БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ЗЯМЛЯ N      N* 1

Міхась Цыбульскі

Эміграцыя... выбар свабоды? Адсутнасць свабоды выбару!

 

Для шэрагу краін Усходняй Еўропы і асабліва для Беларусі эміграцыя стала ўжо абсалютна натуральнай і гістарычна звыклай з`явай, і рэдка хто задумваецца над тым, што, па вялікім рахунку, мы ўкладаем у паняцце «ЭМІГРАЦЫЯ» даволі спецыфічны сэнс, які з`яўляецца нашай уласнай усходне­еўрапейскай інтэрпрэтацыяй тэрміна.

«Вывучайце мінулае, калі хочаце прадбачыць будучыню», — некалі заклікаў Канфуцый. Мы ж, па сутнасці, яшчэ ніколі сур’ёзна не спрабавалі асэнсаваць, што ў розныя часы змушала эміграваць беларусаў, як склаўся лёс гэтых людзей.

А ці вывучаў хто гісторыю і праблемы творчай эміграцыі? Чым была і чым ёсць сёння эміграцыя для мастака? Пошукам утульных умоў для творчасці? Уцёкамі ад абрыдлай сацыяльна-палітычнай рэальнасці? Жаданнем карэнным чынам змяніць свой сацыяльны (і творчы !!!) статус? Пагоняй за грашыма?.. Шэраг такіх пытанняў, на якія не існуе адназначнага адказу, можна доўжыць амаль бясконца. І нават паспрабаваўшы адказаць на большасць з іх, мы наўрад ці да канца зразумеем чалавека, які пакідае Радзіму, часцей за ўсё — назаўжды.

Адкінуўшы ў бок выпадкі, калі жыццё на Радзіме становіцца небяспечным для творцы, адзначым, што звычайна любая эміграцыя — як добраахвотная, так і прымусовая — па сутнасці з`яўляецца сацыяльным пратэстам, дэманстрацыяй уласнай пазіцыі, якая разыходзіцца з пазіцыяй афіцыйнай. Эмігрант — гэта заўсёды чалавек, які па розных прычынах не мае магчымасцяў самарэалізавацца на Радзіме, чалавек у нейкай ступені нешчаслівы. А «кожны нешчаслівы чалавек, асабліва расчараваны — гэта патэнцыяльны мяцежнік», — сцвярджаў Ф. Бэкан. Менавіта таму эміграцыю можна лічыць своеасаблівай формай ціхага мяцяжу. Формай, магчыма, не вельмі эфектнай, але, безумоўна, радыкальнай.

Эміграцыя — гэта заўжды ВЫБАР. Выбар паміж РЭАЛЬНАСЦЮ і БУДУЧЫНЯЙ. Паміж БЛІЗКІМ І ДАЛЁКІМ. Паміж тым, што абрыдла, і спакуслівай перспектывай...

Гэта вельмі НЯЛЁГКІ ВЫБАР. Але гэта СВЯ­ДОМЫ ВЫБАР. Настальгія, якую мы часта бачым у вачах эмігрантаў, што наведваюць свой родны край, — гэта зусім не шкадаванне аб зробленым кроку. Гэта часцей за ўсё ўспамін аб згубленым душэўным камфорце, аб утульным і родным для чалавека асяроддзі. Пры ўсёй павазе да шчырасці пачуццяў эмігранта, які ў час кароткатэрміновых візітаў на Радзіму абдымае бярозку, цалуе зямлю, паліваючы яе слязьмі, адзначым, што рабіць гэта значна прасцей, чым пагадзіцца ў сваёй свядомасці з тым, што ЎСІМ ГЭТЫМ зусім нядаўна ты ахвяраваў дзеля больш значнай мэты, ахвяраваў СВЯДОМА і НАЗАЎЖДЫ. І не варта абвінавачваць аўтара ў цынізме: у дадзеным выпадку доля яго не надта вялікая.

Цікава прыгадаць асобныя звесткі з гісторыі творчай эміграцыі. У часы Вялікага Княства Літоўскага замежжа не было закрытай зонай для творцаў. Кожны мастак меў магчымасць вольна трапіць у Нямеччыну, Швейцарыю, Італію, Францыю, Чэхію, Галандыю. Жыць, працаваць там пэўны час і ў любы момант вярнуцца назад. Адным з першых вядомых нам творцаў-эмігрантаў быў славуты Францыск Скарына, які пакінуў Беларусь, эміграваўшы ў Чэхію, дзе і дажываў свой век.

Выдзяляючы некалькі хваляў эміграцыі ў беларускай гісторыі, арыентуюцца пераважна на тыя ці іншыя сацыяльна-палітычныя прычыны. Але відавочна, што эміграцыю выклікалі не толькі палітычныя, эканамічныя, але і творчыя прычыны, пра якія кажуць значна радзей.

Масавыя хвалі палітычнай эміграцыі пачаліся ад часу заваявання і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст.1 Першая з такіх эміграцыйных хваляў з Беларусі і Польшчы, скіраваная ў Францыю, Саксонію, у ЗША, прыпадае на 1794–95 гг. Менавіта да гэтай хвалі інтэлігенцыі належаў Міхал Клеафас Агінскі, які эміграваў спачатку ў Вену, а потым — у Венецыю і Парыж. Другую хвалю эміграцыі на Захад склалі патрыёты, прыхільнікі кааліцыі Напалеона ў 1812 г. Сярод прадстаўнікоў трэцяй хвалі эміграцыі ў 1834 г. — мастакі Вінцэнт Дмахоўскі з Ашмянскага павета і Напалеон Орда. Першы эмігруе ва Усходнюю Прусію, другі жыве ў Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі і нарэшце спыняецца ў Парыжы, дзе ўдасканальвае свой мастацкі талент у студыі П. Жырара. Да эмігрантаў гэтай хвалі можна аднесці і Генрыха Дмахоўскага з Дзісенскага павета, які таксама, з`ехаўшы ў Парыж, заканчвае там школу скульптуры, а ў 1851 г. перасяляецца ў ЗША. Ужо з чацвёртай хвалі эмігрантаў (1863–64), якая была зарыентавана на Францыю, Швейцарыю, Англію, — мастак Браніслаў Залескі (Ліцьвін) са Слуцкага павета, які з`язджае  спачатку ў Дрэздэн, потым — у Рым, Парыж.

Зусім не адзінкавыя імёны творцаў можна было б назваць з пятай (1897–1914), шостай (1917), сёмай (1924–37), восьмай (1944) хваляў эміграцыі, што вялі беларусаў у Францыю, Нямеччыну, Бельгію, Чэхію, Данію, Фінляндыю, Швецыю, Аўстрыю, Маньчжурыю, Канаду, Аргенціну, ЗША, Аўстралію… «Рэвалюцыйны пажар выгнаў у этнічную, бытавую бяздомнасць мільёны людзей», — некалі пісаў М. Забораў.

Але рэвалюцыі ў пачатку стагоддзя знаменавалі сабой толькі прыход да ўлады камуністычнай ідэалогіі і рэжымаў, якія цалкам раскрылі сябе пазней. Адкрытая эміграцыя мастакоў у пачатку стагоддзя паступова ператваралася ў дысідэнцтва як своеасаблівую праяву пратэсту супраць таталітарызму. І хоць феномен дысідэнцтва «ахапіў большасць краін свету, пазначыў ХХ стагоддзе»2, немагчыма не заўважыць, што, напэўна, у Савецкім Саюзе гэтая з`ява набыла асабліва выразную афарбоўку. У 60–80-я гг. у Еўропу ссылаюць за яўную непрыдатнасць да савецкага ладу жыцця. «Еўропа становіцца добрай прышчэпкай ад усялякіх рэвалюцый»3.

Свой значны ўнёсак у эміграцыю зрабіў і палітычны рэжым, які ўсталяваўся  на Беларусі ў 90-я гг. І нават на пачатку трэцяга тысячагоддзя, на жаль, актуальным застаецца пытанне: «Як быць чалавеку, калі ён не як усе і вылучаецца з масы сабе падобных, калі ён творца, што дзеіць паводле ўнутраных імпульсаў самавыяўлення? Як яму пераадолець тую брутальную залежнасць ад сілы соцыума, які нязменна нівелюе яго, прабачце за пафас, Богам дадзены дар?»4.

Казаць аб агульных прычынах эміграцыі мастакоў нават у дачыненні толькі да аднаго ХХ стагоддзя даволі праблематычна. Кожная з эміграцыйных хваляў акрэслена сваімі прычынамі, якія, пераплятаючыся і пераламляючыся праз прызму канкрэтнай асобы, набываюць яшчэ больш складаны выгляд.

Не менш, чым прычыны эміграцыі, цікавы і сам працэс разрыва творцы са звыклым асяроддзем. З`язджаючы за мяжу, мастак практычна адмаўляецца ад аднаго са сваіх творчых «Я», ад напрацаванага і сацыяльна адаптаванага вопыту, ад блізкага мастаку кола гледачоў, ад творчага статусу сваёй асобы на Радзіме. ТАМ усё будзе пачынацца спачатку. Творчы імідж — манера, вобразнае і сюжэтна-тэматычнае кола — хутчэй за ўсё, будзе зменены мастаком ТАМ. Напрацаванае на Радзіме стане толькі МАТЭРЫЯЛАМ для трансфармацый сваіх творчых памкненняў на новай мастацкай і сацыяльнай арэне. Пра гэта сведчыць гісторыя. Адданасць Марка Шагала віцебскай тэме — не пераканаўчы прыклад: варта параўнаць яго творы віцебскага і парыжскага перыядаў, каб зразумець — гэта, па сутнасці, дзве розныя творчыя лініі.

Як і ў любой іншай справе, у эміграцыі нішто не бывае такім цудоўным, як здаецца спачатку. Сёння мастак, выязджаючы назаўсёды, напрыклад, у Амерыку ці ў Еўропу, на працягу 3–5 гадоў вымушаны ўладкоўваць свае жыллёвыя, фі­нансавыя справы, практычна ахвяруючы творчасцю. Зразумела, што за гэты час проста немагчыма захаваць нязменнымі сваю творчую пазіцыю і мастацкія прыярытэты. Новыя ўмовы вымагаюць ад мастака адаптацыі да зусім іншага асяроддзя, сур`ёзнай працы па пошуку заказаў. Нярэдка адбываецца кардынальная пера­арыентацыя мастака-эмігранта на нязвыклыя раней для яго віды творчай дзейнасці. І добра, нават цудоўна, калі ТВОРЧАЙ! Часцей даводзіцца «зарабляць сабе права» на далейшую творчасць у новай краіне зусім іншымі, далёка не мастацкімі сродкамі.

Магчыма, менавіта таму эміграцыя заўсёды была справай пераважна людзей нестарых. Але ў апошнія гады яна яшчэ больш памаладзела. Сёння ж, акрамя таго, стала відавочна, што творчая эміграцыя — справа людзей прафесійна адукаваных. Людзей з высокай ступенню творчых амбіцый, не інертных, не абыякавых і тым больш не лянівых.

Дарэчы, эміграцыя студэнцтва — з`ява, вядомая яшчэ з XV ст.5 І сёння нярэдка, атрымаўшы мастацкую адукацыю на Беларусі (ці яе «азы» на некалькіх курсах той ці іншай мастацкай установы), маладыя мастакі імкнуцца трапіць у творчыя навучальныя ўстановы Польшчы, Германіі, іншых еўрапейскіх краін, Амерыкі. У чым прычына? Лічыць гэта толькі ўпартай пагоняй за лепшымі ведамі наўрад ці можна. Я глыбока перакананы, што мастацкая адукацыя ў многіх навучальных установах Беларусі нічым не горшая, а часта нават больш грунтоўная, чым у Еўропе. Але ж статус гэтай мастацкай адукацыі абумоўлены яшчэ і месцам працы яе выпускніка ў будучым, яго за­патрабаванасцю грамадствам, магчымасцямі творчай самарэалізацыі асобы. Што можа прапанаваць творцу наша дзяржава? Ці памятае яна аб тым, што «з моманту, калі грамадства набывае патрэбу ў мастацтве і мастаках, яно мае таксама пэўныя абавязкі перад імі»6?

Сучасных маладых мастакоў прыцягвае магчымасць замацавання ўласных творчых дасягненняў статусам еўрапейскай мастацкай адукацыі. А яшчэ — зусім не акадэмічная вольніца падчас навучання ў Акадэміях мастацтваў у Еўропе. Вольніца, якая не толькі пашырае кола засвоеных традыцый, але і прадстаўляе магчымасці выбару новых творчых арыенціраў, больш шырокае поле для адаптацыі ў новай мастацкай прасторы. «Я што — сёння зноў павінен рабіць тое, што я хачу?» — нібыта іранізуючы, пытаецца ў свайго прафесара адзін са студэнтаў Акадэміі мастацтваў у Каселі (Германія). Пры ўсім тым я не маю ілюзій і добра разумею, што і ТАМ малады мастак не заўжды робіць для сябе правільны выбар і нярэдка падладжваецца пад тую ці іншую камерцый­на прыбытковую, актуальную сёння ў мастацкім свеце манеру ці накірунак.

Немагчыма не сказаць і пра так званую часовую эміграцыю, якая ў апошнія гады стала шырока практыкавацца беларускімі мастакамі. Разумеючы тэрміналагічную абсурднасць падобнага словазлучэння, адзначым, што ў дадзеным выпадку цікавы не сам тэрмін, а працэс, падзея, якія нярэдка папярэднічаюць канчатковай эміграцыі творцы. Мастак выязджае на працу ў Еўропу «проста падзарабіць», але праз пэўны час, адаптаваўшыся  там, нярэдка назаўсёды пакідае Радзіму. У сузор`і прычын падобнай формы эміграцыі нярэдка адно з цэнтральных месцаў займаюць прыцягальныя для кожнага мастака магчымасці больш удалага продажу сваіх твораў ТАМ. Паспрабуйце параўнаць кошты адной і той жа жывапіснай кампазіцыі, калі яна прадаецца ў Еўропе і на Беларусі, — і вам усё стане зразумела. А дадайце сюды яшчэ наяўнасць ТАМ развітай і апрабіраванай інфраструктуры мастацкага рынку — і вы, магчыма, адчуеце ЗРУЧНАСЦЬ творчай працы ў іншых умовах.

І яшчэ адна з`ява. Назавём яе ўмоўна ўнутранай эміграцыяй. Сярод яе прычын наўрад ці знойдзем мы што-небудзь арыгінальнае. У гэтым выпадку мастак хоць і застаецца жыць на Радзіме, але практычна ніяк не заяўляе аб сабе і  аб сваёй творчасці. У той самы час мы даведваемся, што недзе там — у Галандыі ці Германіі, Швейцарыі ці Італіі — ладзяцца яго персанальныя выставы. З якіх, дарэчы, няблага прадаюцца творы гэтага мастака. Падобная эміграцыя такая ж небяспечная для грамадства, як і звычайны ад`езд мастака, паколькі, па сутнасці, на Радзіме не толькі не застаюцца яго творы, але і ўся творчасць мастака паступова пераарыентоўваецца на іншага гледача. Усё часцей ад маладых мастакоў даводзіцца чуць аб бессэнсоўнасці арганізацыі мастацкіх выстаў на Беларусі. У гэтым сэнсе нават Расія, а дакладней — Масква і Пецярбург, краіны Прыбалтыкі, становяцца сёння для творцы больш прыцягальнымі. І гэта — яшчэ адзін накірунак эміграцыі.

Ці варта цывілізаванаму грамадству змагацца з эміграцыяй? Напэўна — так. Бо эміграцыя «змывае ўрадлівы слой» творчай інтэлігенцыі, пазбаўляе грамадства найбольш актыўнай і амбітнай часткі прафесіяналаў. Акрамя таго, эміграцыя стварае для краіны негатыўны імідж нецярпімасці да сапраўднай творчасці. Ці ж не горка сёння чуць параўнанне нашай дзяржавы са «своеасаблівай цэнтрыфугай, якая нараджае чалавека, сур`ёзную творчую асобу, і адразу адвяргае яе (...), выкідвае»7?

Але змаганне з эміграцыяй зусім не павінна быць зведзена да забаронаў на выезд, як гэта было ў савецкія часы. Ёсць альтэрнатыўны гэтаму шлях — стварэнне спрыяльнага творчага клімату, умоў для рэалізацыі творчай асобы на Радзіме, развіццё сацыяльнай памяркоўнасці да розных творчых арыентацый, падтрымка творчых памкненняў моладзі і г. д., і г. д.

А як жа дзяржава павінна ставіцца да мастакоў-эмігранатаў? Пытанне зусім не простае для нашага грамадства. На маёй памяці часы, калі імёны мастакоў, што выехалі з краіны, настойліва «раілі» выкрэсліваць з навуковых даследаванняў мас­тацтвазнаўцаў. Так у свой час з беларускага мастацтва выпалі некаторыя славутыя асобы, творчасць якіх павінна была б упрыгожыць яго гістарычны шлях. І сёння наўрад ці хто адкажа, колькі іх — выдатных мастакоў з Беларусі — згубілася ў бязлікім натоўпе эмігрантаў!

Мы «талерантна» саступаем права ганарыцца сваімі суайчыннікамі ўсім народам свету. І быццам бы баімся ў голас заявіць аб тым, што спадчына іх па праву належыць і нашаму народу. Праглядаючы энцыклапедычныя даведнікі Польшчы, Літвы, Германіі, Амерыкі, вызначаю для сябе імёны мастакоў, якія паходзілі з Беларусі. Гэтыя імёны даволі натуральна ўпісаны ў кантэкст развіцця мастацтва тых ці іншых краін. Але аб іх — аб мастаках, якія ў розны час па тых ці іншых прычынах апынуліся за дзяржаўнымі межамі Беларусі, — нідзе не пішацца як аб мастаках беларускіх. На жаль, не знойдзеш у нашых музеях часам і іх твораў. Імёны гэтых мастакоў даўно наспеў час вярнуць у кантэкст беларускай культуры. І не мае значэння ў дадзеным выпадку, ці знайшла адлюстраванне ў творчасці гэтага мастака беларуская тэматыка.

Напэўна, нехта мне будзе пярэчыць, маўляў, такім чынам мы атрымаем не рэальную карціну развіцця беларускага мастацтва, а нейкі міф. Магчыма і так. Але зварот да міфа не павінен пужаць гісторыкаў мастацтва. Міф заўжды звязаны з рэальнасцю, а цяга да яго ўласціва гістарычнай свядомасці ўвогуле. Акрамя таго, «культура можа развівацца толькі ў акрэсленым міфам гарызонце»8. «Дапускаючы  прысутнасць міфатворных механізмаў ва ўласным целе, на сваёй тэрыторыі мастацтва само ўдзельнічае ў афармленні міфалагізаванай сістэмы (…), само выступае ў якасці элемента сацыяльнай міфатворчасці»9 і звычайна імкнецца падтрымліваць сваю міфалогію. Мы проста павінны стварыць гэты гістарычна абгрунтаваны міф менавіта сёння, каб хоць бы на пачатку ХХІ стагоддзя паспрабаваць скласці ўражанне аб патэнцыяле народа і дзяржавы, аб творчым менталітэце беларускіх мастакоў.

Сёння варта разглядаць беларускае мастацтва не толькі як мастацтва этнічных беларусаў, а як творчасць мастакоў — прадстаўнікоў гэтай краіны. Дыяпазон падобнага тлумачэння — проста відавочная неабходнасць. Прыспеў час збіраць камяні! Камплексаваць беларусам з прычыны таго, што ў шэрагу БЕЛАРУСКІХ МАСТАКОЎ апынуцца яўрэі, рускія, палякі, літоўцы, армяне, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, не варта, паколькі агульнавядома, што ніколі значныя школы мастацтва, архітэктуры, музыкі, філасофіі не з`яўляліся чыста нацыянальнымі10.

Але намаганні шэрагу беларускіх мастацтвазнаўцаў увесці ў кантэкст развіцця беларускага мастацтва новыя імёны, новыя факты, змяніць расстаноўку акцэнтаў пакуль што застаюцца амаль незаўважанымі. Агульная дактрына «беларускага мастацтва» застаецца нязменнай.

Даўно ўжо прыйшоў час адкрыта і шчыра казаць аб тым, што мы ганарымся сваімі суайчыннікамі, незалежна ад таго, дзе яны жывуць сёння. Трэба памятаць, што гэта людзі звычайна самадастатковыя, якія, безумоўна, ведаюць сабе цану. І таму НАМ варта клапаціцца аб тым, каб іх выставы часцей ладзіліся на БЕЛАРУСІ, каб У нас выдаваліся каталогі іх твораў, кнігі пра іх. Паколькі патрэбна гэта ў першую чаргу НАМ САМІМ!!! Трэба запрашаць гэтых людзей на Беларусь для ўдзелу ў пленэрах, ладзіць з іх удзелам сімпозіумы, прысвечаныя праблемам творчай эміграцыі. Ды і дзейнасць мастацкіх суполак у Расіі, Латвіі, Літве, Польшчы таксама больш патрэбна НЕ ІМ ТАМ, а НАМ ТУТ — на Беларусі.

Купляць за мяжой арыгінальныя творы мастакоў, якія эмігравалі з Беларусі, сёння дзяржаве не па кішэні, і таму варта заказваць хоць бы прыстойныя копіі, ствараць у мастацкіх музеях асобныя залы, прысвечаныя творчасці беларускіх мастакоў замежжа, ці нават адкрываць невялічкія мемарыяльныя музеі. Ці ж не дастойны музея на сваёй радзіме такі мастак, як Яўсей Майсеенка? А Фердынанд Рушчыц?

Спробы разбірацца ў гэтых справах з дапамогай пытання «Кім ёсць той ці іншы мастак па нацыянальнасці, і дзе ён быў падчас вайны (рэвалюцыі, перабудовы і г. д.), калі беларускаму народу было асабліва цяжка?», ужо не аднойчы прыводзілі да таго, што мы рабілі горш толькі самім сабе. Так у свой час добрая воля М. Шагала, які жадаў падараваць Віцебску свае творы, па падобных прычынах не была рэалізавана. Мастак памёр. Віцебск застаўся без твораў і без музея Шагала. І толькі амаль праз 15 гадоў, нібыта адумаўшыся, у Віцебску ўзяліся за стварэнне Шагалаўскага цэнтра.

Зразумела, што ўсё вышэйадзначанае можа здзейсніцца толькі пры добрай волі на тое мастакоў-эмігрантаў. Не сакрэт, што многія з іх пакрыўджаны Дзяржавай, Саюзам мастакоў, непрызнанасцю на Радзіме… Таму чакаць простых і лёгкіх кантактаў наўрад ці варта. АЛЕ РАБІЦЬ УСЁ ДЗЕЛЯ гэтага ПРОСТА НЕАБХОДНА!!!

Усё сказанае вышэй — гэта размова ў кантэксце сённяшніх беларускіх рэаліяў, сітуацыі, калі эміграцыя для шэрагу творцаў стала свядомым выбарам пры адсутнасці свабоды выбару. Паколькі «…нельга быць свабодным у несвабодным грамадстве: не дадуць, не дазволяць»11.

Але ж, па вялікім рахунку, мастак вольны, яму не патрэбныя дазволы, дзяржавы, межы… Мастак мае права сам выбіраць сабе месца жыхарства з больш спрыяльнымі ўмовамі для творчасці. Вольны творца — сам для сябе краіна і сам для сябе прэзідэнт… І «ніякая дзяржава і ніякае грамадства не мае права ўяўляць, быццам бы яно можа падараваць, ці ўжо падаравала мастацтву тое, чым яно з`яўляецца па сваёй прыродзе: свабоду. Свабода, дазволеная кімсьці, — для яго нуль; ёсць толькі тая свабода, якую яно мае ці здолее ўзяць на сябе»12. Гэтай амаль класічнай фразе Генрыха Бёля вельмі сугучна і сказанае зусім нядаўна патрыярхам беларускай літаратуры Васілём Быкавым: «Свабода — най­большая маральна-фізічная каштоўнасць, да­дзеная жывой істоце фактам яе нараджэння. Усё жывое карыстаецца тою каштоўнасцю, наколькі гэта мажліва ў заблытаным свеце арганічнага існавання, апроч хіба чалавека»13. Зусім не хацелася б дадаваць — беларуса...


Літаратура:

{1} Гл. падрабязней: Калубовіч Я. Крокі гісторыі. Мн., 1993. С. 9
{2} Шаблоўская І. Дысідэнцтва як літаратурны феномен//ЗНО N* 20. Культура. 1994. N* 52. 28 снежня.
{3} Батурина Т. Русские в Германии//ДИ. 1997. N* 1–2. С. 51.
{4} Быкаў В. Чалавеку мала народжанай свабоды//ЛІМ. 2001. 1 чэрвеня.
{5} Гл.: Ostrowski R. Fragments from the history of Byelorussia (to 1700). London, 1961. P. 83–84.
{6} Маритен Ж. Ответственность художника//Самосознание европейской культуры ХХ века. М., 1991. С. 187.
{7} Карповіч А. Арт-мартыралог//ЛІМ. 1998. 20 лістапада.
{8} Гадамер Х. Г. Миф и разум//Актуальность прекрасного. М., 1991. С. 95.
{9} Балашов А. Осуществление искусства// ДИ. 1992. N* 1. С. 19.
{10} Ортега-и-Гассет Х. О точке зрения в искусстве//Эстетика. Философия культуры. М., 1991. С. 186.
{11} Быкаў В. Чалавеку мала народжанай свабоды//ЛІМ. 2001. 1 чэрвеня.
{12} Бёлль Г. Искусству не нужна свобода. Искусство само есть свобода//Новое время. 1993. N* 33. С. 5
{13} Быкаў В. Чалавеку мала народжанай свабоды//ЛІМ. 2001. 1 чэрвеня.

 кантакт з рэдакцыяй: zn@medisont.com 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія