БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс N* 9 / 2005 г.

АПОВЕСЦЬ ВАСІЛЯ ПЕТРУЧУКА “ПОЖНЯ” Ў КАНТЭКСЦЕ КЛАСІКІ 
(“ЦІХАЯ ПЛЫНЬ” МАКСІМА ГАРЭЦКАГА)

Анатоль Раманчук 
Гродна


Васіль Петручук увайшоў у беларускую літаратуру Польшчы як празаік, аўтар спавядальнай аповесці «Пожня». 

Біяграфія Петручука настолькі ж тыповая, наколькі па-свойму і унікальная. Рос будучы пісьменнік без маці, у дзіцячыя гады зведаў усе цяжкасці і няшчасці сірочага жыцця. Служба ў войску, а пазней праца ў рэдакцыі «Нівы» фарміравалі і ўмацоўвалі характар свядомага патрыёта. Першае апавяданне В. Петручука «Закалядаваў» было надрукавана ў 1975 годзе на Літаратурнай старонцы «Нівы». Гэты дэбютны твор запачаткаваў аповесць «Пожня». Варта адзначыць той факт, што падтрымліваў Петручука напачатку яго літаратурнай творчасці вядомы ўжо на той час пісьменнік Сакрат Яновіч. Па сведчанні аўтара, аповесць «Пожня» была закончана ў 1979 годзе і надрукавана спачатку па-польску. Толькі ў 1987 годзе яна выйшла на беларускай мове ў Беластоку, а ў 1991 годзе – у Мінску.

Жанр «Пожні» вызначаецца даследчыкамі (А. Марціновіч, С. Андраюк і інш.) як аповесць у апавяданнях. Па спосабу паказу жыцця, крытычным падыходзе ў адлюстраванні заходнебеларускай рэчаіснасці 20 — 30-х гадоў ХХ стагоддзя аповесць В. Петручука стаіць побач з творамі Янкі Брыля, Вячаслава Адамчыка і іншых беларускіх пісьменнікаў. Тыя ж змрочныя карціны гаротнага сялянскага бытавання, нялюдскія ўмовы, якія проста расчалавечваюць асобу, дэвальвуюць любыя гуманістычныя і маральныя каштоўнасці. Аўтар «Пожні» абраў правераны шлях аўтабіяграфічнага расповяду, калі падзеі развіваюцца ў храналагічнай паслядоўнасці. Акрамя таго, зазначым, што самыя разнастайныя праявы рэчаіснасці падаюцца ў творы праз прызму ўспрыняцця не дарослага чалавека, а менавіта дзіцяці, а пазней – падлетка Васіля. Гэта асоба, якая яшчэ толькі фарміруецца і таму актыўна ўспрымае самыя розныя ўплывы і ўздзеянні. У беларускай літаратуры на час стварэння «Пожні» існавалі падобныя творы – «Сірочы хлеб» Янкі Брыля, «Адзін лапаць, адзін чунь» Міхася Стральцова і інш. Аднак, думаецца, аповесць В. Петручука па свайму ідэйна-сэнсаваму і эмацыянальна-экспрэсіўнаму зместу максімальна набліжана таксама і да твораў Цёткі, а найперш да аповесці Максіма Гарэцкага «Ціхая плынь». Зразумела, што па мастацка-стылёвых прыкметах дадзеныя творы значна розняцца, але іх збліжэнне, думаецца, адбываецца на іншых узроўнях – праз генетычна закладзеныя дамінанты мастакоўскага светаўспрымання. 

Наіўны, як любое дзіця, герой “Пожні” Васіль з прастадушнай шчырасцю расказвае пра жахлівыя ўмовы і бесчалавечныя адносіны да сябе. Праз прыватныя моманты жыцця няшчаснага сіраты, а ёсць у яго родны бацька і мачыха, выразна праглядаюць тыповыя абставіны існавання заходнебеларускага селяніна. Уладзімір Гніламёдаў, аналізуючы аповесць, адзначыў: “Петручук паказвае сваіх герояў з такой бязлітаснай праўдзівасцю, на якую хто іншы не надта і здольны. У выніку – добрая мера рэалізму, зайздросная паўната ахопу ўнутранай псіхалогіі (і фізіялогіі!) чалавека і тых, часцей за ўсё, змрочных акалічнасцей жыцця, сярод якіх ён знаходзіцца”.

Гэтак жа, як і Хомка з ”Ціхай плыні” ці Міхаська з аднайменнага апавядання Цёткі, хлопчык Васіль па сваёй натуры вельмі добры. Ён, бесперапынку адчуваючы і пераносячы абразы і пабоі, гатовы паспачуваць галоднаму сабаку, здольны любіць сваіх жорсткіх родных. Гэтым Васіль і нагадвае гаротнага Цётчынага Міхаську. Не бачачы дабра ад акаляючых людзей, маленькі чалавек змушаны хаваць у душы дабрыню і любоў. Падзеі ў аповесці падаюцца як бы ў двух планах асэнсавання: уласна ўражанне ад перажытага і ўспамін аб гэтым уражанні. Зразумела, што ўспамінае-згадвае ўжо сталы чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, сур’ёзнай адукацыяй, усталяванымі прынцыпамі. Менавіта ён — герой-апавядальнік, творчая асоба, інтэлігент і патрыёт, які спрабуе як мага выразней узгадаць мінулае, як мага паўней перадаць стан душы чалавека, адначасова абазначыць вектар асэнсавання, расставіць акцэнты. Так выяўляецца і мяжа паміж дарослым і дзіцём. Вяртаючыся праз успамін у малечыя гады, сталы герой як правіла рэфлексуе і разважае, для яго той час напоўнены складаным комплексам эмоцый і пачуццяў, перажыванняў і спадзяванняў, крыўд і радасцей. 

“Пара, на якую не варта забывацца. Хто счарствеў, пагінуў у будзёншчыне, – у дзіцячыя гады быў вялікім музыкаю… і даўлела яму, быў замысел і была радасць… Надышлі гады жыццёвага амбарасу і бясконцага дурнога клопату – і знішчылі творчую радасць, растапталі дыямант у пабітым шкле, з паэта зрабілі быдліну», – са скрухай разважае ў «Ціхай плыні» Максім Гарэцкі.

Рэчаіснасць, якая ўвесь час атачае няшчаснае дзіця, героя «Пожні» В. Петручука, паказана з той жа натуралістычнай праўдзівасцю і псіхалагічнай глыбінёй, якія мы знаходзім у творах класіка. Пахмурная зацятасць, абыякавая жорсткасць і ўспышкі некантралюемай раз’юшанасці характарызуюць мужчын і жанчын у аповесці «Ціхая плынь». Самая асноўныя рыса практычна кожнага героя — увесьчасная спахмурнеласць, выразна адбітая на твары і на ўсім знешнім вобліку чалавека. «Асаблівы чалавек яго бацька. Ён усё маўчыць, як рыбіна, ён заўсёды нейкі хмуры… Але што заробіць – усё і пойдзе, як вада скрозь рэшата, немаведама куды. Будынкі яго гніюць і валяцца, статак не вядзецца. І злосны ж ён бывае часамі страшна», – характарызуе М. Гарэцкі бацьку свайго героя. 

Заходнебеларускі селянін, якога малюе Петручук, амаль заўсёды несвядома гатовы ўчыніць злое і бесчалавечнае. С. Яновіч неяк заўважыў, што гэта «тайна тайных нашага «я». Такое «я», магчыма, выглядае зусім не сімпатычна, аднак гэта – рэаліі псіхалогіі і нацыянальнага характару». Блізкія ў «Пожні» і «Ціхай плыні» адносіны герояў да ўласнай гаспадаркі. Апісанне неахайнай і страшэнна запушчанай хаціны ў аповесці «Пожня» нагадвае ўзнаўленне вясковага побыту Гарэцкім, што з'яўляецца вынікам не наследавання (аповесць «Ціхая плынь» пабачыла свет асобным выданнем у 1930 г., а пасля ў 4-х томным зборы твораў у 1985 г.), а менавіта мастацка-эстэтычным сыходжаннем, абумоўленым узнаўленнем жыццёвай праўды. «Вялікім кантрастам тут была мая хацінка, згорбленая, прытуленая да дрэў, бы ад страху перад бураю. Стаяла ў ёй печ; паміж печай і франтавой сцяной ўбудаваны быў так званы “запык”. Гэта былі дошкі, укладзеныя на “стаякох”, на іх спалі бацькі і большыя дзеці, апрача, зразумела, мяне. Мела гэта хатка яшчэ тры аконцы з гнілымі падаконнікамі… Пад запечкам, для выгоды, ляжала бульба, на якую паскудзіў кот, а мы, набіраючы яе, пэцкалі рукі… Усе мы ніколі не мылі рук…Цэлым упрыгожаннем хаты былі прусакі, акружаючыя капцілку, і размазіны па клапах, якіх мачыха раздушвала па сценах. У хаце пахла раздушанымі клапамі і безупынна быў чад, ад якога моцна балела галава», – піша В. Петручук. У сваю чаргу класік беларускай літаратуры падае малюнак жытла, які выклікае аналагічнае з першым прыкладам эмацыянальнае ўспрыняцце тэксту: «Што можна ўбачыць у хаце гаротнага мужыка-беларуса? Высокі, пад самыя абразы, стол, вузкі і хісткі; на ім – подаўна нямыты абрус, што збіты комам ці звісае ражком на лаву. Зірніце на пол. Не, гэта не логава свінні, не птушатнік… гэтая ўсклычаная канапляная сувалка і салома, гты чорны ад бруду, збіты, сплямлены і смярдзючы сяннік, гэты грут усякага шкумацця,.. усё гэта – самая звычайная ложа дя зманежанага працаю, спацелага мужыка».

Герой В. Петручука ўнутрана не прымае «бруду» існавання, але вымушаны прывыкаць ці прыстасоўвацца да яго. Больш за тое, у яго самога паступова выпрацоўваецца абыякавасць і да свайго жыцця, і да акаляючых абставін. У вёсцы дзяцінства Васіля пануюць неверагоднае з сённяшняга пунту гледжання чалавечае цемрашальства і чэрствасць. Імгненныя выбухі адмоўных эмоцый, жаданне адпомсціць за ўласнае беспрасветнае жыццё выплёскваюцца ў раз’юшаныя пабоі тых, хто слабейшы, ці здзекі з бесславеснай жывёліны. Вось як Петручук піша пра бацьку свайго героя: “Выкінуў жыта, выпраг каня з аглобляў і, трымаючы за лейцы, падышоў да тарпы дроў, дзе выбраў палена і давай біць жывёліну. Спачатку конь вырываўся, скакаў, а пасля стагнаў і дрыжэў. Ён кульгаў і плакаў, не могучы нічога сказаць свайму гаспадару. Зрэшты, ці гаспадар яго зразумеў бы?” Расповяд М. Гарэцкага такі ж бязлітасны, да таго ж ён узмоцнены тонкім псіхалагічным малюнкам: «Але-ткі забрытваў, сціснуў ёй храпы нахрапнікам і прывязаў за повад да разложыстай вярбы. Выкрышыў у плоце здаравенны кол, сцяў аберуч і ну бастоліць дурнаватую жывёліну… І вурзнулася аб зямлю падбітая кабыла.. Усе пачуцці зліліся адным комам і распінаюць кволую Хомчыну душу: сум і жальба, злосць і боль, і нейкая глухамая пакора паняволенага перад няўхільнасцю».

І, пэўна, аддушыну ў такім жыцці мужыкі-сяляне традыцыйна знаходзяць у страшэнным п’янстве, грэбуючы любымі праявамі культуры і адукацыі. Так, маленькі герой «Пожні» не мае магчымасці вучыцца, бо ў школу яго проста не пускаюць бацькі: “Усе мае калегі даўно хадзілі ў школу, толькі я або пасвіў кароў, або пільнаваў дзяцей”. У Гарэцкага чытаем: “Позна-позна прывёў Юрка свайго Хомку ў школу, – прывёў, калі скончыўся ў яго сына самы позны пастухоўскі і канюхоўскі тэрмін”. Гэтая сацыяльна-культуровая адсталасць селяніна, нават яго жорсткасць у адносінах да свайго дзіцяці настолькі ж абураюць нармальнага чалавека, наколькі выклікаюць і спачуванне. Васіль Петручук, як і Максім Гарэцкі, імкнецца як мага паўней і праўдзівей паказаць і гэты непрывабны бок праяўлення нацыянальнага характару. Услед за Гарэцкім ён стварае карціны рэчаіснасці, якія сведчаць аб пэўнай дваістасці беларускага характару, які сілаю сацыяльна-гістарычных абставін заключае ў сабе не толькі сціпласць, памяркоўнасць, дабрыню, але і, на жаль, шэраг адмоўных рысаў.

Тыя часткі «Пожні», якія расказваюць пра армейскае жыццё Васіля, выклікаюць пэўныя аналогіі з мастацка-публіцыстычнымі дзённікавымі занатоўкамі М. Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне». Схематызм вайсковай службы, поўная нівеліроўка чалавечай годнасці і гонару салдата характарызуюць статутнае жыццё.

Значную каштоўнасць кнігі «Пожня» складаюць этнаграфічныя, побытавыя і абрадавыя элементы, якія аўтар уводзіць у мастацкую фактуру твора. Варта таксама адзначыць той факт, што Васіль Петручук здолеў даволі дакладна перадаць моўныя асаблівасці роднага падляшскага дыялекта, які сумяшчае ў сабе адначасова прыкметы беларускай, украінскай і польскай гаворак. Выкарыстоўваючы арфаграфічныя і лексічныя мажлівасці сучаснай пісьмовай беларускай мовы, В. Петручук даносіць да слыху чытача нязвыклае гучанне мовы сваёй Радзімы. Пры гэтым выкарыстанне дыялекту пераважае менавіта ў гаворцы герояў, а сам жа герой-апавядальнік вядзе расповяд на літаратурнай мове. Такім чынам у моўнай плыні «Пожні» даволі арганічна суіснуюць літаратурная і дыялектная лексіка. Самі ж героі паўстаюць куды больш каларытнымі і выразнымі, калі гавораць “па-свойму”.

Проза Васіля Петручука сталася арганічнай часткай беластоцкай і ў цэлым беларускай нацыянальнай літаратуры. У сваёй аповесці ён здолеў паказаць не толькі побыт і клопаты селяніна-заходніка, не толькі стварыў тыповыя і пазнавальныя характары, але і змог паказаць некаторыя глыбінныя пласты псіхалогіі беларуса, тыя характаралагічныя яго прыкметы, што былі абумоўлены як сацыяльна-грамадскімі абставінамі, так і ўласна нацыянальным менталітэтам. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster