|
Дзмітрый Крывашэй
Беларусь – краіна эмігрантаў?
(Суб’ектыўныя нататкі адносна эміграцыі)
Пра такі факт з гісторыі нашай сям’і, як эміграцыя, я ўпершыню даведаўся яшчэ ў дзяцінстве. На сцяне ў вясковай хаце вісеў вялікі партрэт маладога мужчыны ў незвычайнай форме (як потым я даведаўся, гэта форма Войска Польскага). Мне сказалі, што на партрэце — мой стрыечны дзядуля, які жыў у Англіі. У нашым сямейным альбоме сярод старых фатаграфій ёсць пэўная колькасць здымкаў і гэтага чалавека — дзядулі Міхася. Я пазіраў на ўжо сталага веку чалавека, які жыў ТАМ, далёка-далёка, за морам, у чужой і невядомай краіне, і ўяўляў сабе тое яго жыццё. На здымках — мужчына ў прыгожым касцюме, зняты на беразе мора, у сваім садзе за столікам, з газонакасілкай (гэты загадкавы агрэгат асабліва ўражваў мяне ў дзяцінстве), вялікі цагляны дом з прыгожымі клумбамі...
Лёс дзядулі падобны на лёс многіх з тых некалькіх дзесяткаў тысяч беларусаў, якія служылі ў 1939 годзе ў Войску Польскім. Дзядуля быў вайскоўцам і падчас ваенных дзеянняў, па словах бабулі, мусіў збегчы з хаты, каб не апынуцца ў руках нямецкіх акупантаў, «у адных споднях». Падрабязнасцей далейшага лёсу Міхася я не ведаю. Чамусьці мне пра гэта не апавядалі. Ведаю толькі, што ў рэшце рэшт дзядуля асеў у Англіі, меў там уласную справу, ажаніўся з англічанкай і... займаўся пошукам сваіх родных. Дапамог Чырвоны Крыж. У сярэдзіне 60-х гадоў дзядуля Міхась завязаў кантакты са сваякамі ў БССР і нават наведаў родную вёску. Мая маці, расказваючы пра той далёкі прыезд, заўважала, што «дзядзька гаварыў па-нашаму, па-мясцоваму, на добрай беларускай мове». Мама гаварыла, што дзядуля плакаў, пазіраючы на тое, як яны жывуць, слухаючы аповед свайго брата аб тым, як таго незаконна раскулачылі, а сям’ю хацелі выслаць у Сібір. Міхась абяцаў дапамагаць. Так здарылася, што той прыезд быў апошнім — праз некаторы час дзядуля памёр, пакінуўшы родным частку сваёй спадчыны.
У нашым старым фотаальбоме захоўваюцца і іншыя здымкі людзей з далёкіх краёў. Бабуліна стрыечная сястра яшчэ ў 20-я гады, «за палякамі», выехала з сям’ёю ў Парагвай, іншыя родныя — у Аргенціну і Уругвай. Праўда, пра іх лёс я нічога не ведаю...
Зразумела, не толькі з Беларусі ехалі людзі, але і на Беларусь. Першымі найбольш вядомымі імігрантамі ў нашай гісторыі былі князі Рагвалод і Тур, з дзейнасцю якіх сучасныя даследчыкі звязваюць пачаткі беларускай дзяржаўнасці — утварэнне Полацка і Турава і ўсталяванне княжацкай улады ў гэтых гарадах. Яшчэ адзін знакаміты палітычны імігрант — Міндоўг — стаў заснавальнікам Вялікага Княства Літоўскага.
У часы Вялікага Княства на беларускіх землях, якія вызначаліся талерантнасцю і паважлівымі адносінамі да іншадумства, знайшлі прытулак многія дзеячы рэлігійнага руху, палітыкі, культуры. Шляхецтва ВКЛ і маёнткі на Гарадзеншчыне ў 1579 г. атрымаў ваенны, палітычны дзеяч, атэіст і матэрыяліст Каспар Бекеш. У 1555 г. разам з сябрамі-ерэтыкамі на землі Вялікага Княства ўцёк Феадосій Касой, рускі рэлігійны прапаведнік, вальнадумец і ідэолаг сялянска-плебейскай ерасі. У 1564 г. разам з некалькімі паплечнікамі тут асеў і іншы ўцякач з Масковіі — князь Андрэй Курбскі. З беларускімі землямі цесна звязаны лёс італьянца Пятра Раізія, пісьменніка і прававеда, аднаго з заснавальнікаў навуковай школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Горад Наваградак у 1416 г. зрабіў сваёй рэзідэнцыяй мітрапаліт кіеўскі і літоўскі, выхадзец з Балгарыі Грыгорый Цамблак.
У 1756 г. князь Геранім Радзівіл запрасіў у свой прыдворны тэатр у Слуцку французскага танцоўшчыка, балетмайстра і педагога Луі Дзюпрэ. Ён побач з А. Пуціні стаў стваральнікам мясцовага балета. З 1758 г. Дзюпрэ стала жыў у Нясвіжы, дзе выступаў на сцэне, пісаў лібрэта і ставіў балеты, а таксама рыхтаваў для тэатра дзяцей і даваў урокі танца.
Заснавальнікам першай на Беларусі медыцынскай акадэміі ў Гродне быў француз Жан Жылібер, які частку свайго жыцця правёў на беларускай зямлі.
Геаграфія прысутнасці беларусаў у свеце самая шырокая. Сярод эмігрантаў часоў Вялікага Княства Літоўскага ў першую чаргу трэба згадаць палітычных эмігрантаў-уцекачоў. Сярод іх князь полацкі Андрэй Альгердавіч, які адмовіўся прысягнуць Ягайлу (выехаў у Маскоўскае княства ў 1377 г.), северскі князь Свідрыгайла Альгердавіч (рушыў у тым жа кірунку ў 1408 г.). Маскоўская дзяржава стала прыстанкам і для князёў Ф.Бельскага, Навасельскіх, Адоеўскіх, Варатынскіх, Бялеўскіх, якія збеглі туды пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў 1481 г. На гэтыя ж землі збеглі і князі Глінскія пасля задушэння мяцяжу супраць вялікага князя Жыгімонта Старога ў 1508 г.
Першы вядомы дазвол на выезд з краіны (своеасаблівае стварэнне «акна ў свет» ці «падзенне жалезнай заслоны», гаворачы сучаснымі тэрмінамі) у часы ВКЛ быў выдадзены князям, шляхце, рыцарам і баярам у 1447 г. Казімірам ІV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529 г.). Галоўнай мэтай называўся выезд «для лепшого щастья набытья». Для ўсяго вольнага насельніцтва межы былі адчынены Статутам 1566 г. (асноўныя палажэнні паўтораны Статутам 1588 г.).
XV–XVІ ст. — перыяд, на які прыпадае асноўны наплыў выхадцаў з Беларусі ў навучальныя ўстановы Еўропы. Гэта час інтэлектуальнай эміграцыі. Шляхі маладых беларусаў ляжалі ў Кракаў, Прагу, Падую, Лейпцыг, Лювен, Вітэнберг, Базель.
XVІІ ст. прайшло пад знакам эканамічнай эміграцыі. Неўраджаі, эпідэміі, войны, прымусовае высяленне. Поруч з вядомымі прозвішчамі Сімяона Полацкага, Андрэя Белабоцкага, якія працавалі ў Маскоўскай дзяржаве на ніве прыгожага пісьменства, неабходна згадаць і безыменных майстроў-беларусаў з Полацка, Оршы, Шклова, Магілёва, якія прынеслі ў Масковію тэхніку вытворчасці шматколернай кафлі, аб’ёмнай ажурнай разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), свой адметны стыль і новыя рамёствы. Васкрасенскі храм Іверскага манастыра, Каломенскі палац, Смаленскі храм Новадзявочага манастыра і іншыя будынкі ўзводзіліся рукамі нашых майстроў, якія былі вывезены падчас вайны 1654–1667 гг.
Факты сведчаць пра тое, што выхадцы з зямель сучаснай Беларусі яшчэ ў пачатку XVII ст. патрапілі і ў Амерыку. Па меркаванні В. Кіпеля, нашы продкі маглі там апынуцца разам з палякамі — спецыялістамі па вырабу смалы, апрацоўцы лёну, канопляў ды іншай сельскагаспадарчай сыравіны, якіх завербаваў капітан Джон Сміт на працу ў Новым Свеце. Сам капітан, уцякаючы з турэцкага палону, праходзіў і па беларускіх землях. Па словах усё таго ж В. Кіпеля, «аналіз славянскіх прозвішчаў Вірджынскае калёніі ХVІІ ст. паказвае, што некаторыя з іх маглі быць і беларускага паходжання. Адзін з ранніх пасяленцаў Вірджыніі быў др. Лаўрэн Багун, родам ці не з Беластоку. З дакументаў Нью-Ёрку ведама прыкладам, што ўжо ў 1659 годзе там выкладалася «руская мова», а выкладчыкам гэтае мовы быў др. Куртыюс (Curtius — Курчэўскі?) з Вялікага Княства Літоўскага».
Канец XVІІІ–ХІХ ст. вызначаюцца палітычнай эміграцыяй. Тры падзелы Рэчы Паспалітай, падзеі вайны 1812 г., тэрор супраць удзельнікаў тайных таварыстваў, вызвольныя паўстанні 1794 г., 1830–1831, 1863–1864 гг. прымусілі тысячы чалавек змяніць месца свайго жыхарства. Па-рознаму склаўся іх лёс. Тадэвуш Касцюшка стаў нацыянальным героем Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі, Валерый Урублеўскі — героем Парыжскай Камуны, Зыгмунт Мінейка — ганаровым грамадзянінам Грэцыі. На беларускай зямлі нарадзіліся філосаф і рэвалюцыянер, удзельнік грамадскіх рухаў у Швейцарыі, Англіі, Францыі, Румыніі, Балгарыі, ЗША, Японіі, Кітаі, прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў Мікалай Судзілоўскі (1850–1930), даследчык гвіянскай флоры, батанік Канстанцін Ельскі (1837–1896; у яго гонар названы адзін з відаў лаўра), геолаг і хімік, даследчык прыроды Чылі Ігнат Дамейка (1802–1889, ён — нацыянальны герой Чылі, яго імя носяць горад у гэтай краіне, горны хрыбет у Кардыльерах, адзін з мінералаў) і іншыя вядомыя вучоныя, палітыкі, дзеячы культуры. Многія з гэтых людзей спрыялі пашырэнню звестак пра Беларусь у свеце. Хрэстаматыйны прыклад — дзейнасць Адама Міцкевіча. Не толькі ў сваіх паэтычных творах, але і ў лекцыях пра славянскія літаратуры ў Калеж дэ Франс (Парыж, 1841–1844) ён неаднаразова згадваў беларусаў, іх гісторыю, фальклор і мову («...Захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рысаў...», «...У іх казках і песнях ёсць усё...», «...Гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі...»).
Палітычныя эмігранты ХІХ ст. пачалі актыўна выдаваць свае газеты, адкрылі друкарні, выпускалі даследаванні, фальклорныя зборнікі, мемуары. Адзін з такіх эмігрантаў, беларускі паэт Аляксандр Рыпінскі (яму пашчасціла вярнуцца на Беларусь і тут пражыць да смерці) у 1840 г. надрукаваў у Парыжы на польскай мове кнігу «Беларусь», дзе ўпершыню ў Заходняй Еўропе даў даволі падрабязнае апісанне беларускага краю. У 40-х гадах паэт разам з Ігнатам Яцкоўскім (былым наваградскім адвакатам, які пасля паразы паўстання 1830–1831 гг. апынуўся на эміграцыі) заснаваў у Лондане друкарню, дзе былі выдадзены некалькі зборнікаў вершаў Рыпінскага, зборнік запісаных ім беларускіх народных песень, кніга Яцкоўскага з вершам Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»
ХХ ст. пачалося з хвалі працоўнай эміграцыі. Беларусы высяляліся як ва ўсходнія раёны Расіі, так і на Захад. Лічбы ўражваюць: больш за 700 тыс. чалавек перасяліліся толькі ў Сібір, 500–800 тыс. — у ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Заходняй Еўропы.
ХХ ст. — гэта яшчэ і час палітычнай эміграцыі. Няўдалая спроба стварэння беларускай дзяржаўнасці ў 1918 г. паспрыяла выезду многіх таленавітых людзей. У 20-х гадах мінулага стагоддзя закладваюцца асяродкі беларускай палітычнай эміграцыі ў Амерыцы, Латвіі, Летуве, Францыі, Чэхаславакіі. Аднак найбольшая колькасць імігрантаў у краіны Амерыкі і Заходняй Еўропы ў міжваенны перыяд прыпадае на працоўную эміграцыю з Заходняй Беларусі. Даследчыкі ацэньваюць іх колькасць у межах ад 180 да 250 тыс. чалавек. У пошуках лепшай долі нашы суайчыннікі выязджалі ў ЗША, Канаду, Францыю, Бельгію, Германію, Галандыю, Аргенціну — менавіта Аргенціна была на той час самай папулярнай краінай для выезду. У 30-х гадах мінулага стагоддзя там знаходзілася каля 100 тыс. беларусаў.
Падзеі Другой сусветнай вайны падштурхнулі да эміграцыі актывістаў беларускага нацыянальнага руху ў часы нямецкай акупацыі. Гэта была апошняя найбольш буйная хваля эмігрантаў. Умоўна яе можна падзяліць на некалькі частак. Першая (да якой належыць і мой дзядуля) аб’ядноўвала тых беларусаў, што служылі ў Польскім Войску і ўжо на пачатку Другой сусветнай вайны трапілі ў нямецкі палон (гэта прыкладна 80 тыс. чалавек). Праўда, частка з іх здолела вярнуцца на радзіму. Другая па ліку частка, каля 378 тыс. чалавек, аб’ядноўвала грамадзян, вывезеных на працу ў Германію. І апошняя, амаль паўмільённая частка, складалася з палітычных эмігрантаў — людзей, якія ўваходзілі ў розныя нацыянальныя арганізацыі, служылі ва ўстановах і вайсковых фарміраваннях, што былі створаны і дзейнічалі пры немцах.
На чужыне, нягледзячы на слабасць свайго нацыянальнага самавызначэння, на непрызнанне саюзнікамі жыхароў Заходняй Беларусі за асобную нацыянальную групу (выхадцы з Усходняй Беларусі ўвогуле падлягалі рэпатрыяцыі, і таму вымушаны былі шукаць сабе «польскія карані»), нашы землякі здолелі аб’яднацца і адкрыць свае навучальныя ўстановы, наладзіць выданне газет і часопісаў, стварыць нацыянальна-культурныя арганізацыі ў Заходняй Германіі, Англіі, Францыі, ЗША, Аўстраліі. Трэба сказаць, што праца на карысць Беларусі не прыносіла рупліўцам матэрыяльнага прыбытку — наадварот, часта вялася на іх уласныя сродкі. Наш прагматычны сучаснік доўга будзе шукаць адказу на пытанне: «Чаму?» Чаму Валянціна Пашкевіч у Канадзе напісала і ўласным коштам выдала два тамы «Беларускай мовы» для англамоўных навучэнцаў? Навошта яе муж Міхась, рабочы папяровай фабрыкі ў Таронта, сабраў бібліятэку беларускіх кніг, выдадзеных у пасляваенны час, а затым перадаў яе Беларускаму інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Йорку? Якую выгаду меў Мікола Прускі, які друкаваў кнігі Наталлі Арсенневай, Алеся Салаўя ў сутарэнні свайго дома на старых варштатах? Цяпер (праўда, ужо на сучаснай тэхніцы) ён выдае ўласным стараннем часопіс «Беларускі свет» і газету «Беларускі дайджэст».
Гэтая хваля эміграцыі дала шмат яскравых асоб таксама на ніве літаратуры і мастацтва. Іх творчасці, што не зведала цэнзуры і патрабаванняў партыйнасці і рэалізму, уласціва адметная накіраванасць, якая мае мала агульнага з тым, што адбывалася на той час у мастацтве Савецкай Беларусі. У першай палове 90-х жыхары Беларусі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў Юркі Віцьбіча, Аляксандры Саковіч, Наталлі Арсенневай, Рыгора Крушыны, Міхася Кавыля, Алеся Салаўя, Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца, мастакоў Пётры Мірановіча, Яна Кузьміцкага, Тамары Стагановіч, Галіны Русак, кампазітараў Міколы Куліковіча і Міколы Равенскага. Сярод дзеячаў гэтай хвалі эміграцыі нямала і выбітных навукоўцаў — акадэмік Міжнароднай Акадэміі Астранаўтыкі Барыс Кіт, гісторык і палітолаг Янка Запруднік, гісторык праваслаўнай царквы і мой далёкі родзіч Афанасій Мартас...
Вось толькі ці атаясамліваюць сябе з беларусамі дзеці (не кажучы ўжо пра ўнукаў) нашых эмігрантаў?.. Бацькі імкнуліся як найхутчэй натуралізавацца, атрымаць грамадзянства, асвоіць мову і традыцыі тых краін, куды прывёў іх лёс. Беларускую мову і культуру мала хто стараўся перадаць сваім нашчадкам. Дзеці — гэта ўжо новая генерацыя, для якой не існуе повязяў з зямлёй сваіх продкаў. Яны ведаюць, адкуль прыехалі іх бацькі, аднак Беларусь для іх — чужая краіна. Праўда, і тут здараюцца выключэнні, сустракаюцца такія асобы, як, напрыклад, Данчык ці Вірджынія Шыманец. Першы — таленавіты спявак, які нарадзіўся ў Нью-Йорку, але па-сапраўднаму прасякнуты беларускасцю, аснову якой заклалі бабуля Яніна Каханоўская (з роду Луцкевічаў) і маці Юлія Андрусішына. Вірджынія Шыманец — дачка францужанкі і беларускага эмігранта Лявона Шыманца, пляменніца Івонкі Сурвілы. Зямля бацькі захапіла яе з навуковага пункту гледжання. Вірджынія разам са сваёй сяброўкай, гісторыкам-палітолагам Аляксандрай Гужон, чые продкі таксама паходзяць з Беларусі, стварылі ў Парыжы асацыяцыю «Беларускія перспектывы», якая аб’ядноўвае маладых, да 30-гадовага ўзросту, людзей (між іншым, ёсць сярод іх і такія, што не маюць беларускіх каранёў, але цікавяцца нашай краінай). Асацыяцыя выдае бюлетэнь «Беларускія перспектывы» на французскай мове.
Зразумела, Вірджынія Шыманец — не адзіная, чыімі намаганнямі пашыраюцца веды аб нашай краіне за мяжою. Варта згадаць тут, да прыкладу, Юрыя Попку, інжынера-эмігранта з Беласточчыны, які здолеў стварыць у Ляймене (Германія) Музей беларускай культуры, а пазней — Інстытут беларусаведы. За параўнальна невялікі адрэзак часу Юры сабраў з усяе Заходняй Германіі разнастайныя экспанаты для будучага музея: паясы, убранне, лапці, лыжкі, посуд і кнігі. Апошнія — галоўнае багацце. А дадайце да гэтага выпускі «Беларусаведы», дзе друкаваліся многія дзеячы эміграцыі. Цяпер экспанаты знаходзяцца ў агульным музеі горада Санк-Ільгена, які з’яўляецца часткай Ляймена, апякаюцца імі немцы. А што ж беларусы?..
Адзначым, што не ўсе ўцекачы і выгнаннікі заставаліся жыць за мяжою да канца сваіх дзён. Былі выпадкі і вяртання. Напрыклад, паверыўшы савецкай прапагандзе, у 1953–1955 гг. на Радзіму з Францыі і Аргенціны прыехалі каля 200 чалавек. А да 1964 г. колькасць тых, хто вярнуўся з Аргенціны, ужо складала звыш 10 тыс. чалавек. Пакаштаваўшы жыцця на Бацькаўшчыне, амаль палова з іх выехала назад.
Для некаторых, аднак, выпакутаванае доўгачаканае вяртанне на незабыўную Радзіму абярнулася трагедыяй. Вось толькі адна з такіх гісторый — гісторыя Уладзіміра Дудзіцкага, пісьменніка і грамадскага дзеяча, які бясследна знік па дарозе на Бацькаўшчыну. Яшчэ ў 1930 г. студэнт Менскага педагагічнага тэхнікума імя Усевалада Ігнатоўскага Уладзь Дудзіцкі быў выключаны з вучэльні за нацыянальную дзейнасць. У 1933 г. быў арыштаваны і высланы на тры гады ў сібірскія канцэнтрацыйныя лагеры. Па заканчэнні тэрміну атрымаў год ссылкі ў Сярэднюю Азію. Захварэўшы, дамогся вяртання на Беларусь. З 1938 г. жыў у Віцебску, працаваў, у канцы 1939 г. быў звольнены з пасады настаўніка. Пад пагрозай арышту пакінуў Беларусь, некаторы час жыў у Расіі. У час вайны стаў адным з арганізатараў «Беларускай газеты», працаваў загадчыкам аддзела культуры і асветы ў Мінску і Мінскай акрузе, акруговым школьным інспектарам у Барысаве, рэдагаваў ваенны часопіс «Беларус на варце», актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага культурнага згуртавання. Затым — эміграцыя. Удадзімір Дудзіцкі быў кіраўніком ініцыятыўнай беларускай нацыянальнай групы ў Венесуэле, старшынёй Часовай управы Аб’яднання беларусаў Венесуэлы. Пэўны час працаваў у беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» ў Мюнхене. Выкладаў ва універсітэце г. Блумінгтана (ЗША). Але Радзіма цягнула яго да сябе... Любоў да Бацькаўшчыны. Лёс Уладзіміра Дудзіцкага сведчыць, што гэта не пустыя словы. Вяртанне на Радзіму стала яго апошнім шляхам. Дзе і пры якіх абставінах ён сышоў у іншы свет — невядома...
З канца 70-х гадоў эміграцыйныя працэсы зноў актывізаваліся. У маі 1979 г. адмовіўся вярнуцца з Францыі мастак-афарміцель бібліятэкі імя Я. Коласа М. Паўлоўскі, які знаходзіўся за мяжою ў складзе спецыялізаванай групы Саюза мастакоў БССР. У канцы 80-х гадоў беларуская опера страціла ўладальніка непараўнальнага баса М. Рысава, які застаўся за мяжою пасля выезду на стажыроўку ў Мілан. За некалькі гадоў да гэтага на конкурсе «Чыо-Чыо-Сан» у Токіо папрасіў палітычнага прытулку тэнар В. Полазаў. У ЗША пражываюць спевакі Л. Барткевіч, В. Пархоменка, А. Забара, кампазітар З. Яўтуховіч, мастак Ю. Пучынскі, акцёры Р. Харык, Р. Маленчанка, А. Караблёў, піяніст Л. Кузьмін, гітарыст А. Растопчын, у Францыі — мастак Б. Забораў, спявак А. Валодась, скрыпачка Л. Колас, у Германіі — скрыпач А. Крамараў, у Англіі — мастак В. Мартынчык, у Аўстрыі — мастачка З. Літвінава...
Сацыяльна-эканамічны і экалагічны крызісы падштурхоўвалі людзей да змены месца жыхарства. У 1988–1991 гг. з БССР эмігравала больш за 74 тыс. асоб (пры гэтым у 1990–1991 гг. — больш за 56 тыс.), у 1992–1997 гг. толькі на Захад выехала больш за 50 тыс. чалавек з агульнай лічбы ў 245 тыс. эмігрантаў. У той жа час на Беларусь імігравалі 347 тыс. чалавек, у тым ліку каля 162 тыс. беларусаў.
Падзеі другой паловы 90-х гадоў спарадзілі новую хвалю палітычнай эміграцыі. Эмігрантамі сталі Васіль Быкаў і Уладзімір Някляеў, Ганна Сурмач і многія іншыя. Ад’язджаюць назаўсёды за мяжу студэнты навучальных устаноў рэспублікі, прадпрымальнікі, фінансісты. Вялікай папулярнасцю карыстаецца розыгрыш «грын карт» на сталае пражыванне ў ЗША. Таленавітыя навукоўцы, дзеячы мастацтва, людзі, адданыя беларускай нацыянальнай ідэі, шукаюць сабе прытулку ў Германіі, Швецыі, Чэхіі, Польшчы, краінах Прыбалтыкі. У 1996 г. мастак Ю. Захаранскі заўважаў: «Некамфортна цяпер у Беларусі многім, у першую чаргу творцам — паэтам, музыкантам, мастакам, артыстам. Беларуская культура — сума індывідуальнасцяў, а гэтыя «індывідуальнасці» спрабуюць зноў нівеліраваць «зверху», падзяліць на сваіх і чужых як уладатрымальнікі, так і самі творцы. Але ж нам патрэбны моцная, цэльная нацыя і сучасная дэмакратычная дзяржава, за якую не трэба было б саромецца». За шэсць гадоў, што прайшлі з таго часу, нічога, на жаль, не змянілася...
Апошнім часам я ўсё часцей чую ад сваіх знаёмых пра намер эміграваць. Мой вельмі добры сябра, які павучыўся пэўны час у Еўропе, яшчэ некалькі месяцаў назад запэўніваў мяне, што няма нічога даражэйшага за Беларусь, Радзіму, што ён не збіраецца яе мяняць на іншую. А цяпер з’ехаў. Другі знаёмы таксама рыхтуе дакументы на выезд. А зусім нядаўна я даведаўся, што на Захад з сям’ёю з’ехала мая аднакурсніца. Няўжо ж Беларусь так і застанецца краінай эмігрантаў?
|