|
Нелі Бекус-Ганчарова
Эміграцыя: жыцьцё ў іншай парадыгме
Кожнае далёкае падарожжа,
паездка ў іншыя краіны прыводзяць да
набыцьця некаторага досьведу, і часьцей за
ўсё надзеі на гэты досьвед зьвязваюцца са
зьнешнім сьветам — мы едзем
туды, дзе ён новы, незвычайны, іншы. Аднак да
гэтых аб’ектыўных вабнотаў навізны, якіх
імкнуцца пакаштаваць і за якімі едуць,
заўсёды прымешваецца таксама важкая доля
асобаснага перажываньня, ажыцьцяўляемай «пробы»
сябе. У зьмененым кантэксьце не-сваёй
паўсядзённасьці чалавек часта паводзіць
сябе як выпрабавальнік, які праводзіць
экспэрымэнты на хрусткай мяжы ўнутранага,
свайго сьвету й навакольнага, зьнешняга.
Аднолькава важна для нас ведаць ня толькі,
што ёсьць невядомы нам сьвет, але і як ён
адлюстроўваецца ў нас, кім мы зьяўляемся ў
ім. Сьвет гэты паўстае перад намі складаным
павуціньнем рознааблічнай падзейнасьці,
калейдаскоп карцінак можа ніколі не
паўтарацца й нястомна нас уражваць, аднак
ня менш дзіўнае ў ім тое, што ён адначасова
слугуе формай нашага самапазнаньня. Сьвет з
мноствам розных людзей, што насяляюць яго,
актывізуе ў нас патрэбу да самавызначэньня,
штурхаючы да больш дакладнага афармленьня
межаў сваёй самасьці.
Лаканаўскі
вобраз іншага чалавека як люстэрка, у якім
мы спачатку бачым сваё адлюстраваньне і ад
якога пазьней пачнём аддзяляцца ў пошуках
сябе, — гэта ня толькі першасная
схема ўзьнікненьня «Я» чалавека ў
дзяцінстве; гэты «шлях да сябе» праз іншага
можа быць знойдзены ў розных кропках
цячэньня нашага жыцьця. Найбольш яскрава
праяўленае гэтае перажываньне за межамі
нашай краіны, там, дзе адносіны чалавека са
сьветам пазбаўленыя відавочнай культурнай,
моўнай і г. д. тоеснасьці.
•••
Досьвед «сябе
сярод чужых» дазваляе інакш зірнуць на
многія відавочныя факты свайго жыцьця, у
чым пераканала мяне адна ўвогуле звычайная
паездка па Ўсходняй Эўропе. Польшча,
Славаччына, Вугоршчына, Румынія, Балгарыя — на працягу некалькіх сутак
краіны гэтыя прамільгнулі за вокнамі
цягніка. Прыпынкі здараліся рэдка й часьцей
за ўсё на межах, гэтых палосках «нічыйнае
зямлі», на якіх адбываецца рытуальная
зьмена адных чалавечых умоўнасьцяў іншымі. Простая фармальнасьць —
пашпартны кантроль, а ўвогуле я прайшла яго
дзесяць разоў — напрыканцы шляху
прывяла да нечаканых вынікаў. Адказваючы на
звычайнае пытаньне ўсіх пагранічнікаў: «Where
are you from?», я, натуральна, паўтарала тое, што
напісана ў пашпарце: «Беларусь».
Шматразовае імгненнае самавызначэньне, да
якога, самі таго ня ведаючы, заклікалі мяне
пагранічнікі, акумулявалася ў дзіўным
эфэкце — у прамалёўцы й рэстаўрацыі да
таго моманта крыху зацёртых гарызонтаў
маёй ідэнтычнасьці. Ужо ў сярэдзіне шляху я
заўважыла, як стала зьмяняцца інтанацыя
майго адказу — у ім зьявілася новая
ўнутраная перакананасьць, якая жывілася
зьнешнімі заявамі пра прыналежнасьць
менавіта да гэтай краіны. Мэханічнае
паўтарэньне жэсту фармальнага
атаясамленьня з тэрыторыяй зьмяніла
якасьць гэтай сувязі. Парадаксальным чынам,
зьнешнія абрысы самавызначэньня як быццам
па-новаму, жорстка й трывала прымацаваліся
да месца, зь якога я зьехала. Як калі б кожны
раз я ажыцьцяўляла пэрфарматыўнае
прадстаўленьне, мэтай якога была ня толькі
мая прэзэнтацыя вонкі — нейкаму
абстрактнаму Іншаму, часовай
пэрсаніфікацыяй якога быў кожны з
пагранічнікаў, але й вяртаньне да мяне
аўтарэпрэзэнтацыі, узбагачанай гэтым чужым
зрокам1.
Менавіта погляд іншага мае
патрэбу ў адрозных метках нашага вобразу.
Мы ня мелі б патрэбы ні ў якай «аўтамадэлі»,
ні ў якай ідэнтычнасьці, калі б вакол нас не
было разнастайнага поля іншых людзей, ад
якіх мы вымушаныя адмяжоўвацца,
арганізуючы розныя працэдуры культурнай,
сацыяльнай, асабістай ідэнтыфікацыі. Тая
паездка нечакана абярнулася «трэнінгам
ідэнтычнасьці», бо кожная чарговая
сустрэча патрабавала новай «ініцыяцыі»
сувязі зь зямлёй, што засталася дзесьці.
Гэтая «спасылка» стала неабходным
элемэнтам актуальнай рэпрэзэнтацыі, яна
задавала каардынаты, па якіх выбудоўвалася
формула маёй прысутнасьці.
•••
Жыцьцё ў сваёй краіне,
жыцьцё бяз выездаў і расстаньняў зь «дзяржавай-домам»
амаль не запатрабуе гэтай формы
рэпрэзэнтацыі праз прыналежнасьць
чалавека да краіны, народу й дзяржавы. У
гамагеннай прасторы Радзімы гіпатэтычна
ўсе навокал — яе грамадзяне, для
афармленьня ідэнтычнасьці тут патрэбныя
іншыя маштабы й меткі. І наадварот,
эміграцыя — гэта жыцьцё не на той зямлі,
на якой нарадзіўся й вырас, жыцьцё ў
атачэньні адрозных людзей. Менавіта таму
жыцьцё чалавека ў эміграцыі яўляе нам
досьвед сталага аднаўленьня згубленай
прыналежнасьці, сымбалічнага вяртаньня
туды, адкуль ён зьехаў, — з гэтага
пачынаецца ягоная «прэзэнтацыя» ў
навакольным сьвеце, праз гэтую «адсылку»
ягоны воблік набывае якасныя адрозьненьні,
празь іх ён распазнаецца ў асяродзьдзі
іншых людзей.
Менавіта пры дапамозе
фігуры прасторавага разрыву, якім стаў «пераезд»,
выдзяляецца вобраз эмігранта на фоне
новага акружэньня. Парадокс у тым, аднак,
што сама структура разрыву жорстка
ўтрымлівае абедзьве часткі разарванай
рэчаіснасьці. І менавіта адарваўшыся,
зьехаўшы, чалавек аказваецца ў палоне
бясконцых вяртаньняў, якія прывязваюць і
па-новаму інтэрыярызуюць пакінутую
тэрыторыю ва ўнутранай прасторы
эмігранцкай ідэнтычнасьці. Пра асобую
якасьць быцьця, заснаваную на «падваеньні»
сьвету — зьнешняга й сьледам за ім
унутранага — пісаў Ігнат Дамейка
ў «Маіх падарожжах»:
«...Гэта стан, у якім
перажываецца адначасова два асобных сваіх
існаваньня, хаця й зьвязаных між сабой
ланцугом, які расьцягваецца, але ня рвецца:
цела зь яго адчуваньнямі — на адным
месцы, а душа занятая далёкім сьветам і
іншай рэальнасьцю»2.
Разьвітая
міталёгія настальгічных пачуцьцяў
эмігранта, часта апраўданая сапраўднай
псыхалягічнай адчувальнасьцю чалавека
да разрыву, тым ня менш таксама часта
становіцца вытворнай, адным з эфэктаў
ягонай зьнешняй, новай формулы самасьці. «Туга
па далёкай Радзіме», пачуцьцё
прывязанасьці да пакінутай дзесьці краіны
дапаўняюцца непазьбежнасьцю актуальнага
самавызначэньня праз штодзённую «спасылку»
на гэтую Радзіму, якая такім чынам па-новаму
прапісваецца ў жыцьці эмігранта. Яна
становіцца адной з крыніцаў яго
сапраўднага вобразу, назаўсёды
забясьпечваючы яму алібі «іншага»: жыцьцё ў
эміграцыі складаецца зь безупыннага
выяўленьня сваёй іншасьці. Іншасьці, якую
перадумоўлівае іншае паходжаньне, іншыя
культурныя карані, іншае дзяцінства, іншыя
зьместы ў сасудах памяці, ды й падставы для
ўспамінаў рэальнага жыцьця таксама іншыя.
Нават кажучы пра «паходжаньне», указваюць,
па сутнасьці, менавіта на гэтую колішнюю
падзею «сыхода», якая мела месца напачатку
й была «пратафактам», што перадумовіў калі
ня ўсё, то шмат што ў далейшым жыцьцёвым
шляху.
Фактар прасторы займае
асаблівае месца ў лёсе эмігранта. Ля
вытокаў эміграцыі заўсёды ляжыць вольная
ці міжвольная нэгацыя хатняй, сваёй
тэрыторыі, якая можа быць абумоўленая альбо
аб’ектыўнымі якасьцямі сацыяльнага й
культурнага асяродзьдзя, альбо асабістымі
адметнасьцямі канкрэтнага жыцьцёвага
праекту; менавіта гэтая «нэгацыя» прымушае
асобнага чалавека, сям’ю, а часам і цэлыя
генэрацыі людзей выправіцца ў дарогу.
Гэты жэст — як подпіс
пад «дэклярацыяй незалежнасьці» ад
дадзенага канкрэтнага месца.
Вельмі часта, аднак,
эмігрантам так і не выпадае актуалізаваць «фактар
тэрыторыі» ў сваім далейшым жыцьці, «прымацаваць»
ідэю ўяўнага, жаданага месца-дома да
фізычнай рэальнасьці. І тады, у адсутнасьці
тоеснасьці зь нейкім канкрэтным месцам, «ідэя
дома» альбо завешваецца ў паветры «над
тэрыторыяй Радзімы», асуджаючы яе носьбіта
на вечную настальгію, альбо працягвае ўвесь
час зьмяняцца, а чалавек набліжаецца да
стану «сучаснага намада». (Вядома, што
вельмі часта эмігранты, зьехаўшы ў адну
краіну, пазьней ня раз яе мяняюць, мігруючы
далей, у пошуках іншага, сапраўднага дому.)
Гэтая немагчымасьць увайсьці ў стан
адэкватнасьці з новай тэрыторыяй жыцьця
становіцца падмуркам для будаўніцтва «ўяўнага
дому па-за канкрэтным месцам». Гэты дом
паталягічна ідэальны, а яго наяўнасьць
адкрывае ўсе гарызонты перад эмігрантамі,
хаця адначасна й не дазваляе да іх
наблізіцца. Інакш кажучы, прастора ў жыцьці
кожнага эмігранта «дэактуалізаваная»,
пераведзеная ў мадальнасьць не рэальнага,
але магчымага, і ня ёсьць важна, будучага ці
былога. Прычым якасьць гэтая папярэднічае
кожнай канкрэтнай эміграцыі й зьяўляецца ў
нейкім сэнсе яе рухальнай сілай і
ідэалягічнай падставай.
«Адчужэньне» ў актуальным
асяродзьдзі сапраўднага й «разрывы» ў
гісторыі тэрытарыяльных прыналежнасьцяў —
гэта два канстытутыўныя паняцьці ва
ўяўленьні пра эміграцыю. Яна аказваецца
адначасова й выключнай падзеяй канкрэтнага
чалавечага жыцьця, і спараджэньнем пэўнай
культуры, і асаблівай формай прысутнасьці,
«спосабам быць» сярод іншых людзей.
•••
Нельга адназначна
адказаць на пытаньне, калі эміграцыя
зьявілася. Відавочна, што не тады, калі
людзі пачалі пераязджаць, мяняць месца
жыхарства. Хутчэй наадварот, эміграцыя
стала эфэктам людской аседласьці. Менавіта
з моманту, калі чалавек набыў Радзіму, у яго
зьявілася магчымасьць зь яе эміграваць. У
сярэднявеччы, па сьведчаньні Жака Ле Гофа,
Эўропа ўяўляла сабой поле хаатычнай
міграцыі, калі людзі безупынна
перамяшчаліся, не задумваючыся пра сэнс і
патас пераменаў, а проста таму, што так была
наладжаная мадэль іхняй экзістэнцыі. У
гэтай мадэлі жыцьцё надзялалася сэнсам
мінуючы такія характарыстыкі, як «зямля»,
месца жыхарства ці фізычная прастора.
Апошняя альбо цалкам адсутнічала ў жыцьці,
зводзячыся да статычнай кромкі лесу на
даляглядзе, замацаванай навечна, альбо была
няўлоўнай «фіксаванай зьменнай», і таму не
валодала ніякай істотнай каштоўнасьцю:
«Рыцары й сяляны
сустракалі на дарогах клірыкаў, якія альбо
ажыцьцяўлялі прадпісанае правіламі
падарожжа, альбо парвалі з кляштарамі... Яны
сустракалі студэнтаў, якія йшлі ў
знакамітыя школы ці ўнівэрсытэты (хіба не
сьцьвярджалася ў адной паэме 12 стагодзьдзя,
што выгнаньне, terra aliena, ёсьць неадменнай
доляй шкаляра), а таксама паломнікаў,
рознага кшталту бадзягаў. Ня толькі ніякі
матэрыяльны інтарэс ня ўтрымлівае
большасьць зь іх дома, але самы дух
хрысьціянскай рэлігіі выштурхоўвае на
дарогі. Чалавек — вечны вандроўнік на
гэтай зямлі выгнаньня... Сярэднявечча, эпоха
пешых і конных вандровак, падыходзіць да
канца, калі пачынаючы з 14 стагодзьдзя
вандроўнікі становяцца бадзягамі,
праклятымі людзьмі. Раней яны былі
нармальнымі людзьмі, гэтак жа як у далейшым
нармальнымі сталі дамаседы...»
Жак Ле Гоф. Гісторыя
Сярэднявечнай Эўропы3.
Новая эпоха інакш
разьмеркавала ролі ў тэатры чалавечага
жыцьця, «прастора» ў ім згубіла сваю трансцэндэнтнасьць і мэтафізычнасьць,
няўхільна збліжаючыся й зьліваючыся з
прасторай зямной, рэальнай. Чалавек, у
выніку, пачынае вылічваць сваё жыцьцё ў
катэгорыях «месца», з гэтым прыходзіць
асацыятыўная прывязанасьць да людзей, якія
жывуць побач, што падсілкоўваецца адной
мовай, падобнымі звычаямі — і ўсё гэта
працінаецца пачуцьцём тэрытарыяльнай
роднаснасьці. Фактычна з гэтага моманту
прастора «перастала быць абстрактным «там»
ці «тут», нейкім нэўтральным кантэйнэрам,
які чакае напаўненьня, але сталася
дынамічным, створаным чалавекам сродкам
кантролю над чалавечым жыцьцём, то бок
стала сацыяльным прадуктам»4, —
пра гэта пісаў у свой час Анры Лефэўр.
І менавіта з гэтага
моманту перамена месца жыхарства,
жыцьцёвай прасторы становіцца Падзеяй.
Яна зьвязваецца зь непазьбежнымі
трансфармацыямі ўнутранага сьвету, які быў
чымсьці кшталту праекцыі ўсіх зьнешніх
кантэкстаў і зьнешніх узаемадзеяньняў.
Гэтая жорсткая, шмат у чым
аўтарытарная сувязь чалавека з гарызонтам
сваёй Радзімы, яе культурай і народам,
надаючы эміграцыі істотнасьць, вызначаючы
яе значнасьць у жыцьці чалавека, адначасна
дыктавала яму стылістыку перажываньняў з
гэтай нагоды. Яна рабіла эміграцыю альбо
формай асабістай трагедыі (прыклад белай
расейскай эміграцыі), альбо —
патрыятычнай місіяй (як «вялікая польская
эміграцыя» 19 стагодзьдзя пасьля правалу
лістападаўскай рэвалюцыі), альбо моўчкі
санкцыянавала ад’езд, як ня раз здаралася ў
гісторыі Беларусі.
Менавіта ў «архітэктурных
асаблівасьцях» сацыяльнай і культурнай
надбудовы любой тэрыторыі зьмяшчаецца
інфармацыя пра формы перажываньня
эміграцыі канкрэтным чалавекам. Розныя
культуры й краіны фарміруюць сваю
парадыгму расстаньня, закладваючы асноўныя
характарыстыкі адносінаў з тымі, хто зьехаў,
малюючы, па сутнасьці, саму канфігурацыю
разрыву. Дакладна гэтак жа яны
перадумоўліваюць статус «сваёй» эміграцыі
на ўнутранай тэрыторыі, ад трапяткой любові
да непрыняцьця. Аналіз суадносінаў
культуры з закладзенай у ёй «парадыгмай
эміграцыі» — задача асобнай вялікай
працы, важна, аднак, улічваць гэтую лінію
залежнасьці эмігранцкага жыцьця ад
даляглядаў культурнага ўнівэрсуму
пакінутай тэрыторыі.
•••
Ігнат Дамейка, згодна
аповедам, прыехаўшы ў Чылі, чатырнаццаць
гадоў трымаў свой багаж у порце
нераспакаваным. Ён разьлічваў на хуткае
вяртаньне на Радзіму. З гадамі блізкая
дарога дадому станавілася ўсё менш
верагоднай, аднак ён настойліва аддаваў
перавагу свае рэчы бачыць менавіта так, у
порце, у любы момант гатовымі да адпраўкі ў
зваротны шлях, а не ў сябе дома. У гэтым
учынку-жэсьце Дамейкі праглядвае ягонае
вострае й моцнае жаданьне хутчэй вярнуцца
на Радзіму. Ёсьць у ім, аднак, таксама нейкая
не прасьветленая празьмернасьць у
адносінах да чыстага псыхалягізму,
звычайнага ў такіх гісторыях.
Празьмернасьць гэтая выдае абсалютна іншы
сэнс самога жэсту, пераводзіць яго
значэньне ў сфэру сымбалічнага парадку.
Менавіта ў гэтай сфэры можна ня бачыць
яўных супярэчнасьцяў, на якія асуджаны
ўчынак Дамейкі ў сьвеце рэальных
прычынаў і наступстваў: відавочна, што,
выпраўляючыся за акіян, ад'язджаючы ў
выгнаньне, ён браў з сабой толькі сапраўды
важныя, патрэбныя рэчы — кнігі, прадметы
першай неабходнасьці. Аднак раптам па
прыезьдзе ён катэгарычна адмаўляецца іх
выкарыстоўваць, пакідаючы іх «заключанымі
ў двухкосьсе», выключанымі з ужытку.
Гэта можна растлумачыць
толькі адным: насуперак бачнасьці, рэчы
гэтыя ўсе чатырнаццаць гадоў не былі
бескарысныя, яны «працавалі», выконваючы
функцыі сымбалічнага яднаньня Дамейкі-эмігранта
з Радзімай, служылі арэчэўленым гарантам
наступнага вяртаньня. Менавіта ў выглядзе
багажу яны рабілі яго рэальным, слугавалі
сырой матэрыяй уяўнага й жаданага «шляху
назад». А паколькі гэта быў пэрыяд «разьдзелу»,
трагічнай для польскай культуры
адсутнасьці дзяржаўнасьці — жэст гэты
сілкаваў таксама надзею на яе ўзьнікненьне.
«Рэчы ў порце»
візуялізавалі вяртаньне, утрымлівалі лінію
далягляду, які зьвязвае з Радзімай, пакуль
што пакінутай ня больш як фізычна. Толькі зь
цягам часу, калі да ўдалай навуковай кар’еры
й выключнага сацыяльнага лёсу Ігната Дамейкі
ў Чылі далучылася сям’я, багаж шматгадовых
сымбалічных абяцаньняў быў распакаваны,
рэчам вярнулася іхняя рэальная
каштоўнасьць, а Дамейка канчаткова перавёў
сваё жыцьцё ў сфэру новай рэальнасьці,
паставіўшы кропку ў доўгай падзеі
расстаньня.
Гісторыя ад’езду Дамейкі
яскрава паказвае стан хваравітага разрыву,
у якім жыве большасьць эмігрантаў, але яна ж
паказвае адначасна, як пасьпяхова можна яму
супраціўляцца. Гэтаму супраціву,
несумненна, актыўна садзейнічала
культурная парадыгма эміграцыі, якая была
разгорнутая ў польскай культуры тае эпохі.
Гэта быў цяжкі момант гісторыі, калі
Польшча згубіла сваю незалежнасьць, і таму
эміграцыя — вымушаная й аб’ектыўна
непазьбежная адначасова — была формай
жыцьця, спосабам барацьбы за існаваньне
польскай культуры. Менавіта на эміграцыю
ўскладаліся спадзяваньні адраджэньня й
вызваленьня народу. У гэтым сэнсе эміграцыя
была месцам актыўнага прадукаваньня
вобразаў будучай незалежнасьці Польшчы, «фабрыкай
яе будучыні». Разрыў з тэрыторыяй для самой
культуры быў малаістотны. Геапалітычная
раскладка таго часу адмяняла фактар
фізычнай прасторы ў польскай культуры. Таму
і эміграцыя ў сэнсе «разрыву» са сваёй
культурай і традыцыяй парадаксальным чынам
была ў той час і непазьбежнаю, і немагчымаю.
Багаж Ігната Дамейкі служыць таму
пераканальным пацьверджаньнем.
Рэальнасьць польскай
культуры, цалкам пераведзеная ў сфэру
вобраза жаданага... Польская эміграцыя 19
стагодзьдзя набыла статус адмысловага
патрыятычнага этнасу. Зьязджаючы,
заставаліся палякамі, захоўвалі культуру й
давалі ёй шанец выжыць. Эміграцыя тая не
была, па сутнасьці, досьведам адчужэньня
культуры, але формай яе жыцьця.
Менавіта аб’ектыўнае,
сацыяльна-культурнае абгрунтаваньне «жэсту
эміграцыі» надавала ёй так радыкальна
асэнсаваны й нагружаны сэнс, які легалізуе
эмігранта і ў новай краіне, і ў адсутнай на
карце Польшчы. Асабістая безадноснасьць
прычынаў ад’езду рабіла эмігрантаў культурнымі
героямі. Аднак крыху пазьней, напрыклад, у 20
стагодзьдзі ў міжваенны пэрыяд, лёс
польскай жа эміграцыі складаўся па-іншаму.
Адказнасьць за «падзею» ад’езду ў гэты
пэрыяд лягла на кожнага чалавека ў
асобнасьці. Разрыў набываў рысы асабіста
сытуатыўнай, хаця ўвогуле вытлумачальнай
адмовы жыць на Радзіме. Замест уяўнай й
незвычайна моцнай супольнасьці эмігранты
новых генэрацыяў вызначалі сябе палякамі
паасобку, «сваімі сярод чужых».
•••
Сцэнар эміграцыі — гэта заўсёды
вынік сумяшчэньня лёгікі пэўнага
чалавечага жыцьця й сацыяльна-палітычнай
раскладкі сіл у культуры на вызначаных
тэрыторыях. Ня дзіўна, што ад’езд зь зямлі
беларускай у яе гісторыі адбываўся інакш,
чым у Польшчы ці Расіі, рэалізуючы
радыкальна іншыя стратэгіі перамяшчэньня.
У іх зьдзіўляе акурат адваротнае —
лёгкасьць і нязмушанасьць разрыву,
простасьць, зь якой тэрыторыя Беларусі
аддавала прывілеі культурнай
ідэнтыфікацыі сваіх выхадцаў іншым
культурам. Гэты факт пацьвярджаюць многія
лёсы людзей, народжаных на тэрыторыі
Беларусі. І калі разатаясамленьне зь
Беларусьсю ў больш аддаленай гістарычнай
пэрспэктыве было вытлумачальнае —
далягляды гэтай культуры самі былі ў стадыі
станаўленьня, то 20 стагодзьдзе дае прыклады
«чыстага» фэномэну — прынцыповай
нябачнасьці «беларускага» гарызонту ў
асабістых геа-гісторыях.
Ян Булгак — нарадзіўся
недалёка ад Ліды, вучыўся ў Вільні, пасьля —
у Кракаве. Творчы лёс ягоны таксама
пачынаўся ў Беларусі, калі ён працаваў
настаўнікам у Менскай губэрні й
фатаграфаваў вобразы рэальнасьці, якія
акалялі яго ў жыцьці, — яго лічаць
выбітным майстрам краязнаўчай фатаграфіі.
У Варшаве ён стаў заснавальнікам польскага
саюзу мастакоў-фатографаў, там набыў
вядомасьць.
Маршрут, па якім лёсы
многіх мастакоў, людзей культуры,
народжаных у Беларусі, рэалізаваліся за яе
межамі — у Польшчы, Літве, Расіі —
дастаткова сталы. Сталы настолькі, што
ўзьнікае спакуса выказаць меркаваньне, што
ёсьць нейкая адзіная крыніца спэцыфікі
беларускай тэрыторыі, якая не дазваляе ёй
стаць «месцам» культурнага лёсу чалавека,
нягледзячы на самую непасрэдную,
пачатковую, генэтычную зь ім сувязь.
Фэномэн гэты заключаецца ў рэгулярным
адчужэньні асобных людзей культуры, якія
вырасьлі ў Беларусі й сталі сабой за яе
межамі — як Марк Шагал, Казімер Малевіч,
Ян Булгак, Ігнат Дамейка й многія іншыя.
Прычым адчужэньне гэтых людзей набывае
такія абсалютныя й неабарачальныя формы,
што не дазваляе лічыць гэтых людзей нават
беларускімі эмігрантамі. Аднак «беларускі
сьлед» не прамалёўваецца ў многіх
асабістых гісторыях не таму, што яны пра яго
забыліся ці забылі згадаць у творчых
біяграфіях. Гэта, хутчэй, рэакцыя на
асаблівы рэжым неструктураванага часу на
беларускай тэрыторыі, рэжым, які не
суадносіцца са звыклымі для культурных
стратэгій ідэямі трансфармацыі, прагрэсу,
разьвіцьця.
•••
Ян Булгак у 20-я гады
напісаў «Падарожжы фатографа ў слове й
вобразе». Гэта былі поўныя праніклівасьці
назіраньні з паездкі па землях сучаснай
Беларусі, Літвы, Польшчы. Ён піша пра
бясчасавасьць беларускага ляндшафту, якая
ўразіла яго. Прырода гэтай зямлі
непадуладная прагрэсу й цывілізацыі зь іх
паступальнай зьменай формаў прысутнасьці
чалавека на зямлі і ў сьвеце.
«Ляндшафт наш
бязлюдны, першабытны, дзікі, непакорны,
існуе сам для сябе бясконцымі прасторамі й
далямі, скульптурай паверхні, поўнай
выразнасьці й абаяльнасьці, ухутаны ў
лясныя гушчары, зарасьнікі, палоскі. Ён у
неабхопных памерах, у самотнай цішы й
унутраных роздумах пра стыхію й вечнасьць.
У ім утрымліваецца невымерная спантанная
моц, у параўнаньні зь ёй чалавек зь яго
дробнымі справамі толькі нязначнае
дапаўненьне, якое прымаецца мякка й
памяркоўна. Дзесьці людзі здолелі
авалодаць прыродай і зьмяніць ляндшафт на
свой манер, падладкаваць яе пад свой
сумніўны эстэтычны густ. У нас жа чалавек ня
толькі ня здолеў гэтага зрабіць — ён і не
спрабаваў уступіць у адпачатку няраўную
барацьбу з непераўзыдзеным уладаром,
добраахвотна здаўшыся ў яго ўладу».
Ян Булгак. Падарожжа
фатографа ў слове й вобразе
Прырода, якая
існуе сама па сабе, чалавек, які не пакідае ў
ёй сьлядоў і нават не спрабуе быць
практычным, проста жыве на гэтай зямлі,
задавальняючыся самым для гэтага
неабходным, — усё гэта адразу пазбаўляе
звыклага сэнсу такія сфэры жыцьця, як
гісторыя, палітыка, культура. Культура —
гэта форма рэалізацыі чалавечага часу, яна
кантралюе ўсе этапы прахаджэньня гісторыі
і адлічвае гадзіны прагрэсу, а ён патрабуе
актыўнай, творчай пазыцыі чалавека, якая
пераўтварае ўсё навокал. Магчыма, у
адсутнасьці гэтай схемы тоіцца загадка
забыцьця беларускасьці ў культурных лёсах
ураджэнцаў Беларусі. Гэта ўсяго толькі
рэакцыя на адсутнасьць там праяўленага
культурнага часу. Менавіта час зьяўляецца
мэханізмам, які запускае ўсе элемэнты й
часткі працы культуры й забясьпечвае
сталасьць і рэгулярнасьць гэтага працэсу,
які прыводзіць да фарміраваньня
арыгінальных культурных гарызонтаў —
культурнай ідэнтычнасьці. Аднак для гэтага
неабходная ня толькі спантанная ці
стыхійная падзейнасьць, «успышкі» й
азарэньні — яны якраз у Беларусі
здараліся; тут патрэбная асэнсаваная
лёгіка паводзінаў нацыі, дзяржавы, краіны ў
адносінах да таго, што адбываецца на яе
тэрыторыі. «Формула адчужэньня» многіх
людзей, якія сталі сымбалізаваць сабой
небеларускую культуру, будуецца на гэтай
невытлумачальнай фізычнымі законамі
сьцёртасьці часу, якая адлюстроўваецца на
фатаграфіях Булгака (на іх ляндшафты амаль
стогадовай даўнасьці здаюцца фатаграфіямі
дня ўчарашняга ці сёньняшняга) і апісваецца
ў ягоным тэксьце. Беларусь уяўляецца
дзіўнай тэрыторыяй культуры, якая існуе ў
прасторы ў несфарміраванай плыні часу.
Гэтак жа, як польская
эміграцыя — эміграцыя паляка — была
неабходная ў свой час як форма захаваньня
культуры, рух зь Беларусі доўгі час
аказваўся формай самазахаваньня чалавека,
актыўнага суб’екта культуры. Яго «суб’ектныя»
якасьці маглі быць рэалізаваныя толькі там,
дзе запушчаны мэханізм культурнай
прапрацоўкі часу.
•••
Нягледзячы на
разнастайнасьць эмігранцкіх лёсаў і на
мноства сцэнараў эміграцыі ў гісторыі,
усе яны прасякнутыя дастаткова сталай
якасьцю прынцыповай другаснасьці, якая
характарызуе ўсякую эміграцыю. Яна — не
самастойная падзея ні ў канкрэтным жыцьці
асобнага чалавека, ні ў культурным полі
дадзенага грамадзтва.
Другаснасьць яе і ў
элемэнце «паўтору», уласьцівым кожнаму
эмігранцкаму лёсу; гэта амаль заўсёды
спроба пачаць жыцьцё з пачатку, але на іншай
тэрыторыі. Другаснасьць праяўленая і ў яе
рэактыўнасьці, паколькі эміграцыя —
гэта часта менавіта спосаб адказу,
рэагаваньня на непрымальны ход жыцьця дома.
І нарэшце эмігрант, знайшоўшы спакой і новы
дом, у гісторыі так і заставаўся другасным
суб’ектам набытай культуры адносна людзей,
што акружаюць яго ў гэтым новым доме.
Эміграцыю да
непазнавальнасьці зьмяніла цяперашняя
эпоха постсучаснасьці, якая стала новым
этапам гісторыі — постгісторыі —
заходняй культуры. Зьнікла з жыцьця, па
сутнасьці, сама культурная лёгіка й
паняткавая аснова, якая калісьці кіравала
эміграцыяй.
Гэта была лёгіка строгіх
падзелаў на краіны й народы, лёгіка
трывалых межаў, што рытуальна зьберагалі
культурную сувэрэннасьць тых, хто ў іх жыў.
Гэта таксама была традыцыя пераважнага
атаясамленьня чалавека зь нейкай адной
галоўнай супольнасьцю, у ёй усталёўваліся
гарызонты яго жыцьцёвага сьвету й
культурнага лёсу.
Сёньня многія са
складнікаў той рэальнасьці згубілі сэнс. На
мапе працэсаў глябалізацыі, у сьвеце
звышхуткасьцяў, зь якімі рухаецца
інфармацыя й зьмяняюцца кантэксты й
супольнасьці, у якія ўключаны чалавек, «блізкае»
й «далёкае» перасталі так моцна
адрозьнівацца. У глябальных сетках
віртуальнай інфраструктуры, якія ахуталі
ўсю прастору, сваё й чужое зьмяшалася і
стала хутчэй аднолькава чужым...
І зараз, па сутнасьці, тое,
што калісьці перажывалася асобнымі
эмігрантамі — адчужэньне зьместаў сваёй
культуры, іх выдаленьне й сьціраньне з
паўсядзённасьці, адсутнасьць тоеснасьці
паміж зьнешнімі гарызонтамі культуры й
індывідуальнымі, унутранымі —
становіцца доляй тых, хто, здавалася, нікуды
з дому не зьязджаў. Падабенства ўзмацняецца
й той перамогай над прасторай, яе поўнай
дэактуалізацыяй у маштабах цэлай культуры,
якая адбылася ў сёньняшнім сьвеце.
Адсутнасьць прасторавай тоеснасьці
калісьці зьяўлялася выключным, часта
горкім досьведам эмігрантаў. А сёньня
паўсьвета апынулася ў стане «тапаграфічнай
амнэзіі», як піша Поль Вірыліо5. Гэта —
немагчымасьць і непатрэбнасьць
вызначэньня свайго месца ў фізычнай
прасторы ў постсучаснасьці. «Месца
чалавека» ў жыцьці вызначаецца тут часьцей
за ўсё мінуючы каардынаты лякалізацыі
рэальнага распалажэньня на канкрэтнай
тэрыторыі. Зь цяжкасьцю ўтрымліваючы межы
свайго ўласнага сьвету, чалавек нечакана
апынуўся сам-насам зь велізарнай
колькасьцю чужых, не сваіх дыскурсаў і
інфармацыйных плыняў, якімі перапоўнены
навакольны сьвет. Герой сучаснасьці
вымушаны супраціўляцца гэтым чужым
кантэкстам, на свой лад арганізуючы свой
мікрасьвет, малюючы сваю індывідуальную
мапу паўсядзённасьці. Ён становіцца
кімсьці кшталту «ўнутранага эмігранта».
Жак Дэрыда не выпадкова кажа сёньня пра «намадычную»
прыроду бясконцага й не завяршальнага ў
прынцыпе працэсу ідэнтыфікацыі сучаснага
чалавека.
«Ідэнтычнасьць ніколі ня
дадзеная, яна ня можа быць ні канчаткова
прынятая, ні дасягнутая; магчымы адно
бясконцы, бясконца фантазматычны працэс
ідэнтыфікацыі, імкненьня да яе»6.
Уяўленьне чалавека пра
самога сябе, межы ягонага «аўтавобразу»
знаходзяцца ў сталым станаўленьні, у
расьцягнутай падзеі перамяшчэньня ў бок
жадаемага — і гэта таксама крыху
нагадвае стан даўнейшых эмігрантаў, якія
шукаюць сваё «Я» паміж старым і новым
гарызонтамі свайго жыцьця. Праўда, шлях
эмігрантаў быў абмежаваны рамкамі дакладна
вызначанага ў біяграфіі прасторавага й
культурнага разрыву, абодва бакі якога яны
сабой, самым сваім існаваньнем утрымлівалі:
гэта рабіла іхнае жыцьцё часта незвычайна
інтэнсіўным і напружаным, іх працы —
цікавымі, а іх лёсы — дагэтуль
прыцягальнымі для нашчадкаў і дасьледчыкаў.
Што стане з чалавекам пры
адсутнасьці гэтых межаў, калі зьнікнуць
арыентыры, на якіх будавалася ягоная хай і
няскончаная, разарваная ідэнтычнасьць?.. Ці
застанецца ў сучасьніка шанец, які давала
яму эміграцыя. Шанец выйсьці з кола старых
ідэнтыфікацыяў і пражыць новае жыцьцё,
пачаўшы яго ў іншым месцы з нуля.
Заўвагі:
{1} Блез Паскаль у свой час пісаў пра значэньне мэханічных жэстаў, якія пры шматразовым паўтарэньні валодаюць здольнасьцю трансфармацыі ўнутранага стану таго, хто іх зьдзяйсьняе, пра гэта таксама піша Славой Жыжак, аналізуючы ідэалягічнае абарачэньне, то бок узьнікненьне ўнутранай перакананасьці: «Парада Паскаля такая: пакіньце рацыянальную аргумэнтацыю й наўпрост падпарадкуйцеся рэлігійнаму рытуалу, знайдзіце забыцьцё ў паўтарэньні зьнешніх жэстаў, паводзьце сябе так, быццам ужо верыце, і вера прыйдзе да вас сама сабой». С. Жижек. Возвышенный объект идеологии. М., 1999. С. 46.
{2} Dameyko I. Moje podróże. pamiętniki wygnańca. T. 1. Wrocław, 1962. s. 109
{3} Ле Гофф Ж. История средневековой Европы. М., 1998. С. 126–127.
{4} Lefebvre H. The Production of Space. 1974 (reprint Oxford: Blackwell 1991).
{5} Virilio P. La Machine de Vision. Paris, 1988.
{6} errida J. Jednojęzyczność Innego czyli proteza oryginała// Literatura na świecie. 1998. N*11–12. S. 53.
|