БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

Ірэна Конці

Журналістка, паэтэса, перакладчыца італьянка Ірэна Конці свой час размяркоўвае між Сіцыліяй і Польшчай. На італьянскай мове пабачылі свет наступныя зборнікі яе паэзіі: "Бяздомнае полымя", "Людзі... Дрэвы... Птахі...". "Працягласць", "Не прыйду на спатканне" "Выбраныя вершы", "Чатыры пары года, спеў якіх доўжыцца". 
Вершы Ірэны Конці ва ўласным перакладзе на польскую мову друкаваліся ў літаратурна-мастацкіх часопісах і альманахах, а таксама выйшлі асобнаюю кнігай у варшаўскім выдавецтве "Чытэльнік". Паэтэса з"яўляецца складальнікам, рэдактарам і перакладчыкам некалькіх разнастайных анталогій польскай паэзіі, выдадзеных у Італіі; за сваю творчасць і дзейнасць у абсягу збліжэння італьянскай і польскай культур уганаравана шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі. Творы Ірэны Конці перакладзены на ангельскую, грэцкую, сербскую, чэшскую і ўкраінскую мовы. Апошнім часам паэтэса зацікавілася беларускім словам.

Ірэна Конці

ДЫК ШТО ТАКОЕ ПАЭЗІЯ

"Дык што такое паэзія?"—
пытаецца старая кабета, 
сівая і сагнутая папалам. 
Уласна гэта сцежка, пратаптаная
ад колеру да сівізны, 
ад плячэй разгорнутых 
да аселых пазванкоў,
ад калыхання сына
да калыхання ўнука, 
ад дня вяселля 
да дня пахавання.
Дык паэзія – гэта час, які прамінуў.

"Дык што такое паэзія?"—
пытаецца жанчына
з вялікім жыватом,
дзе малы жыхар
рупліва рыхтуецца да перасялення.

Гэта твае грудзі,
краіна, якою малако і мёд плывуць,
дык паэзія — гэта час,
які ёсць.

"Дык што такое паэзія?"—
пытаецца дзяўчына,
сягаючы вачыма зорак
у ноч, густую ад шэпту,
перад самым парогам спаўнення.
Дык паэзія — гэта час,
які надыйдзе.

Прамінула, ёсць, надыйдзе.
Надыйдзе, ёсць і прамінула.
Усюды ёсць і там...
дзе яе нібыта і няма.



***
І моры
і акеаны
і выспы
і кантыненты
ужо ўсе падзелены
або амаль усе
Застаемся ва ўсталяваных
межах
колер нашых штандараў
нязменны
ды і месца ў энцыклапедыі забяспечана
аж да наступнага... выдання
за межамі нашай зямлі
малыя войны але не нашыя 
адно нашыя войны вялікія 
толькі нашы жаўнеры гінуць 
толькі наш народ плача



МОЙ ТРЫ-АДЗІНЫ

Мой Бог — тры-адзіны, 
увесь з матэрыі і зямлі,
паветра
і вады.
Ад золку да ночы
праходжваецца ў заўсёдным
капялюшыку неба
з вузенькай стужкай гарызонту, 
прышпіленай да ягоных палёў, 
і менавіта на гэтай стужцы 
спатыкаюцца мае вочы.
Ягоную прысутнасць у гісторыі
мераю ростам дрэва 
моўкнасцю каменя 
і моваю чалавека.
Найперш, аднак,
да спадобы мне адсутнасць у Я г о прэтэнзій,
каб пашырыць абшары
свайго каралеўства
і тое, што не мае найменшай ахвоты
замяніць блакітны капялюшык
на вялікую чорную дзірку
без стужкі гарызонту
па краях.
Мяркую, што жахаюць Я г о
падарожжы ў космас без покрыва галавы, 
а таксама — тэрмаядзерная раўнавага,
адносна якой мае справядлівыя 
сумнівы і падазрэнні,
ці не пахісне яе вецер гісторыі 
з напрамкаў, цалкам непрадбачаных.
Пакуль Ё н трывае,
прытуляюся да зямлі,
паветра, 
вады
і ведаю, што будуць пры мне 
пад блакітным капялюшыкам неба
да апошняга погляду маіх вачэй, 
якія бачылі замала.



***
Я заўважыла
і не без моцнага прысмаку горычы,
што па меры таго, як трацім ваду,
бацька ЧАС і маці БІЯЛОГІЯ
пачынаюць трымаць сябе з намі
як няродныя, а ў найлепшым выпадку
сустракае нас з іх боку абыякавая 
незычлівасць, наэлектрызаваная
кепска прыхаванай нецярплівасцю.
У залежнасці ад напружання ў атмасферы 
гэтых двух нізкаэмацыянальных станаў
сціскаемся ў хутчэйшым або 
павальнейшым тэмпе і скура наша 
згортваецца ў тысячу дробных
маршчынак.
Можна з іх чытаць далёкія падарожжы, 
сцежкі выгарэлых страсцей,
народзіны, вяселлі, пахаванні.
Нашы маладыя браты і сёстры 
не заўсёды маюць ахвоту адольваць
гэтыя нязвыкла павучальныя 
падручнікі і, бадай, сетка тых дарог
абражае іх эстэтычныя пачуцці,
што ў іх поглядзе на нас можна лёгка
зразумець.

Бывае, што бацька ЧАС 
аказваецца не такім бязлітасным
і яму вядомымі спосабамі
намагаецца захоўваць нас даўжэй,
чымсьці гэта прадбачыць рыгарыстычны
каляндар кадыфікаваных
правоў прыроды, 
але маці БІЯЛОГІЯ
непадкупна пунктуальная
і дакладна прытрымліваецца 
граніц бацькоўскай любові
на гадзінніку, якога нельга
ні затрымаць, ні павярнуць назад.

Пэўнага дня надыходзіць гадзіна "0"
і ЧАС прайграе БІЯЛОГІІ,
і тады гэтыя нашы бацькі згодна
зачыняюць нас у праверанай
формуле праху, гэтай сыпкай труне
без века, з якой праз нейкі час
можна выбрацца цалкам
нераспазнавальнай постаццю.
I зноў трапіць пад як жа нетрывалыя
крылы тых самых кароткачасовых
апекуноў.



***
У маім горадзе
няма ні Пляца Перамогі,
ні Алеі Вызвалення.

Мой горад стары
увесь з вузкіх вулічак
разгрому.

Грамадзяне майго горада
прайгралі ўсе бітвы, 
нават выйтраныя, 
упісваючыся ананімна
у тоўстуіо кнігу ўспамінаў,
асуджаную, як і ўсё, на забыццё.


Тыя, што захаваліся некранутамі,
не будавалі Трыумфальных Арак —
толькі невялікія цвінтарыкі надзей
і па нядзелях з пакалення ў пакаленне
наведваюць сваіх дарагіх непрысутных.
Апошнім часам, аднак, нейкія
— дасюль не знойдзеныя — ліхадзеі
паразбівалі надмагільныя пліты
і ўжо невядома, што рабіць
з нядзелямі...



МЕДАЛІ

Калі паглядзець на іх пры святле,
гэта толькі зіхатлівыя кружкі металу
на выпнутых горда грудзях героя.
Калі ж услухацца,
гэта глухое пабразгванне
у рытм крокаў ардэнаносца —
сумная спадчына бітваў
або рэўматызму, які неслухам
апярэдзіў павагу ўганаравання.
Калі ж прыняць удзел ва урачыстасці сэрцам,
пачуюцца парадныя званы
спаленых святыняў мінулага,
якія аднолькава адзываюцца на перамогу
і на жалобу,
на перамогу
і на жалобу.



***
Часам
гадзіннік маёй памяці
спазняецца
часам спяшаецца
часам затрымліваецца

Цяжар стрэлак
прыпыняецца залішне доўга
на пэўных здарэннях
а іншыя пераскоквае
тым часам у паспешлівасці
не абмінае ніводнага
толькі абразае ўсіх да паловы

Гадзіннік маёй памяці
найлепш функцыянуе
спынены
калі яго ніхто не заводзіць
пакідае мне дванаццаць чорных
нязменных пунктаў
непатрэбныя мне
цік і так



***
Адзін жаўнер
не ёсць месцам
на мапе
памірае для маці
жонкі
дзяўчыны

Месцам на мапе
ёсць армія
перад мяжою
на мяжы
за мяжою
ад мяжы
да мяжы
пяхота птахаў
крок за крокам
крук за крукам
па палях
пасля бітваў



РУКІ

Толькі рукам давяраю тое
чаго словамі выказаць
не патраплю

Рукі — дзве жанчыны-маці
распальваюць агонь
крояць хлеб
і трымклівыя адкрываюць
лісты

Толькі рукам спавядаюся
кожным уздыхам
нічога не адымаючы
ад насычанасці

Рукі — дзве жанчына-каханкі
сасмаглыя птахі
над ракою заможнасці
перасоўваюцца яны няўпэўнена
уздоўж берагоў тваіх вуснаў
бездапаможна спатыкаюцца
перад адчыненай брамай
раю

Толькі рукам страх мой
даношу
у цэласці

Рукі — дзве жанчыны-дзяўчынкі
напалоханыя прытрымліваюць
твае рукі калі налятае
бура



***
"Зусім непатрэбна
пішаце такія тужлівыя вершы", –
сцвярджаюць надта занепакоеныя
і вельмі хацелі б яны пачуць
у меру вычарпальны адказ.
І я, непрыстойна ўсцешаная прызваннем паэта,
але вельмі невясёлая ў сваім пісанні,
магу адно толькі сказаць
ад свайго падвоенага імя.
Найперш — выбачайце —
з усмешкай зычлівай іроніі,
а потым ужо цалкам сур’ёзна.
Дык вось, паэзія не ёсць
дамаю на ўсякі выпадак
на ізаляванай ад свету выспе
ці вяселячым газам, 
сабраным у строфы верша.
Яе біяграфія паўтараецца
ад адрэзанай пупавіны
да глухога стуку века труны.
Нараджаецца з чалавекам
і памірае з чалавекам.
Ідзе за ім крок у крок
і насуперак усіхнім перакананням
ёсць менавіта прозаю штодзённасці,
што літаральна значыць:
Бабулька, якой сіл не стае самой
сесці ў трамвай,
кульгавы сабака, выкінуты з машыны
на першым прыпынку,
ненапісаны ліст,
знямелы тэлефон,
пустая талерка для адсутнага
не толькі на калядным стале,
ложак шпітальны на белай граніцы
пекла і раю,
марш штодзённы па даліне плачу
без белага кійка сляпога,
услухоўванне ў сэрца
дотыкам працягнутай далоні,
ласкавы позірк на другога,
смутак яго смуткам,
радасць яго радасцю,
кавалькаду аблокаў,
скіраваных да сонца,
калі ногі адрываюцца ад зямлі
і пачынаецца шлях
да вялікага кахання.

Дык можа варта і далей пісаць
непатрэбна сумныя
патрэбныя вершы.



***
Мае сённяшнія пытанні
страцілі даўнюю акругласць
ужо не стаўлю кропак над "і”

кіруюся
іншай арфаграфіяй
бяднейшай на знакі прыпынку
з якіх нічога не вынікае
акрамя доўгай паўзы
без званка на наступны ўрок

З польскай пераклала Галіна Тварановіч


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster