БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

ПРАЦЭНТЫ ПАМЯЦІ

Уладзімір Мархель

Вядома, што чалавечая памяць захоўвае не болей як паўтара працэнта з таго, што адбывалася да чатырох гадоў. Вось гэтымі паўтара і іншымі працэнтамі я і паспрабую падзяліцца.

Першае, што засталося ў памяці, не эпізод і не малюнак, а ўражанне, якое можна паспрабаваць узнавіць праз вельмі невыразныя дэталі мінулага. Дзверы ў кухню адчынены. У бойцы, заціснутай між каленямі, бабуля ўзбівае масла. Я сяджу на парозе і ў чаканні маслёнкі перабіраю ў роце невядома адкуль здабытую савецкую, як пасля казалі, дваццацікапеечную манету. Раптам у горле рэзка забалела, і я, відаць, добра-такі заплакаў, бо капейка, выкаўзнуўшы з-пад языка, апынулася ў горле і стала рубам. Праз туман слёз бачыцца мітусня ад перапалоху, пасля дзед вязе мяне да доктара, той супакойвае: манеты ў горле ўжо няма, яна пайшла вызначаным шляхам, і ў гэтым можна будзе пераканацца. Было мне тады каля двух гадоў.

Пазнейшы час паўстае больш выразна: памяць пра яго неаднойчы падмацоўвалася аповедам старэйшых. Таму я дазволю сабе распавесці пра розныя падзеі і з’явы крыху шырэй за тое, што магла зафіксаваць дзіцячая істота.

Наш дом стаяў пасярэдзіне вёскі, у самым нізкім месцы. Ён меў два выхады – у двор і на вуліцу і складаўся з дзвюх палавінаў – жыллёвай і крамы, якую да верасня 39 года ўтрымліваў мой дзед па мацеры. У гэтым доме зімоваю раніцай сорак трэцяга года мае бацькі чакалі партызанаў. Яны павінны былі забраць партыю белых маскхалатаў, а таксама шынель і галіфэ з тоўстага нямецкага генерала, перашытыя на сухарлявага камандзіра партызанскага атрада Медзікава, мужа стрыечнай сястры маёй маці. Каб не блытацца ў здагадках, патлумачу: мой бацька быў краўцом высокага класа і меў сваіх вучняў, таму пры добрым паразуменні ў напружаных абставінах яго дружная брыгада “выпускала” якасную прадукцыю ў патрэбнай колькасці і ў вызначаны час. Вось па гэтую прадукцыю і накіроўваліся партызаны ў нашыя Жыгалкі. У сяло (так называлася адзіная арганізаваная вуліца вёскі, бо існавалі яшчэ хутары Сервітут і Маліцкаўшчына) яны ўязджалі з паўднёвага боку, не падазраючы, што з паўночнага канца, з боку Стоўбцаў, насустрач рухаюцца немцы. Аднак вестка пра ўступленне немцаў у сяло апярэдзіла рух абодвух бакоў, і партызаны, не даехаўшы да нашай хаты, павярнулі назад, а мая маці, ухапіўшы перашытыя шынель і галіфэ, выскачыла ў двор і там, за гумном, закапала іх у гурбу.

Усе, хто быў у хаце, вырашылі, што бяспечней будзе не назіраць за падзеямі, а схавацца за печ, я ж, вылузаўшыся з бабуліных рук, апынуўся на лаве пад адным з вакон, што выходзілі на вуліцу. Пакуль мяне не пазбавілі зручнай пазіцыі назірання, я паспеў зафіксаваць карціну, якую бачу, як цяпер. Па заснежанай вуліцы коні адзін за адным цягнуць сані не сані, а штосьці накшталт ночваў, з сярэдніх з іх скочваецца немец у шынялі, даўгавязы, вузкатвары, у акулярах, з чорнымі навушнікамі ад марозу, і, стаўшы на адно калена ў профіль да нашай хаты, пачынае страчыць з кулямёта. Тут бабуля сцягвае мяне пад лаву і накрывае сабою. Потым казалі, што той немец страляў па партызанах, аднаго нават раніў у руку, але іх з-пад абстрэлу выімчаў добры конь. Як пасля разабраліся з тымі перашытымі шынялём і галіфэ, з маскхалатамі, якім чынам перадалі іх партызанам, не ведаю. Напэўна гэта было зроблена да таго, як немцы ўтварылі ў нашых Жыгалках свой гарнізон. 

На процілеглым баку вуліцы, насупраць нашага дома, не было хат, і на тым месцы, адкуль страчыў нямецкі кулямётчык, неўзабаве ўзніклі акопы. Аднак у гэтых акопах немцы не збіраліся жыць. Таму яны занялі нашу хату, выцясніўшы нас у кухню і прапанаваўшы забраць з сабою ўсю мэблю, акрамя шафы, якая была ці не з чырвонага дрэва. І тут я стаў сведкам з’явы, якую доўга не мог асэнсаваць. Двое немцаў, закасаўшы рукавы, бяруць шафу, што была маміным гонарам і прытулкам для нашых убораў, кладуць яе на бок і пераразаюць папалам. З палавінак яны тут жа зрабілі клеткі для трусоў.

Жылі мы ў кухні цесна і ціха, спалі ўсе разам, умітусь, і гэта мяне радавала, бо далучала да чагосьці агульнага, ураўноўвала з дарослымі. Але такое цягнулася не доўга. Я захварэў, а лекаў ніякіх не было – і з хваробы трэба было выбірацца ўласнымі сіламі. Можа, дзеля гэтага мне і захацелася кіслага малака. Таму я, не маючы дастатковага ўяўлення пра харчовы стан сям’і і пра тое, што карова ўжо не доіцца, сядзеў у мацеры на каленях і не тое, каб патрабаваў, а скардзіўся, што хачу кіслага малака. Дзверы ў кухню раптам адчыніліся, і на парозе з’явіўся немец. Ён паклаў вінтоўку на спінку ложка і, клацнуўшы затворам, наставіў на мяне. Падумалася, што на мяне наўмысна наганяюць страх, і я паспрабаваў зноў выказацца пра сваё хаценне, але выгляд у немца быў такі непрыязны, а маці мне сціснула рукою рот так моцна, што я адразу ж і ўцяміў і адчуў, як небяспечна хацець кіслага малака. 

Пасля гэтага здарэння нас выкінулі ўжо і з кухні, і мы рассеяліся па суседзях, сваяках, знаёмых. Так пачаліся мае вандроўкі з дзедам Мікалаем. Спачатку мы былі ў Навасёлках, у дзеда з бабуляю па бацьку, у Антося і Алімы Мархеляў, затым у Вязаўцы, у майго хроснага бацькі Кастуся Давойны, за якім была замужам цётка Таня, дачка майго дзеда, і ў Любкаўшчыне, у даўняга дзедавага сябра Паўла Ярашэвіча. Усюды, дзе мы былі, я не чуў ні сварак, ні лаянкі, ні крыку, ні ляманту. Усе да дзеда ставіліся паважліва і, здаецца, з разуменнем, а са мною абыходзіліся клапатліва. Думаецца, дзед не толькі аберагаў мяне, але і імкнуўся пашыраць мой кругагляд. Ён ахвотна гутарыў са мною, адказваў на мае пытанні, але, здаралася, замест адказу гаварыў: “Падрасцеш – сам уведаеш!”; “Пойдзеш у школу, будзеш вучыцца і тады, дасць Бог, разбярэшся!” Але гэта ў тым выпадку, калі ставіліся пытанні накшталт: “Адкуль узяліся (ці бяруцца) дзеці (людзі)? Дзеля чаго яны жывуць?”.

Дамоў мы вярнуліся адразу ж, як толькі дачуліся, што немцы з Жыгалак з’ехалі і ў нашай хаце іх няма. Аказваецца, яны ўцяклі, бо з паўднёвага захаду наступала Чырвоная армія. Памятаю: у хаце, дзе перарэзалі шафу папалам, стаялі двухпавярховыя нары, і на падлозе валялася смецце. На наступны дзень наша вуліца пыліла, па ёй ішлі савецкія танкі і машыны, а паабапал стаялі людзі і шмат суседскіх дзяцей, якіх я не ведаў. Жанчыны кідалі на танкі кветкі, а адтуль у наш бок ляцелі цукеркі. Памятаю, як было крыўдна, што ніводнай цукеркі я так і не злавіў. Затое пазней, калі рух крыху сцішэў і ў нашым садзе спынілася машына, з якой салдаты выкідвалі ці выгружалі нейкі рыштунак, мне перапала цэлая звязка жалезных набоек на коркі ботаў, чамусьці называных намі “жабкамі”. Потым тыя салдаты сядзелі за сталом у пакоі, дзе заўчора былі яшчэ немцы, і, як мне падалося, весела абедалі. Мне было цікава назіраць, і я стаяў, заклаўшы рукі за спіну, гатовы кожную хвіліну даць задні ход. Бяседнікі адкаркоўвалі цёмныя пляшкі адну за адной. З тых пляшак біла фантанам, як мне здавалася, кіслае малако. Захопленыя пітвом вайскоўцы на маю прысутнасць як быццам не зважалі. Яны вялі сваю гутарку на мове, якая была амаль зразумелай, у чымсьці нават свойскай і зусім адрознівалася ад таго гергетання, якое давялося чуць ад немцаў. Адзін з бяседнікаў-вайскоўцаў звярнуўся да мяне: “Пацан, иди сюда, к нам”. Слова “пацан” я не ведаў і не зразумеў і сэнс яго звязаў з блізкім па гучанні словам “бацян”. Таму да стала я нават не памкнуўся, але сваю дзіцячую нязгоду з такім зваротам выказаў: “Я не пацан!” Гэта выклікала дружны рогат усяго застолля.

Такія машыны, якая спынілася ў нашым садзе, стаялі, мабыць, і ў іншых садах ці дварах у Жыгалках, бо нямецкія самалёты спрабавалі бамбіць нашу вёску. Бомбы, праўда, клаліся за вёскаю, каля лесу, але і гэтага было дастаткова, каб праз некалькі дзён, хоць Чырвоная армія пайшла далей, усе нашы суседзі і мы, пачуўшы далёкі гул самалётаў, беглі хавацца ад бамбёжкі ў нядаўнія нямецкія акопы, дзе пад кіраўніцтвам майго дзеда, былога унтэр-афіцэра, змайстравалі бомбасховішча. Здаралася, засынаеш у хаце, а прачынаешся ў тым бомбасховішчы. Мы, дзеці, на такі выпадак мелі свае “плецакі”. З гэтага, пачыналася наша дзіцячая гульня ў вайну, якая пазней не для ўсіх нас была шчаслівай.

Вайна працягвалася далёка ад нашых Жыгалак. Мяне, адхварэлага на запаленне, прывезлі дадому з колішняй гміннай бальніцы. Я з прыемнасцю расхаджваю па жоўтай, нефарбаванай, але свежа вымытай падлозе і раскзаваю пра лячэнне. Дзед, які ўважліва слухаў, звяртаецца да мае маці: “Алеся, нешта наш хлопчык сіпае...” Ён ведаў, што гэта можа быць прыкметай новай хваробы – дыфтэрыту, эпідэмія якога тады якраз убіралася ў сілу. Мяне тут жа апранулі, закуталі як мага цяплей і павезлі на ноч гледзячы ў Стоўбцы, за васемнаццаць кіламетраў, дзе былі не толькі дактары, але і мой бацька, які працаваў у швейнай майстэрні, шыў вайсковае абмундзіраванне.

Мы ехалі даволі хутка. Дарога была, відаць, ужо крыху падмерзлая, бо калёсы пагруквалі. Спыніліся толькі перад шлагбаўмам чыгуначнага пераезду, не даехаўшы да маста праз Нёман. Кабыла, якая дагэтуль паслухмяна імчала нас, спалохаўшыся яркага святла ад пражэктараў паравозаў, што праносіліся на захад, нечакана ўстала на дыбы, ад чаго воз перавярнуўся, і мы паляцелі пад адхон. Маці мяне абмацвае, але я яе супакойваю, кажучы, што цэлы і жывы.

У прыёмным пакоі бальніцы, дзе мяне пакінулі, пайшоўшы шукаць доктара, яркае святло: голая электрычная лямпачка, якую бачу ўпершыню, звісае над сталом, ля якога сядзіць дзяўчына ў белым халаце і вяжа ні то шкарпэтку, ні то панчоху. Я распрануты і, не адчуваючы сябе хворым, спрабую вывучаць абстаноўку. Дзяўчына распачынае гаворку, пытаючыся па-руску: “Как тебя зовут? Как твоя фамилия? Сколько тебе лет?” Я на ўсё адказваю сіпатым голасам, паведамляючы нават, што мне ўжо мінула чатыры гады. Наша гутарка з пытаннямі-адказамі ўскладнілася нечаканым для мяне пытаннем дзяўчыны: “Ты кто – русский или поляк?” Гэта мяне вельмі азадачыла. Я не ведаў, што казаць, але пакінуць пытанне без адказу не мог. Таму неспадзявана, можа, нават для самога сябе выпаліў: “Трохі рускі, трохі паляк”.

У палаце, куды мяне накіравалі, былі ўжо дзве дзяўчынкі, а пры іх хтосьці з родных. Са мною ж засталася маці. На наступны дзень мая бадзёрасць пачала ўбываць: тэмпература няўхільна расла, і я ўжо трызніў. Непазнавальныя знаёмыя стварэнні ці то праштурхоўваюць мяне праз цесную цёмную трубу, ці то стрымліваюць мой рух, але ў гэтай трубе без выйсця я застаюся доўга, нямогла намагаючыся вызваліцца з бесконцасці працягвання праз яе. Урэшце трубы як не стала. І хоць мне нядобра, я расплюшчваю вочы. Бачу заплаканы твар маці. Яна схілілася нада мною, стоячы ля ложка на каленях – і ў мяне мімаволі вымаўляюцца словы: “Мама, не плач, я буду жыць”.

Ці прыходзіў у бальніцу мой бацька? Напэўна ж прыходзіў. Але я не памятаю. Не засталося нават цьмянага намёку на аддаленую згадку. Мабыць, ён з’яўляўся ў вольны ад працы час, вечарам, калі я быў у непрытомнасці або спаў, бо мне чулася яго гаворка з маці ў паўголаса, а мо гэта размаўляў з ёю доктар ці я трызніў. Помніцца іншае. Пасля ўжо, дома ў Жыгалках, кожную суботу я доўга не клаўся спаць, чакаў бацьку, які прыходзіў пехатою або прыязджаў на веласіпедзе са Стоўбцаў і частаваў мяне зайчым хлебам. Здаралася, ён прыносіў амерыканскую пасылку з гуманітарнай дапамогі. Усё ў гэтых пасылках было смачнае, асабліва мне падабаліся каўбаскі, цесна прылепленыя адна да аднае, з празрыстым студзенем паміж імі ў кампактным слупку, што месціўся ў ніжнім правым кутку ўпакоўкі. Нязгорш былі таксама “сухарыкі-самэрыкі”. Аднак нічога не магло зраўняцца з зайчым хлебам: яго дзівосны смак зыходзіў ад таемнасці, якую ведаў толькі бацька. 

Вайна была ўжо далёка. Але нашыя лясы пад Вінклераўшчынай і Шышкі не пуставалі. У іх туляліся тыя, хто ўхіляўся ад службы ў войску, каб не трапіць на фронт. Іх хаванне суправаджалася рабаўнічымі вылазкамі ў тыя вёскі, дзе іх не пазналі б, але не без падказкі знаёмых наводчыкаў, якія ведалі, у каго ёсць што ўзяць. Ранняй вясною сорак пятага года ўночы яны, узброеныя, наведаліся і да нас. Спачатку рабаўнікі дапытваліся ў дзеда пра золата. Не ведаю, які быў дзедаў адказ. Магчыма, ён працытаваў штосьці з Бібліі, бо яны адсталі ад яго і кінуліся браць усё, што траплялася на вочы. Бабуля, каб уратаваць бацькавы хромавыя боты, кінула іх на ложак, накрыла гонькаю і зверху пасадзіла мяне. Але адзін рабаўнік згледзеў дзействы маёй бабулі. Ён умомант апынуўся ля ложка, адкінуў мяне і зграбасціў боты. Бабуля, не змірыўшыся з сваёй паразай, таксама ўхапілася за іх. Пачалася валтузня, у якой бабуля не хацела саступаць дужаму дзецюку. Ён жа, не могучы вырваць боты з бабуліных рук, пачаў біць яе галавою аб печ. Мяне як пружынаю кінула на карак бандыта – і я нават трэснуў кулаком па яго рыжай чупрыне. Бабуля імгненна выпусціла боты і адарвала мяне ад бандыта. Той зноў кінуўся да ложка, сарваў гоньку, коўдру і прастыню, згамтарыў іх і засунуў разам з ботамі ў мяшок. Пасля тых начных наведнікаў, якія не грэбавалі нічым, нам не было на чым ні спаць, ні есці ды й пераапрануцца не было ў што. 

Між тым “сваёй чаргою жыццё штодзённае цякло”, і мы, дзеці, групаваліся па інтарэсах, пераносілі свой жыццёвы вопыт на гульні і адначасна спазнавалі жыццё ў гульнях. А гулялі мы пераважна ў пікара і ў вайну. Гульня ў пікара вялася паводле пэўных правіл, адступаць ад якіх нікому не было дазволена. На пэўнай адлегласці ад праведзенай лініі, называнай мяжою, ставілася бабка (даволі тоўсты камень) і на яе клалася цурка (значна меншы камень). Іх ахоўваў дзяжурны – пастух. Ён жа прызначаўся не адвольна, а ў выніку спаборніцтва: з-за мяжы ўсе, хто абавязваўся гуляць, кідалі з нагі свае кіі, і чый кій падаў бліжэй ад мяжы, той станавіўся дзяжурным ля бабкі ці ахоўнікам цуркі – г. зн. пастухом. У задачу астатніх уваходзіла прыцэльна кідаць свае кіі, каб збіць цурку, пасля імкліва, пакуль пастух не вярнуў на месца цурку, бегчы за мяжу па свае кіі. Калі ж пастух паспяваў паставіць цурку і каго-небудь укалоць сваім кіем, пастухом станавіўся ўколаты і г.д. Ніхто не хацеў быць пастухом, гульня была бескампраміснай, вымагала ад кожнага не толькі спрыту, увішнасці і хуткага бегу, але і кемлівасці, нейкай тактыкі.

Тактыка была патрэбна і ў гульнях у вайну, хоць правіл тут не было ніякіх. Кіраваліся выдумкай і азартам, дзяліліся на нашых і немцаў. Сярод нашых мне часта даводзілася быць камандзірам і камандаваць, паводле волі большасці, нават старэйшымі за мяне “салдатамі”. І сакрэт, відаць, не так у маіх “вадарскіх” здольнасцях, як у тым, што грудзі мае былі ўвешаны медалямі, вядома ж, самаробнымі. Іх я вырабляў з картону і пяцікапеечнай манеты. Картон адпаведным чынам складваў і замалёўваў каляровымі алоўкамі, у манеце ж прабіваў дзірку і драцянымі кольцамі злучаў абедзве часткі “ўзнагароды”. Такімі медалямі ўзнагароджваліся толькі тыя “салдаты”, якія “ваявалі” пад маім камандаваннем. Колькі было зглумлена пяцікапечных манет, купленых за яйкі ў кааператыўнай краме, якой загадвала мая маці!..


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster