|
Чалавек і гісторыя ў мемуарах Янкі Жамойціна
Людміла Сінькова
Мінск
Ужо няма з намі Янкі Жамойціна, шчырага беларуса, чый твор, біяграфічная аповесць “З перажытага”1, адкрывае том серыі “Беларускага кнігазбору”, у якім змешчана многае з лепшага, найбольш прадстаўнічага з таго, што створана ў другой палове ХХ ст. беларускімі пісьменнікамі Польшчы.
Калі адыходзіць чалавек, то з ім мы сапраўды страчваем цэлы унікальны свет і унікальны досвед, каштоўнасць якога з цягам часу можа рабіцца ўсё больш відавочнай. Думаецца, што менавіта такая перспектыва чакае згаданую публікацыю успамінаў Янкі Жамойціна, таму што яны былі створаныя з адметнай шчырасцю і імкненнем да праўды, нават цяжкой, горкай, – такой, якая не пакідае ніякіх магчымасцяў да спекулятыўнага падвышэння ўласнай персоны. Затое гранічная праўдзівасць падвышае адмыслова: яна нараджае спакойную годнасць агульнага апавядальніцкага тону, дэманструе асэнсаваную пазіцыю мужнага, моцнага чалавека, які ясна ўсведамляе сваё, можа і адносна сціплае, аднак жа незаменнае месца ў агульнай гісторыі. Мемуары Янкі Жамойціна, выдадзеныя спачатку ў поўным выглядзе ў Беластоку2, якраз вельмі пэўна даводзяць да чытача праўду адзінкавага чалавечага лёсу, што мае вагу тыповага: Янка Жамойцін відавочна сведчыць ад імя цэлага пакалення. І гэта пакаленне тых беларусаў, якія яшчэ дзецьмі, яшчэ школьнікамі, у сваім раннім юнацтве, захапіліся ідэяй служэння Бацькаўшчыне, былі запатрабаваныя Бацькаўшчынай і не маглі не адгукнуцца на гэты покліч самога жыцця, але пасляваенная беларуская дзяржаўная ўлада не прызнала іхняга ахвярнага служэння. Сёння нам патрэбна пераацэнка многіх рэчаў пры жыцці людзей, якія былі суб’ектамі, чыннікамі гістарычнага працэсу ў адзін з самых складаных яго момантаў, з тым каб наша гісторыя ўсё больш пэўна сцвярджалася як агульнанацыянальная.
Як вядома, вельмі многія беларускія пісьменнікі з метраполіі і замежжа былі і застаюцца па сённяшні дзень катэгарычна нязгоднымі ў ацэнках шэрагу буйнейшых падзей мінуўшчыны. Асабліва балючыя формы гэтая нязгода мае паводле вайны 1941 – 1945 гг. на Беларусі, бо кожны бок тут грунтуецца на сваім вопыце, сваёй праўдзе, вынесенай з уласных жыццёвых дарог, што праляглі не проста праз пакуты і кроў, а менавіта праз трагедыю збройнага грамадзянскага супрацьстаяння. Не ў апошнюю чаргу і гэтымі акалічнасцямі тлумачыцца той факт, што ў постсавецкай Беларусі творы аўтараў, падобных да Янкі Жамойціна (або, больш выразна, Кастуся Акулы), будучы надрукаванымі, могуць быць сустрэты не толькі з прыхільнасцю ў рафінаваных інтэлігенцкіх колах (напрыклад, прэмія беларускага ПЭН-цэнтра за Акулавы “Змагарныя дарогі”), але і з катэгарычным непрыняццем у тых людзей, якія працягваюць традыцыю афіцыйных савецкіх трактовак вышэйпазначанага гістарычнага перыяду. Між тым ужо абвясцілі пра сябе і спадкаемцы нашай гісторыі з новага творчага пакалення, якія мусяць разважыць апанентаў, абапіраючыся, поруч з новым светабачаннем, ужо не на ўласны вопыт, а якраз на шчырыя хронікі мінулых падзей, на ўспаміны, напісаныя без купюр на болевых месцах. Пра адно такое “ахілесава” месца, нібы прыцемненае ў мемуарах па-антысавецку скіраваных беларусаў, Ян Чыквін гаварыў у 90-я гг., дзелячыся ўражаннямі пра знаёмства з творчасцю якраз Кастуся Акулы. Ян Чыквін піша пра “уражанне незавершанасці, недасказанасці напісанага. Я маю на ўвазе, – гаворыць ён, – тое <ігольнае вушка> супрацоўніцтва з гітлераўскім акупантам, праз якое, аднак жа, прайшло трохі беларусаў. Сягоння, праз пяцьдзесят гадоў пасля вайны, можна было б спадзявацца, што перш за ўсё ад жывых удзельнікаў той нашай пакручастай і трагічнай гісторыі мы пачуем іхнюю праўду пра ўсё яшчэ нявычарпаную беларускай мастацкай літаратурай тэму”3.
Нібы адказваючы на запатрабаванне часу, дасканала сфармуляванае Янам Чыквіным, піша сваю шчырую споведзь Янка Жамойцін. Ён расказвае найперш пра Саюз Беларускай Моладзі, пра Беларускую Незалежніцкую Партыю, закатаванага немцамі святара В. Гадлеўскага, згадвае таксама пра Наваградскі кавалерыйскі эскадрон пад камандаваннем Б. Рагулі, які пазней “ператварыўся ў дывізіён Беларускай краёвай абароны”4. Піша Я. Жамойцін і пра шляхі эсбээмаўцаў у працоўныя лагеры ў Нямеччыну, якімі прайшоў і сам, урэшце – пра іх лёсы: як нехта вырашыў вярнуцца на Беларусь, на жыццё або пагібель; а некага сілаю “рэпатрыявалі”, як яго самога, праз зборныя пункты ў зонах савецкага ўплыву з розных краін проста ў ГУЛАГ. Асабліва многа, ўспамінае Я. Жамойцін, было людзей з Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Аўстрыі... І многія з іх “адцярпелі мукі ГУЛАГу, іншыя паплаціліся жыццём”5.
Я. Жамойцін ацэньвае феномен СБМ з пункту гледжання гісторыка-сацыяльнага, грамадскага вельмі высока. Ён справядліва лічыць, што ва ўмовах акупацыі і палітычнага тэрору беларуская моладзь змагла “стварыць свой духова ідэалагічны энклаў”, і гэты факт варты сур’ёзнай, прафесійнай увагі гісторыкаў, нягледзячы на “прыдушанасць нахабнаю, хлусліваю, варожаю, чужою прапагандай”6.
“Нявычарпаная тэма” грамадзянскай актыўнасці беларусаў пад нямецкай акупацыяй усё часцей робіцца прадметам сучасных дыскусій. Адна з іх адбылася на старонках мінулагодняга часопіса “ARСHE”7, які выдаюць маладыя мінскія інтэлектуалы. Тут гаворка ішла, у прыватнасці, пра “стратэгію нацыяналістычнай гераізацыі”, пра ідэалізацыю калабарантаў, у якой В. Булгакаў абвінаваціў А. Лукашука, Л. Лыча, С. Ярша і іншых аўтараў публікацый пра Філістовіча, Родзьку, Касмовіча, увогуле пра нацыянальны рух у гады Другой сусветнай вайны. Апаненты ж В. Булгакава слушна пярэчылі яму, найперш згадваючы аб неабходнасці “падзелу сьвядомых калябарантаў і патрыётаў-падпольшчыкаў”, аб чым пісаў яшчэ С. Станкевіч у 1946 годзе, і не толькі ён адзін. Тут жа С. Ёрш працытаваў і Янку Жамойціна: “Гэтую тэму ўздымае і беларускі літаратар, ветэран нацыянальнага руху Янка Жамойцін з Варшавы ў часопісе “Białoruskie Zeszyty Historyczne” (№ 17, 2002) ды адзначае, што “ў такой складанай сытуацыі не магло абысьціся бяз здраднікаў, калабарантаў, прыслужнікаў акупацыйнага рэжыму” (с.253). Але нацыянальнае падпольле імкнулася абясшкодзіць іх пранямецкую дзейнасьць”8.
Падкрэслім у працытаваным фрагменце выраз “ветэран нацыянальнага руху”. Сапраўды, ва ўсёй грамадскай чыннасці Я. Жамойціна і ў тым светапоглядзе, што адлюстраваны ва ўспамінах “З перажытага”, выразна дамінуе менавіта беларушчына. Прычым успаміны напісаны так, што спецыяльныя патрыятычныя інвектывы ў іх нават асабліва не запатрабаваныя, таму што абсалютна ўсе жыццёвыя факты – у такім асвятленні, у якім яны выкладзеныя Я. Жамойціным – ужо арганізаваныя, прадвызначаныя ягонай нацыянальна-патрыятычнай пазіцыяй. У споведзі “З перажытага” мы найперш бачым юнака, чалавека, кінутага ў вір вялікай гістарычнай трагедыі. На ягоныя самыя запаветныя і высакародныя памкненні, сутнасцю якіх ёсць патрыятызм, падае цень чужацкай апекі, і пра гэта Янка Жамойцін піша менавіта “знутры” жыццёвай сітуацыі, праз псіхалагічную праўду фактаў. Мы нібы адчуваем перажыванні хлопца, які мае душу, сэрца, розум, сілы, якому трэба атрымліваць адукацыю і працаваць – і ведаць, дзеля чаго; і непазбежна рабіць свой выбар паміж спраўджанасцю і дэзерцірствам, адказнасцю і эскейпізмам, паміж “быць” альбо “не быць” менавіта ў тых варунках, якія безальтэрнатыўна прапануюцца беларускім фатальным лёсам.
Вось ён едзе заканчваць школьны курс у Наваградак у цягніку, дзе разам з ім едуць паліцэйскія, жандары, дэзерціры – кожны ў сваёй вопратцы і са сваёю моваю, і “пацан у гімназічным плашчы”, як гаворыць пра сябе Я. Жамойцін, горнецца да сялян, да іх пявучай гутаркі па-беларуску. Вось, ужо ў Наваградку, ён атрымлівае з рук сябра “Бюлетэнь нумар 1 Беларускай незалежніцкай партыі”. А вось і Барыс Рагуля, паважаны матурыстамі настаўнік, запрашае яго на гутарку ў апусцелую школу, “змрокам кароткага снежаньскага дня”9. Затым Янка Жамойцін згадвае, як у апусцелым школьным класе прысягаў на вернасць Беларускаму Народу і Бацькаўшчыне перад выяваю старажытнай Пагоні.
Чытача падкупляе тая шчырасць, з якой Я. Жамойцін малюе свой шлях у СБМ, аніяк не падвышаючы, лішне не гераізуючы сябе. Застаючыся перакананым, свядомым беларусам у кожным радку сваіх успамінаў, Я. Жамойцін у той жа час застаецца прынцыпова рэалістычным у паказе нават экстрэмальных, важнейшых для свайго лёсу падзей. Менавіта як рэаліст ён падае тую адносную выпадковасць, з якой трапіў у кіраўнікі СБМ, і свой псіхалагічны стан, адпаведны сітуацыі: “Я адчуў сябе, быццам апараны гаршком кіпятку, і, праўдападобна, змяніўся з твару, бо раптам пачуў на плячы далонь настаўніка, што зразумеў як падбадзёрлівы жэст. Сябры ад гэтага павесялелі, а мне бюро выпісала падарожны ліст у Менск, на курсы кіраўнікоў СБМ”10.
Як драматычная, вельмі змястоўная калізія расчытваецца таксама праўдзівая згадка Я. Жамойціна пра тое, якой вялікай псіхалагічнай праблемай стала для яго пераапрананне ў новую форменную вопратку. Пры гэтым Я. Жамойцін называе ключавое слова – калабарацыянізм: “Гэта магло быць расцэнена як прапаганда калабарацыянізму, а даверанай мне праўдзівай місіі я рассакрэціць не мог”11.
Місія ж была – беларушчына, задача – “развіваць культурна-асветную дзейнасць і ўмацоўваць перакананне, што галоўны абавязак – гэта служба свайму Беларускаму народу і Бацькаўшчыне, а не якому-колечы “вызваліцелю”, тым больш – яўнаму акупанту”12.
Увогуле тэма акупацыі Я. Жамойціным спецыяльна акцэнтаваная ў назве аднаго з раздзелаў твора: “Акупанты мяняюцца – акупацыя застаецца”. Гэта прынцыповая пазіцыя аўтара нібы адгукаецца ў словах Уладзіміра Арлова з ужо згаданай дыскусіі ў часопісе “ARCHE”: “Апрача нас, маладзейшых, пашанцавала ці не аднаму К. Каліноўскаму, які таксама здолеў размінуцца зь нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў часе”13. Горкая іронія вядомага беларускага празаіка і гісторыка зразумелая, бо і беларуская савецкая дзяржаўнасць, і абвяшчэнне незалежнасці БНР не абыходзілася без чужацкага патранату. Відаць, якраз гэта мае на ўвазе С. Ёрш, калі піша аб праблеме калабарацыі бездзяржаўнай нацыі, а таксама пра тое, наколькі востра стаіць сёння на парадку дня сталая агульная ацэнка “часу савецкага панавання ў Беларусі” як менавіта акупацыйнага – услед за падобнымі ацэнкамі, ужо сцверджанымі ў краінах Прыбалтыкі14.
Як вядома, тыя пісьменнікі, якім уласцівы сапраўдны гістарызм мастацкага мыслення, здольныя нават глабальныя падзеі звязаць з лёсам асобнага чалавека. І зрабіць гэта пераканаўча, з праўдай не толькі факта, але і псіхалогіі непасрэднага душэўнага перажывання. Такім пісьменнікам у сваёй споведзі выступіў Я. Жамойцін. Ён на тэатры вялікай гістарычнай трагедыі паказаў чалавека, які застаецца сам-насам перад немагчымасцю здзяйснення сваіх самых высакародных, патрыятычных памкненняў. Яны прафануюцца крывёй і гвалтам варожых сіл, што пануюць у свеце, дыктуюць сваю злую волю пры лёсах цэлага пакалення, цэлых пакаленняў беларусаў. І таму ва ўспамінах Я. Жамойціна, гэтаксама, як і ў споведзях тых нашых нацыянальных лідэраў, што супрацоўнічалі – кожны ў свой час і сваім чынам – з савецкай уладай, будавалі беларускую савецкую дзяржаўнасць, гучыць сталы лейтматыў Галгофы, укрыжаванняў, трагічных цярпенняў за свой народ. Прыгадаем роспачны фрамент з мастацкай споведзі расстралянага Максіма Гарэцкага: “ за што яны гнятуць мяне? За што яны мучаюць мяне? Нашто гэта патрэбна? [...] Судзі мяне, судзі мяне кожны і ўсякі! Судзі мяне судом сваім, і кожным, і ўсякім... Карай мяне карамі сваімі, карай...
Толькі прашу цябе: не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў...
А выб’еш – буду азірацца на іх з сумам і жалем вялікім, перавышаючым мае слабыя сілы...
Як мне забыцца на іх, пакінутых там, адзаду, на дарозе, у пыле і брудзе, на цярнёвай дарозе, якою народ мой ішоў...”15.
Жыццяздольнасць любой нацыі, як вядома, моцна залежыць ад таго, як шмат у нацыянальным генафондзе пасіянарыяў: моладзі, чуйнай да актуальных ідэй і гатовай з усім рамантызмам ды максімалізмам, што ўласцівы адно моладзі, аддавацца Айчыне. І ці не прадвызначаны пры гэтым лёс індывідуальны ходам гісторыі ў тым сэнсе, які меў на ўвазе расійскі паэт, гаворачы: “времена не выбирают, в них живут и умирают».
На жаль, гэтая фраза А.Кушнера аказалася проста надзіва прарочай якраз для беларускіх пісьменнікаў, дзеячоў адраджэння ХХ стагоддзя.
1 Я. Ж а м о й ц і н, З перажытага // Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ ст. / Уклад. Я.Чыквін; Прадм. У.Конана, Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2000, с.11 – 98.
2 Лёс аднаго пакалення. (Успаміны), Беласток 1996, 213 с.
3 Я. Ч ы к в і н, Нявычарпаная тэма // Я. Ч ы к в і н, Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа, Беласток 1997, с.93 – 94.
4 Я. Ж а м о й ц і н, З перажытага, с. 40.
5 Тамсама. с. 42.
6 Тамсама. с. 38, 39.
7 Гл.: В. Б у л г а к а ў, Пра клясычныя і неклясычныя нацыяналізмы; У. А р л о ў, *** ; С. Ё р ш, Чытач сам разьбярэцца, хто мае рацыю // ARCHE, 2002, № 3 (23), с. 6 – 31.
8 С. Ё р ш, Чытач сам разьбярэцца... С. 29.
9 Я. Ж а м о й ц і н, З перажытага, с.28.
10 Тамсама. с. 31.
11 Тамсама. с. 33.
12 Тамсама. с. 31.
13 У. А р л о ў, ***, с.27.
14 С. Ё р ш, Чытач сам разьбярэцца... с. 30.
15 М. Г а р э ц к і, Скарбы жыцця // Полымя. 1993. № 2, с. 33, 21.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|