|
Я Н О
Аповесць
(Частка першая: “Тэрмапілы” № 6)
Частка другая
ЯНКА ЮХНАВЕЦ
2.
Палкоўнік вярнуўся дадому і спаткаў Алену з Ганяй у сваім габінеце. Цяперака там усё было паіншаму: падвялічана выглядам упрыгожы. Не супраціўляліся вытыркнутыя спругі з старой канапы, а атоньвалі мяккія аксаміты з маладым адсветам каляровасці на іх. Успаміны аб колішнім павуцінні на сценах змянілі ў бронзавых рамах тры краявіды мастака Цвіркі. Усё ў старым будынку Алена папраўляла старанна. Ёй ніхто не мог перашкаджаць у тым звычайным заслоне жыцця, дзе затульваліся ўмовы ейнай нечапанай мроі пра ўсё і нічога. Глумленне якойнебудзь прокмеці жыцця ёсць навета захавання будучага шчасця, або наадварот – велізарнае адгадванне несумніўнасці ў сумніву!
– Ах, як зноў бязвінна і шчасліва!
У ёй глыбей аседжваўся вобраз цікаванай цярплівасці: паспешнасць сустрэцца з Міхасём…
У габінеце Алена мела крыху сумную і не надзвычайную гутарку для Гані. Ганя найперша нават не паверыла ёй, бо меркавала паступовае ўваходжанне Алены ў апавядальнасць, падрыхтаванасць да вядомага здзеку над ёй і палкоўнікам. Яна слухала ўважліва. Штосьці дарагое належала ёй у вясёлым настроі сястры.
– Не! Не, Алюся! Не паверу! – з уражлівасцяй ускрыкнула Ганя. – Ты нарошні, сястра, растраўляеш мяне! Ты жадаеш нешта вызначыць мне!..
– Дзе і што? – жартаўліва спыталася Алена.
– Тут у двары! – быццам напагатаваная да плачу, адказала Ганя.
– Я не хачу цябе крыўдзіць. Я ад свайго шчасця кажу табе ўсё мне вядомае. Ты ж мне сястра, сястра родная і дарагая даражоная…
Алена, падзіцячаму лёгкая, вельмі вольная і кволая ў сэрцы, дурона падбегла да Гані, якая сядзела ў крэсле каля вакна, пяшчотліва абняла яе. Прылучвалася ўсё тое, што адбылося і ўспомнілася каля паўгадзіны даўчасу з Міхасём. Яно зноў адчувалася ў Алене сапраўднасцяй, а не мроенай спакусай. Яна прысела на калені каля Гані, як каля дачкі, і захоплена ў непрамільгнуўшай сціхасці загаманіла:
– Даўней, калі былі малыя, за вячэрай хваліліся маме і тату пра ўсё натворанае за дзень. Мама спадцішна ўсміхаецца ад нашых размоў, а тата ківае галавой, утаропліваецца незадаволеным ды кажа: – Ну, ну, сакатухі, пільнуйцеся – некалі хлапцы дадуць лазы, ой дадуць, сцеражэцеся!.. Мама абдыме нас, пацалуе: “Мае вы пліскі непаседлівыя”, – скажа таксама ўсміхаючыся… Але навошта гэта ўспамінаць? – неяк зналуску заканчвае Алена і ўскоквае з падлогі, абівае без патрэбы сукенку на каленях і палюдску, дазволена, паблісквае прыліплымі да веяк слёзамі.
– Што ў чалавечым сэрцы не ўтопліваецца? – поўнасцю не выкарыстана, дадае яна, бадай, для сябе, бадай, дзеля Гані.
Алена спыніла ахову таемнасці Ганінага жыцця. Яна прызналася ёй, што была ўзятая Аленіным бацькам з дзіцячага прытулку ў Вільні, што яе бацькі былі вайсковыя лекары і памерлі дзесьці ад тыфу; што ёй, Гані, праз тры тыдні не семнаццаты пойдзе год, а васемнаццаць будзе; што дзень нарадзін у Аленінай сям’і для Гані лічыўся ад дня, калі яе прывезлі ў сям’ю з Вільні – ёй было тады два гады.
– У нас дачка падрослай нарадзілася, – калісьці люба жартаваў, здаецца, бы ўчора, Аленін бацька. Ад гэтае радасці, закатаванаму польскімі жандарамі, дасталося толькі глядзець з таго свету на адсвет свайго роду…
Якраз і палкоўнік увайшоў у габінет.
– А я шукаю яе… Алюся, ледзь не праз год пакінула свой пакой! Вітаю цябе!.. Што сказаў доктар? Ты выглядзіш здаровай… Ганя, падтрымай мяне – без якоганебудзь недахопу, – выказаўся палкоўнік.
– А дзе ж ты быў? – спытала Алена.
– Я ж, ведаеш, чалавек вайсковы – непаседа: пад завірухай пахадзіў, – запэўніў палкоўнік.
– Барыс…
– Нешта зноў прыходзіцца чуць маё імя, – вясёла заскочыў ён у Аленіну гутарку.
– Добра, палкоўнічак, тады я вярнуся да майго прызвычаенага, – папярэдзіла яна. – Пакуль ты прыйшоў сюды, я крыху, а можа, зусім да апошняга скрайку абвясціла Гані некаторую тайніцу.
Палкоўнік не меркаваў пра Аленіну непрайменнасць паказаць у самай засуканай волі поўную ягоную будучыню – месца пад дахам двору.
– Толькі не перашкаджай мне гутарыць, і ты хутчэй пачуеш маю згоду даць табе дарогу ў вячніну, у сваю радзімую, карысную ў цяпершчыне…
– …нешта не цемлю, да чаго ты вернеш, – собілася палкоўніку настарожнасць.
– Дык тады без уступаў, бо да вечару не скончу…
– Праўда, Алюся, праўда! – з ашчаднай усмешкай падтрымаў палкоўнік і паглядзеў на Ганю, паглядзела на яе і Алена.
– Не сумуй, Ганя. Яно балесна, але, бадай, не дармо!.. Я, палкоўнічак, пра твой ліст да мяне, памятаеш? Я таго часу, калі падкінуў яго, прачытала ўважліва…
– Кінь, Алюся – я забыўся пра тое. Навошта вярэдзіць спакой сэрцаў і ціхамірнасць у хаце?.. Паглядзі, як дзьме на дварэ.
– Палкоўнічак, я жадаю пахваліць цябе: і нямудрае будзе мудрым, калі яно сказана сваёй мовай, надумана сваім розумам… Валадарнічай над сваім! Але ўсёткі дазваляй мне браць маленькую жменю дабра з твайго маёнтку. Гэта ў вадмежку – адказ на твой ліст, і наступнае, для абаіх: калі толькі Ганя кахае цябе, дык можа кахаць і жаніцца з табой. Праз год я дамагуся ў нямецкім судзе разводу – папісанаму закону пасудзімся. Мадзець у непаладзе больш ня будзем. Варухнемся, сябры, так ці не?
– Вось дык казка, Алюся!
– Палкоўнічак, я не кахала і не думала кахаць вас!
– Алюся, апамятайся! Навошта ізноў пачынаеш?
Алена засмяялася.
– Алюся, я ад кахання да цябе напісаў той ліст. Бяздумны – я! Даруй мне!
Палкоўнік уторна зірнуў на Ганю. Яна, паранейшаму ўзірлівая і ахопленая ўсім, што колькі часінаў да гэтага і дабаўленага кадзе пачула, пабялелая, уразліва плюшчыла павекі.
– Ганя, сястра мая родная і даражоная, кахаеш – кахай! Але асцерагайся аднаго: сціхне вайна, апынешся сярод людзей, убачыш кахання іншых – апамятаешся. Захочацца і табе іхнага кахання, ды позна будзе. Позна, позна! Да смерці можаш застацца нашчай ад гэтага неадведанага…
Аленіны словы нарэшце даткнулі Ганю. Яна, уцвеленая, шпарка ўстала з крэсла.
– Чым нашчая?
– Каханнем! Будзеш у колькіх кроках ад яго і ня будзеш магчы прылучыць да сябе яго. Будзеш варочацца, займацца занятым!
– Сорам, сястра!..
– Ну і словы! Што з табой, Алюся? Ды ліха нам: мудрасць адна і тая кажны дзень… і ты, Ганя, не спрачайся, ты ж ніколі не супярэчыла сястры. Няхай яна дакарае. Слухай, – умяшаўся палкоўнік паважна і настойліва. Алена зноў засмяялася.
– З чаго, сястра, смяешся? Дзеля чаго насмехі? – спыталася Ганя і, ураўнаважаная ў цярплівасці, крутанулася да палкоўніка.
– Барыс, я кахаю цябе!
Яна прыпала да палкоўніка ў шчырым пацалунку.
У той дзень у яе найшлася на душы нашчэпка. Нашчэпка незалежная і неадхільная: вырашаць пра сябе самой.
Алене не засталося чаго рабіць там, у габінеце, яна мусіла прынукна паказаць сваю задаволенасць усё тым самым усмехам, і, са сцісненымі на вачох слязінамі, пайсці адтуль.
[ працаг
]
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|