|
Агульныя стылёва-эстэтычныя асаблівасці беларускай літаратуры ў Польшчы
Галіна Тварановіч
Беласток
Мастацкі твор з’яўляецца вынікам трансфармацыі, увасаблення цэлай сумы разнастайных фактараў. І ці не вызначальнае месца сярод іх займаюць лёс творцы, яго атачэнне, гістарычная эпоха, адным словам, плынь жыцця. Уваходзіць яно на старонкі тэкстаў то няўлоўным падтэкстам, неспадзяванкай для аўтара, то зададзенай мэтаю, своеасаблівым вызваленнем душы... Нездарма аксіёмаю ўспрымаецца выраз: “Стыль – гэта чалавек”, чалавек з усімі яго асаблівасцямі, праблемамі. Між тым, ужо трэцяе стагоддзе зацікаўленыя асобы імкнуцца канкрэтызаваць, чым жа ўрэшце ёсць гэта шматфункцыянальная літаратуразнаўчая катэгорыя.
І, мабыць, кожны даследчык пагаджаецца з тым, што ў шырокім сэнсе стыль – скразны прынцып пабудовы мастацкай формы, які надае твору адчувальную цэласнасць, адзіны тон і каларыт. Падкрэслім, прынцып, абумоўлены найперш асаблівасцямі творчай індывідуальнасці.
З другога боку, стыль – сама ўстойлівая цэласнасць, эстэтычная еднасць усіх бакоў і элементаў твора. І таму выяўляецца ён у любым фрагменце тэксту – адбітак цэлага нясе кожная тэкставая кропка.
Стылёва-эстэтычныя асаблівасці творчасці пісьменнікаў Польшчы, у прыватнасці, сяброў літаратурнага аб’яднання “Белавежа” разглядаюцца, даследуюцца ад 1959 года, калі ў Мінску, Маскве, Варшаве, Беластоку з’явіліся рэцэнзіі-водгукі на выхад першага паэтычнага зборніка “белавежцаў” Рунь. Да гэтага часу склалася ладная крытычна-літаратуразнаўчая бібліятэчка. Спрычыніліся да яе ўзнікнення па першым часе найбольш актыўна ў Польшчы. Пісалі пра “белавежцаў” Фларыян Няўважны, Эльжбета Феліксяк, Мар’ян Юркоўскі, Вальдэмар Смашч і інш. Урэшце, пяць гадоў таму Тэрэса Занеўская абараніла доктарскую дысертацыю, габілітавалася па творчасці беларускіх паэтаў Польшчы. Тэмай кандыдацкай дысертацыі Бэаты Сівэк з Любліна таксама стала беларуская паэзія Польшчы. Нельга абмінуць і літаратуразнаўча-крытычны наробак самых “белавежцаў” – шматлікія артыкулы, прадмовы, рэцэнзіі. Асаблівае ж месца займае тут кніга Яна Чыквіна Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа (Беласток 1997).
У Беларусі, як ні парадаксальна, асэнсаванне мастацка-эстэтычнага набытку “Белавежы” пачалося пазней. Досыць доўга інтэнсіўны літаратурны працэс на Беласточчыне быў як бы па-за ўвагай крытычнай думкі метраполіі. Можна гаварыць пра спарадычныя водгукі на асобныя кнігі. Цікавасць да “Белавежы” актывізавалася на пераломе 80—90-х гадоў. З рэцэнзіямі, творчымі партрэтамі, агляднымі артыкуламі, разнастайнымі рэфлексіямі выступілі ў друку Уладзімір Калеснік, Уладзімір Конан, Уладзімір Гніламёдаў, Ала Сямёнава, Міхась Тычына, Алесь Разанаў, Пятро Васючэнка, Людміла Зарэмба, Галіна Тычка, Вольга Шынкарэнка і інш. Творчую індывідуальнасць Яна Чыквіна разгледзеў у кандыдацкай дысертацыі, абароненай у Інстытуце літаратуры НАН Беларусі, Анатоль Раманчук. Не абыдзена ўвагаю творчасць “белавежцаў” і ў Англіі, Германіі, Аўстрыі. Узгадаем тут Шырын Акінэр, Арнольда Макміліна, Фердынанда Нойрайтэра, Норберта Рандава. Пра найбольш прызнаных пісьменнікаў “Белавежы” можна прачытаць у англа- і нямецкамоўнай гісторыі беларускай літаратуры, а таксама у прэстыжных энцыклапедыях і даведніках беларускіх, польскіх і заходнееўрапейскіх. Трэба, аднак, падкрэсліць, што на цяперашні час адбылося пераразмеркаванне зацікаўленасці “белавежцамі” – лідзіруе тут зараз айчыннае беларускае літаратуразнаўства. Яскравы прыклад таму – раздзел пра творчасць беларускіх пісьменнікаў Польшчы, уключаны ў 4-хтомнае акадэмічнае выданне Гісторыі беларускай літаратуры. Аўтарам яго з’яўляецца У. Гніламёдаў.
Англійская даследчыца Шырын Акінэр, зацікавіўшыся ў другой палове 70-х гадоў творчасцю беларускіх пісьменнікаў Польшчы, акрэсліла іх мастакоўскі набытак як літаратуру рэдкай разнастайнасці ды шчырага натхнення. Маючы на мэце аналіз найперш эстэтычнай матэрыі, Ш. Акінэр звярнула пры тым увагу і на сацыялагічнае значэнне існавання “Белавежы”. Сапраўды, дзейнасць гэтай арганізацыі выразна пацвярджае адну з менавіта беларускіх гістарычных заканамернасцей, ці не самую вызначальную, лёсаносную – і загадкава невытлумачальную. У прыватнасці, Ш. Акінэр канстатавала: ”Факт, што гэты народ так доўга захоўвае пачуццё сваёй нацыянальнай асаблівасці мяжуе з цудам”1.
Прыгожае ж пісьменства традыцыйна ва ўсіх усходніх славян, а ў беларусаў, мабыць, асабліва, заўсёды было больш, чым мастацкім словам – было самою праўдаю, якая прасвятляе, збірае ў агульны хлебадайны сноп слабое паасобку калоссе, абуджае нават са змушанага сну-летаргіі, урэшце, адстойвае святое права народа спавядаць сваю ўласную, непаўторную сутнасць. І не будзе перабольшаннем сказаць, што спакон веку літаратура заангажавана развіццём менавіта нацыянальных асаблівасцей і адначасова імі ж узмацняецца. Сам жа прарыў чалавечага духу да сцвярджэння найвышэйшых маральна-этычных каштоўнасцей, існага ў чалавечай прыродзе адбываецца якраз на лакальнай прасторы глыбока нацыянальнага, дзе агульначалавечае, па словах Томаса Мана, выяўляецца “значна дакладней, чым калі б інтэрнацыяналізм быў для нас прадузятай праграмай”.
Неаспрэчным фактам з’яўляецца і тое, што беларускае мастацкае слова – выказана яно ў Беларусі, прагаворвае з-за акіяна ці з-за блізкай мяжы – выяўляе нацыянальныя лёс, шлях, характар. Ёсць агульны літаратурны працэс, ёсць адна беларуская літаратура. І слушна падкрэслівае Ігар Жук, разглядаючы літаратурна-культурную сітуацыю беларуска-польскага памежжа, што яна “толькі акцэнтуе і ўзбуйняе агульныя працэсы, якія існуюць у беларускай культуры ў прыглушаным стане.
Бо культура мае гіганцкую генетычную памяць, нашмат даўжэйшую ад той, што была пракрэслена пазногцем Сталіна. Бо культура ёсць выява ментальнасці. А яна фарміруецца не ў адзін дзень. Гэта значыць, што больш правамерна гаварыць не пра феномен памежнай культуры, а пра асаблівасці функцыянавання беларускай культуры ва ўмовах памежных слупоў”2.
Здаецца, узнікненне беларускага літаратурнага аб’яднання ў Польшчы сталася як бы нечаканасцю ў метраполіі. Досыць доўгі час найбольш шчыльнымі і агрэсіўнымі “памежнымі слупамі” ва ўспрыняцці “Белавежы” былі ідэалагічныя ўстаноўкі, стэрэатыпы мыслення. Не прымаўся пад увагу той факт, што “белавежцы”, у адрозненне, напрыклад, ад пісьменнікаў-эмігрантаў, жывуць на радзіме, аўтахтоны на спаконнай бацькоўскай зямлі. Між тым хочацца спаслацца тут на Беластоцкі сшытак Масея Сяднёва, які напрыканцы апошняй сусветнай вайны амаль год правёў на Беласточчыне, працаваў карэктарам у газеце “Новая дарога” (рэдактар Хв. Ільяшэвіч). Па яго словах, менавіта “ў Беласточчыне я адчуў жывую Беларусь. Гатовы быў прызнаць яе маёй другой радзімай. (...) Прыехаўшы з русіфікаванай Усходняй Беларусі, я пачуў у Беласточчыне сапраўдную беларускую мову (...)3. Сам М. Сяднёў стаў на той час “беластоцкім паэтам”, вершы якога вучылі на памяць вучні ў беларускіх школах, а тадышняе беларускае школьніцтва ахоплівала ўсю Беласточчыну. “Досыць было пабываць толькі на настаўніцкім з’ездзе або курсах па падрыхтоўцы настаўнікаў, каб вас ахапіла адчуванне беларускага духу”4, – сцвярджаў М. Сяднёў. Гэтае адраджэнне беларускай школы, уздым беларускасці паэт называе “нечым накшталт маленькага, кароткага рэнесансіку”.
І відавочна, што беларусы, самая шматлікая нацыянальная меншасць гэтай краіны, былі падрыхтаваны да таго, каб выкарыстаць спрыяльныя варункі ў Польшчы сярэдзіны ХХ стагоддзя. У лютым 1956 года было арганізавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), пачаў выдавацца штотыднёвік “Ніва”. “Сёння на Беласточчыне, – адзначалася ў першым выпуску Беларускага календара, – налічваецца 57 пачатковых беларускіх школ. У 111 школах беларуская мова вывучаецца як прадмет. Ёсць 2 агульнаадукацыйныя ліцэі (у Гайнаўцы і ў Бельску), якія рыхтуюць кадры беларускай інтэлігенцыі”5.
У гэтых адпаведных для развіцця нацыянальнай свядомасці ўмовах шырока запатрабаванаю аказалася і народная, і прафесійная творчасць. Відавочна, узнікненне ў 1958 годзе беларускага літаратурнага аб’яднання сталася фактам натуральным і своечасовым. Першым старшынёй яго быў абраны Георгій Валкавыцкі, заснавальнік і рэдактар “Нівы”. Ужо ў 1959 годзе адбылася, можна сказаць, творчая справаздача сяброў аб’яднання: пабачыў свет паэтычны зборнік Рунь. Падкрэслім, гэта была ўвогуле першая паэтычная кніга на пасляваеннай Беласточчыне. Амаль усе 17 аўтараў яе – настаўнікі, вучні, студэнты, сяляне... – незадоўга дэбютавалі на старонках “Нівы” і зборнік склалі вершы, напісаныя пераважна не раней 1956 года.. “Ніўскі” рэцензент вызначыў сутнасныя параметры кнігі як “паэзію кахання і тугі”.
Пачатак абнадзейваў, больш таго, цяпер, азіраючы пройдзены “Белавежаю” шлях, можна сказаць, што выразна сведчыў ён пра чарговую хвалю беларускага культурна-літаратурнага адраджэння на Беласточчыне.
Так, выспаю ўздымаецца над айчыннымі гістарычнымі даляглядамі “залаты век” беларусчыны – ХУІ стагоддзе, першае беларускае Адраджэнне, насычанае слаўнымі імёнамі, з’явамі: Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, тры рэдакцыі Статуту Вялікага княства Літоўскага на старабеларускай мове... І спадчынаю неабмінальнаю тут – Заблудаў, Супрасль. Зразумела, культурна-духоўная, асветніцкая традыцыя на Беласточчыне ніколі не занікала, неўміручай паходняй перадавалася ад пакалення да пакалення. Жыццёвая сіла, укладзеная ў этнічны ген беларусчыны яскрава заявіла пра сябе і ў неспрыяльную ваенную пару, сведкам чаго стаў і М. Сяднёў. Відаць, тагачаснае адраджэнне беларускай школы таксама ў значнай ступені спрычынілася да абуджэння патрэбы самавыяўлення, здзяйснення ў мастацкім слове цэлага шэрагу асоб.
У аўтабіяграфічных Вірах Г. Валкавыцкі згадвае пра пошукі ім назвы беларускай газеты. Пераглядаліся і адкідаліся розныя варыянты і ўрэшце: ” Ужо амаль адчуў дотык працягнутай з гісторыі рукі, таксама “адзінай” віленскай “Нашай нівы”6. Свядомая арыентацыя на адраджэнскую газету пачатку ХХ стагоддзя аказалася цалкам апраўданай. У адпаведнасці з іншымі сацыяльна-палітычнымі ўмовамі, праблемамі працягваліся традыцыі другога беларускага Адраджэння. Адначасова сігналізавала ў творчасці “белавежцаў” аб сабе і трэцяя, на жаль, кароткая пара агульнабеларускага культурна-літаратурнага Рэнесансу, што прыйшоўся на другую палову 80 – першую 90-х гадоў. Між тым хочацца ўзгадаць тут заўвагу У. Калесніка, што “Белавежа” адносінамі між сябрамі аб’яднання нагадвае яму “нашаніўскае” згуртаванне7.
“Літаратурная старонка” “Нівы”, вакол якой групаваліся “белавежцы” каля 40 гадоў, выразна маніфестуе вельмі розныя арыентацыі пісьменнікаў, іх пераконанні, ідэалы, схільнасць да розных паэтык – ад зададзенасці і нарматыўнасці сацыялістычнага рэалізму, патрыятычнай рыторыкі, вершаў на выпадак і псеўдадэкларацый, палітычна заангажаванай публіцыстыкі – да крайне індывідуалістычных пазіцый і эксперыментальных паэтычных выказванняў, стыхійнай моўнай экспрэсіі, адмаўлення рэчаіснасці8.
Гэтае дынамічнае суіснаванне ў адным часе розных стыляў, паэтык сведчыць аб своеасаблівай паскоранасці, тыпалагічнай агульнасці, заканамернасці развіцця беларускай літаратуры. На пачатку 60-х гадоў актуальным для “белавежцаў” было заявіць Я – беларус (верш Віктара Шведа), садзейнічаць абуджэнню нацыянальнай тоеснасці, выхаванню чытацкай аўдыторыі. Уласна, у паменшаным маштабе вырашаліся тыя ж мэты, што стаялі перад вялікімі “нашаніўцамі”. Праходзіўся і “паўтарыцельны курс” (М. Багдановіч) авалодання зместавымі і формнымі рэаліямі, вопытам, напрацаваным класікай.
Эстэтычна-стылёвая размаітасць творчасці “белавежцаў”, што захапіла Ш. Акінэр, трэба сказаць, усё ж вельмі стрымана ўспрымалася ў Беларусі досыць працяглы час. Перавага аддавалася творам традыцыйнага характару ды хутчэй паслядоўнікам Янкі Купалы, а не Максіма Багдановіча. Сведчыць пра гэта і кніга Літаратурная Беласточчына (укл. Г. Валкавыцкага, прадмова У. Казбярука9), што пабачыла свет у Мінску ў 1975 годзе. Тэматыка творчасці “белавежцаў” звужалася ў яе прадмове да адлюстравання жыцця працоўнага народа, абуджэння да актыўнай грамадскай дзейнасці, паўсядзённага змагання з перажыткамі мінулага ў свядомасці людзей і г.д.10 На жаль, грамадска-палітычны час не спрыяў усебаковаму прачытанню творчасці “белавежцаў”. Закладзена было ў ёй “штосьці” такое, што пагражала ўзаконеным поглядам, не ўпісвалася ў агульную панараму тагачаснага прыгожага пісьменства Беларусі.
У нядаўнюю пару трэцяга беларускага Рэнесансу гэтая канфліктная сітуацыя была адпаведна расчытана вядомымі даследчыкамі. “Гуманітарныя прафесіі перасталі цаніцца, сталі небяспечнымі ў БССР яшчэ з пачатку 30-х гадоў. Лёсы беларускай культуры ў БССР і на Беласточчыне былі неаднолькавымі, – пісаў у адным са сваіх апошніх артыкулаў У. Калеснік. – У постсталінскі час беларускі этнас на Беласточчыне ў нацыянальнай культуратворчасці быў значна вальнейшым, чым у Беларусі, дзе гучнагалоса апявалася дружба народаў і прадказвалася зліццё нацый. Таму ў беларусаў Беласточчыны большы зарад нацыянальнай годнасці, шырэй далягляды ў гуманітарнай інтэлігенцыі, больш творчай свабоды ў пісьменнікаў”11.
На тое, што ў паэзіі, напрыклад, Яна Чыквіна няма альбо зусім мала твораў на сацыяльна-палітычную і патрыятычную тэму звяртае ўвагу ў артыкуле “Быццё і час у люстэрку паэзіі” У. Конан. Паэтычныя набыткі сярэдняга і маладзейшага пакаленняў “Белавежы”, на думку крытыка, кантрастуюць з беларускай савецкай паэзіяй 50–-80-х гадоў. “Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова параўнаць Чыквінаў Неспакой з кніжкай вершаў Неспакой (1961) Ніла Гілевіча. Нашыя калегі з Беласточчыны, відаць, бліжэй да сучасных нормаў еўрапейскай літаратурнай эстэтыкі, паводле якіх – паэзія – для паэзіі, а палітыка – для палітыкаў”12.
Гэтае назіранне пацвярджае высновы, зробленыя за паўтара дзесятка гадоў Ш. Акінэр, якая пісала, што ў процівагу да сваіх савецкіх сучаснікаў “польскія беларусы”: ”праяўляюць больш адкрытасці і цікавасці да новых форм і мастацкай тэхнікі, што спрыяе развіццю індывідуальнага выказвання, замест аблытваць сабе рукі прызнанымі тэорыямі ды абавязковымі ўстаноўкамі”13.
У апошнія паўтары дзесяцігоддзя стварыліся магчымасці для своеасаблівага выраўнівання рэалізацыі творчых патэнцый. Прынамсі, зніклі многія “памежныя слупы” ў чалавечай свядомасці. Хоць не забавілі ўзнікнуць і новыя... Беларусь чарговым разам увайшла ў напятую, драматычную для нацыянальнай культуры, мастацтва пару. І вось у 2000 годзе ў мінскім выдавецтве “Беларускі кнігазбор” пабачыў свет салідны том Беларускія пісьменнікі Польшчы, дзе прадстаўлены творы 18 “белавежцаў”. Творчасць многіх з іх чытачу ў Беларусі, зразумела, была ўжо вядомая па ўзгаданай тут Літаратурнай Беласточчыне, часопісных публікацыях, аўтарскіх кнігах. Гэтым разам адбылася, аднак, прэзентацыя “Белавежы” як літаратурнага аб’яднання на новым узроўні. Ужо адзначалася, што папярэднічала ёй шматбаковае асэнсаванне феномена “Белавежы” літаратуразнаўча-крытычнай думкай Беларусі. І думаецца, невыпадкова супала гэтае асэнсаванне з трэцім беларускім Адраджэннем. Стылёва-эстэтычныя пошукі беларускай літаратуры ў Польшчы аказаліся запатрабаванымі, у значнай ступені адпаведнымі задачам, якія паўсталі на новым этапе развіцця перад нацыянальнай літаратурай.
1 Shirin A k i n e r, Suczasnyja biełaruskija piśmienniki u Polszczy, Biełastok 1982, s. 3.
2 Ігар Ж у к, “Мацерыковыя” і “фонавыя” фактары ў літаратурна-культурнай сітуацыі беларускага памежжа, (у) На шляху да праўды. Acta Albaruthenica 2, Мінск 2001, с. 112.
3 Масей С я д н ё ў, Масеева кніга, Мінск 1994, с. 282.
4 Там жа, с. 280.
5 Беларускі каляндар, Беласток 1957, с. 53.
6 Георгій В а л к а в ы ц к і, Віры. Нататкі рэдактара, Беласток 1991, с. 13.
7 Владимир К о л е с н и к, Близость дальнего, «Неман» 1994, № 11, с. 57.
8 Гл. Jan C z y k w i n, Kości zostały rzucone (Białoruska literatura Polski drugiej połowy XX w.), „Przegląd Humanistyczny” 2000, № 5, s. 130.
9 Цікавае ўдакладненне да гісторыі выхаду Літаратурнай Беласточчыны (у кнізе няма імя ўкладальніка) зрабіў пасля канферэнцыі Георгій Валкавыцкі. У лісце ад 12.06.2003 да аўтара гэтага артыкула ён піша: “Восенню 1967 г., вяртаючыся з Масквы (наведваў літінстытут), спыніўся я ў Мінску. Тут і сустрэўся з Алесем Бажко, тады галоўным рэдактарам мінскага выдавецтва. Ён і прапанаваў мне скласці зборнік “белавежцаў”. “Калі паспееш да новага года, уключым у бягучы план”, – сказаў. Бажко прапанаваў мне напісаць і ўступ. А за ганарар меў я ў добрай кампаніі пахадзіць па Беларусі (была такая мода). Таму я з-за “лішняй” сціпласці не даў у зборнік сваіх вершаў. Заказ выканаў па дамоўленасці. І ўзгодніў змест з аўтарамі. Аднак план ажыццяўляўся доўга (тадышняя норма – 5 год). У міжчасе Бажко змяніў месца працы. Я ў Мінск не заглядаў. Часта ездзіў туды Барскі. Відаць ён і “пацікаваіўся” выданнем. Яно выйшла з новымі вершамі Барскага. Не тымі, якія былі выбраныя мною. Відаць, ён і прапанаваў Казберуку напісаць уступ. Усё іншае выйшла без змен. Жалю на нікога я не насіў”.
10 Уладзімір К а з б я р у к, Песні Белавежы, (у) Літаратурная Беласточчына. Вершы і апавяданні, Мінск 1973, с. 3 – 6.
11 Владимир К о л е с н и к, Близость дальнего, с. 56.
12 Уладзімір К о н а н, Быццё і час у люстэрку паэзіі (Нататкі пра творчасць Яна Чыквіна), (у) Сляза пякучая Айчыны. Творчы партрэт Яна Чыквіна, Беласток 2000, с. 54.
13 Shirin A k i n e r, Suczasnyja biełaruskija piśmienniki u Polszczy, s. 8.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|