|
ЮРЫЙ БАЕНА
ПАД ГЭТЫМ НЕБАМ
* * *
Пад тваю абарону іду,
слова першае,
беларускае, пісанае ў кнігах
і няпісанае.
Гонар ты мой,
кветка лілея,
скарбніца вякоў
і надзея.
Слова роднае,
неўміручае,
ты як сцяг
у снягах.
Вакол завея.
* * *
На гэтай зямлі
пад гэтым небам
пішу свой верш.
У вокны стукаюць
гарачыя думкі,
неспакойныя словы,
няздзейсненыя мары.
У бяссонную ноч
спатыкаюся
аб карэнні болю.
Хораша мне маніцца сказаць
пра вернасць
непагасламу роднаму.
Паэма пра любоў
да чатырох сцен дома
таксама яшчэ ненапісана.
Таму на тваю
дапамогу разлічваю –
с э р ц а!
* * *
Два светы і толькі адно сонца,
шчаслівасць травы.
А сэрца – ў самоце.
Вочы, пустыня, пясок...
Сны – на парозе – нявысненыя.
Гарыць, дагарае галлё.
Боль ува мне
расце, як дрэва.
У найвялікшай гатоўнасці
сам-насам іду –
на сустрэчу з сабою.
Пакута мая – вастрыё думак.
Мова мая – цень крыку.
* * *
Я – камень.
Я – трыванне.
Крык унутры,
маўчанне.
Сяджу за сталом,
думаю:
Горы – далёкія!
Рэкі – шырокія!
Муры – высокія!
Я – камень.
Ноч. Не сплю.
У акно гляджу –
вось выплыў шар...
Чырванню
раптам заззялі ружы
ў цёмным пакоі мараў.
Зярнятка зямлі
Хвалі жыцця
накатваюцца і адплываюць,
сціраючы сляды
чалавечай прысутнасці.
Я – зярнятка зямлі,
якое заблудзіла
паміж двума
радкамі верша.
* * *
Мама мілая,
век цэлы нябачная,
непрысутная,
блізкая нябёсам,
у час зацьмення
яшчэ раз
пакажы мне сонца.
Чулліва адазвіся шэптам,
веснавой песняй,
шолахам траў і лісця.
Яшчэ раз
святочным ранкам
павядзі ў блакітную царкву,
у Падбелле –
Як у Галілею.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|