БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ЗЯМЛЯ N      N* 1

Серж Мінскевіч

Вяртаньне вялікага эмігранта

(разважаньні над беларускімі перакладамі «Вершаў і паэмаў» Адама Міцкевіча)

Адным з найвыбітнейшых людзей, што нарадзіліся на Беларусі (Літве гістарычнай), але былі вымушаны пакінуць сваю радзіму, быў вялікі паэт Адам Міцкевіч. 24 кастрычніка 1824 г. (яму ішоў 21-ы год) ён пад аховай варты, у фельд’егерскай кібітцы быў адпраўлены ў расейскую ссылку. За пяць гадоў паэт пабываў у Санкт-Петэрсбургу, Маскве, Кіеве, Адэсе, Крыме. 15 мая 1829 г. ён назаўсёды пакідае Расейскую імпэрыю й накіроўваецца ў Заходнюю Эўропу. Да канца жыцьця паэт ужо ніколі ня зможа пабачыць свой родны край. І толькі ў творах ён будзе вяртацца на Айчыну.

Адзначым, што будучы вялікі эмігрант зьявіўся на сьвет у сям’і людзей, якія ў некаторым сэнсе былі эмігрантамі ва ўласнай краіне. Пачынаючы з 1696 г., калі ў Рэчы Паспалітай было забаронена афіцыйнае ўжываньне беларускай мовы, літоўская шляхта адыходзіць, умоўна кажучы, ва ўнутраную, моўную эміграцыю. Добра ведаючы беларускую мову, шляхцічы-ліцьвіны ў перапісцы, юрыдычнай дакумэнтацыі й літаратуры карыстаюцца польскаю моваю. Менавіта ў сям’і такіх «моўных эмігрантаў» нарадзіўся Адам Міцкевіч. Безумоўна, ён ведаў беларускую мову й размаўляў на ёй зь мясцовым простым людам. Яго сябра Ян Чачот, разам зь якім яны вучыліся ў наваградзкай школе, нават піша верш «На прыезд Адама Міцкевіча» па-беларуску. Зьбіраючы й публікуючы беларускія песьні, пішучы свае творы па-беларуску, Ян Чачот як бы вяртаўся з гэтай «моўнай эміграцыі» ў абшары роднае мовы. Дагэтуль невядома, ці пісаў па-беларуску Міцкевіч, але такія дапушчэньні існуюць. Так ці інакш, польская мова Адама Міцкевіча насычаная так званымі рэгіяналізмамі — словамі, моўнымі зваротамі, сынтаксічнымі фігурамі, характэрнымі для беларускае мовы. Можна казаць, што ў творах паэта адчуваецца подых жывой гаворкі Наваградчыны. І перакладаючы яго на беларускую мову, мы, беларусы, пэўным чынам вяртаем вялікага песьняра на яго радзіму.

Аднак мы ня можам пахваліцца выданьнем поўнага збору твораў Адама Міцкевіча на беларускай мове. Беларускаму чытачу не даступныя ня толькі яго лісты й літаратуразнаўчыя лекцыі ў Калеж дэ Франс, ня толькі яго проза, але й, дагэтуль, некаторыя вершы й паэмы. Да пачатку 90-х гг. ХХ ст. у Беларусі выйшлі ўсяго два зборнікі яго лірычных і ліра-эпічных твораў: Міцкевіч А. Выбраныя творы. — Мн., 1955 (да стагодзьдзя з дня сьмерці) і Міцкевіч А. Зямля навагрудская, краю мой родны… — Мн., 1969 (па сьвяткаваньні 170-х угодкаў з дня нараджэньня). Апошні зборнік адрозьніваецца ад папярэдняга адно тым, што зьмяшчае толькі творы Міцкевіча, якія пэўным чынам зьвязаныя зь Беларусьсю. Колькасьць новых на той час перакладаў у зборніку нязначная.

У наступныя амаль трыццаць гадоў (!) пераклады асобных вершаў Міцкевіча публікаваліся стыхійна ў розных пэрыядычных выданьнях. І толькі напярэдадні 200-гадовага юбілею паэта, у 1996 г., у сэрыі «Школьная бібліятэка» выходзіць кніга двух аўтараў Ажэшка Э. Зімовым вечарам. Міцкевіч А. Свіцязянка. — Мн.: Юнацтва, 1996. Многія пераклады таксама ўзятыя з папярэдніх выданьняў 1955 і 1969 гг. А з новых (і невядомых) на той час перакладаў можна пабачыць працы І. Багдановіч, П. Бітэля, У. Мархеля (укладальніка міцкевічавай часткі), Я. Міклашэвіча.

Некалькі асобных выданьняў, у якіх зьмяшчаліся вершы Міцкевіча, выйшлі ў сьвет у юбілейным 1998 г. У зборніку «Філяматы й філярэты» (Філаматы і філарэты. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 1998) было надрукавана колькі перакладаў К. Цьвіркі. Адначасова на польскай і беларускай мове выходзіць цудоўна аформленая кніга санэтаў Міцкевіча. Яна складзена паводле выдадзенай паэтам у Маскве ў 1826 г., з перакладамі, зробленымі У. Мархелем і І. Багдановіч (Міцкевіч А. Санеты. — Мн.: Полымя, 1998). Пабачыла сьвет брашура «Да Нёмна», дзе У. Мархелем былі сабраныя ўсе пераклады на беларускую мову знакамітага санэта «Do Niemna» (Міцкевіч А. Да Нёмна. — Мн.: Беларуская навука, 1998).

Адвынікаваць усе намаганьні й дасягненьні ў перакладзе невялікіх лірычных і ліра-эпічных твораў Міцкевіча на беларускую мову мела найноўшая кніга Міцкевіч А. Вершы і паэмы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2000.

Укладальнікі гэтага чаканага выданьня А. Клышка й К. Цьвірка знаёмяць чытацкую аўдыторыю з тым, як перакладалі геніяльнага паэта беларускія клясыкі: Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Танк, П. Панчанка, У. Караткевіч, Р. Барадулін. Тут сабраная праца самаадданых і самабытных беларускіх перакладчыкаў: Ю. Гаўрука, П. Бітэля, Я. Семяжона, В. Сёмухі і інш.

Упершыню ў Беларусі творы Міцкевіча падаюцца згодна з пэрыядызацыяй жыцьця й творчасьці паэта. Кніга мае тры разьдзелы: «Вільня, Коўна, 1818–1824», «Расія, 1825–1829» і «Эміграцыя, 1829–1855», што, у прынцыпе, адпавядае прынятай у міцкевічазнаўстве традыцыі.

Аднак, нягледзячы на ўсе станоўчыя памкненьні, укладальнікам не ўдалося пры разьмеркаваньні твораў пазьбегнуць дробных і ня вельмі дробных недакладнасьцяў. Гэтак, першы разьдзел «Вільня, Коўна», як пазначана, пачынаецца 1818 г. Але там жа, у падразьдзеле «Розныя творы», падаюцца вершы «Гарадзкая зіма» і «Мешка, Князь Навагрудка», датаваныя 1817 г. У камэнтарох да апошняга чытаем: «Гэта пераробка твору Вальтэра «Выхаваньне князя». Міцкевіч прачытаў сваё «насьледаваньне Вальтэру» на пасяджэньнях філяматаў 7 кастрычніка 1817 г. і 21 студзеня 1819 г.». Атрымліваецца, што найранейшыя літаратурныя творы Міцкевіча, зьмешчаныя ў Вершах і паэмах, пісаліся ў 1817 г. Тады незразумела, чаму за пункт адліку ў гэтым выданьні прыняты, пры відавочнай самапярэчнасьці, менавіта 1818 г.

У гэтым жа разьдзеле «Вільня, Коўна, 1818–1824» можна заўважыць яшчэ адну сур’ёзную недакладнасьць. Тут разьмешчаны санэт «Да Нёмна» (пераклад Р. Барадуліна) з прыпіскаю: «Санэт, пісаны ў Шчорсах [жнівень 1821]». Аднак у Міцкевіча ёсьць дзьве рэдакцыі санэту «Do Niemna»: адна паўстала ў Шчорсах у 1821 ці, паводле іншых дасьледзінаў, у 1822 г., другая ж — у 1826 г. у Маскве. У польскіх выданьнях другой паловы ХХ ст. падаюцца абедзьве рэдакцыі санэта, паколькі яны належаць да розных пэрыядаў жыцьця й творчасьці Міцкевіча, ды ў літаратуразнаўстве яны існуюць самастойна, бо хаця зьнешне вельмі падобныя, кожная мае сваю інтанацыйную й вобразную сыстэму. Пераклад Р. Барадуліна, мяркуючы па першым катрэне санэту, ня можа быць «Санэтам, пісаным у Шчорсах у жніўні 1821», а ёсьць перакладам маскоўскай рэдакцыі «Do Niemna» 1826 г., і разьмяшчаць яго трэба разам зь перакладамі цыклю «Мілосных санэтаў» расейскага пэрыяду, названых у дадзенай кнізе «Любоўнымі», куды ўключыў яго сам Міцкевіч. На Беларусі выдадзена толькі два пераклады санэту «Do Niemna», зробленыя менавіта з першай, шчорсаўскай рэдакцыі — пераклады В. Жуковіча й М. Дуброўскага. Акурат адзін зь іх мог бы заняць месца ў першым разьдзеле кнігі й праілюстраваць адрозьненьне дзьвюх рэдакцыяў санэту. У. Мархель у артыкуле «Дзе хвалі тыя?», што якраз прысьвечаны перакладам «Do Niemna», піша: «Перад тым, хто ставіў на мэту перастварыць санет «Да Нёмна», узнікла праблема выбару: звярнуцца да тэксту, напісанага ў Шчорсах, ці аддаць перавагу варыянту, які з’явіўся пасля выгнанчай вандроўкі паэта па Крыме ў выніку дапрацоўкі верша ў Маскве»4. Так, пагадзімся, што ў перакладчыка выбар ёсьць, але ж укладальнік, калі ён кампануе кнігу згодна з пэрыядызацыяй творчасьці аўтара, такога выбару ня мае. Твор павінен займаць строга вызначанае па датах напісаньня месца, і калі ў беларускай літаратуры існуюць пераклады двух варыянтаў, то кожны зь іх павінен быў заняць сваю пазыцыю ў адпаведных разьдзелах.

Некаторыя недарэчнасьці назіраюцца таксама ва ўкладаньні Санэтаў, што адкрываюць другі разьдзел кнігі «Расія, 1825–1829». Існуе традыцыя, што калі творы аўтара яшчэ пры яго жыцьці былі ўласна ім уключаныя ў акрэсьлены цыкль, то і ў пасьмяротных выданьнях цэласьць цыклю не парушаецца. І такі прыклад ёсьць у саміх жа Вершах і паэмах, дзе баляды падаюцца не ў храналягічным парадку, а так, як яны былі разьмеркаваныя Міцкевічам у першым томе Паэзіі, што выйшаў у 1822 г. у Вільні. На віленскае выданьне маецца спасылка і ў камэнтарох. Такі падыход можна адзначыць як станоўчы. Але чаму ж у другім разьдзеле Вершаў і паэмаў гэтая традыцыя не захаваная? Тое, што ў 1826 г. у Маскве выйшла кніга санэтаў, у камэнтарох ня ўзгадваецца, праўда, там зазначаецца, што «аўтар падзяліў іх (санэты. — С. М.) на два цыклі: першы — проста «Санэты», якія яшчэ называюць «Любоўныя санэты», другі — «Крымскія санэты».

«Крымскія санэты» Міцкевіча ў Вершах і паэмах падаюцца згодна з аўтарскай задумай, толькі невядома зь якіх прычынаў зьнятая іх нумарацыя, а вось пры разьмеркаваньні «Любоўных санэтаў» аўтарская пасьлядоўнасьць твораў проста недаравальна праігнараваная. Па-першае, у цыклі адсутнічае пераклад санэту VIII «Do Niemna» (маскоўскай рэдакцыі 1826 г.) — як мы адзначалі вышэй, ён памылкова разьмешчаны ў першым разьдзеле кнігі. Па-другое, не пададзена ані перакладаў, ані зьвестак пра санэты VII і Х, якія лічацца, як пераконвае камэнтар у поўным зборы твораў Міцкевіча, парафразамі санэтаў Пэтраркі. Па-трэцяе, незразумела, чаму раптам паміж санэтамі ХV «Дзень добры» і ХVI «Дабранач», якія Міцкевіч у сваім цыклі відавочна невыпадкова паставіў разам, у беларускім выданьні «ўкліненыя» два санэты розных часоў з зусім іншай тэматыкай — «Дзе асьвячоныя ў шчасьлівы час...» і «Паэзія! Дзе чарадзейны пэндзаль твой?». Хіба ж ня можна было іх паставіць пасьля «Мілосных» і «Крымскіх санэтаў», як гэта вынікае зь лёгікі і як гэта зроблена ў кнізе Санетаў Міцкевіча 1998 г. і ў аўтарытэтных польскіх выданьнях?

І зусім незразумела, чаму ў камэнтарох да санэтаў згадкі пра эпіграфы ёсьць, а самі эпіграфы на старонках разьдзелаў адсутнічаюць. Хаця словы Пэтраркі: «Калі я быў крыху іншым, як цяпер, чалавекам» (для Санэтаў) і словы Гётэ: «Хто хоча зразумець паэта, у край яго пайсьці павінен» (для Крымскіх санэтаў) пастаўленыя Міцкевічам, каб скіраваць увагу чытача на пэўныя вобразы, асацыяцыі й задумы аўтара.

Беспадстаўнымі ў Вершах і паэмах выглядаюць зьмены ў назвах некаторых твораў. Гэтак у разьдзеле «Эміграцыя» падаецца няпоўны пераклад цыклю вершаваных мініятур пад скарочанай да таго ж назвай «Думкі і заўвагі». Аніякіх камэнтароў, ані тлумачэньняў да факту зьмены гэтай назвы ў кнізе не прыводзіцца. Натуральна, чытач можа падумаць, быццам мае перад сабой выкладзеныя ў вершаваную форму думкі й заўвагі выключна самога Міцкевіча. Але ж у арыгінале гэты цыкль называецца наступным чынам: «Zdanie i Uwagi z Dzieł Jakuba Bema, Anioła Ślązaka (Agnelius Silesius) i Sę-Martena» («Меркаваньні й заўвагі з твораў Якаба Бёмэ, Анёла Сьлёнзака (Angelius Silesius) і Сэн-Мартэна»). Большая частка гэтых «Меркаваньняў і заўваг...» ёсьць парафразамі вершаваных мініятур, узятых Міцкевічам з кнігі Анёла Сьлёнзака6 Cherubinischer Wandersmann (Херубінскі пілігрым). Апроч таго, чытаючы празаічныя творы Якаба Бёмэ7 й Сэн-Мартэна8, Міцкевіч рабіў зацемкі ў сваім нататніку ў выглядзе рыфмаваных двух- ці чатырохрадкоўяў, якія пасьля таксама ўключыў у «Меркаваньні й заўвагі...». Выбар аўтараў невыпадковы. Прывядзем выказваньне самога Міцкевіча: «Ludzie pojedyńcze z historii obcych narodów bywają ważnymi dla historii Słowian. Do takich ludzi liczy się teozof francuski Saint-Martin»9. Аднак творы Сэн-Мартэна для Міцкевіча непарыўна зьвязаныя з працамі Якаба Бёмэ: «Boehme, szewc niemiecki, niezależnie od jakejkolwiek szkoły <...> stworzył rozległy system teozoficzny i wielki wpływ wywarł na filozofów niemieckich. Schelling10 zgłębiał pisma Boehmego. Rozwinięcie i dopełnienie tego systemu dostarczył Schellingowi Saint-Martin11».

Міцкевіч у сваім сьветаўспрыманьні лічыў вельмі важнымі моманты азарэньня, падчас якіх можна дасягнуць стану прадбачаньня й разуменьня неспасьціжных рэчаў. Таму ён асабліва высока цаніў першага ў гэтым ланцугу мысьляроў Якаба Бёмэ, з азарэньняў якога чэрпалі натхненьне наступныя генэрацыі філёзафаў-містыкаў: «Z mistyków nowoczesnych największym jest Boehme: wielkim, czystym ogniem płonąca dusza i malująca swoje widzenia ognistymi słowami. Jest to prorok także Boży i taki jasnowidz dla ludów chrześcijaństwa dzisiejszego, jakim był Izajasz dla Hebrejów»12.

І і ІІ часткі цыклю «Меркаваньні й заўвагі...» былі напісаныя ў 1834–1835 гг., ІІІ частка — у 1842–1843 гг. Аднак і значна пазьней, за два гады да сьмерці, у 1853 г., Міцкевіч, выпадкова сустрэўшы ў адной з парыскіх бібліятэк свайго знаёмца Армана Леві, які шукаў творы Якаба Бёмэ, выклаў яму тэазафічную сыстэму нямецкага філёзафа. Леві ў сваю чаргу валодаў стэнаграфіяй — гэтак на францускай мове паўстала кніга Jakob Boehme par Adam Mickiewicz (Якаб Бёмэ паводле Адама Міцкевіча). Фактычна да апошняга свайго дня Міцкевіч вяртаўся да ідэй гэтага нямецкага містыка і яго пасьлядоўнікаў, чые імёны ён вынес у назву цыклю вершаваных мініятур. Бо працы іх адпавядалі яго сьветагляду, які ён выклаў у сваіх творах, асабліва ў незакончанай паэме «Дзяды».

І ўсё ж такі, калі быць дакладным, у сваіх «Меркаваньнях і заўвагах...» Міцкевіч абапіраўся ня толькі на працы Бёмэ, Сьлёнзака й Сэн-Мартэна. Ёсьць некалькі мініятур, напісаных пад уплывам твораў і выказваньняў нямецкага рэлігійнага філёзафа Франца Баадэра (Baader) (1765–1849) і амэрыканскага фізыка й дзяржаўнага дзеяча Бэнджаміна Франкліна (Franklin) (1706–1790). Значная колькасьць вершаваных зацемак цыклю аўтэнтычна належыць Міцкевічу. У некаторых зь іх дасьледчыкі, напрыклад, бачаць яго рэфлексіі на выкліканьне духа Напалеона й размовы зь ім. Так, у аўтографе мініятуры «Голас духа» стаяла паметка — літара «N» (пазьней моцна затушаваная Міцкевічам), што лічыцца пацьверджаньнем гэтага дапушчэньня. Станіслаў Пігань, дасьледуючы рукапіс «Меркаваньняў і заўваг...», піша: «...Autograf nie daje podstawy do ograniczenia obowiązujących dotąd poglłdów na „Zdania i Uwagi” jako na utwór w znacznym stopniu oryginalny, a w stopniu jeszcze wyższym wyrażajłcy własną, w osobistym przeżyciu zdobytą i w samorodnym porywie ujmowaną poetycka, duchową treść poety»13. Нельга не пагадзіцца з гэтым выказваньнем, але ж, на нашу думку, тэзіс, што гэты цыкль — арыгінальны твор Міцкевіча, не дае падставаў для таго, каб пры публікацыі яго перакладу прыбраць з назвы імёны тых асобаў, ідэі й творчасьць якіх паўплывалі як на стварэньне ўсяго цыклю вершаваных мініятур, так і на філязофскія погляды Міцкевіча ў цэлым.

Мы казалі пра разьмеркаваньне й зьнешняе афармленьне матэрыялу ў Вершах і паэмах. Аднак неабходна паразважаць і над тэкстамі перакладаў Міцкевіча. Як мы адзначалі, у кнізе пераважае, умоўна кажучы, прынцып гістарычнасьці, а ня прынцып адэкватнасьці, калі для збору твораў аднаго аўтара, каб пазьбегнуць рознастылёвасьці, адбіраюцца пераклады, найбольш адпаведныя яго фармальнай і вобразнай сыстэме. А ў Вершах і паэмах побач стаяць пераклады розных гадоў, з рознымі трансьлятарскімі падыходамі — напрыклад, вельмі блізкі да арыгіналу пераклад П. Пестрака верша «Да Д. Д.» («Пястунка мая, у хвілінах вясёлых...») і праз старонку — «Сон» Я. Семяжона, які фактычна зьяўляецца не перакладам, а парафразай аднайменнага верша Міцкевіча. На жаль, пазьбегнуць такіх выпадкаў укладальнікі не маглі, бо ў іх не было вялікага выбару. Некаторыя творы Міцкевіча маюць адзіны пераклад на беларускую мову. Аднак, калі існуе некалькі перакладаў аднаго твору, то дзеля стварэньня аб’ёмнай карціны яго ўзнаўленьня, мэтазгодна, на нашу думку, у камэнтарох падаваць іншыя адметныя варыянты.

Аналізуючы толькі беларускія тэксты, прадстаўленыя ў Вершах і паэмах, мы можам казаць пра паэтычны ўзровень перакладаў Я. Купалы, Я. Коласа, Я. Семяжона, В. Сёмухі, Р. Барадуліна і іншых, аднак за стракатасьцю трансьлятарскіх прыёмаў проста немагчыма вызначыць мастацкі стыль самога Міцкевіча.

У нас дагэтуль ня выпрацаваныя агульнапрынятыя прынцыпы перакладу сылябічнай сыстэмы вершаскладаньня (якой карыстаўся наш вялікі зямляк) на сыляба-танічную (якая пануе ў сучаснай беларускай літаратуры). А між тым бяз гэтага немагчыма казаць пра клясычныя паэтычныя пераклады ня толькі з польскае мовы, але і з гішпанскае, італьянскае, францускае, чэскае й г. д.

Асноўныя вершаваныя памеры ў Міцкевіча — сылябічны адзінаццаціскладовік з формулай 5/6 і сылябічны трынаццаціскладовік з формулай 7/6 — на беларускую мову кожным перакладчыкам пераствараюцца па-свойму: і ямбам, і харэем, і дактылем, і амфібрахіем, і анапэстам. Станоўчае ў гэтым толькі тое, што перакладчыкі нарэшце адмовіліся ад практыкі 20–30 гг. ХХ ст., калі польская сылябіка перакладалася на беларускую мову псэўдасылябічным памерам (без захаваньня цэзураў і адзінай колькасьці складоў у радку). Цяпер прыйшло разуменьне, што сылябіку на беларускую мову, зь яе багатай варыянтамі прасодыкай, трэба перакладаць паводле прынцыпаў сыляба-танічнай сыстэмы вершаскладаньня. Аднак, на жаль, пакуль што ня ўсе прынцыпы сыляба-тонікі бяруцца пад увагу беларускімі перакладчыкамі. Так, у Вершах і паэмах, як ні дзіўна, з 40 перакладзеных санэтаў толькі адзін сыляба-танічны санэт аўтарства Я. Семяжона («Грабніца Патоцкай») фармальна бездакорны. Хаця і ён напісаны пяцістопным ямбам і не адпавядае даўжыні міцкевічавага радка. Усе астатнія беларускія пераклады санэтаў Міцкевіча, прадстаўленыя ў кнізе, можна назваць толькі санэтападобнымі вершамі, бо ў іх не захоўваецца канон сыляба-танічнага санэту, згодна зь якім у творы:

– павінны захоўвацца санэтныя строфіка й рыфмоўка;
– павінна выконвацца правіла альтэрнанса;
– санэт павінен быць напісаны пяцістопным ямбам альбо шасьцістопным ямбам з мужчынскай цэзураю пасьля трэцяй стапы (александрынаю), альбо, што ўжываецца радзей, чатырохстопным ямбам.

Гэты канон увёў у беларускую паэтыку М. Багдановіч, абгрунтаваўшы яго ня толькі як практык, пішучы згодна зь ім свае санэты й перакладаючы санэты Поля Верлена, але і як тэарэтык, сфармуляваўшы некаторыя яго прынцыпы ў эсэ «Санэт». Пазьней, у 1927 г., беларускі літаратуразнаўца Я. Барычэўскі ў кнізе Тэорыя санэту (Барычэўскі Я. Тэорыя сонэту. — Мн.: Маладняк, 1927) пераканаўча даказаў, чаму так (згодна з гэтым канонам), а не па-іншаму трэба пісаць санэты ў беларускай сыляба-танічнай сыстэме вершаскладаньня.

Аднак, нягледзячы на некаторыя недакладнасьці, якія сустракаюцца ў Вершах і паэмах, кніга дае падставы казаць пра завяршэньне спантаннага, настраёвага этапу ў беларускім міцкевічазнаўстве. Цяпер для наступных перакладчыкаў і дасьледчыкаў Міцкевіча насьпела неабходнасьць стварэньня навукова абгрунтаванай канцэпцыі беларускага перакладу яго твораў і прадстаўленьня іх нацыянальнаму чытачу.

 кантакт з рэдакцыяй: zn@medisont.com 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія