|
Марыля БАЗЫЛЮК
ФІЯЛКАЙ МІЖ ТРАВЫ РОСНАЙ
* * *
беганнем
змучаная
прыстану
ў цяні зарослых
паваротаў сцежак
ласкавай цішыне
гушчарам цяністым
раскіну чаканне
каб хоць на момант
пашаптаць з ветрам
і ступіць на парог
дзе нарадзілася на хвіліну
* * *
несла на руках
бязмежнае шчасце
працягвала да нас
свае далоні
калатанне
маленькага сэрца
да болю блізкія
сіняўкі вачэй
твае
жыццё абяцала
спаўненне немагчымага
* * *
чаму
такія патрэбныя
вы ўсе мне
перапоўненая дотыкам шчасця
не пазнаю яго
як паветра праходзіць
пагаманіўшы аб нечым
дзесьці іграюць
на кветках каштанаў
закаханыя чмялі
* * *
як няскладныя рыфмы
мой свет
рамонка белых пялёсткаў
абяццанні
бязлітасна час глытае
зацягвае змроку бяльмом
неспакой сэрца
трапятанне жыцця
хваляванні праменняў
твае словы
перахіленую да дна
чашу болю
* * *
ты там
я тут
над звіткам слоў
не сказаных ніколі ў голас
цярэбім час
разгортваю сябе
заблытаныя
ў павуцінне дзён сляды
усё яшчэ
фіялкай між травы роснай
палоняць
* * *
непатрэбнае
“прабач за ўсё”
бо за што прабачаць
калі няма даравання
непрыгожая чамусьці
вясна
і дождж гамоніць
быццам плакаў
што ты робіш, шалёны
я смяюся
калі адыходзіць усё
няма другога
боку свету
луг прамаўляе
жаўцізною лотаці
няма прабачэння
гэта толькі жыццё
іграе ў колеры
* * *
ля іржышчаў восеньскіх
каласы прамінання
дзе неймавернай тугой
палотны крываўнікаў
шэпчуць здзіўленне
прагна кранае сэрца
рабінавы ветразь
і гнуткай дзічкі
церпкі неспакой
б’е паклон вятрам
што як багі
на п’едэсталах
* * *
назвалася
вечарам раз у жыцці
было нахлебным ачараваннем
а закончылася
дапабачэннем
таксама раз у жыцці
* * *
апранаюцца ў ціш
стратаваныя маўчанні
надтрунных элегій
пасадзіўшы кветкі
на магільных грудках
перамерваюцца
ўпэўненасці пачуццяў
у зарослыя памяці
убіраюцца
ў царкоўныя харалы
хвоі
на пясчаных кватэрах
Марыля Базылюк
(1959 – 1996) адышла ў квецені сваіх гадоў – маці, жонка, дачка, настаўніца, сяброўка, паэтка. Заста-лася жменька пранікліва-лірычных вершаў, рассыпаных па ста-ронках беларускіх выданняў у Польшчы і захаваных у рукапі-сах – у яе лістах да блізкіх, знаёмых... Вершы нягучныя па ін-танацыі, жыццялюбныя, але і тужлівага шкадавання аб іншых, можа, шчаслівейшых берагах жыцця, і вершы танатычныя, у якіх рана адсланялася ёй велічна-непазбежнае ў яе чалавечым лёсе.
Ажурнай вобразнасцю, асацыятыўнасцю радка, сваёй глы-бока прыхаванай драматычнасцю і абарванасцю зямнога шля-ху Марыля Базылюк упісваецца ў пантэон нашых вечна мала-дых беларускіх паэтаў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|