БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

З АДЧУВАННЕМ ВЫСОКАГА НЕБА

Серафім Андраюк

Склалася так, што творчасць народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля стала для мяне асабіста асабліва блізкай і патрэбнай на працягу ўсяго майго свядомага жыцця. У 2-ой палове 50-х гадоў, калі я вучыўся яшчэ ў Мірскай сярэдняй школе, асоба пісьменніка і ягоныя творы выклікалі цікавасць падзеямі і героямі, пра якіх чуў ужо ў расказах жыхароў вёскі. У студэнцкія гады пад кіраўніцтвам маладога тады выкладчыка І. Я. Навуменкі пісаў дыпломную работу па апавяданнях Брыля. У кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай беларускаму раману 60–70-х гадоў, вялікая ўвага была звернута на раман "Птушкі і гнёзды". 1 далей, ва ўсе пазнейшыя гады працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, потым у выдавецтве "Мастацкая літаратура", у апошнія гады – зноў у Інстытуце літаратуры, мне не аднойчы даводзілася пісаць і ў артыкулах абагульняльнага характару, і ў рэцэнзіях на асобныя кнігі пра творчасць гэтага выдатнейшага нацыянальнага мастака слова. Даводзілася таму, што без творчасці Янкі Брыля гаварыць усур'ёз пра літаратурны працэс у Беларусі, пра духоўнае жыццё за ўвесь пасляваенны перыяд ніяк нельга, і яшчэ (і галоўным чынам) таму, што творчасць гэтая для мяне асабіста з'яўляецца душэўна блізкай і патрэбнай.

Чаму?Чым?

Даць вычарпальны і поўны адказ цяжка і, напэўна, немагчыма. Бо само ўспрыманне таго ці іншага твора пісьменніка, як і яго напісанне, не заўсёды можна вытлумачыць. Ды не заўсёды і трэба. Тут хацелася б згадаць словы, напэўна, самага вядомага літаратурнага крытыка рускага замежжа Георгія Адамовіча пра творчыя адносіны як да літаратуры, так і да жыцця. Вось яны:

"Пры ўсім жаданні не гаварыць пра сябе, гэтага не пазбегнуць, калі не хочаш сказаць што-небудзь не зусім агульнае. Прыняць сябе з сваёй дарогі нельга. Тут "я" не мэта, а сродак, не аб'ект, а прызма" (Г. Адамовіч, "Комментарии", Москва 2000, с. 13).

Творчасць Янкі Брыля – у вышэйшай ступені непаўгорна-адметная, па сутнасці, унікальная ў нашай літаратуры, асабліва ў прозе. Бо ў ёй, у нацыянальнай прозе, у апавядальнай плыні пачатак адкрыта асабісты як бы стрыманы, прыхаваны, толькі зрэдку эмацыянальна агучаны; пануе расказванне, апісанне, аналіз, пераважна сацыяльны. А тут, у творчасці Брыля, – споведзь, роздум, адкрытасць асабістых адносін да ўсяго таго, пра што пішацца. І якраз гэта, моцная лірычная, а можа, больш дакладна, лірычна-інтэлектуальная напоўненасць, пачынаючы з сярэдзіны 50-х гадоў, вызначае адметны характар творчасці пісьменніка, робіць яе з цягам часу асноватворнай для цэлай празаічнай плыні ў нацыянальнай літаратуры 2-ой паловы XX – пачатку XIX стагоддзя.

Прайшлі гады. Напісаны Брылём раман, аповесці, апавяданні, нарысы, эсэ, мініяцюры. Але ўсюды і ва ўсім не толькі выразна відаць пячатка высокага майстра, але і моцна адчуваецца глыбінны духоўны подых магутнага таленту – шчыры, эмацыянальна адкрыты. Так бьтло ў 50–70-я гады, так было ў канцы стагоддзя, так ёсць сёння. Увогуле, відаць, найперш прывабліваюць у творчасці пісьменніка душэўная адкрытасць, шчырасць і даверлівасць. Прычым у выяўленні пачуццяў ён умее захаваць належную меру, тым самым не дапускаючы якойсьці экзальтаванасці ці то газетнай сухасці. "Рэгуляваць" эмацыянальны лад твора дапамагае ўласцівае пісьменнікаваму таленту нязменнае пачуццё гумару, наяўнасць крытычнага стаўлення і да сябе, і да сваіх герояў. Напэўна, такая ўжо ўласцівасць лірычнага таленту наогул, дзе "я" не мэта, а сродак, не аб'ект, а прызма". Але ў канчатковым выніку, у вызначэнні сутнасці таленту, усё залежыць ад унутранага зместу "я", ад асаблівасцяў аўтаравага лірычнага голасу. У творчасці Я.Брыля аўтарава "я", застаючыся ў прынцыпе і "срожам", і "прызмай", у той жа час з'яўляецца таксама і "мэтай" і "аб''ектам". Але "мэтай" і "аб'ектам" своеасаблівым. Пісьменнік жыве ў сваім часе і сваім часам. Але час гэты ўключаны ў гісторыю - гісторыю свайго народа, нацыянальнай культуры, у ім адчуваецца шырокі свет жыцця, подых сусветнай культуры. Прысутнасць аўтара ва ўсіх творах – адкрытая. Але асабліва адчувальная яна ў эсэ, мініяцюрах, нарысах; тут ён непасрэдна выяўляецца як грамадзянін, чалавек, адкрыта зноў жа сцвярджае свае эстэтычныя прынцыпы, раскрывае сваю духоўнуто сутнасць. У гэтым сэнсе Брыль і як мастак ("прызма"), і як грамадзянін і чалавек сваёй зямлі і свайго часу ("аб'ект'"), па сутнасці, ва ўсе гады сваёй творчасці застаецца ў прынцыпе пастаянным. Пастаянства, творчае і чалавечае, угрунтоўвае мастакоўскую адметнасць і грамадзянскую пэўнасць жыцця і дзейнасці. Пераконваешся ў гэтым, чытаючы ўсё тое, што напісана і надрукавана ў апошнія гады: кнігі "3 людзьмі і сам-насам" ("Мастацкая літаратура", 2003), "Блакітны зніч" ('Про Хрысто", 2004), а таксама часопісныя публікацыі.

Пачатак новага стагоддзя... Гады няпростыя ў нашым жыцці, нялёгкія і не дужа спрыяльныя ў развідці нашай літаратуры і наогул нацыянальнай культуры. Час, можа, не самы лепшы ў чалавечым і творчым лёсе пісьменніка. Паважаны ўзрост (нарадзіўся 4 жніўня 1917 г.), не заўсёды ў самым лепшым стане здароўе...

Здавалася б, усё гэта ў такога пісьменніка, якім з'яўляецца Янка Брыль, павінна было б адбіцца непасрэдна ў самой творчасці – у яе духоўным напаўненні, эмацыянальным ладзе, у самім тоне аўтаравага голасу. 1 адбілася, паўплываўшы на ступень якасці і асаблівасці, але не на іх глыбінную сутнасць. Супастаўляючы творы апошняга часу з папярэднімі такога ж зместу і характару, найперш, зразумела, з лірычнымі мініяцюрамі, бачыш, адчуваеш, што пісьменнік у сваёй сутнасці ўсё ж не мяняецца. На ўсіх этапах жыццёвага шляху, а шлях гэты не быў просты і лёгкі, ён застаецца верны свайму таленту. Жыве актыўным творчым, духоўным жыццём, цікавасць ягоная да навакольнага свету, да літаратуры, да гісторыі народа застаецца такой жа вострай, ягоная трапяткая лтобоў да ттрыроды роднага краю, да чалавека, да матчынага роднага слова застаецца нязменна чыстай і высокай.

У эсэ пра Ф.Янкоўскага, сябра свайго і аднадумцу (кн. "3 людзьмі і сам- насам"), Брыль вызначае глыбінны сэнс ягонай творчасці: "Сям'я, адчуванне яе, – прадзеды, дзяды, бацькі, мы самі, нашы дзеці, унукі, праўнукі. Цэласць, бясконцасць, вечнасць жыцця, першааснова роднай гісторыі. 1 шчасце наша, і грунтоўная школа, і ўдзел у сыноўнім служэнні". Тое ж бачыцца і ў самога Брыля. 1 ў апошніх кнігах ягоных, і ў часопісных публікацыях, пераважна як бы дзённікавага характару, што паводле сваёй прыроды ў цэнтры ўвагі мае за аснову самога пісьменніка, усё ж мы бачым вялікае жыццё, г.зн. жыццё ў самых розных яго праявах, і час – сённяшні час. Гэта тое сённяшняе жыццё, з якім судакранаецца аўтар, якое бачыць, успрымае, асэнсоўвае, і жыццё ягонае ўласнае ў суаднесенасці з жыццём агульным. Свет гэтага жыцця багаты, разнастанны, складаны і прыгожы. То Брылёў свет.

І гэты:

"Але, гэта не дождж, а дожджык, які – згадалася – "покапал и прошёл", і засталася такая ўрачыстая ціш, што кветкі цыніі – гляджу, прысеўшы на ганку, – стаяць на сваіх высокіх сцяблінках так непарушна, што самому хочацца застыць, суцішыцца ў пытанні: а што гэта такое – ці-шы-ня?"

І гэты, у якім літаратура, мінулая трагічная рэальнасць і сённяшнія трывожна-пякучыя думкі зліліся ў адно.

Пры чытанні "Розы Міру" Данііла Андрэева пісьменніку ўявіліся першыя хрысціяне на арэне цырку, ахвяры, на якіх будуць выпушчаны галодныя ільвы.

"Сярод ахвяраў – дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзяды і бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць іх разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за пгго ім гэты жах звышпакутлівай смерці?"

Адтуль аўтар вельмі проста пераходзіць "у гады фашысцкай акупацыі, у апавяданні тых, што ўвашлі ў кнігу памяці "Я з вогненнай вёскі...", у жахі дарослых і дзяцей, у моманты перад расстрэлам, у тую самую немагчымасць сказаць, растлумачыць свята-нявінным: што гэта?

I вельмі істотна, што паяднанасць з жыццём і часам, з гісторыяй і прыродай, паяднанасць на ўзроўні вельмі асабістым, можна сказаць, інтымным, надае творам пісьменніка сапраўдную сілу жыццесцвярджэння, веру ў заўтрашні дзень. Сёння гэта чалавеку так патрэбна – гэтае натуральнае выяўленне гуманістычнага таленту.

У штодзённым сваім жыцці пісьменнік, здаецца, не цураецца ніякіх праяваў. Усё яго цікавіць, прыцягвае ўвагу, хвалюе, прымушае думаць. Прырода, побыт, людзі самага рознага ўзросту, сацыяльнага статусу, прафесійнай прыналежнасці, гісторыя народа, грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне, моўная сітуацыя, літаратура - сусветная і нацыянальная, – уласная творчасць. І што дзіўна: больш бачыцца як бы Брылёў свет, чым непасрэдна сам Брыль. Гэта цікава, гэта прываблівае, скіроўвае чытача да самааналізу, роздуму.

Галоўны пісьменнікаў клопат – Беларусь, людзі, прырода, лёс яе мовы, яе літаратура. Так было ў ранейшых кнігах, так ёсць сёння. Радуючыся ўсяму, што робіцца ў апошнія гады ў справе вяртання нацыянальных слоўных скарбаў, Брыль, разам з тым, чытаючы "кнігазбораўскі" том Дамейкі, скрушна гаворыць пра тое, што "а вось слоў "Беларусь", "беларускае" – аніразу не сказана". Раней зноў жа ў сувязі з Даменкам больш агульна было сказана: "Колькі нам, беларусам, трэба яшчэ папрацаваць, каб было на каго апірацца, кім ганарыцца ды казыраць, не адчуваючы, як сёння, пэўнай няёмкасці ад гаворкі пра славутых землякоў, беларусаў "геаграфічных", якія служылі культуры іншых народаў, лічачы сябе хто палякам, а хто рускім". Сёння пісьменніка, выдатнейшага майстра слова, пытанне становішча роднай мовы, яе гістарычнага лёсу, яе будучыні турбуе, можа, найбольш. Чытаючы М. Гарэцкага, захапляецца моваю: "Жывучасць і даўгавечнасць нашай мовы –біблейская". На адкрыцці апошняга, нечарговага з'езда Саюза пісьменнікаў Брыль натхнёна гаварыў пра "свяшчэнны агонь роднага", завяршыў выступленне словамі высокай упэўненасцІ: "У нас ёсць літаратура. У нас яна будзе – вялікая беларуская літаратура на нашай багатай ды прыгожай, несмяротнай мове". Зноў жа на пачатку новага стагоддзя, прачытаўшьт чарговыя выпускі зборнікаў "Скарыніч", "Куфэрак Віленшчыны”, "Аnnus Аlbaruthenicus 2002", з радасцю і гонарам запісвае: "Для Беларусі стараюцца:

у Маскве Аляксей Каўка, у Маладзечне Міхась Казлоўскі, у беластоцкіх Крынках Сакрат Яновіч. І гэта ж не ўсё, чым жыве, абараняецца наша роднае слова, ёсць і будуць яшчэ сумленна-чыстыя, няхай сабе і рэдкія выхадам, і малыя тыражамі выданні, у якіх, па вялікім рахунку, ёсць што пачытаць, чым паганарыцца, падмацаваць душу". А абараняцца роднаму слова сёння, напэўна, як ніколі за ўсе гады творчасці пісьменніка, асабліва трэба. Душу мацаваць таксама. Бо жывыя народныя моўныя крыніцы мяльчэюць, кола рупліўцаў на ніве служэння нацыянальнаму слову не пашыраецца. "Колькі нагаворана з іхняга і з нашага боку пра неабходнасць аб'яднання, але ж ні слова - ні ў друку, ні па тэлевізары ці па радыё - пра тое, што апаганьваецца, ліквідуецца мова нашага народа, найгоршым, найзлачыннейшым, як дагэтуль, чынам. Такое жахлівае "між іншым”!” Нацыянальная і дзяржаўная ідэнтыфікацыя, па сутнасці, не паглыбляецца і не пашыраецца.

Брыль жыве літаратурай, жыве ў літаратуры. Жыве актыўна, зацікаўлена, творча. Відаць было гэта раней, добра відаць і сёння. І сёння для яго чытанне – гэта адчуванне "шчаслівай прысутнасці ў агульна людскім свеце глыбокай думкі і чыстага пачуцця". Выпадкова ў сваёй бібліятэцы натрапіўшы на творы Беранжэ, узгадвае свайго пастаяннага літаратурнага і жыццёвага, духоўнага, настаўніка Л. М. Талстога, словы таго, за што ён любіць гэтага французскага паэта: "За даровитость. Ничего безнравственного у него нет. Склад народный, благородный, нравственный и бодрый". Якраз гэтыя якасці, глыбіня думкі і чысціня пачуццяў, высокая "нравственность" і шчырасць вызначаюць не толькі сутнасць Брылёвай творчасці, але і характар ягоных адносін да літаратуры наогул, да сучасных беларускіх творцаў. Увогуле ж і ў ацэнцы жыцця літаратурнага, і ў стаўленні да жыцця грамадскага Брыль далёкі ад якіхсьці ацэнак групавых, запалітызаваных, вузкаасабістых. Крытэрыі, якімі ён кіруецца ў блытаным сённяшнім жыцці, у тым ліку ў стаўленні да пэўных літаратурных праяў, вывераны шматгадовай сусветнай і нацыянальнай жыццёвай і літаратурнай практыкай, – праўдзівасць, чалавечнасць, шчырасць. Відаць гэта і ў думках-ацэнках класікаў: Л. Талстога, М. Горкага, М. Цвятаевай, Ф. Марыяка, Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Чорнага, В. Быкава, і ў заўвагах-ацэнках творчасці сваіх сучаснікаў (як тых, хто пайшоў ужо з жыцця, так і тых, хто сёння плённа працуе): М. Кундэры, Г. Траяпольскага, В. Пяскова, П. Броўкі, Ф. Янкоўскага, У. Дамашэвіча, В. Іпатавай, М. Танчарыка, В. Палтаран, А. Мілюця, А. Пісьмянкова, Г. Смоляра і інш.

У адной мініяцюры за 2001 год (гэта ў кнізе "3 людзьмі і сам-насам") піша: "Адзін у сваім бойкім артыкуле пра халуйскія асаблівасці беларусаў сам сябе, трэба думаць, у халуі не залічвае.

Як і другі, што і гаворыць па замежным радыё, і піша таксама, што ў нас "няма сапраўднай інтэлігенцыі", сябе таксама абмінаючы".

У часопісе "Агсhе" Брыль чытае біяграфічную даведку да свайго эсэ. Вельмі сціплую, кароценькую. Здзіўляецца. Прызнаецца: "Спачатку гэта трохі нязвычна..." Потым разважае, што гэта "лепш за ўвесь набор эпітэтаў, якімі кішыць сённяшняя літаратурная паказуха, дзе і абстрактныя геніі, і па-савецку народныя, і на польскі лад слынныя, і ад нашай правінцыйнасці эпахальныя ды сусветныя, і па-біблейску апосталы ды прарокі..."

Высокая творчая культура, дасведчанасць у дасягненнях сусветнай літаратуры не дазваляюць моўчкі абыходзіць пошукі некаторых маладзейшых аматараў "сучаснага ўзроўню" мастацкага пісьма. Раней яшчэ Брыль заўважаў, што, накрыклад, у "Куфэрку Віленшчыны" ён бачыць працяг заходнебеларускіх, “нашаніўскіх” традыцый. "Чыета, культурна, без ляпаніны моднай сэксавасці і моўнага прэтэнцыёзнага штукарства, што месцамі раздражняе або зануджвае і ў "Агсhе", і ў новай "Нашай ніве".

Як і ва ўсёй творчасці Брылёвай, у апошніх надрукаваных творах відаць, добра адчуваецца, што кніга для яго, сама літаратура не толькі асяроддзе бытавання, творчасці, натхнення, але і школа, крыніца духоўнасці, атмасферы, у якой жыве і творыць. Ён абагаўляе кнігу, літаратуру. Таму яго турбуе, абурае, раздражняе "і бескантрольнасць пад выглядам свабоды слова, і адсутнасць свабоднага адбору, аб'ектыўнай рэдактуры. Асабліва ў выданнях "за свой кошт", з зусім ужо апушчанымі лейцамі..." У апошняй кнізе пра тое самае: "Кніжку выдаў за свае грошы. І прыбытку ніякага, і ў доўг трохі залез. Ды затое ж налаяўся ў смак, і сэксу ўсякага нагарадзіў да схочу!"

Хочацца ў гэтай сувязі нагадаць вось пра што. Ужо на працягу многіх гадоў я маю гонар і радасць атрымліваць ад шаноўнага Івана Антонавіча ягоныя кнігі з дарчымі надпісамі. Здзіўляе і ўражвае, што, па сутнаеці, ва ўсіх кнігах ім акуратна выпраўлены дапушчаныя друкарскія памылкі. Такая вось рэдкая адказнасць за друкаванае сваё слова.

У апошнія гады пайшла ў нашай літаратуры не тое што мода, а хутчэй, можа, хвароба на мініяцюры, лірычныя запісы, дзённікавыя фрагменты (апошнія вельмі часта асучасненыя). На жаль, далёка не ўсё хочацца і можна чытаць. Банальная апісальнасць, прэтэнцыёзнасць, таннае палітыканства, падманная філасафічнасць, этычная непераборлівасць проста адштурхоўваюць ад такіх тэкстаў. У Брыля, у ягоных лірычных мініяцюрах, прываблівае шчырасць і даверлівасць выказвання, жыццёвасць і важнасць зместу, выразнасць і змястоўнасць думкі. Было гэта раней, ёсць сёння.

Некалькі прыкладаў рознага зместу, рознага характару.

"Малы хлопчык адзін выходзіў на ганак дому на лецішчы, стаяў і ціхенька, зачаравана любаваўся поўным месяцам, зоркамі, небам...

Краса прыроды глядзіць на самую сябе яшчэ аднымі шчырымі, наіўнымі вачыма".

Або:

"...Яна за вечнай прасніцай, а я, малы, над кнігай.

– Позна, сынок. Лажыся. І заўтра ж будзе дзень!.."

Або:

"Няўжо мы ўсе панараджаліся, жывем дзеля таго, каб паміраць?

Наіўна простае, глыбока страшнае і крыўднае пытанне.

А вечарэе ў зялёным навокал спакойна і светла".

Змест жыцця, яго трагізм і прыгажосць, яго глыбінны сэнс. Сказана глыбока, свежа, зразумела. Думку можна разгортваць, пашыраць, узбагачаць канкрэтным жыццёвым зместам.

Застаючыся пісьменнікам і чалавекам, які ўсёй сваёй існасцю любіць жыццё, прыроду, чалавека, спавядае і сцвярджае гэтую любоў мастацкім словам высокага аптымістычнага гучання, Брыль у сваей творчасці апошніх гадоў не-не ды прыходзіць да цяжкіх думак пра "безліч смерцяў", пра сэнс і межы чалавечага існавання. Смерць бліжэйшых сяброў, з кім у душэўнай згодзе былі пражыты дзесяткі нялёгкіх гадоў, дачасны адыход у іншы свет маладзейшых калегаў, чыю творчасць высока цаніў, і асабліва смерць жонкі Ніны Міхайлаўны, з якой было столькі пражыта і перажыта і радасці, і нягодаў, – усё гэта не магло не адбіцца на агульным успрыманні свету і жыцця, на эмацыянальным ладзе творчасці.

Сёння ўжо згадвае і залісвае свае думкі, што ўзніклі ў час пахавання Анатоля Вялюгіна:

"3 узгорка – шырокі, далёкі агляд вялікіх прыгародных могілкаў. Акіян пірамідак, якіх раней было больш, чым крыжоў, і крыжоў, якіх з кожным годам усё болып ды больш... Зрэшты, што іх лічыць, хто іх злічыць?.. Неабсяжнасць панурага суму. І цяжкая думка, што безліч смерцяў – гэта не проста зыходы ў нябыт, не бясконцыя змены людскіх пакаленняў, але зыходы, змены ў пакутах, – іх незлічоная, неўявімая разнастайнасць..."

Вечная загадка і пытанне чалавечага быцця, наогул сэнсу жыцця і ... мэты адыходу з гэтага жыцця. Ды адказу тут няма. Ёсць боль, роспач, неўразуменне, вечная таямніца і, нарэшце, заўсёдная пакорнасць чалавека лёсу: так было, так і будзе.

Праз тыдзень паслд пахавання жонкі на тых самых могілках, зноў бачачы шматлюддзе помнікаў, Брыль з горыччу думае, адзначаючы, што "апошняе месца на роднай зямлі я аплаціў на дваіх рублямі, загадзя, сабранымі з дзвюх ветэранскіх пенсіяў ды з маіх, жабрацкіх сёння, літаратурных заробкаў, так увайшоўшы ў незалежна-свабодны спакой на душы ад таго, што вось і ведаю, куды і да каго пайду. А ўжо калі ды як -нікому ж такога ведаць не дадзена..."

Адвечнае і сённяшняе, агульналюдскае, філасофскае і сацыяльна-бытавое, прыватнае ў адным абзацьі. Выклікае абурэнне, крыўду, неўразуменне, што ён, Янка Брыль, народны пісьменнік Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры, змушаны збіраць з пенсіі грошы, каб аплаціць на дваіх "апошняе месца на роднай зямлі", месца на могілках. І хоць аўтар не акцэнтуе ўвагу на гэтых словах, яны, напэўна, нікога не пакінуць абыякавым: як такое магчыма?! У апошніх словах – скрушнасць і пакорнасць лёсу. Словы гэтыя напісаны ў верасні 2003 года.

Пройдзе зусім няшмат часу, і творчая натура возьме сваё: пачуццё ўнутранай самааховы запатрабуе выказаць цяжар набалелага і тым самым хоць трохі зняць яго. У лістападзе 2003 г. Брыль напіша твор "Нашы разлукі", лірычную споведзь пра чалавека асабліва яму блізкага, з кім пройдзены нялёгкія жыццёвыя дарогі, перажыты шчаслівыя часіны агульнай радасці і глыбокай шчырасці, з кім навечна паяднаны дзецьмі і ўнукамі, – пра жонку Ніну Міхайлаўну. Гэта твор паводле сваёй жанравай прыроды і сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцяў вылучаецца ў творчасці пісьменніка. Тут, па сутнасці, няма месца выдумцы, фантазіі. Усё занадта дарагое, выключна асабістае ды і час напісання такі, што якіясьці адступленні ці то адхіленні ад рэальнасці, ад таго, што было і што толькі што адбылося, не магчымыя. Зноў жа дзесьці была, відаць, пагроза эмацыянальнага фарсіравання. Брыль вырашыў у імя праўдзівасці рэальнай жыццёвай і эмацыянальнай абапірацца на факт. Факт гэты ў дадзеным выпадку – пісьмы: пісьмы жонкі пісьменніку і ягоныя жонцы. У пісьмах тых важна не толькі іх фактычная аснова, але і адчуванне, перадача агульнага стылю тагачаснага, пачынаючы з першых пасляваенных гадоў, жыцця, яго атмасферы, танальнасці. У гэтым сэнсе жыццё сямейнае Брылёў, напэўна, нічым не адрознівалася ад жыцця многіх і многіх іншых. Вельмі сціплыя, напачатку, кватэрныя ўмовы, пасляваенная беднасць, пэўныя складанасці на пачатковым этапе творчасці. Але скрозь у пісьмах адчуваецца стрыманасць глыбокіх пачуццяў, узаемаразуменне і высокая вернасць сапраўдным пачуццям і сямейнаму абавязку.

Потым Брыль скажа пра сваю ўдзячнасць жонцы за тое, што яна, пакуль ён "вандраваў, камандзіровачным ці турыстам, пільнавалася дому, сям'і, педагагічнай службы, цярпліва чакала" яго, з удзячнасцю будзе думаць пра яе "сяброўскі дзел" у ягонай "пажыццёвай працы". Апошнія старонкі твора напісаны з выключнай сілай высокага і чыстага пачуцця. Уражвае глыбокай паэтычнасцю і значнасцю думкі заключны абзац.

Праз два тыдні пасля пахавання вярнулася з-за мяжы сяброўка сям'і. Паехалі на могілкі. 3 кветкамі і двума знічамі "пад блакітным пластмасавым каптурыкам", "Зняўшы шапку пад золкае церушэнне недарэчнага дажджу, з пашанай бачыў на вуснах сяброўкі шэпт яе шчырай малітвы, а ў сціпленькай расе блакітна ўрачыстых знічаў каля букета новых кветак у душы ажывала, жыло адчуванне высокага, чыстага, вечнага неба сусвету над змрочна прыціснутай хмарамі грэшнай, любай зямлёю...."

З гэтым адчуваннем, успрыманнем сусвету жыве і творыць сёння Мастак і Грамадзянін Янка Брыль. Гэта ён спавядае і перадае чытачу. А ў наш скрутны час гэта так патрэбна ўсім нам – каб не пагас агмень душы нашай.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster