БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

ПРАЎДЗІВАЙ МОВАЙ ЖЫЦЦЯ

Вераніка Стральцова

Пошукі свайго “я”, “падарожжа ў жыццё” з мэтай адкрыцця самога сябе – гэта той праблемны ракурс літаратурнай рэчаіснасці, на якім сышліся сёння зацікаўленыя позіркі і пісьменніка, і чытача, і літаратуразнаўцы. Праўда, што датычыць навукі пра літаратуру, дык тут традыцыйным ужо зрабіўся пэўны скепсіс у ацэнцы яе магчымасцей. Напрыклад, нямецкі даследчык Эміль Штайгер упэўнены: “Дзіўна выглядаюць справы з літаратуразнаўствам. Тыя, хто ім займаюцца, губляюць з поля зроку альбо навуку, альбо літаратуру”[1].

У той жа час, не ўсё так безнадзейна ў гэтым сімбіёзе. Прыкладаў шмат – далёкіх і блізкіх. Навуковы падыход да літаратурных з’яў не пазбавіў, скажам, выкладчыцу Каліфарнійскага універсітэта Дыяну Віпон магчымасці адпаведнага сітуацыі разумення мастацкіх і сэнсавых нюансаў. У інтэрв’ю з Джонам Фаулзам яна задае пытанне: “У якой ступені вы верыце ў магчымасць поўнага самапазнання? Ці не раўназначна гэта здольнасці “ўбачыць усё цалкам”, пра якую вы гаворыце ў “Даніэле Марціне”? – І атрымлівае пацверджанне адэкватнасці свайго разумення: “Так, менавіта гэта я і меў на ўвазе, выкарыстоўваючы выраз “убачыць усё цалкам”, – адказвае Дж.Фаулз. Падобная шырыня бачання больш важная, чым любы ўяўны рэцэпт дасягнення жыццёвага поспеху… Нам так і не ўдалося перасягнуць у мудрасці самую вядомую параду Сакрата: пазнай самога сябе”[2]. 

У аснову гэтага старажытнага выслоўя пакладзена не простая інтэлектуальная ці нават псіхалагічная зацікаўленасць. Не ў рэфлексіях у рэшце рэшт справа! Аднак усякае неразуменне амбівалентнай, поўнай супярэчнасцей прыроды чалавека, усякая яе ідэалізацыя, а значыць спрашчэнне, адсячэнне складаных сувязей і рэакцый, просталінейнасць ацэнак вядуць да утопіі, да таго адрыву ад рэальнасці, які балюча адгукаецца ў чалавечых адносінах, учынках, лёсах.

Сапраўды, гэта вельмі важна – “убачыць усё цалкам”. Разумна пагадзіцца з існаваннем у чалавечай прыродзе двух пачаткаў – зямнога і нябёснага, супярэчнасці маральнага закону і грахоўнасці – экзістэнцыяльнага канфлікту, які на працягу жыцця вырашаецца ў лёсе кожнай асобы. “Доброго, которого хочу, не делаю, а злое, которого не хочу, делаю… Итак, я нахожу закон, что когда хочу делать доброе, прилежит мне злое”[3], – гэта пакутлівая антыномія чалавечага светаадчування, выказаная ў дадзеным выпадку апосталам Паўлам, прасякае скрозь гісторыю чалавецтва. Рознапрыроднасць спакроўленых у чалавеку пачаткаў, якая прымушае яго літаральна балансаваць на мяжы наканаваных абмежаванняў магчымасці і немагчымасці, дазволенасці і недазволенасці, не парушае між тым цэласнасці асобы. Не павінна ва ўсякім разе парушаць.

“Выхад за круг” пераводзіць чалавечае існаванне ў сферу трагічнага, незалежна ад таго, перавага нябеснага ці зямнога пачаткаў пачынае панаваць у чалавеку: адрыў ад матэрыяльнасці альбо празмернае заглыбленне ў прыроду зямнога разбураюць гармонію, спараджаюць бунт. Па сутнасці, гэта глыбінная, асновапалеглая калізія ўсёй сучаснай літаратуры. Справядліва вядомае выслоўе, што ХХ стагоддзе “атулена трагедыямі і прасякнута імі”. Урэшце, як і ўся гісторыя чалавецтва. Нездарма сёння лічыцца, что вытокам мастацкага ўяўлення аб трагедыі (трагічным) з’яўляецца міф аб Дыянісе, аб тым пачатку жыцця, што падлягае вечнаму аднаўленню: загінуць, каб адрадзіцца наноў, а пасля зноў загінуць… Вечнае кола вечнага жыцця.

Літаратуразнаўства не адзінокае ў сваіх спробах тлумачэння гэтых анталагічных пытанняў. З розных бакоў да іх падступаюцца гісторыя, мастацтвазнаўства, сацыялогія, псіхалогія і іншыя навукі. Філасофскае асэнсаванне амбівалентнай прыроды чалавека было пакладзена ў аснову праблематыкі міжнароднага кангрэса “Навука і адукацыя на парозе Ш–га тысячагоддзя”, які прайшоў у Мінску 3–6 кастрычніка 2000 года. Публікацыі Я. Бабосава, Л. Буевай, В. Мяжуева, А. Осіпава і інш. – спроба вызначыць спосаб і сутнасць існавання асобы – праз сэнс антыноміі “чалавек у свеце” і “свет у чалавеку”. Сам напружаны, сімвалічны момант пераходу з аднаго тысячагоддзя ў іншае – своеасаблівы храналагічны феномен, які прымушае вучоных ставіць глабальныя пытанні і рабіць кардынальныя высновы. “Час напярэдадні ХХІ стагоддзя – час філосафаў, якія асэнсоўваюць гэты рубеж, але перш за ўсё – саміх сябе”[4], – слушна даводзіць адзін з выступоўцаў. І навука, натуральна, імкнецца зрабіць гэта з пазіцый аб’ектыўнасці.

У літаратуры ж, вядома, свой інструментарый, свой арсенал сродкаў і прыёмаў. Аднак дакументалістыка, дзякуючы сваёй аператыўнасці і строгай фактаграфічнай базе, справядліва ўспрымаецца як «першасная апрацоўка, непасрэднай рэальнасці” (Н. Іванова) і таксама мае адной з самых істотных сваіх характарыстык аб’ектыўнасць. Але, як ні дзіўна, жывая зацікаўленасць такой літаратурай заснавана на выразна суб’ектыўных фактарах, у аснову якіх пакладзена ўвага да глыбіннага жыцця асобы, яе самавыяўлення і псіхалогіі. Якім бы маштабам ні былі пазначаны падзеі і факты, на грунце якіх напісаны твор, асноўнай адзінкай гэтага тэксту з’яўляецца чалавек. Абсалютны антрапацэнтрызм любога літаратурнага твора неаспрэчны, нават калі ў ім ідзе размова пра эпахальныя сацыяльныя зрухі. “Гісторыя – гэта працэс, які працякае з умяшальніцтвам істоты, якая мысліць”[5]. Вось акурат гэтая “істота, якая мысліць”, яе паводзіны, матывацыі, рэакцыі і цікавяць чытача. Апошнім часам літаратурныя крытыкі загаварылі нават пра прыярытэт эмоцыі над фактам, суб’ектыўнай версіі над агульнапрызнанай. 

Факт адыгрывае надзвычай важную ролю ў працэсе самапазнання, з’яўляецца тым матэрыялам, грунтам, на якім расце і развіваецца асоба. Самапазнанне – двуадзіны акт аналізу і ацэнкі, і ён немагчымы па–за межамі падзейнай і псіхалагічнай канкрэтыкі. Пра літаратуру сёння ўсё часцей гавораць як пра сродак самапазнання, як пра псіхалагічны працэс, аднолькава плённы і для пісьменніка, і для чытача, дзе “факт – не канцэпт, не ідэя, ён – тэкст, іншымі словамі, мае заўсёды рэальна–матэрыяльнае ўвасабленне, ён ёсць падзея, якой нададзена значэнне, а не значэнне, якому, як у прытчы, нададзены выгляд падзеі. У выніку факт, які выбраны адпраўшчыкам (у нашым выпадку аўтарам або героем – В.С.), аказваецца шырэй значэння, якое яму прыпісваецца паводле кода, і, натуральна, адназначны для адпраўшчыка; для таго, хто атрымлівае (для адрасата, чытача – В.С.), ён падлягае інтэрпрэтацы”[6].

Існуе вялікая спакуса для чалавечай свядомасці – імкненне мадэляваць свет у строга зададзеных межах канонаў і каштоўнасных катэгорый. Толькі факт, у тым ліку псіхалагічны, надзелены неаспрэчнай здольнасцю пераконваць, разбураць устойлівыя стэрэатыпы. 

Здараецца, невядомыя раней – пастаўленыя побач – факты ствараюць новую ментальную рэальнасць. Напрыклад, Д. Гранін, працуючы разам з А. Адамовічам над “Блакаднай кнігай”, адчуў недастатковасць свайго ведання і разумення чалавечых адносін. Ён пісаў: “Кніга гэта была для нас ланцугом адкрыццяў. Мы ўбачылі, што людзі ў час блакады адносіліся адзін да аднаго больш сардэчна, гуманна і міласэрна, чым тады, у канцы 70–х гадоў, што зараз адбываецца працэс дэгуманізацыі людзей, ачарствення, страты сардэчнай цеплыні”[7].

Гэты матыў знікнення, дэфармацыі гуманізму, дыфіцыту спагадлівасці, шчырасці і душэўнасці ў тым свеце, дзе ўсё большую моц набываюць прагматызм, разлік і некіруемыя чалавечыя жарсці, вельмі моцны сёння наогул у сусветнай, у прыватнасці, заходнееўрапейскай літаратуры. Прыкладам гранічнага выражэння ідэі дэкампенсацыі глыбіннага жыцця асобы ва ўмовах знешняга дабрабыту, матэрыяльнай уладкаванасці з’яўляецца швейцарская літаратура рубяжу ХХ–ХХІ стагоддзяў. Існаванне чалавека “ў прасторы, дзе ўсё магчыма і ўсё абыякава”[8], нараджае ў ім “тугу па больш гуманным клімаце”(Макс Фрыш)[9]. Экзістэнцыя душы і законы таго соцыуму, у якім існуе канкрэтная чалавечая асоба, дакладней, вынік гэтай узамазалежнасці – часам драматычны, часам нават трагічны – гэта адна з асноўных анталагічных праблем, на якіх выспявала творчасць М. Фрыша і Ф. Дюрэнмата. Гэтыя знакамітыя імёны сімвалізуюць для адукаванага свету швейцарскую літаратуру ХХ стагоддзя. На рубяжы ІІІ тысячагоддзя чатырохмоўная літаратура гэтай маленькай, і, як нам часам здаецца ці не казачнай краіны, гаворыць іншымі галасамі (празаікі і эсэісты А. Мушг, М. Сутэр, А. Крыстоф, Ж. Старобінскі, У. Відмер, паэты Ф. Жакатэ, І. Ракуза, А. Нессі і інш.). Аднак зместавая амплітуда літаратурнай праблематыкі засталася нязменнай, наадварот, здаецца, яна сцялася да больш напятай і выразнай кропкі – кропкі болю, да экзістэнцыяльна напружанага і выразнага запытання: ці вырашае матэрыяльны, сацыяльны, нацыянальны дабрабыт грамадства праблему чалавека ў цэлым?

Не навіна, што вопыт супастаўлення літаратур, нават істотна аддаленых адна ад другой (калі мець на ўвазе традыцыі, каноны, гісторыю, нацыянальныя асаблівасці, культурны фон), дае пераканаўчыя прыклады таго, што ў імгненні асаблівага душэўнага ўзрушэння – хвіліны прасветленасці ці натхнення, або наадварот, тугі ці адчаю (пералік можна разнастаіць) сацыяльная або, напрыклад, нацыянальная афарбоўка асобы быццам бы губляецца, нівеліруецца. 

У аўтабіяграфічных запісах швейцарца Ф. Жакатэ спыняе ўвагу вось гэта сімпатычная імпрэсія: “Падняўся крыху раней звыклага (яшчэ толькі сем гадзін). Расчыніў аканіцы на кухні, а над садам – зіхоткая Венера, як гук трубы, як крык радасці, ад якога адразу знікаюць любыя сцены”[10]. Думаю, не памылюся, узяўшы на сябе смеласць сцвярджаць, што абсалютна гэтак магло б здарыцца ці выказацца, скажам, у нашага Янкі Брыля, дзе–небудзь у Крынічным, на беразе Нёмана, дзе пісьменнік, хаваючыся ад гарадскога тлуму, звычайна жыве ў цёплую пару года. Розніца, бадай, хіба што ў тым, што Брыль, паводле яго ўласных неаднаразовых літаратурных сведчанняў, прачынаецца значна раней за свайго швейцарскага калегу.

Яшчэ адна цытата з Ф. Жакатэ: “…Чытаючы вось гэтыя радкі, амаль апошнія радкі яго (М.Лейрыса – В.С.), як аказалася, апошняй кнігі: “Факт, што паэзія, як тое ні ёсць, існуе там, дзе яе ўдаецца заспець знянацку або там, дзе ты здолеў удыхнуць яе ў тыя ці іншыя істоты, рэчы, словы, сны, малюнкі або кнігі, сам па сабе нічога істотна не змяняе, але тым не менш служыць урокам, сэнс якога ты не павінен упусціць. І я сапраўды – ва ўсякім разе, у шчаслівыя хвіліны, калі мой скептычны тэмперамент крыху аслабляе хватку – бачу тут адзнаку таго, што не ўсё страчана і жыццё не вычэрпваецца ўсеагульным абсурдам, ідэя якога неадчэпна нагадвае пра сябе,” – чытаючы гэтыя радкі, я прызнаюся сабе, што ў рэшце рэшт, я прыйшоў акурат да таго ж”[11].

Не думаю, што такая выснова, логіка ці спосаб выяўлення маглі б здацца неарганічнымі або супярэчлівымі ў выказванні каго–небудзь з таленавітых беларускіх пісьменнікаў. Пра што гэта сведчыць? Магчыма, або, хутчэй, відавочна, што ў літаратуры, як ў любой дынамічнай з’яве, існуе пласт знешні (традыцыі, літаратурныя каноны, нацыянальныя прыкметы і г.д.) і глыбінны, сутнасны, на якім праяўляецца агульначалавечы сэнс. Уласна кажучы, падобныя высновы пакладзены ў падмурак структурнага падыходу, які “патрабуе адрозніваць у любым структурным феномене два ўзроўні: 1) відавочны, ці “павярхоўны”, дадзены ў непасрэдным назіранні: 2) невідавочны, альбо “глыбінны”, уласна структурны”[12].

Зварот да гэтага “ўласна структурнага” ўзроўню, па сутнасці, любога мастацкага твора неаспрэчна сведчыць: пазнанне свайго “я” і пастаянны ўнутраны дыялог – гэта неадменная прыналежнасць любой чалавечай асобы ў стадыі росту, развіцця, фарміравання. Тут дарэчы прыгадаць пушкінскія «Стихи, сочинённые ночью во время бессонницы»:

Что ты значишь, скучный шёпот?
Укоризна, или ропот
Мной утраченного дня?
От меня чего ты хочешь?
Ты зовёшь или пророчишь?
Я понять тебя хочу,
Смысла я в тебе ищу…[13]

Умельства знайсці і даць адказ самому сабе, зыходзячы з уласнага вопыту і разумення – гэта сталая прыкмета спелай чалавечай асобы. Нездарма адна з цэнтральных праблем практычнай псіхалогіі – праблема авалодання сваім унутраным светам, выкарыстання назапашанага і ўсвядомленага вопыту. Тут псіхалогія шчыльна сыходзіцца з літаратурай.

Аснова самасцвярджэння асобы – рэальнасць цвярозага ведання. Рэаліст – гэта той чалавек, які не бяжыць ад рэчаіснасці ў ілюзію або мрою, але ў той жа час і не мірыцца з ёй – ён рашуча ўваходзіць ў гэтую сапраўднасць “шляхам бясстрашнага пазнання ісціны” (самавыкрыццё як сродак самасцвярджэння ў Русо ці Талстога). У нейкай ступені сказанае можна аднесці да дакументалістыкі. Факт бывае часам жорсткі, а неспекулятыўны рэалістычны падыход патрабуе ад аўтара, здараецца, і мужнасці.

Зацікаўленасць магчымасцямі выкарыстанная дакумента ў якасці літаратурнага матэрыялу, заглыбленне ў праблематыку гэтага пытання, усё часцей прыводзіць літаратуразнаўцаў да нечаканых высноў. Аказваецца, што “прырода дакумента як прызнанай гістарычнай крыніцы, якая дае аб’ектыўны выклад падзеі, падлягае сумненню. Дакумент толькі фіксуе тое, што ўяўляецца ісцінай яго аўтару, – адзін, далёка не адзіны пункт гледжання. Прапануючы варыянт, пісьменнік пераводзіць ісціну, што існуе, у разрад вымыслу, агульнапрынятая інтэрпрэтацыя падзей з’яўляецца…толькі адной з магчымых версій, аднак важна, што ні адзін з прапанаваных варыянтаў не замяняе яе, не робіцца прыярытэтным. Якая ж інтэрпрэтацыя сапраўдная?”[14]

Паказальная ў гэтым сэнсе дакументалістыка С. Алексіевіч, дзе аўтарскіх інтэрпрэтацый, па сутнасці, няма. У гэтым спецыфіка жанру. Аўтар задае структуру: тэматыку, кампазіцыйную будову і г.д. Выконваючы ў дадзеным выпадку своеасаблівую ролю пасрэдніка паміж аўтарамі споведзяў і чытачом, пісьменніца аддае апошняму права інтэрпрэтацыі, разгортваючы, як яна сама выказваецца, “кола за колам”, гісторыі лёсаў–дублёраў, якія складаюцца ў калейдаскапічны, але ў той жа час цэласны малюнак. Пры такім спосабе падачы матэрыялу, бадай, падставы для яго аб’ектыўнай інтэрпрэтацыі найбольш верагодныя.

У гэткім жа жанрава–кампазіцыйным ключы вытрымана кніга С. Алексіевіч "Чарнобыльская малітва". Тут трагічнае гучанне ўзмоцнена элементамі катастрафізму, пастаўленыя пытанні не знаходзяць адказаў, абсяг узнятых праблем мае шматузроўневую структуру: ад побытавых да анталагічных.

Чарнобыльская аварыя – з'ява ўсясветнага, а, магчыма, і касмічнага маштабу, уздзеянне і адлюстраванне гэтай падзеі праяўляецца ў самых розных сферах светапабудовы. Няма нічога дзіўнага ў тым, што беларуская літаратура 90–ых актыўна ўключылася ў асваенне надзвычай вострай і актуальнай тэмы паказу чалавечага жыцця, з'іначанага экалагічнай катастрофай. Побытавы, псіхалагічны, сацыяльны, філасофскі, духоўны, быційны ракурсы пісьменніцкага бачання ў творах І. Шамякіна, А. Адамовіча, В. Карамазава і іншых беларускіх празаікаў адлюстроўваюць складаную іерархію сутнасных уяўленняў пра магчымасці чалавечага духу, пра здольнасць яго супрацьстаяння стыхіі і хаосу. Вопыт мастацкага асэнсавання лёсаў людзей, якія апынуліся на шляху "раз'юшанага атама" ўзбагаціў айчынную літаратуру шматлікімі творчымі знаходкамі. Сапраўдныя факты і падзеі пакладзены ў аснову апавяданняў, аповесцей, раманаў, рэальныя людзі сталі прататыпамі літаратурных героеў.

П. Паліеўскі, аналізуючы розныя спосабы выкарыстання фактаў у спалучэнні з мастацкім, вымышленым матэрыялам, заўважае, што “лагічным працягам гэтага першага выкарыстання з’яўляецца іншы шлях – калі апавяданне пачынаюць будаваць ужо выключна з дакументаў. Ідэя яго простая: гэта спосаб пеленгатара. Факты расстаўлены адзін ад другога на вялікай адлегласці, аднак мысленна яны перакрыжоўваюцца ў адным пункце і намацваюць невядомы цэнтр”[15].

Так яно і адбылося з беларускай дакументальнай прозай, калі тая звярнулася да чарнобыльскай праблематыкі з намерам выказаць сваё бачанне і разуменне сітуацыі. Дакументальная аповесць В. Гігевіча і А. Чарнова "Сталі воды горкія", чарнобыльскія запісы А. Крыгі, Г. Лепіна, М. Капыловіча, нарысы М. Панковай і іншых амаль цалкам складаліся з размаітых дакументальных крыніц: лістоў, цытат, даведачных матэрыялаў, статыстычных дадзеных, тэкстаў дзяржаўных цыркуляраў, афіцыйных інтэрв'ю, занатовак прыватных размоў і г.д. Крок за крокам у іх прасочваецца ўзнаўленне падзей, якія адбываліся пад час аварыі і пасля яе. Асэнсаванне ідзе як праз ацэначны каментарый аўтара, так і праз змест саміх дакументальных матэрыялаў.

Пісьменнікі аператыўна адгукнуліся на актуальнае запатрабаваннае часу. З'яўленню іх твораў нярэдка папярэднічалі актыўныя выступленні з трыбун шматлікіх грамадскіх сходаў ці перыядычных выданняў. Дагэтуль помняцца словы, сказаныя В. Казько ў першае паслячарнобыльскае лета на адным з пасяджэнняў з'езда СП СССР. Альбо неаднаразовыя звароты А. Адамовіча да ўлад і кіруючых афіцыйных асоб з мэтай прыцягнуць увагу да маштабу трагічных падзей, якія разгортваліся ў краіне. 27 кастрычніка 1989 года "Літаратурная Расія" надрукавала матэрыял В. Якавенкі, у аснову якога быў пакладзены "Адкрыты ліст" у пракуратуру СССР і БССР, дзе было выказана патрабаванне аб крымінальным пакаранні асоб, вінаватых у прычынах чарнобыльскай аварыі і замоўчванні сур'ёзнасці яе наступстваў. 

Напачатку 90-х у часопісе "Маладосць" з’явілася аповесць В. Гігевіча і А. Чарнова "Сталі воды горкія"[16], цалкам пабудаваная на фактычным матэрыяле. Аўтары сабралі вялікую колькасць дакументаў афіцыйнага і прыватнага характару. Чым яны пры гэтым кіраваліся? "Мы паспрабуем даць аб'ектыўны малюнак развіцця падзей, звязаных з чарнобыльскай аварыяй, у якой адны бачаць непазбежную плату за выгоды навукова–тэхнічнай рэвалюцыі (успомнім словы высокапастаўленага чыноўніка ў першыя паслячарнобыльскія дні: "Навука патрабуе ахвяр"), другія – грознае папярэджанне за нашу амаральнасць, трэція – знак апакаліпсіса… Так ужо атрымалася, што, чым далей па часе, тым вастрэй і болей праблемы ядзернай энергетыкі пераплятаюцца з чалавечым лёсам: боль, хваробы, адчай і безвыходнасць у адных людзей, а ў другіх – цынізм, амаральнасць, кар'ерызм – усё гэта, сплеценае ў адзіны клубок, накацілася на наш народ разам з чарнобыльскай аварыяй. Мабыць, гэта і з'явілася асноўнай прычынаю, якая змусіла нас узяцца за гэтую тэму"[17], – адзначаецца ў прадмове да аповесці.

Сфармуляваная аўтарамі творчая задача сведчыць пра выразную сацыяльную накіраванасць твора. У кампазіцыйнай будове шырока выкарыстаны магчымасці дакументальна–мастацкіх жанраў: рэпартаж, эпісталярый, хроніка, магнітафонныя запісы размоў, копіі афіцыйных дакументаў, каментарыі, статыстычныя і даведачныя дадзеныя, фрагменты публікацый, цытаты – усё гэта пераканаўча выяўляе сур'ёзную фактаграфічную аснову твора. Такі шлях мастацкага асэнсавання пераконвае ў тым, што аўтары імкнуцца даследаваць праблему не столькі праз лёсы і гісторыі асобных людзей, колькі праз уздзеянне яе на грамадскі арганізм у цэлым, праз такія маштабныя групы фактараў як эканамічныя, сацыяльныя, экалагічныя, здароўе і бяспека насельніцтва, стан грамадскай думкі і г.д.

Паслядоўна і карпатліва адбываецца ўзнаўленне падзей першых паслячарнобыльскіх дзён – дакументы, факты, інтэрв'ю, занатоўкі прыватных размоў… І праз усё – неадступная думка-запытанне: як магло здарыцца такое – напрыканцы ХХ стагоддзя – у цывілізаваным свеце – у самым цэнтры Еўропы? І нават калі здарылася, чаму наймагутны інстынкт самазахавання не спрацаваў, адступіў перад інерцыяй адміністратыўна–каманднай сістэмы? 

Асэнсаванне ролі і месца грамадска–палітычных сувязей у жыцці постчарнобыльскага свету – з'іначанага, знявечанага, агаломшанага веданнем пра тое, што адбылося і здагадкай пра тое, што яшчэ адбудзецца – вось ідэйны стрыжань аповесці "Сталі воды горкія".

З іншага боку падышла да разгляду гэтай праблематыкі С. Алексіевіч. У сваёй "Чарнобыльскай малітве" яна засяроджваецца на псіхалогіі асобнага чалавека, гісторыі канкрэтных лёсаў, адчуванняў і эмоцый. Яе Чарнобыль – гэта зноў дзесяткі галасоў–споведзяў, спачатку запісаных на магнітафонную стужку, пасля – увасобленых у тэкст. "Што ж такое Чарнобыль? – задае пытанне С. Алексіевіч. – Нейкі знак? Ці ўсё ж такі гіганцкая тэхналагічная катастрофа, непараўнальная ні з чым, што здаралася раней? Гэта болей, чым катастрофа… Акурат спроба паставіць Чарнобыль у шэраг самых вядомых катастроф і замінае нам яго асэнсаваць. Мы быццам бы ўвесь час ідзем у падманным накірунку. Стары вопыт тут відавочна недастатковы. Пасля Чарнобыля жывем у іншым свеце, ранейшага свету няма"[18].

"Новы вопыт" Святланы Алексіевіч прымушае задумацца пра магчымасці дакументальнай літаратуры ў паказе жыццёвых з'яў, актуалізуе праблему эстэтыкі факта, суадносін праўды жыццёвай і праўды мастацкай, творчай арганізацыі і адбору матэрыялу. Асноўнай "адзінкай" свайго твора аўтарка робіць пачуццё, эмоцыю. Разгортванне падзей падаецца праз асэнсаванне і псіхалагічную матывацыю саміх удзельнікаў і сведак гэтых падзей. 

У гэтай сувязі зноў паўстае непазбежнае пытанне пра функцыю і спосаб існавання дакумента ў літаратуры. Факт заўсёды стаіць на службе дакладнага ўзнаўлення падзеі, аднак як быць з "рэканструкцыяй пачуцця", ці з'яўляецца яно фактам – фактам псіхалагічным? Пісьменнікі–дакументалісты, па усім відаць, сёння ўсур'ёз задумваюцца над гэтым пытаннем. Вось і С. Алексіевіч разважае: "Что ж тады дакумент? Сведчанні? Пэўна, гэта нашы адносіны з часам. Тады зноў жа пытанне: што застаецца ў выглядзе дакумента, што мае сэнс застацца? (…) Не важна ці не вельмі важна, не на першым месцы – “як гэта было”, а – што чалавек перажыў, адчуў, зразумеў пра самога сябе, дастаў з сябе пад час вайны, Чарнобыля, разлому, распаду. Мой факт – не падзея, а пачуццё, а сюжэт – жыццё. Я пішу гісторыю пачуццяў з надзеяй, што чалавек заўсёды хоча прачытаць пра іншага чалавека, а не пра вайну і пра Чарнобыль”[19]. 

“Літаратура факта” надзвычай востра ставіць праблему мастацкага адбору і інтэрпрэтацыі. Тут яна, можна сказаць, яшчэ больш складаная, чым у іншых дакументальных жанрах. Напрыклад, у аўтабіяграфічнай прозе аўтар, расказваючы пра сябе, асабіста зацікаўлены ў эстэтычна дыферэнцыраванай падачы матэрыялу. Да таго ж, ён – майстар слова. З “магнітафоннай” літаратурай інакш – яна ад пачатку мае справу з “галасамі”, людзьмі, у пераважнай большасці не падрыхтаванымі да прафесійнай працы са словам і інфармацыяй. Нярэдкія сітуацыі, калі перад аўтарам у працэсе працы над кнігай рубам паўстае пытанне: чаму аддаць перавагу – праўдзе жыцця ці законам мастацтва? 

Сапраўднае мастацтва ніколі не супярэчыць жыццю, яно вырастае з яго – гэта ведае кожны. Аднак існуюць спецыфічныя законы, згодна якіх жыццёвыя з’явы здольны гарманічна і натуральна пераўтварацца ў мастацкі вобраз. Як адбываецца такая трансфармацыя? Ці кожны пісьменнік сутыкаецца тут з цяжкасцямі? С. Алексіевіч гэта праблема, думаецца, хвалюе. Вось што яна піша: “Працуючы дзесяткі гадоў з дакументам, вельмі не давяраю таму, што называецца дакументам, таму што ўся каштоўнасць яго ў суб’ектыўнасці, у індывідуальнасці. А гэта яго ў нейкай ступені і разбурае. Для мяне выйсце – даць мноства лёсаў–дублёраў, кола за колам, яны адточваюць, адграньваюць, шліфуюць адзін аднаго. Застаецца – вобраз часу. Рух часу. Яшчэ адзін момант. Ці ёсць межы, да якіх дакумент можа рухацца, а далей – стоп? Там толькі мастацтва. З кнігі ў кнігу я спрабую рассунуць і межы жанру, і межы дакумента, для мяне няма таго, пра што дакумент не мог, не меў права сказаць. Мой вопыт: дакумент павінен жыць па законах мастацтва”[20].

Думаецца, тут неабходна ўсё ж невялікае ўдакладненне. Безумоўна, няма той праўды, якую не здольны занатаваць дакумент: дзелавы, крымінальны, навуковы і г.д. Але ці кожны дакумент мае права стаць фактам мастацтва і жыць па яго законах? Бадай, усё ж такі, не. Не кожны. З гэтага вынікае складанасць аўтарскага адбору і адказнасць за яго.

Данііл Гранін пісаў пра гісторыю стварэння “Блакаднай кнігі”: “Калі мы працавалі, мы адзін другога падтрымлівалі ўпэўненасцю ў тым, што ніякіх забароненых рэчаў для літаратуры не існуе. І нас “падтрымлівалі” ў гэтым сэнсе Леў Мікалаевіч Талстой, Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі і іншыя сабрацці і калегі. Няма нічога забароненага ў літаратуры! Пра ўсё можна расказаць! 

Гэтак дык гэтак, аднак мы сутыкнуліся з такімі страшнымі гісторыямі, што нават сёння не ўсё можна расказаць. Мы, натуральна, запісвалі, аднак гэта было невыносна. І гэту невыноснасць, гэты натуралізм жыцця блакаднага прапанаваць чытачу немагчыма, ёсць нейкія межы і ў літаратуры”[21]. 

І ўсё ж такі: што, уласна кажучы, можна без аглядкі, з поўнай упэўненасцю назваць дакументальным літаратурным матэрыялам (дакументалістыкай)? Фатаграфічны адбітак падзеі, сітуацыі, увасоблены ў слове? Так, бясспрэчна. А як быць, напрыклад, з падрабязна–пратакольным, дакладным апісаннем пачуцця, эмоцыі, думкі? У ім таксама нічога не прыдумана: праўда жыцця, праўда адчування. Ці можна з поўным правам назваць дакументальнай, напрыклад, мініяцюру француза Філіпа Дэлерма “Яблычны водар”, дзе ён з ювелірнай дакладнасцю імкнецца перадаць кожны рух эмоцыі, думкі, асацыяцыі: “Спускаешся ў скляпенне. І раптам… Гэта пахнуць яблыкі, раскладзеныя для прасушкі на перакуленых скрынках для садавіны. Ты захоплены знянацку. Не чакаў і не прасіў, каб гэтак апякло душу. Аднак позна. Яблычны водар, як хваля, накрыў з галавой. І ўжо не зразумела, як ты мог жыць без гэтага саладкавата–корсткага напаміну пра дзяцінства?

Няма нічога смачнейшага за гэтыя ашэрхлыя кавалачкі: на першы погляд сухія корачкі, аднак кожная адтулінка набрыняла згушчанай слодыччу. Але есці іх не хочацца. Каб няўлоўная стыхія паху не пераўтварылася ў лёгка пазнавальны смак. Сказаць, што патыхае вельмі прыемна ці вельмі адчувальна? Не ў гэтым справа. А ў адчуванні ўнутраным – гэта пах шчаслівай пары. У ім школьная восень. Вось ты схіліўся над сшыткам і фіялетавым чарнілам выводзіш літары. Дождж барабаніць у шкло, наступіў доўгі вечар.

Аднак яблычны водар не толькі памяць аб мінулым. Ён будзіць думкі пра былы росквіт, свежасць, пра прапахлае сялітрай скляпенне ці цёмнае гарышча. І перажыць, захаваць гэта трэба зараз і цяпер. Засталіся ззаду высокая трава і вільготнае паветра сада, наперадзе гарачы смерч, які імкнецца ў чарнату. Гэты пах увабраў у сябе ўсе чырвоныя, карычневыя адценні, усю кіслату зялёных. У ім выцяжка з далікатнай і крыху ашэрхлай скуркі. Як перасохла ў горле, аднак гэтай смагі – ты ж ведаеш – не спатоліць. Нават калі ўпіцца зубамі ў белую мякаць яблыка. Трэба было б самому стацца кастрычнікам, земляным долам і нізкімі зводамі скляпення, дажджом, чаканнем. Водар ябыкаў пакутлівы. Пах і смак сапраўднага жыцця, той няспешлівасці, якой мы ўжо не вартыя”[22].

Праўда адчування – гэта, безумоўна, таксама факт, пры гэтым факт неапасродкаваны, вольны ад асаблівасцей адстароненай інтэрпрэтацыі, праяўлены ў тэксце ў гранічным адзінстве суб’ектна–аб’ектных адносін. Той, хто адчувае, і той, хто перадае, апісвае гэта адчуванне, супадаюць у адной асобе, удзельнік і назіральнік не аддзелены адзін ад аднаго дыстанцыяй адрознасці ацэначных крытэрыяў. Роля інтэрпрэтатара ў дадзеным выпадку зводзіцца да мінімума. Увага сканцэнтравана на дакладнай перадачы асацыятыўна–падзейнага плану, і ў дадзеным выпадку вартае захаплення ўмельства аўтара адчуць і перадаць энергетыку моманта – “згустка жыцця”, скандэнсаванага ў адным імгненні. Не кожнаму гэта пад сілу, і тут сапраўды патрэбны талент абвострана–пільнага погляду на жыццё, псіхалагічна–вытанчанай нюансіроўкі прозы. “Я глыбока захапляюся.., – пісаў Дж. Фаулз з падобнай нагоды, – амаль метафізічнай здольнасцю выказаць тое, што абазначаецца паняццем “тут і цяпер”, надзвычай важнай здольнасцю перадаць вокаімгненнасць і рэальнасць цяперашняга”[23]. 

Думаецца (тут я зноў вяртаюся да дакументалістыкі С.Алексіевіч), што аўтарцы было істотна менавіта гэта: праз сведчанні "галасоў" спыніць імгненне, не даць адысці ў мінулае жывому чалавечаму пачуццю. Гэта так. Але вось пра што думаеш, чытаючы "Чарнобыльскую малітву": ці патрэбны ўсе шматлікія, часам залішне разгалінаваныя і паглыбленыя (не ў пачуццё, у нешта іншае!) падрабязнасці, старанна захаваныя ў тэксце? Ці не патрабуе гэты матэрыял больш строгай і пільнай аўтарскай працы па адбору і арганізацыі? Калісьці ж А. Адамовіч і Д. Гранін, працуючы над "Блакаднай кнігай", спыніліся, адчулі мяжу, за якой факт ператвараецца ў антымастацкую з'яву. Est modus in rebus[24]. Магчыма, залішняя дэталізацыя замінае цэласнаму бачанню: гэтаксама, як пільнае разгляданне кожнай зморшчынкі і плямкі разбурае гармонію ўспрымання прыгожага твару.

Чарнобыльская рэальнасць сапраўды жорсткая і пераважна пазбаўлена таго, што мае хаця б невялікае дачыненне да эстэтыкі. Кожны з аўтараў штораз вырашае для сябе нялёгкую задачу: што зрабіць прадметам мастацкага адлюстравання, што абазначыць агульнымі абрысамі, а што – наогул пакінуць за кадрам. У "Чарнобыльскім лабірынце" А. Крыгі, напрыклад, у эпізодзе, дзе расказваецца пра неўладкаванае жыццё перасяленцаў, ёсць жудасная па сваім змесце замалёўка пра тое, як пацукі з'елі старую жанчыну. Вытрымліваючы апісанне на выразна трагічнай ноце, аўтар усё ж свядома пазбягае фізіялагічных падрабязнасцей, у нейкі момант перапыніўшы аповед горкім уздыхам: "Не дай божа пісаць пра такое…"[25] Думаецца, А. Крыга добра адчуў меру, пакінуўшы чытачу самому дамысліць гэты эпізод, спыніўшыся на той мяжы, калі ўяўленне ўжо "запушчана" ў пэўным накірунку і пры жаданні можа дамаляваць карціну.

“Чарнобыльская малітва”С. Алексіевіч, па сутнасці, як і ўсе яе ранейшыя кнігі – пра надзвычайныя абставіны, пра чалавечае існаванне на той мяжы, калі чалавек робіць складаны, часам трагічны выбар. Галоўнае месца аддадзена асобе, але не столькі яе ўзаемасувязям са знешнім светам, колькі вывучэнню яе глыбінных пластоў. Наогул, гэта адлюстроўвае агульную тэндэнцыю гіперіндывідуалізму, якая ўзмацнілася апошнім часам, а дагэтуль некалькі дзесяцігоддзяў адсутнічала ва ўсходнеславянскіх літаратурах.

Трохі гісторыі. На рубяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў ва ўсходнеславянскім грамадстве набывае гранічнае выяўленне працэс індывідуалізацыі асобы. “Слова асоба фігуруе паўсюль, ім натхняюцца белетрысты, пра яго шмат гавораць крытыкі, ім карыстаюцца і злоўжываюць з усякай нагоды”[26], – гэта цытата выразна характарызуе статус тагачаснай грамадскай думкі ў адносінах да тэндэнцыі індывідуалізацыі свядомасці. Чалавек, які шукае сэнс і духоўнае апірышча ў самім сабе, робіцца самадастатковым. “У адпаведнасці з рацыяналізацыяй чалавечай свядомасці пашыраецца працэс індывідуалізацыі чалавека (калісьці паяднанага з усімі праявамі быцця), працэс адасаблення і адчужэння чалавека і свету. Як гэта ні парадаксальна, аднак менавіта рацыяналізм, які навучае чалавека кіраваць светам, спачатку адабраў у чалавека гэты свет, а пасля адабраў у чалавека і апошні яго прытулак у гэтым свеце. Я маю на ўвазе Бога”[27]. 

Сапраўды, ваяўнічы атэізм, які скрозь прайшоў амаль праз ўсё ХХ стагоддзе, змяніў сутнасныя арыенціры паводзін асобы. Траўміраваная прырода чалавека шукала іншых форм выяўлення анталагічных узаемадачыненняў.

З гэтага адчування супрацьстаяння асобы і навакольнага свету (таксама тут мелі значэнне і глабальныя грамадска–палітычныя змены) з 20–х гадоў мінулага стагоддзя пачынае развівацца супрацьлеглая тэндэнцыя, якая вядзе да фарміравання феномену масавай, калектывісцкай свядомасці, характэрнай адзнакай якой з’яўляецца дэіндывідуалізацыя асобы, яе уніфікаванасць.

Перабудовачныя і постперабудовачныя працэсы запускаюць у 80–90-я гады своеасаблівыя кампенсацыйныя механізмы, і ўвага да індывідуальнасці пачынае выяўляцца выразна і адкрыта. Аднак побач з традыцыйнымі літаратурнымі формамі пераважна эпічнага кшталту, якія ўгрунтаваліся яшчэ напачатку стагоддзя, з’яўляецца вялікая колькасць твораў, заснаваных на пэўнай суме прыёмаў самааналізу. І рэч тут не столькі ў прадмеце самой зацікаўленасці нашай літаратуры (антрапацэнтрычная сутнасць яе застаецца нязменнай), колькі ў змяненні самога прынцыпу гэтай зацікаўленасці. Цэнтрабежная прырода мастацкага космасу (інтарэс да жыцця, якое цячэ, віруе, разгортваецца вакол чалавека) усё часцей выглядае як цэнтраімклівая (інтарэс выключна да ўнутранага жыцця асобы). “Паводзіны чалавека літаратура паказвала заўсёды, значыць, этыка была для яе ўнутраным, структурным пачаткам. Суадносіны гэтыя паўстаюць у літаратуры ў формах бясконца шматлікіх”[28].

Няма нічога дзіўнага ў тым, што звыклы прыём расказвання гісторыі выцясняецца сёння больш кідкімі, эпатажнымі формамі. Як і ў тым, што іх эстэтыка – больш агрэсіўная, дзейсная – разбурае старыя стэрэатыпы, ствараючы на іх месцы новую мастацкую рэальнасць. Рэальнасць гэта не лепшая і не горшая, яна – іншая, і, безумоўна, мае сваё права на сцвярджэнне і існаванне. Але ў гэтым адмаўленні ад старадаўняй звычкі “расказваць гісторыі” крыецца небяспека страціць умельства бачання іншага чалавека. Засяроджаная самазаглыбленасць, рэфлектыўнае самасузіранне інтравертнай асобы ставяць чалавека ў такія псіхалагічныя ўмовы, калі ён губляе ключ да разумення асяроддзя. Гэткі гіперіндывідуалізм мае сваім вынікам страту вопыту адэкватнага ўспрымання свету, апрыёрныя гульні з элементамі свядомасці і ўнутранага жыцця вядуць, як ні дзіўна гэта гучыць, да выразнай дэпсіхалагізацыі. Умельства зразумець асобны чалавечы лёс дае пісьменніку магчымасць данесці да чытача сваю асабістую праўду і разуменне свету. Гіперіндывідуалізм знішчае магчымасць псіхалагічных сыходжанняў. Знікае элемент пазнавальнасці, губляюцца пункты судакранання, праз якія звычайна адбываюцца кантакт і ўзаемадзеянне аўтарскага і чытацкага мікракосмаў.

Аднак зноў вернемся да "магнітафоннай літаратуры", дзе прыём "расказвання гісторыі" якраз-такі працуе, і працуе ў чыстым выглядзе: кожны "голас" непасрэдна расказвае сваю гісторыю. Элементы гіперіндывідуалізацыі можна назіраць тут у празмерных падрабязнасцях, якія не нясуць істотнай сэнсавай і мастацкай каштоўнасці, маюць прыватнае значэнне для канкрэтнай асобы. Пра гэта ўжо гаварылася, як і пра тое, што ў гэтай сувязі вельмі актуальнай робіцца праблема эстэтыкі факта.

У "Чарнобыльскай малітве" надзвычай выразна праяўляюцца адносіны аўтара і герояў з часам. Тое, якім чынам мастак асэнсоўвае час, выяўляецца перш за ўсё ва ўсведамленні свайго места ў гэтым часе. Зразумела, што вызначэнне аўтарскай пазіцыі адносна такой надзвычай важнай, фундаментальнай катэгорыі непасрэдна адлюстроўваецца ў саміх творчых задачах, задумах і памкненнях. У аўтарскіх раздзелах "Гістарычная даведка" і "Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі" відавочна акрэсліваецца повязь часоў: цяперашняга, мінулага, будучага. Час асэнсоўваецца як каштоўнасць і як рэальнасць. 

Іншая справа – героі споведзяў. Тут можна весці гаворку хутчэй пра знішчэнне часавых бар'ераў, пра канцэпцыю “антычасу” – калі час пераадольваецца чалавечай памяццю, успамінамі, вяртаннем да мінулага. Яны ўсе – ацалеўшыя ліквідатары, іх жонкі, дзеці, бацькі – ў прошласці. Сёння існуе дзеля ўспаміна пра ўчора. У заўтра стараюцца не зазіраць – у некаторых яго проста няма. Праз дзесяць гадоў пасля аварыі Ніна Канстанцінаўна Жаркова ўспамінае: "Наша жыццё круціцца вакол… Вакол Чарнобыля… Дзе тады быў, наколькі далёка ад рэактара жыў? Што бачыў? Хто памёр? Хто ад'ехаў? Куды?.. Чарнобыль цяпер з намі штодня. Нечакана памерла маладая цяжарная жанчына. Без дыягназа, паталагаанатам не паставіў дыягназ. Маленькая дзяўчынка павесілася. Пяцікласніца. Без дай прычыны. Маленькая дзяўчынка… На ўсё адзін дыягназ – Чарнобыль, што б ні здарылася, усе кажуць – Чарнобыль"[29]. Муж Ніны Канстанцінаўны працягвае яе маналог: "З майго пункту гледжання, мы – матэрыял для навуковых доследаў… Міжнародная лабараторыя… Запісвай дадзеныя, эксперыментуй… Едуць да нас адусюль… Абараняюць дысертацыі… З Масквы і Пецярбурга… З Японіі, Германіі і Аўстрыі… Яны рыхтуюцца да будучыні… (“Доўгі перапынак у размове”)"[30].

Шмат чаго змясцілася ў гэты доўгі перапынак. Напамін пра будучыню будзіць нямала невясёлых думак у тых, хто шчыльна сутыкнуўся з чарнобыльскай рэальнасцю. Людзі зазіраюць у саміх сябе з надзеяй знайсці адказы на свае пытанні: "Неяк я пачуў ці прачытаў, што праблема Чарнобыля стаіць перад намі як праблема самапазнання. З гэтым я згадзіўся, гэта супала з маімі пачуццямі. Я ўвесь час чакаю, што нехта разумны мне ўсё растлумачыць. Як тлумачаць, навучаюць мяне наконт Сталіна, Леніна, бальшавізму. Ці без канца далдоняць: "Рынак! Рынак! Свабодны рынак! А мы… Людзі, выхаваныя ў свеце без Чарнобыля, мы жывем з Чарнобылем"[31].

Хтосьці задае пытанні, хтосьці сам шукае адказы, хтосьці адчайваецца, хтосьці спадзяецца… Свет Чарнобыля расказвае пра сябе галасамі людзей, якія спрабуюць усвядоміць і растлумачыць, што адбылося з імі і як жыць з гэтай бядой далей: "Чарнобыль… У нас іншага свету ўжо не будзе… Спачатку, калі вырвалі глебу з–пад ног, выплёсквалі гэты боль шчыра, а зараз прыйшло ўсведамленне, што іншага свету няма, і падзецца няма куды. Адчуванне трагічнай аседласці на гэтай чарнобыльскай зямлі, зусім іншае светаадчуванне"[32].

Чалавечая асоба ў чарнобыльскім свеце асэнсоўвае сябе праз шматлікасць падзей, на фоне якіх разгортваецца яе існаванне. Адным з самых важных кампанентаў гэтай падзейнай рэальнасці з'яўляецца ўчынак. Праз учынак (ён жа факт) асоба асвойвае рэчаіснасць і асэнсоўвае свет: “Ва ўчынку – увесь чалавек. Менавіта праз учынак мы пазнаем хаду, характар і сутнасць усёй унікальнасці Іншага… Учынак заўсёды маральна афарбаваны. Кожны ўчынак альбо “апускае” ўніз у маральнай шкале каардынат, або падымае. Кожны ведае, што гэта за шкала. Індыкатар адзін – сумленне. Учынак нараджаецца. Ён нараджаецца з душэўнага хаоса (унутраны план) і жыццёвай мітусні (знешні план). Хаос і мітусня – вобласць спроб і памылак… Сумненне і ўнутраная барацьба ёсць папярэднікі ўчынка”[33].

Надзвычай важна ўсведамляць, што ўчынак – гэта факт адначасова як псіхалагічнага, так і падзейнага характару. Праз яго адбываецца працэс самаўсведамлення асобы. 

Асоба ў навакольным свеце – праз сведчанне дакумента і мастацкага факта – гэта і ёсць сутнасны акцэнт, сэнсавая дамінанта любога дакументальна–мастацкага твора. Любая грамадская з’ва, у рэшце рэшт, мае дачыненне да чалавека і ад яго дзейнасці залежыць, таму што ў аснове заўсёды ляжаць рашэнні і ўчынкі канкрэтных чалавечых асоб.

Сувязі чалавека і грамадства – адзін з асноўных ідэйных контрапунктаў публіцыстыкі В. Быкава. Апошняя прыжыццёвая кніга пісьменніка “Доўгая дарога дадому”[34] – аўтабіяграфічны экскурс у мінулае, асэнсаванне жыццёвага шляху, спакроўленага з творчасцю. Кожны мемуарны твор надзвычай выразна люструе асобу аўтара, дае выключныя магчымасці для самавыяўлення. Кніга В. Быкава – не выключэнне. Сэнсавыя дамінанты і акцэнты – радок за радком, старонка за старонкай – выбудоўваюць тую карціну, за якой беспамылкова ўгадваецца асоба аўтара, яго памкненні, прынцыпы, прыярытэты, перакананні. Ад самага пачатку – з дзяцінства – пісьменнік усведамляе сябе часткай той нацыянальнай лучнасці, якая ўзгадавала яго талент. У сваім аўтабіяграфічным творы В. Быкаў выступае перш за ўсё як носьбіт і выразнік беларускай ідэі. Сацыяльны і нацыянальны кампаненты твора значна пераўзыходзяць іншыя – псіхалагічны, эстэтычны, нават аналітычны. Можна бачыць тут недахоп, але, думаецца, у гэтую семантычную архітэктоніку твора закладзены разумны, свядома вызначаны сэнс: дамінуюць тыя сутнасныя аспекты, якія маюць для пісьменніка найбольшую значнасць. Ці апраўдана такая аўтарская суб’ектыўнасць? У любым выпадку, пісьменнік мае права на сваю пазіцыю, на гранічнае самараскрыццё, на грамадзянскі ўчынак, якім, у рэшце рэшт з’яўляецца кожная з яго кніг.

В. Быкаў беспамылкова адчувае болевыя пункты, праблемныя сутарэнні, і там, дзе іх асабліва багата, яны сыходзяцца ў сваесаблівыя полюсы трывогі і болю, якія няспынна падаюць сігналы бедства, прыцягваюць аўтарскую ўвагу, заклікаюць чытача да роздуму і саўдзелу. 

Кніга “Доўгая дарога дадому” – класічны прыклад адэкватнага самавыяўлення творчай асобы, мастакоўскай пазіцыі, пісьменніцкага крэда. Чытачы, сябры, блізкія людзі ведаюць менавіта такога Быкава. І ў сваіх творах, і ў жыцці ён заўсёды ішоў напрасткі, імкнуўся да паказу гранічнай праўды жыцця ў літаратуры, і пры гэтым ніколі не абмяжоўваўся толькі мастацкімі задачамі, не зачыняўся ў сценах свайго рабочага кабінета. Быў пісьменнікам з актыўнай, выразна акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй, ішоў упоравень з часам, здаралася, у нечым нават і апярэджваў яго. 

На вечары-сустрэчы з нагоды 70-гадовага юбілею ў маі 1994 года В. Быкаў адказваў на пытанні сваіх чытачоў і прыхільнікаў. Разважаў пра логіку гісторыі, лёс культуры, долю чалавека, літаратуру, палітыку, родную мову, творчую моладзь, мастацтва як выказнік часу… На пытанне пра суаднесенасць таленту з грамадскай пазіцыяй пісьменніка ён адказаў: "Апроч таленту ёсць яшчэ і маё грамадзянскае сэрца. Калі я бачу, што ў жыцці адбываецца несправядлівасць, ці магу я абысціся толькі літаратурнымі здольнасцямі, без палітычных памкненняў? Талент – вельмі важна для гісторыі мастацтва, але для мяне суб'ектыўна грамадзянская каштоўнасць чалавека пераўзыходзіць яго мастацкую каштоўнасць".

Вядомы крытык і літаратуразнаўца Міхась Тычына, аўтар прадмовы да шасцітомнага Збору твораў В. Быкава (выйшаў з друку напачатку 90–х), высока ацаніў заўсёдныя творчыя і грамадзянскія намаганні выдатнага беларускага празаіка "вярнуць нашу краіну ва ўлонне еўрапейскай цывілізацыі, аднавіць даўнія сувязі нашай культуры з скарбамі агульначалавечай культуры… В. Быкаў, – падкрэсліваецца ў прадмове, – ад самага пачатку добра ведаў, што літаратура ствараецца не на адзін дзень, што яе жыццё вымяраецца самае малое дзесяцігоддзямі і што кожны твор жыве тым даўжэй, чым глыбей выяўлена ў ім праўда часу. Пісьменнік вывеў беларускую літаратуру на еўрапейскую арэну, аб чым заўсёды марылі яе класікі – ад М. Багдановіча да І. Мележа".

Кніга “Доўгая дарога дадому” свядома фактаграфічная: яна ўтрымлівае вялікую колькасць інфармацыі знешне–падзейнага плану і амаль пазбаўлена аўтарскіх рэфлексій. В. Быкаў – той пісьменнік, у творах якога выразна ўвасобіўся беларускі дух, нацыянальны характар, маральна–этычны ідэал. Ідэя "мастацтва дзеля мастацтва" была яму чужая і непатрэбная, ён разумеў свой абавязак як служэнне людзям і слову, прычым заўсёды падкрэсліваў першаснасць гуманістычнага пачатку: "Кожны свой радок, кожнае слова і вобраз пісьменнік павінен адрасаваць народу, выказваць ягоныя клопаты і ягоны боль і рабіць гэта з гранічнай праўдзівасцю… Яшчэ трэба памятаць, што талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду, якая ёсць у гісторыі кожнага народа. Канешне, няма ніякай гарантыі таго, што аўтара неадкладна засыплюць кветкамі.., але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму той жа народ паставіць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада".

Сёння, калі выдатнага пісьменніка Васіля Быкава ўжо няма з намі, балюча адгукаецца ў сэрцы праўдзівасць гэтых слоў.

Філасофскія паняцці свабоды і свабоднага выбару заўсёды мелі надзвычай важнае значэнне і для Быкава–грамадзяніна, і для Быкава–творцы. Аповесці "Жураўліны крык", "Здрада", "Трэцяя ракета", "Альпійская балада", “Мёртвым не баліць”, "Воўчая зграя", "Круглянскі мост", "Дажыць да світання", "Знак бяды", "Сотнікаў", "Абеліск", "Пайсці і не вярнуцца" ды іншыя – не проста хранікальны альбо сюжэтна аформлены пераказ ваенных падзей. Гэта заўсёды гісторыя трагічнага чалавечага лёсу, экзістэнцыяльнага выбару паміж Дабром і Ліхам, Жыццём і Смерцю, Зямлёй і Небам, Свабодай і Няволяй – на напятай, напружанай мяжы. У пазнейшых быкаўскіх творах тэматычныя арыенціры часам змяняюцца, аднак нязменным застаецца ключавы аўтарскі прыём – паказ галоўнага героя ў экстрэмальнай сітуацыі, праз якую выяўляецца галоўны сэнс жыцця.

Пра што б ні пісаў В. Быкаў у сваім аўтабіяграфічным творы – пра вайсковую службу на далёкаўсходнім востраве, “парослым хвояй ды бамбуком”, або пра кангрэс, еўрапейскай пісьменніцкай арганізацыі КОМЭСА ў Рыме, дзе ён “з некаторым здзіўленнем слухаў глыбокадумныя выступы Сартра, рэжысёра Антаніёні, Джона Карла Вігарэлі, якія гаварылі зусім ня так і не пра тое, што мы прывыклі чуць на радзіме”[35], – пісьменнік нязменна задаецца пытаннем пра разумнасць і мэтазгоднасць таго, што адбываецца вакол яго, пра тое, што вылучае яго родную Беларусь і беларусаў сярод іншых мясцін і людзей. Тэма нацыянальнага самасцвярджэння – скразная ў аўтабіяграфічнай кнізе В. Быкава. Ключавое паняцце тут для пісьменніка – свабода, якую ён разумее як найбольшую маральна–фізічную каштоўнасць, дадзеную кожнай жывой істоце фактам яе нараджэння. “Усё жывое карыстаецца той каштоўнасцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным свеце арганічнага існавання. Апроч хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасць, яму наканавана прайсці праз хітрасплецены лабірынт жыцця, а то і застацца ў адным з яго тупікоў. І там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элементарнае мэты біялагічнага існавання”[36]. В. Быкаў з горыччу разважае пра “непераможную сілу няволі, зь якой нацыя звыклася, параднілася, ад якой адступаць рызыкова”[37]. Пісьменнік узгадвае Томаса Венцлову, які пісаў, што найвялікшы патрыятызм праяўляецца ў тым, каб змагацца з комплексамі сваёй нацыі. У гэтай сувязі ён зноў звяртаецца да стану роднай мовы, да той сітуацыі, у якой апынулася беларуская культура на рубяжы двух тысячагоддзяў. В. Быкаў упэўнены ў неабходнасці прынцыповай і паслядоўнай пазіцыі ў дачыненні да мовы, якая, ”паводле Генрыха Бёля, ёсць апошняе апірышча свабоды”[38].

Вось і ў публіцыстычных і эсэістычных творах У. Арлова нязменна гучыць гэты грамадзянскі клопат, сацыяльна–гістарычная дамінанта заўсёды прысутнічае ў яго роздуме пра жыццё. Асабліва гэта адчуваецца ў тых падарожных нататках, якія расказваюць пра замежныя вандроўкі пісьменніка (“Рэквіем па нясвіськім сале”, “За бугром, за рэчкай”, “Гамсахурдзія – наш чалавек”, “Не гуляйце каля статуі Свабоды”,”Тунэль з Серабранкі ў Берлін”, “Няхай жывуць гановерскія вароны!” і інш.) Не таму, вядома, што вандруючы, напрыклад, па Латвіі, і разважаючы пра тэорыю этнасаў Л. Гумілёва і геапалітычнае становішча Беларусі, ён (як гісторык па адукацыі) выяўляе прафесійны падыход, а таму, што звычайны чалавечы боль па–грамадзянску свядомай асобы нагадвае пра сябе і тады, калі сакратарка адной з устаноў у Рызе “не захацела разумець ніякіх тлумачэнняў і адказвала толькі па–латыску”[39], і тады, калі ў мінскай краме “разлезлая злая кабеціна параіць табе гаварыць “па–чалавечаску нармальным языком” і, пашкадаваўшы, растлумачыць, што “эта называіцца сахер”[40]. Так і не вырашыўшы праблему, “што ўсё ж лепей – быць параднай брамаю азіяцкай імперыі ці задворкамі эўрапейскай цывілізацыі?”[41], У. Арлоў вяртаецца да роздуму аб нацыянальнай годнасці беларусаў з твора ў твор.

Літаратурная практыка канкрэтнага народа напрасткі звязана з асаблівасцю яго гістарычнага шляху, з тыпам і структурай сацыяльнасці, з палітычнымі і культурнымі адметнасцямі. Усё гэта разам з’яўляецца праяўленнем ментальнасці нацыі, дзе сыходзяцца глыбінныя ўзроўні нацыянальнай, калектыўнай і індывідуальнай свядомасці.

У літаратуры ментальнасць вызначае асноўныя арыенціры і прыярытэты, стварае нацыянальны вобраз свету. Адной з зыходных умоў фарміравання беларускай ментальнасці з’яўляецца знаходжане Беларусі паміж некалькімі цывілізацыйнымі (Усход – Захад) і этнічнымі (украінцы, рускія, літоўцы, латышы, палякі) арэаламі. Сутыкненне розных светапоглядных сістэм і асіміляцыйныя працэсы, што спрадвек адбываюцца на гэтых тэрыторыях, на працягу доўгага часу з’яўляюцца прадметам пільнай зацікаўленасці навукоўцаў. На думку Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча), вядомага беларускага філосафа, “ваганне паміж Захадам і Усходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго, ні да другога з’яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народа”[42]. Такая катэгарычнасць падаецца не зусім апраўданай, ва ўсякім разе на фоне рэальнай геапалітычнай сітуацыі сённяшняга дня. Слушныя высновы, думаецца, робіць Э. Дубянецкі, які справядліва ўлічвае ўплывы асіміляцыйных працэсаў. “Унікальнась Беларусі заключаецца ў тым, – піша ён, – што яе адначасова можна адносіць як да заходняй, так і ўсходняй цывілізацыі, і ў той жа час нельга ў поўнай ступені лічыць ні той, ні другой. Як сведчыць гістарычны шлях Беларусі, наша Бацькаўшчына, можна сказаць, творча перапрацоўвала заходнія і ўсходнія уплывы, перарабляла іх на свой густ, на свой лад. Акрамя таго, у пэўнай ступені па–за межамі заходніх і ўсходніх уплываў знаходзілася вусная народная творчасць беларусаў. Бо многія жанры фальклору склаліся яшчэ ў старажытнасці, у язычніцкія (паганскія) часы, калі яўна акрэсленых адрозненняў паміж рознымі этнічнымі супольнасцямі, хутчэй за ўсё, не было. Такім чынам, беларуская культура існавала адначасова як у кантэксце заходняй і ўсходняй цывілізацыі, так і па–за гэтым кантэкстам”[43].

У гэтай сітуацыі варта мець на ўвазе тое, што значная частка “беларускага кансерватызму” ідзе ад агульнага ўсходнеславянскага караня і тых асаблівасцей, пра якія яшчэ ў ХІХ стагоддзі слушна пісаў А. Чаадаеў: “Адна з самых сумных прыкмет нашай своеасаблівай цівілізацыі праяўляецца ў тым, што мы ўсё яшчэ адкрываем ісціны, даўно вядомыя ў іншых краінах і нават у народаў, значна болей за нас адсталых. Справа ў тым, што мы ніколі не ішлі разам з іншымі народамі, мы не належым ні да аднаго з вядомых сямейств чалавечага роду, ні да Захаду, ні да Усходу, і не маем традыцый ні таго, ні іншага. Мы стаім як бы па–за часам, сусветнае выхаванне чалавечага роду на нас не распаўсюдзілася. Цудоўная сувязь чалавечых ідэй у пераемнасці пакаленняў і гісторыі чалавечага духу, якія прывялі ва ўсім астатнім свеце да сучаснага стану, на нас не зрабілі ніякага ўздзеяння. Па сутнасці, тое, што здаўна складае саму сутнасць грамадства і жыцця, для нас яшчэ толькі тэорыя…”[44] 

Асоба і нацыя – сапраўды лёсавызначальны праблемны стык, асабліва ў нашым беларускім кантэксце. Добра помніцца дынаміка грамадскіх рэакцый і рэцэпцый, спрычыненых з’яўленнем на старонках перыядычнага друку матэрыялаў арганізаванага ПЭН-цэнтрам міжнароднага кангрэса ў абарону дэмакратыі і культуры "Посттаталітарнае грамадства: асоба і нацыя”, які прайшоў 18–20 траўня 1994 года ў Доме творчасці “Іслач” пад Мінскам. Тэксты А. Вярцінскага, С. Законнікава, В. Кіпеля, У. Коласа, Я. Сверсцюка, М. Чаклайса і інш. сведчаць пра сур’ёзную занепакоенасць адносна стану культуры і грамадства. “Сітуацыя, у якой мы апынуліся, дае нам унікальную магчымасць пачаць выпрацоўваць новыя этычныя прынцыпы для культуры, адукацыі, мас–медыя на ўзроўні, які патрабуе новае тысячагоддзе, асэнсаваўшы і адкінуўшы памылкі і хібы, якія мы звыкла і бяздумна імкнемся захаваць”[45], – было прамоўлена з высокай трыбуны. На жаль, сёння, праз дзесяць з лішнім гадоў пасля гэтай сустрэчы, большасць праблем так і засталася нявырашанай. 

Асаблівасці і заканамернасці грамадскага развіцця шмат у чым звязаны з адметнасцю нацыянальнага характару. Справядліва заўважана, што “нацыя – гэта “макраантрапас” (Наваліс), і зразумець яе можна прыкладна гэтаксама і ў гэткай жа ступені, у якой можна зразумець асобнага чалавека. У яе таксама ёсць характар, іншымі словамі больш ці менш устойлівае спалучэнне псіхічных асаблівасцей, і ў той жа час яна зменлівая і шматстайная”[46].

Дакументалістыка мае ў сваёй аснове факт, дакумент, што дае падставы гаварыць аб ёй як аб жыццёва праўдзівай, а значыць, рэалістычнай, літаратуры. Лепшыя ўзоры гэтага жанру дапамагаюць прасачыць і зразумець гэтыя сувязі і асаблівасці як узаемазалежнасць нацыянальнага характару і сацыяльных працэсаў. Задача няпростая. Як пісаў вядомы вучоны Г. Гачаў, “нацыянальны характар народа, думкі, літаратуры – вельмі “хітрая” (…) матэрыя… Менш за ўсё паддаецца нацыянальная своеасаблівасць лабавому наступу: калі робіш спробу падступіцца да яго з акрэсленымі формуламі і вызначэннямі”[47]. 

Вядома, што працэс самаўсведамлення асобы (у тым ліку і нацыянальнага) адбываецца пры дапамозе факта: падзейнага, псіхалагічнага, інфармацыйнага. Па сутнасці, факт можа разглядацца як будаўнічы матэрыял, з якога расце і развіваецца асоба: праз успрыняцце факта, яго ацэнку, інтэрпрэтацыю, высновы, якія робяцца ў выніку асэнсавання, праз канкрэтны ўчынак (таксама факт) – асоба робіць свой выбар, фарміруе каштоўнасці, стыль і спосаб жыцця.

Існуе вялікая спакуса для чалавечай свядомасці – імкненне мадэляваць свет у строга зададзеных межах канонаў і каштоўнасных катэгорый. І толькі факт, у тым ліку псіхалагічны, надзелены неаспрэчнай здольнасцю пераконваць, разбураць устойлівыя стэрэатыпы. 


[1] Staiger E. Die Kunst der Interpritation. S.10. Спасылка даецца па выданні: Немецкое философское литературоведение наших дней: Антология. СПб., Изд-во СПб. Университета, 2001, с.45.

[2] Джон Фаулз. Кротовые норы / Иностранная литература. 2002, №1, с.262.

[3] Послание к Римлянам, гл.7, стих 19, 21.

[4] Рабинович В.Л. Философское образование и образование философа / Наука и образование на пороге ІІІ-го тысячелетия. Минск 2001,с.541.

[5][5] Лотман Ю.М. Внутри мыслящих миров / Москва, Языки русской культуры, 1999, с.324.

[6] Там жа, с.304.

[7] Гранин Д. История создания «Блокадной книги». / Дружба народов, 2002, №11, с.159.

[8] Переписка: Макс Фриш- Фридрих Дюреннматт / Пер. с немецкого, вступление и комментарии Е.Кацевой, Иностранная литература, 2002, №9, с.219.

[9] Там жа, с.219.

[10] Жакоте Ф. Самосев. Книга вторая. Записные книжки 1980-1994 / Иностранная литература, 2002, №9, с.194.

[11] Там жа, с. 190.

[12] От структурализма к постмодернизму: Французская семиотика, Москва 2000, с.17.

[13] Пушкин А.С., Собр. соч. в 10-ти томах, Москва 1974, Т.2., с.248.

[14] Е.Тарасова. Феномен Джулиана Барнса, Иностранная литература, 2002, №7, с.268.

[15] Палиевский П. Пути реализма, Москва 1974, с. 97.

[16] Гігевіч В., Чарноў А. Сталі воды горкія / Маладосць, 1990, № 4 – 7.

[17]Там жа, с.6.

[18] Алексиевич С. Чернобыльская молитва / Нёман, 1997, №3, с.24.

[19] “Круглый стол”: Мемуары на сломе эпох / Вопросы литературы, 2000, Январь-февраль, с.37.

[20] Там жа, с.41.

[21] Гранин Д. История создания «Блокадной книги». / Дружба народов, 2002, №11, с.160.

[22] Филипп Делерм. Первый глоток пива / Иностранная литература, 2002, № 7, с.177-178.

[23] Джон Фаулз. Кротовые норы / Иностранная литература, 2002, №1, с.258.

[24] Ёсць мера ў рэчах (лат).

[25] Крыга А. Чарнобыльскі лабірынт / Полымя, 1990, №4, с.152.

[26] Цыт.па кнізе: Русская литература конца ХІХ–нач.ХХ в. (1901–1907), Москва 1971, с.93.

[27] Черкасский В.Б. Опрокинутые в пустоту, Москва 1999, с.10.

[28] Гинзбург Л. О психологической прозе, Ленинград 1977, с. 442.

[29] Алексиевич С. Чернобыльская молитва / Нёман, 1997, №3, с.63.

[30] Там жа, с.66.

[31] Там жа, с.67.

[32] Там жа, с.74.

[33] Протоиерей Борис Ничипоров. Времена и сроки. Книга первая: Очерки онтологической психологии, Москва .2002, с.56-57.

[34] Быкаў В. Доўгая дарога дадому, Мінск 2002.

[35] Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Мінск 2002, с.242.

[36]Там жа, с.535.

[37]Там жа, с.538.

[38] Там жа, с.538.

[39] Арлоў У. Мой радавод да пятага калена, Мінск 1993, с.121.

[40] Там жа, с.84.

[41] Там жа, с.119.

[42] Канчэўскі І. Адвечным шляхам (Даследзіны беларускага сьветапогляду) // Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава 1998, с.248.

[43] Э.Дубянецкі. Уплыў заходняй і ўсходняй цывілізацый на беларускую культуру // Нацыянальныя пытанні. Мінск 2001, с.16-17.

[44] Чаадаев П.Я. Полн.собр.соч. и избр. письма, Москва 1991, Т.1., с.323.

[45] Колас У. Мас-медыя ва ўмовах транзіту: прага незалежнасці і цана свабоды. / Посттаталітарнае грамадства: асоба і нацыя. // Полымя, 1995, №3, с.144.

[46] Каграманов Ю. Снять с глаз привычные пелены / Дружба народов, 2002, №9, с.172.

[47] Гачев Г. Национальные образы мира, Москва 1988, с.55.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster