ЛЯМПА ПСІХЕІ
Альбіна СЯМЁНАВА
“АД НЕВЕРАГОДНАЙ СПЁКІ Ў ФРАНЦЫІ ЗАГІНУЛА 10.000 ЧАЛАВЕК”... “ГАРАЦЬ ЛЯСЫ ПОЎДНЯ ФРАНЦЫІ”... “АГОНЬ ПАДЫХОДЗІЦЬ ДА РЫЎЕРЫ”, – голас дыктаркі чамусьці жвавы, ажыўлены, нават радасны. Звыклы стэрэатып добрага настрою ў эфіры? Няўменне вызначыць патрэбную танальнасць?
“НЕЧУВАНАЯ СПЁКА Ў ЕЎРОПЕ”... “ПАЦЯПЛЕННЕ ПЛАНЕТЫ”... “ЕЎРОПА МОЖА ПЕРАТВАРЫЦЦА Ў АФРЫКУ”. – Канстатацыя фактаў. Прагнозы. Назіранні.
Ён глядзіць на экран тэлевізара: спапялёная зямля, абгарэлыя дрэвы... Belle France... 2003ці год ад Нараджэння Хрыстова... Самлелы ад спёкі Парыж. Пекла ў Італіі.
“Зелёная летучая звезда... Моя любовь, моя Европа...”
Францыя... Парыж...
Mijając ulicę Descartes
Schodziłem ku Sekwanie, młody barbarzyńca w podróży,
Onieśmielony przybyciem do stolicy świata.
Ён, варвар Тадэвуш, як і „młody barbarzyńca”, годам, калі ствараліся гэтыя радкі, трапіў у Парыж. 1980м.
Памятаў, як адна мелодыя нашэптвала яму, грасіравала, казытала слых. “Люблю я ў вечаровы час...” Шлягер юнацтва Тадэвуша... Іў Мантан...
І Тадэвушу здавалася, што са знакамітай вежы, куды іх выкіравалі адразу з аэрапорта Арлі, ён найперш пабачыць бажніцу Святой Мадлен і той самы ланцужок бульвараў... Праменад шансанье... Бульвары... Капуцынаў... Італьянцаў... Монмартр... СэнДэні... СэнМартэн... Пуасаньер... Бамаршэ... Усё канкрэтна, рэальна, усё мройна, блытана, няўлоўна... Як на выявах Пісарро... Як у рытмах мелодый шансонаў – просценькіх, але з неад’емным шармам весялосці, тугі і пяшчоты адначасова...
Усё гэта Тадэвуш сабе ўяўляў, але з пляцоўкі вежы пабачыў толькі прыгожы, гарманічны хаас дахаў, і як рукою дастаць – СакрэКёр, хаця святыня месцілася недзе на другім канцы горада і, здаецца, не вельмі падабалася парыжанам сваім цяжкаватавізантыйскім абрысам. І зразумела, чаму жыхары гэтага горада ўрэшце пагадзіліся з металічнымі карункамі Эйфеля: панарама з вежы ўражвала, ды і сама вежа неяк адасоблена высілася над горадам – нібыта мачта таго сімвалічнага карабля на гербе Парыжа, з дэвізам: “Хвалі б’юць яго, а ён не тоне”.
Панарама ўражвала – аднак Тадэвуш хацеў бачыць Парыж не з вышыні птушынага палёту: хутчэй бы трапіць на вулачкі Утрылла, на свае вочы пабачыць усе тыя ру СэнтАнарэ, дэ Рывалі, авеню Матыньён, дэ л’Опера... Выпіць знакаміты аперытыў за столікам якой кавярні. Аднак пакуль што, паглядзеўшы на Парыж з вежы, яны вярнуліся ў аўтобус.
Сталіца была ў іх вызначана напачатку і напрыканцы маршрута. У дзень прылёту – абед, вежа Эйфеля – і вылет у Бардо. Знакамітыя замкішато Луары заставаліся пад крылом самалёта авіякампаніі ЭйрФранс. А ў Парыжы з акна аўтобуса ўсё было так, як ён сабе ўяўляў, хіба што глухія высокія сцены ад аэрапорта Арлі да горада і падобныя да гусеніц калідорыпераходы ад трапа самалёта – было тым, пра што ён не ведаў нічога.
Увогуле гэты горад быў яму завочна знаёмы, як ніякі іншы. Парыж Дзюма, Гюго, Бальзака, Мюсэ. Парыж Клода Монэ, Утрылла, Дэга, Апалінэра, Сартра, Верлена, Бадлера... Парыж Хэмінгуэя, Эрэнбурга, Віктара Някрасава, Рэнэ Клера, Ламарыса... Яшчэ, яшчэ, яшчэ...
Паветра Парыжа... Не тое, фізічнае паветра, пра якое пішуць даведнікі: з пылам, выхлапнымі газамі, – а настоенае на аўры стагоддзяў, на інтанацыях эпох, на “эстэтычных мелодыях”, на ўзвышанай логіцы ліній, фарбаў, кампазіцый, на вытанчанасці ўспрыняццяў, эмоцый, адчуванняў і на тым гаманлівым, буйным, кірмашовым, што французы называюць гучным спалучэннем: “бругага!” Яно нагадвае раскацісты лёскат грасіруючага “r” у шансонах Эдзіт Піяф.
Выштукаванасць думкі, выкшталцоная адухоўленасць – і сумесь цынізму, фантазіі і іроніі... А між іншым, таго смога, пра які зацята распавядалі даведнікі, ён не адчуў – можа, таму, што нядзеля: уікэнд – гэта уікэнд.
... Лёгкі матыўчык усё накатваў рытмічнымі хвалямі, і ў самалёце знакаміты шансанье нібыта мармытаў недзе, ці не ў вентыляцыйным начынні: “Люблю я ў вечаровы час...” Тадэвуш вызнаваў лёгкасць, нават нейкую бязважкасць. І не мог пазбавіцца адчування нерэальнасці. Здавалася, гэта ці сон, ці нейкае кіно. Яшчэ 2030 хвілін і ён скуліцца на якуюнебудзь каляпалярную шырату. “ЛЭП500 – няпростая лінія...” Што праўда, то праўда. ЛЭП – гэта рэальна. “Грубо, зримо...” А замежжа...
Замежжа для яго не навіна. Аднак Парыж... Праз нажыты скептыцызм і жорсткі прагматызм заняткаў Тадэвуша праглядвала рамантыка чытанага і ўяўленага, рэальнага і прывіднага. Можа, яшчэ і таму, што на гэта нацэльвала дарога? Ён любіў дарогу. Кожную. Любую. На ўсюдыходах праз тайгу, пешшу, з рукзаком за плячыма. У бясконцых цягніках, у траскіх грузавіках, у аўтобусах. На самалётах – таксама любых – пачынаючы ад “кукурузніка”, ужо адышоўшага ў гісторыю. Морам – на чым заўгодна.
Дарога – заўсёды нешта абяцала. Заўсёды ў нечым падманвала. Спавядала перад усім прынцып няпэўнасці. А сістэма душы аказвалася цалкам непадлеглай ніякім законам. “Spiritus flat ubi vult” – “Дух вее, дзе хоча”. Там, у тайзе, на чарговым ЛЭПе, ён і тыя, хто быў побач, аказваліся паза матэрыяльнай культурай, паза культурай побыту, ледзь не паза цывілізацыяй увогуле. Спачатку – пасля свайго чысьценькага, прыбранага, кранутага пацінай гісторыі і часу заходнебеларускага гарадка, а пазней – балтыйскага горада, які тутэйшыя з гонарам называлі “маленькім Парыжам”, яму было проста цікава апынуцца ў далечыні ад даброт сучаснага свету, у вузкім атачэнні людзей, часам – на самоце, так бы мовіць, самнасам з сусветам.
Яму хацелася спасцігнуць сутнасці і адначасова адысціся ад горкай праўды. Ён разумеў узаемавыключальнасць гэтых памкненняў, нават абсурднасць іх. Ён сёетое зведаў пра рэальнасць і не з чыіх вуснаў. З часам у яго былі складаныя адносіны: сэнс часу для яго быў недасягальны; у рэальным часе ён існаваў, гістарычны час выдаваў сваю ненадзейнасць і вялікай бадзёрасці ад яго Тадэвуш не займеў: мройнае, няпэўнае, супярэчлівае, жорсткае мінулае, хісткі сённяшні дзень, у ім апірышча толькі ў вокамгненным, матэрыяльна асязальным... А будучае? – што гэта? Фантазія? Пастка? Бездань? Некалі ў газетах пэўнілі: будучае – “ззяючыя вяршыні”. Ад гэтай перспектывы відавочна патыхала казённым аптымізмам і пустым фанфаронствам. Для сябе ён вызначыўся: выпрабаваць свае сілы, адысці ў чыстую экзістэнцыю. Рабіць патрэбную справу, адстароніцца ад ілжы афіцыёзу і ад маруднай будзёншчыны. ЛЭП – патрэбная справа. Электрычнасць пакуль што – грунт усяго. Вярталася ў пару юнацтва Тадэвуша на сваё месца ў айчыннай навуцы і жыцці кібернэтыка, фізікіядзершчыкі былі героямі дня і сучаснасці, укінуць слова пра квантавую тэорыю было модна і на вечарынах. Тадэвуш доўга цягаў з сабой фотакопіі кніг Рэзерфорда, Нільса Бора, Макса Борна, старэйшага Капіцы, зачытаў ушчэнт Норберта Вінера, выпісваў навуковыя часопісы – і браў з сабою. Але з цягам часу супакоіўся, зрабіў дысертацыю па рэлейнай абароне электраперадач, пачаў выкладаць у інстытуце. І стаў купляць серыю “ЖЗЛ” і тое, што было блізка, падарожныя нататкі рознага кшталту, мемуары, кнігі па гісторыі, асабліва замежнай – менш падтасовак і хлусні. Не грэбаваў мастацтвам, паэзіяй, прозу чытаў менш – і таксама больш замежныя пераклады.
Увогуле сустрэчы з цывілізацыяй Тадэвуш цаніў асабліва. З культурай быў на “Вы”. Любіў схадзіць у тэатр, на выставы.
Свой шлюб, яшчэ студэнцкі, лічыў не проста памылкай, але грахом. Спакойна ставіўся да другога мужа сваёй былой сужонкі. Да сына цягнуўся, аднак той усё больш адыходзіў ад яго. І толькі праз гады Тадэвушу ўдалося наладзіць з ім роднасныя стасункі. Сын любіў паэзію. Як высветлілася, тых жа, “клятых” паэтаў:
Ты рушыш край сусветнага парога,
Дзе прагне мець спакой душа мая,
Цячэ ў мяне нябёсаў стынь, як плынь,
Я да Цябе імкнуся: дзе яна, дарога?
Вось тыя канкрэтныя, зямныя дарогі ў Францыі ён памятаў да дробніцы. Дванаццаць дзён, як адзін дзень... І кожны дзень – ці не большы за век?
Тадэвуш даўно заўважыў, што дарога абуджае ў большасці людзей рамантыкаў і авантурыстаў, вяртае адчуванне маладосці, нейкіх лірычных стыхій... Такія вандроўкі, падарожжы – тым больш. Новыя ўражанні, змена ландшафтаў, селішчаў, малых і вялікіх, пазнаванне – відавочна – даўно знанага, выяўленага, канкрэтызаванага ў нечаканых і чаканых дэталях, знаёмства – з новым. Усё гэта – у фарбах, гуках, рэльефнасці, пахах. Адчувальнае, спазнанае на дотык – ва ўспрыманні сённяшняга дня і з непаўторным водарам мінулага. Дакрананне, дотык да пачуццяў, думак, настрояў – арэчаўленых у матэрыі дойлідства, творах мастакоў, у мройнасці духоўных гармоній і супярэчнасцяў, згусткаў эмоцый, думак, сэнсаў... Кожны з групы адчуваў гэта пасвойму, але стваралася пэўная аўра: не светапоглядная з’яднанасць і не эстэтычная, а нейкі тып даверчай камунікацыі, бо ўсё, што яны бачылі, пэўным чынам аб’ядноўвала іх, як і аднолькавая часавая адстароненасць ад клопату працоўнага, побытавага, і нават стыль паводзін пэўным чынам вызначаўся ўжо не імі, а сітуацыяй, абставінамі, раскладам дня, маршрутам, прапанаванай інфармацыяй. І – вольным часам. Урэшце – настроем, калі не святочным, дык адпачынкаваправольным – “отдохновеннопраздным”. Вакацыйны лад. Ці то як у сучасных студэнтаў. Ці то як у старадаўніх шкаляроў. А можа, гэта быў настрой галантнай вандроўкі куртуазнавытанчаных шэвалье і дыстынктоўных дам?.. Гэткая “пілігрымка на выспу Кіфера”?..
Тадэвуш тады разглядаў сваіх спадарожнікаў. Ці проста будзе адарвацца да групы? І што потым ціснуць у яго характарыстыцы, якую ён ніколі не пабачыць? Ці пацвердзіць ён тое, што ўжо было занатавана: “палітычна ўсвядомлены, маральна ўстойлівы, грамадскі актыўны”?..
Тады ў Парыжы іх аўтобус ад вежы Эйфеля скіраваўся да нейкай харчэўні. “Poulailler” – “Курнік”. Назва, што ў раманах Дзюма. І ўсё, як ён сабе ўяўляў: віно, ножка каплуна... Клятчастыя абрусы, клятчастыя сурвэткі... І – нечакана – незадаволены жаночы голас: “Ну, эти французы! Вино, вино! Нет, чтобы супчику, чайку...” Потым той жа голас: “Тоже мне – Париж! Ни одной красивой бабы не вижу”. Голас належаў масіўнай даме, якую чамусьці ведалі ўсе. “Натуся, табе роўных тут няма”, – іранічна супакойваў яе начальнік групы Фёдар Іванавіч. “Кто может сравниться с Матильдой моей”, – усмешліва падтрымліваў Фёдара Іванавіча чалавек з Кішынёва. А суседка Тадэвуша за сталом у “Курніку”, Ніна Якаўлеўна, дзівілася: “Няўжо вы ніколі не бачылі перадачы Наталлі Ватрушкінай?” Тадэвуш паціскаў плячыма: “Я ж чалавек з лесу. Якія там тэлевізыі!” Тады Ніна Якаўлеўна паставілася да Тадэвуша з пытаннем, якое не давала ёй спакою ад самай Масквы: “Але ж гэта ці не вы давалі інтэрв’ю? <Лепшы фотамастак года>”? Тадэвуш паціскаў плячыма: “Быў такі грэх. Але я інжынер, электрык... Гэта...” – “Хобі!” – радасна падхапіла Ніна Якаўлеўна. Усмешлівая спявачка, яна была добразычлівая і кантактная, маці дарослай дачкі, ставілася з цікавасцю да мужчын, што маглі б быць прыстойнай “партыяй”. “Вы і тут будзеце здымаць?” – пацікавілася яна. – “Наўрад”, – выціснуў з сябе Тадэвуш. Не будзе ж ён распавядаць, як сябры сагітавалі яго на наладжванне выставы, як яна мела поспех, а поспех адзначалі так старанна, што і фотаапарат, і ўсё начынне да яго засталося ў кватэры дружбака, які нечакана з’ехаў у камандыроўку.
Меладычны галасок Ніны Якаўлеўны выдзяляўся ў групе, як і басавіты, заўсёды нечым незадаволены глас Натусі. З Натусі пасмейваліся – паціху і голасна – але ў яе быў той неймаверны запас самапавагі, які робіць чалавека недатыкальным і няўранным. “Як называецца вакзал? Салазар?” – пыталася яна, калі група, ужо вяртаючыся з поўдня Францыі, атабарылася на чатыры дні ў Парыжы, у гатэлі “Гарнье”, паблізу вакзала СэнЛазар. А ў адным з музеяў яна ніяк не магла супакоіцца. У яе было важнае пытанне: “Дык на якім ложку ўсё ж спаў Напалеон?” Урэшце – яе пазнавальны імпэт і сталічныя амбіцыі – “на всех московских есть особый отпечаток” – яго ніяк не датычылі.
Затое яму падабалася, якую агульную танальнасць надавала іх падарожжу гід Люсі. Дагледжаная, субтыльная, сапраўдная парыжанка: прыгажосць і свавольны чар гумару, непадробны шарм і маладжавасць. Калі яны вярталіся ў Парыж, пасля падарожжа ў Ланды, у край баскаў, яе сустракаў малады чалавек, сын. Нехта здзіўлена спытаў, колькі яму гадоў, а Люсі кінула, відавочна ведаючы эфект рэакцыі: “Гэта малодшы. Старэйшаму – трыццаць шэсць год”. Затое калі адноечы людзі з групы паспрабавалі а дзевятай гадзіне вечара пастукаць да яе ў нумар – нехта завяз у ліфце – дык пабачылі іх наймілейшую экскурсаводку гняўлівую, што Юнона: хараство і маладосць патрабуюць жорсткага рэжыму і дысцыпліны. У дзевяць гадзін Люсі клалася спаць. Затое ўраніцы была ружовасвежай, нібы спелы персік і прыветнай, што гаспадыня, да якой трапілі чаканыя госці. А гняўлівую багіню ў кіпені карункаў пеньюара доўга згадвалі мужчыны групы. І кожнага дня вандроўкі ў іх экскурсійнааглядным соцыуме, у абмежаванай прасторы аўтобуса зноў царавала атмасфера маладосці і лёгкі авантурны дух матэрыялізаваўся ў гарэзлівай песеньцы Люсі і прыпеве, які бадзёра падхоплівалі ўсе: “Oui, oui, oui, chevalier! No, no, no, chevalier!” – “Так, так, так, шэвалье! Не, не, не, шэвалье!”
У самалёце – калі яны ляцелі з Масквы да Парыжа і са сталіцы свету ў Бардо – гэтай атмасферы таварыскасці і агульнасці яшчэ не было. Затое адбылося іншае. Тадэвуш доўга дапамагаў жанчынам (іх была палавіна групы) насіць валізкі і ў салон самалёта ўвайшоў ледзь не апошні. Адно месца ў сярэдзіне салона было вольным і ён, не гледзячы, заняў яго. Спачатку заўважыў незвычайную блюзу сваёй суседкі: чорны шыфон з лёгкім, што павуцінне, белым карункавым шытвом. Адкуль такое? Да адмысловых строяў у іх Айчыне ставіліся без асобай павагі. Тут, безумоўна, не было мастацкага факту ад куцюр, аднак... Няўзнак Тадэвуш зірнуў на профіль – не тое каб класічна правільны, але рысы твару тонкія і адначасова мяккія, нібыта кранутыя растушоўкай, было ў профілі і нешта няўлоўнакранальнае, безабароннае. Шчака яе была зусім блізка, і яму раптам, як хлапчукупадлетку, невыносна захацелася дакрануцца да яе сваёй шчакой. У нейкі момант, каб пазбавіцца ад гэтага наслання, ён вырашыў загаварыць з суседкай. Але яна сядзела, прымружыўшы вейкі – ці то спала, ці то проста не хацела размоў – і ён не рызыкнуў парушыць маўчанне. А калі на табло запалілі: “No smoking!” і самалёт пайшоў на пасадку, ён пачуў – упершыню – той смех, як лёгкі звон калакольцаў: “Бон суар!”
А потым у Бардо іх усіх збіраў да сябе ў нумар начальнік групы. Зачэпкай было агульнае знаёмства. На самай справе ўсе цягнулі “валюту”: гарэлку. Абмен валюты быў мізэрабельны і дзеля прэзентаў большасць бралі з сабой сувеніры, розную дазволеную мытнікамі драбязу і гэтую канкурэнтаздольную на сусветных абшарах вадкасць. Тадэвуш, зусім не прыхільнік сухіх законаў, ніколі не мог даўмецца, навошта былі гэтыя “пасядзелкі”вечарыны ў замежжы. Піць горкую ў тайзе – зразумела і часам неабходна. Ужываць гэты папулярны напой у Францыі, ды яшчэ псаваць вечары ў душным нумары, гэта выходзіла за межы яго свядомасці. Хаця – начальніку групы і тым чацвярым, якіх прымацавалі ўпотай вядомыя структуры – так было лягчэй і прасцей сачыць за даверанымі пад іх пільную ўвагу грамадзянамі адной шостай часткі планеты Зямля. П’яныя? Ну, і што? Значыць, усё ў ажуры. П’янаму і козы ў золаце. Ніхто не просіць палітычнага прыстанішча, ніхто не наведвае падазроныя мясціны, ніхто не знік, усе на месцы. “Раз, два, тры, чатыры...” Іх так і пералічвалі, па галовах. А тыя чацвёра падзялялі, так бы мовіць, “сферы ўплыву” – па сямёрках. Тадэвуш амаль адразу вылічыў траіх з “падсадкі”. Высахлая, што жардзіна, жанчына, якая ўсё напрошвалася ў адзін нумар з яго суседкай у самалёце – Янай. А тая адпрэчвала: “Мы ўжо тут уладкаваліся. З Дайнай”. Дайна была з Літвы.
Не вельмі ганаровую тую місію выконвала яшчэ маладая пара, прыблізна адналеткі. Яны, як мовілі пра сябе маладыя, “з радыё”. І няўрокам назвалі рэдакцыю, дзе рабіла адна жанчына з групы і дзе ніколі не было гэтых маладых людзей. Чацвёртага ён вылічыў толькі пасля вяртання на радзіму...
Групу доўга інструктавалі – спачатку ў Маскве, потым – у Парыжы, у савецкай амбасадзе, у дзіўнай залі: шыкоўнае ракако, люстраныя сцены – і седалыўслоны, як у раённай сталоўцызабягалаўцы: алюміній і дэрматын. Ім настойліва рэкамендавалі: па адным не хадзіць, ад групы не адставаць, знаёмствы не паводле праграмы не заводзіць, у нумарах гатэлю дакументы не пакідаць, крамольныя размовы не весці, антысавецкія анекдоты не расказваць. І, безумоўна, памятаць пра маральны кодэкс савецкага чалавека.
Выслізгваючы з нумару начальніка групы, Тадэвуш запэўніў Фёдара Іванавіча: усе яны, сем чалавек, што выправяцца агледзець вечаровы Бардо, будуць паводзіць сябе выключна паводле таго кодэксу. Фёдар Іванавіч цвёрда памятаў, што ён начальнік групы і адказвае за ўсё і за ўсіх, але добра ўзяўшы за знаёмства ці не з кожным шэвалье групы асобна і за здароўе чароўных дам – гуртам, ён быў у тым стане, калі кажуць: язык у лапцёх і тымі лапцямі па вадзе ляпае. Ён толькі прамармытаў: “Куды вы? У вас жа нават імя нялюдскае”. Тадэвуш засмяяўся: “Ведаеце анекдот: “Дывысь, Галапупенка, яка смішна людына – Зайців”. Фёдар Іванавіч гмыкнуў і махнуў рукой.
З палону прымусовасяброўскай пагулянкі вырвалася сем чалавек. Потым яны так гэтай сямёркай і трымаліся – з варыяцыямі. Як высветлілася, яснавокая Яна – яго зямлячка, беларуска – а жыве ў балтыйскім горадзе яго студэнцтва. Яна перакладчыца. Яе суседка па пакоі – журналістка. Яшчэ калега Лаймы – Вітас, з нейкай культуровай установы. Маскоўская грузінка Ніно, дырэктарка музея. Фотакар з Ульянаўска – Ігар – як потым высветлілася, чацвёрты “дазорны”. Выкладчык універсітэта з вялікага горада на Волзе – Валянцін Міхайлавіч. І ён, Тадэвуш Кастэцкі. Інжынер, фотааматар, пачынаючы выкладчык.
Іх гатэль у Бардо быў недалёка ад вакзала, да цэнтра, падобна, было далекавата, і ўсе эспланады, і Гаронна, і нават усе кавэ засталіся недзе ў баку. Што рабілі б яны ў тых кавэ – з іх абменным “капіталам”, Тадэвуш не ведаў, аднак спакус не было ўвогуле. Пустыя вулачкі, апушчаныя жалюзі дамоў... Яны дайшлі да нейкага масіва: спрэс сады і віллы. І вырашылі вяртацца ў гатэль. Ішлі гуртам, часам Тадэвуш крочыў побач з Янай. Пункціры памяці цяпер высвечвалі ўрыўкі фраз, мройныя, няўлоўныя адчуванні, нейкія напаўсцёртыя формулы з алгебры духоўнага вопыту... Часам нібыта спатыкаючыся аб нейкую нябачную перашкоду, яны рухаліся ў прасторы і часе. Як гэта там у аднаго з вялікіх? У Берклі, здаецца. Прастора – непераадольная мадальнасць бачнага. А час – непераадольная мадальнасць пачутага. Перажытага? Мадальнасць – катэгорыя фармальнай логікі, што выяўляе ступень верагоднасці меркавання. Яны натыкаліся на гэтыя непераадольнасці, ці то здагадваючыся, што павінен быць высакародны шчаслівы свет, ці то імкнучыся да яго. Ці быў ён, гэты свет, паўсюдна? Ці там, на радзіме? Ці тут – у мясцінах Генрыха ІV і таты Хэма: у Баённе і Андаі, куды яны трапілі з Бардо? Тады яму падалося, што гэты свет часам узнікае менавіта ў гэтай прасторы і менавіта ў гэтым часе. У зялёнай лагчыне Гаронны, у ландах – пяшчанай роўнядзі з соснамі, у краі баскаў – з маляўнічымі, крыху цяжкаватымі будовамі: грубавата апрацаваны і атынкаваны камень першага паверха і драўляны другі паверх, прыгожыя, дагледжаныя, як паўсюль у Францыі, панадворкі, садкі, там – скураныя або плеценыя канапы і крэслы, кветкі ў гаршчках. Усё гэта бачылі яны найбольш праз вокны аўтобуса, але ландшафт той абавязкова прысутнічаў ва ўражаннях і “захвыцэннях”, уплываў на настрой. І падсвечваў прысутных. І бараніў ад тых стасункаў, што мецяць існаванне ў кожнадзённасці, дзе ўсё пазначана функцыянальнай, прагматычнай залежнасцю. Дзе нават незнаёмае набывае рысы знаёмага – як на канвееры, стандартызуецца абавязкам, комплексам службовых узаемазалежнасцяў, жорсткай рэгламентаванасцю часу.
Можа, у тым і быў чар іх знаёмства, магія сустрэчы? Вядомая і невядомая краіна, выпадковы соцыум спадарожнікаў – аб’яднаных агульным маршрутам і мэтай і адстароненых у сваім папярэднім і далейшым жыццёвым і свядомасным вопыце. Яны будуць памятаць кожны кожнага і застануцца чужымі і далёкімі, нават калі будуць ліставацца і часам сустракацца. У іх будзе толькі гэтая сувязь – кропка перакрыжавання на жыццёвым шляху.
... Чар вандроўніцтва... Чар выпадку... Калі, да ўзору, гасцёўня “Дзю Мідзі”, у Андаі, дзе яны прыпыніліся, была не проста падобная да тых, дзе любіў мець прыстанак у сваю пару Хэмінгуэй (танна, непадробны каларыт, выдатная кухня), але ўсё ў ёй было знакам прыгоды, рамантычнай зброяй, неадольным поклічам да авантуры ў старадаўнім стылі. Першы будынак, абвіты – хмелем? вінаградам? – і маленькі ўтульны панадворак, куды яны траплялі ў ліфце: і гэты панадворак, і сімпатычны дамок у баскскім стылі – былі на іншым узроўні, на пагорку. Вялізныя, цемнаватыя пакоі, прыглушана карычневы дуб мэблі, цёмнага каменя камін, у якім нібыта толькі што спалілі патаемнае пасланне, дробны малюнак шпалераў... Пакоі рэстарана ў будынку на першым узроўні – выштукаванае разьбярства старадаўніх сталоў і крэслаў, цёмныя клятчастыя сурвэткі, старадаўнія куфлі для напояў... – тыя, хто іх падымаў, відавочна трымалі і шпагу ў руцэ... Нават бараніна пабардосску і кураня пабаскску – усё нібыта было матэрыялізацыяй таго чару. Як і золата пляжаў – узбярэжжа Атлантыкі. Як неверагодная пестрадзь і калёры напояў на прыёме ў мэрыі ў Баённе – і прыгажуны – ўдзельнікі Супраціўлення, героі макі. Усе высокія – ледзь не роўныя з Шарлем дэ Голлем... А дарэчы, Тадэвуш і яго суайчыннікі трапілі ў тыя мясціны, дзе непадалёк знаходзіўся той самы замак каля сядзібы Артаньян, дзе ў 1613 годзе нарадзіўся Шарль дэ Бату, будучы каралеўскі мушкецёр, якога ўвесь свет ведае пад прозвішчам – назвай таго селішча – д’Артаньян.
Тадэвуш памятаў гаворку Яны з партызанамі макі – слоў ён не разумеў, але мелодыка грасіруючых і прыдыхальных зычных і рэдукаваных галосных. Яе жэсты, яе смех – іх усмешкі, іх рыцарская галантнасць, гжэчнасць – надавалі асобую логіку моманту. Тадэвушу падабалася глядзець на Яну, мірна дэгустуючы са сваімі суайчыннікамі знакамітыя віны старажытнай Аквітаніі. Усё матэрыялізавалася ў рэчах, фарбах, гуках, пахах, смаку, усё было чарам, дзе яе прысутнасць то выразна выяўлялася як галоўная, то была ледзь заўважнай, нібыта рассяроджанай у агульнай атмасферы, у тужліварадасным адчуванні подыху лёсу. У бязважкасці чакання.
Якой была б іх сустрэча ў іншых абставінах? Мабыць, не было б той зваблівахмельнай, зачараванасветлай явы: калі – дурнап’ян супольніцтва, супрычаснасць нейкім, вельмі важным, часцінкам быцця; адчуванне кожнай рэальнай рэчы як знака і наканавання. І разбурэнне, расслойванне рэальнасці. Гэта было жыццё і гульня ў жыццё. Федзя Пратасаў некалі мовіў: “Не было гульні”. Там гульня прысутнічала, вяла, выдавала зямной прыцягальнасцю і незямной прасветленасцю, фарбамі і радасцю той вясны, што можа прыйсці насуперак кругабегу натуры. І ў патыё пад Бардо з высознымі цаглянымі сценамі колеру тэракоты, дзе яны пілі шампаньбрут, самы сухі, з прыгожых празрыстых келіхаў. І на свяце баскаў, дзе Яна абмяняла свой шыкоўны шалік на чырвоны баскскі берэт. І нават у рэдакцыі мясцовай правінцыйнай газеты, дзе сухаваты абмен інфармацыяй набываў сэнс гульні. І, безумоўна, на вечарыне ў франкасавецкім Таварыстве. І гукі старадаўняга танга, і даўно ўжо не новага, але ўсё моднага рокнрола, і казытліванеўраўнаважанай, агністай румбы здаваліся не проста мелодыямі, а музыкай жыцця. І Тадэвуш танчыў захоплена, адчуваючы чар моманту як эманацыю быцця, а самую ісціну адчуваючы як рух і гульню. Ён танчыў не толькі з Янай, аднак увесь час адчуваў яе прысутнасць, у лабірынце гукаў адчуваў яе мелодыю, таямніцу яе існасці... Глядзеў ёй у вочы...
Твои глаза, как два тумана,
Полуулыбка, полуплач...
Твои глаза, как два обмана...
І ў гэтай гармоніі ілюзій быў белачырвоназялёны, як многія старыя гарады Еўропы, СэнтЭмільен і шато графаў Лігнеры – comte et comtesse M. des Ligneris – і знакаміты, цёмнабардовы “СэнтЭмільен”, тое самае віно, якое вывозілі падчас блакады з Ленінграда як вартасную каштоўнасць. Віно ўраджаю таго года, калі Расія цярпела голад зза засухі, у Францыі сабралі незвычайны ўраджай вінаграду, а віно з вінаграду таго года мела асобы, незвычайны смак. Тадэвуш памятаў церпкаватую цяжкую вадкасць і маленечкія крэкеры – у Саюзе тады такіх не было. Яна частавала гэтым печывам катоўслужбоўцаў у вінных сховішчах шато: іх не песцілі смакотамі, мабыць, баяліся, – мышэй лавіць не стануць. Тадэвуш перакідваўся з Янай словамі, у тым ліку і пра тое, што знакамітае віно з гэтага падворышча, якое ў 1942 годзе дэгуставалі Аляксей Талстой і Ілля Эрэнбург, падобна, ад занадта задоўжанага часу ўсё ж губляе свой букет.
Тадэвуш і Яна гаварылі, а яе вочы, з усмешлівым маўклівым пытаннем вялі сваю размову. Тадэвуш не ведаў, пра што. Ён глядзеў ёй у вочы, сачыў за яе вуснамі – лёгкі дотык да краю келіха, маленькі глыток... А потым яны высаджваліся з аўтобуса ў залітым дажджом Біярыцы, дзе, здавалася, нягледзячы на завесу дажджу, кожны дом, кожнае дрэўца, нават кожны выступ скалы на ўзбярэжжы – пазіраюць, як спрактыкаваныя мадэлькі, выбраўшы эфектны жэст, прадумаўшы кожны рух. І Яна глядзелася як частка гэтай удалай задумы – Бога і людзей – застаючыся натуральнай і нязмушанай: сінебелы парасон, сіняя кепачка і вятроўка, сінія вялюравыя штроксы.
Пазней былі сосны і піхты Л’Ібардзіна – павеў Пірэнеяў, скальны астурыйскакастыльскі дух, у краме – вырабы майстроў з Таледа. І – аглушальная цішыня. Можа, там трэба было засяродзіцца на асноўных, канцовых, фінальных пытаннях Быцця? Падыхаць паветрам самоты?
Спяшаюся з маіх пустыняў
вярнуцца ў мае пустыні...
Аднак ім на той момант не адчынялася гэтая мудрасць сувязі са святам. Іх вабіла прыцягальная паверхня – не сутнасцяў, а стасункаў, узаемадачыненняў. Гульня эмоцый, мройная квецень сённяшняга дня – калі паблізу, аднак, аказваліся нерэальныя СанСебасцьян і Памплона, да якіх рукой дастаць, а скажам, лесвіца Іакава... І неба было сіняесіняе... На тым небе пачыналі з’яўляцца зоркі – над французскагішпанскім памежжам, над зямлёю баскаў. Але яны крочылі больш у прасторы ілюзій, яшчэ не пражытыя гады толькі ўгадваліся, стойваліся недзе ў вершалінах дрэў, а рух аўтобуса закалыхваў іх, і нават знаёмая ўжо ледзь не як матчына калыханка песенька пра шэвалье здавалася гукам з іншага свету... з іншай рэальнасці.
А назаўтра яркае дзённае святло святочна пацвердзіла неістотнасць рэальнага і звышзначнасць таго, што адбывалася паміж імі. Канкрэтна – падзейна – не адбывалася нічога, але містыка моўленых і невымаўленых слоў, поглядаў, позіркаў, жэстаў, дотыкаў, традыцыйных недамоўленасцяў і маўчання – усё падпарадкоўвала іх, прыцягвала на сваю арбіту...
Паводле гэтага кірунку яны двойчы адсяродзіліся ад сваіх суайчыннікаў – збеглі ў Парыжы: на востраў Сітэ і на Монпарнас, падымаліся і апускаліся па бясконцых прыступках Монмартра – з яго мройлівым мігценнемсвячэннем, з яго ліхтарамі, лампіёнамі, з яго кавярнямі пад адкрытым небам на ўсіх тых пляс ля Бланш, пляс дэ Тэртр... Калі яны наблізіліся да свайго гатэля а чацвёртай гадзіне раніцы, яго празрыстыя дзверы ўпершыню не расчыніліся: электроніка не любіць незапраграмаваных дзеянняў. Тадэвуш дастаў свой валютны “капітал” у франках – ці хопіць? Во будзе гвалту! – але службовец гатэлю моўчкі адчыніў ім дзверы і толькі на няпэўнае Тадэвушава: “Bonsoir!” адказаў відавочна з іроніяй: “Bonjour!” Добры быў вечар... І добрая раніца... Чар Парыжа... Але ці быў бы Парыж такім без яе? І якая яна не ў Парыжы? А між іншым, якія каліграмы складаў бы спадчыннік Кастравіцкіх, калі б яго дзед воляю лёсу не апынуўся б паза сваімі пенатамі? І дзе яшчэ, акрамя Парыжа, мог знайсці прытулак душы той, хто прысвяціў верш прабабцы гэтага спадчынніка? Пытанні ўзніклі пазней, а той раніцай Тадэвуш, яшчэ адчуваючы на сваіх вуснах свежасць яе вуснаў, праваліўся ў лёгкі, салодкі сон і прачнуўся ад тэлефоннага званка – так іх падымалі ў гатэлі “Гарнье” ў Парыжы. “S’il vous plait, madame!” – чамусьці ўзрадавана азваўся ён у трубку, а на тым канцы провада здзіўлена гмыкнуў мужчына. Потым, ачомаўшыся, Тадэвуш доўга смяяўся, а за ім яго сусед па пакоі.
Былі ўцёкі і другім разам. Тадэвуш і Яна замест таго, каб ісці шукаць танныя крамы ў вольны час, ад Цэнтра Пампіду выкіраваліся ў “Аранжэры”, да роспісаў Клода Монэ. І там нечакана знайшлі свой код рэальнасці, пароль дня. Каля знакамітых “Ненюфараў – лілеяў, гарлачыкаў. Ціхая музыка, што, здавалася, як і святло, прасочвалася аднекуль зпад столі, зачараванае каралеўства паўсвятла, паўценяў, усё дымчастаблакітнабэзавае, белае. Дзіўнае адчуванне – няма пачатку, няма канца... Кветкі і вада – і паветра, што больш угадваецца, а не канкрэтна прысутнічае... Знакамітая імпрэсія – свая ўласная логіка. І – падпарадкаванне нечаму раздзельнаму і бесперапыннаму, што супрацьстаіць абстрактнай думцы: знешняя камбінацыя, здавалася б, зусім простай рэальнасці – і ўнутраная бясконцасць, нявычарпанасць гэтай рэальнасці. Чаму Бенуа так бязлітасна перакрэсліў гэтыя панно? “Очевидное недоразумение”... Здаецца, так? Пра Бенуа нешта мовіла Яна – ён не памятаў даслоўна, але выдатна ведаў, што менавіта з гэтага моманту і са згадкі пра тое, што маці Уладзіславы Францаўны, жонкі Купалы, была з роду Монэ, паміж Тадэвушам і Янай замацавалася вось тое паразуменне, што ўжо існавала – кожны пазнаваў сваё ў другім. І гэта не было звычайным абменам інфармацыяй. Яна падхоплівала, як і Тадэвуш, слова, думку, факты... Нават бег, што на дыстанцыі, аб’ядноўваў іх – агульным дыханнем смехам, адчуваннем камічнасці сітуацыі: на схеме Парыжа “Аранжэры” і Музей імпрэсіянізму выдавалі блізкім суседствам, на самай справе яны ляцелі, што індзейцы на сцяжыне вайны, каб а семнаццатай гадзіне з’явіцца перад іх красуняй – Люсі. Тая пэўніла, што не губляла раўнавагі: гэтыя двое не згубяцца ў Парыжы, тым больш сярод белага дня. Што думалі афіцыйныя засакрэчаныя асобы, яны не ведалі. Аднак мяркуючы па тым, што ніякіх перашкод у замежных перасоўваннях ім не чынілі, у антысавецкай дзейнасці іх не абвінавачвалі.
А яны пасля гэтых шпацыраў больш не заставаліся самнасам. Увесь час былі ў гурце, найбольш – са сваім хаўрусам, з “сямёркай”. Аднак паміж імі ўсё больш умацоўвалася тая асобая сувязь, што вызначаецца не знешнімі прычынамі, а тым унутраным супадзеннем, якое абумоўлена прадвызначанасцю жыцця і асаблівасцямі быцця індывідуальнага.
Тадэвуш і Яна былі разам з іншымі і толькі ўдваіх. На Елісейскіх палях разглядвалі вітрыны крамаў. Суцэльнае агромністае шкло на некалькі паверхаў вышынёю – продаж аўто. Яна “выбрала” сабе срабрысты “сітраэн” – падобны да субмарыны. Усе пілі каву ва ўтульным кафэ “Насье”. І Тадэвуш лавіў сябе на тым, што яму падабаецца ў Яне ўсё – як яна трымае кубак, як адводзіць рукой валасы, як накідвае на плечы свэдэр – завязвае вузел з рукавоў на грудзі.
... Адным з вечароў кожны з групы адчуў сябе ледзь не Крэзам: ім выдалі грашмі кошт двух вячэраў – планавалі ўдзел у народным гулянні. І “сямёрка”, блукаючы па Парыжы, дайшла да ўзноўленай “Ратонды”. На сцяне было пазначана, што ўсё зроблена, як у часы Пікаса, Мадыльяні, Дыега Рыверы... Светлажоўтыя скураныя канапкі са спінкамі, на сценах – факсімільныя рэпрадукцыі карцін былых наведвальнікаў кавярні. І хаця ўсе разумелі, што гэта толькі копія, аднак здавалася, нейкія флюіды, часцінкі тамтэйшай рэальнасці, водар рэчаіснасці, насычанай мастакоўскімі фантазіямі – тут прысутнічаюць. Хаця... у кавярні ў асноўным былі турысты, сённяшнія геніі і таленты гуртаваліся недзе ў іншых мясцінах.
... Заказвалі яны вельмі сціпла – кубак кавы, келіх віна, куфаль піва. (Дарэчы, Тадэвуш не мог зразумець, чаму ў Францыі збіраюцца ўжываць піва – не тая краіна). Гарсон прынёс пітво – і рахунак. Зірнуўшы на фірмовую паперку на сподачку, літаратар з Волгі рашуча адсунуў ад сябе віно: “Даражэнькія, мы гэта піць не будзем!” “Гэта яшчэ чаму?” – ганарліва ўхапіўся за сваё пуставатае портманэ Тадэвуш. І – зірнуў на гадзіннік. Яно, безумоўна, шчаслівыя пра час не памятаюць, аднак было далёка апоўначы. Начны еўрапейскі тарыф. Сталіца свету...
Лічба была не такая ўжо вялікая, удома кожны з іх спакойна ахвяраваў бы тыя пенёндзы. Але ж гэты прыніжальназневажальны звычай абмену, што ўсіх, хто перасякаў мяжу, ператвараў у жабракоў... Цяпер усё магло б быць інакш. Аднак – ці не сталіся многія з тых людзей жабракамі ўжо і ў роднай Айчыне?
Тады яны пасмяяліся са сваёй прыгоды: “Гуляць дык гуляць!” і выправіліся зноў блукаць па Парыжы. Праз бульвар СэнМішэль, понт дэ Нёф, – на востраў Сітэ, да “Бібліі ў камені” – НотрДам і “Бібліі са шкла” – СэнтШапель... Спрадвечная готыка... Сярэдневечча... Сапраўднасць арыгіналу – у неад’емных свежасці і харастве.
І зноў пасверкваў начны Парыж, вабіў старажытнымі абрысамі бажніц, палацаў, камяніц – у сучаснай гульні падсветак і ў загадкавым гіпнозе старадаўніх маўклівасці і гонару.
І Тадэвуш з Янай – з усімі і ўдваіх – адчувалі сваю повязь з гэтымі будовамі, з вякамі, якімі быў асвечаны гэты горад, з тымі настроямі, што змяняліся, вызначаліся то куртуазнымі прыгодамі і выкшталцонасцю стылю, то смеласцю парадоксаў, што вярэдзілі розум, то глыбакадумнасцю і арыгінальнасцю тэорый і меркаванняў, то пышна дэкарыраваным грахом, то амаль астральнай безданню паміж шэвалье, дамамі і тымі, каго класічная класіфікацыя грамадства вызначала як laboratores – працуючыя, то складаным дыялогам, што скончыўся пажарамі і гільятынамі, а ўрэшце – бяссэнсіцай і блытанасцю падзей, нораваў, учынкаў, характараў... А яшчэ, мабыць, тым, што ўсе бачаць як вызначальную рысу французаў: абавязковай прысутнасцю гумару і жарту, своеасаблівым гонарам, што хаваецца за ўдалай вострай фразай.
І... наплывалі хвіліны, калі Тадэвушу здавалася, – адыходзіла, амаль знікала ўсё: вякі, атачэнне, вялікі горад, іх спадарожнікі, заставаліся толькі ён, Тадэвуш і Яна... А потым адыходзілі хвіліны – і вярталіся вякі, атачэнне, хараство, – ва ўсёй сваёй магутнай моцы. Хаця – каб не было такіх хвілін – ці было б тое хараство? Краса? Моц? А перадусім – каб не Вышэйшае Наканаванне?
І быў зноў самалёт... І вяртанне ў родную Айчыну, дзе адразу пачаліся непаразуменні: не замовілі гатэлі, спазніўся ў аэрапорт аўтобус, не забраніравалі білеты на цягнікі і самалёты: група была з усяго Саюза.
І быў развітальны вечар... І ён, Тадэвуш, выпяваў знаёмае ўсім з Акуджавы: “Ваше Величество Женщина, как Вы явились сюда?” А Яна танчыла – з ім, з іншымі, адна: нейкі гішпанскацыганскі танец, не тое каб фламенка, але нешта паблізу... І не з’явіўся на вечарыну Ігар – той самы чацвёрты, як высветлілася. Ні Тадэвуш, ні Яна не атрымалі фотаздымкаў. Затое ў Ігара засталося цэлае дасье – ён столькі здымаў Яну.
І Тадэвушу здавалася, што гэта – прэлюд...
А потым тэлефон Яны не адказваў. І Тадэвуш адправіў – нават не ліст, а запіскукарацельку, падпісаўшыся: “Эксруа, цяпер – саўслуж ненаменклатурнай катэгорыі”. Быў момант у краі баскаў, калі ўвесь час нехта згадваў вядомыя рэплікі Генрыха IV, накшталт таго, што “Парыж варты Імшы”, а на вечарыне ў Таварыстве балёвы раялізм дасягнуў апагею і выбіралі каралеву і караля балю: мужчыны – каралеву, дамы – караля. І Тадэвуш з Янай царавалі цэлы вечар.
Напісаўшы ліст, Тадэвуш усё заглядваў у паштовую скрынку, аднак экскаралева не адгукалася. Затое адноечы недзе апоўначы пачуўся доўгі, настойлівы тэлефонны званок. Тадэвуш выляцеў з душа, сарваўшы з вешалкі махровы халат. “Алё!” – ціха засмяяліся недзе далёкадалёка.
– Як вы мяркуеце, дзе я?
– Там, дзе свеціць палярная зорка.
– Яснабачанне – не Ваша стыхія.
– Мабыць.
– Я ў гатэлі “Святочны”.
– Прабачце?
– У вас, у вас, шэвалье. Камандыроўка, – паспешліва адказалі яму.
– Провід часам апякуецца намі, – бадзёра зірнуў на гадзіннік Тадэвуш. – За вамі на дыванесамалёце?
– На знішчальнікуперахватчыку.
– Геніяльная думка.
– Зразумела, – з выклікам адгукнулася Яна. Голас яе нібыта завіс у паветры.
Тадэвуш паспешліва запоўніў паўзу:
– Можна і алюрам на белым кані.
– Эксруа...
– а галоўнае – шэвалье, – падхапіў ён, –
– ... інакш не ўмее, – яе голас зазвінеў смехамкалакольцамі, крышталёвым звонам. Паветра нібыта спрэс запоўнілася мелодыямі, ён нават мог бы пэўна вызначыць: гучыць Моцарт...
– Алё... – калакольцы на тым канцы провада трывожна калыхнуліся.
– Лячу, – памацаў яшчэ мокрыя валасы Тадэвуш. – Праз паўгадзіны буду.
– Заўтра, – цвёрда вымавіў голас у трубку.
Мелодыі сцішыліся, аддаліліся...
– З раніцы ў вашых ног, – радасна выгукнуў Тадэвуш, хаця пэўна ведаў, што ў яго дзве пары лекцый з васьмі гадзін.
– У сем гадзін вечара, у вестыбюлі гатэлю, – прагучала цвяроза, будзённа, нібыта ў непадробную мелодыю шчасця трапілі нотызамяняльнікі, нешта механічнае, жорсткае, звышпразаічнае, накшталт гуку школьнага званка.
– Традыцыйна і неаспрэчна, – працягнуў Тадэвуш.
– А вы хацелі б “средь танца волшебств и наитий”? – у яе смеху зноў пачулася няпэўнае рэха мелодыі.
– Прыблізна, – не знайшоў ён патрэбных слоў.
– Да сустрэчы, – Яна вымавіла гэта, нібыта шчоўкнула выключальнікам.
– Дабранач, – адгукнуўся ён, адчуваючы, што рэха тых калакольцаў, тых мелодый яшчэ чулася яму. Як unio mistyka шчасця?
Тадэвуш прачнуўся з адчуваннем, што гэта не проста раніца, але светазарны золак стварэння свету.
Як у сне, адбубніў лекцыі. Ліхаманкава прыкідваў – кветкі? Якія? Яны ж некуды пойдуць, што яна будзе з імі рабіць? Адну ружу. Не белую і не чырвоную. Вось такую – палевую. Куды яе запрасіць? Вядома, не ў тэатр. Ім трэба пагаварыць. І не ў рэстарацыю. У рэстаранах яго горада – абавязковы гармідар, тлумны музычны акампанемент. Запрасіць да сябе? Як яна гэта зразумее? Ды і жытло яго не падрыхтавана да прыёму гасцей, тым больш такіх... Кавярня... “Пралеска”... Якінебудзь лёгкі напой – Яна выхаваная на старадаўніх традыцыях, гэта ён ужо зразумеў. Ціхае мармытанне магнітафона... Праўда, там у меню адны сасіскі – для галантнай размовы малапрыдатная страва, ну, але ж ёсць яшчэ нешта – марожанае, пірожнае, цукеркі...
У яе горадзе – горадзе яго студэнцтва – розных кавярняў, харчэўняў, закуткаў, дзе можна правесці вечар – што грыбоў пасля летняга дожджыка. Так што трэба спадзявацца на яе талеранцыю.
Гальштук? Гарнітур? Свэдэр? Мабыць, пуловер, кашуля і скураная куртка: спартыўнадзелавы наіўстандарт ІТС і клеркаў КБ.
... Вецер быў злосны, як прыёмшчыца хімчысткі. Ён схаваў ружу пад куртку. Яшчэ пятнаццаць хвілін. Тадэвуш увайшоў у вестыбюль і пачаў было разглядаць вітрыны кіёскаў, але кінуў гэты занятак: ён чакае і не будзе займацца дыпламатыяй інтэлектуалаў ніжэйшага рангу. Яму ўжо не дваццаць. Тадэвуш дэманстрацыйна, як ваяр піку, узняў ружу. І ўбачыў яе – у расхінутым плашчыку і ў тым самым велюравым гарнітуры: штроксы і блайзэр, якія горача абмяркоўвалі ў Францыі жанчыны іх групы.
– Мы далёка? – замест вітання спытала яна.
– Крыху бліжэй, як на край свету.
Тадэвуш злаваўся на сябе. Безумоўна, яна чакала калі не вандроўкі ў Залюстрэчча, з яго магічнымі люстрамі, то пэўна – кудынебудзь, дзе пануе калі не свята, дык вясёлая святочнасць... А ён сунецца са сваёй каралевай, са сваёй багіняй у сярэднестатыстычную харчэўнюзабягалаўку. Там жа ад усяго патыхае грубаватай эклектыкай... Хісткія, лёгкія столікі і седалы з белымі ажурнымі спінкамі, паводле моды канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, якія нагадваюць пра дам з турнюрамі і ў адмысловых капелюшах, і з парасонамі ад сонца. І масіўная, цёмная стойка бара – што частка рэквізіту да якога трылера, казематнацяжкая, ваяўнічабезаблічная.
Тадэвуш папрасіў шклянку для ружы, прынёс ад бара шампань, шакалад, арэхі. І адчуў на сабе яе пільны, халаднаваты погляд. Ён вымавіў некалькі агульных фраз, яна не падхапіла гаворку. Моўчкі круціла ў руках келіх. Ён пачынаў здагадвацца – яны апынуліся не проста на інтэлектуальным бездарожжы, яны завіслі ў пустэчы. Пад імі не было глебы – а гэта зусім не той выпадак, калі “зямны шар уплывае пад нагамі”... Музыка нешта рытмічна мармытала, ціха віскатала і настойліва выдавала басовыя ноты. (Магнітафон стаяў у бармэна за спіной). І нікуды гэтыя музычныя практыкаванні не вялі, ні на што не ўплывалі, музыка не была нават акампанементам, у лепшым выпадку выконвала ролю фона: безаблічнага, неадухоўленага, абыякавага. Гукі не лашчылі слых, не ўзбуджалі эмоцыі, танчыць пад іх таксама не хацелася, ды і тут гэта было не прынята. Можа, ён усё ж дарэмна не павёў яе ў рэстаран? Выбіралі б стравы, трошкі пазлацешыліся б наконт стандарту кухні айчынных “злачных” мясцін, а дарэчы, можа, і не зашкодзіла б і крыху падсілкавацца? Ну, і ўрэшце – “салодкая танца атрута...” І тая нітачка, што знікае, чэзне, растае – з’явілася б зноў, і ўзнікла б патаемнахмельная ўзаемазалежнасць, якую яны – Тадэвуш гэта пэўна ведаў – адчувалі там, у Францыі. Хаця – ва ўсіх харчавальнаўзвесяляльных мясцінах іх горада танчылі аднолькава – тупалі табункамі, а то дык і ўсім застольным хаўрусам, абавязкова нешта разухабістажвавае... Танецзапрашэнне, танецроздум, танецспакуса, танецпрызнанне – на гэтых квадратных метрах адышліся ў небыт.
А, паміж іншым, што сёння ў філармоніі? Ну, каб яна загадзя... Сядзелі б цяпер і, паводле Аўгустына, слухалі б гукі музыкі дзеля аднаўлення душы пасля дзённых турбот. Магчыма, гэта і надало б тую танальнасць сустрэчы, што не дала б узнікнуць гэтай задоўжанай паўзе, якая пагражае паветранаму збудаванню, стварэнню Тадэвуша, што той узводзіў увесь гэты час пасля вандроўкі натхнёна, як юнакрамантык, і акуратна, апантана, як дойлід і муляр Сярэднявечча, распачынаючы будоўлю святыні. Ён, безумоўна, цвёрда ведаў, што матэрыялізаваць паветраныя палацы немагчыма, аднак замацаваць той настрой – у эмацыянальнай памяці, проста ў памяці хацеў: фрагменты, моманты, імгненні... Водар стасункаў... Ён разумеў, што гэта быў сапраўдны дарунак Нябёсаў... У яго ўзросце... Калі ён “шлях зямны перайшоў за палавіну...” І старэйшы за Яну на дзесяць гадоў і на цэлае жыццё... ЛЭП – гэта ЛЭП... Год за некалькі...
А Яна маўчыць. Паказвае, што эпізод вычарпаны? Ставіць кропку?
Раптам яна ўстае, ідзе да бара і вяртаецца з пачкам цыгарэт. Дастае цыгарэту, прапаноўвае яму.
– Запалкі? – пытае Тадэвуш.
– Так.
– Не памятаю, каб...
– Я не збіраюся паліць, я арганізоўваю мізансцэну...
Яна кідае яму выратавальны круг. Ухапіцца!
– У якім акце? І якога жанру п’есы?
– Пакуль не ведаю.
– А чаму аддалі перавагу?
– Галоўнае – чаго я баюся...
– Вадэвіля і трагіфарса?
– Меладрамы таксама.
– Ну, чаго там мізарнець? Замыслім поўнамаштабную трагедыю, скампануем паводле ўсіх класічных канонаў.
Яна папярхнулася дымам цыгарэты:
– Буало, ці што?
– Ну, трыадзінства неабавязкова.
– А ўсёроўна – трагедыя: кроў і ахвяры.
– То будзем драму маскаваць пад назвай камедыі.
– Будзем гаварыць пра тое, якая спёка ў Афрыцы...
– І заломваць рукі: “У Маскву! У Маскву!”
– Не, заломваць рукі – гэта не адсюль... Але ў Маскву я не хачу.
– Я – таксама... А калі махануць у Парыж?
На тую пару гэта было на ўзроўні фантазіі і фантастыкі. Але Яна падхапіла думку:
– Ідэя! Сцэна, дзе мізансцэны ўзнікаюць стыхійна...
– ... і бясспрэчна. І дзействы – таксама...
Яны яшчэ доўга сядзелі ў кавярні, тасавалі словы, як карты, перакідваліся словамі, што тэніснымі мячыкамі, рассыпалі словы – нібы канфеці. З пункту погляду фармальнай логікі ўсё было на месцы. Двое абмяркоўвалі нейкія навіны – і іх схільнасць да асацыятыўнага мыслення была неаспрэчнай, яны злацешыліся з наведвальнікаў кавярні – і іх рэплікі можна было спакойна ўключаць у якінебудзь сцэнарый або п’есу. З дыялогамі было ўсё выдатна. І мізансцэны, хаця статычныя, глядзеліся як гатовыя кінакадры ці накід карціны, здымак з натуры: персанажы былі досыць паглядныя і наўрад ці былі статыстамі на сцэне жыцця. Аднак чым далей, тым больш яны выглядалі і пачуваліся самі – як дзейныя асобы з розных п’ес. Не было той шчаслівай смеласці, калі імгненны погляд, нават позірк вызначаюць больш, як пяшчота абдымкаў, вабяць больш прызыўна, як канкрэтыка слоў і ўчынкаў, клічуць мацней за крык і стогн. Не было імгнення радасці жыцця – з бліскавак вачэй, сэнсу жэстаў, бяссэнсіцы слоў...
Яна ці то разбурала ўзніклы паміж імі кантакт, ці то будавала сцяну... І з нейкага моманту ён пачаў прымаць правілы гэтай гульні. Ці то разбураў, ці то будаваў. Хаця – бездань нельга ні разбурыць, ні збудаваць... Яе можна – стварыць... І беспаветраную прастору – таксама.
– Калі вы ад’язджаеце?
– Праз дзень.
У Францыі яны былі на “ты”. Тут яна адразу перайшла на халаднаватавыхаванае “Вы”.
– На “Чайцы”?
– Так.
Назаўтра Тадэвуш пару разоў спрабаваў тэлефанаваць Яне ў нумар. Тэлефон маўчаў. Праз дзень ён выехаў на вакзал загадзя, задоўга да адыходу цягніка Яны і нават да пасадкі. І адразу пабачыў на пероне Яну. Паводле яе слоў, яны прыехалі ў камандыроўку гуртам, некалькі чалавек. Тадэвуш уладкаваўся каля падземнай лесвіцы, што вяла на перон. Калі прыйдуць яе калегі? Хто яны? Абвясцілі пасадку. Яна неяк без асобай ахвоты стала ў канец чаргі. Адна? Ну, у камандыроўку ездзяць і без кампаніі. Але чаму яна абвясціла, што іх тут многа? Значыць, адна. І можа, не ў камандыроўку? Тадэвуш вокамгненна апынуўся каля Яны.
– Вам трагар не патрэбны?
Яна ўзняла на Тадэвуша вочы. Ёлупень! Недавярак! Разявака! Круглы дурань! Ясны блакіт вясёлкавай абалонкі яе вачэй пра гэта сведчыў неаспрэчна. І відавочна выдаваў яму індульгенцыю. За ўсе грахі – учарашнія і будучыя. Ён пачуў яе смех, яны – калакольцы! Ён плыў у невядомасць і бязважкасць. Паслухмяна і імкліва. Але рэчаіснасць нагадвала пра сябе рыпучым вакзальным голасам цягніковага дынаміка: “Праважаючыя, не забудзьце ў сябе білеты ад’язджаючых!” “Я прыеду!” – выдыхнуў ён. Потым доўга махаў услед цягніку і адразу набыў у касе папярэдняга продажу білет на бліжэйшую суботу.
Але ў інстытуце яму паведамілі, што ён заўтра едзе са студэнтамі ў калгас, збіраць бульбу. І ён кожны дзень цэлы месяц пісаў лісты, а незадаўга перад ад’ездам паштальёнка прынесла яму стос канвертаў: з тутэйшай скрынкі ніхто пісьмаў не вымаў, іх або апускалі ў горадзе – балазе, якіх 20 кіламетраў, або ў паштовым аддзяленні сельсавета... Тадэвуш хацеў паслаць бандэроль з усімі лістамі, але распячатаў адзін ліст, другі – перачытаў, і падаўся сам сабе недарэчна сентыментальным і смешным. Ён зноў набыў білет. Але яе тэлефон не адказваў.
Раптоўна памёр яго сябра і калега. Да лекцый Тадэвуша дадаўся яшчэ адзін цыкл, да якога трэба было рыхтавацца на хаду: семінары, новыя дыпломнікі, новыя курсавыя. Ён проста загруз у будзёншчыне. Тымчасам яе тэлефон пачаў адказваць. Яны абменьваліся іранічнымі рэплікамі і ўзаемнымі кепікамі. Ён “пагражаў” прыездам. Пасля зімовай сесіі выдарыцца люфт, і ён рушыць у “маленькі Парыж”.
Ці то ад стомы, ці то яшчэ ад нечага, сцішылася, прытупілася інтуіцыя. Ён не адчуваў, не прадчуваў. Калі ў інстытуце яму перадалі пошту, нішто не азвалася ў ім трывогай. Запрашэнні на канферэнцыі, на сімпозіум, на нейкую творчую сустрэчу... І – тэлеграма. Не на хатні адрас... “Ад’язджаю на два гады за мяжу. Жычу ўсяго найлепшага. Яна”.
Адразу пасля сесіі ён паехаў у горад свайго юнацтва... Праз пару месяцаў, пасля доўгіх росшукаў знаёмых знаёмых, даведаўся адраса Яны. Але адтуль ад яе не атрымаў адказу ні на адзін свой ліст. Удалося толькі даведацца – жывая, працуе перакладчыцай, шлюбу ні з кім не брала. А праз два гады Яна не вярнулася ў горад свайго і яго юнацтва. Ён канчаткова згубіў яе след...
А яна? Пакрыўдзілася? Стамілася чакаць? Расчаравалася? Паднесла тую знакамітую лямпу – замест сына Кіпрыды пабачыла сярэднеаступененую, удацэнтаваную сярэднюю адзінку, што досыць пасноўдалася ў сваім жыцці шляхамі першапраходцаў і авантурыстаў, шукальнікаў рамантыкі? А хто ён на самай справе? Шасцідзесятнік... Паняцце шырокае. І не толькі храналагічнае. У кожным разе, нікому не здрадзіў. Нікому ўпоперак дарогі не стаяў. З ім, Тадэвушам Кастэцкім, можна было – хоць у разведку, хоць на маршрут... Займаўся справай патрэбнай. ЛЭПы яго і ягоных калег і цяпер стаяць: электрыфікацыя хоць паводле Леніна, хоць паводле Чубайса, хоць паводле роднага беларускага начальства – пакуль што грунт усяго. І можа, не вечнае, але разумнае і добрае было ў яго занятках. Праўда, нядаўна яму давялося пачуць ад студэнта: “Я вам плачу, прафэсар, і вы павінны мяне вучыць!” Ухмылкі кірмашовага часу! Доктар Кастэцкі ўляпіў бы яму – нягледзячы на аплочаны курс, але ён ведаў: за гэтага бэйбуса высільваецца маціурач: паліклініка, шпіталь, платныя кансультацыі... А сынок распавёў, што ён чхаць хацеў на ўсю гэтую інжынерыю, яму патрэбны толькі “корачкі” дыплома, ён у бізнэсоўцы рупіцца. Тадэвушаў сын таксама падаўся ў прадпрымальнікі – паспеў два разы збанкрутавацца і два разы падняцца зноў. Тадэвуш не пярэчыў: кожны выбірае свой шлях. Аднак у пару свайго студэнцтва сын не спрабаваў хавацца за бацькавай доктарскай і прафесарскай спіной. Апошнім часам яны неяк зблізіліся – і Тадэвуш не крыўдаваў, калі сын, іранізуючы, пытаўся: “Ну, што, шаноўны доктар? Падкінуць “презренного металла”? У хрумсткіх паперках?” Тадэвушу хапала. Цяпер вельмі прыдаўся “валютны” запас ад замежжа, куды ён кінуўся ў тыя даўнія гады – ці то наўздагон за Янай, ці то за нейкімі фантомамі.
Цяпер Тадэвуш лавіў сябе на тым, што не так жыве, як назірае за жыццём. Выдаткі ўзросту? Хаця да таго парогу, які называюць “векам”, было яшчэ далекавата.
Тэлевока... Некалі пасмейваўся. Цяпер не тое, каб сядзіць каля тэлевізара ці за камп’ютэрам, але надае ім досыць увагі. “Самы моцны чалавек свету – Марыюш Пудзыноўскі...” Стронгмэн. Прыгожы. Як вікінг. “Кошт за адзін барэль нафты трымаецца на ранейшым узроўні...” “У Венецыі вада паднялася на метр вышэй звычайнага падтаплення. Знакамітае п’яцца СанМарка залітае вадой”. “У Францыі можа пайсці на продаж музей Тургенева”.
Тадэвуш адчуваў не тое, каб стомленасць ад жыцця, але адстароненасць. Ці то ён у віртуальнай рэальнасці, ці то ўсё наўкол – іррэальна і мройна? А як было б, калі Яна была побач? Усё сталася б інакш? А можа, так яно і павінна было быць? Мара застаецца марай, інтэрлюдыя – інтэрлюдыяй... І ўспамін даражэйшы за рэальнасць. Бясслоўная сутнасць – адчуванне радасці, рассэнсаваныя думкі, букалічныя фрагменты вандроўкі па belle France. Побытавыя дэталі робяцца рытуальна-святочнымі, канкрэтыка слоў губляецца ў часе – застаецца пяшчотная высакароднасць позіркаў, поглядаў, жэстаў, дакрананняў і яснакалёрная, гарманізаваная рэальнасць высакароднаабстрагаванага існавання. Да натуральнай драмы жыцця яны маюць дачыненне ўскоснае. Да штампаў афіцыйнай анкетнай біяграфіі – тым больш. Гэта не сюжэтная лінія – лірычнае адступленне. Ці наадварот – лейтматыў? Мелодыя жыцця? Тая, што надае сэнс існаванню? Ці толькі стылізуе лёс? Можа, нагадвае чароўны сон? Прачнуўся – нешта нібыта набыў і нібыта страціў. Засталося толькі адчуванне хараства, красы, таямніцы. “Я любил твое белое платье, утонченность мечты разлюбив...”
А што – як махнуць у Францыю? Чулася, гэтым годам там зноў, як некалі, незвычайнага смаку маладое віно. Што надае сонца ў крыві... Паехаць?
Я спадзяюся і нічога не чакаю...
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"