Проза Міхася Андрасюка:
пошукі новых шляхоў мастацкага асэнсавання жыцця
Галіна Тычка
Мінск
Праўдзівае адлюстраванне існуючай рэальнасці альбо стваранне на яе аснове новай — галоўны крытэрый добрай прозы. Аўтарскі досвед рэальнага жыцця можа выяўляцца ў самых складаных і нечаканых формах, але калі грунтам гэтых эксперыментальных пошукаў застаецца рэчаіснасць — нараджаецца мастацтва, у адваротным жа выпадку маем справу з графаманіяй, гульнёй са словам.
Міхась Андрасюк прыйшоў у беларускую прозу ў сталым узросце, “у росквіце жыццёвых сіл, з неабходным дзеля гэтага занятку запасам жыццёвага вопыту”, як сказаў Я. Чыквін у рэцэнзіі на яго першую і пакуль што адзіную празаічную кнігу “Фірма”, выдадзеную ў Беластоку ў 2000 г (5. С. 268).
Менавіта “ўласна перажытае, практычна-асабістае веданне жывой рэчаіснасці” прафесар Чыквін вылучыў ў творчай індывідуальнасці М. Андрасюка на першае месца, падкрэсліваючы побач з гэтым яго інтуітыўнае мастакоўскае чуццё ў яе адлюстраванні (5. С. 269).
Між тым, жывая рэчаіснасць, што выступае падасновой творчага асэнсавання М. Андрасюка з'яўляецца рэальнасцю новага тысячагоддзя і нясе на сабе адбітак сусветнага пералому чалавечай свядомасці. “Наш час асаблівы — крывадушны і жорсткі, а што да мастацтва — разбуральны па сваёй сутнасці, толькі мы яшчэ не надта ўцямілі тое”, — так ахарактарызаваў гэтую рэальнасць Васіль Быкаў у сваёй кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” (З. С.537).
Пералом ХХ і ХХІ стагоддзяў, пазначаны крахам сацыялістычнай таталітарнай сістэмы, чарговым перакройваннем еўрапейскай карты, шматлікімі стыхійнымі бедствамі, лакальнымі войнамі і тэрарыстычнымі актамі — цалкам разбурае ранейшы стэрэатып жыцця, дыктуе новую шкалу матэрыяльных і ў нейкай ступені духоўных каштоўнасцяў. І асабліва балюча гэта адбіваецца на жыцці і свядомасці так званага маленькага, звычайнага, чалавека, які адчувае сваю загубленасць і безаабароннасць у гэтым новым свеце глабальных перамен.
“Свабода — найбольшая маральна-фізічная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным сьвеце арганічнага існаваньня. Апроч, хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітраспляцены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. І там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты біялягічнага існаваньня”(3.С. 535).
Наўрад ці чытаў М. Андрасюк згаданыя развагі В. Быкава, калі пісаў свае творы, аднак менавіта гэтыя жыццёвыя тупікі, гэтае марнаванне высокага прыроднага дару індывідуальнай свабоды ён і выяўляе ў сваёй прозе. Героі М. Андрасюка — простыя людзі, але як жа імкнуцца яны знайсці сябе, такім альбо іншым чынам сцвердзіцца ў гэтай рэальнасці! Смешныя, а часам прымітыўна парадыйныя іх пачынанні, як у сацыяльна-эканамічнай, так і ў інтымнай сферы. Развальваюцца, не паспеўшы па-сапраўднаму заснавацца, псеўда-фірмы Толіка Рубеля і Ігара Барабы (“Фірма” — (1.С.5—16). Церпіць крах запаветная мара “сярэдняга калібру служачага” пана Владка ажыццявіць стандартны (але досыць распаўсюджаны) праект зямнога лёсу – набыць кватэру, потым – адукацыю, затым – добрую пасаду і машыну і толькі пасля гэтага ажаніцца (“Крах”—1. С.41—51).
І ўсё ж, нягледзячы на гумарыстычную абмалёўку персанажаў, камізм сітуацый, унутраная інтанацыя прозы М. Андрасюка — сумная, а можа, недзе і трагічная. У многім яна нагадвае тужліва-трывожную ўсмешку “Жартаўлівага Пісарэвіча” М. Гарэцкага. Чытаючы апавяданні М. Андрасюка “Краявід без клямкі”, “Вуліца добрай надзеі”, “Кіно “Ілюзія”, дзівішся аўтарскай здольнасці пераўвасаблення, яго ўменню любіць кожнага чалавека, суперажываць любой ягонай бядзе.
Усе літаратурныя персанажы М. Андрасюка — не героі. Пісьменнік свядома падкрэслівае іх звычайнасць, прыземленасць, заглыбленасць у матэрыяльную сферу шэрага побыту. Нават нешматлікія апавяданні пра каханне пазбаўлены належнай ім рамантыкі і ўзнёсласці, пачуцці герояў, самі па сабе далёкія ад узвышанасці, часам яшчэ больш зніжаюцца недарэчнымі абставінамі, у якія трапляюць персанажы (“Гульня ў каханне”— 1. С.16—21).
Але, як і дар свабоды, кожнаму чалавеку ад нараджэння даецца яшчэ і права на асабістае шчасце, якое і ёсць рэальнай праявай гэтай індывідуальнай свабоды, бо сваё асабістае шчасце кожны разумее па-свойму. Для Зосі з Гайнаўкі — гэта замужжа. (“Вуліца добрай Надзеі”— 1. С. 79—80), для пана Марціна Ціхапука, які ніколі не займаўся палітыкай, — гадзіннік фірмы “Патэк” (Смутная гісторыя з гадзіннікам фірмы “Патэк”— 1.С.67—71). Для героя з апавядання “Краявід без клямкі”— якое Я. Жамойцін слушна назваў алюзіяй на савецкае мінулае, што, на жаль, не адышло з тым рэжымам, а з˘яўляецца сутнасцю ўлады самой у сабе, незалежна ад рэжыму” (4.С.246) —гэткім шчасцем выглядаюць уцёкі “ад пачэснага абавязку вайсковай службы”, якая асацыіруецца з поўным адмаўленнем ад уласнае волі.
Істотнае значэнне ў разуменні аўтарскага падыходу да адлюстравання сучаснай рэчаіснасці дае надрукаванае ў “Тэрмапілах” апавяданне “Кіно Ілюзія”. Тут М. Андрасюк з уласцівым яму інтуітыўным адчуваннем найбольш балючых праблем з шчымліваю скрухай адлюстраваў найвялікшую бяду сучаснасці — брутальнае знішчэнне сапраўднай культуры, падмену яе сурагатам масавай.
Бяда ў тым, што большасць людзей не ў стане адрозніваць сапраўдныя каштоўнасці, ад кічаў масавай культуры. Гэтая страта арыентацыі — набытак нашага часу. З аднаго боку, жывучы ў свеце праблем і бедаў сучаснай цывілізацыі, сам чалавек інтуітыўна імкнецца схавацца ад іх, уцячы ў свет ілюзій. А з другога — гэтаму спрыяе масавая нізкапробная культура, што запаланіла інфармацыйную прастору. Менавіта яна дызарынтуе чалавека найперш у свеце эмоцый, маральных норм і абавязкаў. Яна знішчае лёсы маладых людзей, якія саладжавую ману прымаюць за жаданае шчасце.
Шчымлівая гісторыя першага юнацкага кахання, якое не можа спраўдзіцца ў свеце, запоўненным фальшывымі ілюзіямі, падмена сапраўднага жыцця спрошчана банальным адбіткам на цэлюлёіднай кіношнай ленце, разгортваецца ў апавяданні М. Андрасюка “Кіно “Ілюзія”. Згаданая праблема, бадай, упершыню так востра ставіцца ў сучаснай беларускай літаратуры (2. С.80—84).
“Кіно “Ілюзія” вылучаецца сярод іншых твораў празаіка яшчэ і тым, што яно пазбаўлена звыклай для пісьменніка іранічна-гумарыстычнай афарбоўкі, так уласцівай беларускай мастацкай традыцыі. Можна прыгадаць тут не толькі драму М. Гарэцкага “Жартаўлівы Пісарэвіч”, але і яго апавяданні “Апостал”, “Незадача”, раман Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”, гумарыстычныя апавяданні Якуба Коласа, аповесць Рыгора Семашкевіча “Бацька ў калаўроце” і іншыя творы. Іх яднае падобны спосаб адлюстравання рэчаіснасці: высмейванне недахопаў і памылак героя, заўсёды спалучаецца тут з гуманістычным падыходам да яго чалавечай сутнасці.
Пачатак гэткаму спосабу адлюстравання, відаць, паклаў А. Міцкевіч у паэме “Пан Тадэвуш”, дзе, дзякуючы сваёй геаграфічнай і часавай аддаленасці ад роднай зямлі і яе насельнікаў, якія сталі прататыпамі ягоных герояў, афарбаваў сваю аўтарскую іронію шчымлівымі тонамі любові і замілавання.
Аўтарская ўсмешка, якая нязменна прысутнічае ў творах М. Андрасюка, таксама пазбаўлена сарказму. Яна падкрэслівае не толькі дастатковую дыстанцыю пісьменніка ад апісваемых падзей, але яшчэ і яго спробу па-філасофску асэнсаваць рэчаіснасць, якую ён адлюстроўвае. Сучасны ўзровень ведаў пра свет і чалавека не пакідае месца для ілюзій — вынікае з гэтага асэнсавання. І свет, і чалавек у шырокім сэнсе гэтага слова (беластоцкі ці мінскі беларус, варшаўскі паляк ці берлінскі немец) — недасканалы, слабы і смешны, але ён такі, а не іншы, і мы павінны прымаць яго такім, як ёсць, з усёй яго недасканаласцю і праблематычнасцю.
У зборніку “Фірма” М. Андрасюк ужывае досыць цікавы кампазіцыйны прыём блокавага паяднання невялікіх навел у адно цэлае. Тут падаюцца тры такія блокі: “Бар у “Алеся”, “Кароткая гісторыя партыі кучаравых” і “Вуліца добрай надзеі”. Навелы, якія ўключаны сюды, яднаюцца паміж сабой агульным месцам дзеяння ў прасторы ці часе. Такім чынам дасягаецца дакладнасць узнаўлення атмасферы правінцыі, з яе традыцыйнымі суседска-сваяцкімі сувязямі, запаволеным напаўвясковым побытам, але і з яе вялікімі праблемамі, выкліканымі зрухамі ў далёкім індустрыяльна-тэхнакратычным свеце.
Палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя працэсы, што вызначаюць змест сучаснай эпохі, закранаюць і нішчаць гэты патрыярхальны свет, адлюстроўваючыся ў ім, як у крывым люстэрку, найперш сваім негатыўным бокам. Як вынікае з рэальнасці, гэта праблема не адной Беласточчыны, гэта бяда сучаснай цывілізацыі. Аднолькава няўпэўнена і бездапаможна смешна паводзяць сябе ў новым свеце рынкава-капіталістычных зносін не толькі персанажы “Фірмы”, але і іншыя маленькія людзі ўсіх постсацыялістычных краін. А гісторыя партыі кучаравых — гэта ўвогуле памфлет на палітычныя гульні і беспрынцыпнасць глабальнай палітыкі.
Беларускамоўная проза М. Андрасюка адлюстроўвае і спецыфіку беларускага нацыянальнага пытання, у пэўнай ступені вызначаную часам. Як і кожны прадстаўнік беларускай меншасці ў Польшчы, М. Андрасюк існуе ў кантэксце польскіх сацыяльна-палітычных і эканамічных праблем, польскай нацыянальнай культуры. І ён сам, і яго акружэнне, якое і дае той першапачатковы матэрыял для стварэння новай мастацкай рэальнасці ў яго прозе, у сваім штодзённым жыцці вымушаны карыстацца польскай мовай, беларуская ж мова выступае мовай неіснуючай рэчаіснасці, рэчаіснасці, створанай аўтарскай фантазіяй.
Такім чынам, гэтая мова набывае ў пэўнай ступені сакральнае значэнне, яна становіцца сродкам самавыяўлення не толькі самога творцы, але і глыбіннай, падкоркавай сутнасці самасвядомасці яго герояў. Магчыма, менавіта таму проза М. Андрасюка арганічна ўліваецца ў плынь беларускай празаічнай традыцыі, пераасэнсоўваючы і папаўняючы яе здабыткі.
1. М. А н д р а с ю к, Фірма, Беласток 2000.
2. М. А н д р а с ю к, Кіно “Ілюзія” // Тэрмапілы, 2002, Нр. 6, с. 80—84.
3. В. Б ы к а ў, Доўгая дарога дадому, Мінск 2002.
4. Я. Ж а м о й ц і н, Літаратурная старонка тыднёвіка “Ніва” (агляд 463—493 нумароў). // Тэрмапілы, 2001, Нр. 4—5, с.240—251.
5. Я. Ч ы к в і н, Сцэны з нашага тэатрума // Тэрмапілы, 2001, Нр. 4—5, с. 268—270.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"