Адвячорак імклівага бабінага лета апускаўся на раённы цэнтр. Былы трэнер па боксу Кнурык забраў з дзіцячага садка дачку Тасю і вёў яе дадому. Кнурык быў параўнальна малады чалавек, маленькі, вузкі ў клубах, але з ладнай лысай галавой. Апошнім часам ён працаваў у нейкім кааператыве, а ўвогуле біў лынды. З былой пасады трэнера ён мусіў звольніцца, бо неяк нападпітку ў час работы паставіў перад сабой барцоўскае пудзіла і спытаў: “Што, таварыш дырэктар, даць у пысу?” Пасля чаго бакавым у голаў паклаў пудзіла на падлогу. У трэнерскай зарагаталі: калегі Кнурыка ўбачылі тое, што не ўгледзеў ён сам – за яго спіной стаяў і назіраў гэтае відовішча дырэктар. “Што, падла, макрыца, раганосец – мала?” – спытаў Кнурык у пудзіла і зноў грукнуў тое кулаком. (Кнурык калісьці выступаў у вазе мухі). Пудзіла павалілася, а дырэктар моўчкі павярнуўся і пайшоў. З таго дня песня Кнурыка як трэнера была спетая.
На паўдарозе да свайго квартала, ля горкі, на якой месцілася крама, дзе гандлявалі гарэлкай, Кнурыку з Тасяй сустрэўся знаёмы грузчык Шашкевіч па мянушцы Плахіш. Гэта быў мажны малады мужчына з круглым чырвоным тварам.
Плахіш калісьці скончыў будаўнічы тэхнікум і працаваў на будоўлі.
Неяк будуючы з брыгадай цагляную прыбіральню, Плахіш задумаўся пра тое, чаму ўсе туалеты, якія размяшчаюцца ўздоўж чыгункі, заўсёды павернуты да тых, хто праязджае – у фас. Яны зеўраюць расхістанымі, а то і наогул выбітымі дзвярыма, так што бачна ўсё непатрэбнае ўнутры.
Але мясцовае начальства забараніла Плахішу будаваць туалет тыльным бокам да пуцей, нягледзячы нават на тое, што ён спаслаўся на іншаземны вопыт. Плахіш напісаў у абласны Савет, у міністэрства, пасля ў Вярхоўны Савет. Ён пісаў датуль, пакуль яго не пачалі звальняць з працы і браць на псіхічную экспертызу. Тады Плахіш сам абачліва падаў заяву на звальненне і ўладкаваўся грузчыкам у гастраном. Цяпер Плахіш ішоў з работы і відавочна пакутаваў ад нейкай унутранай смагі, бо муляў вуснамі і пляваўся. Ён цёпла павітаўся з Кнурыкам і спытаў:
– Мо талон на пляшку маеш?
Кнурык толькі ўздыхнуў.
– Дык скінемся па колькі, – прапіхваў сваю ідэю Плахіш. – Унь, на “кропцы” ў бабулек возьмем.
– Я ж з дзіцём, змей, – няўпэўнена кіўнуў на дачку Кнурык, але яго рука міжволі нырцанула ў кішэню. Там былі грошы, якія жонка дала на пончыкі для Тасі.
– Чакай.
Плахіш увішна выхапіў у Кнурыка паперкі і імкліва пасунуўся на “кропку”. Праз хвіліну сябры ўжо сядзелі ў скверыку і абмяркоўвалі праблему туалетаў на чыгунцы. Побач на рыпучых арэлях гушкалася Тася.
У той вечар Плахіш збегаў да бабулек яшчэ і яшчэ адзін раз, а калі грошы ў яго скончыліся, Кнурык пайшоў дахаты.
Жонка – мажная кабета, адчыніла дзверы і моўчкі ўгледзелася ў мужа.
– Праходзь, дочачка, – як мага лагадней сказаў Кнурык і пра-пусціў замурзаную Тасю наперад. – Праходзь мая харошая.
Жонка зноў жа моўчкі прапусціла дачку, размахнулася і коратка храснула Кнурыку кулаком па твары. Ад нечаканасці той пахіснуўся, страціў раўнавагу і выкуліўся за дзверы. Шчоўкнуў замок.
Кнурык пастаяў, хістаючыся, і пазваніў. Дзверы не адчыняліся. Ён пасядзеў на лесвіцы, пахадзіў, і хвілін праз дваццаць, пазваніў зноў. Урэшце пачуліся крокі і голас за дзвярыма сказаў:
– Яшчэ раз пазвоніш – пасаджу.
Была ўжо ноч, калі Кнурык паімкнуўся ціхенька адчыніць дзверы, але замок быў заблакаваны.
Адчуўшы смагу, Кнурык пад раніцу паволі дабрыў да цэнтра горада. Ногі прывялі яго да цэнтральнай плошчы, а потым да райвыканкама і іншых адміністрацыйных будынкаў, за якімі ў двары ён убачыў звычайную бытоўку будаўнікоў.
Быццам па натхненню, Кнурык выцягнуў з кішэні ключы і торкнуў адным у дзвярны замок. Ключ мякка крутануўся два разы, і раптам дзверы адчыніліся. Кнурык запаліў сярнічку і агледзеўся.
У бытоўцы было пуста, стаяла толькі канапа, стол ды некалькі піўных скрыняў замест зэдлікаў. Кнурык паваліўся на канапу і захроп.
Халоднае восеньскае сонца ўзыходзіла над горадам. У дварах было яшчэ пуста, толькі цвэнькалі на клёнах нахабныя вераб’і.
Кнурык паволі рушыў праз плошчу ў напрамку гастранома, дзе працаваў Плахіш. Да адкрыцця ён ледзь не самлеў, але ўрэшце з’явіўся пакамечаны і пахмурны сябра і з тыльнага боку вынес па бутэльцы піва. Яны тут жа закінуліся ўгору як астраномы.
Адразу палягчэла і Кнурык паскардзіўся:
– Я ў прочках – у бытоўцы жыву.
Ён расказаў Плахішу пра свае прыгоды. Практычны Плахіш радасна засоп.
– Ты пра тое маўчы, – сказаў ён Кнурыку. – Пра бытоўку проста забыліся – ведаю я будаўнікоў. А ў нас хата свая будзе, свой, так бы мовіць, офіс.
– Есці хачу, – уздыхнуў Кнурык.
– Хвіліну.
Плахіш знік у чэраве гастранома, але хутка з’явіўся зноў са скруткам у руках і паведаміў, што гэта рыба скумбрыя (ён зрабіў націск на апошнім складзе), якую ён пазычыў у рыбным аддзеле.
– Вельмі пажыўная страва, – ухваліў ён.
Кнурык выцягнуў рыбіну і, чвякаючы, пачаў ёсці з хваста.
Увечары Плахіш наведаўся ў бытоўку і прынёс яшчэ скумбрыі, але рыба без пітва не надта лезла ў горла. Запіваць жа яе вадой Кнурык катэгарычна адмовіўся.
– Так, – згадзіўся з ім Плахіш. – Але ж з падагрэвам вырашай сам. У мяне, братка, пуста.
Кнурык пагадзіўся з ім, што пытанне трэба вырашаць неадкладна, але грошай і ў яго бракуе, і ў доказ павыварочваў усе свае тры кішэні.
– Але, – прапанаваў, – сходзім да Агранома, гэта значыць да сваяка Васіля. Той мне грошы павінен, дзесяць “штук”.
Плахіш маланкава зрабіў разлік.
– Дзве белай і піва.
Уявіўшы перспектыву, Кнурык пракаўтнуў у горле камяк і прыспешыў:
– Дык хадзем хутчэй.
Сваяк Вася, па мянушцы Аграном, працаваў у гародчыку. Сваю мянушку ён атрымаў з нагоды вялікай любові да сельскагаспадарчых заняткаў. Перадусім ён пацярпеў на чужыне: справа была ў тым, што, ажаніўшыся з расейскай дзеўчынаю Дуняю з-пад Волагды, Аграном здуру паехаў жыць да яе ў пасёлак. Там Аграном абгарадзіў гародчык, пабудаваў хляўчук, у якім неўзабаве зарохкаў парсючок, пасадзіў бульбу і розныя дрэвы. Не ўлічыў ён толькі адной дэталі: мясцовыя мужыкі больш за ўсё любілі піць гарэлку і пець песні. А тут іхнія жонкі пачалі ўпікаць: лайдакі, паглядзіце як Вася-бульбаш працуе, які ў яго хаце парадачак ідзе. Мужыкі такі здзек трывалі нядоўга і... спалілі Аграномаву хату.
Аграном пракляў зайздрослівых маскалёў і вярнуўся дадому. Тут разам з Дуняй ён неўзабаве аднавіў і гародчык, і хляўчук, і дрэўцы.
...Кнурык паціснуў Аграному руку і прадставіў сябра.
– Гэта Плахіш, цьфу ты, Федзя Шашковіч.
– А ён не маскаль? – пацікавіўся на вуха Аграном.
– Не, – запэўніў Кнурык.
Аграном тыцнуў у сябе чорным ад зямлі пальцам.
– Васіль.
– Ты грошы мо аддасі? – спытаў у лоб Кнурык.
– Грошай няма – да палучкі сам кручуся, – зажурыўся Агра-ном. – Інфляцыя, каб яно ўсё спрахла.
Кнурык ведаў, што Аграном ніколі не маніць, і таму адразу пачаў развітвацца.
– Я вас правяду. Тут праз стары парк можна прайсці, – вінавата сказаў Аграном.
Кнурык першым прадзіраўся праз кусты, але раптам спыніўся і перасцярог:
– Ціха. Там нехта стаіць.
Наперадзе сапраўды віднелася чыясьці цёмная постаць.
– То ж балван, – растлумачыў Аграном. – Ну, статуя, Ілліч. Ён тут даўно стаіць, як парк заснавалі.
– Стаіць статуя зусім без ..., – пракаментаваў Плахіш.
Сябры падышлі ўсутыч. Проста перад імі апынулася звычайная, метры ў паўтара, скульптура правадыра пралетарыяў. Укормлены Ілліч быў у кепцы, пінжаку, штанах і чаравіках. Правай рукой ён паказваў у бок Аграномавага гарода.
З гэтай нагоды Кнурык і Аграном пачалі гарачую спрэчку – у які бок свету павінен заўсёды паказваць Ілліч? Кнурык сцвярджаў, што на Усход, Аграном жа меркаваў, што гэта не так важна – можна нават і на Захад.
Прагматычны і ўніклівы Плахіш тым часам моўчкі дастаў сцізорык і пакалупаў правадыра.
– Звонку фарба, а ўнутры медзь, – сказаў ён.
Кнурык і Аграном спынілі спрэчку. Плахіш агледзеў Ілліча з усіх бакоў. Вочы яго заблішчэлі.
– Ведаеце, колькі зараз каштуе кіло медзі? Тут жа на тону пацягне!
Раптам трое пралетарыяў зірнулі адзін на аднаго. Узнікла паўза.
– Нажоўку дам, – падсумаваў урэшце Аграном. – У мяне харо-шая нажоўка, фінская.
Між тым сусед Агранома, слесар Епіфанаў пасля дзеся-цідзённай адсутнасці з нагоды чарговага запою, з’явіўся знянацку дадому і заспеў жонку з былым прапаршчыкам Грукам. Гэтае відовішча так падзейнічала на Епіфанава, што ён адшукаў шворку і вырашыў скончыць жыццё самагубствам. Лепшага месца, чым стары парк, на думку Епіфанава, для гэтай мэты не было, і ён рушыў туды. За кустамі, як памятаў слесар, стаяла статуя Ілліча, рука якога якраз падыходзіла для яго сумнай справы. Епіфанаў склаў шворку накшталт ласо і хацеў ужо закінуць яе на статую, узняў вочы ўгору і... атарапеў. Ілліч знік. Епіфанаў працёр вочы, але на месцы чаравікаў правадыра ўбачыў два акуратныя спілы.
Ён адразу ўмацаваўся ў думцы, што Ілліча спілаваў былы прапаршчык Грук. Епіфанаў пакінуў ідэю суіцыда і шпарка пакрочыў у аддзел міліцыі, дзе зрабіў адпаведную заяву.
Ужо назаўтра раніцай па загаду начальніка міліцыі пад-палкоўніка Хабібуліна ў былога прапаршчыка Грука быў пра-ведзены вобыск, але статуі Ілліча міліцыянты не выявілі. Затое ў хляве яны знайшлі некалькі скрыняў з казённай тушонкай, мяхі з армейскай формай, бочку бензіну ды штук пятнаццаць ношаных жаночых трусоў і бюстгальтараў. Пра ўсё гэта, асабліва пра жаночую бялізну, былы прапаршчык Грук пачаў даваць самыя блытаныя тлумачэнні, і ў рэшце рэшт быў скіраваны для высвятлення абставін у капэзэ.
У гэты ж час у “офісе”, як ахрысціў бытоўку Плахіш, ішла напружаная дзейнасць. Ноччу на драбінках ён і Кнурык прывезлі накрытага плашч-накідкай Ілліча, пасля чаго з раніцы Аграном адпіліў у балвана, як ён празваў статую, руку, якая паказвала наперад. Ужо назаўтра на гарадскім рынку за руку, якая пацягнула амаль на трыццаць кілаграмаў, два ўвішныя мужчыны з яўным польскім акцэнтам далі Кнурыку і Плахішу пяць даляраў. Паны прадставіліся ім як Юзік і Казік.
Калі ж нагружаныя гарэлкай ды скумбрыяй сябры імкліва крочылі ў “офіс”, іх дагнала па дарозе легкавая машына з тымі ж самымі скупшчыкамі медзі. Юзік і Казік папрасілі ў паважаных спадароў прабачэння за турботы і пацікавіліся, ад якой гэта скульптуры купленая імі рука.
– Самі ведаеце, панове, – дыпламатычна адказаў Плахіш.
На гэтае яго прызнанне паны аж затрымцелі і адразу спыталі, ці не засталіся ў шаноўных спадароў яшчэ якія часткі статуі. Кнурык запэўніў Юзіка і Казіка, што цела – гэта значыць балван ці статуя – захавалася поўнасцю, толькі без рукі.
– Статуя яшчэ і без ..., – пажартаваў у рыфму Плахіш.
Паны роблена захіхікалі, а пасля прапанавалі сябрам купіць у іх усяго балвана аж за пяцьдзесят даляраў.
– Э, не, панове, – не згадзіўся Кнурык. – Сто – менш не аддадзім.
– Ды вы зірніце, які ён цяжкі і вялікі, – запрасіў Юзіка і Казіка ў “офіс” Плахіш.
У бытоўцы паны агледзелі Ілліча, пашапталіся, пагадзіліся на сямідзесяці пяці, і – ударылі па руках. Накрытую плашч-накідкай статую выцягнулі і перакулілі ў дарожны прычэп, які чапляўся за фаркоп да легкавушкі Юзіка і Казіка. Паны аддалі грошы і таропка ад’ехалі.
– Прыязджайце, панове, яшчэ! – паспеў толькі запрасіць іх ветлівы Кнурык, упэўнены, што добра іх надурыў.
– О, Матка Боска, о яке шчэнсце..., – усё паўтараў па дарозе Юзік і азіраўся на прычэп.
– О, так, так, – паддакваў яму Казік.
Юзік і Казік радаваліся нездарма. У Нямеччыне за статую эпохі таталітарызму, па іх падліках, яны павінны былі атрымаць не менш, як сто тысяч дойчмарак.
Між тым у “офіс” з’явіўся Аграном, якога Плахіш з Кнурыкам запрасілі ў рэстаран.
– Дзевак трэба, – растлумачыў яму Кнурык. – Скумбрыя, братка, надта станоўча дзейнічае на арганізм.
– У рэстаране іх процьма, – дадаў Плахіш. – Але ж ты можаш пабыць і з Дуняй, не прымушаем.
– Не, я з вамі, – сказаў бясхітрасны Аграном. – Вось толькі закончу сваю справу, а свіней Дуня і без мяне пакорміць.
Справа Агранома заключалася ў тым, што ён неяк вычытаў у газеце арыгінальны праект шматпавярховага агарода. Сутнасць праекта была ў тым, што зямля накрывалася пустымі аўтамабільнымі шынамі, адна на адну. У іх з бакоў прапілоўваліся дзіркі. Потым шыны засыпаліся чарназёмам. У дзіркі саджаліся бульба, трускалкі, гуркі і памідоры – па жаданню гаспадара. Газета абяцала надзвычай вялікія ўраджаі. Менавіта нарыхтоўкай шын і быў заняты Аграном.
Тым не менш вечарам трое сяброў селі за столік у рэстаране. Кнурык паклікаў афіцыянтку і замовіў графін гарэлкі і тры салаты з капусты. Афіцыянтка агледзела сяброў, забрала грошы наперад, запісала заказ і пайшла. Неўзабаве яна прынесла графін з гарэлкай. Сябры выпілі і сталі разглядваць дзевак. Іх сапраўды было шмат: і чорных, і белых, і рыжых. Выпілі яшчэ па чарцы і тут выявілася, што не прынеслі закуску. Аграном стаў стукаць па графіну відэльцам. Але прайшло дзесяць, дваццаць, сорак хвілін, а афіцыянткі не было. Графін апусцеў. Узвар’яцелы Кнурык падхапіўся з крэсла.
– Вось у Літве такога хамства не дазволілі б, – сказаў ён. (Кнурык калісьці скончыў Каўнаскі інстытут фізкультуры, чым вельмі ганарыўся).
Аграном і Плахіш узялі яшчэ па чарцы і закусілі кавалкам хлеба, які Аграном пазычыў з суседняга століка. Хлеб яны намазалі гарчыцай. Пачаліся ўжо скокі. Танчылі ля столікаў пад грукат і роў аркестра. Узняўся пыл.
Кнурык між тым рашучым крокам скіраваў на кухню. Плахіш і Аграном пазычылі яшчэ хлеба і гарчыцы. Прайшлі нямала часу. Кнурыка не было.
Урэшце Плахіш са словамі “зірну ў чым справа” пайшоў на кухню. Аграном адчуў сябе адзін чамусьці няўтульна і пацягнуўся следам.
За шырмай, што аддзяляла кухню і раздатачную ад залы, перад вачыма сяброў паўстала дзіўная карціна. Дзве магутныя паварыхі трымалі былога трэнера па боксу, закруціўшы яму рукі за спіну. Нагавіцы ў Кнурыка былі спушчаныя да каленяў. Трэцяя паварыха, яшчэ больш мажная, з асалодай раз-пораз частавала яго выспяткам у худы, голы азадак. “Я табе пакажу Літву!” – паўтарала яна. Кнурык толькі мыкаў.
Сябры кінуліся на дапамогу. Усчаўся вэрхал, у выніку якога ўсіх траіх праз некалькі хвілін вытаўклі на вуліцу.
У бытоўцы Кнурык з жахам пачаў аглядаць сваё цела ніжэй пояса: ці не нанеслі яму якое пашкоджанне азвярэлыя ад дармовага мяса паварыхі? Але ўсё быццам засталося пры ім, і Кнурык супакоіўся. Сябры згулялі ў карты, а потым Аграном і Плахіш разышліся па хатах.
Вечарамі, добра ўзяўшы па чарцы, сябры вялі старую навуковую спрэчку: у які бок свету павінна ўказваць рука правадыра ўсіх пралетарыяў, і як правільна будаваць прыбіральні на чыгунцы.
Але неўзабаве замежная валюта скончылася, паступова зніклі гарэлка і рыба скумбрыя, былі здадзены пустыя бутэлькі. У адзін з такіх дзён Кнурык засумаваў па дачцэ, успомніў нават, што неяк купіў ёй “снікерс”, памацаў – сапраўды выявіў у кішэні пакамечаны шакаладны батончык. З ім ён і скіраваў з раніцы ў дзіцячы садок. Там, праходзячы праз кветнік, Кнурык зірнуў на звыклы пейзаж і раптам знерухомеў. Пасярод кветак цьмяна зіхацеў невялікі помнік Іллічу-дзіцяці. Стаяў помнік тут пэўна і раней, але тады Кнурык проста не звяртаў на яго аніякай увагі. Маленькі правадыр пралетарыяў трымаў у руцэ кніжку. Ён быў кучаравы, у кароткіх штоніках і куртачцы. Кнурык падышоў усутыч і пільна ўгледзеўся ў статую.
Той жа ноччу ў садку пачулася мяккая пагудка фінскай сталі, а пад раніцу маленькага Ілліча ўжо везлі на драбінках у “офіс”. А вечарам таго ж дня Плахіш, Аграном і Кнурык правялі нешта накшталт тэрміновай нарады, на якой высветлілася наступнае:
– У горадзе ёсць статуі правадыроў і іншых дзеячаў пралетарскай справы.
Што балваны знаходзяцца іншым разам у самых нечаканых месцах: ля школ, устаноў, у дворыках і скверах.
Што трэба высветліць іх месцазнаходжанне і правесці інвентарызацыю.
Праз дзень Кнурык зрабіў справаздачу. Па даных агляду выявілася:
– 6 параўнальна невялікіх помнікаў Іллічу ў розных варыянтах.
– 3 помнікі Марксу.
– 3 помнікі Дзяржынскаму.
– 2 помнікі Чапаеву.
– 1 помнік Сувораву.
– 1 помнік Клары Цэткін.
– 1 помнік Лазару Кагановічу.
– 1 помнік дзіцяці з гранатай у руцэ.
– 1 помнік нявызначанаму таварышу жаночага полу ў трусах і з дзідай.
Старшыня райсавета Цельпукевіч задубянела пазіраў з акна свайго кабінета на плошчу, з якой працягвала ў яго бок руку гіганцкая статуя правадыра. Думкі старшыні круціліся вакол маючага наступіць энергетычнага крызісу і будучага партыйнага сходу, а Цельпукевіч кіраваў яшчэ і партарганізацыяй камуністаў, што налічвала каля ста чалавек і працягвала расці. На сходзе, меркаваў Цельпукевіч, трэба рашуча патрабаваць ад вышэйшых улад вяртання былой сімволікі і расейскай мовы ў якасці дзяржаўнай. Калі Цельпукевіч бачыў бел-чырвона-белы сцяг і чуў мясцовую гаворку, то заўсёды скрыгатаў зубамі і наліваўся крывёю. Гэтай жа ноччу нехта напырскаў з балончыка на падмурку будынка райвыканкама два асабліва ненавісныя яму словы: “Жыве Беларусь”. Цяпер гэтыя словы па загаду Цельпукевіча вынішчалі з дапамогай адбойнага малатка.
Старшыня зноў павярнуў да акна сваю лямпачкападобную, вузкую зверху і шырокую знізу галаву, і цяжка задумаўся. Але ягоныя думкі перапыніла сакратарка, якая далажыла, што ў прыёмнай з’явіўся Мухаедаў, падпалкоўнік у адстаўцы. Мухаедаў узначальваў камітэт па справах моладзі і Цельпукевіч кіўнуў: маўляў, няхай зойдзе.
Дзверы прыадчыніліся і ў кабінет праслізнуў чалавек у акуратна адпрасаваных штоніках і шэрым пінжаку. На невялікай галаве Мухаедава быў цірольскі капялюш, які ён адразу зняў. Цельпукевіч добра ведаў Мухаедава як члена партарганізацыі.
– Уладзілен Урбанавіч, – пачаў Мухаедаў, – адбылася непрыем-насць.
– Што такое? – прыўзняўся жыватом Цельпукевіч.
– Спілілі помнік Клары Цэткін.
Цельпукевіч усхваляваўся. Учора да яго прыходзіў раз’юшаны ветэран Гелтых і паведаміў, што спілаваны бюст Дзяржынскага, а вечарам на кватэру тэлефанаваў настаўнік Пшытыцкі, які данёс зусім неверагоднае – прапалі помнікі Сувораву і Кагановічу. Калі ўлічыць, што па звестках міліцыі яшчэ раней знікла статуя Ілліча са старога сквера, то выяўляліся рысы акцыі, скіраванай супраць улад і мясцовай партыйнай ячэйкі.
– Гэта яны, – з нянавісцю сказаў Мухаедаў.
– Хто яны? – аж прыўзняўся мэр.
– Бэнээфаўцы, нацыяналісты...
Цельпукевіч зноў асунуўся ў крэсла.
– А доказы?
Мухаедаў развёў рукамі.
– Падрыхтуйце рэзалюцыю, – загадаў мэр. – Ад імя ветэранаў і прагрэсіўнай грамадскасці. Надрукуем яе ў газеце “Яднанне”. Выкажыце рашучы пратэст ад імя моладзі. Дарэчы, колькі чалавек вы прынялі ў камсамол?
– Трэба звярнуцца і да перадавых краін, – сказаў Мухаедаў, абмінаючы пытанне пра камсамол.
– Якіх гэта перадавых? – змрочна пацікавіўся Цельпукевіч.
– Да КНДР, Кубы, – стаў пералічваць Мухаедаў і спыніўся. Ён уздыхнуў і пераступіў з нагі на нагу.
– Сядайце, – прапанаваў яму ўрэшце мэр і дадаў: – Трэба звярнуцца не да перадавых краін, а да нашых людзей. Яны нас больш падтрымаюць.
– Так, – аж трымцеў Мухаедаў. – Так і напішам: бэнээфаўцаў разагнаць, іх правадыра Лазняка арыштаваць, а пасля суда пакараць праз вышэйшую меру.
– Як гэта пасля суда пакараць? – здзіўлена спытаў Цельпу-кевіч. – Гэта ж не вы, а суд вырашыць.
Мухаедаў цяжка ўздыхнуў і выслізнуў за дзверы. Мэр павярнуўся да акна і прыслухаўся да скрыгату адбойнага малатка.
Прыкладна ў гэты ж час да бытоўкі падруліла новая “таёта” з прычэпам. З яе вылезлі мажны, з пукатым жыватом пан Юзік і крыху менш мажны, з лупатым тварам пан Казік. Плахіш і Кнурык якраз гулялі ў карты. Паны, пасля гарачых прывітанняў, адразу пацікавіліся, ці не захавалася ў сяброў яшчэ якая статуя, а калі захавалася, то яны, так бы мовіць, мусяць яе купіць.
Кнурык моўчкі запрасіў паноў у бытоўку, адхінуў падраны брызент, яшчэ нейкія лахманы, і перад вачыма Казіка і Юзіка паўстала неверагодная карціна: амаль палавіна бытоўкі была запоўнена зваленымі ў груд балванамі з медзі, бронзы і іншых каштоўных металаў.
Паны вырачылі вочы.
– Усе тут, – задаволена сказаў Кнурык. – Акрамя аднаго.
І ён тыцнуў пальцам у бок плошчы.
– О, Матка Боска! – выдыхнулі паны.
Праз нейкі час быў складзены вопіс. У ходзе яго асаблівую камерцыйную зацікаўленасць паноў выклікалі невялікіх памераў статуі нявызначанай жанчыны ў трусах і піянера з гранатай у руцэ.
– Кто ест та панна? – спытаў Юзік, трымаючы жанчыну галавой уніз, за ногі.
– Роза Люксембург, – аўтарытэтна сказаў Кнурык. – Чыстая медзь, панове.
– А хлапец? – паказаў пан Казік на дзіцё з гранатай.
– Паўлік Марозаў, – давёў Плахіш.
– О, Матка Боска! – здзівіліся паны.
Два камерцыйныя рэйсы спатрэбіліся Юзіку і Казіку, каб пераправіць помнікі эпохі таталітарызму праз мяжу. Урэшце бытоўка апусцела, а сябры селі за стол, на якім акуратным стосікам месцілася неймаверная па іх разуменню сума ў чатырыста амерыканскіх даляраў.
Са згоды Плахіша і Агранома большую частку капітала пакінулі пад асабістую адказнасць Кнурыка, якога выбралі скарбнікам. Самі ж яны скіравалі на “кропку” і праз нейкі час даставілі ў “офіс” некалькі скрыняў белай і піва, а Плахіш прынёс з гастранома цэлафанавы мех з тлустай вэнджанай скумбрыёй.
У адзін з такіх цудоўных, напоўненых сэнсам жыцця дзён Кнурык панёс у садок дачцэ Тасі “снікерс”. Калі ж ён ішоў назад, то па дарозе пазнаёміўся з маладой дзяўчынай Кацяй. На прапанову Кнурыка выпіць з ім у “офісе” шампанскага Каця адразу згадзілася. Пасля таго, як яны выпілі шампанскага, гарэлкі і закусілі скумбрыёй, Каця дала згоду крыху адпачыць з Кнурыкам на канапе.
Ачуняў Кнурык толькі пад раніцу. Галава была як цэбар, і ён спачатку не мог зразумець, чаму ляжыць голы ў халодным памяшканні. Каці побач не было. Першае ж, што ён са здзіўленнем убачыў, былі яго штаны на падлозе з вывернутымі кішэнямі.
Да вечара грошы так і не знайшліся. З гэтай нагоды паміж Кнурыкам і Плахішом адбылася бойка. Плахіш паваліў Кнурыка на падлогу і добра пакачаў яго і памяў бакі, але і сам мусіў пабываць у накдаўне. Але тут прыйшоў Аграном, сябры выпілі гарэлкі, закусілі скумбрыёй і... памірыліся.
Між тым начальнік міліцыі Хабібулін знаходзіўся па выкліку ў старшыні выканкама Цельпукевіча. Ён быў чырвоны, як бурак, бо атрымліваў ужо другі прачуханец за дзень. Перад усім пазванілі з абласнога аддзела МУС і спыталі, ці знойдзены помнікі правадыроў? Хабібулін адказаў, што пакуль не знойдзены. На такі яго адказ палкоўнік з вобласці зароў мацюкамі і прыгразіў зняць з пасады. У размове выявілася, што знікненне помнікаў выклікала шэраг запытанняў дэпутатаў у парламенце. Асабліва абурыліся ветэраны і фракцыя камуністаў, якія ўзнялі сапраўдны гармідар.
– Між іншым, – сказаў Цельпукевіч, – я ведаю таго самага Грука, якога вы памылкова затрымалі. Ён член нашай партар-ганізацыі. Упэўнены, што ён абсалютна не вінаваты.
– Але ж у яго суседзяў знікае жаночая бялізна, – заікнуўся было начальнік міліцыі.
– Лухта, – сказаў старшыня выканкама. – Калі ў яго ёсць якія недахопы як у кожнага камуніста, дык гэта можна паправіць. Дарэчы, вы самі аднавіліся ў партыі?
– Яшчэ не, – прызнаўся Хабібулін.
– Не цягніце, – ціснуў мэр.
– Мае людзі абшукалі ўвесь горад, – даводзіў начальнік мілі-цыі. – Ніводнай статуі пакуль не знойдзена, але мы абавязкова вый-дзем на след.
– Шукайце ў раёне, – параіў мэр. – Трэба прачасаць наваколь-ныя лясы. Ідзіце і дзейнічайце.
Як толькі начальнік міліцыі выйшаў, у кабінет старшыні выканкама праслізнуў настаўнік Пшытыцкі – актыўны камуніст і намеснік Цельпукевіча па партыйнай лініі.
Пшытыцкі напомніў Цельпукевічу, што мясцовыя нацыяналы рыхтуюць у горадзе мітынг, які плануюць правесці на плошчы, і з гэтай нагоды прапанаваў свой план.
– Што за план? – падазрона пацікавіўся Цельпукевіч, бо рады-калізм Пшытыцкага палохаў іншы раз і яго.
– План такі, – грукнуў той пратэзам па стале (у Пшытыцкага не было рукі). – Мы напярэдадні незаўважана ўстанаўліваем мінамёт, і, як толькі нацыяналісты пойдуць на штурм, пакладзём іх усіх да аднаго.
– На штурм каго яны пойдуць? – удакладніў Цельпукевіч.
– Нас, вядома.
– Ну і дзе будзе стаяць мінамёт? – вяла пацікавіўся мэр горада.
– У вас у кабінеце.
Цельпукевіч атарапеў.
– Але ж гэта занадта, – урэшце сказаў ён і дадаў: – Дарэчы, ваша жонка падала на вас скаргу. Быццам вы ў стане ап’янення адабралі ў яе вядро чарніц, якія яна назбірала ў лесе і растапталі ягады нагамі на дыване, а пасля замкнулі яе на ноч у туалеце і пагражалі ўзарваць гранатай. Адкуль у вас граната?
– Яна вучэбная. Гэта плёткі, – хуценька сказаў Пшытыцкі, але ў яго каламутных, заўсёды налітых крывёю вочках мільгануў жах.
– Ідзіце і майце на ўвазе, – адпусціў яго Цельпукевіч. – І здайце ў органы гранату, няхай сабе і вучэбную.
Між тым у ходзе рэйду па навакольных лясах міліцыянтамі было знойдзена шмат забароненых рэчаў: таёмных бровараў, прыхаваных крадзеных будаўнічых матэрыялаў – дошак, цэглы, і... адзін танк.
З нагоды апошняй знаходкі ў сталічнай газеце нейкім чынам з’явілася здзеклівая заметка, пра якую неўзабаве далажылі камандуючаму танкавай арміяй генералу Дубрабаеву. Пасля таго, як заметку пераклалі (а Дубрабаеў не разумеў па-мясцоваму), той выклікаў да сябе начальніка матэрыяльна-тэхнічнай службы палкоўніка Бурдзюка. Палкоўнік хутка з’явіўся і далажыў па форме. Камандуючы засоп і нейкі час моўчкі ўзіраўся ў атлусцелую постаць палкоўніка.
– Колькі ў нас танкаў? – задаў яму раптам дзікае пытанне Дубрабаеў.
Палкоўнік анямеў.
– Я вас пытаю! – зароў Дубрабаеў. – Дарэчы, смірна! Я не дазваляў вам стаяць вольна!
Бурдзюк выцягнуўся ў струну.
– У наяўнасці трыста дваццаць сем танкаў, – урэшце ўспомніў ён.
– Усе на сваіх месцах? – злавесна пацікавіўся Дубрабаеў.
– Так точна! – адрапартаваў Бурдзюк.
Дубрабаеў грукнуў кулаком па стале.
– А гэта што, маць тваю! – ён схапіў са стала газету і тыцнуў яе ў нос Бурдзюку. – Чытай уголас!
Дрыжачым голасам Бурдзюк пачаў чытаць:
“...калгасніцы, што пайшлі ў лес па грыбы, выявілі ў лясным балотцы цяжкі танк “Т-72”. Калі яны пастукалі па бране палкай, люк на вежы адкрыўся, і з танка вылезлі цыганы...”
– Досыць! – зароў генерал. – Чаму танк у лесе кінулі, маць вашу?! Тэхніку цыганы разукамплектавалі? Пад суд пойдзеш, так цябе і разгэтак!
Палкоўнік Бурдзюк абачліва маўчаў. Яму было вельмі вусцішна.
Праз некалькі дзён з усіх запасаў у бытоўцы засталіся груд пустых бутэлек ды куча касцей ад рыбы скумбрыі.
Неяк, грэючыся ноччу ля электракаміна, які Плахіш пазычыў у гастраноме, Кнурык раптам убачыў, як праз акенца ў “офіс” улазіць нячысцік. Ён быў насаты, з парослымі шчэццю пальцамі і вельмі нагадваў чамусьці дырэктара на былой рабоце. У пальцах-кіпцюрах нячысцік трымаў бутэльку “рускай”. Але, як толькі Кнурык паімкнуўся да бутэлькі, нячысцік закінуўся з ёй і высмактаў з рыльца. Пустую тару ён здзекліва шпульнуў у Кнурыка.
Ужо на другі дзень Плахіш заспеў Кнурыка на цэнтральнай плошчы ля помніка правадыру. Кнурык задумліва пазіраў на Ілліча і муляў вуснамі.
– Ты што, у штопар увайшоў? – спытаў Плахіш.
Кнурык вінавата ўздыхнуў.
– Так. Ужо і нячысціка бачу.
Плахіш занурыўся.
– І мне змеі здаюцца, – прызнаўся ён. – Дрэнныя справы, братка. Са штопара трэба выходзіць паступова, а не так рэзка, як мы. Скумбрыя трэба, гарэлка.
На мяжы гэтай жа ночы Кнурыка стала прабіраць дрыготка, а ў горле так перасохла, што ён не стрываў – у нейкім утрапенні схапіў сякеру і выбег на вуліцу. Кнурык спяшаўся да вулічнай камерцыйнай крамкі, на вітрыне якой днём не раз бачыў бутэльку чырвонага віна. Не зважаючы на небяспеку, ён высек драўляную стаўню, выбіў шкло, з прагнасцю схапіў бутэльку і кінуўся ўцякаць.
Толькі ў бытоўцы Кнурык з палёгкай уздыхнуў, адкаркаваў бутэльку і закінуўся як гарніст. Вадкасць з булькатам пацякла ў горла.
– Г-э-э-х!
Кнурык спыніўся, пацмокаў языком і... пахаладзеў. Яму стала брыдка. Якое няшчасце! Бутэлька на вітрыне крамкі праклятага спекулянта была бутафорская, а замест віна там знаходзілася падфарбаваная вада.
Ноччу ў акно зноў залез нячысцік.
– Бяры інструмент! – загадаў ён.
Над плошчай стаяла ноч. Узмакрэлы Кнурык апантана шоргаў нажоўкай. Урэшце бронзавая галава правадыра аддзялілася ад тулава, са звонам бразнулася долу і закацілася ў дэкаратыўны ельнік за пастаментам. Стала ціха. Кнурык крыху адсопся і тут заўважыў у канцы плошчы рух і нечую постаць. Злазіць было позна і, павагаўшыся, Кнурык ушчыміўся нагамі ў дзірку на плячах статуі і хацеў было спачатку схавацца ў чэраве цалкам, але слушна застаўся так, што з тулава тырчэла толькі яго лысая галава.
Перад усім, к вечару таго ж дня з капэзэ быў выпушчаны былы прапаршчык Грук, які па старой звычцы адразу наведаў жонку слесара Епіфанава. Гадзіны праз дзве, як заўсёды нечакана, дамоў завітаў сам Епіфанаў. Калі ж ён убачыў у сябе ў хаце Грука, то зноў упаў у стан нервовага ўзрушання. Незвычайна засмучаны, ён знайшоў шворку і пасля кароткага роздуму рушыў на цэнтральную плошчу горада. На плошчы было цёмна, змрочна і пуста. Епіфанаў падышоў да помніка і паважліва агледзеў магутную постаць правадыра. Ён раскруціў шворку, нібы ласо, закінуў яе на руку правадыра і ўскараскаўся на пастамент. Епіфанаў толькі пачаў замацоўваць канец шворкі на шыі, як раптам голас зверху спытаў:
– Піва ёсць?
Епіфанаў разявіў рот: на яго, безумоўна, глядзеў і гаварыў Ілліч.
– А-ва-ва-ва, – затрымцеў ад жаху слесар.
– Піва ёсць? – зноў спытаў Ілліч. – А скумбрыя?
– А-ва-ва, – калаціўся Епіфанаў.
– Няма? – спытаў Ілліч, – ну, дык прэч адсюль, скаціна!
Слесар скочыў на газон і кінуўся ўгрунь. Праз некалькі хвілін ён ужо быў у гарадскім аддзяленні міліцыі. Дзяжурны капітан выслухаў яго блытаную споведзь, агледзеў з ног да галавы і спытаў:
– Скажыце, а як даўно вас дастаўлялі ў медвыцвярэзнік?
Епіфанаў памуляў вуснамі:
– Дзён пяць таму, – шчыра сказаў ён. – Але гэта ўсё былы прапаршчык Грук. Ён паклёпнічаў на мяне. Злосны намер, каб застацца з маёй жонкай.
– Так, так, – папстрыкаў пальцамі капітан па тэлефонным апараце. – І вы сцвярджаеце, што статуя правадыра папрасіла ў вас піва?
– Але. Піва і воблу.
Капітан саркастычна ўсміхнуўся, зняў слухаўку і выклікаў па “хуткай” санітараў.
Прыкладна па гэтаму часу Пшытыцкі заканчваў допыт жонкі. Якраз званіў тэлефон. Пшытыцкі замкнуў жонку ў туалеце да раніцы і зняў слухаўку. Званіў падпалкоўнік у адстаўцы Мухаедаў, які пацікавіўся, ці не захоча Пшытыцкі зараз пайсці з ім да помніка правадыру, каб укласці кветкі. Пшытыцкі ахвотна даў згоду, але пацікавіўся, чаму несці кветкі трэба ў такі позні час. Мухаедаў сказаў, што сапраўды ўжо ноч, але заснуць яму цяжка, бо аніяк не можа вырашыць: меў рацыю правадыр ці не, калі сцвярджаў, што камунізьм (ён так і вымавіў гэта слова, з мяккім знакам) – гэта савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны. Справа ў тым, – працягваў Мухаедаў, – што электрыфікацыя даўно праведзена, савецкая ўлада таксама паўсюдна, але камунізьма няма. Чаму ж так?
Пшытыцкі знерухомеў. Сківіца ў яго адвісла. Сапраўды падступаў ужо голад, хаця гарэлі лямпачкі Ілліча і кіравалі Саветы. Урэшце ён сказаў:
– Гэта дэмакраты, бэнээфаўцы. Яны давялі.
Гутарку таварышаў перапыніў енк з туалета. Пшытыцкі паслухаў, схіліўшы маленькую галаву набок, радасна засоп і пачаў шукаць на балконе кветкі. Кветкі былі ўжо звялыя, і ён урэшце прыхапіў з сабой фікус у вазоне.
Мухаедаў яго чакаў. У руках у яго быў абярэмак гваздзікоў. Абодва таварышы рушылі да помніка.
У слабым святле ліхтара яны пачалі ўскладаць кветкі, калі раптам пачуўся гук, нібы нехта пляваў. Мухаедаў адчуў, як на лысіну ляпнула вільгаццю. Падпалкоўнік у адстаўцы здзіўлена ўзняў вочы, і ўбачыў, як галава правадыра разявіла рот і плюнула. Сліна на гэты раз трапіла ў твар Пшытыцкаму.
Мухаедаў хіба што апруцянеў. У Пшытыцкага адняло мову.
Між тым, адзіны ў тую ноч міліцэйскі патруль (не хапіла бензіну) вяртаўся ў службовы гараж. Трое міліцыянтаў: сяржант і шэраговыя ўдала правялі канфіскацыю самагонкі і везлі некалькі гумавых грэлак у дзяжурку, каб спісаць па акту. Адна з грэлак, пэўна, працякла, бо ў кабіне стаяў надзвычай характэрны водар. Міліцыянты спяшаліся, бо спісанне па акту было толькі на першы погляд зусім простай справай. У прысутнасці дзяжурнага афіцэра яны злівалі самагонку ў ракавіну. Але фокус быў у тым, што ад ракавіны спецыяльна замацаваная труба вяла не ў каналізацыю, а ў суседні пакойчык, дзе стаяла звычайнае эмаліраванае вядро. Такім чынам, канфіскаванае заўсёды заставалася пры іх.
Міліцэйскі “уазік” якраз мінаў плошчу, калі сяржант убачыў ля помніка правадыру дзве нерухомыя постаці. Ён раптам успомніў загад Хабібуліна пра вышук раскрадальнікаў статуй і загадаў спыніцца. Машына пад’ехала ўсутыч. Міліцыянты выскачылі на асфальт.
– Хто такія? – спытаў сяржант. – Прад’явіце дакументы!
Спалоханы выгляд незнаёмцаў выклікаў у яго вялікія падазрэнні.
Пшытыцкі паказаў на помнік.
– Бу-бу-бу, му-му-му, – гугнеў ён.
– Абшукайце іх, – аддаў загад сяржант.
Раптам Пшытыцкі кінуўся ўцякаць. Мухаедаў за ім. Міліцыянты дагналі і абвалілі іх на землю. З кішэні ў Пшытыцкага адразу выцягнулі баявую гранату “Ф-І”.
У гэтыя хвіліны Кнурык апантана раздзьмуў ноздры. Ён не мог памыліцца: пахла хлебнай. Кнурык выслізнуў з чэрава правадыра і скочыў уніз. На асфальце ўсё яшчэ валтузіліся міліцыянты. Кнурык занырнуў у адчыненую кабіну і беспамылкова ўхапіў грэлку. Няўбачаны, ён шмыгнуў у цень, прыціскаючы да грудзей цёплую, важкую гуму.
Праз якую хвіліну ўсё было скончана: звязаныя Пшытыцкі з Мухаедавым ляжалі на зямлі.
Радасны сяржант уключыў рацыю і паведаміў дзяжурнаму, што злоўлены двое ўзброеных бандытаў.
Ён загадаў абшукаць усё побач, але больш аніякай зброі не знайшлося. За ёлкамі знайшлі толькі спіленую галаву правадыра, якую сяржант уласнаручна аднёс у машыну. Туды ж трыумфуючыя міліцыянты ўціснулі і звязаных Мухаедава з Пшытыцкім. Перагружаная машына рушыла ў аддзел.
...У бытоўцы было цёпла і ўтульна. Кнурык, які добра адсмактаў з грэлкі, салодка спаў, прыціскаючы да грудзей каштоўную пасудзіну.
Ён працягваў спаць і назаўтра, калі прыехалі будаўнікі з кранам і пагрузілі вагончык на тралер. Бытоўку, пра якую гэтак нечакана ўспомнілі ў будаўнічым трэсце, павезлі на новы ўчастак.
Кнурыку снілася скумбрыя.