БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ЗЯМЛЯ N      N* 1
Урывак з кнігі Вольгі Храптовіч-Буцянёвай

Пералом. 1939 – 1942


Наваградак, аддалены ад Шчорсаў на 25 км, быў нашым найбліжэйшым горадам, і нас з ім звязвала шмат спраў. Тады мы ехалі да чыгуначнай станцыі Наваельня, адкуль была сувязь з Варшавай ці Вільняй. У Наваградку праходзілі ўсе справы, звязаныя з продажам драўніны, якая была найвялікшым багаццем нашага маёнтка. Тут таксама была сядзіба павятовай адміністрацыі, пошта, аптэка, магазіны...

Тады ў Наваградку жыло шмат жыдоў, якія голасна перагукаліся, зацягваючы прахожых у свае крамкі. Чаго там толькі не было! Вось пякарня з залатым абаранкам на шыльдзе, а побач магазін з жалезнымі вырабамі, тут тканіны, сукно і палатно, сёдлы і рамяні. Гандаль квітнеў: палякі і жыды займаліся ім з веданнем справы і запалам.

На галоўнай вуліцы — гатэль «Еўрапейскі», дзе мы так часта спыняліся па дарозе на станцыю, каб сагрэцца ў добра напаленай зале, напіцца гарбаты і выслухаць мясцовыя навіны ад ветлівага гаспадара. Над дахамі домікаў уздымаўся купал царквы, побач — касцёльная вежа, сінагога, нават бібліятэка. На шырокай плошчы — папулярны сярод моладзі рэстаран, славуты сваімі закускамі і напоямі. Да прыходу Чырвонай Арміі людзі жылі ў Наваградку без спеху, у дастатку, спакойна, патрыярхальна...

Да апошняга дня перад прыходам бальшавікоў польская адміністрацыя не ўяўляла сабе катастрофу, якая надыходзіла. Увага ўсіх была сканцэнтравана на вайне і працы па забеспячэнні арміі. Пярэпалах быў вялікі і поўны. Толькі нямногім удалося ўцячы ў апошнюю хвіліну, кідаючы маёнтак і бягучыя справы. Тых, хто застаўся, арыштоўвалі па месцы працы, на дарогах і вакзалах. У першыя дні пачаўся небывалы хаос. Адны прымалі прыезджых як вызваліцеляў ад нямецкай акупацыі і ад польскага кіраўніцтва над беларусамі, другія імкнуліся схавацца, дзе можна, а новыя ўлады масава арыштоўвалі людзей, без суда і следства кідалі ў турмы, рэквізавалі ўсё, што трапляла ім у рукі, і даганялі ўцекачоў аж да нямецкага фронту.

Калі ў лістападзе нас прывезлі ў Наваградак, горад ужо быў перапоўнены бежанцамі з маёнткаў і вёсак, і ўсім здавалася, што тут лягчэй схавацца, дабрацца неяк да чыгункі і ўцячы да Беластока і далей. Цэлыя сем’і гнездаваліся ў пакоях і розных закутках усіх дамоў. Большыя будынкі адразу былі занятыя савецкай адміністрацыяй, міліцыяй, НКУС і войскам. Але найгоршае яшчэ павінна было надысці, а пакуль можна было падмануць пільнасць прыезджых і вырвацца з сеткі, што з кожным днём сціскалася ўсё мацней. У лістападзе новая ўлада атрымала дырэктывы з Масквы і здолела самаарганізавацца. Прыехалі знаёмыя са справай камісары; прадукты і ўсялякія тавары зніклі, пачалася «чорная біржа». Арыштаваныя чакалі следства, расправы, прысуду, невядома чаго.

Ніхто даўно не прыбіраў вуліц, горад выглядаў брудна. Зачынілі абрабаваныя крамы, доўгія чэргі выстраіваліся, каб атрымаць звычайныя прадукты. Пешаходаў амаль не было, толькі пільная патрэба магла выгнаць людзей з дамоў.

Увесь час вяліся разважанні аб уцёках з гэтага пекла на захад, у Еўропу. Я таксама прымала ў іх удзел, але над усім гэтым грузам вісела пытанне, як дапамагчы Полю1, што зрабіць, каб вызваліць яго. Маладыя разважалі лагічна: толькі ўплывовыя людзі могуць нешта атрымаць ад савецкай улады. За мяжой у нас былі такія знаёмствы, і мы маглі разлічваць на дапамогу. Трэба было як найхутчэй туды дабрацца. Але я не магла не думаць пра лёс Поля тут, на месцы. Мы ведалі дакладна, што ён знаходзіцца ў турме ў Наваградку. Ужо не раз забягалі мы ў НКУС, каб дазволілі яго наведаць і перадаць пасылкі. Не дазволілі. Мы былі бяссільныя. Надыходзіла зіма. Я ўяўляла сабе, як Поль галадае і мерзне без цёплай бялізны і вопраткі. Думала, што найперш трэба дбаць пра тое, каб яго апрануць і накарміць, паведаміць яму, што знойдзе падтрымку, калі яго выпусцяць. Я заўсёды мела надзею. Падсілкоўваў яе часта наш сусед князь Васіль Мірскі...

Тым часам у Наваградак з’ехалася шмат сямей і сяброў арыштаваных. Пачалі нейкім чынам арганізоўвацца, каб зарыентавацца, што пагражае ім і нам. Шмат жонак і дачок паступілі на службу да бальшавікоў у якасці сакратарак, перакладчыц, прыбіральшчыц. Здабытыя праз іх з вялікай цяжкасцю навіны распаўсюджваліся сярод нас. Ведалі, каго ўзялі на папярэдняе слуханне, чыё следства скончылася. У НКУСе працавала шмат вельмі маладых людзей без вопыту, з якіх удалося выцягнуць не адну інфармацыю. З гэтай крыніцы паходзілі першыя пагалоскі пра масавае высяленне палякаў углыб СССР. У гэта цяжка было паверыць. Не могуць жа вывезці ўсіх незадаволеных, гаварылі мы паміж сабой. Але сярод уцекачоў нарастала паніка. Устрывожаныя людзі не начавалі дома, кожны дзень шукалі новы прытулак, каб неяк перажыць да часу доўгачаканых уцёкаў. Пачалі таксама прыбываць сем’і польскіх афіцэраў і салдат і новыя уцекачы, пераважна жыды, якія шукалі тут сховішча ад немцаў. Ад іх мы ўпершыню даведаліся пра разгром польскай арміі, пра арышт усіх афіцэраў і пра іх вываз у Савецкі Саюз.

Мы таксама ліхаманкава рыхтаваліся да ўцёкаў, і якраз тады з’явіліся двое праваднікоў, прысланых праз Мішу,2 які шчасліва дабраўся да Варшавы. Гэта былі двое маладых хлопцаў, якія некалі служылі лакеямі ў старога князя Мірскага ў суседнім з намі маёнтку Мір. Яны прывезлі нам наказ:

— Пан Міхал казаў ехаць неадкладна. Не гуляйце ў герояў і ратуйце дзяцей.

Не ведаю, ці дакладна такімі былі словы Мішы, але яны сталі апошнім штуршком да арганізацыі ўцёкаў, і ў канцы лістапада Каця, Сярожа, блізняты3 і панна Марыя4 разам з праваднікамі рушылі ў дарогу. Было ўжо вельмі холадна, снег і мароз. Страшна было падумаць, што могуць трапіць у рукі савецкай аховы. Пераадолець ланцуг савецкіх вартавых у прыгранічнай паласе можна было толькі пешшу, цёмнай бязмесячнай ноччу. А тут яшчэ двое малых дзяцей. Не мелі ані грошай, аніякіх рэчаў — нічога, апроч нязломнай рашучасці ўцячы.

Такой, уласна кажучы, глухой цёмнай ноччу засталіся мы з Мар’юшкай удваіх у пакінутай кватэры...

Аднак было цяжка жыць далей у такім становішчы. Набліжаўся голад. Невялікі запас уратаваных грошай ужо цалкам вычарпаўся. Хлеб можна было дастаць толькі на карткі, а гэта быў адзін з савецкіх спосабаў рэгістрацыі. Лозунг «хто не працуе, той не есць» цалкам уваходзіў у жыццё. Трэба было знайсці якую-небудзь працу. Мар’юшка нанялася на нейкую службу і пакінула дом. Я засталася адна. Кватэра, у якой мы пражылі некалькі тыдняў, знаходзілася на ўліку савецкіх уладаў і не была ані надзейнай, ані небяспечнай. А знайсці які-небудзь пакой у гэтым перапоўненым людзьмі горадзе аказалася проста немагчыма. На кожны вызвалены куток ужо чакала чарга кандыдатаў. Людзі начавалі на вакзалах, на лаўках у парках, у неабагрэтых брудных катухах.

Яны аддавалі астатнія рэчы савецкім салдатам, каб у іх толькі не забіралі кватэры. Мне, жонцы арыштаванага, усім у горадзе вядомага чалавека, тым больш цяжка было знайсці які-небудзь кут ці хоць ложак. Я была на ўліку ў НКУСе, мая прысутнасць у любым доме магла выклікаць вобыск. Я ўжо думала, ці не вярнуцца ў Шчорсы, але гэта было б поўным паражэннем, акрамя таго, выключала б усялякую дапамогу Полю. Я пачала хадзіць ад хаты да хаты.

Адшукаўшы мяне, часам заходзіў Васіль Мірскі, каб суцешыць і падняць дух. Казаў, што ўжо ў самым блізкім часе ў Наваградак павінна прыехаць нямецкая камісія, якая дамовілася з Саветамі аб тым, каб выпусціць некаторых жыхароў, нават арыштаваных — галоўным чынам тых, хто меў нямецкую радню. Гаварылі нават пра выкуп арыштаваных, што ў той час яшчэ ўдавалася. Але ніхто з нас не меў ні грошай, ні магчымасці іх здабыць.

 Найважнейшым для мяне стала знайсці якую-небудзь працу, каб дастаць карткі на хлеб. Надышоў снежань. Маразы, снег і завеі яшчэ больш аддалілі нас ад свету. Нечакана падчас усяго гэтага хаоса на галоўнай вуліцы адчынілі музычную школу з навучаннем спевам, музыцы, танцам і акцёрскаму майстэрству. Аб гэтым мне расказала пані Малішэўская, якая ведала, што я скончыла кансерваторыю ў Парыжы. У гэтую імправізаваную школу рынула цэлая лавіна настаўнікаў. Саветы паставіліся да гэтай падзеі прыхільна. Дырэктаркай школы прызначылі правінцыйную спявачку на пенсіі, якая і зараз ахвотна выступала з папулярнымі песнямі ў клубе Чырвонай Арміі і была на добрым уліку ў савецкіх уладаў. Я думаю, што ўвесь праект школы быў ажыццёўлены праз яе, і дзякуючы яму ўдалося ўратаваць шмат людзей. Настаўнікамі запісваліся спевакі і спявачкі без голасу, старыя танцоркі з правінцыі, нейкія бабулькі, якія калісьці ігралі на фартэпіяна, дэкламатары, рэжысёры. Сярод іх была і я. Тады яшчэ не патрабавалі анкет, было дастаткова рэкамендацыі дырэктаркі, а тая прымала ўсіх без разбору, просячы толькі, каб набраць якіх-небудзь вучняў у гэтую школу. На другім паверсе нейкага рэквізаванага будынка зрабілі класы без інструментаў, у зале з дошак збілі нейкую эстраду і паставілі на ёй адзінае старое і расстроенае фартэпіяна. З прыватных кватэр прынеслі лаўкі і столікі, а над эстрадай павесілі партрэты Леніна і Сталіна. Школа была ўрачыста адчынена і зарэгістравана ў НКУС.

Мы былі абавязаны раз у тыдзень прыходзіць на сход. Дырэктарка чытала з карткі некім па-расійску напісаную агітку з вядомымі расійскімі лозунгамі і прадпісаннямі працаваць на развіццё беларускага мастацтва. Пасля слабых апладысментаў мы разыходзіліся па дамах, але ў кішэні кожны меў каштоўную картку на хлеб з запісам, што працуе ў музычнай школе, а гэта было звязана не толькі з забеспячэннем хлебам, але пры патрэбе магло служыць у якасці пашпарта.

Горш было з вучнямі. Палякам тады было не да музыкі, а беларусы і Саветы мелі больш важныя справы для вырашэння. У школе папросту не было ніводнага вучня...

Без навін з турмы і без ніводнага знаку ад дзяцей, ці даехалі да Варшавы, дні далей праходзілі ў непакоі і смутку. У Наваградку пачала выходзіць беларуская газета. Дзве старонкі дрэннай паперы з ардынарнымі выдумкамі пра палякаў, польскіх дзяржаўных служачых, а таксама пра багацейшых сялян, пачалося «раскулачванне». Усе больш значныя пасады ўжо былі заняты беларусамі, якія прыехалі пераважна з Мінска. Аднойчы мне падкінулі гэтую газету пад парог. Я прагледзела яе са здзіўленнем і агідай. Уступны артыкул даваў апісанне нашага жыцця ў Шчорсах. Оргіі, п’янства цэлыя ночы, мае шпацыры з Полем па парку, падчас якіх наперадзе нас ішла беларуская дзяўчынка, змятаючы лісце ў нас з-пад ног. Я не паверыла б, што можна пісаць такое глупства, каб не чытала гэтага ўласнымі вачыма. І па сваёй наіўнасці надта ўсхвалявалася з-за гэтага...

Аднойчы пад вечар — стук у дзверы. Ён такі нечаканы і здаецца такім моцным, што мы перапужаліся. Хто гэта можа быць? Я іду адамкнуць дзверы, не адкідаю ланцужок. Стаіць нейкая маленькая схіленая постаць, хіба дзіця. І раптам...

— Але ж гэта панна Марыя! — крычу я з радасцю.

Прыбегла Ванда, мы зачынілі дзверы і пачалі распранаць панну Марыю з некалькіх слаёў лахманоў. Яна прыехала з вакзала, яе падвезлі на санках свае палякі. Стомленая, але шчаслівая, што за плячамі засталося небяспечнае падарожжа з Варшавы праз нямецкую і савецкую межы. Ванда грэе гарбату, рыхтуе ўрачысты прыём. Пра панну Марыю яна даўно ўсё ведала ад мяне. Для яе таксама вялікая радасць убачыць радавітую польку і паслухаць яе аповяды. Яна гаварыла цэлую ноч без перапынку, а калі мы ўладкавалі яе неяк на начлег у маім пакоі, лежачы ў цемнаце, яна яшчэ распавядала ўсё пра ўсіх.

Нарэшце я даведалася, як адбываўся пабег: «У прыгранічнай паласе сутыкнуліся з двума ўзброенымі савецкімі, якія крыкнулі: «Рукі ўгору!» Блізняты першыя паднялі рукі і раптам пачулі той самы голас: «Уцякайце!» Мы схапілі дзяцей за рукі і цягнулі іх па глыбокім снезе, азіраючыся — ці праўда, што не даганяюць. Дух перавялі толькі пасля таго, як перайшлі нямецкую лінію, дзе нас прынялі без перашкод, нават са зразумелым смехам. Абодва варшаўскія праваднікі зніклі ў імгле, як толькі мы трапілі ў небяспеку».

Яна расказвала далей, што ў Варшаве яны знайшлі наш домік, разбіты нямецкай бомбай, і жывуць у падвале, дзе было прыстасавана памяшканне для абслугі з кухняй і душам. Маюць дах над галавой, прадаюць рэчы, неяк з гэтага жывуць. Каця і блізняткі павінны паехаць у Італію, а Сярожа — у Амерыку, да брата дзядзькі Жуля, які з’яўляецца прафесарам кансерваторыі ў Цынцынаці. Міша застаецца пад нямецкай акупацыяй, робіць захады аб вызваленні бацькі і мае надзею, што гэта яму ўдасца. У Варшаве ўсё канфіскавана, харчавацца цяжка, і ўсе пабойваюцца, што вайна працягнецца доўга.

— Чаму Вы вырашылі вярнуцца?

— Бо баялася, што Вы і граф не зможаце самі перайсці мяжу...

Калі панна Марыя даведалася, што Поля не толькі не выпусцілі, але нават не дазваляюць спаткання і перадачу пасылкі, яна вырашыла застацца са мной, нязломна верачы, што здолее выцягнуць яго з турмы.

З кожным днём мы ўсё больш даведваліся аб пераследванні польскіх салдат і афіцэраў, якія стараліся выбрацца праз Венгрыю на захад, аб асобных арыштах і меркаванай дэпартацыі польскай арміі ўглыб савецкай Расіі...

Аднаго дня на змярканні панну Марыю выклікалі ўмоўным стукам у акно. Я выйшла разам з ёй, каб адчыніць дзверы. Перад намі стаяў нейкі незнаёмы мужчына, што заўсёды палохала, асабліва ўначы. Накінуўшы нешта на сябе, панна Марыя выбегла на вуліцу. Доўга пасля вячэры мы чакалі яе, але яна вярнулася ўначы і, седзячы на ложку з таямнічым выразам твару, расказала мне нечуваную гісторыю:

 — Пяць гадоў таму я завяла знаёмства з адным жыдам з Лідзі. Ён быў фабрыкантам, меў вялізны маёнтак. Знаёмства пачалося з таго, што я мела шчасце выратаваць яго пяцігадовага сынка, якога змыла хваля на пляжы аднаго з курортаў. Гэта старая гісторыя, але бацька дзіцяці не забыўся пра яе і да гэтага дня стараецца мне аддзячыць. Уяві сабе — ён зараз у Наваградку. Зімой уцёк з-пад нямецкай акупацыі з сынком, пе­раапранутым дзяўчынкай. Сёння да раніцы выязджае з правадніком да Вільні, а адтуль — прыватным самалётам да Палесціны. Пашпарты, прапускі — усё, што патрэбна, ён мае на руках, у тым ліку адзін лішні пашпарт, таму што яго сястра ў апошні момант адмовілася ад выезду. Праз дзіўны збег акалічнасцей ён даведаўся, што я знаходжуся тут, і прапанаваў мне ехаць з імі, а ў выпадку, калі я ехаць не магу — перадаць пашпарт каму-небудзь, каму вельмі патрэбна, каго я парэкамендую. Я не маю намеру ехаць, але раю Вам выкарыстаць гэтую магчымасць.

 Праз хвіліну маўчання дадала:

— Вырашаць трэба зараз. Да світанку я павінна была б правесці Вас да яго. Абяцаю Вам, што, калі Вашага мужа выпусцяць з турмы, я перавяду яго праз мяжу і давязу да Варшавы, — трыумфальна закончыла яна. — Падумайце, што нас усіх адгэтуль вывязуць да Саветаў. Усюды пра гэта гавораць.

Я адказала не адразу. Вядома, з Палесціны лягчэй дабрацца ў Францыю, чым з Расіі. Але Поль у турме, але бездапаможная Ванда, якую, вядома, вывезуць.

 — Не магу. Папросту не магу, — адказала я.

 — Я разумею, — сказала пані Марыя, накінула хустку на кажушок і знікла ў цемры...

Пасля святаў прыйшоў Мірскі з навіной, што прыехала абяцаная нямецкая камісія, і параіў нам як мага хутчэй пайсці да тых немцаў і паразмаўляць з імі пра Поля і пра мяне. Назаўтра я пайшла па ўказаным адрасе да нейкага бюро НКУСа, дзе мне паказалі пакой, у якім прымаў той нямецкі афіцэр. Чарга была доўгай, займала цэлы калідор і лесвіцу. Запускалі па адной асобе. Хоць я і прыйшла вельмі рана, вымушана была чакаць са дзве гадзіны. Немец сядзеў спіной да акна за вялікім пісьмовым сталом з лямпай і тэлефонам. Энкавэдзіст, заклаўшы рукі за пояс, хадзіў з кута ў кут. Я села насупраць афіцэра, ціха сказала наша прозвішча. Ён праверыў у спісе, мы абое ў ім фігуравалі. Паставіў нейкі значок каля нашых прозвішчаў, папрасіў, каб я пачакала, і выйшаў разам з савецкім камісарам. «Дзеці пастараліся», — падумала я. Думкі абганялі адна другую. Можа, нас пусцяць, можа, убачу дзяцей, можа, не буду ўвесь час так мерзнуць. Іх доўга не было, нарэшце немец вярнуўся адзін.

 — Я запішу Вас на выезд, — сказаў па-расейску. — Наконт мужа не гарантую. Робіць перашкоды камісія з Мінска, якая толькі што прыехала. Яны ведаюць вашага мужа па маёнтку Берзякоўцы і зараз не могуць яго выпусціць. Прыйдзіце яшчэ заўтра раніцай, — сказаў ён, гледзячы на мой скамянелы твар. — Я паспрабую іх пераканаць, але што датычыць Вас, прашу вырашыць зараз, бо ўжо заўтра вечарам мы выязджаем.

Божа! Магчыма, заўтра раніцай убачу Поля. Можа, паедзем разам. Гэтая новая надзея была такой цудоўнай.

Назаўтра з заміраннем сэрца я зноў увайшла ў НКУС. Нямецкі афіцэр глядзеў на мяне панура.

 — Вы — так, муж — не, — лаканічна сказаў пры камісары. — Вось пропуск на станцыю ў Наваельні на сённяшні вячэрні цягнік у 21 гадзіну.

Я ўстала, узяла, выйшла. Зноў загінула надзея. Значыць, зараз Поля ўвогуле не выпусцяць. З непатрэбным пропускам у руцэ я спускалася па лесвіцы, мінаючы доўгую чаргу людзей з засмучанымі тварамі, што чакалі прысуду...

У канцы лютага панна Марыя дастала спісы асобаў, прызначаных да вывазу ўглыб Савецкага Саюза. У першым шэрагу былі ваеннапалонныя, афіцэры і салдаты, іх да гэтага часу трымалі ў казармах за калючым дротам, а ў другую чаргу — чыгуначнікі, ляснічыя, дзяр­жаўныя служачыя, лекары, палітычна падазроныя з усёй прыгранічнай паласы — ад Вільні да Львова. Ужо ў першыя дні пасля прыходу бальшавікі арыштавалі ваяводаў, вышэйшых чыноўнікаў, землеўладальнікаў, прамыславікоў, купцоў, паліцэйскіх — усіх, хто не змог у час схавацца. Зараз іх у турмах завочна судзілі «тройкі», і аўтаматычна, згодна з параграфам 52 і 58 як «ворагі народа» яны атрымлівалі прысуд ад 8 да 20 гадоў савецкага лагеру. Гэтыя спісы, як аказалася пазней, былі вельмі дакладныя. З іх горад даведаўся нават пра дату першай начной аблавы — у канцы лютага 1940 г.

Спачатку з вечара прыехалі тысячы фурманак, саней і вазоў, рэквізаваных у навакольных вёсках і пасёлках, з ашалелымі ад страху вознікамі на казлах. Яны літаральна запоўнілі ўвесь горад. На станцыі стаялі велізарныя саставы таварных вагонаў, якія чакалі пагрузкі. Уначы загрукаталі грузавікі з салдатамі і энкавэдзістамі, а таксама конныя двухколкі.

У дамах стаіліся людзі, уражаныя гэтым незразумелым рухам, крыкам, праклёнамі, іржаннем напалоханых коней. Каля дзевятай гадзіны ўсё сціхла. Страх, папросту звярыны страх агарнуў нас усіх. Адны хаваліся ў чужых кватэрах, другія ўцякалі на вёску, іншыя, не давяраючы нікому, хаваліся ў лесе, у разбураных дамах. Трэба было перачакаць аблаву. Часам гэта ўдавалася. Не знайшоўшы людзей, пералічаных у спісе, хапальнікі лічылі, што тыя ўжо, напэўна, уцяклі раней. Ніхто не распранаўся і не спаў той ночы, але ўсюды патушылі святло і ў цемры прыслухоўваліся, ці не стукаюць ужо ў дзверы. Гэта пачалося каля другой гадзіны ўночы. Да нас у той раз не прыйшлі, але нават да гэтага глухога завулка даходзіў гоман здзіўленага горада. Значна пазней, ужо пасля амністыі, было падлічана прыблізна, што ў тую ноч на лініі Вільня — Львоў у вагоны пагрузілі 200 000 людзей.

Раніцай усё было скончана. Панура, як здань у імгле перад світанкам, выглядаў спустошаны горад. Доўгім шнуром цягнуліся да Наваельні шмат нагружаных клункамі людзей — родных і сяброў арыштаваных. Мы, тыя, хто застаўся, былі агаломшаны, уражаны тым, што адбылося. На што яшчэ спадзявацца? Тое, што здавалася нам немагчымым, адбылося на нашых вачах і было надзвычай планава і дакладна...

У пачатку сакавіка панна Марыя, ледзь перавёўшы дух ад узбуджанасці, паведаміла нам, што ўжо гатовыя спісы для другога вывазу і што ён адбудзецца 13 красавіка. У гэтым спісе прозвішчы членаў сямей арыштаваных, настаўнікі, дробныя ўласнікі, купцы, чыноўнікі і кулакі.

Паводле пазнейшых падлікаў генерала Андэрса, лічба вывезеных з Польшчы палякаў з 1939 па 1941 гг. склала мільён чалавек, не лічачы беларусаў і жыдоў. Інакш кажучы, знішчылі цэлую армію, адміністрацыю і інтэлігенцыю.

Спісы, якія здабывала панна Марыя, ліхаманкава перадавалі з рук у рукі, і прызначаныя на чарговы вываз у паніцы ўцякалі куды глядзяць вочы.

Мы з Вандай належалі да тых нямногіх, хто вырашыў не працівіцца лёсу, па дарозе ў ссылку трымацца разам. Мы толькі ўпрасілі панну Марыю, каб яна схавалася хоць на гэтую ноч, бо ў нашым доме яе могуць прыняць за члена сям’і са спісу.

Пад вечар 12 красавіка гэтак жа, як і ў лютым, горад быў запоўнены транспартам, санямі, грузавікамі. Была страшная адліга, але ім гэта не перашкаджала. Брычкі слізгалі, з цяжкасцю цягнулі сані, грузавікі кідала на мокрых дарогах, а на ўзбочынах у рэдкай мешаніне гразлі і вазы, і людзі.

Набліжалася ноч, а разам з ёй людзей зноў прыгнятаў страх. Ванда перайшла да мяне на ложак панны Марыі. Мы былі адносна спакойныя. Што мы павінны былі рабіць, застаўшыся ў гэтым абложаным месцы, пад пагрозай пастаянных вобыскаў і праследаванняў, без навін ад свету і без магчымасці як-небудзь дапамагчы вывезеным?

Мы сядзелі апранутыя на ложку, чакаючы знаёмага груку ў дзверы. Апоўначы ўжо здалёк данесліся шум, крыкі, ржанне коней, рокат матораў. Абы толькі хутчэй, абы больш не чакаць у цемры і страху. Нарэшце і пад нашым акном пачуўся тупат каня і скрып палазоў па снезе. Ужо віднела. Знаёмы стук брамкі. Затрымаўшы дыханне, мы глядзім у акно: відаць дзве постаці.

—Па нас, — шэпча Ванда.

Моцны стук у дзверы, хоць і чаканы, здаецца неспадзяваным і страшным. Ванда запаліла свечку, пайшла адчыняць. Увайшлі двое маладых салдат з сімпатычнымі тварамі. Бачачы, што нас толькі дзве жанчыны, з усмешкай папрасілі дакументы, праверылі па спісе і сказалі:

— Ну, цётачкі, збірайцеся, паедзеце з намі.

На гэтае збіранне нам далі паўгадзіны. Кожная мае права ўзяць з сабой 100 кг багажу. У нас ужо ўсё было запакавана. Прадукты Ванды ў скрынцы, складны ложак, пасцель, вёдры, патэльня.

— Бярыце больш, — раяць дабрадушна салдаты. — Усё прыдасца.

Яны відавочна задаволены, што няма ані слёз, ані пратэстаў. Ім таксама, напэўна, не весела вывозіць жанчын і дзяцей. Яны памагалі нам звязваць апошнія клункі, падушкі, валізкі. У мяне, вядома, менш рэчаў, чым у Ванды, якая апаражніла свае падвалы. Нас пагрузілі на шырокія сані, я села на груду рэчаў, салдаты вывелі каня на вуліцу. Ванда замкнула дзверы, паклала ключ для Марыі ва ўмоўленым месцы, яшчэ раз азірнулася на дом, у якім была шчаслівай, і села каля мяне. Я бачыла, як яна стрымлівае плач, як ёй шкада любімага дома, Наваградка, бязвоблачнага места, назаўсёды загубленага жыцця.

Мы рухаемся па гэтай цяжкай дарозе. За зачыненымі акенцамі, за шчыльна завешанымі вокнамі дзе-нідзе відаць палоска святла, перад некаторымі дамамі яшчэ стаяць ненагружаныя сані. Чуваць плач напалоханых дзяцей, крыкі вартавых. Увогуле, аднак, цішыня, спакой… Спакой? Што адчуваюць зараз маці, якія не ведаюць мовы, якіх вывозяць з малымі дзецьмі ў далёкі, чужы, варожы край?

За горадам мы паехалі хутчэй. Ноч халодная, мерзнуць калені, усё мокрае ад золкага туману, за пару крокаў нічога не відаць. Было яшчэ цёмна, калі мы пад’ехалі да станцыі ў Наваельні. Наша падвода адной з першых затрымалася перад самой платформай для багажу. Іншыя з канца табару едуць далей і вывальваюць свой груз проста ў полі, адкуль яго трэба прыносіць назад і складваць перад яшчэ зачыненымі таварнымі вагонамі. Станцыя асвятляецца, поўна чы­гуначнікаў з ліхтарамі, якія запаўзаюць пад вагоны, змазваюць восі на доўгае падарожжа, дапамагаюць каля кучаў багажу перад кожным вагонам. Пачынае днець, але цяжка што-небудзь разгледзець у густой імгле. Мы сядзім на нашых клунках і маўчым. Чакаем… Нарэшце падышоў наш канваір і энкавэдзіст. З дакументамі ў руках выкрыквае нашы прозвішчы.

З ляскам адсоўваюць масіўныя дзверы вагонаў. Ванда першая з цяжкасцю ўзлазіць у вагон без падножкі, за ёй салдат прымае рэчы. Потым выклікае мяне, а за мной яшчэ іншых, яшчэ, пакуль не нагрузілі цэлы вагон. Паступова прызвычайваемся да цемры, пачынаем адрозніваць прадметы і людзей...

Надыходзіла змярканне. Было самотна аж да фізічнага болю. Моўчкі мы ляглі на нарах. Кожная сам-насам перажывала гэтае развітанне. Усе разышліся, у вагоне сціхла, супакоіліся дзеці.

Мінуў яшчэ адзін дзень, і толькі ўначы нас падчапілі да лакаматыва. Мы прачнуліся ад нечаканага штуршка і прыслухоўваліся, седзячы на нарах. Ані званка, ані гудка — ціха рушылі мы ў дарогу, адчуваючы толькі, як сутыкаліся вагоны, пакуль наш доўгі састаў не выцягнуўся ў адну лінію.

І ў гэтай незвычайнай для адпраўлення цішыні было нешта злавеснае, як быццам хавалі, утойвалі наш лёс і ўтойвалі гвалт і злачынства. Выраўняўся стук колаў. Мы ляжалі ў цемры з расплюшчанымі вачыма, адны паглыбленыя ў маўчанне, другія — у малітву, як патрабуе звычай перад далёкай дарогай. І толькі тады доўгі, жахлівы гудок лакаматыва развітаўся з Наваградкам.

Звычайна падарожжа на цягніку дзейнічала на мяне заспакойліва. Размеранае калыханне і гайданне прынесла ўспаміны аб іншых падарожжах: у дзяцінстве падчас канікул — з нашага маёнтка Осьнічкі ў Наваградскай губерні на Каўказ, пазней уцёкі з Петраграда і Масквы ў 1917 г., блуканне па казачых станіцах, і зноў Каўказ, Наварасійск, потым выезд з Расіі ў 1920 г. на параходзе «Капартала» і звязаныя з тым выездам шматлікія трагічныя прыгоды. Княжыя Астравы, Рым, Парыж, поўдзень Францыі, нарэшце Польшча. А паездкі з Полем у Італію, такія радасныя і шчаслівыя! Я ляжу ў цемры і ўспамінаю, як аднаго разу ў дзяцінстве мяне спыталі, кім я хацела б быць, калі вырасту, а я адказала: падарожнікам.

— Вось і споўнілася, — думаю, усміхаючыся ў цемры...


1Граф Апалінарый Канстанцінавіч Храптовіч-Буцянёў, муж Вольгі Храптовіч-Буцянёвай. 

2Сын Храптовічаў-Буцянёвых, нарадзіўся ў 1919 г. 

3Унукі А. К. Храптовіча-Буцянёва, дзеці яго дачкі ад першага шлюбу Праскоўі. 

4Гувернантка Храптовічаў-Буцянёвых. 

 кантакт з рэдакцыяй: zn@medisont.com 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія