“Сэнсы маўклівых нябёсаў...”
Эсэ
Альбіна Сямёнава
Пытацца ў багоў пра таемнае не спяшайцеся...
Рубэн Дарыа
“Я – Мадыльяні... Купіце...”
І толькі адна жанчына працягвае нейкія грошы, дадаўшы, што малюнак мастака ёй не патрэбны.
Быў такі кадр у канверсіі Жана Рэнуара “Монпарнас, 19”. Мадыльяні – Жэрар Філіп – разгублены (грошай няма зусім) і здзіўлена-ўпэўнены (ён ведае пра таямніцу свайго высокага таленту), наіўна-бездапаможны ў сваім адчаі (што рабіць?) і мудра-прасветлены ў тым, што ведае ён адзіны з прысутных: ён прапануе шэдэўры.
Размова, аднак, не пра фільм і не пра Жэрара Філіпа, хаця гэты фільм і гэты актор даюць адчуць трагедыю той явы – калі: ёсць плён напружанага творчага існавання, а плёну – не бачаць...
“Я – Мадыльяні...” Трагедыя лёсу... Калі паэт Збароўскі дарэмна лётаў па Парыжы, спрабуючы знайсці пакупнікоў на карціны Мадыльяні. Калі глядзела з сумам на тонкія разарваныя лініі на лістку паперы, прапанаваным мастаком за харч (“Я не жабрак!”), гаспадыня італьянскай траторыі на вуліцы Кампань Прэм’ер – хіба ж яны вартыя, гэтыя лініі, смачнага кавалка мяса, што яна дае небараку? Калі не толькі гэтая шынкарка, Разалі, не разумела мастака, але ж і знаўцы жывапісу папракалі Мадыльяні: не ведае анатамічных прапорцый, грэбуе законамі калёраў, не разумее ўлады святла і ценяў.
...Мадыльяні памёр ад сухотаў у 36 год, яго Жанна выкінулася з вакна, іх маленькая дачка засталася адна...
А праз год адбылася выстава. І распачаўся ўхвальны шум прэсы, з’явіліся кнігі крытыкаў і даследчыкаў. ... Карціны Мадыльяні прадавалі і прадаюць за грошы, якія і не сніліся мастаку...
...Гісторыя старая, як свет. Паўтораная непамысную колькасць разоў... Мастакі, літаратары, кампазітары... Не кажучы пра актораў, музыкаў... Мастацтва імгненняў... Мастацтва непасрэднай сатворчасці з гледачамі і слухачамі... Па сённяшнім часе створанае імі таксама “матэрыялізуецца” – відавочна і надоўга, але ж для гэтага павінны спраўдзіцца ролі, адбыцца канцэрты... А колькі – не спраўдзілася, не адбылося...
Хаця – і ў тых: майстроў пэндзлю, майстроў прыгожага пісьменства, стваральнікаў чару мелодый – рознае здаралася... Рукапісы не гараць? Напісанае застаецца? І гараць, і знікаюць, і набываюць нечаканых гаспадароў...
“Колькі талентаў звялося”, “не аплаканых нікім”...
Колькі? Не пералічыць...
І якая ўсё ж галоўная асалода, уцеха творцы?.. Нават калі ён пэўна ведае прысуд лёсу: “я ўміраю...”
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
А за вокнамі – вясна. 26-я вясна ў жыцці... І мала што гэта год сусветных катаклізмаў (1917-ты), у Крыму ўсё роўна ўсё ў квецені, усё жыве, усё шчасліва набірае сокі, усё святочна нагадвае аб радасці Быцця... І так неаспрэчна – апошнія дні, гадзіны, хвіліны... “Скончу век малады...” За вокнамі – ноч, побач – ні-ко-га. Аднак: “Я не самотны, я кнігу маю...”
...Тоненькая кніжачка ў мяккай вокладцы... “Вянок”... Тым не менш – віда-вочны плён таленту. Вялікага Таленту. Максіма Багдановіча...
І адчуванне свайго Дару. І спраўджанасць яго...
...Пакліканне Таленту... Адчуванне Дару Боскага... Што спатоліла душу Максіма Багдановіча і ў апошнія яго хвіліны... Што высвечвала вышыні творчага празарэння ў зямным быцці Шапэну – згадаем хаця б яго вальс мі мінор, створаны незадоўга да канца (яго пазначаюць – “пасмяротны”). Што надавала моцы Язэпу Драздовічу – мастаку, мысленніку, пісьменніку – у яго падарожжах па роднай зямлі і ўражаннях ад свайго краю, увасобленых у вобразах мастацтваў выяўленчых і ў мастацкім слове, у яго касмічных мроях-празарэннях...
...Пакліканне Таленту... Што давала сілы заканчваць “Майстра і Маргарыту”, пакутуючы ад смяротнай хваробы, Міхаілу Булгакаву. Пакліканне Таленту, што прымусіла графа Сэнт-Экзюперы асвойваць Планету людзей у небе Еўропы, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі... Над Атлантыкай, Кардыльерамі, С’ерра-Марэнай... Бо дзеля таго, каб выявіць талент, “каб пісаць, трэба жыць”. А яшчэ ўмець “патаемна... выкарыстоўваць нешта, чаму няма назвы”. Чаму няма назвы і што надае веры, калі ніхто вакол не разумее, нішто, здавалася б, не спрыяе.
...На Моцарта крычыць цешча (фільм Боба Фосса “Амадэо”), а той чуе толькі пачатак яе тырады – бо нават гэтая лаянка: штуршок для перастварэння яе ў гукі, нотныя знакі – у мелодыю! Той, хто валодае Дарам – ва ўладзе Дару! Суб’ект робіцца аб’ектам дзеяння!
...Ва ўладзе Дару...
Ці не таму так высока мудрыя і высока наіўныя геніі, таленты? Ну, чаму б Моцарту не ўхваліць сімфонію барона ван Світэна? Можа, і знайшоў бы той грошы, каб прыстойна пахаваць Ёгана Вольфганга Моцарта? А Моцарт не ўхваліў...
І чаму б не сядзець спакойна сусветна вядомаму фізіку Дзмітрыю Сахараву на з’ездзе народных дэпутатаў? А ён з дзіцячым наівам і ўпартасцю, пад гуканне залы, ішоў да трыбуны, хаця ведаў – пасля высылкі, пасля шматгадовага высочвання – большасці з прысутных, тым, хто тады кіраваў і вызначаў, даказаць нічога немагчыма. І ўсё ж... Ішоў, ведаючы, чым гэтае новае выпрабаванне можа скончыцца... І скончылася...
...Чалавек ва ўладзе Дару... Дадзенага яму, каб перадаць, выявіць непаўторнасць, адзінкавасць Быцця. Вядомае і невядомае. Бясконцае і лёсавызначальнае. У тым спосабе выяўлення, што наканаваны Звыш. Мабыць, тут Звыш дадзеная ўнутраная вызначанасць індывідуальнага Быцця, якому сам чалавек надае накірунак і сэнс. “Абсяг падсвядомага ў генія не паддаецца вымярэнню” (Б. Пастарнак).
Нястрымны ў сваіх вялікіх задумах Мікельанджэла; магутны ў адухоўленай размове з вечнасцю Бах; вялікі ў сваім адчуванні сапраўднага духу і маштабу часу Бетховен; ці не адзіны ва ўменні спалучыць сусветнае (вселенское), агульначалавечае і асабістае Блок; шматаблічны ў выяўленні сутнасці душы – у адзінаборстве з жыццём – Сальвадор Далі; непараўнаны ў спалучэнні філасофскіх абагульненняў і паэтычнай вобразнасці, што мае вытокам гармонію ў слове, у архітэктуры, музыцы, жывапісу – Цыпрыян Норвід...
...Геніі... Таленты... Нехта ўспыхваў і згараў. Як свечка. Як знічка – што падае недзе там, у астральных прасторах... Як Лермантаў. Максім Багдановіч. Сяргей Ясенін. Персі Бішы Шэлі.
Нехта жыў доўга і змястоўна... і “памёр..., насычаны днямі...” (Іоў; 42, 17). Ёган Вольфганг Гётэ, Леў Талстой, Томас Ман... Урэшце – Леанарда да Вінчы... (У XV-XVI стст., калі жыў мастак, чалавечае жыццё было кароткім, а яго 67 год – амаль біблейскі век).
У сярэдні свой узрост здолелі змясціць – сэнс эпох, шматзначнасць задум, тэм, ідэй, найтанчэйшыя ўзаемадачыненні свядомасці, спрадвечнае імкненне да ісціны – Уільям Шэкспір, Аляксандр Блок.
...Як абраннікі Божыя, таленты часцей за ўсё прымалі сваю долю пакут у сваім зямным існаванні. Ці на ўсім шляху сваім, ці – на пэўным яго адрэзку, ці напрыканцы жыцця...
Трагічныя некалькі грамаў свінца: дуэль Лермантава, гібель пры Шэгенвары падчас паўстання 1848 года Шандара Пёцефі, расстрэл фашыстамі Федэрыка Гарсіа Лоркі...
Пакутны канец Пушкіна, выпрабаванне болем хваробы Бальзака, жорсткая расплата за імкненне спазнаць бездань жыцця ва ўсіх праявах: Гейнэ, Мапасан, Уайльд... Зыход з Яснай Паляны Льва Талстога...
Трагедыя лёсу... Трагедыя канца зямнога існавання...
...Шклянкі з морфіем і атрапінам на Ранча Хараства – апошні ўчынак Джэка Лондана... Чаму? Быў стомлены здрадамі, няўдзячнасцю, адкрытай подласцю? Зломлены жыццём? Не мог больш пісаць на ўзроўні “Белай вішні” і “Марціна Ідэна”? Ці – усё разам? Вырашыў, паводле меркавання яго сябра, Джорджа Стэрлінга, “не заседжвацца ў кампаніі ўласнага трупа”?
...Паляўнічае ружжо, стрэлам з якога 2 ліпеня 1961 года ў Кэтчуме падвёў рысу пад сваім жыццём Эрнэст Хэмінгуэй... “Чалавек не для таго створаны, каб цярпець паражэнне”, – гэта яго словы. Тад Хэм – хаця і са “згубленага пакалення”, аднак з пароды пераможцаў...
...Паражэнне пераможцаў... Асоб, у якіх не толькі героі іх твораў, але і яны самі сталіся для многіх пакаленняў эталонам мужчыны, – пераможцы стыхій, увасабленне мужнасці, высакародства, абаяльнасці, стойкасці, трываласці...
46 – Джэку Лондану, 62 – Эрнэсту Хэмінгуэю...
29 – Ясеніну, 29 – Маякоўскаму...
Сусветна вядомыя празаікі – на вяршыні славы... Рускія паэты – на вяршыні славы і няславы...
...А вось смяротна хворы Антуан Ватто ствараў сваіх куртуазных “Капрызніц”... І напаўгалодны сухотнік Аляксандр Грын пісаў раманы-феерыі, раманы-мроі...
Шматлікія даследчыкі, біёграфы вызначаюць факты жыцця, звяраюць, пазначаюць асацыяцыі, аналізуюць, падводзяць вынікі, ствараюць сур’ёзныя і менш сур’ёзныя творы пра знакамітых... Аднак... Застаецца страшная, бязмерная, бясконцая таямніца... Загадка... Як і загадка мастацтва... Выратавальнага. Мастацтва – карніка і суддзі. Мастацтва – лекара. Мастацтва вызначальніка свабоды Быцця...
У нас на тым абсягу, што стаўся дасавецкім, савецкім, постсавецкім, існавала і, на жаль, існуе тэндэнцыя, схільнасць да вульгарна-сацыялагічнага і падкрэслена сацыялагічнага тлумачэння фактаў і з’яў мастацкай рэальнасці. (Маю на ўвазе мастацтва ў самым шырокім сэнсе).
То ва ўсім абвінавачваўся “рэакцыйна-прыгонніцкі лад”, то “царызм”, то “сталінізм”, то “таталітарызм” – усё ў залежнасці ад часу пісанняў. Безумоўна і бясспрэчна – валадары зямныя, занятыя справамі ў часе гістарычным, хай сабе і глабальнага маштабу, і тыя, хто імкнецца да ўвасаблення бессмяротнай свядомасці ідэй, не так часта знаходзяць паразуменне. І хаця “сильные мира сего” бываюць часам не чужыя мастацтвам і лічацца аматарамі – музыкі, прыгожага пісьменства, а таксама – прыхільнікамі Мельпамены, Тэрпсіхоры і іншых муз дыстынктоўных мастацтваў, аднак нават прыблізна вызначыць, што нехта ўзвышаецца над імі – пад вялікай зоркай бессмяротнасці, а не пад абаронай “трону” (якія б трансфармацыі на пэўных гістарычных этапах ні адбыліся з канкрэтнымі знакамі ўлады), не, гэта ўяўляецца на ўсіх прыступках улады вельмі рэдка.
Аднак – не толькі стасункі са знешнім светам, з індывідуумамі далёкімі і блізкімі, вызначаюць самасвядомасць мастака, стыль яго паводзін, мецяць прадчуванні душы. Выяўляцца гэта можа нечакана і ў самых розных формах. Як і выратавальная і пагібельная трывога, (напрыклад, у 1902 годзе Блок зазначыць: “Мой конец предначертанный близок,/ И война, и пожар – впереди”), як узнясенні на вышыні і падзенні ў бездань.
І тут ужо не мае значэння ні гістарычны час, ні тое, на якіх шыротах вызнае існаванне мастак, ні тое, хто там рулюе, кіруе, правіць. Знешне – гэта, скажам, нічым як быццам не пазначаная і абумоўленая дэпрэсія. Або той дыянісійска-вакхічны строй, што не абмінуў самых тонкіх мастакоў, на розных геаграфічных кропках, у розных сацыяльных і сітуацыйных варунках.
Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Эдгара По, Амедэо Мадыльяні, Аляксандра Фадзеева, Уладзіміра Высоцкага... Ды і ці толькі іх...
Блок, асабліва ў лістах да маці, увесь час імкнуўся патлумачыць і нават апраўдаць шал паводзін, лічачы, што чар пітва “ўнутрана спрастоўвае (выпрямляет) чалавека, далучае яго да бяскрайняга свету, палёту стыхій, музыкі сфер, якая чутна толькі тады, калі надыходзіць забыццё атачэння”. А паэт Гафіз кідаў сваім абвінаваўцам:
Зачем ты пьешь? Я знать желаю!
Скажу, зачем: я зол и горд,
И в море пьянства выезжаю,
Чтоб зло все выбросить за борт.
(Цытую ў перакладзе Ул. Салаўёва, не рызыкуючы пераствараць пераклад).
...Чыталася, думалася пра тое – падчас напісання “Бэзавага попелу” (аповесці-эсэ паводле ліставання з Міхасём Стральцовым)... Напісанае – не ўключыла ў тэкст. (Мабыць, правільна зрабіла – хапіла і так правінцыйна-кухарскіх “трактовак” паводле таго допісу). Пазней – былі разважанні паводле замоўленага матэрыялу пра Анатоля Сыса. Пісалася пра тое, што калі згадваю гэтага паэта, дык помняцца не буянствы ў Доме літаратара або якія эскапады гэткага ж кшталту, а – яго вочы, аблічча – падчас пахавання Жэні Янішчыц: нейкае вінаватае здзіўленне, поўная адстароненасць ад усіх і ад усяго, нібыта ён недзе там, не з намі, а з ёю, улоўлівае “туманны ход іншых сусветаў”, дзе “ад пакутаў нябёсы смягнуць” і “церні німбамі прараслі”... Ці – яшчэ – нейкі сонечны велікодны дзень і – ён, нечакана, каля касцёла: святочнаясны, супрычасны свету небудзённасці, нечаму вясёламу – ці то хрысціянска-вызначанаму, рытуальнаму, ці то паганска-стыхійнаму...
Эсэ вымалёўвалася і сталася гаворкай не толькі пра адну творчую асобу. Пра драматызм розных лёсаў. Але маючы не самы шчаслівы (мякка кажучы) вопыт успрыняцця сваіх роздумаў-імпрэсій часткай нашага літаратурнага і калялітаратурнага атачэння, я не стала друкаваць эсэ. І тут, мабыць, перакіну размову на іншае. Больш адстароненае, аддаленае ад нашай паўсядзённасці, больш блізкае да агульных культуровых калізій. Калі не да вольнай прасторы духоўных раэлій, то да каардынатаў паміж імгненнямі і бясконцасцю, сутнасцямі і падзеямі. Саслізгваючы да праставатых фактаў рэчаіснасці.
Сіметрычны гонар жыцця раздзелены пароўну...
Поль Элюар
Згадаўся, паміж іншым, такі факт. Пачула неяк ад аднаго таленавітага, сімпатычнага чалавека, у рангу не толькі літаратурным, а і чыноўным, так бы мовіць, пра гэтую сумную табель. Аб рангах. У досыць драматычны момант.
Потым доўга думалася – якія рангі? Літаратурныя? Іх не так проста вызначыць. Народныя? Заслужаныя? Улаўраваныя? Але ж – ні Максім Багдановіч, ні Максім Гарэцкі, ні Кузьма Чорны, ні Уладзімір Караткевіч народнымі, паводле ўказаў і загадаў, не былі. Лаўрэаты? Але ж, напрыклад, Міхась Стральцоў толькі пасмяротна атрымаў прэмію. Рыгор Бярозкін і пасмяротна той казённай ласкі не меў. А сёння – ці лаўрэат якой нашай, краіны Беларусь, прэміі – еўрапейскага кшталту паэт, для якога эмпірыка асабістага існавання – толькі штуршок для ўяўлення высокай явы Быцця: Ян Чыквін. Явы Быцця, што насычана вопытам гісторыі і культуры, вопытам, які творча асэнсоўвае паэт: удумлівы вучоны, філосаф, культуролаг, выдавец. Або – бліскучы празаік Сакрат Яновіч? Выдатны паэт Янка Юхнавец? Жывуць яны за межамі Беларусі, але ж ствараюць беларускую літаратуру, беларускую культуру, маюць высокі ўплыў на духоўнасць нацыі. Межы, памежжы, замежжы – яны не замінаюць гучанню Слова. Пранікненню Духа. “Spiritus flat ubi vult”. – “Дух вее, дзе хоча”. А як акрэсліць паэтычныя і навуковыя дэфініцыі Галіны Тварановіч, што па сутнасці першая на Беларусі ў сённяшнім часе звярнулася да вершаў духоўных, рэлігійных, накрэсліла шляхі на славянскіх навуковых пуцявінах, абрана рэдактарам навуковага часопіса, пераехаўшы ў Польшчу на выкладчыцкую працу?
Вяртаючыся ж да тых, хто на зямлі Беларусі вызнае і вяртае нам у Слове Быццё духа. Ці ўганараваныя – адпаведна свайму месцу ў беларускай літаратуры паэт і філосаф Алесь Разанаў, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі? Паэт, эсэіст, публіцыст Алесь Каско? Паэты і перакладчыцы Данута Бічэль, Ніна Мацяш? Паэт Вера Вярба, што не мае аніякай прэміі? А як вызначыць сённяшнюю духоўную, літаратурную, перакладчыцкую дзейнасць празаіка, паэта, рэдактара “Нашай Веры” Крыстыны Лялько?
Калі весці гаворку больш шырока, дык, напрыклад, напачатку стагоддзя самымі папулярнымі былі тыя, каго цяпер ведаюць толькі літаратуразнаўцы. У рускай літаратуры – Ігнацій Патапенка, Усевалад Крастоўскі... А засталіся для культуровага свету: Антон Чэхаў, Аляксандр Блок, Іван Бунін...
Германа Мелвіла па-сапраўднаму ацанілі толькі ў ХХ ст. Ва ўсёй паўнаце таленту стаў вядомы праз добрыя 20 год пасля смерці Міхаіл Булгакаў. Не кажу пра тыя імёны, што на дзесяцігоддзі былі выкрасленыя на прасторы былога СССР.
А ўвогуле – нават калі пісьменнік быў валадаром думак, як Леў Талстой, або кнігі выходзілі такімі непамыснымі тыражамі, як у Хэмінгуэя, дык “ранг” тут быў чыста літаратурны.
А. Чэхаў з нагоды сваіх “рангаў” пісаў А. Суворыну: “Мае таварышы па універсітэце ўжо стацкія саветнікі. Адзін толькі я даслужыўся... да кукіша з маслам. Нават калежскім рэгістратарам не быў” (Чэхаў, паводле казённай іерархіі, лічыўся чыноўнікам 14 класа).
А пушкінскае камер-юнкерства? А салдацкі шынель Баратынскага? А “пасады” дрывасека і чарнарабочага Цыпрыяна Норвіда?
Увогуле ж кожны час вызначае свае, як сёння кажуць, прыярытэты. Вось зусім нядаўна на нашай роднай беларускай прасторы было вельмі важна, каб дастачыцца таго, вядомага: “Усе мы з хат”. Цяпер іншыя павевы. Многія з тых самых людзей, што абавязкова падкрэслівалі сваю сялянскую ўгрунтаванасць, свой наследны паўперызм, сёння сцвярджаюць: “Мы – эліта”.
Агульнавядома, якой прыцягальнай была для Бальзака цудадзейная часціца “дэ” – сведчанне дваранскага паходжання, і якую асобую акрасу ў яго пачуццях да Эвеліны Ганскай надаваў яе тытул “графіня” і тое, што яна народжаная Ржэвуская.
Не менш вядома, як ганарыўся сваім паходжаннем нашчадак фларэнтыйскіх нобіляў Мікельанджэла: “...Мы належым да старой фларэнтыйскай буржуазіі і можам спрачацца наконт шляхецкасці з кім заўгодна”. А вось патомны герцаг Лукіно Вісконці ды Мадронэ, наступнік валадароў сярэднявечча, што меў спадчынную памяць ад часоў Дантэ і Леанардо да Вінчы, сусветна вядомы рэжысёр, быў членам Кампартыі Італіі. І граф Антуан дэ Сент-Экзюперы, чыё генеалагічнае доэва магло б захапіць любога знаўцу геральдыкі і старажытных радаводаў, на ўсіх зямных і паветраных шляхах (у прамым разуменні гэтых сэнсаў) быў высакародны, як рыцар, і дэмакратычны, як чалавек планеты Зямля. Дарэчы, наконт сваіх палітычных і сацыяльных поглядаў ён распавядаў так: “Я не правае і не левае крыло, я птушка”. І Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) – патомны шляхціц – настойліва падкрэсліваў сваю “мужыцкасць”: “Я мужык-беларус, пан сахі і касы...”, “Што я мужык, усе тут знаюць...” і г.д.
Высокі арыстакратызм іх духу, іх таленту, адвечнае значэнне іх пазачасных ідэй, увасобленых у канкрэтыцы часу, у сістэме іх мастакоўскага мыслення – гэта ўсё было, безумоўна, і адбіткам генетычным мастакоўскага ўсведамлення роду, жывой ісціны існавання, аднак! – дзеля таго, каб “наноў асэнсаваць сучасны свет, зрабіць для ХХ стагоддзя тое, што Арыстоцель і Святы Тамаш зрабілі для свайго часу” (Чэслаў Мілаш). Без малаплённых разваг і роздуму пра сваю элітнасць і выбранасць. І тым больш – без памкненняў да нейкіх там “рангаў”.
Рангі ў мастакоў часам здараліся. Арбітрам элеганцыі пры імператары Нероне лічыўся Петроній, хаця гісторыі вядомы сумны канец яго кар’еры і жыцця. Гётэ 11 год быў на чале ўрада Веймарскага герцагства, хаця пазней канчаткова аддаў перавагу іншым каштоўнасцям. Каралеўскімі гісторыёграфамі былі Расін і Буало. Віцэ-губернатарам служыў М.Я. Салтыкоў-Шчадрын, саноўнікам дыпламатычных місій, старшынёй камісіі замежнай цэнзуры быў Ф.І. Цютчаў...
Шэраг тых, хто меў рангі ў савецкую пару... А ўвогуле – мастак ва ўладзе ці пры ўладзе – тым больш у пару пераследаў, рэпрэсій, татальнага фальшу... Якія трагедыі... Аляксандр Фадзееў... Якія драмы свядомасці і сумлення... Канстанцін Сіманаў...
Хаця – у такіх абставінах надзвычай важна, хто і якую пасаду займаў, які ранг меў. Калі таленавіты, разумны, смелы, добразычлівы – колькі твораў, колькі імёнаў бывала выратавана! У якім спрыяльным творчым клімаце могуць апынуцца тыя, хто надзелены “молніяй індывідуальнасці” (Гегель). Калі ж наадварот...
Абраннікі Божыя не так часта мелі ўладу і не так часта імкнуліся да яе. Ведалі – іх улада: іншая. І багацце: не ў звонкіх манетах ці хрумсткіх банкнотах. Яно таксама не вельмі песціла творцаў. Каго – адносна, а каго – і пякуча неадступна. Язэп Драздовіч, якому не хапала грошай нават на чарнілы і канверты. Эдгар По, што пражыў сваё кароткае жыццё – ад пачатку да скону – у нішчымніцы, а памёр, як апошні люмпен. Бальзак, што меў няшчасце люляць нейкія фінансавыя фантазіі, якія заўсёды цярпелі фіяска...
Былі, праўда, спадчынна забяспечаныя Тургенеў, Флабэр, з пэўнага часу – Байран... Сальвадор Далі... Пікасса...
Аднак часцей за ўсё “ўменне жыць” не супадала з талентам. Як зазначаў у адным са сваіх вершаў 1918 года Барыс Пастарнак:
Вряд ли, гений, ты распределяешь кету
В белом доме против кооператива...
І наўрад ці геній суадносіць зямны час толькі з абмежаваным тэрмінам зямнога жыцця, ён вызначае сутнасці ў адпаведнасці з вечнасцю Боскага, сакральнага часу. (Нават калі канкрэтна пра тое не мысліць. Хаця ў наш час рэнесанснае, даўняе, былое адчуванне часу саступае месца “асабістаму”, личностному адчуванню. Аднак нешта ад сярэднявечнага і рэнесанснага, вызначальнага на культуровым шляху чалавецтва ад Нараджэння Хрыста: ars moriendi – мастацтва памірання, мастацтва выкарыстання жыццёвага шляху, набывае новае вымярэнне: напрыклад, пошук свецкіх спосабаў дачынення да вечнасці – пасмяротнай славы.
Прыжыццёвы імідж... Гераізіраваны партрэт... Псіхалагічны, жанравы партрэт... Аўтапартрэт... (Літаратурны, жывапісны). Дзённікі, хронікі... Аўтабіяграфіі і біяграфіі... Не проста апісанне, а канструяванне і рэканструяванне ў пэўным ракурсе... Уражанні ад чалавека... Ад творцы... Моманты, эпізоды, фрагменты... Стэрэатыпы... Клішэ масавых уяўленняў... Легенды... Міфы... Кананізацыі... І – негатывы замест партрэтаў...
Аліўкі часу, успаміны...
Гіём Апалінэр
Калі падведзена апошняя рыса ў зямным існаванні – застаюцца: творы. Застаецца і памяць – не заўсёды дакладная, часам капрызлівая, з кантамінацыямі, пераўвелічэннямі, схільнасцю да полюсных вызначэнняў.
Пасля адыходу з жыцця пачынаюць ледзь не кананізаваць творцу, выдаюць успаміны – якія нібыта жыція святых, мітусяцца з помнікамі, музеямі, дошкамі памяці... І наадварот. Забываюць. Не выдаюць. Не згадваюць ці згадваюць зусім не адпаведна створанаму. Не спяшаюцца сабраць і выдаць спадчыну. Да гэтай пары так і не сабраная і не выдадзеная спадчына Уладзіміра Самойлы (Тое, што зроблена У. Конанам і А. Лісам – неацэнна важна, аднак яны толькі пазначылі арыенціры даследавання і пошукаў). А Самойла – літаратар і мысленнік еўрапейскага ўзроўню! Так і няма кніжнага варыянту поўнага спіса “ўспамінаў” А. Я. Багдановіча (друкаваліся ў часопісе “Нёман” у 1994 г.). А гэтыя мемуары маюць самадастатковую літаратурную, этнаграфічную, гістарычную важкасць, зусім незалежна ад таго, што Адам Ягоравіч Багдановіч быў бацькам Максіма Багдановіча. Так і застаўся адзіным кніжным выданнем мемуараў даўні кнігадрук, хутчэй – публікацыя фрагмента: “Страницы из жизни Горького” (Мн., 1965).
Увогуле ж – пасмяротная слава і пасмяротныя міфы і легенды – з’ява досыць стыхійная, не заўсёды пацверджаная рэальнымі фактамі творчасці. Як і няслава... Нездарма ў старажытным Рыме згадвалі: “Leonem mortuum etiam catuli mordent”. – “Мёртвага ільва кусаюць нават шчанюкі”.
Памятаю, чытала ўспаміны аднаго літаратара. Не буду згадваць прозвішча: ён нябожчык. Хаця І. Бунін на гэты конт меўся заўважыць: “Нябожчык? Што за чын такі?” Дык вось гэты беларускі літаратар, што пры жыцці аднаго чыноўнага нашага пісьменніка запабягаў перад ім – наўскапыта і “на полусогнутых”, раптам старанна папырскваў памыямі ў мемуарах, каб дагадзіць іншаму, яшчэ жывому, і таксама – “уплывоваму”.
А колькі бруду і падману давялося “змываць” пазнейшым даследчыкам з некралога Эдгару По, апублікаванага пад псеўданімам душапавернікам пісьменніка Руфусам У. Грысуолдам!
Як лёгка абкатаць, абваляць у гноі факцік – падаць яго, пахіхікваючы, з “самымі добрымі намерамі”! Часам гэта робяць тыя, хто лічыўся сябрамі. Пасля смерці. Пры жыцці... Як згадваў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін:
Уж эти мне друзья, друзья!
Об них недаром вспомнил я.
.................................................
А что? Да так. Я усыпляю
Пустые, черные мечты;
Я только в скобках замечаю,
Что нет презренной клеветы,
На чердаке вралем рожденной
И светской чернью ободренной,
Что нет нелепицы такой,
Ни эпиграммы площадной,
Которой бы ваш друг с улыбкой,
В кругу порядочных людей,
Без всякой злобы и затей,
Не повторил стократ ошибкой;
А впрочем, он за вас горой:
Он так вас любит... как родной!
Прыгадваліся гэтыя радкі з “Яўгена Анегіна”, калі чытала ўспаміны пра таго ж Пушкіна, Лермантава... Пра Андрэя Белага (Зінаіды Гіпіус). “Мёртвага ільва кусаюць нават шчанюкі”. Хаця і жывога... Уварваць, што ўдасца, паказытаць, кусануць, каб доўга не ачомаўся, – любы занятак...
...Джэка Лондана ашуквалі з усіх бакоў: ён даваў, прыяцелі бралі. Бралі і так, як газетчык Ноўл, якому пісьменнік аддаў права перарабіць “Марскога воўка” для экрана, а Ноўл перапрадаў іх. І Лондан, заключаючы кантракт на экранізацыю ўласнага твора, павінен быў выкупляць правы... І г.д.
А фільм Бунюэля і Сальвадора Далі “Андалузскі шчанюк”, у якім Далі ўчыніў расправу над даўнім сваім сябрам – Федэрыка Гарсіа Лоркам! Здзеклівы кпін – ужо ў самой назве: “андалузскімі шчанюкамі” называлі жыхароў паўднёвай Іспаніі, яно мела на ўвазе – недавярак, няўклюда, расцяпа. А сюррэалістычны мастакоўскі код (і ход) лёгка дэшыфраваўся людзьмі эстэтычна і жыццёва паінфармаванымі.
Аб прычынах гэтага эпілогу сяброўства можна здагадвацца, прачытаўшы ў аўтабіяграфічнай кнізе Далі: “Я стаў пазбягаць сустрэч з Лоркам і кампаніяй, якая ўсё больш відавочна рабілася яго кампаніяй. Гэта быў апагей яго ўплыву, якому ніхто не мог супрацьстаяць і, мабыць, тады, адноечы ў жыцці, мне давялося зведаць нешта падобнае на пакуты рэўнасці.” І яшчэ: “...здань Федэрыка Гарсіа Лоркі ахутала і ледзь не знішчыла прыродную самабытнасць маёй натуры”. І вось – “Андалузскі шчанюк”!
Уж эти мне друзья, друзья!
...Мемуары, біяграфічныя даследаванні, біяграфічныя аповесці, раманы, біяграфічныя дакументы і ігравыя фільмы – рэч датклівая і далікатная. Меру аб’ектыўнасці і мастакоўскай ісціннасці, праваты вызначыць вельмі няпроста. І досыць частыя – і так бы мовіць, свецкая кананізацыя, і слоўныя карціны-лубкі, ці, наадварот, збор усіх памыйных плётак, небыліц і бяссэнсіц... Або гэткая кухонна-побытавая аплікацыя, з банцікамі і фальбонкамі, міленькі-мізэрненькі, просталінейна-замілаваны, стэрэатыпна-дабрадзейны партрэцік – безумоўна, з лепшых намераў. Чытаеш – і не разумееш: няўжо гэты рассіроплены дзядзечка стварыў высокае, вечнае, сапраўднае?
Даследчыкі, біёграфы, белетрысты-біёграфы звычайна абапіра-юцца на першапачатковыя дакументы, успаміны – тыя ж самыя – блізкіх, сваякоў, сяброў... І калі весці гаворку пра “сямейныя” мемуары, дык мне асабіста найбольш прыгадваецца кніга цёткі А. Блока М.А. Бекетавай і “Дакументы да біяграфіі Барыса Пастарнака”, падрыхтаваныя, адабраныя, вытлумачаныя з глыбокім разуменнем творчасці паэта яго сынам – Яўгенам Пас-тарнакам. А таксама ўспаміны першай жонкі А. Купрына М. Купрыной-Іярданскай – “Гады маладосці”. Улічваючы няпростыя абставіны творчай і асабістай біяграфіі гэтых мастакоў, можна толькі з удзячнасцю схіліць голаў перад даследчыцкай і чалавечай (можа, і найбольш) вытанчанасцю, высакародствам і аб’ек-тыўнасцю гэтых людзей. Гэта асабліва кідаецца ў вочы сёння, калі ад поўнай заслоны і цемры таямніц ва ўсім, што датычыць асабістага (а ў многім, значыць, і творчага) жыцця асоб, перайшлі да такога кафэшантаннага падыходу да ўсяго і ўсіх – што нема маўчыш, гледзячы, напрыклад, на ксёнжачку з красамоўнай назвай: “Жанчыны Міхаіла Булгакава” – з партрэтам пісьменніка на вокладцы. Дзе яны выкапалі такі фотаздымак! Ну, які-небудзь вадэвільны прастачок: да амплуа нават каскаднага героя аніяк не дацягвае. І гэта – аўтар “Майстра і Маргарыты”, “Белай гвардыі”, “Пана дэ Мальера”! Чалавек, які ў пару татальнай пралетарызацыі і стандартызацыі быў узорам густу, гжэчнасці, вытанчанасці...
А вось даўні том альманаха “Праметэй”. З якой тактоўнасцю, якім густам ідзе гаворка пра муз А.С. Пушкіна... Якія, дарэчы, партрэты, малюнкі... Якая культура выдання... Узровень мыслення, узровень пачуццяў, складаны духоўны свет – што не паддаюцца прымітыўнаму раскладу.
Урэшце – у любога творцы матывы біяграфіі, рэальныя асобы, рэальныя факты – даюць штуршок натхненню, аднак мастак, менавіта ён, пераўтварае гэтыя факты ў “легенду вякоў” (А. Блок), легенду, суаднесеную са светам стыхій, зорак, камет, зместам стагоддзяў, прасветленым фаталізмам, ідэямі вечнымі і ідэямі часу...
Чтобы по бледным заревам искусства
Узнали жизни гибельный пожар!
(А. Блок)
Мабыць так?
Мая надзея, мой зялёны шчыт...
Дзю Белэ
Хаця сучаснае жыццё – сплаў, сутыкненне рэальнага і іррэальнага, рэальнага і віртуальнага... Інтэрнэт, касмічная сувязь, тэлебачанне, мабільная сувязь... Але і спрадвечны спадарожнік чалавецтва, якога нельга патлумачыць з пункту погляду нармальнай логікі, нармальнага мыслення, які пярэчыць самой натуры чалавека – войны...
Аднак духоўнае жыццё чалавецтва – не знікае... І з’яўляюцца матэрыялізаваныя пацверджанні плёну духа. “Культура – плённае існаванне” (Б. Пастарнак). І ад таго існавання ўзнікаюць творы, што даюць падставы згадаць думку Мікельанджэла Буанароцьці: “Beata l’alma, ove non corre tempo!”. – “Шчаслівая душа, што не падуладная бегу часу!”.
Не падуладная – аб’ектыўным, непасрэдным, самадастатковым існаваннем твораў мастацтва. І – суб’ектыўным, са-творчым успрыняццем гэтых твораў, жывой свядомасцю і актыўнай памяццю. Не падуладная бегу часу – натхнёнай творчасцю той “шчаслівай душы” і натхненнем “рэцыпіентаў”: чытачоў, гледачоў, слухачоў... Гарманічная суадноснасць, двухбаковы рэзананс, той чар, таямніца, якія даюць доўгае жыццё мастацтву (ars longa). Арыентуючыся не на актуаліі моманту (гэта асабліва выразна гучыць па-расейску – “злободневность”), а на каштоўнасці sub specie aeternitatis.
І згадаю тут двух мастакоў, двух творцаў – не ўзносячы іх на п’едэсталы, не штампуючы нейкія эстэтычныя ўзоры. Зыходзячы з блізкасці іх духоўнага складу, інтэлектаў, духоўнага чуцця. З пэўных дэфініцый, звязаных з антыноміямі асабістага перажывання, інтуітыўнымі спасціжэннямі, у нечым тоеснымі са спасціжэннем сакральных тэкстаў, з непасрэдным уяўленнем сутнасцяў Быцця. З тых суб’ектыўных уражанняў, што былі ў сляпой – ці прадвызначанай? – плыні часу – сугучныя нейкаму пачуццёваму стану твораў – са-творцаў, свядомаснай і падсвядомаснай сістэме адносін, узаемазалежнасці гармоніі і дысанансаў, логікі і алагізмаў...
І хаця тут размова пра канкрэтных асоб і – пра канкрэтную творчасць – усё гэта разам з тым: па-за прагматызмам падзейнай логікі, па-за прымітыўным тлумачэннем уздзеяння асобы і творчасці. У сферы – ідэі чыстай творчасці, у сферы – абсалюту, той вышыні, што недасягальная, але да якой імкнуцца паэты (у шырокім разуменні слова паэзія: ад старажытнагрэцкага: – poiesis: творчасць).
...Згадваецца гасцінны некалі дом сярод соснаў і цішыні – на Іслачы... Беларускі паэт з Польшчы запрашае слухачоў паслухаць з магнітафона спевы Данчыка (Багдана Андрусішына), на тую пару ў нас яшчэ амаль невядомага. І, мабыць, нешта ў эфекце гэтага голаса, нейкая высокая сутнасная форма, адгукаюцца ў свядомасці паэта, у значнасцях слоў яго пісьма. Паэта Яна Чыквіна.
Лодка і вёслы. Цвітуць берагі.
Пясочак сыплецца з жмені,
Як нашага побыту час дарагі.
...Шляхі Музыкі і Паэзіі перасякаюцца. Музыка і Паэзія прыпадабняюцца адна адной. Ні музыку, ні сапраўдную паэзію нельга пераказаць. “...музыкі нам недаступная ідэя”, – задумаецца Ян Чыквін. І пачне – ні больш, ні менш – “будоўлю... мараў”.
І хаця Ян Чыквін па складу свайму мысленнік і філосаф, а паводле афіцыйнага статуса: літаратуразнаўца, доктар навук, прафесар, выкладчык, – у пісьме ягоным, і ў непасрэдных кантактах з аўдыторыяй заўсёды адчуваецца ўсё ж менавіта гэтая вызначанасць яго натуры, яго існасці: паэт.
І калі непасрэдна вядзецца размова пра яго творчасць, і творчасць яго калег па літаб’яднанню “Белавежа” – у Беластоку, у Мінску ў Доме літаратара, у Доме дружбы, яшчэ на якой творчай імпрэзе – прысутнічае не толькі непасрэдны герой урачыстасці ці рабочай сустрэчы з яго непасрэдным выступленнем: тут магутная прысутнасць мноства творчых актаў паэта, яго творчых эмоцый, мноства форм і сутнасцяў.
І, здаецца, звычайны шэранькі восеньскі дзень – але ён змяшчае ў сабе і навальніцу ў Беластоку, і “неонавыя кастры” Варшавы, і “даспелае сонца”, што “да плячэй” паэта “туліцца”, і “сны залатыя” родных паэту Дубічаў... І “цвярозы холад пазнання”... І прадвызначаная гармонія гукаў, сэнсаў, зменнасцяў Быцця – адстароненыя мроі, адвольныя сістэмы, таемны ход імгненняў. Незвычайнае адчуванне жыцця, таямнічая матэрыя моўленага і невымаўленага, слоў і маўчання, і – моўных канструкцый, званых паэзіяй: усё нагадвае пра містычную бездань дадзенасцяў і пра яснасць і цэласнасць Знешняга Свету.
Можна браць непасрэдны ўдзел у такіх дзействах, можна не браць. Не ў тым сэнс. Часам, мне здаецца, не маючы падзейнага, слоўнага ўдзелу, не быўшы персанажам дзейства, можна адчуць і момант сустрэчы з Асобай, і той момант – стыхійны, падсвядомы – калі вы адчуваеце нараджэнне нейкага асобага свету, нават і больш ярка.
А свядомасць наша не проста ўспрымае, на якой сустрэчы моўленае пра Яна Чыквіна, яна – пад уплывам магнетызму яго тэкстаў, яго і нашых, чытацкіх, узлётаў думкі, гэтай высокай асабовай (личностной) свабоды і – адначасова – болю духа... Паўната быцця – і скептычная рэфлексія. Шматлікасць светасу-зіральных эмоцый – і самота: не тая, што – вакуум адзіноты, а – мройная адухоўленасць, згусткі духоўнай рэальнасці, згусткі сэнсу.
Дождж ідзе на маю галаву пахмурна-навесны,
Дождж-напамін пра хуткаплыннасць светлаблакітнай песні,
Дождж ідзе. На маю галаву. Дождж серабрыставалосы.
І сплывае як ласка і глыбейшыя сэнсы маўклівых нябёсаў.
“...сэнсы маўклівых нябёсаў...” Вы адчуваеце – метафізічная скандэнсаванасць, не праясненая падзейнай канкрэтыкай, містычная знакавасць, чар ідэі... Вымаўленасць і непрамоўленасць. Сплаў складанасці і дыстынктоўнасці... Мэтанакіраванасць абстрагаванай думкі...
І ведаю – верай – што раней не было мяне такога,
што Жыццём к жыццю пакліканы, пэўна, цалкам выпадкова
з ланцуга арганікі, невядома як доўгага.
...Жыццё...
у парыве таемным...
перацячэ праз усё вядома жывое і род чалавечы
і станецца формай, відавочна, яшчэ больш дзівосна-магічнай–
Але ўжо там, за тым мурам, адкуль ні Слова, ні Рух
нас не паклічуць.
Ян Чыквін разлічвае на індывідуальнае разуменне, пазбягае пустой бяссэнсіцы нястрымнага лірызму, апісальнасці, азадачвае наш розум, прапаноўвае нам суадносіны са свету ідэй.
Ян Чыквін вядзе асабісты маналог. Але нават там, дзе яго паэтычныя радкі відавочна маюць адрасата (ёсць і прысвячэнне: крыптанімам):
Жыві, жыві, прыгожае тварэнне!
Шчаслівай будзь ад дотыкаў Жыцця, –
ён у паэзіі сваёй перакідвае масток ад нібыта духоўнай выпадковасці да культуровых неаспрэчнасцяў, надаючы асобы сэнс рэальнаму, канкрэтнаму:
Жанчына,
што нечакана выйшла
з рамы вечнасці ў мой злічальны час,
была
Дзевятай сімфоніяй Бетховена
ін мінор.
Паэт наўмысна размывае зыходныя пункты, межы, лагічныя высновы. Не сцвярджае – але прапаноўвае. Памысліць. Выснаваць. Параўнаць.
Уладары часу...
перададуць нам аб’ектыўны вобраз
нашай рэчаіснасці –
І не паверым.
І ўнікнем таямніцы. І згадаем – разам з Янам Чыквіным – пра “густы мёд мудрасці” “старых паэтаў”.
І “мёд мудрасці” сучаснікаў. Алеся Разанава, напрыклад. З якім Яна Чыквіна звязваюць і блізкасць духоўная, і творчыя стасункі. А і ў чытацкай свядомасці яны – недзе паблізу. Не паводле сістэмы густаў, нават не паводле загадкі вечных духоўных каштоўнасцяў, а – у адпаведнасці з быційнай неабходнасцю.
“Мы ўцяклі: адзін са сваёй рэчаіснасці, другі – са сваёй, а ў часе ўцёкаў сустрэліся”. І “сустрэчу” гэтую адчувае кожны, хто адзначыў для сябе незвычайную трывучасць водгукаў прамоўленага Алесем Разанавым у свеце думкі.
Я маю – ўсё і не маю – ўсё.
..............................................
Сэрца сусвету б’ецца ўва мне.
Вось менавіта гэтае імкненне надаць мастацтву ўсеахопны сэнс, значэнне – калі не светабудовы, дык значэнне быційнае – і прыцягвае да творчасці і асобы паэта.
Жывы на зямлі, нашу ў сабе сваю
смерць і сваю неўміручасць,
і адкрываю жыццём зямлю,
і адкрываю смерцю нябёсы,
а неўміручасцю – што найвышэй за
ўсё,
а неўміручасцю – што найбліжэй за
ўсё,
а неўміручасцю – зоркі.
Пільнасць думкі, спроба звязаць – магчыма, паводле Кантава імператыва, неба над намі і закон унутры нас, можа, паводле Гегеля, дзейсную прыроду духа і абсалютную ідэю, ці вызнаць “чыстую духоўнасць”, калі “рэчаіснасць ёсць унутраны свет”, а сваё ўласнае “Я” самаадносіцца да свайго ж “Я”, паводле К’еркегора. Магчыма. Паводле нашага ўспрыняцця. Магчыма і тое, і другое, і трэцяе. Не ад эклектызму самасвядомасці – ад настойлівага імкнення да “квінтэсэнцыі існасці”.
І ў гэтым суб’ектыўным успрыняцці імкненні і шляхі Алеся Разанава перакрыжоўваюцца з памкненнямі іншых. Не аднадумцаў – о, не! – на такім узроўні творчасці нічога аднолькавага не бывае. (Увогуле – сумнавата, калі людзі аднолькава, стэрэатыпна мысляць). Размова – пра судачыненні свядомасцяў, блізкасць успрымання светапарадку. Урэшце – пра тую магію духоўную, калі творчасць аднаго чалавека набывае ва ўспрыманні другога асобую каштоўнасць, пераўтвараецца, вызнае новыя сэнсы.
Так было заўгодна Провіду, – што чыста падзейна, храналагічна – і мой шлях (жыццёвы) перакрыжаваўся са шляхам Алеся Разанава. Аднак пазначыць, што мы працавалі ў адной рэдакцыі або ведалі адно аднаго як рэдактар і аўтар (ролі мяняліся) – не сказаць нічога.
Храналагічна гэта быў той час, калі, з аднаго боку, творчасць Алеся Разанава пэўная частка (калі не большасць) беларускага літаратурнага атачэння ўспрымалі вельмі складана, часам – варожа, а з другога боку – створанае ім пераходзіла ад аднаго да другога, нібыта аб’ядноўвала яго прыхільнікаў, як у старажытнасці аб’ядноўваў пасвечаных абмен пласцінамі кувезнага (чеканного) золата.
Памятаю вечарыну ў Доме мастацтваў (што каля касцёла Святога Роха) і поўную залу вось тых самых прыхільнікаў: мастакоў, навукоўцаў, людзей розных літаратурных і нелітаратурных прафесій. І – двух апанентаў Алеся Разанава, побач з ім, на сцэне: літаратуразнаўцы, што спецыялізаваліся на вывучэнні паэзіі. І хаця Алесь Разанаў – паэт зусім не для вялікай аўдыторыі і ўжо цалкам не эстрадны, але гэта быў той самы выпадак, калі сабраліся “пасвечаныя”, калі творчасць паэта абуджала ў кожным сваё і набывала ў іншых тую самую асобую каштоўнасць.
У непасрэдных стасунках з людзьмі Алесь Разанаў адыгрываў вялікую ролю самім актам свайго быцця, сваёй духоўнай прысутнасцю. Хаця маюць значэнне і непасрэдныя, і дзелавыя кантакты. І такія прасветленыя моманты, як той, калі Алесь Разанаў паказваў нам у рэдакцыі здымкі: ён са сваёй па-ранішняму маладой жонкай Галінай. (Не стэрэатыпныя фота “на памяць”, а паэтычныя выявы – яны ўдвух на лугавіне, нібыта ўвабраўшы ў сябе хараство ўсяго бачнага свету).
Калі твая будучыня
сумесціцца з будучыняю сусвету –
усе словы дарэчы,
усе ўчынкі да месца,
усе стрэлы ляцяць у цэль.
І, мабыць, гэтае маё “хаця” недарэчы. Усе моманты жыцця, існавання ў часе – гэта і патаемныя трансфармацыі Быцця, духоўныя зрухі, нематэрыяльныя акты рэчаіснасці. І творчасць – чужая – становіцца часткай духоўнага існавання іншага чалавека. Дзіўная, складаная радасць, прасякнутая тугой і сумнівам. Часам – дзейсная, штуршок для ўласнага дзеяння, часам – рассяроджаная ў бясконцых пытаннях. Да суб’екта творчасці. Да жыцця. Да...
Творчасць Алеся Разанава вызначылася мноствам кніг, пункцірамі Быцця, у якіх – і прэзентацыі новастворанага, толькі што выдадзенага.
Скончыўся дождж.
Цякуць
адкінутыя адлюстраванні.
І зноў – “натхненне” чытача, слухача. Не просценькі захліп – ах! – а складаны, няўлоўны працэс, калі адбываецца нейкая трансфармацыя, свядомая і стыхійная, ад слоў вымаўленых і ад фраз, словаў схаваных, непраяўленых – калі слова значыць куды больш, як яго моўная функцыя. Калі стыхійныя, унутраныя рытмы творцы супадаюць, сутыкаюцца, перакрыжоўваюцца – з рытмамі чытачоў. Усё захоплена, насычана ўтварэннямі Свету – тоеснасцяў, аналогіяў, суадносін нейкай жыццёвай і мастацкай сістэмы, нейкіх вобразаў, што існуюць у гэтай духоўнай сферы. Канцэнтрацыя пачуццяў, духоўная сітуацыя, поўная няўлоўна-мройных уражанняў, самавыяўленняў душ – і адасабленне, маўклівая абарона кожнага ўласнага “Я”, стынь неўвасобленага, абпаленасць паўсядзённай эмпірыкай. І – адчуванне ўзнятасці на вышыню паэта. І – боязь згубіць гэтую вышыню ў сабе. І – адчуванне духоўнай рэальнасці, якая адпавядае “суверэннай асобе”.
І вось што важна і заканамерна – Алесь Разанаў ніколі не спрабуе падладжвацца пад нечыя густы – не мае на мэце нікога “выхоўваць”, клікаць (не кажу пра кан’юнктурнасць, мімікрыю, злабадзённасць), аднак з пэўнага часу беларуская маладая літаратура так ці інакш знаходзіцца ў свядомасным полі паэта, яго літаратурнага вопыту (побач з пільным углядваннем і творчым засваеннем створанага сусветнай культурай).
Канкрэтна на гэтым пытанні засяроджвацца не буду, а вярнуся да той умоўна-эстэтычнай ноты, да таго асобага свету сутнасцяў і сутнасных аналогій, да “вызначанасці быцця”, што “насычана не адчуваннем або шматграннай матэрыяй..., а духам і ведае сябе як усю ісціну і сапраўднасць” (Гегель).
І вяртаючыся да таго, Мікельанджэлавага, “beata l’alma...”: “Шчаслівая душа, не падуладная бегу часу”, да “ўнутранай сутнасці” індывідуума і да таго, што звычайна гэта “не абыякавая адзінкавасць індывідуума, але нешта субстанцыяльнае, сапраўды ўсеагульнае” (Гегель), пазначыць, што менавіта таму і ўзнік гэты допіс. Як разважанне... Пра творчасць і творцаў... Пра сувязь падзейнага і сутнаснага... Пра вечную таямніцу таленту. Незалежнага ад падзейнай эмпірыкі. І залежнага. Ад сітуацый. Ад дзеянняў канкрэтных асоб. Ад рэалій часу. Ад складу абставін. Ад верагодных і неверагодных спружын рэчаіснасці. Ад таямнічых рухаў падсвядомасці творцы. І – незалежнага: у галоўным. У створаным. Дзе набываюць галоўную значнасць – “сэнсы маўклівых нябёсаў”. У сваёй неадменнасці.