БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

Дзённікі 
(канец 2000 г. – красавік 2005 г.)

Сакрат Яновіч

19.12.2000
Ужо ў лістападзе – пачаткі катастрофы здароўя (застуда; антыбіёткі). А тут выпаў мус быць аж на двух кангрэсах, адным за адным. У Мінску – беларусістаў (5-7). У Варшаве – польскай культуры (8-10). Тыдзень па-за домам (ад 04-га). На антыбіётыках. І вось па сёння ледзь жывы, закашляны, зноў на антыбіётыках; бяссонне; уражанне ўдушу (хоць гэта бронх).
Катастрофа ад лёгкадумнасці. Чаго было перціся ў той савецкі холад-голад? Каб мець даклад? Бо нацыі там няма. А ў Варшаве ўжо не дабыў да канца (...).

20.12.2000
У Варшаве (8-10.12) не было ўсяе тае макабры, але задоўжаная прастуда валіла мяне з ног. Трэба было ўцякаць. Выступіўшы тут з дакладам “Pogranicze jest przyszłością” – у Мінску “Польская беларуская літаратура” – дзесятага ў адвячорак давалокся я ў Крынкі. (...)

31.12.2000
Трэба катэгарычна рэдукаваць сваю дзейнасць толькі да Villa Sokrates! Тады яшчэ пажыву. Каб хоць з пяць гадоў... На Беларусь намя чаго азірацца, яе ўжо няма. Засталося трымацца беларускай літаратуры, яна вечная. (...)

03.01.2001.
Вартую дом. Бабы хварэюць, спяць. Ціш і за вакном, як працяг доўгай смерці Крынак. Чытаю “Тутэйшую сагу” Чобата. Яшчэ здольны я смакаваць лірыку Танка. Завальваюць макулятурнымі выданнямі. Адпісваю на пісьмы толькі важныя, сур’ёзныя (іх в. мала). Хвароба памалу адлягае, але начамі душыць (...).

26.01.2001.
Нарэшце надрукавалі “Annus Albaruthenicus 2001”. Учора прывезлі тыраж (370 экз.) і сёння я выслаў на важнейшыя адрасы (79). Ад палягчэласці мала не ўмлеў.
Цяпер магу пачаць ажыўленую карэспандэнцыю дзеля арганізацыі сёлетняга Беларускага Трыялёгу.

16.02.2001.
Са шпіталя – 13-га. Моцна падлячылі (др. Валянціна Якубоўская). Праблемы з сэрцам застануцца. (...)

14.03.2001.
З групай старшакласнікаў з Гарадка (арг. сустрэчу Алік Карпюк). Дзеці жвавыя, але з камплексамі; пераважна ўжо польскамоўныя. Некаторыя толькі перспектыўныя для нацыі. Добра і тое, бо ў Крынках, бадай, аніводнае...

29.03.2001.
Чацвер. Тыдзень назад наведала мяне першая класная група крынскіх гімназістаў (у пятніцу другая і ў панядзелак трэцяя). Дзеці страшэнна апалячаныя, датла! Але тлее ў іх цікавасць да аўтахтоннасці. Абдорыў іх – пасля паругадзінных гутарак – кніжкамі “Доўгая смерць Крынак”, “Лістоўе”, “Nasze tysiąc lat”, “Annus Albaruthenicus”. Нешта ў іх свядомасці застанецца.
Прыйшлі таму – пад апекаю педагогаў, – што ўведзена абавязак навучання пра рэгіён. (...) 

30.04.2001
З Бельска, з веснавога семінара “Белавежы” (29-30.IV). Алесь Пашкевіч – пра эміграцыйную беларускую прозу. Жамойцін – пра літаратурную старонку “Нівы”. Увечары – няблагая літаратурная дыспутка Чыквіна, Андрасюка і мая з публікай у гарадской бібліятэцы на Казіміраўскай, 14. 

02.05.2001.
Прыязджаў Юрка Хмялеўскі. Як заўсёды: плёткі, плёткі, ажно галава разбалелася! Усе супроць мяне, толькі адзін ён мне сябар? 

14.05.2001.
Цікавячыся нацыянальнымі рухамі бачу, як мізэрны быў і ёсць беларускі. Прычына банальная: няма грошай. Найперш таму, што беларусы нікому не патрэбныя (акрамя саміх сябе). Не знаходзяцца на сутыку з нейкім, зацікаўленым імі, істотным еўрапейскім патэнцыялам (палякі дрыжаць за Украіну).
Яшчэ ўсё выходжу з тае зімовае катастрофы здароўя (флегма). Вельмі слабы я.

25.06.2001
Ян Павал ІІ ва Украіне. Насуперак пратэстам Масквы. Малайчыны “хахлы”! (...)

02.07.2001.
Ідзе вялікае лета. А ў палякаў гон Сычэўскага. Зусім не кемяць спецыфікі Беласточчыны. Электаральная моц гэтага чалавека ў антыбеларускасці ўладаў, сінхроннай з медыяльнымі нападамі на яго. (...)
Важны ліст ад Канвіцкага. Духоўна братні. У ягонае 75-годдзе.

10.07.2001.
Новыя “Regiony”(1 – 2001) паведамляюць, што ў м.г. павесіўся Зыгмунт Тжышка. У мяне аб ім цёплая, сардэчная, памяць. Яго ціхая смерць паказвае, што быў ужо забыты; даведваюся пра яе толькі цяпер, хто ведае, ці не аж праз год. Лёс аўтара сярэдняй рукі.
Зыгмунт адыграў у маім жыцці вельмі выразную ролю, шмат публікуючы ў свой час пра мяне і маё. У цяжкія для мяне гады.

24.07.2001.
Райнэр Штробэльт, паэт, з паэтычнай парай Яноўскіх (Тамара+муж). Некалькі гадзін у Крынках (мястэчка, жыд. могілкі).

29.07.2001.
Трэці Трыялёг за мною! Не верыцца, што трэці. Лягчэй даўся, чым мінулагодні. Але, як і тады, трохі набалаганілі саветы; Баршчэўскі прывалок з сабою аж двух няпрошаных, Таболіч адну, і чагосьці прыімчаў Падгол. Наогул, аднак, імпрэза адбылася, як па нотах. Былі: Радзік, Чобат, Лабынцаў, Шчавінская, Таболіч, браты Кабацы, Плакс, Катлярчук, Баршчэўскі. Медыі: “Gazeta Wyb.”, “Kurier Por.”, TV, “Ніва” 

21.08.2001
З Давідзюкамі – Заняпад мастацкіх вучэльняў; тэндэнцыі ад Захаду, інфантылізм. – Знікае сярэдневяковая этнічнасць, высмоктваюць яе гарады. – Польшча застанецца перыферыяй Еўропы. Заходні капітал ужо авалодаў яе банкамі. – Тыя, хто ствараў “Салідарнасць” ужо па-за гульнёю. – Каталіцтва патане ў нахабнасці.

24.08.2001
Падвойны н-р “Тэрмапілаў”, 4-5. Як жа нядаўна гутарылі пра першы! Несумненная ўдача Чыквіна.
(...) працяг “Дзённікаў”, 1995-2000. Дбайны, беспамылковы друк, што сённяшнімі часамі рэдкасць.

06.09.2001
Першы раз як глядзеў у тэлебачанні футбольны матч, Беларусь – Польшча. Таму, бо загаддзёў чуў, што высока прайгралі... палякі (4:1). Хацеў пабачыць тое ўласнымі вачыма, як нешта непраўдападобнае! Як былая гэтая калонія лупіць былых імперыялістаў. Палякі, відаць, праігнаравалі – jakąś Białoruś.

10.09.2001
Адпачываю ад 65-годдзя (шмат карэспандэнцыі давялося выслаць).
Учора – прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Сумнае відовішча, чорны цырк. Я даўно казаў: Лукашэнка сеў аж да першай вялікай катастрофы, г.зн. надоўга, бо адбудзецца яна не раней, як Украіна і Расея пойдуць ва ўсенародны дабрабыт (гадоў так праз дзесяць). А беларушчыны ўжо няма і не будзе. 

14.09.2001
(...) Нядобра ад несціханай свае прысутнасці ў газетах і ў эфіры. Ад надакучлівых тэлефонных званкоў журналістаў. Ім напляваць на стан майго здароўя, а мне не надта выпадае адганяць іх ад сябе, супрацьставіць.

27.09.2001.
(...) 26-га зваліўся на мяне Сямён Букчын, непраўдападобны гаварлівец (!), з нейкім варшаўскім карэспандэнтам “Комсомольской правды” (1,5 міл.тыражу). 

11.10.2001
Аўтарскі вечер у Ваяводскай Бібіліятэцы (10-га). Улады, публіка не нудзілася. Наогул невядомая мне, мадэруючая Дарота Савіцкая (аказваецца, родам з Дубравак; радыё-журналістка). Імпрэза вымушаная мною на дырэктары, супер-католіку Яську Леанчуку, (Ty śmierdzący tchórzu! – я мог сказаць так аб ім, у вочы, бо калісь нямала памог яму; у гадах ён майго Слаўка). На гэты вечар ён, вядома, не прыйшоў, але даў сродкі на арганізаванне яго.
Савіцкая мела падставы быць добрым вядучым; раней была яна ў Крынках, бадай перад летам, анімуючы неблагое інтэрв’ю маё, наогул перадачу, беластоцкаму радыё (маю ў сваім архіве). 

14.10.2001
Як у Беластоку, мой гэтак жа першы літаратурны вечар для дарослай публікі ў Гайнаўцы (12-га). Багата апланаваны: тэатралізаваныя дэкламацыі ліцэістаў, партрэт работы Акудовіча, продаж кніжак, прысутнасць Лубенскага і Раманюка з “Nowych Książek”... Я даў з сябе ўсё, слухачы рэагавалі (к. трох гадзін цягнулася). Няхутка зноў такое будзе; і як у Беластоку, мала даўніх знаёмых (паўміралі?). Ірэна Парфенюк прыйшла з ружамі, Ядвіга Рудзінская-Патэюк з шампанскім, яшчэ... Вяла вечар, невядомая мне, Галіна Вайсковіч. 

24.10.2001
Пасля вяртання з Кракава – толькі сёння я ў сілах зрабіць запіс.
Меў выдатнае 65-годдзе ў Villa Decius! У рамках іх імпрэзы пра меншасці Польшчы. Ездзіў туды з Хмялеўскім, Юркам, які цалкам добра правёў мой аўтарскі вечар (20-га). Арганізатары (Бартош) уфундавалі вялізны торт у маё 65-годдзе. Хапіла яго па кавалку ўсім слухачам (к. 50). Датла выматаўся я, але затое сустрэча атрымалася незабыўнай, дынамічнай і дасціпнай (тутэйшыя журналісткі мала не пашалелі!).
На дзённым семінары капітальна выступіла Тэрэса Занеўская! Нават Генік Мірановіч выклікаў цікавасць – у Кракаве не спадзяваліся, што беларуская меншыня ўяўляе сабою так значны інтэлектульна патэнцыял. 
Пазнаёміўся з М.Дмітрук, арыгінальнай мастачкай. Быў і Давідзюк.

27.10.2001
У газеце: Лёнік ужо прафесар? Дзякаваць Богу! Нарэшце дабіўся снёнага ім павышэння і стабільных грошай (замест выпадковых). (...)

19.11.2001
“Сённяшнія газеты заваленыя Яновічам”, кажу без асаблівае радасці, ведаючы, чым пагражае папулярнасць. (...)

25.11.2001
Учора наведаліся добры паэт Юрка Плютовіч з пачынаючым Кшыштафам Гедрайцем (яго аўтам). Па-кафейнаму, “от нечего делать”. З віном, апельсінамі.
Завяршыў карэктуру “Зямлі св. Лукі” Чобата (210 стар.). Варта было яшчэ раз учытацца ў яе. 

01.12.2001
Удаецца пажыць у цяпле і спакоі, хоць што ні дзень хтосьці чагосьці хоча ад мяне. Але гэта глупствы ў параўнанні з памятным млыном мінулых часоў. Набліжаецца канец году; засталося мне, фактычна, адна справа: выпхнуць у друкарню “Annus A.”

28.12.2001
“Сакрат Яновіч” у кн. “Творцы бел. літ. ў Польшчы” Ал. Баршчэўскага (...) Гэта помнік некампетэнтнасці, павярхоўніцтва. Барскіяда! Алесь не гісторык літаратуры і не літаратурны крытык, а журналіст. (...)
Такім жа “прафесарам” будзе і Лёнік Т. у сваей мастацкай акадэміі.
Бы Паўлючук у рэлігіязнаўстве.
Усе трое без саліднай адукацыі, перш за ўсё ліцэйскай. (...) Які след ад іх?!

04.02.2002
39-ты ўрывак “Не жаль пражытага”. На гэтым канец. Пісаў і друкаваў у “Часопісе” больш трох гадоў. Будзе з таго кніжка, крыху дапоўніўшы...

08.02.2002
З пакутнаю неахвотаю адзначаю сваю аўтарскую сустрэчу ў бельскім ліцеі (5-га). Polonizacja w nim już się dokonała! Як у саветаў, паралельна, русификация состоялась. Няма з кім гаварць. Чужы сярод сваіх.
Пры гэтым настаўніцкі спосаб сустрэчы макабрычны. Водзяць цябе з класа ў клас, усё роўна што для алібі якогасьці, моў, зроблена ўсё дзеля захавання беларушчыны... А ліцэістам ужо язык не варочаецца па-беларуску! 
Я, бадай, упершыню выказаўся брутальна, так беспардонна перад вучнямі: – Ваш ліцэй ужо небеларускі, яго трэ’ ліквідаваць! Паланізацыя спіхвае нас у культурную бясплоднасць! Вы без беларускай культурнасці нічога не вартыя!

09.02.2002.
(...) Памёр Альбін Скроўба, адзін з тых апошніх крынкаўцаў, з якім давалася гаварыць па-беларуску. Хадзіў развітацца з нябожчыкам.
За няцэлы год – ужо трэці такі.

12.02.2002.
(...) Палякі ўжо даходзяць да тае праўды, што нас, беларусаў тут, не больш сотні тысяч. А мы ім (...) муцілі ў галовах (...).

20.02.2002.
Перадалі з Гродна, альбомна аформлены зборнік “Бел. нац. ідэя” (тыраж: сто экз.). Мой “Погляд на беларускую нацыянальную ідэю” апублікавана ў ім з памылкамі да перайначаннямі (напр. “самапалітызацыя” замест “самапаланізацыя”). І як бы таго мала было, то яшчэ з наіўным каментарам Ул. Конана, які выразна не зразумеў тэксту эсэ (хоць і ўспрынялі яго там як бліскучы!). Ох, гэтая савецкая прафесура!! Без чуцця гістарычнага часу. Ім што вякі назад, а што цяпер, невялікая розніца.
Больш дакладная публікацыя ў “Беларускім Дайджэсце” (кастрычнік 1999).

01.03.2002.
Грамадская ціш. Татальны эгаізм. Толькі грошы на мазгах. Інтэлектуальнасць сплыла, бы вада з гускі. Як доўга людзі вытрымаюць у такім разумовым безруху? Беларусы доўга. З паншчыннымі генамі.
Канчальны ўрывак “Не жаль пражытага”. Пісалася на працягу трох з паловаю гадоў (ад лета 1998г.). (...)

06.03.2002.
(...) Чытаючы савецка-менскія “толстые журналы” увачавідкі відаць, што мы тут, на Беласточчыне, амаль не існуем у іх уяўленні. Лічы, па-за ўвагаю; і “Тэрмапілы”, і “Год Беларускі”; 

20.03.2002.
Дзюсельдорф – маё знаходжанне ў днях 14-17 сак. Па запрашэнні Польскага Інстытута, які ў супрацоўніцтве з Трабам (Borussia) і Чыжэўскім (Pogranicze) праводзіць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных памежным культурам Польшчы. Натоўпаў на іх не бывае. От, як у музеі. На мой аўтарскі вечар 14-га з’ехалася больш тутэйшых палякаў, чым немцаў. Быў нейкі “тоже белорус”; прывалокся з Кёльна, прачытаўшы паведамленне ў друку (агент лукашэнкаўскай амбасады). Маўчаў у час ажыўленых пытанняў з боку слухачоў, каб потым прычапіцца да мяне, што я лішне акцэнтую русіфікацыю Беларусі...
Вечар вёў Гэнрык Бэрэзка з Берліна, шлянзак, зямляк К.Куца. (...) Выхад з беларускасцю ў Еўропу цераз польскасць. Іншага ратунку няма, саветы душаць.
Нахадзіўся па Дзюсельдорфе. Тут ужо вясна, квітнеюць нейкія паркавыя дрэвы, зеляніцца трава, сонца і цяпло. Цудоўны Рэйн, праменад уздоўж. (...)
Асаблівасць заходняга пейзажу – у нечым іконная светласць, празрыстасць, святы блакіт далячыняў.

28.03.2002.
Хваля пісем заціхае; адпісваў нават па дванаццаць за адзін раз. Пераважна ў кантэксце Villa S. Часам маю такое ўражанне, што апошнімі сіламі адбіваюся ад чагосьці...
Дае пярэдых догляд саду. Сонца.

25.04.2002.
Ад Макміліна “Belarusian Literature of Diaspora” (Беларуская літаратура ў дыяспары). Нечуваная рэч! (...)
Засмактала мяне Мацкевіча “Nie trzeba głośno mówić”. Разумею, чаму палякі знелюбілі яго. За шчырасць!

10.05.2002.
Сёння з Таняй прадаў, ужо натарыяльна, беластоцкую кватэру. Сыну Вовы Лісоўскага, а ўнуку мае хроснае маці, Тоні з Грычанак (Барсуковіна).

08.06.2002.
З’езд “Белавежы”. На дзіва людны (15 асоб). (...) Жыццяздольнасць згуртавання трымаецца на датацыях і на амбіцыі Яна Ч., без якога нічога не было б.

17.06.2002.
“Die Zeit” ад 13-га змясціў у “Zeit Literatur” тэкст гадавое даўніны, К.Шмідта-Гаўэра пра Villa Sokrates, і Крынкі. Гэта першы такі прарыў на Захад у масавым часопісе. Ужо аблегчыць, можа, мне, наогул дзейнасць... 

28.06.2002.
Заўчора – з Мінска. Такога падарожжа – на адзін дзень так далёка – яшчэ не было ў мяне. Амбасадар Машкевіч настаяў, сам прыехаў у Крынкі за мною. На банкет, у сувязі з заканчэннем дыпламатычнай місіі ў Рэспубліцы Беларусь. Мерытарычна выезд без сэнсу. Прапала ахвота з кім-колечы бачыцца. На банкеце – таксама эліта апазіцыі. Выпадковыя гутаркі (Баршчэўскі, Вячорка, Букчын, Сёмуха, Грыб і плойма саветчыкаў, усе памарнелыя). Лірычная размоўка з Шалкевічам, беларускім бардам прадмесцяў, Пагулянкі. У настроі ўсеагульнай п’янкі. Утомна. З палёгкай вярнуўся. 

14.07.2002.
Катастрафічная мне гарачыня (30º). Больш тыдня. Захапіла ўжо ў Чэхіі, куды я паехаў з Таняй (Яромеж – Прага, 30.VI.-5.VII). У Бандарукоў, блізу Барандова. Пражскае места ашаламіла пекнатою! Утульнасцю. Славянскасцю. Такога яшчэ не бачыў. 
Затым – экспрэсам у Нямеччыну, да Хайнца Цыбарта (Лечын). Восьмага доўгае вяртанне ў Крынкі. Праз Польшчу, машынаю з Хайнцам. Дзесятага выехаў ён ад нас у Мікалайкі. Крутынь... Я колькі дзён даходзіў да сябе. (...)

08.08.2002.
Суша. Пульс сэрца ўдвая большы за норму. Ратуюся і ратую агарод (паліваннем). Перакладаў і апрацоўваў Чобату гісторыю Крынак для публікацыі ў “Tutaj”, і не толькі гэта; пішу шмат, але малалітаратурнае. (...)

16.08.2002.
Лукашэнка ў Пуціна, і Пуцін Лукашэнку: здай Беларусь у Расею і адчапіся! (...) Іначай: зачем еще одно русское государство?! (...)
Беларусь уяўляе сабою смешныя тры працэнты патэнцыялу Расеі. І гэтыя тры хочуць партнэрыць з дзевяноста сямю. Шутки какие-то! Даць Лукашэнку па шапцы дзяцінна проста Крамлю – даволі ўвесці нармальныя, замест “братских”, цэны (напрыклад, за газ і нафту). Лукашэнка можа адбівацца толькі аплатамі за расейскі транзіт у Еўропу.

19.09.2002.
Даканаў мяне віцебскі тэатр (16-19). Ставілі “От цо да” па матывах “Арышту”. У Крынках, Бельску, Гайнаўцы (2 спект.). Пераважаў рух, момантамі паўбалетны. Відовішча замест драмы, але, відаць, іначай нельга было; там цэнзура, а тут польскі шавінізм, (асабліва ў Крынках).

11.10.2002.
Дазваніўся да Ніны Баршчэўскай. Будзе рэдактаркаю мае кніжыцы “Пад знакамі Арла і Пагоні” (пісаў я некалі такі цыкл радыёгутарак). Думка выйшла ад Арсеня Ліса, які цяпер чытае іх у нумарах “Камунікату” Radio Polonia. Фінансы знойдуцца як на выданне навучальнага дапаможніка ў 2003 годзе. 

27.10.2002.
Даў Бог сілы з’ездзіць у Гданск і Познань (21-25.10). Спадзяюся, што ўдасца нікуды не выязджаць аж да цёплае вясны... Бо і чаго?! Усюды ты экзотык.
23-га ў гданскім універсітэце: выступленне на адкрыцці ўсепольскай канферэнцыі перакладу і перакладнікаў.
Начаваў у Сухарскіх – у зяця Іры і Колі Кулакоўскіх (Піражкі, Азяраны). Экскурсія па Гданску.
У Познані – доўгія сустрэчы, днём у Інстытуце Гісторыі, вечарам у Палацы Дзялынскіх (24-га). Інтэнсіўныя. Пару чалавек і з беларускай дыяспары (у Гданску таксама). Упярэдадзень, адразу пасля прыезду, няспешлівая вячэра ў Агатоўскіх (да 23-й гадз.). Жонка Тамаша, Майя, лекарка з мастацкімі схільнасцямі; размалёўвае камяні.

02.11.2002.
Шок: у Гродне няма беларускіх школаў! Ніхто не гаворыць па-беларуску, акрамя жменькі “нацыянальна-заклапочаных”.
Адкуль такая абыякавасць усенародная? Гісторыя беларускага нацыянальнага руху не ведае масавай арганізаванасці. А тое масавае, што было, мела характар наднацыянальны (КПЗБ). Цяперашняя Рэспубліка Беларусь уяўляе сабою á la рэспубліку Трэцяга Свету.
Засталося трымацца не беларусаў, але беларускай культуры.

06.11.2002.
Камунальныя выбары. Беларускі Выбарчы Камітэт каторы ўжо раз прайграў; набраў пятнаццаць з паловаю тысяч – у акрузе, у тым ліку пару тыс. у Беластоку (на маю кандыдатуру прагаласавала каля тысячы і семсот беластаччанаў). Царква традыцыйна антыбеларуская, трымаецца чырвоных (SLD). Гэта праваслаўны фальварак, які абараняецца ад новых супольнікаў; са сталым штатам парабкаў.
І хоць сітуацыя ў будучым яшчэ болей пагоршыцца, трэба нам прымаць удзел у выбарах. Нягледзячы на тэмпы паланізацыі таксама Царквы, усё мацней заядлай супроць беларускай нацыі. Трэба будаваць нацыю!

12.11.2002.
Беластоцкае Polskie Radio пачынае чытаць апавяданні з кн. “Wielkie miasto Białystok”. Штодень, а 19.10, і не толькі (ранкам і ў перадпоўнач).

27.11.2002.
Наведаліся – праездам ад памежных Баброўнікаў – двух маладых адраджэнцаў з менскай адраджэнкаю, недзе ад Ашмяны, (даў ім з паўпуда нашых выданняў). Пагаварылі пра мінулае Крынак і Беластоцкага Краю. Накіраваліся ў Варшаву; у такіх выпадках я пра нішто не пытаю. Рабілі фота і відэа. Пакінулі ў падарунку альбом “Язэп Драздовіч”.

29.11.2002.
Беластоцкае Polskie Radio выпусціла “Wielkie miasto Białystok” у двух CD (разам к. паўтары гадзіны). Лічы – як бы ІІ выданне, пасля першага + - 30 гадоў назад.

03.12.2002.
Не магу спакойна чытаць савецкія выказванні, што беларуская мова апынулася толькі ў няроўным становішчы з расейскай... Як так можна рабіць дурня з чытача, калі, тым часам, вядома, што яе ўжо няма ў жывых? Трымаецца ў некаторых структурах таму, што яна зразумелая, у адрозненне, напр. ад кельцкай у англамоўнай Ірляндыі. Саветы не маюць маральнага права павучаць нас у чысціні беларускамоўя; нават іх паэты размаўляюць “трасянкаю”!

20.12.2002.
Чапляюцца мяне нейкія чалавечыя адпадкі. Нічога сур’ёзнага. Пазваніў т.зв. незалежны палітык, які прыехаў з Мінска ў Варшаву: абражаны тым, што я абражаю беларусаў... Постсавецкая мандавешка!
Сэнюх даслаў палову свайго перакладу “Зямлі св. Лукі”.

06.01.2003.
(...) Мінскія літаратурныя часопісы. Польская беларуская літаратура ім не існуе.

10.01.2003.
Памерла Маці (тэлефон са шпіталя ў Саколцы, 5.30). Каля палова трэцяй уночы, у сне.

13.01.2003.
Пахаваў Маці. Завейка.

04.02.2003.
Пасля запалення лёгкіх. Вяртаюся да жыцця.

07.02.2003.
Ukacapiona sprawa “S”, Urszula Dąbrowska (“Kurier Poranny”). Як беластоцкая “Салідарнасць” знелюбіла беларусаў... Да гісторыі фанатызму.
Толькі могілкі зменяць г. сітуацыю.

16.02.2003.
Абедня ў сорак дзён ад смерці Маці, 14-га замест 20-га, (раней можна). Сваякоў амаль няма; быў з дзесятак суседзяў, харыстаў, служак божых. Надвор’е пашчасціла адліжнае. 

10.03.2003.
”Было – як учора” у той жа “Czasopis”. Гэта працяг “Не жаль пражытага”. Дзевяностыя гады. Ужо тры ўрыўкі (трэці будзе ў красавіцкім нумары). Іншы час, вельмі густы, ажно цяжка ўспомніць падрабязнасці. (...).

27.05.2003
Судзяць Амільяновіча (Таня чула па радыё). Катаваў ў пасляваеннай службе бяспечнасці. Дажыўся, с.....! Яму ўжо 80. Лепей застрэліўся б, але ў лайдака няма гонару і адвагі. Памрэ ў турме. 

31.05.2003.
На Uroczysku (у Супраслі). Са смакам прадэкламаваў я Sosnę; удаўся твор. Надзвычайныя слайды Волкава! Лясы, сосны. Да поўначы прагасцяваў з Таняй у яго доме (слухаў фанатэку рускіх песняў). Сардэчна. 

02.06.2003.
Лаўрэат я прэміі ім. Дравіча (сенсацыйны мне тэлефон Саевіча з Варшавы). Затым: пазваніў Курань, прамотар мае кандыдатуры; пад саракавое па чарзе. Перамог усяго адным голасам: лобі ў маю карысць аказалася даволі моцным у капітуле – К. Мадзалеўскі, удава Вера Дравіч... Міхал Ягела... 
Чуў пра такую прэмію, але не думаў, што яна так важная. (...)

09.06.2003.
Сёння – ледзь з духам – з Беластока. З 45-годдзя “Белавежы”. Учарашняя нядзеля: даклад за дакладам: савет-саветка за саветкаю. “Белавежа” ім адкрыццё: пакаленню маладых. Старыя – гэта мінскія ігнаранты. Недавукі. Ці хто з іх скончыў універсітэт? (...)

19.06.2003.
Семнаццатага чэрвеня атрымаў Прэмію імя Анджэя Дравіча. Уручыў Прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі (фэта ў агародзе Прэзідэнцкага Палаца). Маральны і матэрыяльны пералом у маім жыцці; цяпер я цалкам пан свае сітуацыі. Дзякуючы Яцку Кураню (...).
У сённяшняй “Gazecie Wyborczej” поўны тэкст laudatio (Яцак цяжка хворы і не змог асабіста быць). 

24.06.2003.
Памёр Васіль Быкаў, дваццаць другога. Баюся ашалець! Не лічуся са словамі ў сваіх выказваннях мас-мэдыям (Лукашэнка накіруе на мяне снайпера?). Быкаў некалі назваў Пазьняка Хрыстом Беларусі. Смерць ад рака, у 79-ць.

06.07.2003.
Пятага – звазілі мяне зьвязаўцы (ЗьБМ) на вечаровую сустрэчу з рэйдам “Сьцяна” у Сацах, што між Трасцянкаю і Давідавічамі. Моладзь тая, папраўдзе, польскамоўная на савецкі манер. Слухае, але я ёй мог бы не быць: от, цікавінка. Запрасілі дзеля “беларускага акцэнту” імпрэзы, так сказаць: выканалі план. “Пшэкаюць” ажно шум шуміць!

17.07.2003.
Ян Максімюк з жонкай Галінай. Бяседны настрой (водпуск у яго). Ён з тае Прагі няхутка вылезе; добра ім там (работа ў амерыканцаў). Трохі шкада, бо мае хлопец літаратурны талент. Але як гэта ў сялян: дабрабыт перад усім! Памалу робіць на беларускай ніве (“Правінцыя”). Адсутнічае рынак нацыянальнай культуры ў нас. Гета! 

23.07.2003.
(...) Учора пад поўнач азвалася творчасць, са смакам напісаўся абзац чагосьці. – У беларускім закутку Польшчы ціхалісціцца беднасць...

31.07.2003.

Упоранак ад’ехалі апошнія госці Беларускага Трыялёгу (чацвёртага). Ондраш З., Ляяш П., Гэнрык Бэрэзка (Берлін), Майкл Ф., Рышард Радзік, Бурлыка. Трыялёг удаўся. Бяседы плённыя. Арганізацыя блізкая ідэалу, па-нямецку пунктуальная. Усё загаддзёў прадумаў, кожную дэталь.
На адкрыцці – 28-га – выступілі маршалак Падляшша Кжыжэўскі, старшыня Сойміку Кжывіцкі; прадстаўнік войта; спонсар Рэмбач, шэф Цэнтра Польшча-Беларусь. Фінансавыя гарантыі.
Добры пералом. Амаль камплект матэрыялаў у “Год Беларускі” на 2004-ы. 

01.08.2003.
Газеты ашалелі! Пра Трыялёг у тоне вялікай сенсацыі. Гэтак жа ў радыё і тэлебачанні. Былі моманты, што колькасць журналістаў перавышала колькасць удзельнікаў (12-ць). Магчыма таму, бо... sezon ogórkowy... Усё ж міжнародная імпрэза ды беларуская.
– Pogodzą nas cmentarze („Kurier Poranny”). Упачатку крыху лагічных непаслядоўнасцяў. Як заўсёды.

20.08.2003
Спакой парушылі паэткі з Польшчы, адпачываючыя ў закрынкаўскай Гурцы (у нейкай сяброўкі, родам з Беластока; Ульман (?). Учора ці заўчора наведаліся яны пад нашу яблыню (з лавамі і сталом пад ёю кшталтам альтанкі). Сёння ж наладзілі літаратурны вечар у местачковым доме культуры; нават прыйшло трохі публікі, і аніводнага мужчыны. Гэтыя паэткі (...) выматалі маю энергію дачыста: інтэнсіўныя літаратурныя гутаркі; прывезлі з Лубнікаў Яся Леанчука. Было на вечары весела: як Крынкі Крынкамі не памятаю такога наезду літаратараў (акрамя трыялогаў). Я ажываю; уночы прайшоў густы дождж, ратуючы агарод і сад ад катастрафічнае сушы. Маё самаадчуванне: хай будзе, што будзе.

11.09.2003.

Коўзанне на лёдзе. Прыдумалі наведаць мяне – у панядзелак – Данальд Туск, віцэ-маршалак Сойму, і не менш правы Я.М.Ракіта, а з імі хмара іншых (...). Няйначай як у кантэксце беластоцкіх давыбараў на апусцелае сенатарскае крэсла, на якое маюць тут свайго кандыдата. (...)

21.09.2003.
Семінар “Белавежы” дзеля сустрэчы з лідэрамі Саюзу Беларускіх Пісьменнікаў А. Пашкевічам, А. Кудраўцом. У цяжкім настроі – рэжым душыць беларушчыну. Сяброў у іх 520. Наклад “Дзеяслова” 1.000 экз. (добра прадаецца!). Дапамога ад дзяржавы нулявая.
Пашкевіч уручыў “белавежцам” легітымацыі ганаровых сяброў Саюзу. Тое павінна была стацца даўным-даўно. (...)
Сёмыя “Тэрмапілы”. Матэрыялы на 45-годдзе “Белавежы”; м.ін. важная бібліяграфія “белавежцаў”.

07.10.2003.
Мой інаўгурацыйны выклад ”Nie ma wolności bez mniejszości – nasi Białorusini” у Вышэйшай Школе Публічнай Адміністрацыі ў Беластоку (Дайліды). Шок і авацыя! Віншаванні. Прафесура ў сённяшні вечар, пэўна, ні аб чым іншым і не гаворыць. Тэкст я выпрацаваў дакладна, дзесяткі разоў выгладжваючы яго (10 стар.). 
Учора напісалася “Дзяржаўнае свята ў Задрыпонні”; па матывах урачыстага адкрыцця гімнастычнага комплексу, вучнёўскага, у Крынках.

31.10.2003.
Фалькоўскі прывёз наклад кніжкі “Пад знакам Арла і Пагоні” (500 экз).

05.11.2003.
У эфіры “Свабоды” мае радёгутаркі “Ад Крынак да Крынак”. Больш года назад дамаўляўся на іх конт з Лукашуком у Празе, (...)

28.11.2003.
Падобная на кракаўскую – сустрэча на кафедры Беларускай Культуры Універсітэту ў Беластоку, у рамках Беларускіх Чацвяргоў (27-га). Добрая, але ўжо цяжка мне далася. На гэтым будзе мой stop ў бліжэйшы час. Праблемы з кандыцыяй: мутны голас. І, як ніколі, напісаўся (нешта 5-6 эсэ за восень). (...)

25.12.2003.
Польская Каляда. Мёртвая цішыня. Доўгая смерць Крынак. Пачужэлых у кананне.
Была цудоўная гадзіна-дзве ўвечары дваццатага, калі напісалася амаль апавяданнейка. Што ні дзень слабасць, дрымота: мушу тое перамагчы. (...)
“Новая зямля”. Усё ж нашмат слабейшая за “Пана Т.” Талент талентам, але адукаванасць Коласа не тая. Усяго семінарыя. Настаўніцтва яго ў глухамані, а не ў Парыжы.

28.12.2003.
Памерла сястра Маці, цётка Жэня (па мужу: Скарынкевіч). Яна – і наогул яны – адыгралі значную ролю ў маёй маладосці, асабліва беластоцкай. Нярэдка служылі мне апірышчам, перш за ўсё псіхалагічным. Як працяг айчыны ў не надта прыязным горадзе. Адыходзяць часы, адыходзяць пакаленні.

04.01.2004.
Новы Год – без магіі. Без (мінулай) бальнасці ў гэтым маім рыма-каталіцкім мястэчку. Падупала заможнасць. Рытм эканомікі вызначае рух аўтамашын, цяпер ужо інцыдэнтальны ўвечары. (...)
Не маю мацаты, а трэба папісваць час-часом тры пачатыя рэчы. Усё адбягаюся ад іх у чытанне эсэістыкі; у “Архэ” бывае неблагая, беларуская...

16.01.2004.

Першыя трыццаць экз. “Году Беларускага” 2004.
Памалу канчаю апавяданнейкі “Чортава Хата”, “Жопавіцкая балада”; на варштаце “Родныя зладзеі”.
Запас лекаў, насэрцавых ды інсуліну. Адліжнасць, рэўматычная соннасць.
Перачытваю Дэйвіза пра Польшчу, (“Boże igrzysko”).
Пілят даслаў “Samodział”, на вялікапольскім дыялекце. Няма польскай мовы, ёсць п о л ь с к і я.
“Ніву” узначаліў Генік Вапа (прапануе штомесячны запіс маіх падзеяў).

28.01.2004.
Ірына Саматой з віцебскага універсітэту. Учора і сёння. Застуджаная. Падбіраецца да тэмы: архетып беларуса. Цікавіцца польскай беларускай літаратураю; вядзе ў сябе нейкі семінар. Даволі начытаная; знаёмства з маім пачала з “Сярэбранага яздака” (купіла некалі ў Будславе).
У “Ніве” – лічбавыя вынікі перапісу насельніцтва ў 2002 г. Беларусаў у маёй гміне 117 чалавек, г.зн. звыш трох працэнтаў. Пераважна ў вёсках, напэўна. Само мястэчка надта панскае, несумненна. Яно неўзабаве скурчыцца да большае вёскі, тады і прыбеларусее.
Памёр Аляксандр Малахоўскі, унікальны паляк, з якім давалася па-людску пагаварыць пра беларускія справы. Як з патомным арыстакратам.

16.02.2004.
Інаўроцлаў, 14-га. На гадавіне смерці Язэпа Найдзюка, дваццатай. Ашаламляльны размах як на ўшанаванне беларуса. Пакінуў глыбокі след у жыцці горада. Беларускі аспект урачыстасці анімавала Глагоўская. Прыцягнула да справы – Латышонка, Давідзюка, Туронка і, спакутаванага дарогаю, мяне. Быў з Гданска консул РБ Аляксейчык. (...)

24.02.2004.
Знікаюць з гарызонту мае антаганісты. Паміраюць, ці як?
Сёлета павінна з’явіцца ў важнейшых перыёдыках РБ ажно пяць маіх эсэ. Гэта пералом. На жаль, усе яны ўспрымуцца там сенсацыйна; узровень постсавецкай эсэістыкі ўсё яшчэ невысокі. У гэтым сэнсе прыкра было чытаць у “Нашай Н.” надта энтузіястычную рэцэнзію кн. “Пад знакамі А. і П.” (гэта ж тэсты дзесяцігадовай даўніны!). 

03.03.2004.
Tadeusz Gawin, “Zwycięstwa i porażki” (582 стар.). У манеры дзённікавых запісаў; часта дакументальных. Арганізатар польскага руху на сучаснай Гарадзеншчыне. Блізкія мне перажыванні нацменшаснага дзеяча. Прычым поўна сяброўскіх беларусам матываў.
Універсальная рэфлексія: кожная меншыня, нацыянальная, наогул пакінута самой сабе; родная дзяржава кіруецца дзяржаўнымі перш за ўсё, а не нацыянальнымі, інтарэсамі. Тым больш РБ, чыста жабрачая, асіміляваная, з прымітыўнай уладаю, калгаснай.

17.04.2004.
У Вялікдзень – з Таняю – у Свідрах, Слаўка. Вялізныя ў яго будынкі, збольшага ўпарадкаваныя; трэба грошай. Шпацыравалі ўсе разам да недалёкіх азёраў; балелі ногі. Стамілі жвавыя ўнукі-унучкі, віскатлівыя. Язды аўтам з Крынак у тыя Свідры – цераз Аўгустоў – няцэлыя тры гадзіны (завёз і адвёз сын). Жывуць небагата: ён ездзіць на заробкі – раз у год – у Нарвегію, а яна ў Бельгію. Успамагаем іх (...).
Учора скончыў пачатыя эсэ і публіцыстыку. Сумятня ў галаве. 
Пазвоньваў Асьвяцінскі; у Віцебску з поспехам ідзе “Вось цо да”.

24.04.2004.
Сумнае чытанне крытыкі “Вузкія месцы дыяспары” Валера Булгакава, у першым сёлетнім “Архэ”. М. ін. наконт “Беларускай літаратуры дыяспары” Арнольда Б. Макміліна. Бог з імі, з тым мноствам недакладнасцяў! Цяжка на сэрцы ад нізкае інтэлектуальнасці эміграцыі, прост мікраскапічнасці яе на Захадзе, дзе, апроч Макміліна, ніхто ўсур’ез не цікавіцца ейнымі творчымі здабыткамі. Што і не дзіва – не такія яны значныя ў выкананні гэтых, слаба адукаваных, аўтараў. Усе жылі на самай нізкай прыступцы грамадскай лесвіцы. Чарнарабочымі. Сярод наогул эмігрантаў літаральна некалькі чалавекаў дасягнула вышэйшай адукаванасці (як у Запруднікавай “Дванаццатцы”). У параўнанні нават з летувісамі, беларусы бачацца культурна-нацыянальнымі пігмеямі.
Нацыю магла б пабудаваць нацыянальная дзяржава, але такая ўяўляецца ўтопіяй на безнацыянальнай тэрыторыі.

29.04.2004.
Не верыцца, што быў я ў Брэсце! Быццам у сне. Не вызначаю гэты выезд непатрэбным. Выступіў на універсітэцкай канферэнцыі з дакладзікам пра Villa Sokrates (27-га) і назаўтра меў сустрэчу са студэнтамі (“Беларускамоўная нацыя Эўропы”). І, як заўсёды ў такіх выпадках, торбу кніжак завёз.
Ездзіў з Я.Чыквіным. Сама канферэнцыя, нібы міжнародная, “сыпалася”; больш паловы ўдзельнікаў не з’вілася, амаль цалкам праігнараваў яе т.зв. Мінск. З замежжа аказаліся толькі мы ўдвух. Прыкра! Ад стрэсаў, а пасля выпітага алкаголю на банкеце, ледзь дайшоў з Чыквіным да гатэля “Буг”. Не тое ўжо здароўе ў мяне, той энтузіязм. Сыплецца і Беларусь, беларускасць.
Паехаў перш за ўсё таму, каб абмеркаваць з Зояй Мельнікавай напісанне ёю тэксту “Выдатныя творы беларускй літаратуры ХХ стагоддзя” (тэрмін: чэрвень). Думаю пра “Год Беларускі – 2005”.
Аніякіх новых, вартых на перспектыву, знаёмстваў у мяне там не завялося; слабенькі універсітэт. Хварэю.
P. S. Цікава выступіў Чыквін: Янка Купала не быў той веліччу, якая нам уяўляецца: з мізэрнай адукацыяй, нядбайным пяром, з засцянковай ненаеднасцю, лёгка “куплены” саветамі і штучна ўзвышаны імі; тармазіў таленты, напр. Багдановіча, Арла. З перапевамі Młodej Polski.

06.05.2004.
Жалобныя дні: што ні дзень паховіны. Сяброў дзяцінства – Яся, Аляўціны, Віцька... Сёння зноў смутны звон. Смерці ў надыход вясны, квітнеючага траўня. А яшчэ Еўропа прыйшла: у суботу (1.V) выступіў са словам на шумнай фотавыставе ў беластоцкім драматычным тэатры, а ўчора на пікніку ў Крынках. Касіў ужо траву.

08.06.2004.
Выпала пабыць увечары на бенефісе Валодзькі Паўлючука ў Беластоку, (кафейка Cabaret ля вул. Кілінскага). Наладзіў Багдан Дудка (родам з Цісоўкі). Імпрэза выразна беларуская; фурор ад майго віншавальнага выступу. Збеглася вёска, już odchamiona w Wielkim Białymstoku. Спектакль дастойны драмы, ці добрага апавядання. 
Тузалі за полы нейкія невядомыя дзеячы; я ім добрая нагода выстарацца гранты, добры подсціл пад іх. На шчасце, у дзікім гармідары мала што чулася.
Магія месца: на Кілінскага я з Валодзькам нараджаліся інтэлектуальна, на Кілінскага і пасвяткавалі цяпер. У яго прафесура, а ў мяне Villa Sokrates (...).

15.06.2004.
У новым “Архэ” маё эсэ “Беларусь заўтра” (здаецца, без скарачэнняў). Перачытваў яго ў дарозе на Першы Фестываль Беларускай Культуры ва Уроцлаве. Падумаўшы пра будучыню Беларусі, у холад кідае. Адчуваў сябе ніякавата і ў час свайго выкладу “Białoruś w Europie” (12-га) у Калегіі Усходняй Еўропы.

18.06.2004.
Другі дзень у благім стане: памёр Яцак Курань. Закончылася рамантычная эпоха служэння народу. Сям-там яе агеньчыкі.
Ажыўленых сувязяў з Яцкам я не меў. Ён быў маштабным дзеячам, якому я пешкаю. Гэта натуральнае. У драматычныя мне моманты дапамагаў, тлумачачы (маю) наіўнасць. Змяніў маю матэрыяльную сітуацыю, пастараўшыся аб прэмію Дравіча (мне).

26.06.2004.
Хавалі Яцка Кураня; трансляцыя ў тэлебачанні ад 14-й да 16.30. Думаў паехаць; але не з такім здароўем. Важнае пачуў слова Караля Мадзалеўскага, самага блізкага Нябожчыку спадарожніка. – Польшча без Кураня будзе слабейшай, менш маральнай яе ўнутраная палітыка... Быў сумленнем польскай палітыкі.
Хавалі Яцка па-царску. Як выказаўся Караль: з палёгкай, бы надакучнага святога. Гледзячы на сучасных палітыкаў-міністраў, жыў Курань убога. (...).

29.06.2004.
Божа, як жа я цяпер не люблю быць у дарозе! Заўтра – у Кракаў.

04.07.2004
Учарашнім адвячоркам – дома; ехаў восем гадзін (спаў дзесяць, да палова дванаццатай сёння). Як абараніцца ад падобных выездаў?
Гэта была канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці”, трынаццатая, але ўжо не пад кіраўніцтвам Алеся Барскага, (Саевіча, Радзіка). На злосць Алесю, Сычэўскі з БГКТ ладзіць сваю (пад кір. Кандрацюка). Так мужыкі будуць грызціся аж да магілы.
Прафесарскія імпрэзы. Мала бываў на іх. Гэтым разам уступіў Радзіку. Тэма: “Беларусь як частка Еўропы”. Саветам з РБ ... кайф! Надрукуюць у зборніку (Саевіч). Згідзіла мяне аналізаванне Беларусі!
Беларусі аніколі не быць у Еўропе! Русіфікацыя засмоктвае яе ў Расію. 
З Радзікам – на Вавэлі: у кафедральным касцёле, у магільных крыптах, на званіцы. Потым – у кафэ ля Сукенніцаў. З балючымі нагамі – доўгі сон у манастырскім гатэліку Zmartwychwstańców ля вул. ks.Pawlickiego 1. 

08.07.2004.
(...) Рэйд “Сьцяна” (Зьвяз Беларускай Моладзі). Загнездавалі ў дзікім парку былога двара de Virion; пад трыццаць дзяўчат і хлопцаў. Распавёў ім пра Крынкі. (...)

31.07.20004.
Беларускі Трыялёг, чацвёрты, ужо за мною. Усенька адбывалася як у швейцарскім гадзінніку. Перадумана да дробязяў. Затое раптоўная стома пасля мала не пакаціла мяне (!). “Год Беларускі” на 2005-ы будзе, відаць, яшчэ таўсцейшы...
Медыяльная шумеча як ніколі! Газеты, тэлебачанне, радыё. Несумненна паспрыяла гэтаму скандальнае (?) інтэрв’ю тое ў “Кур’еры...” ад 16-га; паслейшыя водгукі, якія працягнуцца і на жнівень. Pany i chamy.
Упершыню без фінансавых праблемаў. І, нават, ганарары былі. Датацыя: Міністэрства Культуры.

15.08.2004.
Памёр Часлаў Мілаш; учора. Ужо няшмат у жывых з пакалення зразумелага мне.

19.08.2004.
Памёр Тамаш Агатоўскі (пазваніла Майя, жонка). Пішу ліст удаве. Божа мой, хто наступны!?

03.09.2004.
Ад Чыквіна восьмыя “Тэрмапілы”; тры новыя рэчы. (...)

31.10.2004.
У Любліне (25-28). Па ініцыятыве Радзіка. З беларусазнаўчымі выкладамі студэнтам. Сустрэчы з прафесураю; знаёмства з Саевічам, Кавалёвым, Баравец і з інш. Напружаныя, утомныя ад невылечнай застуды. Але вартыя высілку. Даўно чакалі мяне! – рыхтаваліся. Паўтары сотні маладых, зацікаўленых беларусістыкай. (...)

15.12.2004.
Сын Яраслаў выдаў сваім коштам фундаментальную ўласную кнігу крыніцаў “Likwidacja oficjalnego nazewnictwa miejscowości Białostocczyzny pochodzenia białoruskiego”...
Раней спрабаваў паразумецца на гэты конт з Генікам Вапаю. І яшчэ з кімсьці?... Але – глухая сцяна!

26.12.2004.
Прэзідэнтам Украіны стаў урэшце Юшчанка! Канец расейскаму dominium над Дняпром. (...)

06.01.20005.
Неблагая навіна ў каляду: польскі сойм нарэшце прыняў уставу аб меншыні, (падправіў Сэнат). Правыя партыі ледзь талеруюць нас. Калі ўзначаляць дзяржаўны апарат, заплачам.

19.01.2005.
7-га маршалак Кжыжэўскі, старшыня Сойміку Кжывіцкі, Тамаш Вісьнеўскі, Б.Бэднарак і інш. Меў я з кім святкаваць Каляду. (...)

24.01.2005.
Панядзелак. У суботу – цяжкі, бы валун, вечар: у беластоцкім тэатры – Złote Klucze ад “Кур’ера Параннага”! (...) Непраўдападобна вялікая колькасць галасоў на маё імя ў газетным плебісцыце (1750).
Прыемна, вядома, але і не злаваў бы, калі б абмінуў мяне гэты гонар, ужо ж у старасць (69 г.). Маім канкурэнтам, зрэшты, быў нейкі ксёндз і я ні трохі не сумняваўся, што гэта ён будзе лідэрам, а не я, праваслаўны беларус. Не магу пазбыцца ўражання, што маю кандыдатуру ўсё ж “падцягнулі” угору (...) Тым не менш мусіла быць значная лічба галасоў.
Напрыканцы лютага пачну выклады па літаратуры – 30 гадзін – у вышэйшай школе Кудрыцкай, (пазванілі).

25.02.2005.
(...) Пазітыўныя водгукі на апошні “Год”, (...) Захоплена адгукаюцца саветы. Не дзівуюся, у іх жа беларуская культура затоптана.

19.03.2005.
Учора – ледзь жывы з Беластока (званіў студэнт Курчук). Аказалася, трэба было быць у ролі інтэлектуальнага лідэра польскіх беларусаў; так успрынята мой выклад “Што значыць быць беларусам?!” Абступілі журналісты. Паўпрытомна, адно за адным, інтэрв’ю; затым – нейкія магістранты і бабы-інтэлектуалісткі. Даведаўся, што я адчыніў тлумную канферэнцыю, моладзевую БАСу на модную цяпер тэму: Польшча – Беларусь. O la Boga!
Пасля студзеньскіх Złotych Kluczy ў тэатры – другое маё, амаль мітынговае, з’яўленне ў Беластоку (у гэты раз ва універсітэце). Трэцім будзе, відаць, мой бенефіс у чэрвені (Багдан Дудка заеўся). А думаў жа: ціха пажыву ў “Хатнім стагоддзі”. Але ўсё камусьці патрэбен! (...)

07.04.2005.
У мінулую суботу памёр папа рымскі, (02.04, 21.37). (...) У Польшчы істэрыя! (..)
Найахвотна нічога не пісаў бы. Нейкае бяссілле. Зашмат бяру на свае плечы, старыя плечы.

23.04.2005.
Востры зварот у міжнародным бегу беларускіх справаў? Кандаліза Райс, другая пасля прэзідэнта ЗША асоба, беспардонна выказалася за ліквідацыю “апошняй дыктатуры ў Еўропе” (г.зн. рэжыму Лукашэнкі). Заўчора. А вось Аляксандр Рыгоравіч, ціўкаючы нейкія рэплікі, пабег у Маскву, бы кураня пад крыло квактухі. Па-мойму, Крэмль не абароніць яго. Не аплаціцца.

08.05.2005.
Палякі апланоўваюць мне бенефіс, на палову чэрвеня.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster