БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 7 / 2003 г.

Праўда жыцця, ці Спраўджанае жыццё

Вольга Шынкарэнка
Гомель

У адной з кароткіх антыўтопій кнігі Алега Мінкіна “Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў” будучы народны пісьменнік Цьвінтарэй, папярэдняй прафесіяй якога было кантаванне бочак у шынку “Грукат сэрца”, спрабуе дабіцца ў іншаземнага мастака Шампанскага, што ў гэты самы час стварае чарговы шэдэўр у выглядзе качана капусты, адказу на пытанне адносна сутнасці фантастыкі. І той з належнай моманту ўрачыстасцю прамаўляе: “Фантастыка? Гэта калі пішуць пра тое, што ў сапраўднасьці не йснуе…” [1, 95]. А праз нейкі час дадае: “Або, найчасьцей, фантастыка – гэта калі ня ўмеюць пісаць пра тое, што ёсьць у сапраўднасьці” [1, 95].

Калі пакінуць па-за ўвагай сэнсава-стылёвую алегарычнасць мастацкага тэксту А. Мінкіна і адштурхоўвацца толькі ад прамога значэння прыведзеных цытат, то адпаведна паслядоўнасці іх падачы можна зрабіць наступныя вывады-характарыстыкі аб творчай манеры беластоцкага журналіста, паэта, празаіка, “літаратурнага работніка”, як пра тое сведчыць запіс у дыпломе, Георгія Валкавыцкага (1923). Па-першае, аўтар, які “ў дзіцячых летуценнях увесь свет скалясіў і, мабыць, не толькі дзеля адкрывання таямнічых выспаў” [2, 5], якога ў вайну “да пяра пацягнула з нуды” [2, 6], а пасля яе – па душэўнай патрэбе “пісаць успаміны і вершы” [2, 6], усё, што магло б спрыяць прасоўванню беларускай справы, – не фантаст. Ён не піша “пра тое, што ў сапраўднасьці не йснуе”. Па-другое, калі трымацца катэгарыяльнасці Шампанскага, Г. Валкавыцкі – двойчы не фантаст. Пісьменнік не адносіцца да ліку тых, хто не ўмее “пісаць пра тое, што ёсьць у сапраўднасьці”. І ўсё ж асмелімся сцвярджаць, што ў светапоглядзе і творчасці гэтага аўтара шмат незвычайнага і містычнага, пачынаючы з касмічных сноў, зайздроснай здольнасці хуткага пераўвасаблення “Я” апавядальніка і гэткага ж умення яго і суразмоўцаў уваходзіць у іншыя вымярэнні. Пісьменніку і яго героям уласцівы летуценнасць, палёт мараў, перакананасць у тым, што “рэальнасць – у фантастыцы” [3, 172], а “час у саркафагу прасторы” [3, 172].

Але нельга не заўважыць, і пра гэта асабліва яскрава сведчаць нататкі “Віры” (1991), што найчасцей з неверагодным – “фантастыка ў чыстым выглядзе” [2, 88] – Г. Валкавыцкаму даводзілася сустракацца ў паўсядзённай працы. Скажам, тады, калі раптам з аддзела прапаганды “нагадвалі” тэрмінова падрыхтаваць даклад аб Інданезіі ці “давяралі” выкананне яшчэ якіх-небудзь абсурдных даручэнняў у форме ультыматумаў, непрыхаваных пагроз, калі адкрывалася “мімікрыя Задрыпоніі”. У запісах за 1985 г. аўтарам занатавана набалелае за шматгадовую працу дзякуючы “апецы” вялікіх і малых прыроджаных начальнікаў, тых псеўдарупліўцаў нацыянальнай справы, што ўсе пытанні звыкла вырашалі адным загадным росчыркам пяра. Вось чаму знешняя двухсэнсоўнасць наступнай рэплікі пісьменніка – “Беларус, чым далей ад Беластока, тым большы фантаст” [2, 175] – у кантэксце “Віроў” прачытваецца адназначна.

Так ужо выйшла, і не без намаганняў самога героя звязаць свой лёс з радзімай, што Г. Валкавыцкаму, якога вабілі многія пачыны-дарогі, літара-турныя далягляды, шматстайныя радасці свету, давялося на працягу ўсяго жыцця займацца праблемамі беларушчыны. У тым ліку стварэннем БГКТ, літаратурнага аб’яднання, тыднёвіка “Ніва”, мастацкіх калектываў, адшукваннем талентаў. І гэта тады, калі маці заўжды з асцярогаю папярэджвала: “На беларускай справе яшчэ ніхто добра не выйшаў” [2, 41].

Дарэчы, датавана-дзённікавая структурная арганізацыя нататкаў не перашкодзіла аўтару звярнуцца да думкі-навукі самага роднага ды яшчэ і празорлівага чалавека і ў канцы кнігі, бліжэй да фінала. Такі прыём архітэктонікі забяспечыў кампазіцыі твора фармальную кальцавую завершанасць, а з другога боку – выразна пазначыў адкрытасць, нявырашанасць набалелай праблемы для Беласточчыны.

З цягам часу тут нічога не змянілася. “Беларусь? Выдумка! Праваслаўныя – так, “тутэйшыя” – так. А мова? “Простая” [2, 173]. Не дзіва, што так хутка адвучылі рэдактара “Нівы” пісаць вершы. Невыпадкова так моцна агортвалі яго душу адчай і разгубленасць перад кампаніямі абвінавачванняў, вышукаў “шкоднай гнілаты”, аблівання памыямі, бездапаможнасць перад атакамі на таварыства, газету, сумленных людзей, сябе. Між тым “горшага пачуцця, як бездапаможнасць, – няма” [2, 77].

На шчасце, жыццё кожнага з нас безаглядна шчодрае на самыя розныя фарбы і эмоцыі. Багатая на адценні палітра ўражанняў, шырокі дыяпазон іх у аўтабіяграфічнай прозе Г. Валкавыцкага сцвярджаюць гэтую ісціну яшчэ раз. Выяўленыя пераважна ў дзённікавым і эсэістычным жанрах, што надзвычай плённа прадэманстравалі свае зместава-фармальныя і мастацкія магчымасці ва ўсёй літаратуры другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў, творы пісьменніка годна прадстаўляюць праблемна-сацыяльныя і духоўна-філасофскія аспекты светабачання, быцця і паўсядзённасці людзей Беласточчыны, сучаснага чалавека наогул. І манера “эпізадыста” [4, 158], калі адштурхоўвацца ад акрэслення жанру некалі пачутага звышуважлівым і заўжды пільным да слова, гука, колеру, кожнай праявы светабудовы, шмат у чым блізкім да нашага аўтара арганічнай повяззю лірычнага і гумарыстычна-іранічнага, Янкам Брылём, ніколькі не перашкаджае Г. Валкавыцкаму ў перадачы і стварэнні карцін і характараў абагульненых, тыповых. Менавіта з гэтай мэтай і ўзяўся творца за напісанне прысвечанай землякам “Белай вязі” (1998).

Ужо ў “Вірах” уважлівы чытач адчуе заварожанасць выключнай і шмат-планавай вобразна-эмацыянальнай стыхіяй стылю пісьменніка, дзе нейкім дзіўным чынам мірна суіснуюць лірычна-ўсхваляваны пачатак, усплёскава-пафасная перадача ўражанняў, цёплы гумар, іронія ва ўсіх магчымых яе варыяцыях і сухая мова фактаў, строгі дакументалізм, лаканічны характар паведамлення. Найпершая прычына такога дружнага суседства хаваецца за сфармуляваным самім пісьменнікам адметным творчым прынцыпам, што вынасіўся-выспеліўся ў безлічы яго вандровак па радзіме, такой жа колькасці сустрэч з самымі рознымі людзьмі. Дакладна: “Сабраны па дарозе настрой (як яго наладжваў выпадковы спадарожнік!) і быў тым зыходным пунктам, з якога браў я быка за рогі” [1, 102].

Тым больш палоніць вызначаная вышэй стылёвая разнапланавасць ва ўласна мастацкай і біяграфічнай прозе Г. Валкавыцкага (“У каменным крузе”, 2000; “Ашчэпкі”, 2002), што адкрытая для прыёмаў казачнай умоўнасці, інша-сказальнасці, персаніфікацыі, аўтарскіх версій паходжання назвы Белавежы, гістарычных звестак, урыўкаў з дзённікаў, асобных элементаў містычнага, памежных сітуацый між явай і сном, устаўных эпізодаў, шматлікіх рэтраспекцый. Увогуле, з’яўленне кнігі “Белая вязь” абумоўлена рашучым намерам і перакананасцю пісьменніка ў тым, што “пара складаць казку пра сваю Планіду” [3, 5]. Заўважым, казку, але зноў жа пра жыццё. Гэта значыць, з канчатковым рэалістычным падсумаваннем папярэдніх фантастычна-неве-рагодных дзеі і яе герояў.

Так, у навеле “Цуд” інтрыга, звязаная з адкрыццём Ноева каўчэга, дуба, што выпраменьвае энергію і змяшчае на зрэзе тоўстай галіны выяву чалавечай галавы, завяршаецца іранічным аўтарскім паведамленнем пра агульнавядомую падзею ў Віскулях, у выніку якой быў пахаваны “вялікі, магутны і непарушны суседскі Эдэм” [3, 7]. У “Сустрэчы з князем” творца пры апісанні дуба і яго ахоўніка паглыбляецца ад фактаў сучаснасці, грамадзянскай вайны да часоў паганства, святога месца сонцавітаў з левабярэжнага яцвяжскага племя. Князь пушчы, ён жа стары, аброслы белым мохам, але з устаўнымі зубамі, дзед, які даручыў апавядальніку скласці кнігу пра Белую Вязь, гаворыць: “Многа можаце ад нас навучыцца. Хоць бы веры. Раней вана больш памагала, бо мы яе ў сэрцы насілі. Цяпэр німа шчырасці, усё падман, крывадушша. Ходзіце ў свяцілішчы, каб паказацца, а паступкі вашы пярэчат навучанню жрацоў. А і ваны...” І далей: “Адышлі вы ад старых звычаяў і не знашлі лепшых. Ось і скачаце параз купальскі вагонь для забавы. А ў яго святая моц, вон ачышчае ад злых духаў” [3, 26].

Вялікая роля мастацкай фантазіі ў тэксце кнігі, уяўная лёгкасць выяўлення “я” апавядальніка ніяк не выступаюць парушэннем раней прамоўленага пісьменнікам лозунга аб патрэбе трымацца дакладнасці жыцця. Сягаючы ў аналы гісторыі, сплятаючы-выбудоўваючы генеалагічную вязь свайго роду, разважаючы аб мінулым і сучасным пушчы, усяго белавежскага краю, звяртаючыся да легендаў, паданняў, сказаў, літаратурных помнікаў, твораў сённяшніх аўтараў, не закрываючы вочы на сацыяльныя і экалагічныя праблемы радзімы, аднолькава трымаючыся праўды і выдумкі, Г. Валкавыцкі тым не менш вымушаны прызнацца: “Гэтае імкненне – кожны факт пацвердзіць – расце ў маёй літаратурнай практыцы з поступам гадоў. Таму і пішацца цяжка. І рвецца белая вязь. Я зноў у тупіку лабірынта” [3, 46].

Дык што ж, апрача першаштуршка-Белавежы, утварае, тчэ белую вязь пісьменніка? Чым яна з’яўляецца для самога мастака? На наш погляд, першаступеннае прызначэнне белай вязі Г. Валкавыцкі бачыць у абуджэнні свядомасці, звароце чытачоў да каранёў свайго роду праз адчуванне асабістага сораму і гнятлівага настрою за ўласнае няведанне і страту іх. Памяць пра вытокі, “родавая вязь” [3, 52], успрыманне непарушнай прыроды подыхам вечнасці, роўнасць кожнага і ўсіх перад гэтай самай вечнасцю, “адзінства ў разнароднасці” [3, 53], веданне гісторыі багатага беларускага дрэва, вернасць маці і сямейнай калысцы, народнаму эпасу і песні, шчасце вучнёўства ў таленавітага настаўніка, само жыццё з усімі яго абставінамі, выпрабаваннямі, прадказаннямі, адным словам, філасофіяй і ёсць умовай неперарывістасці вязі ў вышэйшым сэнсе. Вязі, што вызваліць нас ад пачуцця непаўнавартаснасці, выратуе ад рэнегатства, двурушша, калі “душою за царкву, а сэрцам за партыю” [3, 159], ад беларусападобнай мімікрыі, захавае стары святы калодзеж. Якраз для гэтага так настойліва “прытулку шукаюць / на сцішаных беллю / прасеках жыцця” [3, 179] словы мудрага чалавека і пісьменніка Г.Валкавыцкага.


1. А. М і н к і н, Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў: Кароткія антыўтопіі, Мінск 1994, 141 с.

2. Г. В а л к а в ы ц к і, Віры. Нататкі рэдактара, Беласток 1991, 184 с.

3. Г. В а л к а в ы ц к і, Белая вязь, Беласток 1998, 235 с.

4. Я. Б р ы л ь, Пішу як жыву: Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ, Мінск 1994, 363 с.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія