БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

Колеры ў вершах Наталлі Арсенневай

Ала Петрушкевіч
Гродна


Паэзія Наталлі Арсенневай 20 – 30-х гадоў – гэта праўдзівае мора красы і светласці, дзе асацыятыўныя хвалі набягаюць, змяняюць адна другую праз змены настрояў, пачуццяў, што вельмі часта перадаецца праз змены колераў, фарбаў, малюнкаў. Жывапісны пачатак яе паэзіі магутны: гэта сапраўды “захварбаваныя” вершы.

Паэзія і жывапіс у аснове сваёй, бясспрэчна, маюць шмат агульнага, бо і ў адным, і ў другім відзе мастацтва галоўнае не столькі адлюстраванне, колькі адухаўленне вакольнага свету. «І ў пейзажным жывапісе, як і ў лірыцы прыроды (у паэзіі), адлюстроўваюцца імгненныя станы, адценні інтымнага пачуцця, паэтычнага настрою» [1, с. 146]. У паэзіі творца, малючы словам, непасрэдна выкарыстоўвае і выяўленчыя магчымасці колеру.

Колеравая палітра лірыкі Н. Арсенневай уражвае не столькі багаццем і разнастайнасцю, колькі адчуваннем высакароднай гармоніі колеру, адметнасцю каларыту — колеравай пабудовы — паэтычнага вобраза. Часцей яе вершы нешматколерныя, вытрыманыя ў блізкіх, роднасных колерах, у адной колеравай гаме. Таму магчыма гаварыць пра калярызм яе паэзіі — тонкую нюансіроўку тонаў у межах збліжанай колеравай гамы.

Самы ўлюбёны колер ранняй лірыкі Н. Арсенневай — сіні. Як і ў Максіма Багдановіча. Недарэмна ж назва першай кнігі «захварбавана» гэтым колерам — «Пад сінім небам». Выявы сіняга і ягоныя пералівы знаходзіць паэтка і ў нябеснай высі, і ў зямных, прыродных вобліках, і ў чалавечых пачуццях: сіняе неба, сінія далі, сіняе мора, сіні змрок, сінія кветкі, сіняя сцень, сіняя палоска бору, сіняя туга, сіняя вада, сіняе бязмежжа, сіняя хустка змяркання, нябёснае сіняе поле, сіні туман, сінія пальцы елак, сіняе палатно нябёс, сіні змрок, сіні дым, блакітнае мора, блакітныя палосы нябёс, цёмна-сінія фіялкі, сіняй хваляй клубяцца туманы, сіняватыя сцені, імгла сіняватых палетак. 

Гэты колер набліжае да святла і чысціні, узмацняе адчуванне далікатнай пяшчоты, зачароўвае хараством, суцяшае, лечыць. Згадаем гісторыю пра Блакітны горад, расказаную рускім мастаком-падарожнікам К. Пятровым-Водкіным [2, с. 496].

Зачынны верш першага зборніка, як і ў выключна ва ўсіх кнігах Н. Арсенневай, мае тую ж назву — «Пад сінім небам». Ян Чыквін адзначае, што паэтка ўзяла гэтую назву «насуперак склаўшайся літаратурнай традыцыі даваць загалоўкі зборнікам цалкам бязрадасныя» [3, с. 45]. З гэтым нельга згадзіцца. Хіба назвы вяршынных паэтычных кнігаў — «Вянок», «Шляхам жыцця» — М.Багдановіча і Я.Купалы цалкам бязрадасныя? Гэтак як і традыцыйныя адбагушэвічаўскія — «Скрыпка беларуская» Цёткі ці «Жалейка» і «Гусляр» Я. Купалы? Згадаем і кнігу З. Бядулі «Пад родным небам». Сіняе неба — гэта Храм, дзе пануюць светласць і краса, летуценні, натхненне, бясконцасць і несмяротнасць. Традыцыйна гэты колер лічыцца халодным, але паэтка якраз і насычае яго здольнасцю лячыць стомленыя душы. Колеравую палітру складаюць усяго тры блізкія па светавой гаме колеры: сіні (сіняе неба), шэры (шэрая зямля), белы (белыя крылы летуценняў). Неба — крыніца святла, радасці, натхнення:

Пад сінім небам усё іначай —
здаецца сьветлым, як сны, жыцьцё,
такім нязнаным, дзіўным, узьлётным,
жыцьцём-натхненнем бязь сьлёз, турбот.
У сінях неба нясьмяротных
бясконцым сьвятам сплывае год. [4, с. 7]

Зямное, нявечнае, недасканалае — шэрае — супрацьпастаўлена высокаму, значнаму, прыгожаму — сіняму. А вырвацца з шэрай будзённасці, ад зморы, зла і няветласці дапамагаюць белыя крылы. Сапраўды, белая фарба тут, як і ў жывапісе, «з’яўляецца выратавальніцай, што аддзяляе адну форму ад другой» [2, С. 501] — зямное гібенне і нябеснае ўзвышэнне. 

У Н. Арсенневай сустракаем сапраўдныя «сінія» вершы, пабудаваныя на выяўленчых магчымасцях гэтага колеру і яго пераліваў. Узнікае ўражанне, што гэтай бясконцай сіняве цесна ў рамках паэтычнага радка. Адсюль — шматлікія паўторы як імкненне расшырыць межы, насыціць сваім святлом усё навокал, дасягнуць бясконцасці, вышыні і глыбіні: «Неба сіняе, сіняе, сіняе… // Ані межаў у ім, ані дна» [4, с. 27], «Тонкай мглой, абвязаліся сінія далі, // сінія-сінія далі на ўзьмежжы нябёс» [4, с. 27], «Сінія, сіняе неба бясконца, // шчыра вясёлае, яснае сонца…» [4, с. 27].

Часам адзін і той жа колер паэтка напаўняе розным зместам, бо ён выклікае розныя пачуцці. Так, у вершы «Летуценні» сіні ўспрымаецца традыцыйна — халодны. І зусім не таму, што паўдзённае неба ці мора насамрэч халодныя, а таму, што яны не саграваюць душу, не будзяць пачуццяў: «Тамака сэрца маўчыць» [4, с. 9].

Поруч з сінім найчасцей ужывае Н. Арсеннева, залаты, жоўты колер. Залаты — гэта сама дасканаласць, багаце, краса: золата кос, залатое святло, залатая восень, цэркваў залатыя галовы, залатая хваля сонца, сонца залатое, залатыя краскі, залаты цвет, залатыя клёны, жоўтыя бярозы, залатая нітка сонца, залатыя жыты, жоўтая восень, жоўты лог, залатыя галіны кляноў, настольнікам, золатам тканым, паслаліся жытнія нівы, міргаюць свечкі жоўтым ззянем, залатыя расніцы, жоўтай пенай аслізлых лістоў, вільготная жоўтая мгла, жоўтыя пожні, залатая пушча, залатыя песні. Відавочна, тут маем справу з «метафарычнай калярыстыкай» [8, с. 52], калі на першым плане — жывапісная вобразнасць, у аснове якой колеры і камбінацыі колераў. Асабліва гэта характэрна паэтам-імпрэсіяністам.

Многія даследчыкі творчасці Н. Арсенневай падкрэсліваюць імпрэсіяністычны характар яе лірыкі, дзе дамінуе акцэнт на першасны пачуццёвы вобраз, зменлівасць, плыннасць з’яваў, часовасць, імгненнасць уражанняў. Так, Л. Савік адзначае, што «дамінавальнымі» ў вершах паэткі ёсць змены «ў бясконца рухомай, жывой прыродзе, што выклікае ў чалавека адпаведныя пачуцці, а ў паэта — шматгранныя, рознакаляровыя і шматгукавыя асацыяцыі» [5, с. 59]. Ян Чыквін падкрэслівае, што «яе паэтычную індывідуальнасць ярка высвечвалі ўнутраныя параметры «жыцця душы»: узвышаная складанасць пачуццяў, вытанчанасць духоўных каштоўнасцей, эмацыянальная далікатнасць. «Жывая душа» паэтэсы натуральна рэагавала найперш на такое ж па далікатнасці, вытанчанасці і ўзвышанасці жыццё прыроды — і пачынаўся творча-эмацыянальны рэзананс» [3, с. 56-57]. Вылучае гэтую адметнасць лірыкі паэткі і Л. Тарасюк: «Тут варта звярнуць увагу на імпрэсіяністычнасць мастацкага пісьма… Уражаннямі ад багатых праяў навакольнага свету поўніцца яе душа, і ў глыбіні гэтай душы збіраецца якісь цэльны вобраз хараства, зачаравання» [6, с. 201]. Невыпадкова аўтар слоўніка «Тэорыя літаратуры ў тэрмінах» В. Рагойша ў якасці прыкладу да артыкула пра імпрэсію бярэ верш Н. Арсенневай «Завея».

Можна гаварыць пра жывапісны імпрэсіянізм лірыкі паэткі, бо надзвычай часта пералівы, змены пачуцця перададзены ёю праз змены колераў. Адбываецца тое ж, што і ў жывапісе, дзе «для імгненнага зроку колер набывае выключную значнасць, бо ён у першую чаргу вызначае сабою характар агульнага ўражання» [7, 208].

Верш «Новая зіма» ўспрымаецца як імпрэсіяністычны абразок, дзе сутыкаюцца два колеравыя ўзоры: адзін вытканы «мастацкай рукою» зімы, другі — вясновым росквітам:

Зноў сінее зімовая далеч,
зноў зяленяцца змрокі, як лёд,
і гарыць пурпуровай эмаляй
няжывы і халодны заход…
А нядаўна, здаецца, учора,
на блакітных палотнах нябёс
ткалі шоўкам зялёным вузоры
маладыя галіны бяроз… [4, с. 59]

Першы ўзор выклікае пачуццё змрочнае. Адчуванне халоднай беспрытульнасці ствараецца найперш праз ужытае ў неўласцівым значэнні адценне гарачага чырвонага колеру — пурпуровы. У гэтую метафарычную калярыстыку ўведзена слова з штучнага, нежывога, непрыроднага свету — эмаляй, якое поруч з насычанымі адмоўнай энергіяй адмірання прыметнікамі нежывы і халодны выклікае адчуванне ледзянога холаду. 

Зялёны змрок, зялёнае неба (верш «Калі») — гэта не прыдуманыя ўяўленнем паэткі вобразы. Сапраўды, чырвоны колер заходу адкідае зялёныя промні. «Зялёны промень, убачаны старажытнымі егіпцянамі на гарызонце пасля заходу сонца, стаўся для іх колерам жалобы, як водбліск з падземнага царства смерці, — гэты зялёны, бачны і сёння, промень дапаўняе чырвань сонца, што знікла за гарызонтам» [2, с. 498]. Невядома, ці ведала пра гэта Н. Арсеннева, але ў вершы сваім дакладна гэтак, як і людзі ў старажытнасці, адлюстравала і зялёнае неба на захадзе, і той мёртвы холад, што выкліканы карцінай дзённага сыходу. 

Жоўты колер пакідае сіні цень. Мо таму гэтак часта сустракаем у вершах Наталлі Арсенневай гэтае дасканалае спалучэнне — залатое і сіняе. Гэтыя колеры поруч з чырвоным — галоўныя ў вясёлцы. Больш за тое, у пэўны час «Гётэ прапанаваў лічыць галоўнымі толькі два колеры: сіні і жоўты» [2, с. 296]. У адным з ранніх, светлых, яркіх, «сонечных» вершаў «Люблю я сонца залатое» перакрыжоўваюцца гэтыя два колеры: залаты (сонца) і сіні (сцень). Гэта іх цудоўнае перапляценне стварае настрой незвычайнай радасці, пяшчоты, калі ўсё ўспрымаецца праз прызму кахання. Наогул, як адзначала Л. Тарасюк, у многіх вершах гэтага часу «пераважае радасны, жыццесцвярджальны настрой маладосці, калі ўвесь свет успрымаецца ў светлых, чыстых вобразах вясны» [6, с. 248]. Адчуванне святла ў свеце прыроды пераносіцца ў душэўны стан самой гераіні. Прырода выступае крыніцай, жыватворным пачаткам, які магутна ўплывае на чалавека. Крыніцай святла і яснасці, што значна пераважаюць змрочнае, цёмнае, хмурнае ў ранняй лірыцы паэткі: празрысты блакіт, светлы дзень, ясны заход, празрыстыя хмары, светлыя ночы, яркія красак у садзе маністы, ясныя косы промняў, неба празрыстае, светлая сіла, светлыя ясныя мары, светлыя сны, яснае сонца, ясны вечар.

Часцей за ўсё залаты колер скарыстоўвала паэтка дзеля стварэння карцін яркага восеньскага адцвітання. Так, першая страфа верша «Восень» (рытарычнае пытанне) цалкам пабудавана на пералівах фарбаў залатой восені, гарачых, яркіх, прыгожых колераў агню і сонца:

Як не любіць мне восень залатую,
калі праз вопратку асін густую
тон прабіваецца чырвоны, слаўны тон,
і ў золаце стаіць маўклівы, пышны клён? [4, с. 14].

Малюнак надзвычай выразны найперш дзякуючы яркасці каляровай палітры. Цэнтр карціны абазначаны вобразам залатога клёну, які яшчэ ўсё багаты валадар, што аднак жа ведае пра хуткаплыннасць красы, прадчувае холад і страты, адсюль — «маўклівы».

Наступная карціна — цалкам кантрастная па колеравым выкананні: ні аднаго жывога, гарачага тону. Сокі жыцця марнеюць, пакідаюць зямлю. Таму гэткі размыты, невыразны ўвесь малюнак, дзе не вылучаецца ні адна дэталь, дзе ўсё бачыцца праз непраглядную прызму туману і павуціны: «… на ніву зжатую, пустую // ліецца уначы, як малако, туман, // і павучыньне скрозь на хмызьняку палян» [4, с. 14].

Паэтка часта выкарыстоваўвае пералівы колераў, што стварае карціну рухомую, жывую, пластычную. Яна змяняецца на вачах, змяняецца і пачуццё-настрой. Звычайна гэта колеры няяркія, спакойныя, далікатныя: «Хвалі на жыце лунаюць… // колер зялёны на срэбны мяняюць, // срэбны на сіні, сівы» [4, с. 28], «З шэрай вышы, і чысты і белы // сьнег густы паляцеў, паляцеў» [4, с. 54], «Дзень дапаліўся вятраны, // сінімі робяцца белі // даляў чужых і нязнаных »[4, с. 59].

Часам сустракаем нечаканыя, смелыя колеравыя кантрасты. Палітра траціць адзінства калярыстычнай гамы. Знікае адчуванне суладнасці, паслядоўнасці, чаканай зменлівасці, руху ў адным напрамку, калі нейкі адзін колер, бы іншароднае цела, разрывае сплеценыя каляровыя карункі:

Запалілі ў прысадах каштаны
сьвечкі белых, пахучых кветак.
Там, далёка ў даліне туманнай,
сьпіць імгла сіняватых палетак,
а над ёю хінуцца ўзгоркі,
гіне шэраю пасмаю далеч,
на заходзе — шнурком пацёркаў
зьзяюць хмараў чырвоных каралі [4, с. 56].

Ужо праз інтанацыю (працяжнік у цэнтры радка не абумоўлены правілам) чытач (тут лепей пасуе — глядач) як бы папярэджваецца пра рэзкі пераход, паварот. Здзіўляе багацце не толькі розных камбінацый колераў (белы, сіняваты, шэры — чырвоны), але і формаў, абрысаў (даліна, палетак, узгорак, далеч — пацеркі, каралі). 

Чырвоны колер не надта пашыраны ў лірыцы Наталлі Арсенневай. Ён выкарыстоўваецца ў выключна метафарычнай калярыстыцы. Часцей такімі бачацца з’явы і прадметы прыроднага свету, перафарбаваныя промнямі захаду: чырвоная асіна, чырвоныя камлі хваін, чырвоныя хмары, зорныя чырвоныя агні, чырвоны пажар захаду, рэкламаў пыл чырвоны, чырвоны блеск асенні захад // праз рэдкі кужаль хмараў цэдзіць. Тое ж можна сказаць і пра блізкі ў колеравай гаме да чырвонага ружовы (у Н. Арсенневай варыянт — рожавы), які сустракаецца яшчэ радзей. Усяго пяць разоў у дзвюх кнігах: рожавая імгла, рожавы захад, ружовае полымя, ззяюць хмары рожавым агнём, пылам ружовым здаюцца аблокі.

Чырвоны колер сваёй насычанасцю, яркасцю спрыяе стварэнню вобразнасці экспрэсіўнай, выразнай. Верш “Вячэрняя містэрыя” афарбаваны ў чырвонае, агністае. Ад асобных кропляў-згусткаў чырвані (ягады шыпшыны, кветкі маку) праз кругавыя абрысы (вянок, сонца) і распрамленне іх на ўсю бачную воку прастору (захад) аж да самаспалення, самазнішчэння (пажар) — такі рух “колеравага сюжэту” гэтага насычанага ўнутраным драматызмам твора, жанр якога паэтка вызначыла як містэрыю:

Сплёў вечар вянок прамяністы
з шыпшыны і макаў чырвоных,
у небе завесіў прачыстым,
на ясных нябёсных загонах…
А сонцу вянок спадабаўся
у чырвані сонцу да твару…
Так захад у хварбы прыбраўся,
так вечар заняўся пажарам. [4, с. 57]

Асаблівым драматызмам насычаецца вобраз, калі замест слова чырвоны выступае яго адценне — эмацыйна-афарбаванае крывавы:

Між камлямі хваінаў чырвонымі
зьзяў крывавы асеньні заход.
Далячынямі неба прадоннымі
выплываў белых зор карагод. [4, с. 16]

Тут асабліва відавочна тая “ратавальная” ўласцівасць белага колеру, пра што вялося вышэй. Спакойны, ураўнаважаны белы — пасланец неба — быццам тушыць той крывавы пажар, што захапіў у свае абдымкі ўсё на зямлі і пры ёй.

Белы колер звычайна або дапаўняе далікатную колеравую палітру, перамяжоўваючы з сінім, блакітным, сівым, срэбраным: белыя ночы, белы пыл, як туман серабраны, белаю воўнай авечак устаюць туманы з сенажаці, белы лёд, белы бляск, белым статкам пасуцца таполі, белыя рукі бяроз, белыя абыймы туманаў, белы пух вярбін; або ўраўнаважвае гарачыя жоўты, чырвоны: белыя зоры, свечкі белых пахучых кветак, белае полымя, белы месяц; або выступае ў сваёй іпастасі, самадастатковы, паўналадны, як гаспадар наваколля, цэлага свету, які пануе над усім, моцны і — лёгкі, бязважкі, дыктуе настрой, паўналадны; белы аснежаны свет, белае захапленне, белая пустка, белы сад, снежная мяцеліца… белая пасцеля, белы пух вярбін і тапалёў. Асабліва паказальны ў гэтым плане верш «Завея» — праўдзівая зімовая імпрэсія, дзе імгненныя пералівы, зрухі ў зімовай прыродзе падкрэсліваюцца і праз розныя «адбеленыя» часціны мовы: дзеяслоў, прыметнік, назоўнік, якія «сутыкаюцца» ў адным радку, узмацняюць адзін аднаго:

«Месца, месца,
волі, волі!»
Мкне у месьце,
мкне у полі,
беліць вочы белай беляй
гнеўна-сьпеўная завея… [4, с. 58]

Паэтычныя паўторы, дасканалы гукапіс, дынамічны рытм, колеравая палітра — усё гэта дазваляе пачуць і музыку снежнай стыхіі і ўбачыць жывапісную карціну.

У паэзіі з’явы і прадметы рэальнага свету «перафарбоўваюцца» ў нехарактэрныя для іх колеры, што і стварае метафарычную калярыстыку. Гэта дакладана тлумачыцца наступным: «Калі мастак ці паэт шукае ў прыродзе, у яе бясконца разнастайных фарбах і гуках адлюстраванне свае мары, свайго эстэтычнага ідэалу, то тады нават самая цудоўная натура падасца недасканалай. Ён не задаволіцца «рэальнасцю». У яго абавязкова з'явіцца патрэба ў зрокавую праўду ўнесці «праўду мастацтва», выканаць усё тое, што жыве ў ім самім» [1, с. 142–143]. Зрэшты Н. Арсеннева неаднойчы падкрэслівала, што гэта не яна малюе фарбамі: яна толькі ўважліва назірае, як тое робіць нябачным пэндзлем Вечны Мастак — Творца: “Вабіць неба хварбай залатою” [4, с. 53], «Вечар неба хварбуе ў гарачыя тоны, // чыстым золатам густа залоціць рабіны» [4, с. 29], «Дзень дапаліўся, і цемра нядбала // ў шэрасьці хварбы жывыя схавала». [4, с. 54], «А захад згарае у зьменных адценньях // прадзіўнае хварбы шыпшыны жывой»[4, с. 60]. Гэта ўжо створаныя карціны — акварэлі (недарэмна паэтка часта ўжывае словы з лексікі жывапісцаў):

Чырваняй кволай, старой акварэлі
клёны й асіны ў лесе гарэлі. [4, с. 54]

Колеравая палітра Наталлі Арсенневай не будзе поўнай, калі не згадаць яшчэ адзін, улюбёны і Багдановічам, колер — срэбраны: срэбныя вербы, рожы серабрыстыя, срэбныя краскі на шыбах, срэбны пух лазнякоў, срэбная золкасць, срэбная снежная імгла, срэбнай стужкай туман-пустацвет, гнуткія лозы срэбны размотваюць пух, срэбны палец начы, змрок густы й серабраны, месяц мокры і срэбраны, серабраныя ночы, серабранае павучынне. Часам гэты колер настройвае на штосьці “зіхотка-рухомае і чароўнае ў прыродзе” [9, с. 183], у іншых выпадках — гэта прыгожы, але халодны адбітак жывой красы. 

Непаўторны цуд прыроднага свету, сатканы з колераў, — вясёлка. Н. Арсеннева не абыйшла яго сваёй увагай. Для яе гэта — мост між створаным чалавекам і прыродным:

Лягла вясёлка мастом трымцівым,
мастом, сатканым з колёраў кволых,
ад мокрых сцежак, ад росных ніваў
у бор сасновы, сівы й вясёлы.

Вясёлка — чыстая, далікатная, “нясталая” краса, нязвычная казка, нянасная краска. Вясёлка — гэта і мост у паднебную вышу, у нязнаныя далі, у дзіўную краіну маны і надзеі. Гэты нябесны цуд ніколі не пакідае абыякавым душы, чулыя да красы. Недарэмна свой аповед пра колер К. Пятроў-Водкін пачынае з дзіцячых уражанняў ад вясёлкі, з чаго ён і пачаўся як мастак: “У ёй не хапала для мяне матэрыяльнасці, яна ўзнікала і знікала, як міраж, а побач з тым яе колеравы акорд быў такім рэальным, што хацелася дабегчы да яе і ўхапіцца за колеравыя кольцы» [2, с. 495].

Дасканаласць паэтычнага малюнка не ў апошнюю чаргу ствараецца праз колеравую палітру, адметнасць, арыгінальнасць якой у лірыцы Наталлі Арсенневай відавочная. 


Літаратура

1. К.Н. Григорьян, Пейзаж в русской живописи и поэзии // Литература и живопись, Ленинград 1982, с. 127–146.
2. К. Петров-Водкин, Хлыновск. Пространство Евклида. Самаркандия, Ленинград 1982.
3. Я. Чыквін, Між Вільняй і Рочэстэрам (Творчасць Наталлі Арсенневай) // Далёкія і блізкія / Беларускія пісьменнікі замежжа, Беласток 1997.
4. Н. Арсеннева, Між берагамі. Выбар паэзіі Н.Арсенневай, Нью-Ёрк 1979.
5. Л. Савік, «Жывём Айчынай мы…» Наталля Арсеннева // Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа, Мінск 2002, с. 40–127.
6. Л. Тарасюк, Пад небам паэзіі: Творчасць Наталлі Арсенневай 20–30-х гг., Полымя, 1996 № 6, с. 247–257.
7. Н. Дмитриева, Изображение и слово, Москва 1962.
8. А.Ф. Лосев, Проблема вариативного функционирования живописной образности в художественной литературе // Литература и живопись, Ленинград 1982, с. 31–65.
9. І. Багдановіч, Авангард і традыцыя. Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння, Мінск 2001.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster