Філіп Бласбан
У Сапраўдным выгнанні
Навела
...не, сябра, твая доля не трагічная — прынамсі, мне яна не здаецца трагічнай, бо, у рэшце рэшт, ты не забіты, мой сябра, ты не паранены, ты ясі ўдосталь, ты нават зарабляеш грошы — магчыма, крыху меншыя, чым там, але ты застаешся буржуа — хай сабе і драбнейшым буржуа, чым быў там, хай сабе твой грамадскі статус стаў у эміграцыі крыху ніжэйшы, але ты ніколі не жыў у сапраўднай нэндзы, сораме, бяспраўі, табе не даводзілася зарабляць на жыццё агіднай нелегальнай працай, хадзіць у зношанай вопратцы, смактаць скарынку хлеба, каб сцішыць голад, трываць кіслы смурод галечы — не, сябра, твая доля не трагічная, нават слова «доля» мне здаецца тут занадта гучным, гэта не доля, а забаўляльная вандроўка — я адчуў гэта, яшчэ калі сустракаў цябе ў аэрапорце, калі ты паказваў мне свае паперы іранскага ўцекача, паблажлівы і пагардлівы да краіны, што дала табе прытулак, а таксама да мяне, бо я, казаў ты, не сапраўдны іранец, я кепска і са смешным акцэнтам размаўляю па-персідску, я не ведаю тонкасцяў мовы, не разумею намёкаў і жартаў, я не перажыў вайну, не жыў пры рэлігійна-таталітарным рэжыме, я, на тваю думку, баязліва ўцёк сюды, на Захад, яшчэ раней за цябе — але ж я меў усе падставы «здрадзіць радзіме»: мой бацька — бельгіец, у мяне самога бельгійскі пашпарт, мая родная мова — французская, але ты свядома не браў гэтага ў разлік, каб зручней было звяртацца да мяне як да земляка — прычым земляка, сапсаванага замежжам. А я ніколі не лічыў сябе іранцам. Нідзе ў свеце я не адчуваў сябе замежнікам гэтак востра, як у Іране. Безумоўна, палова маёй сям’і — іранцы, я размаўляю па-персідску, я люблю радзіф і рагу з зёлкамі, але ж я пражыў у Іране толькі чатыры гады, і нават калі б я пражыў там дзесяць або трыццаць — усё адно я ніколі не здолеў бы адчуваць сябе цалкам іранцам, таму што мне заўсёды здаралася б ляпнуць нешта не тое; я з жахам уяўляю сабе тыповую сцэну: усе навокал раптам змаўкаюць і слупянеюць, на суровых тварах чытаецца асуджэнне, і калі я пытаюся, што такога зрабіў, — ніхто не адказвае, бо гэтае пытанне не мае сэнсу для карэннага іранца, ён усё разумее без словаў і таму не ведае, як адказаць; нарэшце, хто-небудзь найбольш спагадлівы шапоча суседу: «Ён вырас у замежжы» або «У яго бацька — не іранец», — і гэтая фраза аблятае ўвесь пакой, перадаецца з вуснаў у вусны, і там, дзе яна шамаціць, адразу аднаўляюцца прыціхлыя былі размовы, а агаломшаныя позіркі змяняюцца спачувальнымі ўсмешкамі. Я не іранец. Я не адказваю за свае ўчынкі. Мне павінны ўсё дараваць.
Не, я ніколі не лічыў і не мог уявіць сябе іранцам — але ты не пакідаў мне часу сказаць пра гэта, ты не жадаў гэтага чуць, бо ты аплакваў страту Любай Радзімы, і нават калі твая скруха не была перабольшаная, калі ты пакутаваў нават больш, чым імкнуўся паказаць, — ты надта рана пачаў прымяраць да сябе позу выгнанніка: ты не паспеў яшчэ стацца адным з нас, ты не ведаў, чым ёсць сапраўднае выгнанне. Я не кажу, што табе нішто не балела, не, ты пакутаваў, ты быў у шоку, ты перажыў жахлівыя падзеі ў Іране, ты пераскочыў з адной краіны ў іншую, і гэтую іншую краіну ты ненавідзеў, таму што калі тваё цела было ўжо тут, то твая душа — казаў ты — яшчэ заставалася там, і табе балеў гэты разрыў паміж целам і душой, але ўсё ж гэта яшчэ не было адчуваннем выгнання, мой сябра, ты яшчэ не ведаў, што ўяўляе сабой сапраўднае выгнанне, а я гэта ведаў, я прадбачыў твой лёс далёка наперад, я ведаў, куды цябе непазбежна занясе гэты пакручасты шлях, але не мог нічога парабіць, каб спыніць цябе, зрэшты, я спрабаваў зрабіць гэта, я пачынаў нешта казаць, але ты адразу мяне абрываў і зноў нагадваў, што я кепскі іранец, ты мімаходзь раніў мяне і нават не жадаў гэтага заўважаць, таму я пакінуў спробы штосьці растлумачыць табе, пакінуў цябе імчаць на злом галавы ў праўдзівае выгнанне — тое, што можа сапраўды закатаваць, бо жыць душой у адной краіне, а целам у іншай — гэта, безумоўна, пакута, але гэта яшчэ можна вытрываць: гэта ператварае вас у жывы помнік, запаўняе вашае жыццё, дае вам зручную нагоду плакаць, уздыхаць, змагацца немаведама з чым, гэта дазваляе вам гуляць у рускіх белаэмігрантаў (les Russes Blancs) і ночы напралёт спяваць настальгічныя, патрыятычныя і крыху расісцкія песні разам з іншымі «выгнаннікамі» з вашай краіны, у якіх цела — тут, а душа засталася там, якія вераць, што разам пакутуюць, але насамрэч толькі гуляюць у пакуты.
Увесь гэты спектакль доўжыўся не шмат часу. Ты буржуа. Ты маеш такое шчасце. Ты быў дастаткова спрытны, каб здолець уцячы адтуль і прыехаць сюды, таму табе хапіла прадпрымальнасці збудаваць тут новае жыццё — нягледзячы на цяжкасці з мовай, эканамічныя праблемы, прыхаваны расізм і тваю настальгію. Ты шмат працаваў і, у горшым выпадку, стаўся кіроўцам таксі — але свайго ўласнага таксі — ці, напрыклад, адкрыў бакалейную лаўку, хоць на радзіме ты быў адвакатам, медыкам або універсітэцкім прафесарам — карацей, ты выкараскаўся і, прынамсі, галеча цябе абмінула. Прайшлі гады, ты іх не лічыў і нават не заўважаў, яны ляцелі па-за тваім жыццём, нібыта ў дужках, якія ты меркаваў аднойчы, як мага хутчэй, закрыць сваім вяртаннем на радзіму. Ты скардзіўся на халадэчу тутэйшага клімату і тутэйшых людзей, аднак незаўважна для сябе прызвычаіўся да гэтага клімату, у цябе з’явіліся сябры сярод гэтых людзей — не заўсёды блізкія, але ўсё ж сябры, якія распавядалі пра сваё жыццё ў такіх дэталях, у якія цябе ніколі не сталі б пасвячаць іранцы, яны часам дапамагалі табе, пазычалі грошы, паважалі цябе за тое, за што не цанілі на радзіме — і аднак ты працягваў называць сябе выгнаннікам, і нішто тут для цябе не магло параўнацца з тым, што засталося там: ты сцвярджаў, сярод іншага, што ніводная дыня з тых, што прадаюцца тут, не вартая нават агрызка хрумсткай, салодкай дыні з Масхада, кожны кавалачак якой, здавалася, ззяе ў роце паўднёвым сонцам — ніякага параўнання з тутэйшымі гатункамі, недамеркамі або камянюкамі — не, яны таксама някепскія, казаў ты, але зусім іншыя і безумоўна горшыя. Ты казаў так да таго часу, пакуль Іран не пачаў у адчайных пошуках валюты экспартаваць сваю гародніну. Аднойчы ў Бруселі на прылаўках некалькіх бакалейных крамаў — турэцкіх, мараканскіх, іранскіх — з’явіліся гэтыя славутыя масхадскія дыні. Зразумела, ты паспяшаўся, як і я сам, купіць такую дыню, ты аднёс яе пад пахай дахаты, радуючыся бы дзіця, кінуўся на кухню, парэзаў яе, вынуў семкі, запусціў зубы ў мякаць, нават не аблупіўшы яе, разжаваў гэтае смакоцце і праглынуў. Гэта было добра. Гэта сам Іран быў у цябе ў роце. Але цяпер ты адчуў, што гэта не была лепшая дыня ў свеце, як ты сцвярджаў усе гэтыя гады. У рэшце рэшт, тутэйшыя дыні таксама нішто сабе, а гэтыя масхадскія, што раптам сталіся даступныя, ужо не здаваліся табе лепшымі ў свеце, ты зразумеў, што гэта проста добры гатунак сярод іншых добрых гатункаў — і вось тут, сябра, пачалося тваё сапраўднае выгнанне. Смакуючы гэтую светла-жоўтую, амаль белую мякаць, ты каштаваў сваё выгнанне: сапраўднае выгнанне салодкае на смак, яно мае смак сонца, сапраўднае выгнанне растае ў роце і пакідае ў паднябенні адчуванне мяккай свежасці, аднак ты не распазнаў гэтага смаку, цябе захапілі іранскія ўспаміны — у іх не было залішняй настальгіі (нават настальгія зношваецца), з кожным кавалачкам дыні перад табой праходзілі гады ўспамінаў, ты збянтэжана прыслухоўваўся да сябе, быў гатовы заплакаць, але слёз не было, яны высахлі разам з тваёй настальгіяй — а заплакаць тады, на маю думку, было з чаго: ты прычашчаўся да сапраўднага выгнання, і нават сам факт адсутнасці слёз павінен быў прымусіць цябе заплакаць, пералічыць слязьмі кавалачкі дыні, якія ты праглынуў, бо цяпер твая праблема палягала ўжо не ў тым, што цела тут, а душа — на радзіме, цяпер твая душа пачала паволі выцякаць адтуль, паляцела над раўнінамі Анатоліі, перасекла Басфор, пранеслася над Югаславіяй, Венай, Берлінам і прызямлілася ў Бруселі, каб уз’яднацца з тваім целам, і ты пакінуў быць іранцам — сапраўдным іранцам, але яшчэ не ведаў пра гэта, яшчэ не адчуў па-сапраўднаму сябе выгнаннікам: ты павінен быў адкрыць для сябе праўдзівае выгнанне ў смаку той дыні з Масхада, але ты не здолеў быць шчырым з сабой, сябра, ты вырашыў і надалей іграць ролю ўцекача-іранца, які знайшоў часовы прытулак за мяжой, бо гэтая роля ўсё ж больш утульная.
Я не асуджаю цябе. Я выдатна разумею, што ты не адважыўся тады ўзяць на сябе гэты боль, сябра мой мілы; твае рукі пакрытыя поўсцю, ты маеш цёмныя валасы і смуглявую скуру, і я знаходжу цябе прыгожым, нават калі ты пачварны, мне падабаецца твая арыстакратычная паходка, твая манера трухаць плячыма ў танцы, твая няздольнасць вымавіць два зычныя запар на пачатку слова, не разбавіўшы іх прыгукам «э».
Не, ты не даў сабе рады прачытаць у мякаці дыні з Масхада, не здолеў убачыць у ёй абвестку пра пачатак твайго сапраўднага выгнання — і не адчуў яго нават потым, калі твае дзеці пачалі перакручваць родную мову, калі яны пачалі ўстаўляць у свае размовы французскія словы, сябраваць з невыхаванымі тутэйшымі дзецьмі, ігнараваць правілы этыкету, агрызацца, пачалі аддаляцца ад цябе — кожны па-свойму (жыццё кожнага іранскага ўцекача на Захадзе — добры сюжэт для псіхалагічнага рамана), але заўсёды з канфліктамі, сварамі, часам з абразамі. Ты быў раз’юшаны. Ты гвалтам навязаў ім іранскі лад жыцця, рэгламентаваны ва ўсіх дробязях, у тваёй прысутнасці дом ператвараўся для іх у турму. Ты верыў, што яны яшчэ могуць застацца іранцамі, калі адладкаваць іхняе жыццё паводле іранскіх звычаяў; напрыклад — і гэта, на шчасце, рэдкі прыклад, але цудоўны абразок тваіх тагачасных дачыненняў з дзецьмі — напрыклад, ты выпісаў з Ірана жонку для сына — жанчыну, якая ніколі раней не бачыла яго, апроч як на фотаздымку, жанчыну, якая выйшла там замуж за фота твайго сына, і нават калі твой сын, шануючы волю бацькоў, напачатку даў згоду на такі дзіўны шлюб, то ўжо праз некалькі дзён пасля прыезду маладой іхні шлюб патануў у слязах і праклёнах. Нягледзячы на ўсе твае высілкі, ты не здолеў перашкодзіць сваім дзецям пакахаць тутэйшых раўналетак, якія не былі іранцамі і ўжо таму заслугоўвалі ў тваіх вачах пагарды. Ты быў велікадушны і дараваў ім або цягам гадоў не размаўляў з імі, але, ва ўсялякім выпадку, ты быў упэўнены, што ва ўсім вінаватыя яны самі або гэты варварскі дэкадэнцкі Захад, але насамрэч гэта само выгнанне ўсоўвала нос у тваё сямейнае жыццё — сапраўднае выгнанне, якое ўкрадвалася ў тваё цела, у твой мозг, якое неўпрыкмет змяняла тваю паходку і гучанне твайго голасу, якое пакрысе нашпігоўвала тваю чысцюткую персідскую мову французскімі словамі, але ты яшчэ не разумеў гэтага — ні тады, ні нават пазней, пакуль аднойчы не ўбачыў усё гэтак жа ясна, як у вядры з крынічнай вадой: у той дзень ты сам сустракаў іранцаў у аэрапорце «Завентэм» — магчыма, кагосьці з блізкіх сяброў або сваяка — людзей, якія калісьці былі і засталіся дарагія табе, да якіх ты сябе лічыў падобным і якія, не паспеўшы выйсці з самалёта, пачыналі казаць, што ты для іх ужо не сапраўдны зямляк, што ты кепскі іранец; яны ранілі цябе гэтымі словамі, нават не заўважаючы гэтага, папракалі, што ты забыў правілы этыкету, крытыкавалі кожнае тваё слова і кожны жэст, крыўдзіліся на тваю жонку і дачку за тое, што не прапанавалі ім гарбаты, крытыкавалі тваю кватэру, недастаткова вялікую як для еўрапейскай кватэры, лаялі ўсю Еўропу агулам, нібыта яны ведалі ўсю Еўропу лепш за цябе, і, хоць самі бясконца наракалі на жыццё ў Іране, табе яны не дазвалялі крытыкаваць радзіму: паводле іх, ты не меў на гэта права, бо не жыў пры цяперашнім рэжыме, не адчуў на сабе заняпад эканомікі, не зведаў вайны і ганьбавання — або зведаў, але менш за іх, яны папракалі цябе за тое, што ўцёк на Захад, — яны таксама ўцяклі, але пасля цябе — і пакуль яны казалі ўсё гэта, упэўненыя ў сваёй рацыі, не заўважаючы, што плююць табе ў твар — табе, які запрасіў іх у Бельгію, а яны зневажаюць цябе гэтак мімаходзь; пакуль яны ўсё гэта казалі, сапраўднае выгнанне ўсё глыбей і глыбей пранікала ў цябе, але ты зноў не пажадаў прызнацца сабе ў гэтым — як, зрэшты, і потым, калі сустракаўся з іншымі іранцамі, што ўжо таксама шмат гадоў як атабарыліся на Захадзе, але прыехалі сюды раней ці пазней за цябе або жывуць у іншай краіне, у іншым культурным кантэксце: калі іхнія душы, як і ў цябе, нарэшце ўз’ядналіся з целам, гэтыя іранцы таксама пачалі адпрэчваць некаторыя рэчы, што здаваліся ім натуральнымі і неабходнымі, пакуль яны жылі ў Іране — падобным чынам уцякач, здараецца, кідае ўвесь свой багаж, апрача адной валізкі, у якой ляжыць, як ён мяркуе, самае істотнае — але гэтае найбольш істотнае было розным для цябе і для іншых іранцаў: рэчы, ад якіх адмовіліся яны, ніколі не былі такія ж, якія кінуў ты, і гэта шакавала вас, вы думалі адзін пра аднаго: ён кепскі іранец, але рацыі не меў ні адзін, ні другі, бо вы абодва ўжо не былі іранцамі, добрымі ці кепскімі, вы абодва сталіся імігрантамі іранскага паходжання.
Набліжаўся момант, калі ты, сябра мой, мусіў зразумець, што твая душа ўжо не ў Іране, але таксама і не тут, а тваё цела — увогуле нідзе апроч як у сапраўдным выгнанні — тым, што прымушае чалавека адчуваць сябе паўсюль замежнікам, паўсюль не ў сваёй талерцы, тым, дзе патрыятычныя перакананні, любоў да радзімы, настальгія па краіне, якую ты лічыў сваёй, — усё гэта развейваецца, як воблачка дыму на ветры. Ты прадчуваў, сябра, што табе не ўнікнуць гэтага сапраўднага выгнання, ты ўжо баяўся яго, яшчэ не ведаючы, што гэта такое, але сапраўднае выгнанне тады яшчэ не паспела паціснуць табе руку, не паспела атабарыцца ва ўсіх звілінах твайго мозгу, і таму ты яшчэ адмаўляўся прызнаць ягоную ўладу над табой.
І вось аднойчы прыйшоў такі дзень, калі табе ўсё ж давялося павярнуцца тварам да сапраўднага выгнання і прыняць яго, якім бы балючым ні быў для цябе гэты ўдар: ісламісцкі Іран, якому, як заўжды, бракавала замежнай валюты, падаў табе знак, што згодны прабачыць твае ўцёкі на Захад, і папрасіў цябе вярнуцца на радзіму, укласці ў яе эканоміку твае грошы і твой працоўны досвед. Некаторыя іранцы вярнуліся — перадусім, тыя, што пражылі на Захадзе не шмат часу, у якіх душа не паспела далучыцца да цела, але ты калі і прыехаў на радзіму, то толькі ў адпачынак, або наогул адмовіўся вяртацца — не столькі па палітычных матывах, колькі таму, што проста зразумеў, што тваёй душы там ужо няма. Вядома, яе не было і тут, але тым больш яе не магло быць і там.
Уявім сабе, што ты паехаў туды ў адпачынак. Уяўляю сцэну тваёй сустрэчы са сваякамі. Яны прымаюць цябе надта добра. Яны не пашкадавалі грошай, каб адсвяткаваць твой прыезд. Ты саромеешся. Яны збяднелі або сталіся больш заможныя — табе няёмка ў абодвух выпадках. Яны распавядаюць табе пра падзеі, якіх ты не разумееш. Яны жывуць жыццём, якога ты не разумееш. Ты адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы. Яны скардзяцца на іранскія парадкі, але не трываюць ніякай крытыкі іхняй дзяржавы з твайго боку. Яны асуджаюць Захад, а разам з Захадам і цябе самога, скарыстоўваючы абсурдныя аргументы накшталт таго, што ў Іране дзяўчаты, прынамсі, не ўжываюць процізачаткавыя пігулкі ў пятнаццацігадовым узросце!.. Ты крыху здзіўлены, крыху прысаромлены. Наўкола цябе сядзяць дзеці з сур’ёзнымі тварамі — твае пляменнікі і стрыечныя браты, якіх ты ніколі не бачыў. У адной руцэ ты трымаеш кубачак з пякучай гарбатай, у другой — маленечкі агурок, і тут, магчыма, ты сам здзіўляешся, што пачаў з настальгіяй думаць пра Бельгію. О, гэта не была нейкая ўзнёслая настальгія, у ёй не было нічога ад той душараздзіральнай скрухі, якую ты адчуваў, калі ночы напралёт спяваў з тваімі сябрамі-ўцекачамі. Не. Гэта была вельмі павярхоўная настальгія, падобная да самой гэтай зусім маленькай краіны — настальгія па трамваях, па асабліваму смаку шакаладу «Залаты бераг», па брусельскай капусце, настальгія па ананімнасці твайго жыцця ў чужым горадзе, па некаторых тварах, настальгія па дажджу.
Ты тут, у гэтым пакоі, у Іране, але тваёй душы тут ужо няма. Ты п’еш гарбату ў сапраўдным выгнанні. У цябе нараджаецца думка, што гэтыя гады ў Бельгіі, якія ты адлічваў асобна ад свайго жыцця, насамрэч былі ягонай часткай, былі нават вырашальныя для яго. Нават калі табе многае не даспадобы ў Бельгіі, усё ж ты адчуваеш сябе там больш утульна, чым у гэтай краіне, якую, ты быў упэўнены, добра ведаеш, а цяпер зразумеў, што цалкам яе пазабыў, — краіне, якая ў тваю адсутнасць змянілася, не спытаўшы тваёй згоды і не зважаючы на боль, які адчуваеш ты, калі бачыш яе зусім іншай, падмененай, страчанай.
Ты вырашаеш застацца на Захадзе.
І ты пытаешся ў сябе: хто ж я такі, урэшце?
Цябе паглынае бязмежная журба. Ты не ведаў, як выказаць гэтую журбу; табе няма з кім падзяліцца ёю. Нават калі ты ведаеш іншых іранцаў, якім знаёмы гэты смутак, абмяркоўваць яго з імі цяжка. Гэтае пачуццё — не з тых, што з’ядноўваюць людзей. Гэта цалкам прыватная журба. Не існуе такіх песняў, якія б яе апявалі. Ты саромеешся гэтага свайго пачуцця.
Вось таму я і вырашыў пагаварыць пра яго з табою, сябра, бо калі я што і ведаю, дык толькі яго, праўдзівае пачуццё выгнання. У мяне ніколі не было адчування сапраўднай прыналежнасці да пэўнага народа або пэўнай зямлі. Часам я з шалёнай энергіяй рабіў выгляд патрыёта, я грыміраваўся пад яго ў надзеі разбурыць сапраўднае выгнанне ў самім сабе, выштурхнуць яго з маёй крыві і плоці, але сапраўднае выгнанне заўжды адраджалася ўва мне з яшчэ большым болем, бо гэта яно — мой народ і мая зямля: я знаўца, чэмпіён, тэарэтык, дзіця, паслядоўнік, прадстаўнік сапраўднага выгнання, і толькі ў гэтай якасці, у якасці спецыяліста па гэтым пытанні, мой мілы сябра, я звяртаюся да цябе. Цяпер ты ўжо не будзеш называць мяне кепскім іранцам, бо ты цяпер ведаеш, што я не з’яўляюся ні добрым, ні кепскім іранцам, ты ведаеш, што я наогул не іранец, не бельгіец і не гэбрай, я нішто — я толькі, як і ты, чалавечая істота ў праўдзівым выгнанні, якое можа падавацца бязлітасным або жахлівым, але зусім не з’яўляецца такім: хіба ты не адчуваеш, сябра, у сваіх жываце і грудзях бязмежнай свабоды, татальнай адсутнасці, якая нас абараняе і паказвае нам шлях, нават калі ты адчуваеш сваю недарэчнасць, няёмкасць, а крыху і страх? Гэта як абалонка паветранага шара, якая раздзімаецца паволі, цягам гадоў, якая надзімаецца і ўзнімае нас, адрывае ад зямлі нашыя ногі — і мы ўзлятаем, праплываем над стрэхамі, спатыкаемся са зграямі пералётных птушак і самалётамі, што ўзнімаюцца ў неба з аэрапорта «Завентэм», мы лунаем над гэтым горадам — ні прыгожым, ні пачварным, але прыемным і зручным для жыцця, які ты называеш «Бу-ру-сель», які не з’яўляецца тваёй радзімай, але да якога, нягледзячы ні на што, ты паспеў прывязацца, таму што гэта горад твайго сапраўднага выгнання, мой любы сябра, ты зусім не рыхтаваўся да гэтага праўдзівага выгнання і цяпер табе балюча ўсведамляць сябе паўсюдным замежнікам, дык далучайся ж да мяне, сябра, далучайся і адчуй гэты пухір паветра, што надзімаецца ў тваіх жываце і грудзях, давай разам, сябра, раскінь рукі, дазволь гэтаму паветру несці цябе, пакінь сваё цела на волю вятрам, давай жа, сябра, мы зараз паляцім.
Пераклаў з французскай Юрась Барысевіч.