|
ГЕРАДОЦІНКІ
Леанід Дайнека
1. Пагоня за сабой
***
Бог, мая сям’я, мая душа і маё цела, – вось і ўсё, што ёсць у мяне на гэтай Зямлі.
***
Мой бацька пражыў 83 гады. Мая маці пражыла 68 гадоў. Брат Аляксандр (Алік) пражыў 63 гады. Колькі пражыву я? У гэтым простым пытанні – уся арыфметыка і ўся алгебра ўсіх на свеце філасофій і рэлігій.
Кожнае чалавечае жыццё канчаецца смерцю. Біблейскі Масуфаіл жыў 969 гадоў, але ўрэшце рэшт і гэты звышэнергічны дзед стаміўся і заснуў навекі.
Пасля 60 гадоў Леў Талстой свае дзённікі пачынае трывожнай абрэвіатурай "ЕБЖ" (Если буду жив). Значыць, і яго хвалявала, не магло не хваляваць гэта пякучае пытанне.
Вандалы, разбуральнікі помнікаў на могілках – што гэта? Усё той жа страх перад смерцю, знішчэнне яе сімвалаў.
Калектыўныя самазабойствы – што гэта? Спроба "скопам", "гурбой", "статкам" (як хочаце, называйце) праламаць сцяну паміж гэтым і тым светам – а раптам "калектыўна" атрымаецца апынуцца "там" жывым, са сваім целам, сваім "я".
Усе рэлігіі стварыў страх смерці. І, заўважце, іх стваралі адносна маладыя людзі. Хрысту падчас Узнясення На Нябёсы было ўсяго 33. Думаецца, што ў 73 ён бы ўжо не пайшоў у сваю вандроўку з апосталамі – у такім узросце да смерці адносяцца спакойна.
Што ж рабіць усім нам, усім тым, хто баіцца смерці, баіцца непадуладнага ніякай логіцы "знікнення"? Не ведаю. Калі я быў малы (гадоў 8–12) , я не верыў, што некалі памру, я спадзяваўся, што навука вынайшыць нейкі Элексір (!) – я вып"ю яго і буду жыць доўга–доўга–доўга...
Я ўсё жыццё (кажу, як на споведзі) чакаў ад Навукі (спецыяльна пішу яе з вялікай літары!) такога адкрыцця. Вы будзеце смяяцца, але я й сёння чакаю гэтага. Вы будзеце смяяцца яшчэ больш, калі я скажу, што Наша Зямная Навука спраўдзіла (!) мае шматгадовыя чаканні. 15 красавіка 2003 года (запомнім гэты дзень!) па ўсіх буйнейшых тэлеканалах было аб"яўлена, што група вучоных (ЗША, Германія, Японія, Францыя) прачытала-рассакрэціла ДНК чалавека. Што гэта азначае? А гэта азначае, што ў руках у вучоных апынуўся запаветны ключык да чалавечага даўгалецця, да "масуфаільства", як называю я гэты такі жаданы для большасці з нас паварот падзей. Вось так. Весялей глядзіце наперад! Беражыце сябе, мае вы масуфаільчыкі!
***
Памятаецца, у далёкія школьныя гады настаўнік фізікі навучаў нас як назаўсёды закласці ў падсвядомасць, "зазубрыць" назвы колераў сонечнага спектру. Ён казаў: "Каждый охотник желает знать, где сидит фазан". (Для тых у каго, магчыма, не было такіх дасціпных фізікаў-паліглотаў, растлумачу – тут, у гэтым сказе, зашыфраваны назвы ўсіх колераў: красный, оранжевый, жёлтый, зелёный, голубой, синий, фиолетовый). Але ж свядомы чалавек павінен запамінаць вечныя ісціны і на сваёй роднай мове. Па-беларуску ўся гэта шматфарбная вясёлка гучыць так: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы. Успомнілі? Вось вам два сказы, як кажуць, на закуску.
Чакай атакі жаўнера, заўсёды будзь смелым , фазан.
Чакаю апетытных жабак з беларускіх сажалак. Француз.
Бярыце сабе той, які больш спадабаўся. Аддаю бясплатна. Прыемнага апетыту.( Гэта ў звязку з аматарам смачных жабак французам. Спадзяюся, французы і ўсе іхнія прыхільнікі не пакрыўдзяцца.)
***
Пётр Нябесны – Пятру Зямному, Пятру Першаму:
– Што сумуеш, цёзка? Мо Кацярынка твая да Меншыкава бегала?
– Ды не. Напрасякаў я вокнаў у Еўропу, а зашкліць няма чым.
***
"Генерал-губернатару Стаянкі Вялікага Белага Брата Новы Амстэрдам (Нью–Ёрк. Аўтар.) ад правадыра Манцігома Каршуноў Кіпцюр Дзесятага.
Я – правадыр Манцігома Каршуноў Кіпцюр Дзесяты закурыў піпку міра. Ты чуеш, Вялікі Белы Брат мой, як смачна пахне дымам? Дык пакурым і пагаворым. Слухай жа мяне.
У 1626 годзе мой продак Манцігома Каршуноў Кіпцюр Нулявы за два вельмі прыгожыя кішэнныя люстэркі аддаў не табе, але таксама Вялікаму Беламу Брату востраў Манхетэн і землі ўздоўж берагоў ракі Гудзон, аддаў на ўвесь час Пакуль Будзе Расці Трава. Глянь за акно – трава расце. Але ж растуць і цэны ў шопах і на біржах. Растуць працэнты ў банках. У сувязі з гэтым патрабую аддаць у маё поўнае валоданне ўсе фабрыкі па выпуску люстэркаў і трумо як на тэрыторыі ЗША, так і на тэрыторыі Еўрапейскага Саюзу. У дадатак да гэтага патрабую аддаць мне ўсе вашы заводы (можна й кітайскія) па выпуску піратэхнічных вырабаў – надта ж мне падабаюцца фейерверкі! Чакаю тры дні. На чацвёрты дзень, калі не атрымаю Сваё (Так у тэксце. Аўтар), выкапаю з зямлі свой Лук і свой Тамагаўк, перагараджу статкам у тысячу бізонаў Уол–Стрыт.
Усё. Перакур скончыўся.
Правадыр Манцігома Каршуноў Кіпцюр Дзесяты".
***
Цікава – любяць ці не Праметэя, таго, што прынёс людзям агонь, пажарнікі? Любяць не любяць, але, пэўна ж, паважаюць, бо ён даў ім магчымасць зарабляць свой хлеб з маслам.
Думаецца, што большасць індзейцаў не любяць Калумба, а меншасць карсіканцаў не любяць Напалеона. Думаецца, што 99% грузінаў любяць Сталіна. Думаецца, што гара Эльбрус не любіць гару Эверэст, бо ніжэйшая.
***
На лужку каля рымскага Форуму сустракаюцца два кані: белы жарабок імператара Калігулы Марсін пад залатым сядлом і заезджаны замораны конік вольнаадпушчаніка зборшчыка трупаў жывёл і рабоў Аўгея Бясхвосцік. Бясхвосцік пачціва схіляе перад Марсінам галаву, гаворыць дрогкім ціхім голасам:
– Вітаю цябе, непараўнальны Марсін, падаю да тваіх капытоў. Ты носіш у сваім цудоўным звышпрыгожым сядле богападобнага імператара. Ты й сам – бог, бог нашага конскага племені. Вітаю цябе.
– Ну-ну, – ляніва глядзіць на яго ганарысты Марсін, – Не перахвалі мяне. А хто, дарэчы, пасмеў пусціць цябе на гэты лужок? Тут гуляю толькі я.
Бясхвосцік спалохана ўздрыгвае, яшчэ ніжэй гне галаву, хоча нешта сказаць, але Марсін літасціва кажа:
– Трошкі пагуляй. Я не буду загадваць сваім конюхам, каб выганялі цябе адсюль, лупцавалі ў хвост і грыву. Нам, патрыцыям, трэба калі-нікалі быць паміж простага народу, паміж плебеяў.
– О, дзякуй, дзякуй табе, сонцападобны, – горача прамаўляе Белахвосцік і, асмялеўшы, пытаецца:
– Ці праўда, што імператар Калігула (бяссмерце яму і ўсім ягоным нашчадкам!) увёў цябе ў рымскі сенат, зрабіў сенатарам?
– Праўда, – ганарліва падняўшы пярэднюю правую нагу, адказвае Марсін, – Я – сенатар.
Белахвосцік становіцца перад ім на калені, заплюшчвае вочы, нібы ў іх ударыла яркае святло.
– І што вы, звышмудрыя сенатары, робіце ў цытадэлі геніяў – у сенаце? Чуў, што вы хочаце аб’явіць вайну гнюснаму цару Піру?
Марсін з найвялікшай пагардай глядзіць на Белахвосціка, што знерухомеў каля ягоных ног, нарэшце расчэплівае губы, паказвае свае цудоўныя бялюткія зубы, да якіх прыліпла зерне адборнага германскага аўсу, і павольна-велічна, смакуючы кожнае слова, гаворыць свайму дурному супляменніку, перадражніваючы таго:
– Што робіце... Вайну цару Піру... Гэта ж – сенат, асліная твая галава. Сенат. Як можна не разумець? Мы там кожны дзень дзелім і ядзім сена. Услухайся, няшчасны. Се–нат. Се–на. Се–нат. Се–на. Гэй, конюхі, ганіце прэч гэтую клячу!
***
Вам беларуская мова да лямпачкі, а для некага яна і маяк, і пражэктар. Дык, як казаў кот Леапольд: "Спадары, давайце жыць дружна".
***
Урок фізкультуры ў 7 "а" класе. Жвавыя хударлявыя хлапчукі з імпэтам бегаюць па футбольным полі. Аж зямля стогне! Толькі адзін, вельмі тоўсты і вельмі спакойны, сядзіць на лавачцы і ляніва есць банан.
– Ты чаго рассеўся, Сідаронак?! – налятае на яго фізрук.
– Сумую па сумо, – спакойна гаворыць Сідаронак.
– Што-што?
– Беларускай моваю кажу вам, Аркадзь Ісакавіч – сумую па сумо. Ёсць такі від спорта. Праўда, у Японіі. А датуль я не дабягу.
***
"Гэта нафта крычыць галасамі трывожных сірэн", – першае ўражанне ад першых тэлерэпартажаў з ваеннага Багдаду. Красавік 2003 г.
***
Размова падчас здачы меданалізаў.
– Як жыццё?
– Вертыкальна.
– Што-што?
– Не гарызантальна. Пакуль што не ляжу ні ў бальніцы, ні ў "скрынцы".
***
Нарэшце пачало працаваць на канале "ОРТ" наша мінскае "ОНТ" ("Общенациональное телевидение") на чале з Рыгорам Кісялём. Выдалі ў вячэрнім эфіры "Наши новости". "Іх новасці", – буркнуў адзін з маіх знаёмых.
Дарэчы, я здагадваюся, што пад словам "общенациональное" разумеецца тэлебачанне адзінай славянскай нацыі – некаторыя да гэтага часу вераць, што такая таямнічая нацыя існуе. Калі так, то раіў бы пану Кісялю перайсці на беларускамоўны лагатып сваёй кампаніі, пісаць не "ОНТ", а "АНТ" (агульнанацыянальнае), бо быў яшчэ ў 6 – 7 нашай эры саюз славянскіх плямёнаў, якія называлі сябе АНТамі.
***
– Будзем сеяць, беларусы, – пісаў у свой час Максім Танк.
Прароцтва вялікага паэта збылося – нядаўна ў газетах былі надрукаваны чарговыя ўрадавыя пастановы да чарговай пасяўной кампаніі.
***
– Радзіма мая дарагая, – пісаў у свой час Алесь Бачыла.
Прароцтва вялікага паэта збылося – цэны ў мінскіх крамах, шопах, буціках і г.д. растуць і растуць.
***
А вось паэту і празаіку Янку Сіпакову, пэўна, падчас перавыдання сваіх твораў давядзецца папрацаваць разам са сваім рэдактарам. У свой час, пішучы новую кнігу, ён упаўне справядліва даў ёй назву "Усе мы з хат". Ды за апошнія гады дэмаграфічная сітуацыя ў нашай краіне рэзка змянілася – зараз гараджан у нас болей чым вяскоўцаў. Так што трэба будзе паламаць галаву над загалоўкам. Са свайго боку прапануем назву "Усе мы з кватэр". На ганарар не прэтэндуем.
***
Беларусы, як вядома, адносяцца да ўсходніх славянаў, хоць асабіста я не поўнасцю згодзен з такой класіфікацыяй. У нас жа маюцца сотні тысяч католікаў, пратэстантаў, – а гэта рэлігіі "заходняга", скажам так, пашыву. Мы, беларусы, з 1387 году, з часоў Крэўскай уніі, і па 1795 год, год апошняга, трэцяга, падзелу Рэчы Паспалітай , лічы – 405 гадоў , былі злучаны з Заходняй Еўропай, мелі Магдэбургскае права, вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах, дыхалі паветрам Адраджэння, Рэфармацыі, падарожнічалі па Германіі, Італіі...
Адным словам, я б назваў беларусаў не ўсходнімі, а цэнтральнымі славянамі (жарт). Але ў рэшце рэшт справа не ў тым, як цябе нехта называе, а ў тым, кім ты сам сябе пачуваеш.
Вядомых асабіста мне, нечым адметных беларусаў, я падзяліў на чатыры групы. Для мяне – самы ўсходні з усходніх славян – Іван Ласкоў, паэт, публіцыст, хімік, які жыў і працаваў у Якуцку і пахаваны там. Гэта быў самы першы жывы паэт, з якім я здароўкаўся за руку, хадзіў па вуліцах, абмяркоўваў вершы, піў віно, заляцаўся да дзяўчат... Ён меў маленькі рост, вялікі талент і басавіты грамавы голас. Маларосласць, як падалося мне, прыгнятала яго, але ён паводзіў сябе па-шляхотнаму, з адчуваннем уласнай годнасці. Мы заўсёды хадзілі ўтраіх: Ласкоў, Саша (Алесь) Мікалайчанка і я; прычым, Ласкоў ішоў паперадзе, а мы, высакарослыя бамбізы, шпарылі за ім. Нас аб’ядноўвала тое, што мы пачыналі пісаць па-руску, а потым перайшлі на беларускую мову, і было гэта не ў часы так званага Адраджэння, Народнага Фронту і Пазняка, а яшчэ ў 1968 годзе, за 27 гадоў да ліберала Гарбачова. Ваня Ласкоў за шклянкай "Агдама" (цудоўнае віно нашай маладосці!) прызнаўся мне, што хоча знайсці самы маларослы народ СССР, каб пасяліцца там і адчуць сябе Гуліверам. Ён урэшце-рэшт знайшоў такі народ, якутаў, жаніўся на якутцы, студэнтцы Літінстытута імя М.Горкага (здаецца, яе звалі Валянціна Гаўрыльева ) і назаўсёды з’ехаў у Якуцк. І памёр там...
Самым паўночным з усходніх славян я называю Анатоля Кірвеля, паэта, празаіка, які пражывае ў Санкт-Пецярбурзе, гжэчна ахвяруючы грошы на выданне кніжак беларускіх дзяўчатак-паэтак.
Самы паўднёвы з усходніх славян – Віктар Лебедзь, афіцыйны прадстаўнік авіафірмы "Белавіа" на востраве Кіпр. З жонкаю Таццянай і двума сынамі ён жыве ў горадзе Лімасол. Тыя, каго лёс заводзіў на сонечны востраў Афрадзіты, не могуць не ведаць пунктуальнага і дабразычлівага Віктара.
І, нарэшце, – самы заходні з усходніх славян. Сакрат Яновіч. Ужо адно імя прымушае пачціва зняць капялюш. Гэта, на маю думку, адзін з самых "палітызаваных" беларусаў. Пры адпаведных гістарычных варунках ён мог бы быць прэзідэнтам, скажам, Беластоцкай Беларускай Рэспублікі. Але такой рэспублікі няма і, як я разумею, не прадбачыцца, і таму пан Сакрат займаецца літаратурнай справаю, прычым, вельмі паспяхова. Нядаўна я ў Беластоку набыў ягоную кніжку "Не жаль пражытага". Вельмі змястоўная, вельмі глыбокая па думках і прыхаванай горычы рэч. Адчуванне няздзейсненай самарэалізацыі, як самога сябе, так і сваіх землякоў-паплечнікаў, разважанні аб мінулым краю, дзе – "глуд, смруд і ўбуства". Над усім іншым валодае, трапеча адзіная думка –" і без цябе быў свет". Інвалідамі духа, белымі неграмі называе Сакрат Яновіч тых, хто кінуў беларушчыну і растварыўся ў польскім акіяне. (А што ім заставалася рабіць? Так і мы, з яшчэ большай хуткасцю, раствараемся ў акіяне расійскім. Аўтар.) З усяго гэтага робіцца абсалютна верная выснова:" Нацыю стварае буржуазія, людзі, у якіх адсутнічае праблема хлеба". А што можа стварыць, пра што можа заікнуцца істота, у якой, прабачце, вушы брудныя, "у вушах – мёд", як вобразна жывапісуе пан Сакрат?
І ўсё-ткі беларускі вулкан яшчэ не патух. Яшчэ ого-го як клякоча! Сцверджаннем таму словы рэпатрыянта-беларуса з-пад Вільні, які недзе ў маёнтачку на мяжы з Нямеччынай так азваўся на ўпіканне польскага палітрука ў ягонай недальнабачнасці і жыццёвай глухаце:
– Каб ты так далёка сраў, як я бачу і чую!
Брава, пан Сакрат і ўсе астатнія беларусы, самыя ўсходнія, самыя паўночныя, самыя паўднёвыя, самыя заходнія і г. д.!
***
У "Белорусской газете" вычытаў пра падарожжа маскоўскага літаратара Віктара Ерафеева (вядомы празаік, вядзе на тэлебачанні праграму "Апокриф", "западник", эстэт і г.д. ) па Беларусі. Эстэт ехаў у Германію. Найкарацейшая ж дарога туды з Масквы праз нашу Бульбонію, і эстэт вымушаны быў у сваім аўтамабільчыку "ашчаслівіць" беларускі асфальт. Ашчаслівіў, з’ездзіў" да Ганса", вярнуўся ў сваю сталіцу (пэўна ж, зноў па нашых дарогах) і "нарадзіў" нарыс "Где начинается Европа?" У нарысе тым чытаем: "Огромный Минск скучен, сер. (А мне, мінчуку з 1963 года, здавалася, што горад наш нішто сабе, добры, прыгожы, раздумліва- спакойны). Плавает в советском хамстве. (Гэта значыць, Мінск плавае. Смелы вобраз!) Мерзкий говор. (Ах, наша беларуская мова! Ах, наша "трасянка"! І гэтаму маскоўскаму барыну вы разанулі пяшчотнае вушка). У всех такой вид, как будто только ударились о фонарный столб... (Без каментару!).
Вось такі нарыс, такі "отчерк", як дужа "па-навучнаму" казаў калісьці адзін мой знаёмы. Пачыталі, падумалі, і што скажам? А нічога. Не раз ужо чулі такое, чыталі... Нецікава. Мы ўжо не малыя і ведаем, што сонца ўсходзіць не ў Маскве, а далёка-далёка ад яе на Усход – недзе ў Японскім моры. Мы ведаем, што Жуль Верн не масквіч, а француз. І Чарльз Дзікенс не масквіч і нават не тамбовец. І Джэк Лондан не масквіч, і Віктор Гюго, і Томас Ман... Мы нават ведаем, што Аляксандр Пушкін нашчадак афрыканца Ганібала, а Міхаіл Лермантаў нашчадак шатландца Лермонта. Тысячы (!) нашых любімых пісьменнікаў не масквічы і не расіяне. А вось пан Ерафееў масквіч, але мы яго слаба чыталі. Чуў я і бачыў ягоныя тэлеманалогі. Па мне – лепш дзесяць разоў наш "мерзкий говор", чым ягонае " занафталиненное приторно-слащавое чириканье".
Вось і ўсё. Бай-бай! Чирикай дальше, московский воробушек.
***
У 1927 годзе пасля заканчэння Белпедтэхнікуму малады паэт Паўлюк Трус быў накіраваны на працу ў газету "Палеская праўда". Вольнай часінаю, якая калі-нікалі надаралася, ён любіў выходзіць на шпацыр, нетаропка прагульваўся па маляўнічых вуліцах Гомеля. Адразу ж збіраўся натоўп. Аказваецца, гамяльчане ні разу не бачылі жывога беларуса (!) і глядзелі на прыгажуна-паэта як на нейкага індзейца з рэзервацыі. Да 1926 году большая частка Гомельшчыны была ў складзе РСФСР, і тубыльцы лічылі сябе стопрацэнтнымі русакамі. Асабліва іх цікавіла беларуская кашуля-вышыванка, якую Паўлюк заўсёды апранаў і быў у ёй, як зараз кажуць, вельмі фотагенічны. Некаторыя смялейшыя падыходзілі і дакраналіся да яркай кашулі (а, значыць, і да паэта) рукамі.
***
Правялі ў Мінску свой двухдзённы з’езд “вятвісты” (суполка рускапішучых літаратараў “Полоцкая ветвь”). Гучалі бадзёрыя прамовы, панаваў аптымізм, несакрушальная вера ў сваё месіянства. Але што трэба гэтым хлопцам? Рускамоўныя ж пісьменнікі заўсёды няблага пачувалі і пачуваюць сябе ў нашым адзіным Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Успомнім Аляксандра Міронава, Канстанціна Цітова, Яфіма Садоўскага, Навума Кісліка, Браніслава Спрынчана, Эдуарда Скобелева, Фёдара Яфімава… Прыгадаем таго ж Давіда Сімановіча, які актыўна працаваў на з’ездзе “вятвістаў”. Хто іх і калі крыўдзіў у нашай інтэрнацыянальнай краіне ? Хто ім затыкаў рот? Ніхто і ніколі.
Чаго ж яны хочуць? А хочуць яны выцясніць “беларусаў” з літаратурнай прасторы Беларусі, стаць духоўнымі лідарамі нашага народу, манапалістамі і г.д. Думаю, што так не атрымаецца. Не дапаможа ні раскручаны “брэнд” маладога Курэйчыка, ні напорыстая самаўпэўненасць. Ёсць дух. Ёсць гісторыя і перспектыва. За нашай спіной Янка Купала і Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і Міхась Стральцоў… Мы – не нацыяналісты. Мы – традыцыяналісты ў разумным здаровым сэнсе гэтага слова. Мы любім свой народ і не хочам ні з кім канфліктаваць.
А жыццё працягваецца. І кожны год у высакародных еўрапейскіх аленяў ападаюць прыгожыя вятвістыя рогі…
***
"Думаць – гэта самая цяжкая праца". Генрых Форд.
***
Славуты амерыканскі вынаходнік Томас Алва Эдысан пражыў 84 гады і зрабіў звыш 1000 (!) адкрыццяў у самых разнастайных галінах навукі і тэхнікі. Гэты незвычайны чалавек нават сваёй смерцю здзівіў, уразіў сучаснікаў, падкінуў чарговую галаваломку. Апошнімі ягонымі словамі былі: “Як тут добра…”. Але дзе “тут”? Тут – на гэтым свеце? Альбо – тут – на тым? Ніхто пакуль што не можа адказаць. Чалавецтва чакае тэлефоннага званка ці якога іншага сігналу з таго свету. Не можа ж быць, каб Эдысан і “там” не вынайшоў якую-небудзь мудрагелістую штуковіну.
Містэр Эдыса–а–ан!!!
***
“Цуд не супярэчыць Прыродзе. Цуд супярэчыць таму, што мы аб ёй ведаем”. Блажэнны Аўгусцін.
***
"Мы живем, под собою не чуя страны". Ганна Ахматава. Прыпыніцеся, беларусаманы, на хвілінку, унікніце ў гэтыя радкі.
***
Тры цікавыя моманты расійскай самаіндэфікацыі. Стваральнік рускай літаратурнай мовы геніяльны паэт Аляксандр Пушкін – прамы нашчадак па матчынай лініі афрыканца Ганібала. Самае папулярнае рускае імя Іван бярэ свой корань ад яўрэйскага імені Іаан. Вялікая руская рака Волга , “мать родная”, як спяваецца ў народнай песні, упадае ў бяссточнае Каспійскае мора-возера, г. зн., не ўпадае ў Сусветны Акіян.
Сапраўды, як любіла казаць расійская імператрыца Екацярыня Вялікая (немка па нараджэнні), “усе мы – Евіны дочкі”.
***
– Загадай прынесці пахмяліцца, пан палкоўнік. Галава, як трэснутая макітра на плятні ў бабы Гарпіны.
– Хмяліцца ты будзеш у ляхаў.
– Ха-ха-ха. Ты што, барын? Скажы, каб цыганка Сцепаніда танцавала перад намі, як учора.
– Танцаваць ты будзеш у ляхаў.
– Ды ты што, ваўчыная твая пыса?! Усю ўманскую гарэлку выжлукціў і з глуздоў з’ехаў?!
Гонта прутка ўскочыў з мяккіх каляровых кажухоў, на якіх заваліўся спаць з учарашняга п’янага вечару, але ззаду рэзка і балюча схапілі-ламанулі рукі, ударылі ў твар цяжкім кулаком... Успыхнула ўваччу...
– Яго і ягонага саламянага гетмана Залізняка павязем да генерала Крачэтнікава. Так загадана, – сказаў палкоўнік Крывы сваім людзям, салдатам і конюхам, – Пагуляў Іване ва Ўмане і – досыць. Пэўна, і здохнеш не пахмяліўшыся. А калі хмяліць будуць, то агнём і бізуном.
– Чаго стаіцё, быдлё?! – раптам вызверыўся ён, – Да кошу! (Арыштаваць. Аўтар). Вязаць яго!
Спалоханыя салдаты хуценька прынеслі з вуліцы ў хату сплецены з тоўстых вярбовых дубцоў доўгі кош-мяшок, у які ўвапхнулі Івана Гонту. Іван быў рослы казак, і давялося яму падкурчваць ногі.
– Гарэлкі мне! – люта крыкнуў палкоўнік Крывы свайму дзеншчыку чарнагаловаму касаваценькаму башкірцу Мустафе. Піў цёплую жоўтую гарэлку, загрызаў кіслым гарбузом, глядзеў як туга перавязваюць кош, у якім адразу аціх, ацверазеў, збялеў тварам Гонта, моцнымі смалянымі вяроўкамі. Так скончылася "вялікае гулянне" Івана Гонты, так у 1768 годзе захлынуліся ў крыві гайдамаччына і калііўшчына – няспраўджаныя надзеі украінскага хлопства на сваю зямлю і волю.
– Ты ж праваслаўны, як і я, барын. Навошта ж аддаеш мяне ляхам? – сказаў Гонта генералу Крачэтнікаву, – Царыца ж Кацярына універсал напісала, каб біць ляхаў-канфедэратаў, а нам, братам вашым, волю даць.
Крачэтнікаў доўгім цяжкім позіркам паглядзеў на былога сотніка ваяводы Патоцкага:
– А ты універсал той чытаў?
– Не. Бандурысты ва Ўмане спявалі.
– Бандурысты спявалі, – крыва ўсміхнуўся генерал, – Шалудзівы пёс табе выў-спяваў. Шмат людзей парэзаў ва Ўмане?
– Шмат, – з адчайнай лютай весялосцю адказаў Гонта, – І жанчын рэзаў. І дзяцей. І старых тоўстых, як кабаны, паноў. Паверыш, барын, у крыві іхняй мы купаліся. Налівалі ў стаўкі пад вішнямі іхняй сабачай крыві і купаліся. А на пане Кучэўскім, што ў Лісянцы быў за ваяводу, мы верхам, як на кані, каталіся. Паклалі яму на спіну сядло і ездзілі. Добра на чатырох лапах бегаў пан і нават іржаў па-конску. Пагарцавалі на ім, а потым пікамі закалолі.
– Хопіць, – махнуў шырокай смуглай рукой, на якой ярка свяціўся залаты пярсцёнак, генерал.
– Мы з табой адной веры, – гнуў сваё Гонта, – За што мяне ляхам аддаеш?
Генерал Крачэтнікаў моўчкі ўдарыў яго ў зубы.
Залізняка, як падданага расійскай кароны, адхвасталі бізуном і саслалі ў Сібір. Івана Гонту разам з ягонымі сябрукамі аддалі польскім войскам , якія ў звязку з рускімі змагаліся на Украіне супраць паўстанцаў-канфедэратаў. Павезлі скрываўленага сотніка ў мястэчка Сербы, дзе рэгіментар Ксаверы Браніцкі надумаў учыніць страшнае пакаранне...
Усю дарогу ўспаміналіся Івану вогненна-п’яныя дні і ночы ва Ўмане, калі тысячамі рэзалі шляхту, адсякалі шаблямі і сякерамі рукі і ногі, запрагалі ў ёрмы ксяндзоў, узнімалі на пікі дзяцей і жанчын, трупамі забівалі калодзежы – аж дваццаць тысяч люду наклалі. Прыцягнулі да яго маладзенькую пані і маладзенькага чарнавусага пана, мужа з жонкаю, спыталіся: " Як катаваць іх будзем?" Цяжкім звярыным вокам зірнуў Гонта на палонных, загадаў маладзенькаму шляхціцу:
– На калені перада мной, чарвяк! Сёння я – пан!
Шляхціц то бялеў, то чырванеў, абліваўся потам.
– Ну, змяёк! – узвіў чырвоную шаблю Гонта, – Не паклонішся, жонку казакам аддам!
У горле ў шляхціца нешта забулькатала, ён глядзеў на Гонту як на пякельнага д’ябла, пачаў павольна згінаць спіну.
– Кшыштаў! – ірванулася ў чэпкіх казацкіх руках-абцугах пані, – Не смей! Пракляну! Кшыштаў!
І плюнула Гонту ў твар.
У Сербах па загаду Браніцкага са спіны ў Гонты знялі дванаццаць палосаў скуры, "разбіралі яго па костачках і па пальчыках", а ён хрыпла смяяўся:
– От казалы: буде болити, а воно ни крышки не болить, так наче блохи кусають".
А генералу Крачэтнікаву той ноччу прысніўся сон – вынырнуў з крывавага стаўка бясскуры Гонта, схапіў генерала за залаты каўнер, закрычаў–завыў:
– Завошта мяне ляхам аддаеш?!
***
– Чаму Ісак Ньютан нарадзіўся і здзейсніў свае геніяльныя адкрыцці на Брытанскіх астравах, а, скажам, не на астравах Ціхага Акіяну?
– Таму, што на Брытанскіх астравах растуць яблыні.
– ???
– Не падумайце толькі, што мы расісты. На трапічных астравах Ціхага Акіяну таксама магло нараджацца мноства Ньютанаў. Яны там і нараджаліся. І садзіліся пад дрэвамі мысліць. Але ў какосавых пальмаў надта цяжкія плады.
***
Шумна і пампезна адзначыў Санкт-Пецярбург сваё 300-годдзе. Былі высокія госці з усяго свету. Адкрылі шмат новых помнікаў, у тым ліку, некалькі – заснавальніку горада Пятру Вялікаму. Забыліся толькі пра хоць які-небудзь помнічак ці мемарыяльную дошку прыгонным сялянам, на касцях якіх вырасла Паўночная Пальміра. А так там нават помнік птушцы (!) ёсць – Чыжыку-Пыжыку.
Дарэчы, наш Менск-Мінск прайшоў праз такую дату (трыстагоддзе) за 13 гадоў да Кулікоўскай бітвы, у 1367 годзе.
***
Тлумачальная запіска вучня 7 "г" класа Вовы Сялёдкіна, які, "заваліўшы" дыктант па рускай мове, аб’явіў сябе антыкамуністам: "Я русский не выучил только за то, что им разговаривал Ленин".
***
Давайце перасяляцца на Марс! Марсіянскі год доўжыцца аж 687 дзён, і ўсе мы там памаладзеем. Мне, напрыклад, будзе толькі 32 гады! На Марс! Ляцім на Марс!
***
Паэты, кучаравыя і лысыя, сядзяць за чаркаю, патрохі п’юць, весела скардзяцца адзін адному.
– Не друкуюць, – кажа лысы, – А калі й друкуюць, то не плоцяць ганарар. А калі надрукуюць, заплоцяць ганарар, то не чытаюць. Русіфікацыя заела. Усё! Хопіць з мяне. Паеду ў вёску, прыдбаю сабе хатку, супакою нервы. Буду трусоў гадаваць.
– Вазьмі мяне з сабою, – просіць кучаравы, – І я паеду. Я з дзяцінства трусоў люблю. Вазьмі мяне, браце.
– Згода. Бяру, – усміхаецца, ляпае сябрука па плячы лысы, – Пакуй рэчы, калі яны ў цябе ёсць, і паедзем мы з табою, братка, з русіфікацыі ў трусіфікацыю.
Так сядзяць яны над рэчкаю да самай ночы, і з цёплай цемры глуха даносіцца: "Русіфікацыя... Трусіфікацыя...". І наадварот. А далей – неразборліва... Му... Бу... І гэтак далей, гэтак далей...
***
Маналог п’янага паэта: – Не пішы… Не кажы… Не думай… А для чаго мне тады галава дадзена? Цвікі ёю забіваць? Дык я ж, як мая жонка абсалютна верна гаворыць, не малаток.
***
Маналог цвярозага празаіка, які заблудзіўся на вуліцах восеньскага начнога райцэнтру: – Густой бывае не толькі проза, але й гразь.
***
Маналог меліяратара: – То асушвай балоты. То не асушвай. То Зорку Героя даюць. То адбіраюць. А за балота Іван Мележ Ленінскую прэмію схапіў. (Маецца на ўвазе раман “Людзі на балоце”. Аўтар). А Венецыю на балоце пабудавалі, каб ад вар… цьфу ты!… каб ад варвараў хавацца. Што мне рабіць? Пайду – вып’ю. І пайшлі вы ўсе ў балота.
***
Стары баран перад тым, як яго павядуць на бойню, горда кажа маладзенькім авечачкам: – Гэта – помста. Нам помсцяць за тое, што ў 16-ым стагоддзі ў Англіі нашы мужныя продкі паелі людзей.
– Ах! – уражана крычаць авечачкі і губляюць прытомнасць.
–
– Гэта – помста, – натхнёна працягвае стары, – Гнюсная помста. Лордам патрэбна была воўна, і яны зганялі сялян з іхніх надзелаў, пераўтвараючы надзелы ў пашы для нашых прадзедаў. Ужо цэлыя суткі я ведаю гэта! Учора Джон-пастушок чытаў падручнік па гісторыі. Я на свае вушы чуў, як Джон чытаў: ”Авечкі паелі людзей”. Гэй, інквізітары?! Дзе вы? Я не баюся вас!
–
***
“ Расія – краіна з непрадказальным мінулым “(!) – акадэмік Юрый Палякоў.
Баявік
Радавы расійскага войска Іван Байкоў вызначыўся падчас удалай “зачысткі” ў Грозным, атрымаў кароткатэрміновы адпачынак і прыбыў у родную вёску на Смаленшчыне. Выпілі па чарцы-другой са швагерам Васілём Сямёнавічам, пайшлі ў лес у грыбы.У швагера вулічная мянушка Картавень, бо з дзяцінства не вымаўляе літару “р”.
– Пойдзем вунь у той бор, – радасна тыцнуў рукою Іван убок барка, што сінеў
за полем.
– Не, у той бой не пойдзем. Там ужо Белаюсія, – бадзёра адказаў Картавень, – Ідзі за мной, у Ясію.
У лесе рэзалі сыраежкі, лісічкі, махавічкі… Было весела. Раптам швагер прарэзліва крыкнуў: “Баявік! Баявік! Яшчэ баявік!“, упаў на калені і пачаў ліхаманкава, бо быў заядлым грыбніком, рваць з коранем, кідаць у кошык цёмнагаловыя баравікі.
Іван Байкоў, як стаяў, пластом рухнуў на лясную прэлую ігліцу, абшчапіў галаву рукамі, уплішчыўся ў зямлю.
Картавень лоўка перакідаў у свой кошык усю баравіковую сямейку, здзіўлена зірнуў на Івана:
– А ты чаго, б’ят, язлёгся?
–
– Цьфу ты, Сямёнавіч! Цьфу ты, Картавень! – злосна выдыхнуў, прутка
–
ўскочыў на ногі Байкоў. Твар у яго быў гнеўна-чырвоны, – Баявік… Баявік… Верашчыш, як быццам табе на яйцо наступілі. Я падумаў, гэта – чачэнцы.
***
Што такое гісторыя і што такое гістарычная літаратура? Адказваю сюжэтам свайго новага раману. Ішоў на чужыя землі з велізарнейшай незлічонаю ардою-саранчою хан, і ўсім, хто не скарыўся, хто не пакланіўся яму, была хана. Вось і ўсё.
***
Мне – 63. А недзе толькі пачынаецца, разгараецца і пакрысе пашыраецца нейчы Сусвет. Нехта толькі што нарадзіўся; у яго ёсць маці і бацька, дзяды і бабкі; у яго яшчэ будуць школьныя сябры і школьныя настаўнікі, сустрэчы, знаёмствы, дарогі… Ён яшчэ будзе вучыцца хадзіць, чытаць і пісаць, плаваць, карыстацца кампутарам, цалаваць дзяўчат… Ён як той баравічок, што толькі праклюнуўся праз густы зялёны мох на сонечнай баравой палянцы. Што й казаць – зайздрошчу яму.
***
Ліст ад цара Івана Грознага ўсім шахматыстам планеты Зямля і астатніх планет. “Так як я памёр у час гульні ў шахматы ў 1584 годзе і не дагуляў партыю з лекарам-нямчынам, выклікаю з таго свету ўсіх вас на спаборніцтва. Асабліва хачу згуляць з Гары Каспаравым. Калі Гары ў мяне выйграе – аддам яму Казань. Калі ж выйграю я…”. Тут ліст неспадзявана абрываецца. На зваротным баку ліста царскай рукою (рука дрыжала ці то ад гневу, ці то ад хваробы) напісана: “Указ маім апрычнікам, калдунам, магам і прочая, прочая. Выкапаць з магілы і ажывіць Малюту Скуратава”.
***
– Калі з’явіліся альпіністы? Пэўна ж, з часоў Ганібала, як ён са сваім войскам, са сваімі баявымі сланамі пералез цераз Альпы.
–
– Ды не! Што твой Ганібал? Першы альпініст – мой прадзед Піліп. Бачыш вунь тую высокую-высокую бярозу? Два разы ў месяц, у аванс і ў палучку, мой дзед залазіў туды. ”Заначку” ад сваёй жонкі Куліны хаваў у шпакоўню.
–
***
Завітаў у мой гародчык госць з палеаліту. А, дакладней, гэта я завітаў да яго, бо тут, на марэнных узгорках каля Заслаўя, ён жыў ужо амаль адзінаццаць тысяч гадоў.
Капала мая жонка Зінаіда зямлю на дачы, саджала кветкі, і раптам з-пад рыдлёўкі выскачыла-вывернулася крамянёвае рубіла…
Які чалавек зрабіў цябе?
Якім людзям служыла ты?
Аб чым думалі яны, далёкія-далёкія людзі, гуртом седзячы вакол вечаровага вогнішча?
Шумеў лес. Зіхцелі ў цёмным небе зоркі, як вочы рысяў і ваўкоў.
О, жудасць часу! Як далёка вы ад мяне. Як не ведаю я вас. А ў руках – крамянёвае рубіла…
Яно ляжыць на маім пісьмовым стале і маўчыць. Яно адпачывае, бо столькі нарабілася на сваім доўгім вяку. І майская муха дваццаць першага стагоддзя, што заляцела ў мой пакойчык праз фортачку, кружыцца-кружыцца над ім, але чамусьці баіцца на яго сесці.
***
Пачатак 50-ых гадоў XX стагоддзя… Урок гісторыі ў вясковай беларускай школе. Настаўнік у чорных стаптаных валёнках, у сцёртым зялёным фрэнчы “пад Сталіна” указкай, што выразана з маладзенькай яблыні ў суседнім “паліцайскім” садзе, тыкае ў геаграфічную карту, пытаецца:
– Хто скажа, якія тэрыторыі адыйшлі да Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік пасля разгрому фашысцкай Германіі?
–
– Я! – борздзенька ўскідвае руку Мішка Мацюшонак, гарбаценькі хлопчык з прыгожым тонкім тварам.
–
Але настаўнік робіць выгляд, што не заўважае ягоную руку. Яму край як трэба, каб адказала на гэта пытанне Рая Захарук, бо Раін бацька, падслепаваты калгасны рахункавод Цімох, прыйшоў на ўрок, сядзіць на апошняй парце і хоча паслухаць, як дачка выдатна адкажа і заробіць чарговую “пяцёрку”. Для яго і праводзіць “адкрыты ўрок” настаўнік, але ж гэты Мішка…
Усе ведаюць, што Раю цягнуць на залаты медаль. А Захарук пасля ўроку пойдзе з настаўнікам у калгасную кантору. Там паміж экспанатаў заможнага жыцця, снапоў ільну і жыта, іх чакае амаль поўны графін халоднага самагону.
Настаўнік пачынае зноў:
– Хто адкажа, якія тэрыторыі…
–
– Я! – як зайчык з травы, зноў выскоквае Мішка.
–
“ Стукнуць бы ўказкай па гэтай гарбаціне”, – паныла думае настаўнік. У яго баліць пячонка, сохне ў роце. Ён павольна падыходзіць да Мішкі, глядзіць у сінія шчырыя вочы і цвёрдым голасам гаворыць, быццам сячэ калуном бярозавыя дровы:
– “Я” – апошняя літара ў алфавіце. Запомні гэта, Міхаіл.
Так выхоўвалі калектывістаў.
Холад жыцця
Ёсць холад жыцця. Ёсць мароз, ад якога ледзянее, трашчыць сэрца…
Яны пажаніліся ў 1953 годзе, гэта значыць, у год смерці Сталіна.
Дваццаціпяцігадовы кучаравы Пятрок і васемнаццацігадовая сінявокая тоненькая Антанінка. Вяселле было шматлюднае, але ціхае. Песень не спявалі – памёр правадыр, якія могуць быць песні!? Валодзю Крывога, які спрабаваў быў зацягнуць “ По диким степям Забайкалья», выгналі з-за стала. Валодзя пакрыўдзіўся і пабіў вокны ў сваёй хаце.
Жылі дружна, люботна. Пятрок рабіў на трактары, Антанінка была даяркай. Завяліся дзеці – трое белагаловых хлопчыкаў. “Мая жонка – удаліца, – хваліўся Пятрок, – Дзеці з яе, як качаны капусты, выкочваюцца”.
Праз дзесяць гадоў у Антанінкі адняліся ногі. Ведама – штодзённая цяжкая работа; зімой і летам па калена ў гразі ды ў гумовых ботах…
Пятрок вазіў яе ў Клічаў, у Бабруйск. Не дапамагло. А праз пяць месяцаў Антанінку і наогул паралізавала. Яна нерухома ляжала на ложку і цёмнымі нейкімі шклянымі вачыма глядзела ў столь. Хлопчыкаў забрала ейная бяздзетная сястра.
Кожную раніцу Пятрок ціха ўставаў са сваёй халоднай раскладушкі, прыносіў з калодзежа вядро вады, ставіў яго ля парога і гучна казаў, павярнуўшыся тварам да ложка, адкуль даносілася ледзь чутнае палахлівае дыханне Антанінкі:
– Калі ты ўжо здохнеш, калода гнілая?
І гэтак – кожную раніцу. Гэтак – дзевятнаццаць гадоў. Да самай яе смерці.
***
Існуе такое гістарычна-прававое паняцце – “Свяшчэнныя рэчы Рыма”. Імі былі гарадскія брамы, гарадскія сцены, посуд і адзенне жрацоў. Іх нельга было прадаваць, аддаваць у залог. І ўсё. Патрыятызм, любоў да роднай зямлі, вернасць роднай мове падразумяваліся самі сабой, былі паўсядзённа-звычнымі, як вада, як паветра і сонечнае святло.
***
А ведаеце, чым падобныя сённяшні “сярэдні клас” і “сярэдні клас” (рамеснікі, гандляры, дробныя землеўладальнікі) старадаўняга Рыму? Правільна, яны збіраюць, копяць грошы. Толькі сённяшнія, скажам так, умерана багаценькія збіраюць грошы, каб купіць аўтамабіль, а тыя, рымскія, “трэслі панчоху”, каб прыдбаць сабе раба. Гэта прыкладна аднолькавая фінансава-маральная акцыя – купіць новы аўтамабіль, або купіць новага раба.
Вось і мяркуйце, колькі рабоў (пры вашых сённяшніх прыбытках і калі б вы– уключайце фантазію! – з’яўляліся свабодным рымскім грамадзянінам) вы б змаглі купіць за ўсё сваё жыццё.
***
З лёгкай рукі, а, дакладней, з лёгкага белетрыстычнага пяра Эрнеста Хемінгуэя сучасныя пісьменнікі, паказваючы палавы акт, пішуць : “Яны займаліся любоўю”. А вось у грэцкім свеце, у грэцкім старадаўнім класічным Сусвеце любоў-каханне існавалі асобна ад сексу.
***
Жыццярадасны студэнт з Непалу, што вывучае рускую мову ў адным з мінскіх інстытутаў, вывучыў некалькі слоў і бадзёра вітае ў інтэрнацкім калідоры свайго чарнатварага калегу з Эфіопіі:
– Добрый утр, эфіёптваю маць!
Абодва студыёзусы весела смяюцца.
***
Добры шчодры Дзед Мароз мае цудоўную ўнучку – Снягурачку. Але далёка не ўсе ведаюць, што ў славутага дзеда ёсць унук. Якое ж ягонае імя? Няўжо, Адмарозак?
***
Ужо зрабілася звычным, што нашу беларускую літаратуру і нас, пісьменнікаў, жорстка бязлітасна крытыкуюць. (“Так называемые “ пісьменнікі” – Пётр Дзянісаў; “Авторы ничтожнейших книжонок“ – Яўген Росцікаў; “Ведь не читают же, не читают Вас, Нил Семенович…” – Барыс Ляпёшка і г. д.)
Што сказаць? Нікому не падабаецца, калі яго крытыкуюць. Тым больш, што нехта не чытае й Ляпёшку.
Мы – гук (звук) народа. Узнёсла сказана? Магчыма. Як пісаў паэт XIX стагоддзя Адам Гурыновіч:
Не я пяю. Народ Божы
Даў мне ў песні склад прыгожы.
Прывяду нашым нястомным крытыкам два жыццёвыя факты, якія мацуюць пісьменніцкі аптымізм.
25 – 30 тысяч людзей выйшла на пахаванне Васіля Быкава. Пры ўсім іншым у гэтым бачыцца павага нашага народу да мясцовай літаратуры.
І – яшчэ. Ля самых вытокаў беларускай дзяржаўнасці ў студзені 1919 года стаяў беларускі пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) са сваім славутым беларускамоўным “Маніхвэстам”. Ён жа ўзначаліў першы беларускі рабоча-сялянскі савецкі ўрад.
Нам ёсць што помніць, ёсць чым ганарыцца.
***
Матчына любоў! Няшчасны чалавек, якога абмінуў цёплы вецер гэтай любові. Матчына любоў! Не трэба тлумачыць, што гэта такое. Але ж…
У 780 годзе на візантыйскі трон узыйшоў пасля смерці свайго бацькі Льва IV імператар-малалетак Канстанцін VI. Рэгентшай пры сыне стала ягоная маці Ірына. Тады былі нялепшыя часіны Візантыі. (А калі яны былі добрымі? Можа, толькі пры Юстыніяне Вялікім). З поўначы ў імперыю ўварваліся полчышчы балгараў. Канстанцін VI павёў войска супроць іх і быў разбіты. Спроба рэваншу ў 796 годзе таксама аказалася няўдалай. Імператар плакаў ад бяссілля і крыўды… Што б у такім выпадку зрабілі 99 мацярок са 100? Выцерлі б сынавы слёзы, умацавалі ягоную душу…
Ірына загадала асляпіць (!) свайго роднага сына, і ў 797 годзе Канстанціну VI вырвалі вочы.
***
У 1493 годзе нарадзіўся Парацэльс (сапраўднае імя – Піліп Аўрэол Тэафраст Бамбаст фон Гагенгейм ), славуты ўрач, які падвергнуў перагляду ідэі старадаўняй медыцыны і пісаў і выкладаў не на ўсясільнай у той час латыні, а па-нямецку. Вось што ён сказаў аднойчы:
– Я ведаю, я не з тых, хто гаворыць людзям да іх спадобы. Я грубы чалавек, народжаны ў грубай краіне. Я вырас у сасновых лясах і, магчыма, атрымаў у наследдзе іхнія іголкі.
Кожны з нас носіць у сваёй душы свае іголкі.
***
Ёсць прымаўкі, сэнс якіх ляжыць як бы на паверхні сказаных слоў; ён зразумелы, яго не патрэбна расшыфроўваць, тлумачыць. “Альбо пан – альбо прапаў”. Упэўнены, што вы хоць аднойчы чулі такое. Рашучы імпэтны чалавек, чалавек з нашай гісторыі, грамадзянін ВКЛ ці Рэчы Паспалітай (у Расіі не было паноў) адразу ўстае за гэтымі словамі. Ён не баіцца смерці, гатоў загінуць, але дасягнуць пастаўленай мэты. Гэты чалавек не жадае быць рабом. Ён, толькі ён адзін – уладар свайго лёсу! І яшчэ – Бог. А Богу імпануюць адважныя людзі.
Гэта не картачны гулец, не мільгатлівы сліньцявы лавелас, хоць ён можа і ўмее вельмі моцна прыціснуць да сваіх шырокіх грудзей прыгожую пані… Гэта не грубы тупы самец, філасофія якога грунтуецца на прымітыўна-звярынай прымаўцы: “Як дзялы? Як у Польшчы. У каго большы (вы разумееце, аб чым ідзе гаворка.Аўтар) – той і пан”.
А ў Польшчы, а ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім было вось як… Перанясіцеся ў 15 ліпеня 1410 года. Станьце на калені. Схіліце галаву. Супакойце сэрца, што ад хвалявання бухае ў грудзях, хоць супакоіць яго можа толькі смерць.
Грунвальдскае поле… Грунвальдскія ўзгоркі… Грунвальдскае неба… Дзесяткі тысяч узброеных, закаваных у сталь і ярасць людзей. Іржанне коней. Зыкі труб. Палякі, літоўцы, беларусы, украінцы, рускія, татары, чэхі, немцы…Чаканне смяротнага бою. Трапятанне сцягоў. З аднаго боку – Белы арол і “Пагоня”. З другога боку крыжацкія сцягі – чорны крыж на белым полі, белая паласа на чырвоным полі, белы леў з жоўтай каронай, а пад ім чорны крыж…
Ты – дваццацігадовы драб-зброяносец з Торуня. Вакол цябе стаяць на каленях такія ж маладыя і нецярплівыя, як ты. Шуміць над схіленымі галовамі зялёны бярозавы гаёк…
Кароль Польшчы Уладыслаў–Ягайла лёгка ўдарыў цябе па плячы аголеным мячом, сказаў: ”Выцерпі гэты ўдар дзеля госпада Бога і святой Марыі, але болей нікому не даруй ніводнага ўдару” і падвязаў табе рыцарскі пояс. І – на каня! І ў бой! Ты – рыцар! Ты – шляхціц! Ты – пан! Толькі ад цябе залежыць зараз твой лёс! І ад Бога. А Бог любіць адважных.
О, як б’ецца ў вочы гарачы вецер Грунвальда. Ужо, напароўшыся на бязлітасныя вострыя коллі лоўчых ям, енчаць наперадзе ў дымнай імгле людзі і коні. Ты ляціш на кані. Ты – малады, моцны і нібы крылаты. Ты б’еш ворага ў чырвоны распараны твар сваёй светлай шабляй. Ты абараняеш сябе і Радзіму. І – наперад! Толькі наперад! Альбо пан – альбо прапаў.
Доўгая кропка
З усёй адказнасцю заяўляю, што беларускія паэты – самыя вясёлыя людзі ў свеце. Мала іх друкуюць, мала іх чытаюць, плоцяць ім мізэрныя ганарары (не толькі на гарэлку, нават на чай не хапае!), а яны жывуць, не пераводзяцца. І (запэўніваю вас) жыць будуць, бо такія яны ўжо мароза і засухаўстойлівыя стварэнні. Там, дзе выжывае адзін наш паэт, даўно б пайшлі ў камерцыю альбо ў дворнікі пяць (к прыкладу) французкіх паэтаў.
Неяк мой родны дзядзька Васіль Сцяпанавіч Дайнека, цвёрдакаменны інтэрнацыяналіст, сказаў мне:
– Лёня, а навошта ты пішаш? Ну, вершы свае, расказікі… Быў жа і ёсць Пушкін.
–
– А таму, дзядзька Васіль, я пішу, як вы правільна кажаце, свае расказікі, – адказаў я, – што пра Вашага бацьку, а майго дзеда Сцяпана Іванавіча Пушкін Аляксандр Сяргеевіч не напісаў ні слова, а я сачыніў цэлую паэму. “Ключ” называецца. Вы яе нават неяк чыталі.
–
Цвёрдакаменны інтэрнацыяналіст паглядзеў на мяне з нейкім здзіўленнем і падазронасцю.
Але што гэта я ўсё пра сябе ды пра свайго дзядзьку? Раскажу я лепш вам вясёлы выпадак з жыцця цудоўнага паэта, паэта, як у нас кажуць, ад баразны і жытнёвага поля, Антона Бялевіча. Самабытнейшы чалавек! З гумарам, з беларускай усёперамагальнай наіўнасцю.
Антон Пятровіч меў такую традыцыю – закончыўшы пісаць чарговы твор, ён ставіў “доўгую кропку”. Для тых, хто не здагадаўся, растлумачу. Ён некалькі дзён піў віно. Піў, трэба зазначыць, культурна, са смакам. І вось неяк падчас стаўлення гэтай самай славутай доўгай кропкі лёс прывёў Антона Пятровіча (О, гэты непрадказальны паэтычны лёс!) у мужчынскі туалет, што знаходзіцца ў скверы побач з тэатрам Янкі Купалы. Упэўнены, што мінчукі добра ведаюць гэту такую неабходную ў адпаведных жыццёвых калізіях установу.
У той час там у кабінах стаялі металічныя урны з даволі вострымі краямі. І які толькі Кулібін дадумаўся да такога? Антон Пятровіч (не забывайце, што паэт ставіў “доўгую кропку”) меў неасцярожнасць параніць аб урну (!) тое далікатнае месца чалавечага арганізму, на якім усе мы сядзім. Спалоханы творца адразу ж борздзенька нацягнуў штаны і рвануў на таксі дадому. Там (жонка ўжо, вядома ж, спала) пачаў ліхаманкава займацца самалячэннем – рваў газеты і, нагнуўшыся перад люстрам, што стаяла ў прыхожай, старанна заклейваў сваё траўмаванае далікатнае месца. Паспачуваем чалавеку. Чаго не бывае ў жыцці, асабліва ў творчым жыцці! Але развязка майго мінітвору – наперадзе.
Раніцой паэтава жонка (муза, пасія, як там яшчэ? ) выйшла са спальні і адтуль пачуўся здзіўлена-ярасны крык:
– Антон, а хто гэта старымі рванымі газетамі ўсё зеркала заклеіў?!
***
Спяваюць і таньчаць. І плешчуць у ладкі.
Пупкамі прыгожыя круцяць дзяўчаткі.
Махае вясёлаю палачкай Фінберг.
Усё як у казцы. Усё як у фільмах.
Усё звышэфектна і адмыслова.
Карціну, больш яркую, не намалюю.
Забыліся, праўда, пра дробязь малую –
Слова “базар” не славянскае слова.
***
“Май мужнасць прыняць Свет такім, які ён ёсць. Калі можаш нешта змяніць – мяняй; не можаш – прымірыся і пастарайся ацаніць тое, што маеш”. Біблія.
2. У пошуках сератаніну
***
Сератанін – гармон шчасця. Там, дзе яркае неба і сонца, дзе сіняе цёплае мора, дзе круглы год цвітуць кветкі, людзі знаходзяць сератанін. Вось чаму яшчэ ў другім стагоддзі новай эры ішлі готы з халоднай суровай Балтыкі да Чорнага мора. Вось чаму мільёны змучаных чэргамі і палітінфармацыямі савецкіх грамадзян хто з прафсаюзнай пуцёўкаю ў руках, хто “дзікуном” ірваліся ў Крым. І вось таму ж у маім сумбурным жыцці з’явіўся Кіпр…
Цудоўны край! Чароўныя дзянькі!
Ёсць мора тут! Хоць і не знойдзеш рэчку.
Гарачы самабытны востраў Кіпр.
Тут і вароны каркаюць па-грэцку.
***
“Я не навучыўся любіць Радзіму з заплюшчанымі вачыма”. Пётр Чаадаеў.
***
“Кожны знікае з жыцця з адчуваннем таго, што ён быццам толькі што нарадзіўся”. Эпікур.
***
У 453 годзе падчас вяселля з прыгажуняй Ільдыконай раптоўна памёр грозны правадыр гунаў Аціла. Адразу пасля вяселля ён планаваў ударыць сваімі полчышчамі па Візантыі, бо імператар Маркіян адмовіўся плаціць яму даніну.
А роўна праз 1000 гадоў ( у 1453 годзе ) рухнула, сыйшла з гістарычнай сцэны Візантыйская імперыя.
А роўна праз 1500 гадоў ( у 1953 годзе ) спусціў дух савецкі дыктатар Іосіф Сталін.
Бясконцы ланцуг дат! Але ў датах гэтых, у іхнім чаргаванні ёсць, калі задумацца, прыгледзецца, нейкая заканамернасць, нейкі злавесны рытм.
***
Барацьба ідэй ідзе не толькі ў друку, у парламентах, у электронных СМІ, але й на сценах дамоў, на платах…
Едучы на дачу, прачытаў на бялюткай сцяне тры вялізныя чорныя літары – РНЕ, г.зн., “Русское национальное единство». Праз два дні ехаў з дачы дадому і на той жа самай бялюткай сцяне ўбачыў дапіску да трох ранейшых літар. Нейчая рука вывела: РНЕ = нос у гаўне!
***
Аказваецца, аж 25 мільёнаў грамадзян Злучаных Штатаў Амерыкі дома размаўляюць не на англійскай мове.
***
Мае нядобразычліўцы ў друку называлі і называюць мяне “алкагольным баронам”. Што ж, няхай будзе так. Я, пакуль хапае сіл, не звярну з абранага шляху. Гэта – наследнае. Мой незабыўны бацька Марцін Сцяпанавіч часцяком гнаў самагонку то ў нашым садзе за хатаю, то ў лесе, хаваючыся ад міліцыі. Я, малы, заўсёды круціўся ля яго, дапамагаў, чым мог. Ужо тады я зразумеў, што ў нашых прыродных умовах, пры нашым менталітэце гарэлка – самы народны прадукт. І ніхто мяне не пераканае ў адваротным. Мой дэвіз: “ Пі. Яшчэ купі. Ведай сваю норму”. І ўсё. А калі крычаць пра шкоду алкаголя… Можна зарэзаць свінню, падсмажыць кавалак сала, з’есці яго і… памерці ад халецысцыту. Можна ўтапіцца ( не трэба акіяну) у чайнай лыжачцы(!) вады.
Нафта скончыцца, газ высмакчуць з нутра планеты, а гарэлка будзе заўсёды, пакуль пладаносіць, нараджае хлебны колас зямля, пакуль некаму хочацца паспяваць, а некаму хочацца паплакаць. Дык будзем!
***
– Надзёжа-князь, там на тваім двары нейкі просталюдзін стаіць, у твой церам просіцца.
– Просталюдзін? У мой церам? Зусім абарзеў народ. Хто такі?
– Кажа, Юрый.
– Я таксама Юрый. Юрый Даўгарукі.
– Ён – Юрый, але не князь. Мэр маскоўскі.
– Што за мэр?
– Не ведаю. Пэўна, тваё княскае брашно-багацце мерае.
– Ладна, пусці. Але пільнуй, каб не сцягнуў што-небудзь. Залатыя лыжкі схавай.
(У церам уваходзіць Юрый Лужкоў, здымае кепку).
– Чалом б’ю прасветламу князю. Народ, людзі праваслаўныя абралі мяне мэрам горада, які ты, слаўны князь, заснаваў.
– Гэта часам не твой прадзед уздоўж Масква-ракі мае лужкі абкошваў?
– Спытаю ў сваіх біёграфаў. А зараз, надзёжа-князь, я, мэр маскоўскі, і ўсе масквічы запрашаем цябе наведаць Белакаменную, ступіць княскай нагою на плошчу Чырвоную, убачыць вежу Спаскую, палюбавацца на сталічную прыгажосць. Дазволь даведацца, якая ў цябе світа? Ці хопіць для яе гарадскіх гатэляў?
– Світа ў мяне маленькая. Усяго тры тысячы баяраў. А першы мой баярын, начальнік маёй світы – Ленін.
– Ленін? Уладзімір Ільіч?!
– Так-так. Ён самы. У маўзалеі двайнік ляжыць. Твая Масква, мэр, за тое, што Валодзька пасля 206 гадоў піцерскага бясоўства зноў вярнуў ёй статус рускай сталіцы у 1918 годзе, павінна пылінкі здзьмуваць з ягонага маўзалея. Пылінкі. А вы надумалі Валодзьку за ногі выцягваць з маўзалея. Ды ён, пасля мяне, другі заснавальнік Масквы!
– Я не магу…
– Маўчаць! А то зараз гукну конюхаў і праверым якая ў мэра скура. Праз тры дні прыеду ў свой горад. Навядзі парадак. Усё падчысці, падфарбуй. Ты ўмееш. Вазьмі венік і асабіста ( чуеш? асабіста!) падмяці вакол маўзалея ўсе дарожкі. Праверу.
***
Праблема, а з ёй і бяда рускай літаратуры ў тым, што яна за апошнія дзесяцігоддзі з рускай ператварылася ў рускамоўную. Знік дух. Цёплае сонечнае святло замянілі яркім, але халодным месячным ззяннем.
***
Іхнія прозвішчы ў даведніку Саюзу пісьменнікаў Беларусі стаяць побач – Эдуард Скобелеў, Міхась Скобла… Першы – рускамоўны творца, другі – беларускамоўны. Адметныя тэмпераментныя людзі. У нечым антыподы, а ў нечым саюзнікі.
Мне думаецца, што й нашы народы, менталітэты нашых народаў, рускага і беларускага, нашы літаратуры гэтак сама падобныя і непадобныя як вышэй згаданыя імёны – Эдуард Скобелеў, Міхась Скобла.
***
Калісьці ўкраінскі гісторык Міхаіл Грушэўскі падзяліў свой народ на тры групы. Падзел гэты, вядома, адносны, умоўны, але ўсё-ткі... Атрымалася так: хахол, маларос, украінец. Хахламі вучоны лічыў тых, хто марыць толькі аб тым, каб набіць жывот галушкамі, есці сала з салам, а там – хоць Дніпро не цячы. Маларосамі, на ягоную думку, былі апантаныя ярыя прыхільнікі “единорусской нации». Да ўкраінцаў Грушэўскі адносіў “самасційнікаў”.
Паспрабуем і мы зрабіць нешта падобнае з нашым народам. Вось што выйшла: бульбаш, суралеб, беларус. Бульбашу на ўсё і ўся пляваць. Абы ціха. Абы ў чыгуне была бульба. Аднаго з такіх я сустрэў зусім нядаўна ў вобліку саўгаснага шафёра. “А па мне, – сказаў ён, – хай усю гэту Беларусь на дробныя кавалкі рэжуць, абы ў пятніцу далі зарплату”.
Каб зразумець значэнне слова “суралеб”, пачытайце яго наадварот. Гэта – класічныя перавёртышы. Яны на дух не прымаюць нічога беларускага. Ні акцэнту (пра мову і не заікайся!), ні нашай гісторыі, ні нашай песні. Бульбу яны абавязкова называюць “картошечкой”. Яны “чекають” і “рекають” у дзесяць разоў апетытней (так ім здаецца), чым масквічы. Яны русей самага рускага дзядзі Вані і быццам бы толькі ўчора вярнуліся з Кулікоўскай бітвы. Часам з-за такой хваравітай упёртасці іх хочацца пашкадаваць. Бедалагі, яны так хочуць запісацца ў вялікаросы, а ўсё чамусьці не атрымліваецца.
Беларусы (іх няшмат, але яны ёсць) чулі пра Вялікае Княства Літоўскае, часам чытаюць кніжкі Караткевіча, у застоллі, недзе пасля трэцяй чаркі, спяваюць “Касіў Ясь канюшыну”. Усё яшчэ “арганізоўваюцца” ў народ.
***
А ці заўважылі вы, што ў назве мірнай мінскай рачулкі Свіслач чытаецца назва другой ракі – Вісла, той, на якой стаіць Варшава? Дарэчы, па Беларусі цякуць дзве Свіслачы, бо яшчэ адна такая назва маецца ў Гродзенскай вобласці. Аб чым гэта гаворыць? Гэта гаворыць аб тым, што нашы продкі (частка нашых продкаў) прыйшлі на сваё сённяшняе месцажыхарства з Захаду. Калі б было наадварот, калі б яны ішлі з Усходу, то замест Свіслачы мы, з вялікай вераемнасцю, мелі б назву – Сволгач.
Улоўліваеце розніцу?
***
Рухомы пластычны свет… Нямецкамоўны вясковы аўстрыец Арнольд Шварцнегер спачатку зрабіўся галівудскім Тэрмінатарам, а нядаўна стаў англамоўным губернатарам буйнейшага амерыканскага штату Каліфорнія. І ўсё, у прынцыпе, нармальна, усё – заканамерна.
***
Да царыцы Клеапатры, грачанкі па паходжанні, правіцелі Егіпта цэлых 500 гадоў (!) гаварылі з егіпецкім народам не на ягонай роднай мове.
***
З надыходам новага Міленіума, з пачаткам трэцяга тысячагоддзя нас, беларусаў, павіншавалі на нашай роднай мове. Зрабіў гэта ў прамым эфіры рымскі папа Іаан Павел Другі. Паміж дзесяткаў іншых моў наша мова прагучала прыгожа і годна па ўсім свеце.
Дык вышэй галаву, сябры! Бог ведае нас. Бог помніць нас і гаворыць з намі па-беларуску.
***
Што застаецца нам пасля жыцця, у час перадсмяротнай агоніі? Сціснутае ў кулаку паветра. І ўсё.
***
Калі мае разлікі не падводзяць мяне, то Фідэль Кастра кіруе Кубай ужо 44 (!) гады. Як увайшоў са сваімі “барбудас” у Гавану ў студзені 1959 года, дык і пасёння сядзіць там. Хто ён? Цар? Дыктатар? Камуністычны правадыр? Бацька народу? Улюбёнец жанчын? Хто ён? Няма адказу… Ягоная барада сівее, але ён перыядычна яе падфарбоўвае. І гаворыць, гаворыць… На мільённых (!) мітынгах, на сустрэчах з працоўнымі. Па некалькі гадзін запар.
Цікава, аб чым можна гаварыць 44 гады (не спыняючыся), калі народ краіны, якой ты кіруеш, атрымлівае прадукты па картках?
***
Не хвалюйцеся, спадары-аўтары. Нас чытаюць!
Асабіста я пры любым раскладзе паліграфічна-палітычна-эканамічных пературбацый стопрацэнтна ўпэўнены, што ў мяне (як мінімум!) маюцца два стабільныя нязломныя чытачы – я і мая жонка. А ў нашай беларускай сітуацыі гэта ўжо павышаны масавы тыраж!
***
Коні баяцца вярблюдаў, не вытрымліваюць іхняй лабавой атакі і зварочваюць. Гэта, дарэчы, адна з прычынаў перамаганосных войнаў ісламу ў першыя дзесяцігоддзі ягонага існавання.
Калі конь у час бою, спалохаўшыся, скідваў свайго гаспадара, каню адсякалі ногі па калені на тым самым месцы, на месцы падзення. Коні, як і людзі, вучыліся гераізму…
***
Каб аддзячыць богу, які жыве пад зямлёй, за сваё даўгалецце, жонка персідскага цара Ксеркса Аместрыда загадала закапаць жыўцом у зямлю 14 сыноў самых вядомых персідскіх вяльможаў.
***
У сівой старажытнасці лёсамі людзей кіравалі ксерксы. Сёння намі кіруюць ксераксы.
***
Яшчэ й сёння помняцца мне прозвішчы камуністычных правадыроў. Слюнькоў… Шчарбіцкі… Гарбачоў…
Хіба ж маглі ( прабачце) слюньцявыя, шчарбатыя і гарбатыя пабудаваць камунізм?
Парадаксізмы
· Нас мала, але мы ў лапцях.
· А хто там ідзе? А хто там ідзе? Рэвізоры.
· Не сячы сук, на якім павесішся.
· Пашкадаваў воўк кабылу, пакінуў капыты ды чэк.
· У сямі нянек дзіця без дыплому.
· Зязюля хваліць пеўня, а певень топча курыцу.
· Дзе нарадзіўся, там і аштрафавалі.
· Каб ты жыў на адну Нобелеўскую прэмію!
· Навучы дурня маліцца, дык ён атэістам зробіцца.
· Пралетарыі ўсіх краін, пахмяляйцеся!
***
У шматвекавой духоўнай гісторыі чалавецтва я адкрыў Сістэму Трох “Г”. Як пачалі людзі з міфаў (ГАМЕР), дык і сёння жывуць міфамі (ГАЛІВУД) і, прабачце за самаўпэўненасць, – ГЕРАДОЦІНКАМІ. Вось такая яна – мая сістэма ГГГ!
***
Назоў горада Мір, таго самага, дзе ўзвышаецца славуты Мірскі замак, паходзіць ад цюркскага слова “эмір”. Так называліся ваеначальнікі крымскіх татараў. У 16-ым стагоддзі яны перайшлі на службу да вялікіх літоўскіх князёў і разам з нашымі продкамі ліцвінамі ваявалі ў гэтых мясцінах супраць крыжакоў.
Стаю белым зімовым днём у чырвонацаглянай суровай вежы Мірскага замка, гляджу праз вузкую амбразуру акна ўдалячынь, і чуюцца мне ў віхурыстай срэбнадымнай снежнасці беларускага поля крыкі вояў, іржанне коней, гарачае гудзенне татарскай крылатай стралы… І на чорным стэпавым кані, узвіўшы над галавой крывую вострую шаблю, імчыць насустрач крыжацкаму войску адважны прыгожы эмір. Вось сутыкнуліся, са сталёвым хрустам урэзаліся адна ў адну дзве людскія лавіны, і закіпеў бой… І смерць шмат каго пацалавала ў самыя вусны. І вось упаў з чорнага каня на чырвоны снег той вершнік з крывой бязлітаснай шабляй. Нешта паспеў шапнуць… Пакацілася галава. Бывай, чарнавокі эмір. Няхай свецяць табе ціхія зоркі тваёй новай айчыны. Няхай свішча вецер…
Эмір… Эмір… Мір…
Шыльдачка
У вялізным шумным горадзе на маленькай ціхай вуліцы жыла шыльдачка. Калі быць больш дакладным, то яна вісела на шэрай ад пылу і дыму сцяне двухпавярховага будыначка. Зімой шыльдачку замятаў снег, вясной і ўвосень абліваў дождж. Адно адзінае слова было напісана на шыльдачцы – “КРАМА“.
Але малютка не дужа каб сумавала, бо побач і далей у горадзе (яна ведала) вісела шмат самых розных шыльдаў. Яны былі яркія, прыгожыя, зіхоткія! У іх люстравалася сонца, а ўначы, калі неба не засланялі хмары, іх асвятляў таямнічым святлом блакітны месячны прамень. Ён і да шыльдачкі завітваў у госці, і яны сябравалі.
Кацілася кіпела жыццё. Працавалі офісы, канторы, установы… Мяняліся іхнія гаспадары.
Але аднойчы як бы нейкі ўраган праляцеў па горадзе – гаспадары пачалі чамусьці спехам абнаўляць свае шыльды і шыльдачкі. Зазвінела, пасыпалася шкло…
А пра нашу маленькую шыльдачку забыліся. А, можа, ейны гаспадар, малады барадаты хлопец, не пажадаў нічога мяняць?
Ды з цягам часу ганарыстыя суседкі пачалі пакепліваць з шыльдачкі:
– Ты не нашага роду-племені. Твая мова непадобная на нашу. Ха-ха-ха!
І пакрыўджаная шыльдачка горка заплакала. Добра, што ў той дзень церусіў дожджык і гарадскія чыноўнікі не заўважылі слёз, а то не здабраваць бы малютцы.
А ноччу прыляцеў з нябёсаў блакітны месячны прамень, клапатліва спытаў:
– Чаго ты плачаш, шыльдачка?
– Я не такая, як усе.
– Гэта яны не такія, як ты. Хочаш, я ўначы буду перапісваць шыльды на колішнюю мову, на тваю мову? Я ўмею гэта рабіць.
– Хачу, хачу, – радасна згадзілася шыльдачка.
І кожную ноч блакітны месячны прамень лётаў па горадзе, па сценах, па шыльдах… І на маленькай ціхай вуліцы аж да самага рання шчасліва ўсміхалася шыльдачка і ззяла ярчэй за ўсіх.
Ды вы, напэўна, бачылі яе.
***
“Цягне мяне, цягне мяне на край!” – натхнёна спявае адзін з нашых музычных гуртоў. Глыбокія дакладныя словы. Сапраўды, не ведаю, як іншых, а мяне, а нас, творцаў, прынамсі, частку з нас, “цягне на край”. Што гэта? Наканаванасць? Дурнота? Сапсаваныя гены? Не маю адказу.
На краю небяспечна, няўтульна, боязна, але – “цягне на край!”
***
Рашаючы пасылаць або не пасылаць выклік Дантэсу на дуэль, Пушкін, як успамінае сведка таму Уладзімір Даль, то сядзеў, абшчаперыўшы галаву рукамі, то бег пад рукамыйнік і абліваў-студзіў галаву ледзяной вадою.
Апошнімі перадсмяротнымі словамі яго былі, як успамінае той жа Даль: “Кончена жизнь… Тяжело дышать… Давит…».
А перад гэтым ён, церпячы дзікі боль ад жорсткай раны, у найвялікшай скрусе вымавіў-выдыхнуў: «Тоска… Тоска…».
Не хацелася, ох, як не хацелася заўчасна паміраць яму, такому таленавіта-жыццялюбнаму і такому яшчэ маладому.
***
“Калі вы йдзяце ў накірунку да Бога, вы ўжо прыйшлі да яго”. Паскаль.
***
Жывёлы не ведаюць аргазму. Іхнімі палавымі паводзінамі кіруе інстынкт падаўжэння роду. Аргазм – адчуванне культурна-сацыяльнае, не ўласцівае жывёлам. Прынамсі, так мяркуюць вучоныя.
Сапраўдны аргазм кароткі, як успышка маланкі… Людзі, некаторыя з людзей, хочуць падоўжыць яго наркотыкамі, але ў фінале гэтай іскрыстай яркасонечнай сцяжынкі – пакуты і чорная смерць.
***
А ці задумваліся вы над тым, што ўсе мы жывем (нараджаемся, ядзім, кахаемся, спім) на… магіле, бо Зямля – агульная магіла ўсіх без выключэння істот?
***
На дне рэчкі, што густа і назаўсёды зарасла дрымотным вільготным густатраўем, ляжыць Стод, вялізны грубы ідал, высечаны з чырвонага пясчаніку. Стоду за тысячу гадоў. У гэту сонную рэчку прывалок яго калісьці сівабароды худабокі старац Няўзор, калі ўцякаў ад дружыны менскага князя. Дружына ляцела за старцам на борздкіх гарачых конях, з вострымі дзідамі і шалёным сабачым брэхам. Ужо смерць халадзіла старцу Няўзору патыліцу, і ён, напружыўшы апошнія кволыя сілы, шыбнуў цяжкога ідала ў лугавую рэчку, а сам, кругляючы, як заяц, пабег да недалёкай пушчы. На самым ускрайку пушчы яго стапталі коні. А Стод, узвіўшы срэбны ланцужок паветраных пухіроў, лёг на дно, схаваўся ад людскога вока...
Ляжыць, дрэмле пад цёмна-рудай рачной вадою Стод. Стагоддзі плывуць над ім. Ляжыць ён угору тварам, твар даўно зацягнула ліпкім глеем, і толькі тырчыць з мяккай слізкай глеевай кашы нос. Аднойчы, гадоў мо сотню назад, прайшоў тут з таптухаю хлапчук – лавіў уюноў, ды наступіў босай пяткай на Стодаў нос і з енкам выскачыў на бераг.
Цякуць стагоддзі. Ляжыць уверх вачамі Стод. І бачыць толькі тое, што праплывае над ім – зоркі, месяц, хмары, сонца, стракоз, вераб’ёў і ластавак, незразумелыя яму, сыну дзесятага веку, самалёты.
Ляжыць на самым дне Стод, маўклівы ідал. То зорнае неба вісіць над ім, то скарынка зімовага цьмяна-срэбнага лёду. І чорны вусаты рак ходзіць да яго ў госці.
“Што дзеецца зараз на Зямлі? – думае Стод, – Якія жывуць там людзі? Устаць бы... Але навекі засмактаў агідны глей...”
Саракатрохгадовы трактарыст Іван Пракапёнак ездзіў на сваім “Беларусу” па лужку ўздоўж рэчкі, касіў траву. Учора да цёмнага піў ён віно і самагонку з суседам Сяргеем Чарняком, і сёння злёгку гудзела ў галаве. Непадалёку ад рэчкі трактарок чмыхнуў, вільнуў коламі і спыніўся, змоўк...
Амаль з гадзіну ўвіхаўся Іван каля сваёй металічнай ламачыны, перапэцкаў мазутаю рукі і твар, ды ўсё дарэмна. Давядзецца ісці ў вёску, шукаць механіка Андрэя Дзегцяронка.
Іван плюнуў, увайшоў у ваду, каб абмыцца.
“Мо ўжо чорналікія людзі завалодалі Зямлёю? – думае Стод, напружана ўзіраючыся ў брудны трактарыстаў твар, – Але хто б ты не быў, нахіліся, нахіліся нада мною, убач мяне, вызвалі з халоднага мёртвага глею, дастань са дна, пастаў на беразе тваёй рэчкі, бо твае ж прадзеды маліліся калісьці мне.”
Пракапёнак матнуў галавою, як спуджаны конь. Падалося раптам яму, што нечыя вочы пазіраюць з цёмнага рачнога дна, нейкія бураўчыкі наскрозь прасвідроўваюць душу. “Перабраў учора з Чарняком. Трэба завязваць з гарэлкаю”, – паныла скумекаў трактарыст.
“Нахіліся нада мною, – моліць Стод, – Глыбей апусці ў рэчку руку. Усяго ж нейкія паўсажня вады аддзяляюць нас. Намацай, знайдзі мяне”.
Івану расхацелася мыцца. Ён хуценька выбег на бераг, махнуў рукою на трактар і жвава пашыбаваў у вёску да Сяргея Чарняка.
Цячэ над лясамі і лугамі ноч. Такою яна была і да Хрышчэння Русі, цёмнаю, таямніча-журботнаю. Нябесныя зоркі люструюцца ў вадзе. На рачным дне маўклівай рыбінай ляжыць, не спіць Стод.
***
Смялей стварайце свае радаслоўныя! Актыўней садзіце генеалагічнае дрэва! Я, напрыклад, і ўвесь мой род – прамыя нашчадкі спартанскага воя – гапліта Дыянека. Перад самым пачаткам славутай Марафонскай бітвы нейкі чалавек з поліса Трахіна, палохаючы спартанцаў, казаў: “Калі персы выпусцяць з лукаў усе свае стрэлы, то адбудзецца зацьменне сонца.” На такія словы наш продак Дыянек бадзёра ўсклікнуў: “Сябра з Трахіна прынёс цудоўную вестку! Калі персы зацемняць сонца, можна будзе біцца ў цяні!”
Адважны жыццярадасны Дыянек, ад цябе пайшлі ўсе Дайнекі! Наш родавы герб – кап’ё, пакладзенае на залаты кубак з віном. Наш дэвіз: “Захоўвай, Дайнека, славу Дыянека!”
P. S. Улічваючы, што Марафонская бітва адбылася ў 490-ым годзе да новай эры, мы, Дайнекі, Дайнекі – Марафонскія, старэй Рурыкавічаў і Раманавых, а таксама Радзівілаў, Патоцкіх, Ліпскіх і г.д. У 1259 годзе сам Міндоўг аддаў нам на вечнае валоданне Дайноўскае княства, што ляжыць між Нёманам і Віліяй. Наш родавы рыцарскі замак знаходзіцца ў горадзе Данецку, які па дамоўленасці з прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і Вярхоўнай Радай, з 2003-га году называецца Дайнецк.
Яшчэ адно P. S. (Прабачце за шматслоўе!). У студзені 2004 году на востраве Кіпр у падзямеллі рыцарскага замка Калосі мне ўдалося адкапаць старадаўні піфас (бронзавы збан), у якім я знайшоў пергамен, напісаны ўласнай рукою Дыянека і ягоных сыноў і ўнукаў. Пергамен цудоўна захаваўся! Сачыце за новымі “Герадоцінкамі”! У бліжэйшы час я пачну друкаваць там шчасліва знойдзеную “ Дайнекіяду”.
Леанід Дайнека-Марафонскі
***
Нам пастаянна ўнушалі (і сёння ўнушаюць!): “Ах, які Напалеон бяка! Які ён крыважэрны захопнік, узурпатар, бандыт з вялікай дарогі і г.д.” А гэты самы Напалеон у 1807 годзе скасаваў у Польшчы прыгон. А гэты самы Напалеон у 1812 годзе стварыў у Вільні Часовы Урад Вялікага Княства Літоўскага.
Як гром, пранёсся ён па Еўропе, разбудзіў народы. Так, ён зрабіўся імператарам, але гэта быў Імператар Новага Часу. Са сваёй галавакружнай вышыні ён казаў кожнаму салдату і кожнаму просталюдзіну:
– Франсуа, Ян, Іван, ты таксама можаш стаць такім, як я.
***
Аказваецца, Адам Міцкевіч, польскамоўны сын Беларусі, жыў усяго за нейкую сотню крокаў ад легендарных руінаў замка Міндоўга ў Навагрудку. У гэтым я пераканаўся, пабываўшы ў Доме-музеі паэта, дагледжаным, чыстым і прыгожым. Зараз сюды, сказалі мне супрацоўнікі музею, ужо няма той шырокай шматлюднай плыні наведвальнікаў, як раней – не той час. Але музей жыве і рады кожнаму новаму госцю.
Маленькі Адам, ідучы ў гімназію або ў касцёл, адчуваў, не мог не адчуваць на сабе, пільны позірк старога разбуранага замка. Адам, вядома ж, не аднойчы блукаў па руінах, дакранаўся рукамі да велізарных валуноў, да сцен... Адсюль – ягоныя шчымлівыя рамантычныя балады і паэмы.
Яму не пашанцавала. Ён нарадзіўся ў 1798 годзе, а за тры гады да гэтага канчаткова сканала ягоная Радзіма, Рэч Паспалітая, падзеленая агрэсіўнымі суседзямі ў трэці раз. Усё жыццё, да самай сваёй смерці ў Канстанцінопалі ў 1855 годзе, ён марыў аб адраджэнні Польшчы, ён змагаўся за гэта. І не дажыў да таго светлага дня. Польскі Фенікс зноў узвіў свае крылы толькі ў 1918 годзе.
Удумаемся ў такі факт – цэлых 123 гады, чатыры чалавечыя пакаленні (!) – Польшча не існавала, як самастойная “непадлеглая” дзяржава. Але жыў польскі дух, жыла польская вера і польская мова. У самым сэрцы Польшчы, у Варшаве, актыўна наступальна працавалі рускамоўныя школы. Не было шыльдаў па-польску, мала было кніжак і газет. Але чатыры чалавечыя пакаленні (!) народ чакаў, верыў, спадзяваўся. І верыць, і змагацца дапамагаў яму Адам Міцкевіч.
О ты, заступніца Прачыстая над намі,
Вярні ты нас усіх з выгнання!
З’яві свой цуд, каб зноў сустрэцца з родным краем,
Дазволь душы маёй , ахопленай адчаем,
Пераляцець туды, дзе поясам блакіту
Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты...
Так пісаў ён у “Пане Тадэвушы”. Ён, наш адназямелец, вучыць цярпенню і веры і нас. І мы ідзем яго дарогаю.
***
Ну як я, Лявон Дайнека, магу быць не беларусам па духу, калі з маёй роднай Клічаўшчыны выйшлі два вялікія беларусы – Ігнат Грынявіцкі і Аркадзь Смоліч? Першы нарадзіўся ў фальварку Басін і, помсцячы за кроў паўстанцаў 1863 года, за смерць Каліноўскага, выбухам бомбы забіў 1 сакавіка 1881 года расійскага імператара Аляксандра Другога. Другі нарадзіўся ў вёсцы Бацэвічы, напісаў “Геаграфію Беларусі”, быў камісарам адукацыі ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, загінуў у сталінскіх лагерах. У Бацэвічах жыла мая цётка Агапа Белакурская, трактарыстам, а потым кавалём рабіў у маёй роднай Змітраўцы басінскі хлопец Мікола Фясько.
Ну як я магу быць інакшым?
***
З 1067 году (першае ўпамінанне ў летапісах) да 1792 году ( другі падзел Рэчы Паспалітай), цэлых 725 (!) гадоў, Менеск-Менск-Мінск жыў, працаваў, будаваўся, жаніўся, вучыўся, хрысціўся, хаваў сваіх памерлых і г.д. за межамі Маскоўскай дзяржавы, за межамі Расійскай імперыі. І ўсё было, як у людзей – нараджаліся дзеці, выбіралася мясцовая ўлада, жыла ў пісаных законах, гучала на вуліцах і ў сядзібах мясцовая мова, зазывалі людзей касцёлы, цэрквы, сінагогі і мячэці, ваявала з ворагамі дзяржавы войска. І маёвай ноччу над сіняй Свіслаччу цалаваў хлопец дзяўчыну.
Піла
Ты з дрэваў сок жыцця піла,
Піла.
Абрушвала сталёвы гнеў
На трапяткую мяккасць дрэў.
Ты лютым катам дрэў была,
Піла.
Ды вось вясёлы мужычок
Узяў цябе, узяў смычок
І паміж нашых шэрых спраў –
Зайграў!
О, вызвалення час святы!
Спяваеш ты. І плачаш ты.
І гэты чысты боскі гук,
І ўсхваляваных сэрцаў стук
Прэч адганяюць зло тваё,
Бо пяць хвілін за ўсё жыццё
Ты скрыпкай (скрыпкай!) пражыла,
Піла.
3. Галактыка галюцынацый
Мы жывем у Галактыцы галюцынацый.
... Магутны залатаскуры дыскабол падціснуў на ілбе густыя чорныя валасы скураным раменьчыкам, узяў у шырокую смуглую пяцярню правай рукі–дзясніцы адпаліраваны каменны дыск, прысеў, шырока размахнуўся, адначасова рэзка крутнуўшыся на правай пятцы, парывіста выкінуў усё сваё натрэніраванае цяжкое цела ўперад і шпурнуў–шыбнуў дыск. Загуло, засвістала паветра. Дыск паляцеў, як ядро з катапульты...
Мы жывем у Дыску, імя якому Млечны Шлях. Наша кропелька–планета Зямля знаходзіцца не ў цэнтры Дыска, а на ягонай ускраіне. Гляньце яснай летняй ноччу на неба. Велічная срэбная рака цячэ па ім. Гэта ўсё – зоркі, зоркі, зоркі... Цэлых 100 мільярдаў зорак! Аж дыханне займае. Бачачы Млечны Шлях, мы бачым сваю галактыку, яе, калі быць дакладным, рабро. Да Сонца ад нас – 150 мільёнаў кіламетраў. Прамень святла ( хуткасць ягоная – 300 тысяч кіламетраў у секунду) перасякае нашу галактыку за 100 тысяч гадоў. Да бліжэйшых ад нас галактык, Вялікага і Малога Магеланавых Воблакаў, якіх упершыню ўбачылі партугальскія маракі ў 16 стагоддзі, адпаведна – 165 і 200 тысяч светлавых гадоў. Лічбы гэтыя давяць на розум сваёй каласальнасцю, неадольнасцю, асабліва, калі памятаеш, што наша галактыка Млечны Шлях усяго толькі малюсенькая часцінка бязмежнага Сусвету. Як змірыцца з такімі лічбамі? Як жыць і як паміраць, калі ведаеш, што асабіста ты ніколі (!) не даляціш да Магеланавых Воблакаў?
Людзі, мы – кветкі, насенне якіх прынёс калісьці сонечны вецер з неабдымнага суровага Космасу і сыпануў на камяністыя раўніны і ўзгоркі дзікай маўклівай Зямлі. Як кветкі, мы заўсёды цягнемся да сонца, падстаўляючы яму свае твары. Як кветкі, цягнецца да сонца наш мозг, нездарма эвалюцыя зрабіла яго вышэйшай, самай бліжэйшай да Магеланавых Воблакаў (!) часткай чалавечага цела. Людзі, мы – кветкі. Ужо саспела наша насенне, ужо яно разрывае путы, запоры, цямніцы і хоча ляцець з Зямлі ў вечны блакіт. Там успыхваюць маланкі, там дыбяцца і цяжка абрушваюцца сонечныя пратуберанцы, там шчыльна і няўхільна, як чароды белых паўночных гусей, нясуцца метэарыты, там паміраюць і нараджаюцца зоркі, выбухаюць, робяцца зорным пылам таямнічыя планеты, там , як жахлівы ненаедны павук, паглынае, засмоктвае Чорная Дзірка ўсё жывое. Там ( я ўпэўнены ў гэтым!) жывуць і чакаюць нас нашы памерлыя бацькі і сябры. У белых адзежах, з яркімі вясновымі вянкамі на галовах, з усмешкамі на родных тварах стаяць яны на вяршынях узгоркаў, узняўшы рукі, і неадрыўна глядзяць у неба. О, якая гэта будзе Сустрэча!
Але дзе нашы касмічныя караблі? Дзе нашы зоркалёты? Як перамагчы і падмануць жорсткі сляпы Час?
Паляцім на мроялётах. На дырыжаблях, адлітых з галюцынацый і белых, як месячныя зіхоткія прамяні. І гэта не будзе падманам зроку альбо слыху. Гэта будзе магутным духоўным патрасеннем, што пераменіць нас, зробіць крылатымі, нібы воблакі і птушкі. Вырвемся з глыбіннага нутра Дыску, які калісьці кінуў у прастору космасу дыскабол па імені Бог.
На гэтым стаўлю кропку. Тэлебачанне перадае, што якраз у гэты самы момант амерыканскі марсаход “Spirit” узяў пробу мінералаў з марсіянскай скалы (!). 7 лютага 2004 года. Ад Зямлі да Марса каля 56 мільёнаў кіламетраў. Мы, людзі, даляцелі!
Метэарытных бур удары...
Каметаў вогненныя твары...
Густы клубок планетаў, нацый...
Галактыка галюцынацый...
***
Кабінет начальніка мінскага гарадскога гандлю. Начальнік, як і ўсе начальнікі – нервовы і незадаволены. Звоніць тэлефон. Нервова–незадаволены начальнік хмура бярэ слухаўку.
– Ало. Еўтуховіч слухае.
– Міхаіл Міхайлавіч! Міхаіл Міхайлавіч! – крычаць, аж захліпваюцца на супроцьлеглым баку проваду, – Толькі што перадалі па “Еўраньюс”! Амерыканскі “Spirit” узяў пробы марсіянскага грунту і...
– І што? – меланхалічна перапыняе крыкуна Еўтуховіч.
– На Марсе была вада! На Марсе была вада! Аналізы паказалі, што на Марсе была вада, і, значыць, там...
– І, значыць, там яе зараз няма! – аж падскоквае за сталом Еўтуховіч.
Вочы ягоныя ззяюць як у Галілео Галілея, які толькі што праз падзорную самаробную трубу ўбачыў чатыры спадарожнікі Юпітэра. Ён кідае слухаўку, хапае другую і крычыць у яе перамаганосным звонкім голасам:
– Францавіч! Канчай спаць! Дзесяць фур вады “Дарыда” – на Марс! І фуру “Вогненнай вады” фірмы “Белпі”!
***
– Вось ты, Лёня, кніжкі сачыняеш пра старадаўніх людзей, як быццам сам у той час жыў, – сказаў мне аднойчы вясёлы сінявокі муж маёй сястры Дзіны леспрамгасаўскі шафёр Іван Пракапёнак, – А чым тыя людзі, прабач, задніцу падціралі, калі паперы і газетаў не было? Летам можна каліва травы ўзяць, жменьку лісцяў адшчыкнуць. А зімой? Елка ж калючая, а снег халодны. Ці кожны з сабой трапачку насіў? Адкажы, грамацей.
Я задумаўся і, паверце, думаю да гэтага часу.
***
Першымі ў 1945 годзе “водрузили» чырвоны савецкі сцяг над берлінскім рэйхстагам Мелітон Кантарыя і Міхаіл Ягораў.
Роўна праз пяцьдзесят гадоў, адразу ж пасля майскага рэферэндуму, не дачакаўшыся нават адпаведнай пастановы дэпутатаў, першым сарваў з флагштоку Вярхоўнага Савету, пачаў раздзіраць на касмылі бел–чырвона–белы беларускі сцяг Іван Ціцянкоў “со товарищи”.
Гісторыя помніць усё...
***
Таямніцу жалеза і жалезнай зброі адкрылі недзе за 2500 гадоў да нашай эры хеты (Малая Азія). І тысячу гадоў пад страхам смяротнай кары трымалі адкрыццё ў сакрэце.
Дарэчы, свае мячы і кінжалы старадаўнія цары спачатку рабілі-адкоўвалі з метэарытаў (!), якія падалі з нябёсаў. Ужо потым знайшлі руду. Вось чаму ў народа ўсталявалася цвёрдая вера, што ўлада цара зямнога – ад Бога. Бог жа з неба (!) скінуў цару грозны смертаносны метал.
***
Арабская мова – мова пяскоў, мова маўклівых задуменных, як пяскі, вандроўнікаў–бедуінаў. І раптам яна, не маючы ніводнага паэта ці празаіка, які б пісаў на ёй, робіць галавакружны скачок уперад, становіцца свяшчэннай мовай Карану, раўняецца са славутымі бліскучымі грэцкай і лацінскай мовамі. За ўсё за гэта яна павінна нізка–нізка пакланіцца Магамету.
***
Жрацы старадаўніх народаў ( халдзееў, егіпцян, кельтаў, грэкаў, рымлян і г. д.), усе гэтыя аракулы, магі, друіды былі пасрэднікамі паміж людзьмі і небам, з зямлі, засеянай магіламі, скіроўвалі позіркі ў неба, засыпанае зоркамі. У іх было вельмі шмат абавязкаў і прывілеяў. Яны вясною “будзілі” Ніл, яны залатымі сярпамі зжыналі ў спелым пшанічным полі першы сноп. І яны ж з’яўляліся паядальнікамі ахвярнага мяса свяшчэнных жывёлаў. У сувязі з гэтай іхняй прэрэгатывай мяне не пакідае неадчэпная і даволі непрыемная думка – няўжо слова “жрэц” паходзіць ад прымітыўных словаў “жраць”, “жэрці” ?
***
“Камунізм, як сухі закон – ідэя добрая, але не працуе”. Уіл Роджарс.
***
“ Добра пашкрабі любога рускага – і знойдзеш татарына”. Напалеон.
***
“Тая ж зямля і той жа Бог у лесе і ў ложку...”. Леў Талстой.
***
“Не мы адчынілі беларускія дзверы і не нам іх зачыняць“. З перадуманага.
***
“Мая адзіная айчына – Мая пустынная душа”. Канстанцін Бальмонт.
Парадаксізмы
· Язык да клінікі давядзе.
· На злодзеі – пажарная каска.
· У гародзе бузіна, а ў Кіеве Кучма.
· Кожная сасна свайму бору пень пакідае.
· Не кажы “гоп”, пакуль не абралі ў дэпутаты.
· Не лезь паперадзе бацькі да палюбоўніцы.
· Заплаціў падаткі і спі на голай зямлі.
· Нязваны госць лепей, чым падатковы інспектар.
· Цягнуў воўк – пацягнулі паляўнічага.
· Бабская дарога ад печы да кухоннага камбайну.
· Босы бос.
· Худы сумаіст.
· Баскетбаліст–ліліпут.
· Трохгаловы арол.
· Лісічкі, сыраежкі і падпальмавікі.
***
Заўсёды думаў, што Юбілейная плошча ў Мінску (раён вуліцы Максіма Танка, дзе я жыву) названа так у гонар нейкага чарговага камуністычна–савецкага юбілею. Аж не. У 1825 годзе (!), святкуючы 1500–годзе (!) Нікейскага сабору, на якім канчаткова перамагло хрысціянства, мінская шляхта ўрачыста ўзвяла на гэтым самым месцы юбілейны помнік. Ён, як павялося ў нашай бяспамятнай дзяржаве, быў, вядома ж, знішчаны.
***
Паміж псеўданімаў Канстанціна Міцкевіча-Якуба Коласа ёсць і такі псеўданім – Адзінокі.
Як мне вядома гэткае адчуванне!
***
Прэзідэнт Украіны Леанід Кучма напісаў (і калі толькі дзеючыя палітыкі знаходзяць час на пісаніну?) і выдаў кніжку “Украіна не Расія”. Смелая назва. Галоўнай мэтаю сваёй кніжкі Леанід Данілавіч бачыць “абарону украінскасці ва украінцах”. Смелая мэта. У нас бы такое не прайшло. У нас, калі быць шчырым, абаронцамі “беларускасці” з’яўляюцца нашы беларускія пісьменнікі, частка мастакоў, журналістаў, гісторыкаў і музыкаў, Таварыства беларускай мовы Алега Трусава і каталіцкі касцёл. І ўсё. Палітычныя партыі я не бяру ў разлік, бо, па-першае, сам прынцыпова стаю па-за палітыкай, а, па-другое, гэта такое супер-балота, дзе сам д’ябал шыю скруціць.
***
Першым горадам у маім жыцці быў Каралевец–Кёнігсберг–Калінінград. Чаму – першым? Быў жа я праездам у Мінску, Вільнюсе і Клайпедзе. Але ў гэтым горадзе, які стаўся пачаткам маіх доўгіх вандраванняў па Сэ–Сэ–Сэ–Ру, я затрымаўся ажно на сто дзён...
У Калінінград я прыехаў 1 жніўня 1956 года з Клайпеды пасля няўдалай спробы паступіць у клайпедскую мараходку. Быў спякотны дзень. Паміж чырвонацагляных руінаў бегалі паўголыя загарэлыя хлапчукі. Дзень-другі я аціраўся каля чыгуначнага вакзалу, дрэмлючы ноччу ў нейкай глыбознай яме. Напэўна, гэта была варонка ад бомбы. Потым у багажным аддзяленні вакзалу мне сустрэлася зямлячка, Марыя Сасноўская са станцыі Несята, і павяла мяне (трамваі і аўтобусы не хадзілі) да маёй сястры Нюры, якая вучылася на прадаўца і здымала кватэру ў Балтыйскім раёне. Да сустрэчы з Марыяй я паспеў адправіць сваім бацькам у Змітраўку настальгічны ліст. Гэтыя дзень-два ў мёртвым разбомбленым горадзе, у ванючай яме паміж зашмальцаванага падазронага люду (сёння я назваў бы іх бамжамі) мне было так востра-адзінока! Там, каля дымнага кёнігсбергскага вакзалу, парвалася нітка, што яднала мяне з маім дзяцінствам, парвалася назаўсёды.
Нюра з самай раніцы ішла на вучобу. Маёй задачай было, адстаяўшы ў даўжэзнай чарзе купіць літр малака (парожні літровы слоік я прыносіў з сабою), і чакаць яе дома. І, крый божа, не швэндацца па разбітых вуліцах, бо Калінінград поўніўся чуткамі, што ў падзямеллях, ды й проста ў бясконцых руінах (1956 год! 11 гадоў пасля заканчэння вайны!) хаваюцца нямецкія афіцэры-эсэсаўцы з аўчаркамі. “ Яны жывуць там”, – шэптам казала нам Марыя Сасноўская, калі ўвечары на цеснай куханьцы мы пілі малако з чорным хлебам. “У іх цэлыя склады мясных кансерваў і шакаладу. Я хаджу, дакладней, бегаю на працу праз руіны, бо дужа ж баюся, і не адзін раз чула як пад зямлёй гаўкаюць сабакі. Аднойчы нават дымок бачыла з-пад зямлі”. Мы змаўкалі і спалохана глядзелі на чорныя вечаровыя вокны.
Прынёсшы дадому традыцыйны літр малака, я , вядома ж, “швэндаўся па вуліцах”. Учарашні вясковы беларускі хлапчук, я адкрываў для сябе мой першы горад, прыгожы горад, еўрапейскі горад, горад рыцараў, філосафаў, залатарукіх будаўнікоў, адважных маракоў і нястомных купцоў. Я хадзіў, блукаў па руінах, пералазіў жахлівыя завалы з патрушчанай чырвонай цэглы, бачыў разбураныя кірхі-цэрквы, калісьці акуратныя, засыпаныя чорным попелам, дворыкі... Я стаяў у гіганцкім знявечаным саборы ля магілы Імануіла Канта. Па верхняй накрыўцы прыгожага старадаўняга саркафагу бегла пачварная хвалістая трэшчына. Сасноўская казала, што магілу ўскрывалі афіцэры Чырвонай Арміі. Што шукалі афіцэры ў магіле філосафа? Ідэі? Золата?
З тых незваротных і незабыўных дзён я палюбіў готыку, я палюбіў цёмначырвоную цэглу. З тых дзён (і да скону) я палюбіў Еўропу.
Хачу зазначыць, што я не проста так жыў у маёй вясёлай і цярплівай сястры (“сядзеў у Нюры на шыі” – як укалола мяне неяк маці). Я актыўна і пастаянна шукаў магчымасць пайсці ў мора. Туды, у мора, (радыстам на рыбацкім сейнеры) хадзіў мой старэйшы брат Алік, і я “звіхнуўся” морам. Яно (паралельна з дзяўчатамі-прыгажунямі юначых палюцыйных сноў) снілася мне тады штоноч. Я чакаў, што вось-вось з плавання вернецца судамеханік Геня Валадкевіч, наш змітраўскі сусед, і возьме мяне на свой карабель , і я (о, доўгачаканы цуд!) пайду ў “загранку”. Са змітраўскай школы мне прыслалі цудоўную характарыстыку, бо без яе, без палітычнай характарыстыкі (спецыяльна падкрэсліваю слова – “палітычнай”) мяне б далей калінінградскага вакзалу нікуды б не пусцілі. Такі быў час. Характарыстыку напісаў, заверыў і прыслаў на наш з Нюрай адрас завуч змітраўскай школы Іосіф Дзямідавіч Счыслёнак. Залаты чалавек! Скончыў жыццё ён трагічна – павесіўся. Прычым, (куды там галівудаўскія сюжэты!) павесіўся на вяроўцы, на якой незадоўга перад гэтым апускалі ў зямлю труну з маім родным дзядзькам Ёсіпам Дайнекам. Я яшчэ напішу пра гэты таямнічы выпадак, а тады...
– Геня Валадкевіч прыйшоў з плавання, з Джорджас-банкі! – урачыста аб’явіла дажджыстай вераснёўскай раніцай Марыя Сасноўская. І я пашыбаваў да Гені.
Хачу папярэдзіць сваіх магчымых чытачоў, што ў мора я так і не схадзіў, навекі застаўшыся “сухапутным пацуком”. Успамінаю ж я гэты далёка-незваротны дзень усяго дзеля адной-адзінай назвы – Стараканаўная. Такое было імя вуліцы, на якой жыў мой зямляк. Памятаецца, прачытаўшы гэту недарэчную назву на іржавай скрыўленай шыльдачцы, я, шаснаццацігадовы і рамантычны, адразу ж падумаў: “Няўжо нельга было прыдумаць іншае, больш прыгожае імя? Няўжо трэба было браць крывавым штурмам гэты прыгожы старадаўні горад, знішчаць яго, раўняць з зямлёй, каб урэшце-рэшт у самым цэнтры гэтага горада рыцараў, філосафаў і паэтаў, за нейкія сотні метраў ад магілы вялікага Канта, замяніць нямецкае імя вуліцы (я, вядома ж, не ведаў ранейшае імя гэтай штрасэ) на зневажальную грубую клікуху?”. І я адчуў (клянуся, я тады ж адчуў!), што не толькі Германія, але й Еўропа пакрыўджаныя. І я пакрыўджаны, я, які так любіў літаратуру, гісторыю, філасофію.
Усё лета тады ішлі дажджжы. І я хадзіў па мёртвым горадзе... Мне здавалася, што чырвонацагляныя руіны здзіўлена прыслухоўваюцца да рускай, новай, чужой мовы, не могуць зразумець, што адбылося. 690 гадоў тут жыла нямецкая мова і раптам прыйшлі чужынцы і прымушаюць гаварыць не па-нямецку.
Усё лета ішлі дажджы. І мне здавалася, што горад плача...
Кёнігсберг быў заснаваны ў 1255 годзе на землях прусаў-балтаў. 690 гадоў быў ён нямецкім горадам. З 1945 года – ён частка Расіі, дакладней, рускі востраў, Літвой і Беларуссю аддзелены ад метраполіі. Разгублена азіраецца ён па баках, не ведаючы, што чакае яго...
Я люблю гэты горад, горад майго юнацтва. Там і сёння жыве мая сястра Нюра. За некалькі кіламетраў ад яго ў рыбацкім пасёлку Светлым амаль на самым беразе мора – магіла майго брата Аліка. Парадокс чалавечых лёсаў – Алік ніколі не хацеў быць мараком, але стаў ім і ўсё жыццё хадзіў у мора, і пахаваны ля яго. Я ж трызніў морам, ды яно адвярнулася ад мяне.
Шумяць балтыйскія сосны над магілай Аліка... Шумяць дажджы... Спяваюць аб далёкіх марскіх дарогах.
Я стаю пад соснамі і ў галаве ў мяне неадчэпна круціцца верш:
Як ляжыш пад прускім небам, брат?
Што ты сніш у месцы невясёлым?
Помніш, як садзілі з бацькам сад
У далёкім годзе сорак сёмым?
Наш стары сад у Змітраўцы зноў расцвіў без нас...
Куды дзеўся народ?
Спадары этнографы, сацыёлагі, гісторыкі, эканамісты і г. д. Піша Вам Цімох Лебяда з вёскі Зялёная Парэчка, што пад Барысавам. Працую саўгасным фуражырам, маю жонку і двое дзетак. Дужа хвалюе мяне пытанне – куды знікаюць народы? Зніклі гуны, вандалы, рымляне... Але тое было дужа даўно, і, як кажа мая жонка Жана, няпраўда. Вы ўсё вельмі правільна тлумачыце ў сваіх вучоных кнігах, але, прабачце, нават Вы не заўважылі знікнення ўжо ў нашыя часы вялізнага народу, колькасцю гэтак пад 230 мільёнаў. Якога народу? Савецкага. Ужо ж даўнавата не нападалі на нас ні татара-манголы, ні французы. Вось падкінуў каровам сена і сяджу, ламаю галаву. Куды дзеўся народ? Народ жа не іголка. А, можа, спадары вучоныя, мае рацыю мая Жана? Яна ў школе тэхнічкай робіць і пазаўчора сказала, што быў у нас у мінулым стагоддзі правадыр Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Вось гэты самы Мікіта аб’явіў цэламу свету (ён, сказала Жана, дужа чамусьці кукурузу любіў): “Першым чалавекам на Месяцы будзе савецкі чалавек!“. Дык, можа, як гаворыць мая Жана, савецкі народ (Увесь! Да апошняга чалавечка!) і паляцеў на Месяц? Прашу тэрмінова адказаць. Можна – тэлеграмай.
***
Славуты Альберт Эйнштэйн, бацька тэорыі адноснасці, на запытанне германскага ўраду – куды б найлепей уладкаваць вучоных з карысцю для іх і для дзяржавы, адказаў, што самая лепшая праца для вучоных – быць наглядчыкамі маякоў (!). І грошы атрымліваюць за сваю службу, і застаецца маса вольнага часу для роздуму аб навуковых праблемах, прытым, у такім рамантычным месцы!
Што сказаць? Геній ёсць геній!
***
Пэўна, на тым свеце не ўсё так дрэнна, калі да гэтага часу ніхто адтуль не вяртаўся.
***
Акцыя “Рок супраць наркотыкаў” тое ж самае, што – “Пчолы супраць мёду”.
***
Вы чулі, каб нехта плаціў грошы за магчымасць паплакаць?
У 132–135 г.г. яўрэі ўзнялі чарговае яраснае паўстанне супраць Рымскай імперыі. На гэты раз у бітву іх вёў Бар-Кохба (Сын Зоркі). Ягоныя людзі знішчалі салдатаў праціўніка ўсюды: у гарадах і вёсках, на горных дарогах, у пустыні... Акружаныя рымлянамі, яны знікалі пад зямлёй, бо загадзя, рыхтуючыся да паўстання, навыкопвалі шматкіламетровыя падземныя хады.
І ўсё-ткі зноў перамагла Імперыя.
Іўдзея, Ідумея, Самарыя, Галілея былі заліты крывёю. Рымляне знішчылі Іерусалім, сцёрлі з твару зямлі Святы Храм. І толькі раз у год (у дзень узяцця Іерусаліма!) яны дазвалялі яўрэям паплакаць на руінах Храму, змазаць ялеем пасечаны камень, які значыў месца, дзе калісьці была Святая святых...
“У гэты дзень, – піша святы Іеранім, – ты мог бачыць панылы натоўп, народ самы нікчэмны. Лядашчыя жанчыны, старыя ў рызманах... Усе плачуць. Слёзы ліюцца у іх па шчоках. Але падыходзіць рымскі салдат і патрабуе плату за дазвол паплакаць яшчэ трошкі”.
Галоўнага яўрэйскага раві Акібу, які абвясціў Бар-Кохбу месіяй, падтрымаў стрэмя, калі той садзіўся на баявога каня, ўмацоўваў дух паўстанцаў кажучы: “Надыходзяць жахлівыя дні. Рыхтуйцеся да смерці“, рымляне аддалі на жорсткія пакуты. Яны здзіралі з яго скуру распаленымі на агні чырвонымі жалезнымі крукамі, а ён крычаў: “Іегова наш Бог!“, “Іегова Бог адзіны!”. Слова “адзіны “ ён цягнуў доўга-доўга, да апошняга свайго ўздыху...
***
Люблю шукаць падабенства ў словах з розных моў. Вось беларускае слова – ляда, г. зн., вызваленая ад густога лесу зямля, зямля, на якой можна сеяць. Вось англійскае слова – лэнд, г. зн., зямля, краіна. Вось беларускае слова – гладыш, г. зн., гліняная пасудзіна для малака. Раней думалася, што паходзіць яно ад слова “гладкі “ – гладкая гліна, гладкая паверхня... Але жывучы на Кіпры, сутыкнуўся з грэцкім словам “гала “, г. зн., малако. Плюс англійскае слова “дыш “, г.зн., блюда, і атрымліваецца – гладыш (!), гліняная пасудзіна для малака.
Беларускія ягады – “журавіны” па–англійску “cranberries“, г. зн., “жураўліныя ягады “(!). Вось так! Адным словам, усе мы – сваякі, усе мы – індаеўрапейцы!
Рэкамендацыя
За сваё жыццё я даў нямала пісьмовых рэкамендацый. Званілі самыя розныя людзі, прасілі: “Дайце рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, у Камуністычную партыю”. Даваў, нікому не адмаўляў. Прычым, даваў (так практыкавалася ў той час) у двух экземплярах.
Адну рэкамендацыю, не пісьмовую, а вусную, помню і дагэтуль. Патэлефанаваў мне Уладзімір Пракопавіч Някляеў, вядомейшы наш паэт, песеннік, рамантык і... проста прыгожы хлопец, улюбёнец многіх дзяўчат. Тады ён рабіў літкансультантам у камсамольскай газеце “Знамя юности“.
– Леанід Мартынавіч, – данеслася з тэлефоннай слухаўкі, – Парайце, на якой мове мне пісаць – на рускай ці на беларускай?
Пытанне, як кажуць, на засыпку. Для творчага чалавека, для нашага брата
“сачыніцеля“, асабліва, у нашых беларускіх славянскасцях, выбраць мову
важней, чым выбраць жонку. Прынамсі, я так лічу.
Задумаўся я тады, узяў паўзу. Што сказаць чалавеку? На якую амбразуру яго кінуць? Я ж не аракул. А раптам – памылюся, саб’ю паэта з творчага рытму?
– Пішы, Валодзя, па-беларуску, – сказаў я.
З таго дня праляцелі-прашумелі дзесяцігоддзі. Уладзімір Някляеў, выдатны паэт і празаік, напісаў мноства бліскучых твораў, кіраваў газетамі, часопісамі і Саюзам пісьменнікаў, сябраваў з уладамі і быў у апазіцыі, піў віно і кахаў жанчын... Я сёння не ведаю нават, дзе ён знаходзіцца. Але я ведаю, што Уладзімір Пракопавіч Някляеў піша на беларускай мове, Някляеў не клюнуў на пазалочаны кручок “нынешней реальности“. А нядаўна ў адной з газет я прачытаў ягоны роздумны тэмпераментны артыкул “Беларускі Бог не за гарамі “.
Малайчына, Вальдэмар.
***
Зноў не магу не ўстрымацца ад захаплення – якая дакладная, якая лаканічна-эканомная, якая “рэкламная” беларуская мова! Па тэлебачанні (у які ўжо раз!) круцяць рэкламу “Мінскгазу” : “Угарный газ смертельно опасен для здоровья… Угарный газ…“. Ды скажыце проста і рэзка : “Чад! Чад – смяртэльна небяспечны!“. Тры літары, усяго тры літары заместа дзесяці! Яна “карацей“ (правительство – урад, обьявление – аб’ява, заявление – заява , издевательство – здзек , движение – рух і г. д. і г. д.) , і, значыць, эканамічней рускай мовы. Колькасць знакаў, што ўмяшчаецца ў рускай мове на 1 друкаваным аркушы, зойме па-беларуску плошчу ўсяго каля 0, 94 друкаванага аркуша. Не, такая мова не памрэ. Вось таму мы, беларускія пісьменнікі, пісалі і будзем пісаць на ёй. І чытачоў у нас хопіць.
***
Усё жыццё ўсе мы вучымся. У сем’ях, у дзіцячых садках, у школах, у тэхнікумах ды інстытутах, у войску, на працы, на курсах, на курортах, у турмах і г.д. і г.д. А вось як навучалі ў палацінскай школе Алкуіна (Рым) сваіх вучняў у 790 годзе, 1214 гадоў таму (!). Вучні задавалі пытанне – Алкуін адказваў.
– Што такое літара? – Вартавы гісторыі.
– Што такое слова? – Здраднік душы.
– Хто нараджае слова? – Язык.
– Што такое язык? – Бізун паветра.
– Што такое паветра? – Захавальнік жыцця.
– Што такое жыццё? – Для шчаслівых радасць, для няшчасных гора, чаканне смерці.
– Што такое смерць? – Непазбежныя абставіны, невядомая дарога, плач для жывых, выкананне завяшчанняў, разбойнік для чалавека.
– Што такое чалавек? – Раб старасці, падарожнік, які праходзіць міма, госць у сваім доме.
– На што падобен чалавек? – На шар.
– Як размешчаны чалавек? – Як лампада на ветры.
– Як ён абкружаны? – Шасцю сценамі.
– Якімі? – Зверху, знізу, спераду, ззаду, зправа і злева.
– Колькі з ім адбываецца пераменаў? – Голад і насычэнне, спакой і праца, нядрэмнасць і сон.
– Што такое сон? – Воблік смерці.
– Што складае свабоду чалавека? – Невіноўнасць.
–
– Што такое галава? – Вяршыня цела.
– Што такое цела? – Жытло душы.
– Што такое валасы? – Адзенне галавы.
– Што такое барада? – Адрозненне полаў, пашанота пажылога ўзросту.
– Што такое мозг? – Захавальнік памяці.
– Што такое вочы? – Правадыры цела, умяшчальнікі святла, тлумачальнікі душы.
– Што такое ноздры? – Праваднікі паху.
– Што такое вушы? – Збіральнікі гукаў.
– Што такое лоб? – Воблік душы.
– Што такое рот? – Харчавальнік цела.
– Што такое зубы? – Жорны.
– Што такое сонца? – Ззянне шару, краса нябёсаў, шчасце прыроды, гонар дня, размеркавальнік гадзінаў.
– Што такое месяц? – Вока ночы, падавальнік расы, прадказальнік непагадзі.
– Што такое зоркі? – Пярэстасць неба, накіроўніцы мараходаў.
– Што такое дождж?– Зачацце зямлі, якое канчаецца нараджэннем пладоў.
– Што такое туман?– Ноч сярод дня, цяжар для вачэй.
– Што такое зямля? – Маці–парадзіха, карміліца жывых, келля жыцця, пажыральніца ўсяго.
– Што такое вада? – Падпора жыцця, амавенне нячыстототаў.
– Што такое снег? – Сухая вада.
– Што такое вясна? – Жывапісец зямлі (!).
Яшчэ раз хачу напомніць, што так думалі, так паэтычна гаварылі ажно 1214 гадоў таму назад.
***
Вы пытаеце – калі прыдзе Канец Свету? А ён жа прыходзіць (сотню тысяч разоў прыходзіць!) кожны дзень. Са смерцю кожнага жывога чалавека прыходзіць Канец Свету.
***
– Ведаеш, чый тэлефонны званок я хацеў бы пачуць зараз? – пытаецца паэт Аркадзь Галапупік у сваёй жонкі Клеапатры Сідараўны. Яны сядзяць на кухні і сумна п’юць халодную травяную гарбату. Да палучкі ў Клеапатры (Аркадзь Галапупік, як творчая асоба, прынцыпова нідзе не працуе) засталося пяць дзён. Кашалёк і халадзільнік – пустыя, як пасля набегу хана Мамая.
– Званок чытача? – пачынае адгадваць Клеапатра. Яна, як ні дзіўна, пасля дванаццаці гадоў сумеснага жыцця не расчаравалася ў мужы і нават у гутарках з сяброўкамі, нібы абмовіўшыся, называе яго – “ мой геній “.
– Не, – шумліва адсёрбвае гарбату Аркадзь.
– Чытачкі? Той, з віхлястым задам?
– Не.
– Крытыка Рыдлёўкіна?
– Не, Клеапатрачка, не, – моршчыцца Галапупік. Дванаццаць гадоў ён жыве з ёю (а жыць з такім лірычным паэтам, скажу я вам, подзвіг роўны подзвігу Жаны Д”Арк) і ўсё здзіўляецца – як даўмеліся рабацягі з Мінскага трактарнага даць сваёй дочачцы такое царскае імя?
– Ну, не ведаю, – капрызна моршчыць носік Клеапатра Сідараўна.
Галапупік цалуе яе ў шчочку.
– Я, дарагая Клеапатрачка, магу назваць імя гэтай высокашаноўнай асобы. О, гэтае імя! Рэдкае. Святое. Не наша.
Пры такіх словах Клеапатра нервова ўздрыгвае, чырванее, падазрона-заклапочана глядзіць на мужа.
– Не наша? Не славянскае, ты хочаш сказаць? З кім ты звязаўся, Аркаша?
Вось–вось з вялізных блакітных вачэй пральецца срэбны слёзны дожджык.
– Ды ты што, Клеапатра? – ставіць на стол кубак з гарбатай і моцна прыціскае жонку да грудзей лірычны паэт, – Аркадзь Галапупік не водзіцца з рознай там шушарай. А хачу я, каб мне пазваніў зараз сам Спонсар Мецэнатавіч Інвестарчук!
***
Ссушаны пастом стары худы манах, у жылах у якога цячэ ў |