі, хто меў адысці.
І якое ж здзіўленне, спалох –
рыдлёўкі ў руках далакопаў,
тымчасовая рана зямлі.
У блакітнай царкве адпяваюць кагось.
Да споведзі
Туга і скруха. Раніцою зноў
апрыклую душу нясу ў Храм.
Слабізнаю жыццёваю, бы здрадай,
вінюся прад Самім Жыццём.
Над прорваю – масток надзеі.
Нерашучы, дрогкі крок
апераджае мілажальнасць.
Схіляюся над аналоем.
Паводле свяціцеля Феафана
Спасение не от места,
а от душевного настроения.
Паўсюль адчынены
вароты ў ратунак.
І гэтаксама
пространь зеўрае пагібелі –
паўсюль.
З шэрагу братоў магутных
ангел першы і любімы
сябе сапхнуў на дол зямны
сваёй
атрутнаю сваволяй.
І апостал-відавочца
зямной хады Хрыстовай
адпаў ад Госпада Самога,
а бачыў
цуды і магутнасць Бога.
Між тым
зняволены крыжом
разбойнік на гары Галгофе
адшукаў сцяжыну верную –
у Вечнасць.
***
Жыццё –
час, узяты ў дужкі падзей,
падзеяй народжаны,
па падзеях раскладзены,
у падзеі ўштукаваны.
Падзея сведчыць пра час
і па ёй час вызначаецца –
час нараджэння і час смерці,
прамінанне, успамін і надзея.
Вось і я
прытаілася за выпадкова нібыта
адкрытаю дужкай свайго жыцця.
Разумнейшы за мяне
майго часу пачатак –
невыпадковасць імгнення,
якому заключнаю дужкаю
суджана стаць,
ведае.
***
Вецер са жменю
жаўтлявых сардэчкаў
сыпануў на падворак.
У смелай зялёнай траве
бурштынавы яблык мігціць...
Смак, водар жыцця!
З парога вечнасць гукаецца
пругкаю прагаю – быць!
***
Усё, ці ж не ўсё ў прыродзе,
сэнсам адзіным, суцэльным,
з кропкі адной скіравана
і ўвасабляецца, несумяшчальнае бы,
выпадковае на чалавечы розум...
Залева ўскрайкам зімы,
як мусіў бы сівер марозіць.
Грамы па-над графікай крон –
прысадах і паркам зарослым,
што, ведама, грознай прыкметаю.
І раптам скрозь мокрую цемень
да самага сэрца – кліч жураўліны,
адхланне, святло й перамога.
***
У чацвёртую ж стражу ночы
пайшоў да іх Іісус па вадзе.
(Мф. 14:25)
Золак, світанне. Чацвёртая стража.
За плячыма ў свету дзве тысячы год.
І крочыць Хрыстос па вадзе,
бы мерае польны прасцяг.
Змыкае глыбіні, суцішвае вецер
не ў Галілеі ўжо –
Тыверыадскае мора бурлівае
на кожны падворак увайшло.
І вераю мосціцца шлях
скрозь пространь адчаю
і страху смяротнае плоці.
Чацвёртае стражы пара.
***
І боль страты, канца –
выспа сыпучая,
багно ненаежнае,
вір укрутлівы –
аднойчы, бы раптам,
станецца в о п ы т а м.
Ручніком часу асушаны слёзы.
***
Няўжо апошняй сечы,
землятрусу, граду,
апошняй страты тут
ужо не абмінуць?
І папярэджаны наўпрост здаўна
наканавання не аспрэчыць чалавек...
Пачвара, распасцёртая над светам,
Законы і Любоў, нахабная, глынае,
здратаванае карэнне ў кіпцюрах.
Растуць рады ахвярныя ўвачавідкі –
пакутнікі ў белых вопратках
маўклівыя чакаюць...
Няўжо Армагедону быць,
і вызначана месца ўжо,
і расхінуты шаты часу?..
***
Гэты сланечнік –
прагны ласкавай увагі
найперш усяіснага сонца,
верны свяцілу да скону,
не ўзгадаваны шчасліва
ля хаты драўлянай
у натоўпе сябрыны
сваёй круглатварай.
Гэты сланечнік
карэньчыкам жвавым
на могілках
утрываліўся.
***
Блукае між намі,
стаіць у паветры –
рэха імя,
якога не ведаем,
на якое не адгукаемся –
у якім мы ёсць.
***
Пасрэдніцтва руплівае
між кветкаю й пладом –
пчала з вулля старога
званкавым днём высокім
клопат свой вялікі
стараецца
напоўніцу адбыць,
не схібіць.
У глыбіню, дзе існасць
наструнёна ў чаканні,
яна наканаваннем звыш
дакладна ўваходзіць
і тайніцу жыцця пасля
старанна ўкладае ў соты.
Вечная служба пчаліная.
Хораша бацьку пры ёй.
Мёд з дарагаўскіх кветак –
маленства сады і лугі.
Амінь вам, амінь.
***
мастачцы Галіне Раманавай
Дзьмухаўцамі абсаджана лета.
Сярод парашутаў пухнатых –
крыла стрыказінага цень.
Трымціць, мігатліва спяшае.
Дзьмухаўцы з ветракамі – паветра.
Як жыццё – стрыказінае лета.
***
Цеханавецкі збанок,
бельская хата,
а верасы – з Дараганава,
што ў Пцічы на плячы
хваёвае прымасціліся.
Ад жніва да жніва –
мой абярог,
варта нядрэмная,
спадчына дрыгавічоў –
грамнічнае полымя
верасоў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|