|
НОВАЯ ГЛУХАМАНЬ
Сакрат Яновіч
У нашым закутку ціхалісціцца беднасць. У далінках з маладнякамі, што ўбок Саколкі, нясмела квецяцца садкі пакінутых хутароў. Удалечы – з Відушчай гары – беліцца белень невялікага места. Часчасам гукае адтуль чыгуначная станцыя. Чарвяцца, немінуча, кантрабандысты ад блізкага кардону. У тухлых стадолах, гібеючых здаля ад дарог, шанцоўнікі перахоўваюць крадзеныя аўтамашыны. У месячнай блякласці цені іх ахоўнікаў наклікаюць успаміны пра партызанаў даўняе вайны, калі яшчэ тут былі вёскі.
Начамі ваўкі не выюць, дзікі не пужаюцца. Зрэдку бахне чамусьці стрэл, завіруе праклён, бы код мінулага. І ваколле зноў заплывае цішнасцю, якая тут трывожная.
Падлесная цемрадзь чуйная, паганская, з зоркамі ўвысі, гэтай плоймай абсмяяных багоў. Страх, каб не адпомсцілі! Ззаду трэсне сухапад і ўздыбляцца валасы, удзеравянеюць скроні. Ад лужка Антошкі калываецца насустрач чубастая дзічка, усё роўна што блукаючая баба. Жаданне збегчы адсюль стыне ў страшнасоннай бяссільнасці.
Ідзецца пыльнай каляінаю – уезджанай трактарам лесніка – дарожкі. Рэжа вочы натуга не наступіць на затоеную гадзюку. Можа і лепей з такой насцярогай, бо тады не глядзіцца ў спахмурнелую баравіну. Так ходзяць паляўнічыя ў амерыканскіх кінафільмах, нахілена.
Спрадвечна родная глухамань аддаляецца. Хочацца гаманы, але адбыў час, адышоў век, загасла эпоха. А гэта ж толькі змена пульсу ўсё таго ж існавання.
Надалей няма пэўнасці, ці паратуе нас розум. Зрэшты, ці ёсць жа ён у існаванні? Мы ж у ім нават пра Бога здагадваемся ўсяго ад дзвюх тысячаў гадоў!
ЧОРТАВА ХАТА
Немцы адступалі. Займалі кароў, прымушаючы выганяць іх на гасцінец, па якім валакліся на Беласток абозы арміі. Украінцы з вермахта заходзілі ў багатыя хаты, вымагалі самагонку і сала ды загольвалі ў кутках гаспадарскіх дачок. Крыкі даляталі да зарэчнае Барсуковіны. Ад Ваўкавыска біла савецкая артылерыя.
Нам трэба было ўцякаць з Барсуковіны ў засасновіцкую Чортаву Хату. Маладыя кінулі дабро на догляд старым, запраглі коней у доўгі воз, награмадзіўшы на яго леткія пажыткі і харч. У звечарэласць пацішэла наўкола і можна было выехаць ў лес. Ад Паўднёвага Вострава чуўся бабскі плач і казацкія спевы. Надышла паркая ноч.
Усе мы йшлі за возам. Дзядзька Валодзька аддаў лейцы цётцы Ніне, калі параўналіся з Туркавым крыжам, і палез на ліпу глядзець, дзе і што гарыць. Дапякала заедзь на буру. Гралі камары. У бок верхлесу замігцела маланка. У высокіх прагалах дрыжэла зарыва далёкіх пажараў. У вышыні гудзелі самалёты; дзядзька Валодзька сказаў: савецкія ляцяць бамбіць Беласток. Даволі блізка прасакатаў кулямёт і мы запыніліся, збегшыся ў чародку. Рэха разнесла стрэлы з вінтовак, пасля чаго застыла ціш.
Буравей, як бы нічога не кажучы, лінуў навальніцаю, цубаніў, заляскаўшы перунамі з грымотамі над вострымі ялінамі. Мяне, малога, цёткі ўкрылі радзюжкамі на возе, пад’ехаўшым пад нахілены арэшнік. Мне падабалася быць сухім у саломе, соладка слухаць закалыхваючы пошапт дажджу.
Прабіраліся да Чортавай Хаты. Колы панічна клекаталі на голым каранёўі, плюхаючыся ў калюгі. Дэрашы пахропвалі, счуўшы звяр’ё, можа быць, ваўка. З галінаў пырскала халоднымі кроплямі. У пагусцелай пушчы снілася сонечнажоўтае плыткаводдзе Старынкі, прыварожвалі серабрыстыя рыбкі...
Расплюшчыўшы вочы, я са здзіўленнем убачыў, што ўжо заяснела раніца; сонца панад соснамі, бы выбух шрапнелі; дзядзька Валодзька ставіць будан, накрывае ялінавымі лапамі ды мохам; цётка Ніна доіць чужую карову, астраўскую, прыблукаўшую аднекуль. Вось ціўкнула куля, трэснуўшы кару сасны.
Прывалакліся партызаны – распытаць пра немцаў. Першы з іх – у скураной куртцы – пагладзіў мяне па галаве. Дзядзька Валодзька назваў яго “таварышчам”; прышоўшыя жавалі сухары, утомна пасеўшы на зямлю. Раптам схапіліся і, пагорбіўшыся, пабеглі ў гушчавіну – з імглы лугоў вынырнулі блішчучыя зброяй вершнікі. Пад’ехаўшы да нашага стойла, гучна загергеталі. Дзядзька, зняўшы шапку, паўтараў “ніхт партызанэн”. Гэта не былі немцы, мелі смольныя твары і лапаталі між сабой “фініта баталія”. Яны заблудзіліся. Слухаючы дзядзьку, разгарнулі мапу, затым спешліва ад’ехалі.
Партызаны не вярнуліся. Перасталі лётаць у небе самалёты, змоўкла артылерыя, заспявалі птушкі, павіс пад хмурынкай над намі шуляк. Дзядзька з цёткай увязалі да кланіцы астраўскую красулю. Сказаўшы, што фронт пайшоў на Беласток, пачалі збірацца ў Барсуковіну.
Я, скусаны камарамі ў пагодную ноч, усю дарогу назад праспаў.
ЗДАРЭННЕ Ў СТАРАСЦІ
Неяк зімою пазваніў Ежы з Варшавы. Мы даўно не бачыліся, але яго голас я пазнаў адразу. Яму самому было, пэўна, за восемдзесят ужо, аднак гаварыў ён без частага ў старых дрыжання галасавых струнаў. Слухаў я з прыхаванай зайздрасцю таксама яго добра фармуляваныя фразы. Мая ірытацыя тэлефонам вынікала з чаго іншага. Мне надта не хацелася ехаць у Беласток на сустрэчу Ежага з чытачамі яго перакладу эпасу аднаго паўночнага народу, дзеля чаго вывучаў ён гадамі тую непраўдападобную мову. За вокнамі майго местачковага дома валіў адліжны снег, скуголіў суседскі сабачук, а недзе ў доле павывала маторная піла.
“ Ежы, на прамілы Бог!” – думаў патлумачыць яму неадпаведнасць выбранага ім моманту на эскападу. У наступнае імгненне я ўсвядоміў сабе, што маім абавязкам ёсць паслухацца, з’ездзіць да яго ў гэты ненавідны Беласток, у які наведваўся я толькі да лекараў. Божа мілы, каму ў засяляненым, правінцыйным горадзе цікава ўпаткаць Ежага з перакладам таго эпасу карэльскіх лясоў!?
Я расхадзіўся па хаце, ведаючы, што не павінен і не магу праігнараваць просьбу прыяцеля. Трыццаць гадоў таму гэта ён, Ежы, перакладаючы тады мае беларускія тэксты, вывеў мяне ў літаратурны свет, ратуючы з беластоцкай глушы. Я рабіў упакоўшчыкам у аптэчным складзе, маючы фору ў дырэктара, лэмка з Карпатаў, быць завочнікам варшаўскага універсітэта. Гэта было добра, але шчаслівейшыя тыя, хто не чытае і не вучыцца. З тае далечыні часу цяпер не памятаю акалічнасці свайго знаёмства з Ежым. Напэўна, дайшло да таго ў тагачасныя выезды ў сталіцу. Пёрся я на выклады – у рагатлівым кагале працоўных студэнтаў з Беластока і ваколля. Усіх нас налічвалася мала, змяшчаліся ў абшарпаным купэ трэцякласнага вагона, і маруднымі гадзінамі валакліся на універсітэт; часцей здаваць залікі, экзамены. На фоне задрыпанага Беластока адчувалі мы сябе элітаю; з пагардаю пазіралі на тупатварых беластачанаў, што побач, у калідоры перапоўненага вагона цягніка з вугальным паравозам, рэзаліся ў карты або дрымотна калываліся, утомна раздумваючы, чаго і дзе купіць у сталічных універмагах. У тадышні сацыялізм Беласток уяўляўся чвэрцьмільённай вёскаю з крамамі з таварнымі адкідамі; будаўнікам сацыялізму Беласток нагадваў вашывы мурашнік, які лепей абліць бензінам ды падпаліць дзеля дэзінфекцыі. Гэта было гняздо рэакцыі, ксяндзоўства ды палітычнага бандытызму.
Сам я знаходзіўся ў стане нястрымнае эйфарыі. Мне выдалі тут дэбютную кніжку і гэты факт здаўся векапомным, прынамсі, для Польшчы, калі не для Еўропы. Жыў на вуліцы Складоўскай, што блізу гарадскога цэнтру, і прыкра здзіўляла мяне, што ніхто з незнаёмых не вітаецца са мною. У некаторым сэнсе я не крыўдаваў на натоўп, разумеючы, што беластоцкія палякі не чытаюць пабеларуску. Хоць гэтая акалічнасць не зусім апраўдвала іх па той простай прычыне, што мая кніжка ўявілася мне наогул першай у трохсотгадовай гісторыі горада.
Яе пераклаў на польскую мову варшаўскаму выдаўцу менавіта Ежы. Я вечарамі не вылазіў з яго кватэркі на Волі, бываючы ва універсітэце. Ён любіў гаварыць у стылі скарочаных выкладаў па літаратуры і гэта прыдавала мацаты слухаць яго да поўначы, ад ад’езду апошняга трамвая ў напрамку вакзала; у Беласток вяртаўся пад раніцу, з Віленскага. Было здароўе, была радасць існавання. Нават Канта начытаўся.
З маналогаў Ежага не ўсё цяміў. Каб падлізацца яму – лічыў гэта добрым тонам – у наступную сустрэчу паўтараў пэўныя яго думкі, што выразна мацавала наша сяброўства. Пазней я сарыентаваўся, што жыў ён страшэнна адзінока, прычым з комплексам незакончанай універсітэцкай адукацыі, што магло значыць адно: не ўдалося яму жыццё.
Я няраз потым трапляў у нудоту гаварыльні, але – пасля універсітэцкіх выкладаў і маналогаў Ежага – выпрацаваў у сябе дзівосны спосаб, каб не ашалець ад бесцікавасці. Метад спосабу аказаўся надта просты: вудзіць нешта свежае, нечуванае, у муці словаў ды какафоніі думак. Адсюль не даводзілася ўжо пакідаць ягоную кватэрку, бы апараны фацэт, што шыбуе ад бурклівае каханкі да бліжэйшага прыстанку на тратуары алеі. Усё ж даў Ежы веды, хоць уперамешку важныя з няважнымі. Ён хварэў на майстра, у якога з’явіўся вучань. Збольшага так і было, зрэшты.
І вось прыехаў ён цяпер у Беласток. Гэта ўжо не той Беласток, які я памятаю. У ім незлічонае мноства моладзі, дагледжанай і шпаркай, без ценяў голаду на тварыках. Узіму баюся пакаўзнуцца ёй пад ногі, затопча. Не па злой волі змяшае з гразёю, але з недахопу часу. Магчыма, па гэтай прычыне мала відаць старых людзей на тратуарах. Баяцца таксама, як і я. Хоць ані мне, ані ім, маім равеснікам, нямаш вельмі чаго даражыць жыццём. Яно далёка за намі.
Чамусьці худзенькага, натуральна прыгорбленага векам Ежага з кульбакаю ў руцэ вітаў у службовым кабінеце правінцыйнай бібліятэкі дырэктар, магутны целам тутэйшы апартуніст. Гэта мяне незразумела раззлавала. Пахлептваючы чорную каву з філіжанкі, аднак сакаталі мы ў настроі анекдотаў, псіхічна рыхтуючыся да аўтарскае сустрэчы Ежага з вывадкам гімназістак, што абыякава начэквалі перакладчыка якогасьці ім эпасу, невядома чаму патрэбнага іхным настаўніцам. Нешта плёў дырэктару Ежы, нешта плёў і я, але гэта ён брыняў задаволенасцю сённяшнім днём. Зазіраючы ў пакорпанае аблічча ягонае, прыкаціла думка, што рамантыку кахання пляжыць фізіялогія. Больш датычыла тое мяне, чымсьці яго, чалавека з паводзінамі адзінца. Гады жыцця надта густыя, але яны размываюцца, і самому не верыцца, што столькі ўсяго адбылося. Забыванне – гэта паратунак. Добра ёсць забыцца на лішняе.
Сама чытацкая сустрэча – па сутнасці здаўна анахранічная – сённячы з моладдзю пад настаўніцкім тэрорам. Педагогі занялі стратэгічныя месцы ў крэслах, што ля выйсця з памяшкання. Я, чуючы Ежаву манатонію пра якуюсьці лірыку якогасьці няшчаснага паўночнага племя, бачыў вачыма ўявы і сваё сярмяжнае дзяцінства, убогую маладосць. Спякотнае лета, пагусінаму белыя хусткі жней ў палях, языцкія бабулі ў высоказялёных агародах з макамі і каноплямі, дамавіковыя дзяды з кешкаватымі ўнукамі, неспакойная ад аваднёў дрымота ў жніўны полудзень у цяні дзесятак жыта або дванастак аўса, кленчане над крынічкаю ў кустоўі Жаўруковага лужку, аблокі ў даляглядзе, уедлівы пах палыноў на межах, пыльнае вяртанне ў адвячорак з пашы статкаў жывёлы. Золата і блакіт дня галечы на кантынентальным усходзе Еўропы.
Езуіцкае майстэрства тактыкі паказаў дырэктар бібліятэкі, які больш карысным грамадству быў бы ў ролі ксяндзапробашча. Менавіта ён выратаваў становішча з задрамаўшымі дзяўчатамі і хлопчыкамі ды загаварыўшымся Ежым. Закрычаў, ажно я скалануўся: – Ці ёсць пытанні да дарагога пісьменніка?! Пытанняў не пачулася, што прыкра здзівіла Ежага. А я ў невыносным адчаі, у прыступе балючай, быццам хворы зуб, атупеласці схапіўся са свайго месца ды ірвануў да дзвярэй, а за мною, бы ў пажар абуджаныя, маладая публіка; рыхтык тыя авечкі за бараном.
Не памятаю, як я апынуўся на прыпынку рэйсавага аўтобуса ў мае Крынкі. Едучы дамоў, ацішыўшыся за дарогу, зрабілася невыказна сорамна за свае паводзіны на сустрэчы з Ежым. Браўся потым напісаць яму перапрашальны ліст, доўга цягнуў з тым. І сорам прапаў. Выветрыўся.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|