|
МЫ ВАНДРОЎНІКІ...
Уладзімір ПРАВІДОХІН
Круціцца калясо – мільгаюць спіцы... чорнае – белае, цот – няцот...
Вось хтосьці мякка крануў лісцевым кутасом. Восень! Пераход з аднаго стану ў іншы... Гэта не матэматычны рытм і не яднанне ўсяго ў адным, і не містыфікацыя нашага жыцця, а толькі метамарфоза, што адбываецца недзе на ўскраіне Млечнага Шляху... Пішу вам не з Патмаса, але маё жыццё падобнае на востраў, які адарваўся ад мацерыка і дрэйфуе ў акіяне Сусвету.
Творчасць – персанальная, асабовая адказнасць і маральнасць. Галоўнае – бачыць сябе ў плыні і не замінаць іншым. Калі б мы заўсёды помнілі пра сваю смяротнасць, зла рашуча паменшала б...
У работ (гравюр, жывапісу, малюнкаў, вершаў – твораў) сваё жыццё. І аўтару яны ўжо не належаць. Усё ідзе як у пясочным гадзінніку. Мы малюем, пішам, робім фільмы, складаем музыку, ставім спектаклі – ствараем помнікі на пяску Вечнасці. Вось упала апошняя пясчынка... Рука Вечнасці пераварочвае гадзіннік і ўсё пачынаецца ізноў... Але гэта ўжо новыя тэксты – новыя творы і толькі Час... Бывае, горы разумных кніг нявартыя расінкі на кветцы, якая – Сусветам. Кожны пасвойму вязьне ў дрыгве паўсядзённасці, тут, на гэтай маленькай планеце. Паўжыцця, калі не болей, кожны выкараняе з сябе – сябе сапраўднага, падганяе сваю душу, думкі, цела пад фальшывыя нормы быцця. І гэта замест таго, каб ісці насустрач сабе! Узрост, які наганяе нас на Шляху, усё ж не галоўнае: старэе ж цела, а дух належыць Вечнасці і заўсёды малады, бо не мае ні пачатку, ні канца. Памылкі. Крыўды.Спрэчкі. Азарэнні. Здрада. Вернасць. Гэта ўсё нашае – кепскае і добрае – нашае ўзыходжанне да саміх сябе. Думаю, што ў кожным з нас ёсць іскра спрадвечнага святла, бо мы часткаю гэтага грандыёзнага Сусвету. Мы вандроўнікі ў лабірынце жыцця. Космасу мы належым больш, чым Зямлі. Яна несувымерная з Космасам. І кожны прыходзіць у свет са сваёй Чашай. Кожны вяжа і разблытвае свае вузлы. І гэта – цудоўна! Вочы на нашым твары – не толькі проразі, як у рыцарскім шлеме – гэта вочы Сэрца, Душы, Духа!.. Мабыць, мне пашанцавала ў пэўную пару майго жыцця. Я ўсё змяніў, бо па-іншаму глянуў на сябе і не пабаяўся пачаць нанова. І цяпер жыву перакананы, што ўсім рухае Любоў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|