|
СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА І ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА
Уводзіны ў тэму
Алег Бембель
Менск-Полацк 1992
... Вы чулі, што сказана : "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго". А я кажу вам: любіце ворагаў вашых, багаслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабіце дабро ненавіснікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб асталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму узыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і паганцы?
Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябёсны.
/ Ев. паводле Матвея, V, 43-48 /
Мы жывем у час супадзення гістарычных рытмаў ня толькі вякоў, але й тысячагоддзяў. Катастрафічнасць нашага часу, яўная блізкасць завяршэньня ўсёй "музыкі гісторыі", блізкасць фіналу Сімфоніі тысячагоддзяў, вымагае новага чуйнага ўслухоўвання ў "галоўныя" і "пабочныя" тэмы і "экспазіцыі", і "распрацоўкі", і сённешняга пярэдадня "рэпрызы”, у якім і "гучаць", і " твораць Музыку" душы нашы.
...вякі плывуць. . . а Ён – раскрыжаваны...
жывы...у крыві цячэ цьвікоў іржа...
і род людзкі, нячыстым апантаны,
ня мае сілы зьняць Яго з Крыжа...
Тэмы "большасці" й "меншасці" /як "галоўныя" і "пабочныя" партыі санатна-сімфанічных цыклаў /, мажліва, як раз яны найболей набліжаюць да тайны гісторыі /індывідуальнай-нацыянальнай-агульналюдзкай/, якая так пакутна раскрываецца нават перад самым сваім завяршэньнем?..
Самі тэрміны "меншасць" і "большасць" ужываюцца ў розных кантэкстах, абставінах, ракурсах, часам парадаксальных. Напрыклад, у біблеістыцы ёсць паняцьце "Тэкст большасці": з розных грэцкіх тэкстаў Новага Запавету ў Праваслаўнае традыцыі карыстаецца найперш той, які прадстаўлены ў большасці Грэцкіх Новазапаветных рукапісаў; разам з тым лічыцца нямэтазгодным адмаўляцца ад шырокага выкарыстання ў якасьці дапаможнага навуковага матэрыялу і іншых грэцкіх тэкстаў Новага Запавету, шырока распаўсюджаных цяпер на Хрысціянскім Захадзе. 3 такой шматплыннасьцю нават у дачыненьні да Сьвятога Пісаньня сэрцу – і асабліва розуму – верніка цалкам прымірыцца ня дужа лёгка.
Вельмі тонкія й неадназначныя нюансы прэстыжнасьці гэтых паняцьцяў. Скажам, належыць да "творчай меншасьці" – альбо "гераічнай" ці "ерэтычнай меншасці – лічыцца надзвычай прэстыжным. Праўда й само паняцьце "прэстыжнасьці" даволі няпэўнае й " зьменлівае – залежна ад абставін, перакананьняў, асяродкуі і г.д.
Гістарычную тайну "большасці й меншасьці" мы яшчэ толькі пачынаем па сапраўднаму спасьцігаць, бо, сапраўды, у гісторыі былі й ёсць толькі "шляхі большасці" й "меншасьці". Ёсць, праўда, яшчэ шлях Самоты. Боскай Самоты. Але й ён – у Тройцы, непадзельнай і незьліяннай. У паўнаце сваёй — ён за межамі сьвецкай гісторыі.
"Шлях большасці" і "шлях меншасьці” — ключавыя паняцьці нашых далейшых разваг, тлумачэньня фактаў. "Шлях самоты"... У чалавечым вымярэньні й гэтае паняцьце, у прынцыпе, дапушчальнае. І нават плённае. Але, па сутнасці, яно нават яшчэ больш умоўнае, чым шляхі "меншасьці" й "большасці". Бо ў таямніцы сваёй – у нечым нават большае за іх абаіх, разам узятых.
Выпрабаваньне на "большасьсць і "меншасьць” для чалавечага духа /асобы-народа-чалавецтва/ – адно з надзвычай сур'ёзных. Не кажучы ужо пра тое, які чалавек /ці народ/ "меншым" ці "большым" нарачэцца ў Царстве Божым, мы бачым, як кожная зь "вялікіх ідэй", што сёньня поўняць скарбніцу "агульначалавечыых вартасьцяў", некалі была ідэяй абсалютнае меншасьці альбо нават самотнай істоты. Выпрабаваньне на "большасьць" ці "меншасць" вельмі сур'ёзнае і для чалавечай гардыні, для бунтоўнасці й зьмірэннасці душы, ськіраванасці яе ў сьвятасьць альбо гераізм, для сьветагляду ў цэлым, і кожная выяўленая чалавечая індывідуальнасць заўсёды няўпынна існуе адначасова, так бы мовіць, у сілавым полі "большасці” — "меншасьці" — у самых розных ракурсах гэтых паняцьцяў, і невядома нават ёй самой, чаго ў ёй "болей" — "большасьці" альбо "меншасьці". Культура ўзаемапераліваў "меншасьцяў" – "большасьцяў" /і Самоты/ — адна з таямніц духа / асоба- народ-чалавецтва/.
Гісторыя ведае безьліч прыкладаў, калі "ідыятызм большасці" сваёй "сьвінцовай масай" душыў найвышэйшыя праявы духа. І наадварот – калі бунтоўная гераічная "меншасьць", апантаная страсьцю й свавольствам, прыносіла нечуваныя бедствы і кары абсалютнай большасьці "ні ў чым ня вінаватых" людзей. XX век найбольш "плённы" менавіта на апошняе, хаця і ў першым не было нястачы /у гэтым – адна з "ахілесавых пятак" дэмакратыі/.
Кожны народ у акіяне чалавецтва – у "меншасьці". Нават кітайцы, якіх больш ад міліярду. І той кітаец, калі ён, скажам, грамадзянін іншай краіны, ведае стан "меншасьцяў" /нацыянальных, этнічных, "каляровых", словам – " сітуацыю асобы на мяжы культур”/.
Тое ж са сьветапаглядамі. Аніводнага сьветапагляду не трымаецца большасць чалавечага роду. У глабальным маштабе — усе і ўсё ў меньшасьці !.. І гэта, здавалася б, — неадольны "камень спаткненьня" на шляху сумоўя Зямлян.
Іншае — у нацыянальным ды рэгіянальным маштабах. Тут звычайна ёсць гістарычна адшліфаваныя свае духоўныя дамінанты /ментальнасьці/, якія кансалідуюць большасьць, трымаюць стратэгічную стабільнасьць, меру зменлівасьці і ўстойлівасьці – народаў, краін, рэгіёнаў.
Этнас – Мова – Вера. Калі адна "большасьць" працінае ўсю гэтую трыяду, не разбураючы "меншасьцяў", – народ /асноўная "вуземка" чалавецтва/ устойлівы й дынамічны адначасова.
Пра Беларусаў гэта пакуль што сказаць цяжкавата. І тым не менш — паспрабуем. Зірнуўшы на агульныя абрысы с в а й г о шляху – у кантэксьце і н ш ы х шляхоў.
Калі ўсе шляхі / акрамя абранага/ былі паганскія, Краіна Сіняя –на шляху з "паганскіх варагаў" у "паганскія грэкі" — таксама была "паганскай". Ва ўсім эстэтычным, гераічным і эратычным бляску нашчадкаў спакушаных нячыстым Адама і Евы, у суровай гармоніі з навакольлем з культам ідалаў і "багоў". Нешматлікія плямёны нашых продкаў /Крывічы, Дрыгавічы, Радзімічы, Севяране, Вяцічы, Дзераўляне, Яцьвягі/ жылі на абшарах, значна большых за нашы цяперашнія, між панішчаных цяпер пушчаў-балот, поўных зьвяроў, птушак і пчол, на ўзьбярэжжах чысьцюткіх рэк і азёр, поўных рыбы, і ідэальных блакітных шляхоў, што нітавалі іхнія паселішчы, дыхалі чысьцюткім, напоеным травамі й кветкамі, паветрам. Выгнаны з раю "блудны сын" быў яшчэ на самым пачатку "разбазарваньня" Бацькавай спадчыны, якая — у параўнаньні зь сённяшнім яе станам – была, сапраўды, як і да выгнаньня...
Але й пасля таго, як Хрыстос супрацьпаставіў паганскай, /дэманскай гісторыі гвалтоўнага гераізму/ першы герой — сам Люцыпар, бо ён добра ведаў, супраць Каго ён узбунтаваўся!/ гісторыю Свьвятасьці, яшчэ цэлае тысячагоддзе прад-Беларусь ішла шляхам паганскім, "бязьвінна-грэшным" шляхам дзяцінства чалавечага роду. Бліскучыя рэліктавыя паганцы існуюць яшчэ й цяпер. І самы яркі зь іх – Воюш — нацыянальны гонар і скарб сённяшняй Беларусі!..
Напачатку Хрыстова Вера й Царква — Адзіная, Сьвятая, Саборная і Апостальская — былі справай абсалютнай меншасьці, нават у асяродку народа абранага /народа Сьвятароў/, якому найперш зьявіўся Хрыстос – Цар Іудзейскі. Але на мяжы І–ІІ тысячагоддзяў Хрыстовай Эры — Эры ўзьяднаньня выгнанага з раю чалавецтва з Богам – абшары Хрысьціянскіх народаў былі значна большыя за абшары найвялікшай з паганскіх імпэрый – Рымскай. Стала Хрысьціянскай і Старадаўняя Беларусь, — тады ў злучнасьці з Русьсю Кіеўскай. Гэта быў сапраўды Залаты век Хрысьціянскае Сябрыны Народаў /нягледзячы на мікрашурпатасьці — па нашых маштабах! — у іхніх бягучых узаемінах, на "рыцарскія турніры", якія й войнамі, па сённяшніх татальных мерках, называць сьмешна/ – на экалагічна чыстых, казачна багатых землях і водах – ад Атлантыкі да Бліжняга Усходу ...
Другое тысячагоддзе – цяпер яго ўжо можна разглядаць як цэлае, практычна завершанае, – іначай як жудасна-трагічным, "начыста выйграным" дэманскай сфэрай, назваць немажліва, — бо яно прывяло і род чалавечы і усю экасістэму Зямлі на мяжу дэградацыі й пагібелі. Чаму так сталася?.. Якія шляхі прывялі народы да гэтага перадсконнага стану?..
Залатое завяршэньне І-га Хрысьціянскага тысячагоддзя ўжо несла ў сабе зерне Трагедыі ІІ-га: раскол зямнога цела Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы Хрыстовай, калі самая моцная, першая па гонары Аўтакефалія ўзвысіла сябе над астатнімі, зламаўшы адзін з фундаментальных паляў Царквы — Саборнасьць.
Беларусь, аднак, — як і Русь у цэлым — прыняла Хрышчэньне яшчэ да гэтай, сапраўды сусьветнай трагедыі, калі яна ўжо адчувальна пазначылася, але яшчэ не адбылася, калі яе яшчэ нібыта можна было пазьбегнуць. Беларусь прыйшла ва ўлоньне Царквы Хрыстовай, калі Яна і ў зямным увасабленьні была Адзінай, Сьвятой, Саборнай і Апостальскай /у гэтым сэньсе традыцыйна і ўжываюцца словы Праваслаўная Царква/ – у яе Грэка-Візантыйскае галіне, за якой гістарычна й замацавалася назва Праваслаўная. І цэлыя чатыры стагоддзі /да канца ХІV/ несла гэтую Сьвятаайчынную традыцыю ў чысьціні й непарушнасьці, фактычна ў баку ад глабальнага канфлікту Рыма з Канстантынопалям. Выкрышталізавалася традыцыя Старабеларускага Праваслаўя, якую сімвалізуюць імёны Рагнеды-Анастасіі, Сьв.Сьв. Еўфрасіньні й Кірыла, фактычна Аўтакефальнае Царкоўнае жыцьцё Вялікай Праваслаўнай Дзяржавы князя Альгерда.
Паралельна, у адколатай "Аўтакефаліі Рымскай", пад вэлюмам "Рыма-Каталіцкай ерасі", нарастала магутная хваля нэа-паганскаага італьянскага Адраджэньня, якая прэльсьціла Хрысьціянскі Захад/ практычна адначасова з тайфунам дэмана Залатаардынскага, які крышыў звонку абшары Хрысьціянскага Усходу/. Культ і лад жыцьця найбольш славутых Грэка-Рымскіх паганцаў стаў фактычным камертонам, па якім настройвалася жыцьцё тагачаснай Заходня-Еўрапейскае "наменклятуры". Паддаўся гэтай прэлесці й Рыма-Каталіцкі клір, што й спарадзіла ў ягоных нетрах бунт і Пратэстанцтва. "Клін клінам", аднак, выбіць ня ўдалося: адна "ерась" /Рыма-Каталіцкая/ спарадзіла яшчэ больш радыкальную / Пратэстанцкую/, ад якой заставаўся ўжо толькі "адзін крок" да адкрытае бесаўшчыны нібыта праведнага Вальтэраўскага гневу: "Раздушыце пачвару!” – І самазабойных рэвалюцый "новага часу", якімі былі зруйнаваныя самыя моцныя Хрысьціянскія Манархіі Кантынентальнай Еуропы. Інквізіцыя была, па сутнасьці, адчайнай рэакцыяй — у прадчуванні стратэгічных вынікаў гэтае бесаўшчыны – але якой?.. Хіба ж Хрысьціянскай?..
Беларусь тым часам /у 1386 г./ ступіла на свой новы гістарычны шлях — "шлях Ягайлы". Для тагачаснае тутэйшае "наменклятуры" гэта быў менавіта шлях спакушэньня італьянскім эстэтычна-эратычна-гераічным нэа-паганскім бляскам, супраць якога вольналюбныя ды прыгодалюбныя Гервасіі Вылівахі не ўстаялі. Націск Кардыналаў Лотраў ды Басяцкіх быў надта ж магутны!.. /Чым абярнуўся ўрэшце для Беларусі гэты шлях, добра вядома: афіцыйнае забаронай у І697г. старабеларускае мовы — раней дзяржаўнай – і ў 1699 г. забаронай Праваслаўным займаць пасады ў самаўрадах.../
Спакусіць паспаліты Праваслаўны люд /для якога Скарына пераклаў Сьвятое Пісаньне на Старабеларускую Мову, у Праваслаўнае традыцыі, на Царкоўнаславянскай аснове/ гэтак жа сама, як і у "наменлятуру", было немажліва, бо – для усіх! — проста не было адпаведнай "матэрыяльнай базы". А тут яшчэ – Пратэстанцкі бунт шляхотных дзетак, што набылі адукацыю ў бунтоўнай – пасьля Лютэра ды Кальвіна — Еўропе...
Рым, хоць і ўтрымаўся перад гэтым бунтам, але страціў Еўрапейскую Поўнач ды трываласьць сваіх пазіцыяў у іншых краёх, у тым ліку й сярод адчувальна акаталічаных тагачасных тутэйшых вярхоў, не кажучы пра амаль скрозь Праваслаўны паспаліты люд, які цьвёрда трымаўся сваіх векавых традыцыяў. І вось для апошняга, амаль праз век, быў прыдуманы своеасаблівы "Пратэстантызм-навыварат" — "Берасьцейская прэлесць-1596". Многія з тых, хто па панскае волі трапілі ў абдымкі гэтае прэлесці, вонкава амаль нічога не заўважылі /віртуознасьць мазгавых цэнтраў Ватыкана ва ўсе часы была на найвышэйшым узроўі!/, бо практычна ўсё спачатку заставалася, як і папярэднія шэсьць Праваслаўных вякоў: Сьвятары правілі набажэнствы па Царкоўнаславянску, казаньні, як і раней, казалі "па-тутэйшаму" – бо іншае Мовы ў паспалітага люду /для якога Скарына і рабіў пераклады Сьвятога Пісаньня/ тут проста не было, на іншай іх ніхто ні раней, ні цяпер не зразумеў бы. А мэта "прэлесьці-1596" /стратэгічныя вынікі якой адгукнуліся ў 1697 і 1699 гадох — праз век!/ напачатку была "ўсяго толькі!" у тым, што значная частка Праваслаўнае Беларусі была пераведзена ў юрысдыкцыю Каталіка № 1 – Папы Рымскага/.Тая ж самая асноўная мэта і нэа-Уніі: татальны перавод Праваслаўнае — на 80% —сёняшняй Беларусі ў юрысдыкцыю Рымскага Папы/. Аніякіх "моўна-нацыянальных" нюансаў "прэлесьць-1596" ня мела: гэта была чыста палітычная акцыя па сакрушэньні Праваслаўя на Беларусі – пры вонкавай быццам бы непарушнасьці "таго, што раньш было". Супраціўленьне Праваслаўных Брацтваў красамоўна засьведчыла, што народ, які шэсьць вякоў перад гэтым быў Праваслаўным /зь іх – два стагоддзі пад паступова акаталічанай ды спольшчанай "наменклятурай"/, ня так лёгка адвучыць ад сваіх традыцыяў, ад спадчыны сэрца.
Для Беларусі "шлях Ягайлы" ў І772–1795 гадах быў перасечаны – ажно на цэлы век – "шляхам Кацярыны-Мураўёва".
Для Хрысьціянскага сьвету ў цэлым гэта была напачатку вялікая навальніца змаганьня з дэманам "Асьветніцка-Банапартысцкім", падрыхтаваным прэлесьцямі Рэнэсансна-Пратэстанцкімі. А потым – Залаты век /1815–І9І4/ новае Хрысьціянскае Садружнасьці Нацый, якая фактычна – упершыню ў гісторыі – агарнула ўсю Зямлю! Упершыню — пасьля выгнаньня з Раю – усе выспы паганства /у тым ліку й "джын" Буддысцка-Індуісцкі, а таксама прэлесьць Мусульманская, апынуліся пад покрывам народаў Хрысьціянскіх. Здавалася, што ІІ-е тысячагоддзе завершыцца поўнай перамогай справы Хрыстовай у сьвеце. Расклад духоўнай, дзяржаўнай, гаспадарчай, ваеннае моцы Хрысьціянскіх народаў у 1914 годзе, іх кантроль практычна над усімі абшарамі Зямлі, – даваў рэальныя падставы для такіх спадзяванняў – каб жа ж Хрысціянскія Дзяржавы паводзілі сябе сапраўды па Хрысьціянску!.. І нячысты выпрасіў сабе ў Госпада я ш ч э а д з і н в е к — кульмінацыйны ў ягоным гістарычным супрацьстаяньні Хрысту й Ягонай Царкве.
Захад ён, на працягу ўсяго ІІ-га тысячагоддзя, спакушаў праз горды бляск непамыльнага Рыму, пад якім расьцвіло італьянскае нэа-паганства... Пратэстанцтва...потым – дзёрскае вальнадумства "Асьветніцтва'' ды Банапартызм...
Асноўны абшар Праваслаўя — Святая Русь, – якая найбольш упарта супрацьстаяла "заходнім прэлесьцям", сакрушыла нячыстага ў татара-мангольскім ды банапартысцкім абліччах і на цэлы век /І8І5–І9І4/ стала адной з наймагутнейшых паляў Хрысціянскае Садружнасьці Нацый у маштабах сусьветных, якая за паўвеку /І86І–І9І4/ рэфармавалася ў адну з найбольш лібэральных Хрысьціянскіх Манархій і эканамічна самую багатую й дынамічную Дзяржаву – з узроўнем духоўнай культуры й навукі, народнае асьветы, міласэрнасьці, з ахвярнай інтэлігэнцыяй, моцным сялянствам, індустрыяй, згарманізаванаю з навакольлем, што стала эталонам для ўсяго сьвету, ва улоньні якой менавіта за гэтыя паўстагоддзя выспелі й БНР, і шмат іншых вольных Дзяржаў, — гэтую дачку Хрыстову разам з Ангельскай ды Нямецкай, нячысты – у Марсавым абліччы – узяў "...на вельмі высокую гару”. /І паказаў ім/ "...усе царствы сьвету і славу іх, і кажа /ім/: усё гэта /вам/ дам, калі "ўпаўшы /паклоніцеся/ мне...”
Хрыстос, у час гэткай спакусы нячыстага, сказаў: "Адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы". А яны не ўстаялі, "упаўшы, пакланіліся" дэману-Марсу. І ўсе разам паляцелі ў процьму "веку бесаў" ...
"Шлях Кацярыны-Мураўёва" быў для Русі Белай ня толькі векам беспрасьветнае нядолі й журбы, як мяркуюць тыя, каго нячысты спакушае на "перманентную нянавісьць" да Праваслаўя й Русі Вялікай. Гэта быў век напружанага Царкоўнага жыцьця, своеасаблівай "контр-Рэфармацыяй-навыварат", век буяньня фальклору й шляхотнае культуры, век, калі Беларускі характар і мелас, змадуляваўшы у танальнасьці іншых народаў, загучаў у іхніх культурах, нібыта "пад псэўданімам", нібы саромеючыся адкрыта сказаць: — Гэта я, людцы добрыя, асоба на ростанях /культур, сьветапаглядаў, гістарычных шляхоў ... Хочаце — пазначце гэта як "экзістэнцыяльную, мяжовую сітуацыю", хочаце — яшчэ як.../
І Еўропа не засаромелася, не "закамплексавала" ад таго, што абруселы Праваслаўны Беларус Фёдар Дастаеўскі стаў ядром сучаснае "Еўрапейскае ментальнасьці". Яна ад гэтага не камплексуе й цяпер. Камплексуюць іншыя тутэйшыя "шляхцюкі", якія чамусьці пахмурнеюць ад аднаго імені Дастаеўскага.
Подых Беларушчыны Еўропа адчула ў гэты век і праз апалячанага Ліцьвіна Міцкевіча, а праз яго — і шмат у якіх тэмах Шапэна ... і гэта толькі найярчэйшыя зоркі Духу Краіны Сіняй, змадуляваныя ў "роднасныя танальнасьці". Цэлыя сузор'і і тутэйшых талентаў загучалі ў той час у іншых краёх і культурах, што ў Боскай сімфоніі вякоў яшчэ наперадзе ...
Тым часям Беларусь, пачаўшы з трагічнага матыву шляхотных герояў , – за паўвеку трансфармацыі Абсалютысцкае Манархіі ў Канстытуцыйную, скарыстаўшы ўсе мажлівасьці, адкрытыя Канстытуцыйным ладам, – ступіла на шлях “Нашаніўскага Адраджэньня", фінальным акордам якога прагучала БНР...
"Век бесаў", аднак, — крыху раней /14 жніўня 1914 г./ ужо ўступіў у свае правы: на крыві мільёнаў Хрысьціян, якія нішчылі адзін аднаго ў Сусьветнае бойні, вокамгненна ўзрасла пачвара "сіямскіх блізьнятаў” – бальшавізму-нацызму, народжаных грэхападзеннем трох Хрыстовых дачок – Ангельшчыны, Нямеччыны й Русі. Другое Хрысціянскае тысячагоддзе, якое нячысты павольна, але няўхільна поўніў крывавымі сечамі Хрысьціян паміж сабою, якое не скарыстала свой Залаты шанец – Залаты век паміж І8І5–І9І4 гг. — абрынулася ў крывавую — на паўсьвету – катоўню. Жудасны сымбіёз нэа-Рымскага й нэа-Нямецкага паганства, заквашаны яшчэ й Усходнімі тайнымі Ведамі, перамешанымі з пэрламі "самай перадавой вольналюбнай Заходне-Еўрапейскае думкі", – ва ўмовах міралюбнага сумоўя багатых і моцных Хрысьціянскіх Канстытуцыйных Манархій — Ангельшчыны, Нямеччыны й Русі, – калі б яно стала т ы м, чым магло б быць, каб не пакланілася ў жніўні 14-га нячысьціку-Марсу, – ня меў аніякіх шанцаў на перамогу!.. Ён бы й жыў вечным прывідам у "незалежнай" ад Хрыстовага Слова самавыяўленьні жменькі нэапагансіх ды бязбожных рамантыкаў /далёка не ўсе яны пад уздзеяннем нячыстага).
Дастаеўскі – сваім вялікім Сэрцам на Ростанях – прароча адчуў, расшыфраваў умысел бесаў яшчэ на стадыі іхніх "рамантычных тэарэтызаваньняў" і першых крокаў. Ягоны Раскольнікаў хацеў, забіўшы толькі адну "непатрэбную нікому" бабулю, авалодаўшы ейным "нарабаваным багацьцем", – пачаць "з чыстае старонкі" зусім новае, шчасьлівае жыцьцё... Калектыўны Раскольнікаў – начале з Верхавенскімі – замысьліў сваю справу больш маштабна: "Няма Бога – і ўсё дазволена!.." Згуртаваўшыся ў адзін канспіратыўны "громящий кулак", забіўшы "бабулю-арыстакратыю", "бабулю-буржуазію"/ і іхніх рэлігійна- інтэлігенцкіх прыслужніц/, авалодаўшы іхнім багацьцем ды нявольнікамі, можна вельмі хутка зманкуртызаваць усё чалавецтва, стварыць сусьветную "імперыю бесаў" /на худы канец – "в отдельно взятой стране"/ і валадарыць бясконца... Альбо: "3 намі Бог! Наш Бог, які дазваляе забіваць ня нашых /і сваіх здраднікаў/..." З такім паганскім, антыхрыставым "богам” таксама на Зямлі ўсё дазволена ...
Цяпер, калі "шлях бесаў" 21 жніўня 1991 г. /праз 77 год і 7 дзён пасьля 14 жніўня І914 году/ ганебна растаў, – як пачварны сон, – пакінуўшы атручаныя абшары й душы, зьнявечаныя народы, зруйнаваныя дзяржавы й культуры, безьліч "Курапатаў" ледзьве не на палове Зямлі, — цяпер мы можам параўнаць тое, ад чаго засьцерагаў, што прадбачыў Дастаеўскі, з тым, што сапраўды адбылося.
Мы можам параўнаць абылганую бесамі Хрысьціянскую "турму народаў" /да 14 жніўня 1914 г. і антыхрыставы "бальшавіцкі рай" І9І7–І99І гг. Магільшчыкі т о й турмы, калі найбольш зацятых зь іх, часам, ізалявалі – для супакаеньня й пакаяньня /сам Дастаеўскі – у гады мяцежнае маладосьці – па хрысьціянску скарыстаў такую мажлівасьць/ – маглі й там жыць па-людзку, карыстацца літаратурай, вывучаць замежныя мовы, праводзіць сэмінары і г.д., нават на паляваньне хадзіць – як Ульянаў у Шушанскім. Выходзілі на волю, аднак, далёка не ўсе з тым станам душы, які адкрыўся Дастаеўскаму. Выходзілі і... з новымі сіламі й "прафесіяналізмам" кідаліся на законную, Канстытуцыйную ўладу, якая, надзвычай лібэральна абыходзілася са сваімі магільшчыкамі. І калі яны, урэшце, запанавалі — то сталі сапраўды Магільшчыкамі, самой Сьмерцю — і целаў, і душ, і прыроды, і плёну рук чалавечых. У сваіх ГУЛАГ-ах ды катоўнях яны не паўтаралі лібэральных памылак "турмы народаў". Адтуль жывымі ды дзеяздольнымі мала хто выходзіў. А пайшла туды — палова Расіі ... а каторыя "нацменшасьці" — то й цалкам ...
Труба Архангела прагучала, зорка-Палын узышла на завяршэньні "шляху бесаў", абвясьціўшы пачатак Сконных часоў, Рэпрызы гісторыі, часоў Прэабражэньня. Блудны сын, якім – з такім спазьненьнем, калі амаль усё ужо загубіў, – пачынае адчуваць сябе сёння род чалавечы /ва ўсякім разе, значная яго частка/ – у роспачы й малаверным ваганьні: якім шляхам ісьці далей?.. ці можна наогул спыніць інэрцыю татальнае дэградацыі – прыроды, духоўнасьці, грамадзкіх асноў?..
Ад шляху Чарнобыльскага – у сьвецкім разуменьні – ужо не адтуліцца,.
А ў сэрцах?.. У грамадзе?.. У спасьціжэньні гісторыі Хрысьціянскай — як цэласнага, няўпыннага існавання ўкрыжаванага Хрыста ў сьвеце?.. Як разьвітацца са "шляхам блуднага сына"?.. зь бесаўшчынай, якая пасаромленая, але йшчэ моцна трымаецца за душы нашы?.. з пагібельнай спакусай яшчэ больш грандыёзных гераічных змаганьняў і "перамог"?..
Бог нечувана лёгка — калі й Чарнобыль разглядаць як Ягоны знак — даў нам волю, аб якой мроілася столькі доўгіх вякоў. А што зь ёй цяпер рабіць?.. Як яе ўбачыць ды зразумець?.. Якім шляхам Беларусам ісьці далей – на атручанай, спустошанай і нечакана такой маленькай Зямельцы?
Сьвецкія /дэманскія/ шляхі гісторыі сябе вычарпалі, хоць шмат хто-нібы ў агоніі — пнецца працягваць іх ...
А што ж сучасныя Хрысьціяне?.. Які прыклад падаюць яны сённяшнім паганцам ды нехрысьцям?.. Можа кротасьці ды зьмірэньня?.. Малітоўнае любові да ворагаў?.. Пакаяньня – за саўдзел у "імперыІ бесаў"?.. /а мы ўсе, хто жывым ды нерэпрэсаваным зь яе выбраўся, — саудзельнічалі: хто словам, хто справай, хто маўчаньнем, а хто й "змаганьнем" — але ж не надта рызыкоўным і дастаткова камфортным.../
На жаль, і ў Хрысьціянскім асяродку сёньня віруе акаянная рэўнасьць, прага помсты й гістарычнага рэваншу, шпурляньне каменьняў у грэшнікаў.
Мы зноў – НА РОСТАНЯХ... змораныя, спустошаныя... а хто і ў роспачы – не хвіліннай, а змрочна-стратэгічнай, бязвыйснай... ёсьць і героі, што клічуць да зброі, да разьвітаньня зь бесамі —у абдымках бясоўскіх.
Мы падобныя да чалавека, які "...падышоў да Яго і, укленчыўшы перад Ім, сказаў: Госпадзе, памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду; я прыводзіў яго да вучняў Тваіх і яны не маглі ацаліць яго.
А Іісус сказаў у адказ: О, род няверны і разбэшчаны! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды.
І забараніў яму Іісус; І выйшаў з яго дэман; І выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.
Тады вучні, прыступіўшы да Іісуса асобна, сказалі: Чаму мы не маглі выгнаць яго?
А Іісус сказаў ім: Ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немажлівага вам" /Мф., ХVІІ, 14-20/.
А яшчэ мы падобныя да разбойнікаў, укрыжаваных разам з Хрыстом, якія спачатку абодва клялі і ўсё... і Хрыста, што быў побач, Яго асабліва з’едліва...
Менавіта неадольнасьць – толькі чалавечымі сіламі – крыжа, "шляху Чарнобыльскага", робіць аналогію з разбойнікамі самай плённай, ратункавай...
Яшчэ за некалькі гадоў да Чарнобыля /на мяжы 70-х і 80-х/, калі "Імперыя бесаў", дасягнуўшы "стратэгічнага парытэту", здавалася шмат каму неадольнай, калі на зямны ганак Хрыстовае Царквы — які бесы напіналіся зруйнаваць і звонку, і знутры – далёка ня кожны асьмельваўся ступаць, калі хваля сёняшняга сьвецкага Адраджэньня яшчэ толькі набірала моц, — адзін малады тэолаг з Беласточчыны казаў /у адказ на анкетныя запытаньні аб шляхох адраджэньня Беларускае Мовы: "...Ня так трэба ратаваць Бацькаўшчыну. Выратаваньне — толькі ў Іісусе Хрысце. Мова — шлях да Яго. Але толькі шлях. І толькі ў гэтай якасьці яна мае сэнс, як і ўсё іншае. Сама па сабе, без Яго, мова нічога ня вартая, як і увесь сьвет. Безь Яго ўсё гэта – шлях у нябыт...”
Адзін з разбойнікаў, назіраючы — праз енкі і стогны, праклёны й скрыгат зубоў – як Хрыстос трымаецца на крыжы Сваім, раптам адчуў нешта, перастаў клясьці Яго ды кпіць злосна, пачаў ушчуваць сябра свайго па няшчасьці: – Мы – за справы свае ўкрыжаваныя, а Ён жа ж – бязьвінны!.. – і ўкленьчыў: – Госпадзе!.. памяні мяне ў Царстве Тваім!.. – і гэтым сакрушэньнем — у апошнюю хвілю! – уратаваўся ад апошняе спакусы нячыстага – нянавісьці й роспачы на крыжы. А нераскаяны не ўтрымаўся — і сам сябе кінуў у пагібель, пайшоў у нябыт...
"Шукайце Царства Божае, астатняе — дадасца..." Мы ж былі заўсёды апантаныя "астатнім" /стратэгічным парытэтам, харчовае праграмай, новымі перамогамі над ворагамі і г.д./, спадзяючыся, відаць, што пасьля " последней и решительной" перамогі – дадасца і ... Царства Божае...
Дадаўся, аднак, Чарнобыльскі шлях, які сапраўды, "усур'ёз і надоўга" пакрыў сабою ўсе папярэднія й наступныя.
Але й зараз — з душамі нашымі, — па сутнасьці, творыцца... тое ж самае. Ізноў паўстаюць "першачарговыя задачы": напаўненьня п о ў н а г а, але пакуль што с і м в а л і ч н а г а , сувэрэнітэту "рэальным зьместам", "стабілізацыі эканомікі", "рэканструкцыі /ці поўнага злому?) старой дзяржаўнай машыны", арашэньня таго, што раней было асушана, суда над вінаватымі ва ўсім гэтым і г.д. Паўстаюць і новыя магутныя ворагі: "маладая імпэрская Расія" і яе "пятая калёна" — "Маскальская Правслаўная Царква".
Ізноў "... вихри враждебные веют над нами..." Ізноў — а с т а т н я е !.. да якога, мажліва, некалі — "у аддаленай гістарычнае перспектыве" — дадасца і ... Царства Божае ...
Як бачым, у нячыстага — сапраўды стогаловага дракона! — замест адсечаных галоў, адразу ж адрастаюць новыя. Адны пасаромленыя прэлесьці ён імгненна замяняе іншымі / "бес навізны''/ — альбо "добра забытымі старымі”, – і няўпынны х м е л ь г е р а і з м у — які, пасьля адаленьня чарговай "цёмнае ночы", патрабуе абавязковага апахмяленьня новым гераізмам, — знаходзіць найшырэйшы выбар "новых" зьміявых зельляў...
І адно з самых спакусных – ня толькі для гераізму тутэйшага, але, найперш, — для рыцараў Ватыкана: скарыстаўшы часовую сьвецкую слабасьць Праваслаўя й Русі, якія толькі вырваліся з-пад іга бальшавіцкага, даціснуць, нарэшце, свайго тысячагадовага саперніка /альбо нявесту, якая ў свой час выбрала н е я г о — і цьвёрда трымаецца свайго выбару/ даціснуць цяпер у "дабраахвотна-прымусовым" варыяньце, карыстаючы адначасовы ядзерна-дэмаграфічны рэнэсанс "джынаў" Мусульманскага й "Залатаардынскага" /з Усходу й Поўдню/, ярасныя ўнутраныя страсьці, найперш — нацыянальныя й харчовыя, – і – з Захаду – псыхалягічна нават больш драматычны, чым у 1941 годзе, – адкат яе войска ад Эльбы да ... /Масквы?/ ...
Але ... з часоў /тых/ Залатаардынскіх, Грышка-Атрэп'еўскіх, Банапартавых ... – і да ГКЧП-ісцкіх – мы бачым, што ласка Богародзіцы, сіла Божая даюцца Праваслаўнае Русі як раз у хвілі яе найбольшае зямное н е м а ч ы ...
Прыгадайма : "Дужым Гасподзь супрацівіцца, сіла Божая ў немачы праўдзіцца ..."
Сённешні Ватыкан – зь яго 500-мільённым, абсалютна цэнтралізаваным сусьветным "войскам" і адпаведнай эканамічнай сілай – трэба асабліва засьферагчы ад гэтае сапраўды Сконнае прэлесьці, нагадаўшы аналагічную прэлесьць, перад якой не ўстаяў у 1917–1927 гадох, — спакусіўшыся даціснуць "схізматыкаў" і Расію рукамі антыхрыстаў бальшавіцкіх ...Барані, Божа сённешні Ватыкан ад падобнае акаяннае рэўнасьці!..
Беларусь – а д д з е л е н а я Божым Промыслам ад іншых краёў "ня ўбок" /хаця, фармальна, яна цяпер нібыта ў поўным аб’ёме набыла нацыянальную "вопратку цэсара"/, — а н а в е р х, — атрымаўшы сапраўды сувэрэнітэт экзістэнцыяльны ў маштабе нацыянальным, які зьведалі ў "век бесаў" хіба толькі цалкам рэпрэсаваныя нешматлікія народы; які набыў у свой час, пасьля вяртаньня а д т у л ь, і раскрыў сьвету абруселы зямляк Дастаеўскі, а ў нядаўнія часы – Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, яшчэ жменька людзей, якіх можна пералічыць па пальцах, – Беларусь усё яшчэ мае рукі, здольныя да працы "штадзённай, шэрай", – а сэрца, нарэшце, ужо цалкам вольнае для малітоўнага роздуму аб шляхох сьвецкіх і Божых. Яна цяпер НА РОСТАНЯХ зямных і Астральных, перад Ёй, разам з зоркай-Палын, сапраўды зазьзяў — ва ўсёй паўнаце — ШЛЯХ НЕМАРКОТНЫ, – у самым сэрцы Хрыстовай Сябрыны Народаў, што ад Яе – на Усходзе й Захадзе, Поўначы й Поўдні... і ўкрыжаванасьць на Чарнобыльскім Крыжы, мажліва, дае Ёй права сказаць у с і м Зямлянам нешта разьвітальна-новае – перад Рэпрызай ІІІ-га тысячагоддзя...
Тэма Хрыста ўваскрослага — у зьзяньні Сьвятых, – прадчуваньне імгненьня-Вечнасьці, калі сонцы згаснуць і маланкаю расьсячэцца Неба, — не забіваецца для Яе сёньня грукатам агоніі "жалезнага зьвера", які "атруціў усё, а астатняе — топча нагамі"...
Новае – адкрытае – гучаньне Тэмы Хрыста ў Рэпрызе сьвецкай гісторыі — набліжаецца. Беларусь можа ўспомніць цяпер у с е свае зямныя шляхі ... Можа нават рэстаўраваць іх – ва ўсіх дэталях /эстэтычных, грамадзка-палітычных, юрыдычных, гаспадарчых і г.д./, сатварыць сабе й іншым гэткі шматгалосны гістарычны Успамін на яве — калі пасьпеем ... Але галоўнае — як той другі нераскаяны разбойнік, – не спазьніцца ўкленьчыць: – Госпадзе, памяні нас у Царстве Тваім!
Можна – і, безумоўна, трэба – даць вычарпальную ацэнку на мове ю р ы д ы ч н а й бесаўшчыне бальшавіцкае /і нашаму калектыўнаму саўдзелу ў ёй/ – паводле нормаў міжнароднага права. А можна й шырэй – у с я г о дэманскага кірунку гісторыі, чорнай "двайной вяршыняй" якога зьявіліся бальшавізм-нацызм /са сваімі пазнейшымі"двайнікамі" у розных кутах і куточках сьвету/ – як цьвёрдую прававую засьцярогу ўсім патэнцыяльным завадзілам усялякае палітычнае нэа-бесаўшчыны /з прыроўніваньнем прапаганды вучэньння аб клясавай дыктатуры й нянавісці да прапаганды вайны, расавай ды нацыянальнае нянавісьці і адпаведнай заканадаўчай забаронай узнаўленьня структур, заснаваных на гэтых злачынных вучэньнях/.
Можна і трэба гаварыць пра усё, што было з намі, а с а т а н е л ы м і, і на іншых "мовах": эстэтычнай, філасофскай, сацыяльна-псыхалагічнай і г.д.,— называючы рэчы сваімі імёнамі — так, як кожны з нас іх разумее і можа выказаць, змадуляваўшы ў наш час і плён вякоў мінулых, народаў іншых ...
Але абавязкова — пераступіўшы цераз ГРАХІ ГІСТОРЫІ, адпусьціўшы ўсе грахі мінулыя — усім без вынятку, – выкінуўшы з-за пазухі ўсе камяні, нарыхтаваныя для пабіцьця грэшнікаў ...
І памятаючы, што ХРЫСТОВА ЦАРКВА — гэта не сродак /для новых перамог у самых высакародных змаганьнях/, а мэта, і што Хрыстос пра Яе сказаў: " Ствару Царкву Маю – і Брама пякельная ня здужыць Яе..."
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|