Абрысы мастацкага свету Сакрата Яновіча
(ХРАНАТОП, ІРОНІЯ, СІМВАЛ)
Пятро Васючэнка
Мінск
У чэрвені 1994 года, калі на канферэнцыі міжнароднага рангу мне выпаў гонар выступаць з дакладам, прысвечаным творчасці Сакрата Яновіча, першай маёй тэзай было прызнанне неабходнасці навуковай ідэнтыфікацыі літаратуры беларускага замежжа.
Terra incognitо, неабазнаная літаратурная прастора – такой у вачах тагачаснай метраполіі выглядала не толькі творчасць беларусаў Амерыкі, але і культурны рэгіён Беласточчыны, такі геаграфічна блізкі і такі далёкі, «бо скрозь – мяжы, бо скрозь – платы» (М.Багдановіч).
Знаёмства, узаемапазнаванне, ідэнтыфікацыя, класіфікацыя, параўнанне, пастаноўка ў кантэкст – такімі мне бачыліся першыя крокі ў аднаўленні цэласнасці беларускай літаратуры, раскіданай па культурных выспах і дыяспарах.
Незнаёмае пазнаецца праз параўнанне са знаёмым. Такі я абраў спосаб ідэнтыфікацыі новага для сябе аўтара – С. Яновіча, і ўсвядоміў яго індывідуальнасць праз параўнанне з блізкімі і не вельмі блізкімі да яго літаратарамі.
Як да кожнага буйнога майстра, да С. Яновіча могуць быць ужытыя паняцці шырокага і лакальнага кантэкстаў. У шырокі кантэкст, калі мець на ўвазе сферу вучнёўства, найпільнейшай пісьменніцкай увагі і тыпалогіі, я ўключыў персаналіі І. Бабеля, К. Паўстоўскага, Э. Хэмінгуэя, Ф. Дастаеўскага, М. Гарэцкага, К. Чорнага, І. Мележа, М. Стральцова, В. Быкава ды іншых.
Кантэкст робіцца лакальным і змястоўна напоўненым, прыдатным да кампаратывісцкага доследу, калі абмежаваць яго варункамі навелізму – істотнай прыкметай не толькі жанру, але і эстэтыкі С. Яновіча. Навелізм – неадменная частка мастацкага мыслення майстра.
Не толькі мініяцюры і апавяданні, але нават аповесці С. Яновіча («Самасей», «Сярэбраны яздок», «Сцяна») – суздром навелістычныя, фрагментарныя, напісаныя ў духу лірычнай прозы. Гэтая акалічнасць збліжае ягоную творчасць з досведам Я. Брыля.
Паэтычная мова мініяцюраў і апавяданняў Яновіча, «бляск і водар свежага, незашарпанага слова»1 (У. Рубанаў), блізкая стылістыцы брылёўскіх твораў, асабліва зборніка «Жменя сонечных промняў». «Шурпатасць, якая робіць прозу рэчыўнай, грунтоўнай, а не празрыста-сцёртай і худасочнай»2 , стварае паралель з навелістычным («валошкавым») перыядам творчасці маладога К. Чорнага.
Пазіцыя і ўзаемадачыненні аўтара і «я-героя» абумоўліваюць пэўнае падабенства з імпрэсіямі М. Гарэцкага і З. Бядулі. Вастрыня і ўчэпістасць назірання змушаюць згадаць абразкі А. Карпюка і Ф. Янкоўскага.
Прыхільнасць аўтара да іранічнага і самаіранічнага мастацкага мыслення, пра якую гаворка будзе далей, дае нагоду параўноўваць яго прозу з творчасцю некаторых беларускіх «іраністаў» (У. Арлова, А. Асташонка, Л. Дранько-Майсюка, В. Мудрова), хаця б дзеля таго, каб падкрэсліць эстэтычную самабытнасць С. Яновіча.
Сёння, пры змененых геапалітычных і культурных дэкарацыях, мастацкі кантэкст Сакрата Яновіча папоўніўся за кошт крытыкаў, якія паслядоўна і ўдумліва даследуюць яго творчасць, прычым не спыняюцца на стадыі ідэнтыфікацыі, – гэта Я. Чыквін, В. Варашыльскі, Я. Максімюк, М. Тычына, У. Конан, загадкавы Д. Стывен, аўтар гэтых радкоў. Склалася свайго кшталту транснацыянальнае кола сакратолагаў, якіх цікавіць герменэўтыка, паэтыка, эстэтыка і сацыялогія творчасці аўтара, чыя асоба таксама ўзбуйнілася праз творчы плён, змену накірункаў пошуку і якасны рост.
Досвед даследавання літаратурных рэаліяў пераканаў мяне, што веліч мастака прапарцыянальна залежыць ад багацця і размаітасці створанага ім хранатопа, які рухаецца, развіваецца і жыве часам ужо незалежна ад волі дэміурга. Таму і творчую асобу Яновіча працягваю вывучаць праз створаны ім мастацкі свет, з адмысловай і рухомай сістэмай каардынатаў.
Прасторавае мысленне беларускіх аўтараў спрадвек узмоцненае складанасцю геапалітычнай сітуацыі, у якую трапляла краіна. Спрацавала гістарычная звычка беларусаў губляць і знаходзіць Радзіму. Вобраз Краіны супадаў з архетыпам Дому, без якога не мыслілася аніякая творчасць, бо нацыянальная літаратура спрадвек тварылася ў «дамах» – келлях, замках, палацах, сядзібах, хатах. Беларускай мадэлі свету ўласцівая цэнтраімклівасць. Творчая энергія канцэнтравалася вакол вобразу Дома або Горада (Вільні, Полацка) ці мястэчка, вёскі, фальварка. Натуральна, гэты цэнтр не быў тоесны рэальнаму прастораваму аб’екту, а выглядаў як прымроены. Так М. Багдановіч і У. Жылка прымроілі сваю Вільню – «крывіцкую Меку», а В. Ластоўскі і А. Салавей прыснілі літаратурную Крыўю і Полацак.
Прасторавы свет С. Яновіча адначасна традыцыйны і парадаксальны. Традыцыйнасць праяўляецца найперш у тым, што «С. Яновіч кансервуе адыходзячы вясковы свет і пэўны тып беларускай ментальнасці. Настальгічным апяваннем своеасаблівай патрыярхальнай маламестачковасці Яновіч уплятаецца ў традыцыю, якая была запачаткавана яшчэ Дуніным-Марцінкевічам і, тым не менш, працягваецца на Беларусі і па сённяшні дзень»3 (Я.Чыквін).
Пісьменнік, які нарадзіўся ў Крынках, перабіраецца ў больш населены і нацыянальна сведамы Беласток, места, якое спакваля паланізуецца і губляе беларускі каларыт, і вяртаецца ў Крынкі, якія перасталі быць ранейшымі. Цэнтрам аўтарскага хранатопу – падвойны вобраз Крынкаў, явы і фантому, месца нараджэння пісьменніка і пункту вяртання.
Прычыны вяртання пісьменніка ў Крынкі – па-сакратаўску парадаксальныя: «Маё цяперашняе вяртанне ў Крынкі – тым часам ушчэнт спаланізаваныя – гэта як быццам пагоня за тамтым Беластокам, якога ўжо няма, бо ў шмат разоў разбрыняў у метраполію. А ў Крынках я, прынамсі, чужы сярод сваіх»4 .
Пісьменнік, які ў юнацтве прымроіў «ясны сон пра Беларусь», які выношваў мары пра Царкву Беларускага Духу, алтар Роднага Слова, трапіў у асяроддзе беларусаў, змененых у «безнацыянальных язычнікаў». Непаразуменне паміж натоўпам і прарокам – літаратурны феномен, асэнсаванню якога пачатак паклаў вялікі Купала. С. Яновіч непаразуменне паміж сабой і грамадой адчувае на жыццёвым, побытавым узроўні, але пераводзіць яго ў літаратурны план.
Дэнацыяналізацыя насельніцтва ў вачах пісьменніка набывае рысы дэгуманізацыі ўвогуле. Беларусы, якія, паводле вызначэння аўтара, не вытрымалі «рэвалюцыі быту», сталіся «паркетнымі», як бы штучнымі. Крытыкам няраз даводзілася заўважаць матыў аўтарскай як бы нелюбові да сваіх персанажаў.
Мастацкі свет Крынкаў населены маргінальнымі персанажамі накшталт Банавентуры, Бядоціка, Петрыка, Мардаціка ды яшчэ больш страшлівымі, сапраўднымі монстрамі на дзвюх нагах. Гэта дало нагоду крытыку Стывену Д. выказацца наступным чынам: «Сярод герояў Яновіча не знаходзіцца ніводнага больш-менш прыемнага тыпа, з якім нястрашна было б сутыкнуцца ў цёмным завулку»5 .
Той жа крытык слушна адзначае, што канфліктная вось твораў С. Яновіча ляжыць паміж паняццямі смерці і жыцця. Сімвал смерці, зацягненай, як хранічная хвароба, або жыцця, скіраванага да непазбежнай смерці, – без сумліву, цэнтральны артэфакт Яновіча, пра што сведчыць і назва яго зборніка «Доўгая смерць Крынак». Маргінальнасць нацыянальнага жыцця, заняпад вёскі, мізантропія – гэтыя прыкметы складаюць негатыўны план таго тыпу экзістэнцыі, што ўласцівы Крынкам, яго насельнікам і іншым персанажам Яновіча.
Цяжка супаставіць аўтарскі песімізм і скепсіс з той вітальнай лініяй, якая заўжды была характэрная для нацыянальна заангажаваных творцаў, адраджэнцаў, ды тыпу якіх належыць і С. Яновіч. Але варта згадаць, што ў кожнага з гэтых творцаў знаходзілася кампенсатарная здольнасць, дзякуючы якой мастацкі хранатоп гарманізоўваўся. Так М. Багдановіч пераадольваў сваю хваравітасць зваротам да Мадонны і геданістычнымі вершамі. Я. Купала шукаў мастацкай кампенсацыі ў матывах, звязаных з палётам, адрыву ад зямлі, а Я. Колас у пошуках гармоніі пагружаўся ў зямныя глыбіні існавання.
Такія ўжо нашыя нацыянальныя Адраджэнні, у якіх спалучаюцца маргінальнае і існае, чэзлае і жыццядайнае. Дэкаданс у пары з Рэнесансам утвараюць беларускі Рэнедэкаданс.
Мастацкі катарсіс у прозе С. Яновіча адбываецца праз іронію.
Іронія ў творчасці С. Яновіча – не троп і не ацэначна-эмацыйны момант, а светапогляд. Такую якасць іронія выяўляла яшчэ за часамі Эразма Ратэрдамскага, але найболей – у XX стагоддзі, падчас пераацэнкі і зруйнавання былых каштоўнасцей, гібелі малых нацыяў і заняпаду вялікіх, татальнага скепсісу, расчараванняў і «хліпкай надзеі» (В. Быкаў).
Адна з галоўных магчымасцей іроніі – пераадольванне. Пераадольванне ўяўных аўтарытэтаў, хісткіх ілюзіяў. Яно, аднак, хавае небяспеку разбурэння (самапераадольвання), што мае адпаведныя прыклады ў сусветнай і беларускай літаратуры.
У вачах самога Яновіча іронія і асабліва самаіронія – пазітыўныя і стваральныя. У адным з інтэрв’ю ён кажа пра нешчаслівыя народы, якія няздатныя да самаіроніі (гэта – не пра беларусаў).
У той час, калі пісьменства ведала толькі аб’ектыўную іронію, «іронію жыцця», само існаванне выглядала жудасна іранічным. Першым з літаратурных герояў гэты жах перажыў герой трагедыі «Цар Эдып» Сафокла. Пазней, калі пісьменнікі навучыліся самі іранізаваць з нагоды жыцця і смерці, настала эпоха пераадольвання жахаў існавання праз іронію.
Страх смерці (Танатас) пераадольваецца «чорным» (смяротным) гумарам, упершыню – у пятым акце «Гамлета» У. Шэкспіра, дзе персанаж разважае пра падарожжа караля па вантробах жабрака. Чорная іронія праглядае ў сімвалісцкіх драмах Л. Андрэева, С. Пшыбышэўскага і ў заключнай сцэне купалаўскай «Адвечнай песні», калі Цень Мужыка ў парадаксальна-іранічнай форме параўноўвае страхі быцця і небыцця:
Раскрыйся нанова, магіла:
Страшней цябе людзі і свет.6
Змрочная іронія не робіць творы пісьменніка панурымі. Настрой ягонага першага абразка – «Фэст» – гэта светлы, іранічны смутак. Насуперак жахлівасці адбітых у ім рэалій (смерці маткі і дзіцяці).
«Гандзі пашанцавала са смерцю: памірала ціха, як і жыла... добра паміраць у гэтакай сядзібе»7, – гэтак у навеле пазнейшага часу апісваецца паміранне кабеты. Ізноў – у фарбах светлага, іранічнага смутку.
Недарэчна да смешнага (іранічна) гінуць героі навелаў «Кароткая біяграфія Ані», «Далейшае жыццё Манькі і яе смерць», «Вяселле на другі дзень калядаў» (жаніх вешаецца на ручніку ў дзень свайго вяселля таму, што цесць пашкадаваў пасагу; усё аказваецца сном), «Страшны канец Антона».
Цяжэй у творах Сакрата Яновіча пераадольваюцца страхі жыцця. Каб адказаць, чаму так, трэба вярнуцца да зборніка «Доўга смерць Крынак».
Час чалавечага жыцця невымерна малы ў параўнанні з вечнасцю смерці. Кароткі ўсплёск жыцця можа выглядаць як украдзеная ў вечнасці секунда. Або як недарэчна адцяты фрагмент вечнасці, які на гэтую самую секунду раптам заторгаўся, заварушыўся, удаючы жыццё. Або наадварот: смерць як прахадны эпізод у бясконцасці жыцця і руху...
Канцэпцыя фрагментарнасці існавання з грубаватай прадметнасцю раскрываецца ў навеле «Нянавісць малога нявольніка». Там распавядаецца пра тое, як у чалавека адарвала руку выбухам снарада. Рука з заціснутай у ёй сякерай адляцела на дзесяць вёрстаў і ўпала проста ў торбу да пастуха. Напалоханы пастух потым доўга не наважваўся выкінуць руку з торбы.
Творчасць Сакрата Яновіча адметная нечаканымі пераходамі, неспадзя-ванкамі. Магчыма, новы, нечаканы яе паварот станецца пераадольваннем самой іроніі, якая заменіцца якой-небудзь іншай якасцю. Прыкметы такога пералому ўжо заўважаюцца ў кнізе Яновіча «Białoruś, Białoruś». Іронія трансфармуецца ў парадаксальнае, споўненае цеплыні і скепсісу пачуццё Яновіча да беларусаў, у сістэму усмешлівых сафізмаў, якія любіў той яшчэ Сакрат...
Варта знікнуць таму зазору паміж быццём і небыццём, уявіць іх як цэлае, – знікне тая жыццёвая прастора, дзе іронія магла б існаваць. Але гэта азначала б новы паварот у светапоглядзе і прыход новага, яшчэ не ідэнтыфікаванага Сакрата Яновіча.
Геніяльны творца – не той, хто адлюстроўвае або фіксуе свой час, але пераадольвае яго, а разам з часам пераадольвае і самога сябе.
1 С. Я н о в і ч, Самасей, Мн., 1992, с. 3.
2 Тамсама, с. 4.
3 Крыніца, 1998, № 2 (39), с. 3.
4 Тамсама, с. 4.
5 Д. С т ы в е н, Кроніка доўгае сьмерці // Наша ніва, 1994, № 5, с. 6.
6 Я. К у п а л а, Поўны зб. тв. У 9 т. Т. 7, Мн., 2001, с. 33.
7 С. Я н о в і ч, Самасей, с. 307.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"