БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 7 / 2003 г.

Дыялектнае слова ў літаратурнай мове
(да характарыстыкі творчасці “белавежцаў”)

Базылі Сегень
Беласток

Мова – гэта адзін з важнейшых атрыбутаў чалавека. Менавіта яна, побач са здольнасцю свядомага і лагічнага мыслення, выдзяляе нас, людзей, сярод іншых жывых істот. Мы нараджаемся без ведання мовы. На парозе жыцця валодаем толькі генетычна дадзенай фізіялагічна-псіхалагічнай магчымасцю навучыцца любой мове. Якую мову вывучым, залежыць ад многіх фактараў, між іншым, ад асяроддзя, дзе мы нарадзіліся і жывём, ад такіх “настаўнікаў” як бацькі, школа, сродкі масавай інфармацыі. Усё гэта аказвае вялікі ўплыў на якасць нашай індывідуальнай моўнай сістэмы.

Першыя словы мы выносім з роднай хаты, пачутыя ад маці, бацькі, бабулі... Гэтая выссаная з матчыным малаком мова ў многіх выпадках мае дыялектны характар. У школе, вну, на працы і ў шматлікіх іншых жыццёвых сітуацыях мы сутыкаемся з літаратурнай мовай, часта адрознай ад гэтай першай, роднай. Чэрпаючы з розных крыніц, мы фармуем сваю ўласную мову, асабістую культуру маўлення. Немалаважны ўплыў на гэта аказвае прыгожае пісьменства. У працэсе фармавання і развіцця як мовы асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства, агромная роля адведзена мастацкай літаратуры. Менавіта пісьменнікі сваімі творамі вызначаюць аблічча і шляхі развіцця канкрэтнай мовы. Неаспрэчнай, як мне здаецца, з’яўляецца таксама адукацыйная функцыя літаратуры. Яна вучыць не толькі, як жыць, што добрае, а што дрэннае, але і як гаварыць, пісаць, як правільна карыстацца словам. Літаратурныя творы вучаць літаратурнай мове.

Паняцце літаратурная мова заключае ў сабе, па меншай меры, два аспекты. Першы звязаны з нарматыўнасцю, агульнапрынятымі правіламі карыстання мовай. Гэты бок літаратурнай мовы, яго значэнне па-рознаму ўспрымаецца яе носьбітамі, залежыць, так бы мовіць, ад іх моўнай адукаванасці. Найбольш поўна ўсведамляюць нарматыўнасць мовы спецыялісты-мовазнаўцы. Ім адведзена таксама роля вызначальнікаў гэтай нарматыўнасці, своеасаблівых суддзяў, якія вырашаюць, што з’яўляецца літаратурнай нормай, а што яе парушэннем. Асноўная маса носьбітаў мовы, звычайныя, больш або менш, адукаваныя людзі – нелінгвісты, у значнай ступені яны пазбаўлены актыўнага ўздзеяння на кшталт літаратурнай мовы, аднак досыць дакладна ўсведамляюць правільнасць маўлення, асэнсоўваюць катэгорыю прыгажосці мовы. Не пазбаўлены здольнасці ацэнкі моўных з’яў таксама малаадукаваныя карыстальнікі мовы. Напрыклад, жыхары вёсак у адносінах да сваёй роднай гаворкі ў стане сцвердзіць наяўнасць/адсутнасць моўнага факту, выкарыстоўваючы да гэтага ацэначныя фразы: “у нас так гавораць” або “ў нас так не гавораць”.

Азначэнне літаратурная пры слове мова мае прамое дачыненне да літаратуры. Літаратурная мова – гэта мова літаратуры. Зразумела, што гэтыя катэгорыі не зусім тоесныя, але іх узаемная сувязь паказвае на адну істотную рэч. Мова літаратуры вельмі часта стаецца літаратурнай мовай. Аўтары літаратурных твораў, з аднаго боку, наканаваны рухацца ў межах літаратурнай, нарматыўнай, мовы, з другога – як творчыя асобы маюць магчымасць ствараць літаратурную мову, прыўносіць у яе новыя элементы, якія з цягам часу становяцца нормай. Гэта найбольш яскрава відаць на прыкладзе т.зв. маладых літаратурных моў, у тым ліку і беларускай. Агульнавядома, што новая беларуская літаратурная мова сфармавалася на базе дыялектаў. Зараз роля народна-гутарковай стыхіі ў развіцці беларускай літаратурнай мовы знізілася (аднак надалей застаецца яна адной з крыніц наватарскіх з’яў у літаратурнай мове) за кошт павышэння моватворнай функцыі прыгожага пісьменства. Неаспрэчным фактам з’яўляецца ўплыў на сённяшні воблік беларускай літаратурнай мовы такіх вядомых майстроў слова як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. Аднак і ў мове іх твораў мы знаходзім шмат элементаў дыялектнага характару. Вузкадыялектныя словы далей трапляюць у беларускую літаратурную мову праз творы згаданых ужо ды іншых вядучых сучасных беларускіх пісьменнікаў, з’яўляюцца адным з важных сродкаў яе ўзбагачэння і развіцця.

Творчая сітуацыя беларускіх пісьменнікаў Беласточчыны асаблівая і непаўторная. Іх пісьменства не эміграцыйнае, яно вырастае на спрадвечнабеларускай глебе, моцна ўкаранелае ў гісторыю, культуру і мову гэтага рэгіёна, які толькі адміністрацыйна аддзелены дзяржаўнай мяжою ад маці-Беларусі. Таму, як здаецца неспецыялісту па творчасці сябраў “Белавежы”, месца вялікай айчыны ў іх творах займае малая айчына, родная Беласточчына. Калі паглядзець біяграфіі “белавежцаў”, можна ўбачыць, што амаль усе яны – выхадцы з вёсак і малых мястэчкаў. Гэты факт прадвызначае прысутнасць у іх творчасці элементаў той мовы, якую яны пазнавалі з калыскі. Мой даклад датычыць якраз пошукаў і аналізу дыялектных з’яў у мове твораў беларускіх пісьменнікаў Польшчы. Па чыста фармальных прычынах я абмежаваўся выбранымі творамі толькі траіх “белавежцаў”: Сакрата Яновіча, Васіля Петручука і Зоі Сачко. На выбар менавіта гэтых пісьменнікаў мелі ўплыў два фактары. Першы – гэта месца іх нараджэння, якое ў моўным плане суадносіць гэтых творцаў з гаворкамі рознай ступені “беларускасці” (крынкаўская – беларуская, арлянская – пераходная беларуска-ўкраінская, грабавецкая – з выразнымі ўкраінскімі рысамі). Неаднолькавая моўная прыналежнасць роднай гаворкі кожнага з траіх аўтараў інакш ўплывае на выкарыстанне дыялектных элементаў у іх творчасці. Адсюль больш “скрытымі” з’яўляюцца дыялектызмы ў С. Яновіча, яўна выражаныя – у В. Петручука і З. Сачко. Другі фактар – падыход саміх аўтараў да ролі роднай гаворкі ў іх пісьменстве. С. Яновіч і В. Петручук пішуць на беларускай літаратурнай мове, уплятаючы толькі, больш або менш адкрыта, народна-гутарковыя элементы, З. Сачко – на дыялекце роднай вёскі.

Перад тым, як перайсці да моўнай характарыстыкі творчасці названых пісьменнікаў, хачу адзначыць, што аналіз праводзіцца з чыста мовазнаўчага пункту гледжання. Больш літаратуразнаўчы падыхад да згаданага пытання немагчымы з-за недастатковай адукаванасці аўтара даклада ў гэтай галіне філалагічных ведаў.

Творчасць “белавежцаў” вядомая шырокаму колу чытачоў з Польшчы, Беларусі і іншых краін свету, многім літаратурным крытыкам і даследчыкам-літаратуразнаўцам. Некранутым застаецца моўны аспект іх твораў. Мой даклад – гэта, па сутнасці, першая спроба лінгвістычнага падыходу да беларускага прыгожага пісьменства Беласточчыны, поўнасцю наватарская і ў многіх момантах павярхоўная.

Літаратурная дзейнасць С. Яновіча дабілася самых высокіх адзнак, перш за ўсё сярод тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай. Ён адзін з самых вядомых “белавежскіх” празаікаў, аўтар некалькіх зборнікаў апавяданняў, аповесцяў, эсэ, знакамітая частка якіх перакладалася на польскую, англійскую, італьянскую мовы. С. Яновіч таксама майстар слова, са сваім непаўторным, адметным моўным варштатам. Думаецца, што і гэты бок яго творчасці дачакаецца поўнага і грунтоўнага аналізу. Тут прыводзяцца толькі некаторыя папярэднія разважанні наконт моўных сродкаў, якімі карыстаецца ўраджэнец Крынак. Менавіта прысвечаныя родным мясцінам апавяданні і аповесць “Сцяна”, што змешчаныя ў кнізе “Доўгая сьмерць Крынак” (Беласток – Бельск, 1993), паслужылі крыніцай моўнага матэрыялу для гэтага даклада. Сабраны мною матэрыял вельмі разнастайны, ён патрабуе змястоўнага і больш дакладнага даследавання. Я абмяжуюся тут толькі некалькімі заўвагамі аб яго дыялектных асаблівасцях.

Ужо павярхоўны погляд на фактычны матэрыял дазваляе выдзяліць у ім групу моўных адзінак неалагічнага характару, большасць з якіх гэта т.зв. словаўтваральныя наватворы тыпу: галіноўе: “Пад старою яблыняй з павіслым ад пладоў галіноўем” (с. 58), гняздоўе: “вада (...) паблісквае пад стромаю з гняздоўем плісак” (с. 59), дажджоўе: “Цяплынь пасьцелі ў дажджоўе” (с. 59), асельле: “беляхціць палоска грэчкі, запахацеўшы асельле ажно па ельнік” (с. 9), каранёўе: “Чалавек, бачыш, (...) адрываецца ад каранёўя свайго” (с. 61), жанімства: “Перад жанімствам з Кірай Сьцяпан перажыў дзіўную прыгоду” (с. 131), юначасьць: “думалася Сьцяпану, што маладосьць зьяўляецца такім-жа эмбрыёнам сталасьці, як дзяцінства – юначасьці” (с. 103), блізьнюкі: “Ранкамі наведваліся двух у капелюшох, трохі як блізьнюкі” (с. 57), шаснастоўка: “яна ўгледзела разаспаную шаснастоўку з Маркам у пасьцелі” (с. 26), дзе аўтар стварае зусім новыя зборныя назоўнікі (гняздоўе, дажджоўе) або выкарыстоўвае іншыя, чым у літаратурнай мове, словаўтваральныя суфіксы (жанімства – літ. жаніцьба, юначасьць – літ. юнацтва, галіноўе – літ. галлё, асельле – літ. аселіца, каранёўе – літ. карэнне, блізьнюкі – літ. блізняты, шаснастоўка – у літаратурнай мове перадаецца апісальна: шаснаццацігадовая дзяўчына). Сустракаюцца таксама цалкам новыя лексічныя адзінкі, напр., ламарэньдзе ‘нейкае металічнае ламачча, непатрэбнае жалеззе’: „пабрэньквала запавуцінелае ламарэньдзе” (с. 8) і суадносны з ім дзеяслоў ламарэньдзіць: “Часам ламарэньдзіць паміж платамі грузавік” (с. 55). Адносна гэтых наватвораў цяжка, аднак, сказаць, як заўважае Генадзь Цыхун1, ці яны ўзятыя з народна-гутарковай мовы, ці маюць аўтарскі характар.

Звяртае на сябе ўвагу значная колькасць паланізмаў: адзінец ‘самец дзіка’: “Антон упаляваў быў з абрэза ўгадованага адзінца” (с. 9), пекна ‘прыгожа’: “Пекна дзякую вам!” (с. 30), радзіна ‘сям’я’: “Уся радзіна (...) выправіла Івону ў цётчыну Амэрыку” (с. 45), гутнік ‘шклавар’: “У брата яна доўга не пабыла: яе ўзяў шкляны гутнік” (с. 34), прыстанак ‘прыпынак’: “Ідучы ад аўтобуснага прыстанку, (...) біўся ён зь недарэчным успамінам пра квактуху” (с. 35), даўгапіс ‘ручка’: “даўгапісам нэрвова рысаваў ён выкрутасы” (с. 110), правідловы ‘правільны’: “Арыентацыя ў іх зьяўляецца ўмовай правідловых высноваў” (с. 116), учцівы ‘чэсны, добрасумленны’: “Мала ўчцівых, такіх як вы, пане Сумленевіч” (с. 118), шопа ‘сарай’: “Адмыкай, дзеду, шопу: будзем цымант браць” (с. 121), майткі ‘трусы’: “Скідай, фраў, майткі!..” (с. 132), даць драпака ‘хутка ўцячы’: “Даставалася тады й Малюце, які, замест даць драпака ў зарасьлі чарносьліву, скавытаў і падлізваўся бабе” (с. 9) і многа іншых. Такія словы, як здаецца, двума спосабамі пранікаюць у беларускую мову Яновічавых твораў: непасрэдна з польскай мовы (блеф, партнар і інш.) або праз мясцовую гаворку (прыстанак, радзіна і інш.). З прыведзеных прыкладаў бачна, што ні з’явам наватарскага характару, ні словам польскамоўнага паходжання нельга адназначна прыпісаць дыялектную аснову.

Яскравай рысай народнай мовы з’яўляецца яе эмацыянальная афарбаванасць. Выразны экспрэсійна-ацэначны характар маюць такія словы як: дрыпаць: “Дрыпаючы ў склеп па бульбу сьвіньням, Каруся думала: дачка далёка, сын у Беластоку” (с. 3), матлашыць: “Баньдзіт (...) пацукоў біў з разважанай заўзятасьцю, (...) у сьвінятніку, дзе любілі яны матлашыць” (с. 9), турнуць: “нікуды яны не турнуць цябе з гаспадаркі” (с. 11), мацюгаць: “Сталіна лішне мацягаюць” (с. 12), шпарыць: “ля парога шпараць свае кавалкі ўжо падпоеныя музыканты” (с. 16), высалапіцца: “Толькі я гэта высалапіўся з тае ямы” (с. 49), цубаніць: “Вятрыскі (...) цубаняць дажджамі па высокай адгэтуль сьцяне дому” (с. 58), гушкнуць: “падхапілі яго (...) на рукі ды гушкнулі пад самуткую столь” (с. 156), насупоніцца: “– Дзе ты, Сьцяпан, быў?! – насупонілася Кіра” (с. 164), гакнуць: “Убег з вуліцы міліцыянт і, вытузунуўшы (...) гумовую палку, гакнуў ёю па выпучанум азадку” (с. 187), бельмакі: “дрымотна лыпаў на яго бельмакамі” (с. 9), сьлепнякі: “ты лупіў іх праўдай па сьлепнякох” (с. 101), булавешка: “вэрсіі (...), якія несумнення ўзьніклі ў пажвавелых урадніцкіх булавешках” (с. 89), бамбіза: “Пакліч да мяне таго бамбізу” (с. 123), шмаравоз: “я наткнуўся на Зюніка ў гаражыку пажарнікаў, куды давялося мне зайсьці, да тых шмаравозаў” (с. 27), смургель: “рагатала мачаха, адганяючы ад стала смургеляў” (с. 11). З пункту гледжання літаратурнай мовы вульгарызмамі з’яўляюцца: дрыстачка: “Усё перашкоды былі й перашкоды: як не дрыстачка, дык балячка!” (с. 189), засранец: “пад весну разбэшчаныя засранцы пакалечылі таксіста” (с. 89), выраз дурыць сраку: “Я, слухай ты, ня маю часу чытаць тваю пісаніну, (...) – Прыяжджаеце сюды, дурыце сраку” (с. 121).

Шэраг з’яў мясцовага паходжання заўважаецца таксама на ўзроўні фанетыкі, марфалогіі, лексікі. Сярод гукавых асаблівасцяў варта адзначыць замену нехарактэрнага ўсходнеславянскім дыялектам губна-зубнога [ф] губным [п] у слове шкапчык (с. 9) (параўн., уласнае імя Сцяпан < Stefan); наяўнасць пратэтычнага гука [в] у слове ваконца (с. 65) (параўн., літ. вокны, але акно); захаванне старажытнага [г] у слове калюга (с. 139) (параўн., праслав. * lougia, латыш. luga, а таксама бел. літ. лужа, рус. лужа, польск. kałuża)2; наяўнасць фрыкатыўнага [г] у словах стыгнуць (с. 22) (параўн., бел. літ. стынуць, польск. stygnąć), габінэт (с. 99) (параўн., бел. літ. кабінет, польск. gabinet).

У галіне марфалогіі заслугоўваюць увагі сінтэтычная форма будучага часу: трымацьму (с. 11), успамінацьмуць (с. 20), жыцьмуць (с. 35) абыходзіцьмець (с. 38), якая паходзіць са складанай старажытнай формы имати (иму) + інфінітыў асноўнага дзеяслова3; архаічная форма запрошлага часу: упаляваў быў (с. 9); націскны канчатак -ох назоўнікаў у месным склоне множнага ліку: па гарадох (с. 65), у хлявох (с. 65), па сьлепнякох (с. 101); узмацняльная часціца -ка ў прыслоўях тыпу тамака (с. 44, 62), у дзеяслоўнай форме ёсьцека (с. 61); канчатак -мо ў 1-й асобе множнага ліку дзеясловаў: баімося (с. 101); рэліктавыя формы клічнага склону: бацьку (с. 4), дзеду (с. 121), людкове (с. 65).

Словаўтваральна цікавымі з’яўляюцца словы тайніца (с. 142), перадпоўнач (с. 60), поначы (с. 21), упоранкі (с. 46), конча (с. 134), насамперад (с. 52), вазонікі (с. 74), празыўка (с. 38) і многія іншыя.

У зборніку С. Яновіча выяўлены таксама шматлікія лексічныя адзінкі, што заслугоўваюць падрабязнага семантыка-этымалагічнага аналізу. Да іх трэба аднесці словы: байкі ‘нічога сабе’: “Мужчына зь яго байкі” (с. 34), здухамэнтамі ‘не пакідаючы сухога месца’: “Заграбаючы ў кошык бульбіны, праклінала здухамэнтамі жыцьцё” (с. 3), крыцаю ‘ціха, не высоўваючыся’: “Сядзі крыцаю, во, і задаволены будзь, што не чапаюць!” (с. 64), малавеле ‘амаль, траха што’: “стала вядома, што Самасея малавеле не зарэзала дачка Кабыліхі” (с. 6), рыхтык ‘так сама, аднолькава’: “А плот ставіў ён потым, рыхтык як той Бязбожнікавы Франак калісьці ксяндзу” (с. 53), што-лень ‘што-небудзь’: “Скажы што-лень пра сябе” (с. 176), якая-колечы ‘якая-небудзь’: “Пражывеш сабе (...) без прэтэнзіяў на якую-колечы значнасьць” (с. 65). Дакладнае тлумачэнне паходжання названых слоў патрабуе дэталёвага даследавання, аднак тут хочацца даць уступныя гіпотэзы адносна этымалогіі некаторых з іх. Такім чынам, прыслоўе здухамэнтамі можа паходзіць ад спалучэння з дакументамі, адлюстроўваючы метатэзу галосных [а] і [у] і замену [к] у [х]. На карысць гэтага сведчыць семантыка словазлучэння прапасці з дакументамі ‘знікнуць бясследна, цалкам’, што, як здаецца, блізкае Яновічаваму праклінаць здухамэнтамі, г. зн. вельмі моцна. Абодва словазлучэнні яднае крайняя мяжа, якой дасягае дзеянне, выражанае дзеясловамі знікнуць і праклінаць. Слова рыхтык поўнасцю перанятае з ням. richtig ‘правільна, сапраўдна, дакладна’, хутчэй за ўсё праз польскую мову. Назоўнік супражнік ‘напарнік’ (у іншым месцы перадаецца семантычна блізкім словам партнар) сваім значэннем звязаны з дзеясловам спрэгчыся ‘аб’яднацца для выканання якой-небудзь справы’. Сумеснасць мэты дзеяння дадаткова выражаецца прыстаўкай су-, параўн., суайчыннік, супрацоўнік і г.д. Сюды ж адносіцца і слова супражжа ‘адносіны паміж супражнікамі, напарнікамі’. Гукапераймальным з’яўляецца лексема пожлукт: “наліў сабе з графіну паўшклянкі газаванай вады й выпіў з неэстэтычным пожлуктам (бы конь з карыта ля калодзежа)” (с. 235), роднасная дзеяслову жлукціць ‘многа і прагна піць’, параўн., польск. żłopać. Лексічнымі архаізмамі трэба лічыць словы куча ‘хата, халупа’: “Званіла толькі па ўведзеным у гэтую, бацькаву, кучу тэлефоне” (с. 45) (< праслав. kotja), почут ‘слых’: “І ўсякі почут прапаў пра іх” (с. 10)4.

Аднатаваны таксама шэраг моўных адзінак такіх як: фахоўка: “Гаварылася (...), што ў той машыне старшыні сядзела яго, Сьцяпана, жонка, бязьдзетная фахоўка” (с. 162), кануры: “рыхтуюць ім кануры з падлогаю ды ваконцам у лішніх хлявох” (с. 65), вапух: “Вятрыскі (...) гудзяць у коміне ды пасьвістваюць у вапухах” (с. 58), укаплех: “Не знайшоўшы дарагіх грошай, пабралі з хлява жывіну, надалі ўкаплех матцы з бацькам” (с. 44), наўвеце: “Ён меў наўвеце магнітафон” (с. 31) і некаторыя іншыя, тлумачэнне значэння і паходжання якіх без глыбокага і грунтоўнага аналізу зараз прапанаваць рызыкоўна.

І на канец дзве заўвагі больш агульнага плану. Дыялектныя з’явы ў мове “Доўгай сьмерці Крынак” з-за тыповага беларускага паходжання арганічна ўпісаны ў тэкст, вельмі рэдка выдзяляюцца сваім гукавым абліччам. Значна больш заўважальныя марфалагічныя і, асабліва, лексіка-семантычныя народна-гутарковыя рысы. Частотнасць праяўлення мясцовых моўных асаблівасцяў сведчыць на карысць апавяданняў па прычыне апісання ў іх сельска-маламестачковай рэчаіснасці, асяроддзя тых людзей, родная мова якіх можа натуральна прысутнічаць у літаратурным творы. Праблематыка аповесці “Сцяна” звязана з горадам, які вымушае сваіх жыхароў забыць, адкуль яны родам, і карыстацца “панскай” мовай.

Аўтабіяграфічная аповесць “Пожня” Васіля Петручука характарызуецца адметным выкарыстаннем у ёй роднай гаворкі аўтара, а таксама яскравымі ўкраінскімі асаблівасцямі дыялектнага моўнага матэрыялу. Мясцовая мова прысутнічае ў творы, перш за ўсё, у выглядзе цэлых рэплік, выказванняў літаратурных герояў, з’яўляецца, як мне здаецца, адным з элементаў характарыстыкі персанажаў аповесці. Дыялектныя словы вельмі рэдка трапляюцца ў аўтарскай мове з-за стараннасці і дбайнасці В. Петручука аб чысціні беларускай мовы яго твора. У апавяданні аўтара сустракаем нешматлікія мясцовыя словы тыпу: гожы (с. 227)5 замест пазнейшага па паходжанні літ. прыгожы; нагавіцы (с. 231) у значэнні ‘штаны, порткі’; паланізмы блюза (с. 252) ‘гімнасцёрка’, пачка (с. 253) ‘пасылка’; граматычныя формы бацькаві (с. 228) на месцы літ. бацьку, знача (с. 252) без канцовага -ць у 3-й асобе адзіночнага ліку дзеясловаў ІІ спражэння; пытальнае слова чом (с. 252) замест літ. чаму.

Вялікую цікавасць для лінгвіста-дыялектолага ўяўляюць сабой суцэльныя фрагменты народна-гутарковай мовы, якія з’яўляюцца багатай крыніцай ведаў аб мове жыхароў паўднёвай Беласточчыны. Да найбольш характэрных дыялектных асаблівасцяў належаць: оканне – мого (с. 232), огортаты (с. 232), колядоваты (с. 232); наяўнасць цвёрдых губных і зубных зычных перад этымалагічнымі е, і – носыты (с. 233), мэнэ (с. 234), сыэм (с. 232), сыдыт (с. 238), быжы (с. 236), пропыв (с. 237); пераход [і] ў [у] ў формах дзеяслова быць – булі в нас (с. 233); наяўнасць дыфтонгаў іе, ые, уо на месцы старых e, о – тобіе (с. 232), ліет (с. 232), чоловіэк (с. 228), віэрыт (с. 238), сэстрыэ (с. 238), згорыэв (с. 238), куолько (с. 233), груом (с. 238), до Вуорлі (с. 238); вымаўленне мяккіх [д’], [т’] без фрыкатыўнага элемента – дядьку (с. 234), тытёну (с. 234); наяўнасць старажытнай формы інфінітыва на -ты – платыты (с. 237), мучыты (с. 237), носыты (с. 233). Некаторыя з названых рыс збліжаюць грабавецкую гаворку з дыялектамі украінскай мовы.

Аналізуючы моўны аспект аповесці В. Петручука, неабходна адзначыць яшчэ адзін момант. Многія героі твора выказваюцца ў ім на сваёй роднай мове. Гэты аўтарскі прыём дазваляе больш поўна раскрыць характар нават эпізадычных персанажаў, унесці своеасаблівы каларыт у аповесць. Такім чынам, выказванні самога аўтара гучаць на роднай гаворцы: “Мамо! Мамочко! Нэ біетэ Бурчыка! Заб’етэ ёго!” (с. 231). Тое ж самае наглядаем у мове мачахі: “Закопай ёго, баструку, бо і тобіе тое будэ” (с. 231), бацькі: “Эх ты, п... чого ты до мэнэ чэпляешся? Хыба лепый, шчо пропыв, як міев платыты?” (с. 237). Нацыянальную адметнасць падкрэслівае мова Мані, рускай жонкі дзядзькі Ванькі: “Да, да (...) а деньги у тебя есть? Надо ж купить бумагу, свечки, чтоб звезду сделать красивой” (с. 233), рускага параненага салдата: “... Пить очень хочется. А где наши?” (с. 243), польскага пасажыра цягніка: “Буркі, ешчэ зобачыце” (с. 245). Але не заўсёды Петручукавы палякі гавораць на сваёй роднай мове. Камендант пастарунка выказваецца ў творы па-беларуску: “Ідзі дамоў, а калі будзе трэба – паклічам” (с. 244), так жа афіцэр міліцыі: “Вось табе прызванне ў армію...” (с. 246). У прыведзеных прыкладах бачны, як мне здаецца, элементы моўнага крытэрыя падзелу персанажаў на станоўчых і адмоўных. Беларускай мовай аўтар надзяліў тых людзей, якія пэўным чынам спрыялі яму ў нялёгкім жыццёвым лёсе.

Паэзія ўраджэнкі вёскі Вулька на Беласточчыне, Зоі Сачко, выключная і непаўторная, у першую чаргу з-за свядомай і паслядоўнай манеры пісаць на родным дыялекце. Гэта, як піша Алесь Барскі ва ўступным слове да зборніка “Пошукі”, “свайго роду паклон паэтэсы роднай вёсцы”6. У кантэксце тэмы гэтага даклада трэба адзначыць, што дыялектнае слова ў творчасці З. Сачко і ёсць яе літаратурная мова. Дарагія сэрцу “белавежанкі” мясціны ў моўных адносінах ляжаць у паласе пераходных беларуска-ўкраінскіх гаворак. Да іх найбольш характэрных фанетыка-марфалагічных рыс належаць: оканне – головою (с. 480)7, росколоті (с. 478), позолочаны (с. 476); паўмяккія зычныя [д’], [т’] – дідуоў (с. 477), діті (с. 477), тіэшытэсь (с. 482); дыфтонгі іе, ые, уо – цьвіэтом біэлым (с. 483), мніэ (с. 483), віэтёр (с. 483), буоль (с. 480), облуог (с. 478), двуор (с. 481); зваротны постфікс -ця ў 3-й асобе адзіночнага і множнага ліку дзеясловаў – вчэпіцьця (с. 478), здаецьця (с. 476), удасьця (с. 475), усядуцьця (с. 476), напоўняюцьця (с. 477); дыфтангічныя канчаткі назоўнага склону множнага ліку назоўнікаў – журавліэ (с. 480), крыжыэ (с. 481). Адносна сродкаў выражэння зваротнасці дзеясловаў варта заўважыць, што, апрача згаданага ўжо постфікса -ця, з гэтай мэтай выкарыстоўваюцца паэтэсай варыянтныя формы на -ся, -сь – кланяемся (с. 480), закружывся (с. 477), тороп’юсь (с. 481), встрыэтімось (с. 480), прычым вельмі часта выбар таго ці іншага постфікса мае пазамоўную матывацыю, тлумачыцца прыёмамі вершаскладання. У абсалютна аднолькавай пазіцыі (пасля галоснай) выступаюць розныя формы: дівітіся (с. 479) і дівітісь (с. 480). Адзначана таксама рэдкая для пераходных беларуска-ўкраінскіх гаворак з’ява пераходу [і] ў [у] ў формах дзеяслова быць і роднасных яму прэфіксальных утварэннях: здобула (с. 478), бувае (с. 478).

Сярод лексічных асаблівасцяў хацелася б звярнуць увагу на паланізмы дзісь ‘сёння’ (с. 480) і жыце ‘жыццё’ (с. 475)8; аўтарскае ўтварэнне кацей ‘кот’ (с. 481) з нетыповай для аналізаванага моўнага матэрыялу праявай цекання.

У заключэнне трэба падкрэсліць, што выказаныя вышэй меркаванні аб моўных асаблівасцях твораў С. Яновіча, В. Петручука і З. Сачко далёка не вычэрпваюць усіх магчымасцяў і спосабаў лінгвістычнага аналізу, а хутчэй за ўсё з’яўляюцца спробай паказаць моўнае багацце прыгожага пісьменства Беласточчыны, яго мясцовы каларыт і спецыфіку. Дыялектнае слова па-рознаму заяўляе аб сабе з апавяданняў С. Яновіча, аповесці В. Петручука, вершаў З. Сачко, аднак кожны з названых пісьменнікаў несумненна заслугоўвае глыбокага, шматбаковага і грунтоўнага даследавання іх майстэрства карыстацца словам.


1 Г. Ц ы х у н, Лексіка Беласточчыны ў арэальна-этымалагічным асвятленні, [y:] Język i kultura białoruska w kontakcie z sąsiadami, Warszawa 2001, s. 51.

2 Этымалогію гл.: М. Ф а с м е р, Этимологический словарь русского языка, т. ІІ, Санкт-Петербург 1996, с. 529-530.

3 М. В. А б а б у р к а, Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў, Мінск 1992, с. 131.

4 Гл. таксама: Г. Ц ы х у н, Лексіка Беласточчыны..., c. 50.

5 Нумар старонкі даецца паводле выдання: В. П е т р у ч у к, Пожня (Фрагменты з аповесці), [у:] Беларускія пісьменнікі Польшчы, Мінск 2000, с. 227-256.

6 З. С а ч к о, Пошукі, Беласток 1982, с. 3.

7 Нумар старонкі даецца паводле выдання: З. С а ч к о, “Осэнь нэ прыходіт...” і іншыя вершы, [у:] Беларускія пісьменнікі Польшчы, Мінск 2000, с. 475-484.

8 Такая форма (жыце) без падаўжэння [ц] (параўн., літ. жыццё) можа быць вынікам уласнадыялектнага працэсу пераходу старога спалучэння [tj] у мяккі зычны [ц’], якія наглядаем таксама ў словах: дыял. каміене – літ. каменне, дыял. вэсіеле – літ. вяселле, дыял. збуожэ – літ. збожжа.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія