(правапіс і пунктуацыя рукапісу захаваныя)
Вясной 1942 г. прышла вестка, што ў Наваградку адкрываецца хутка Настаўніцкая Сэмінарыя і жадаючыя ўступіць павінны адразу запісвацца да ўступных экзаменаў. Праз некалькі месяцаў ад запісу да дня экзаменаў ішлі вострая зуброўка і закоўваньне прадметаў кожны дзень да познай ночы. Месцаў у Сэмінарыі было каля 300–400, а кандыдатаў з усёй Наваградчыны шмат разоў больш. Калі я даведаўся з лісты вывешанай у Любчы, што экзамен здаў, то адсьветкаваў гэта праспаўшы ў гумне на сене ўсю ноч і наступны дзень аніразу ня прабудзіўшыся...
З вялікай урачыстасьцю адбылося адкрыцьцё Сэмінарыі. Я першы раз пабачыў над уваходам у будынак вялікую пагоню з бел-чырвона-белымі сьцягамі па бакох. Прамаўлялі па беларускі Орса — школьны інспэктар Наваградскай акругі і Скрабец — дырэктар Сэмінарыі. Па нямецкі прамаўляў гэбітскамісар, які ў Наваградку вельмі сымпатычна ставіўся да беларускай справы і аказаў ёй вялікую дапамогу. Таму ў 1943 годзе, калі яго высылалі на заходні фронт у Італію, наладжана яму было аграмаднае разьвітальнае прыняцьцё.
Я ўступіў на I-ы курс сэмінарыі, які складаўся з 10-ці клясаў, 5 для хлапцоў і 5 для дзяўчат. ІІ-гі курс складаўся з толькі 2-х клясаў...
У сэмінарыі была насьценная газэта і рэдактарам яе быў Алесь Лойко, які выказваў вялікія здольнасьці, як пісьменьнік. Пісаў часта вершы ў газэту мой добры сябра Саўко Янка з пад Ліды. Быў ён з вельмі беднай сям’і. З гэтай прычыны і з прычыны вялікай адлегласьці яму вельмі слаба дапамагалі з дому прадуктамі. Я яму ў гэтым шмат дапамог. Аднаго разу пад вялікім сакрэтам ён мне паказаў куфэрак паважных вымераў, які быў выпаўнены ягонымі вершаванымі творамі і зачаў ён мне іх чытаць. Большасьць з іх былі про-камуністычнымі. Такім спосабам, відаць, Саўко хацеў даведацца, якіх я паглядаў. Калі ён запытаў мяне, што я аб вершах думаю, я адказаў, што рыфмуюцца добра, але я проці іх зместу. Я парадзіў яму тых вершаў нікому не паказваць.
Хутка па разпачацьці школьнага году на адну із заняткаў прышлі інсп. Аляксандар Орса і лейтэнант Барыс Рагуля, апошні ў вайсковай форме. Орса прадставіў Рагулю, як беларускага вайсковага дзеяча, і даў яму слова. У сваёй прамове Рагуля паведаміў нас аб стварэньні Саюзу Беларускай Моладзі, СБМ і заклікаў усіх прысутных выпаўніць і падпісаць разданыя тут-жа заявы. Бальшыня выканала гэта з вялікім энтузіязмам. Мой дваюрадны брат Міша Лазоўскі пабаяўся ўступаць у СБМ, каб часам партызаны не памсьціліся на сям’і. Пазьней яму давялося пашкадаваць сваёй баязьлівасьці. Пад канец 1942 году немцы правялі мабілізацыю ў беларускія вайсковыя аддзелы пад нямецкім камандаваньнем. Сяброўства СБМ аўтаматычна звальняла ад мабілізацыі. З нецярпялівасьцю ўсе чакалі на прыбыцьцё уніформаў СБМ. Праўда, наша сэмінарыя мела свае уніформы. Былі яны нам пашыты жыдоўскімі краўцамі з наваградскага гэто з грубога шэрага палатна і выглядалі вельмі прыгожа з прыгожым аднолькавым ва ўсіх кроем, пінжакі на манер нямецкіх афіцэрскіх уніформаў. Галаўным уборам былі шапкі-пілёткі. Кіраўніком СБМ на наваградскую акругу быў Жамойда, прыстойны хлапец у веку 20-ці гадоў родам дзесьці з Віленшчыны. Раз ён паведаміў, што уніформы ўжо прышлі ў Наваельню і што трэба па іх ехаць грузавіком. Патрэбна было дзесяць хлапцоў паехаць іх забраць. У гэтую групу ўдалося папасьці і мне. Немцы выдалі нам грузавік, але па зброю трэба было ехаць у лясную ахову forschutz. Меў я там знакомага, Аркадзя Сацэвіча, які паказаў нам як ладаваць і абыходзіцца са стрэльбамі, бо гэта першы раз мы іх трымалі ў руках. Ён нават выстараўся дастаць нам дазвол пастраляць з іх перад выездам. У Наваельні на станцыі было досыць хаатычна, але ў канцы нам удалося пабраць усё належачае нам. Едучы з Наваельні назад у адным з маладых лясоў абстралялі нас партызаны. Усе мы вельмі голасна, але ня ведаю ці эфэктоўна адстрэльваліся. Уніформы аказаліся слабаватай якасьці — матэрыял слабы, крой другарадны, абутак — дзяравяшкі. Колер уніформаў зялёны, досыць прыгожы. Кожны стараўся збоку купіць дадатковы абутак каб не рабіць шмат стукату падчас хады, ці маршаў.
Калі закончыўся школьны год нас паведамілі, што для хлапцоў зарганізоўваецца летні лагер. Дзяўчатам было дазволена ехаць на лета дамоў, на вёску, а хлапцы павінны аставацца на цэлае лета ў лагеры, які быў размешчаны ў былым доме манашкаў на Замкавай вуліцы. Праз ўсё лета праходзілі мы праз вельмі інтэнсыўнае вайсковае шкаленьне. Дзень зачынаўся пабудкай а 5-й гадзіне кожнай раніцы. Наступна быў бег навакол Замкавай гары каля 4-х км. Пасьля паварот у кашары са сьпевам. І гэта было незалежна ці была добрая пагода, ці дождж. Наступным было хуткае мыцьцё, зборка да падняцьця сьцягу і малітва «Беларусь наша маці-краіна». Пасьля скромнае супольнае сьнеданьне. Па сьнеданьні заняткі тэарэтычныя або практычныя. Тэарэтычнымі выкладчыкамі былі капітан Барыс Рагуля і Буляк, бургомістр гораду Наваградак. Часамі таксама давалі даклады пераежджыя афіцэры, як беларускія так і нямецкія. Практычныя заняткі складаліся з вайсковай муштры і палявых заняткаў. Мне разаў тры прышлося нападаць ці бараніць старынны Замак Гэдыміна, руіны якога ёсьць на вяршыне Замкавай гары. Практычныя заняткі часамі таксама праводзіліся ў лесе каля Наваградка. Часамі замест практычных заняткаў трэба было выконваць фізічную працу, пры загатоўцы дроў для школаў, або будове вялікай пляцформы пры будынку Сэмінарыі для спартовых гульняў.
У Наваградку летам 1942 году было вельмі весела — разносіліся песьні па горадзе маршыруючых юнакоў. Таксама на гэтае лета быў тут зарганізаваны вышэйшы курс для настаўнікаў. Навязаліся новыя знаёмствы і зрабіліся новыя сяброўствы.
Для самаабароны ў кашарах мы мелі тры вінтоўкі. Штукі страляньня вучылі падафіцэры Янка Сечка і Янка Вялёнда. Сечка таксама быў заступнікам Рагулі, як кіраўніка летняга лягеру сэмінарыі. Пры ўваходнай браме ў кашары заўсёды стаяла ўзброеная варта.
Як зачаўся новы школьны год мы перайшлі на ІІ-гі курс сэмінарыі (навука ў сэмінарыі была разлічана на тры курсы). Прыехалі назад у школу дзяўчаты і тыя хлапцы, што зрызыкавалі былі летам паехаць дамоў.
Вясной 1943 году немцы зачалі мабілізаваць Беларусаў, тварыць батальёны але пад нямецкай камандай. Барыс Рагуля дастаў дазвол стварыць эскадрон конніцы пад ягонай камандай. Ён прысутнічаў пры мабілізацыйных камісіях ва ўсіх раёнах і змабілізаваным прапаноўваў уступіць у ягоны эскадрон. Ён стараўся дабраць у эскадрон патрыятычны элемент.
Я атрымаў паведамленьне з дому, што мой брат Пеця падлягаў пад мабілізацыю. Я ведаў, што бацька сам ня дасьць рады весьці гаспадарку і так рашыў пайсьці ў войска дабравольна на места брата — дзе было двух сыноў падлягаючых мабілізацыі, то адзін аўтаматычна звальняўся ад мабілізацыі. Я паехаў з братам у Любча на камісію і сказаў там Рагулі аб сваім замеры ўступіць у ягоны эскадрон на места брата. Але як ён даведаўся, што я ў СБМ, то ён сказаў, што пастараецца звольніць ад мабілізацыі нас абодвых. Так і сталася. Пагаварыў ён з лекарам і Пецю звольнілі па здароўі. Падобная сытуацыя была з маімі дваюраднымі братамі Лазоўскімі. Іван падлягаў мабілізацыі, але Міша ня быў у СБМ. Таму Міша ўступіў да Рагулі ў эскадрон. Некаторыя з хлапцоў хаця звальняліся ад мабілізацыі па прычыне сяброўства ў СБМ дабравольна ўступілі ў эскадрон Рагулі, бо ім вайна падабалася лепш, як вучэньне ў сэмінарыі. Штосьці падобнае зрабіў у лютым і я з групай блізкіх сваіх сяброў, калі мы дабравольна запісаліся ў новаадкрытую афіцэрскую школу БКА ў Менску. Мы пашлі да кап. БКА Родзькі і сказалі што жадаем паехаць ахвотнікамі ў афіцэрскую школу БКА. Ён нас вельмі ахвотна прыняў і пахваліў нашу ахвоту далучыцца да збройных сілаў БКА. У хуткім часе ён выстараўся нам пасьветкі а заканчэньні ІІ-га курсу настаўніцкай сэмінарыі (такім чынам мы ўніклі здаваньня канчатковых экзаменаў). Ён-жа нам даставіў усе патрэбныя дакумэнты на пераезд у Менск. Вузкатаровай чыгункай мы даехалі з Наваградка да Наваельні. У Наваельні ўжо была шырокатаровая чыгунка. У Баранавічах мы затрымаліся начаваць у Soldatenheim (дом жаўнера). На адкосах чыгункі было шмат паразкідана ўзарваных вагонаў. Але мы ў Менск даехалі бяз ніякіх прыгодаў.
Даўжыня курсу ў афіцэрскай школе была разлічана на два гады. Усяго каманднага складу школы добра ня помню. Кіраўніком з нямецкага боку быў гаўптман Шнайдэр. Гэта быў здаровай фігуры чалавек, досыць шорсткага характару. Хадзілі чуткі, што ён часта хадзіў у жыдоўскае гэта ў Менску і ўласнаручна разстрэльваў там нявінных людзей. Ягоным заступнікам быў обэрлейтэнант Petri. Быў гэта чалавек мяккага характару і пісклівага голасу, як падаваў каманду. З нямецкіх падафіцэраў быў старшы сяржант Качынскі, сяржант Будкэ, сяржант Штык і яшчэ некалькі.
З беларускага боку камандантам школы быў капітан Мікула. Быў гэта завадовы афіцэр з польскай арміі. Ён безпасрэдна Шнайдэру ня быў адказны, а палкоўніку Кушылю, кіраўніку БКА. У адрозьненне ад Шнайдэра, Мікула карыстаўся сярод усіх аграмаднай папулярнасьцю і адданасьцю і ўсе бяз выніку пайшлі-б у часе патрэбы за ім у найбольшую небязпеку. Таксама папулярным афіцэрам быў старш. лейт. Кастусь Нор родам з Любча. З падафіцэраў памятаю сяржанта Максіма Рудзя, сяржанта Грамыко, капраля Заложука, старш. стральца Шымко.
Заняткі ў школе мы зачалі адразу-ж па прыезьдзе, кожны дзень.
Дзесьці ў канцы сакавіка, ці на пачатку красавіка ў афіцэрскую школу прыехала вялікая колькасьць вучняў. З Наваградка прыехалі амаль што ўсе хлапцы сэмінарысты. Мне бацькі з дому пераказалі ладную харчавую пасылку. У чэрвені я атрымаў яшчэ адну пасылку з дому, якую прывёз мне Пеця Булыка. Ён быў вучнем духоўнай сэмінарыі ў Наваградку. У 1943 годзе я быў на кватэры з ім і ягоным братам Коляй, які вучыўся ў Прэгімназіі на вуліцы Алеся Гаруна.
Будучы ў Менску раз удалося пайсьці на Беларускую опэру «Кветка шчасьця». Выступаў у ёй веданы опэровы сьпявак Міхась Забэйда-Суніцкі, які быў акурат тады праездам праз Менск. Кожнай начы падчас майго пабыту ў Менску былі ладжаныя алярмы, падчас якіх трэба было пакідаць кашары і ісьці хавацца ў акопы. Праўда налёту з бамбардаваньнем ня было ні аднаго разу. Савецкія самалёты праляталі над горадам высока. Кожны самалёт выглядаў як сярэбраны крыжык у сьвятле пражэктараў. Даўгія шнуркі артылерыйскіх снарадаў цягнуліся за імі. Былі выпадкі што самалёты былі састрэлены.
22-га чэрвеня ў Менску ў тэатральным будынку адбыўся ІІ-гі Усебеларускі Кангрэс. Пільнаваць будынку тэатру пад час адбыцьця Кангрэсу было прызначана афіцэрскай школе БКА. Мы ўсе поўнасьцю здавалі справу, які вялікі гэта быў гонар і адказнасьць узложаная на нас. Увесь тэатр мы акружылі шнуром жаўнераў разстаўленых адзін ад другога на адлегласьць выцягнутай рукі, а пры ўваходзе ў тэатр большай колькасьцю. Усе былі ўзброеныя вінтоўкамі, а кожная дружына кулямётам. З Наваградка на Кангрэсе быў школьны інсп. Орса, дыр. сэмінарыі Скрабец, мой сябра Пеця Булыка і настаўніца Рыттэр.
Як толькі мы вечарам вярнуліся ў кашары паветра было аж густое ад розных пагалосак што да стану і разпалажэньня усходняга фронту. Праўдападобна, што фронт ужо недалёка на усход ад Менску. Хутка афіцыяльна было паведамлена, што заўтра рана школа мае адступаць у кірунку на Вільню. Шматлікія з Наваградка ў гэты-ж вечар пайшлі на станцыю каб ехаць назад у Наваградак. Аднак ужо цягнікі не хадзілі. Усю ноч мы гатаваліся да вымаршу. Раніцай 23-га чэрвеня мы апошні раз машыравалі вуліцамі Менску. Навокал узрываліся будынкі, як немцы узрывалі іх, каб пакінуць Саветам толькі руіны. У Менску немцы не паставілі надыходзячым Саветам ніякага апору, або можа толькі слабы дзесь на акраіне гораду.
Спачатку мы машыравалі шасой у кірунку на Вільню. Пазьней мне ўдалося ўладзіцца на грузавую машыну і так даехалі аж да Вялейкі. Каля Вялейкі затрымаліся на начлег у полі. Ноччу пайшоў дождж і я добра прамок. Нараніцу быў досыць халодны вецер і я здорава прамёрз. Каля Вялейкі польскія партызаны застрэлілі двух нашых жаўнераў, якія неасьцярожна зайшлі ў польскую хату папрасіць штось выпіць. У Вільні нам прыдзялілі літоўскія вайсковыя кашары каля Вострай Брамы.
У часе дарогі я так моцна захварэў на горла, што ня мог ні піць, ні есьці, ні нават прамовіць слова. Шмат хлапцоў з Наваградзкай сэмінарыі вярнуліся назад дамоў на свой транспарт, г. зн. пешкам. Толькі невялікая колькасьць з нас асталася ў кашарах. Мы прастаялі каля пяці дзён і ўвесь гэты час я быў хворы. У канцы прышоў загад на вымарш. Мы вырушылі на чыгуначную станцыю, дзе нам былі прызначаны таварныя вагоны для транспарту. Мы размясьціліся ў гэтых вагонах, часткова на адкрытых плашчадках і ўвесь наш састаў зачаў паволі тузаць нас па станцыі, то ўперад то ўзад. Так трывала аж да вечара, калі раптоўна завылі сырэны, што набліжаецца савецкі налёт. І тут адкрылася ўсё неба, асьветленае нейкімі сьветламі, завешанымі на спэцыяльных парашутах. Навокал зачалася страляніна, як із самалётаў, так і зенітныя гарматы страляючыя па самалётах. Зачалі рвацца бомбы, запальваючыя і ўзрыўныя. Навокал зачалі гарэць, як сьвечкі саставы цягнікоў, якімі ўся станцыя была набітая бітком. Казалі пазьней, што была гэта польская правакацыя. Яны ведалі аб надыходзячым налёце саветаў на Вільню і спэцыяльна спрычыніліся што станцыя была ў гэтую ноч перапоўнена. Гэта быў першы памысны савецкі атак на Віленскую станцыю праз доўгі час. Казалі пазьней, што раніцай па налёце немцы разстралялі паляка, каманданта станцыі.
Страцілі немцы ў гэтую ноч вялікую колькасьць забітымі, галоўна таму, што акурат гэтым часам яны перавозілі вялікую колькасьць раненых жаўнераў з усходняга фронту ў Нямеччыну, і большая колькасьць іх так і згарэла жыўцом у часе налёту.
Хаця я і быў вельмі аслабеўшы з прычыны хваробы, мне ўдалося нейкім цудам прабіцца праз палаючыя саставы і навакольную страляніну і разрываючыяся навокал бомбы па досыць стромкім адкосе і выйсьці з палаючай станцыі. Хаця і тут навокал гарэлі дамы але выглядала шмат зацішней і мы сабраўшыся ў групу вырашылі правесьці рэшту ночы ў горадзе, у параўнальным зацішшы. Але хутка мы заўважылі, што былі мы тут не самі. Навокал нас бегалі якіясь людзі, якія пачалі акружаць нас што раз то цясьней. Было нас чалавек пятнаццаць, усе са зброяй. Хутка палякі пачалі дамагацца ад нас выдачы ўсёй нашай зброі. Быў сярод нас сяржант Заложук, які сказаў нам: хлопцы станавіцесь плячом да пляча і нічога не аддаём гэтым сукіным сыном. Мы зарэдзілі ўсе стрэльбы і трымалі на пагатове гранаты і пагрозілі натоўп, што калі не разыдуцца і нас не прапусьцяць то будзем страляць у натоўп. Натоўп збаяўся пагрозы і хутка разышоўся. Гэтым разам мы рашылі, што бязпячней будзе на станцыі, чымся ў горадзе і пайшлі назад туды. Налёт паволі страціў па сіле і толькі цяпер мы поўнасьцю ўбачылі ягоны вынік. Часткі дагараючых цягнікоў тарчалі ў неба найбольш нерэальнымі вугламі. Дагарваючая аглобля сялянскага возу чырвоным пальцам паказвала проста ў месяц. Ірзалі ў перадсьмяротным рзаньні коні, забраныя раней у сялянаў немцамі для транспарту. Навакол быў моцны запах гаручага мяса, як гарэлі стосы раненых жаўнераў, якія не змаглі былі ўцячы з гэтага пекла, прашчаліся між сабой у апошніх парывах паміраючыя жаўнеры.
Калі пазьней па вайне аглядаючы выставу Пікассавых абразоў я глянуў на ягоны славуты вобраз «Guerenica» мне аўтаматычна перад вычыма стаў вобраз з савецкага бамбардаваньня Вільні летам у 1944 годзе. «Guerenica» ёсьць адзіным з Пікассавых абразоў, які я поўнасьцю разумею; робіць ён на мяне ўражаньне, што я сам ёсьць часткай гэтага абразу. З Вільні мы выехалі раніцай у кірунку на Коўна дзе і затрымаліся ў вёсцы зв. па нямецкі Wirballen, па беларускі Вербалова, па літоўскі Вільковышкі. Прабылі мы тут каля тры тыдні, выкарыстоўваючы час на заняткі. З Вербалова нас накіравалі на Граева, а потым на Мазуры ў Маёнтак Альшынка каля горада Цеханова. Тут мы далей займаліся вайсковымі заняткамі. У канцы канцоў мы прыехалі ў Прусы ўсходнія каля мясцовасьці Klein Albrechtau. Мая дружына разпакавалася на фарме солтыса вёскі. Ён меў два каменныя дамы. У адным з іх жыў сам, а ў другім жыў у яго паляк із жонкай. Мне ўдалося ў хуткім часе навязаць кантакт із гэтай сям’ёй. Яны мелі якуюсь сувязь з польскімі партызанамі. Нават старалісь нагаварыць мяне перайсьці на партызанскі бок. Я ясна прапанову гэтую адкінуў. Прабылі мы ў Klein Albrechtau пару месяцаў, калі прышло разпараджэньне для нашага аддзелу на выезд у Францыю на Заходні фронт. У Францыю прыехалі мы цягніком на пачатку верасьня. Праяжджаючы праз Нямеччыну (ехалі пераважна начамі, а днямі стаялі замаскаваўшыся ў малых ляскох, праз якія праходзіла траса). Мы добра агледзелі, як вялікае знішчэньне нанесла бамбардаваньне амэрыканскага і ангельскага лётніцтва нямецкай гаспадарцы. Але немцы духам не падалі. Па кожным налёце руіны прыводзіліся да парадку і ня так ужо разілі вочы. Праз Бэрлін мы праехалі ў канцы жніўня ноччу і шмат чаго там не пабачылі, акрамя руінаў нядаўна зробленага налёту. Пачаткова нас было плянавана кінуць на абарону Парыжа, але покі мы даехалі туды, Парыж ужо быў заняты. Таму недаяжджаючы да Вальдаону атрымалі загад адступаць назад на усход. Падчас адступленьня ў дыскусіях паміж сабой было вырашана разлучыцца з немцамі і перайсьці на бок заходніх Саюзьнікаў. Аднэй ночы гэта і было зроблена. Знак да пераходу дала страляніна із кулямёта. Разам з падафіцэрамі мы ўсе пайшлі ў лес. Назаўтра раніцай навязалі сувязь з французкімі макістамі. Праз тыдзень часу мы хадзілі з імі па лесе робячы засадкі на адступаючыя нямецкія аддзелы. Тут мы ўжо спаткаліся і з ангельскімі парашутыстамі якія дастаўлялі зброю і кіраўнікоў для макістаў — спэцыяльна школеных жаўнераў з арміі De Gaulle’a (Дэ Голя). Афіцыяльна ў палон мы здаліся амэрыканцам у вёсцы Клервал 18-га верасьня 1944 году. Так як мы ўсе былі ў нямецкіх уніформах (сьветла-зялёнага колеру) амэрыканцы нас трактавалі як звычайных нямецкіх ваеннапалонных і адразу мы былі звербаванымі на працу пры вайсковым цмэнтары ў вёсцы Сэнт Жын, дзе мы хавалі забітых на фронце амэрыканцаў, французаў і немцаў. Праца гэтая была цяжкай фізічна, але чыстай. Найгоршай была праца пры адкопваньні пахаваных раней немцаў і перавозцы іх на цмэнтар у Сэнт Жын. Былі яны пахаваны на нізкім і зацякаўшым грунце. Нормай працы на дзень было выкапаць аднаго немца і загрузіць яго ў прычэпку да самаходу. Найлепшым спосабам было дакапацца да ног, залажыць пятлю з вяроўкі за ногі, другі канец вяроўкі прывязваўся да самаходу і як самаход запусьціўся ў рух ён выцягваў немца з ямы. Капаць трэба было вельмі хутка, бо грунт быў вельмі мокры і вада хутка залівала яму. Калі ўсе немцы прызначаныя на гэты дзень былі выкапаныя, грузілі мы іх у прычэпкі і вязьлі на агульны цмэнтар у Сэнт Жын.
Сярод амэрыканцаў прызначаных да нашай аховы адзін быў польскага, адзін рускага і адзін чэскага паходжаньня. Усе яны аднак былі файнымі і дружнымі хлопцамі. Харчаваньне тут было слабаватае — адны кансэрвы фасолі або картофляў змешаных з маркоўю, і адна малая кансэрва бісквітаў, у якой часамі было ўложана пару папяросаў. Хадзілі пагалоскі, што амэрыканцы прадавалі нашы харчы французам за напітак. Праўда амэрыканцы часамі давалі нам крыху больш яды. Немцы, якіх мы адкопвалі былі на скраю лесу і часам падчас працы амэрыканцы дазвалялі нам збіраць у лесе арэхі і ягады. Часам едучы дамоў яны затрымаюцца каля саду і мы рабілі на яго хуткі выпад. Адным словам, як там ня было з амэрыканцамі ў нас былі вельмі добрыя зносіны.
Другім спосабам паляпшэньня харчаваньня быў гандаль з французамі на рэчы якія мы зьнялі із забітых амэрыканцаў, як папяросы, бацінкі. Французы мянялі гэта на хлеб, сыр, віно. Як французы, так і мы з гандлю былі задаволены. Амэрыканцы з свайго боку вялі так-ж гандаль з французамі.
Паволі работа на цмэнтары даходзіла да канца. Парабілі мы шырокія сьцежкі паміж радамі магілаў. Зроблена была брама і была пастаноўлена навакольная сьцяна з каменьняў. Амэрыканцы пачалі на пачатку лістапада зьнімаць нас з працы і перавозіць у абоз для ваеннапалонных у Эпіналі, а пазьней у лягер каля Марсэлі. У Марсэлі сабраўся аграмадны лягер для ваеннапалонных. Тут ужо зачалі раздзяляць нас усіх паводле нацыянальнасьці, як Палякі, Рускія, Чэхі, Немцы, Вугорцы, Баўгары, Румуны, Італьянцы, Французы, Гішпанцы і іншыя нацыянальнасьці, якія толькі ні былі ў нямецкай арміі. Да рускіх залічылі ўсіх грамадзян СССР.
Наша група афіцыйна зрабіла дамаганьне ў каманданта лягеру, каб былі залічаны ў асобнай нацыянальнасьці, беларускай. Нажаль, камандант лягеру ня пагадзіўся з намі і ўвесь час нас прыпісвалі да рускай групы. Пайшоў ён толькі на адну ўступку, а іменна запісаць Беларусаў да польскай групы, каб даць ім нагоду пазбегчы прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР. Некаторыя беларусы скарысталі з гэтай выгоды і прыпісаліся ў польскую групу, але шмат ня ўсе. Камэндант лягеру аказаўся расейскім сымпатыкам і рабіў рускім усякія палёгкі, а на беларусах якія прыпісаліся да палякаў мсьціўся. Яда тут ужо была лепшая, давалі шмат бісквітаў і корнбіфу ў вялікіх 10-ці фунтовых кансэрвах, якую падзялялі на 10 чалавек. З гэтага корнбіфу мы варылі сабе суп. Але варыць можна было толькі ззаду за рускімі баракамі. І вось камандант хадзіў сабе за баракамі з двума «Ванькамі» і калі яны там толькі выкрылі «польскіх» беларусаў варачых суп, камандант бясцырымонна разкідаў іх вогнішча, а кухаром даваў капняка ў задніцу і сурова забараняў ім больш туды прыходзіць.
У лягеры трэба было хадзіць на розныя працы, напр. памагаць у сталярні і кузьні. Рускія былі звольнены ад абавязкаў выконваньня ўсякай працы. Таксама атрымлівалі яны большыя харчовыя пайкі.
Таму мы былі вельмі задаволены калі нам прыйшоў загад выезду ў Італію ў канцы лістапада ў польскую армію гэн. Андэрса. Пагрузіліся мы на параплаў у Марсэлі і па пару днях былі ў Італьянскім порце Нэяпалі. Там нас адправілі ў лягер ваеннапалонных пад наз. Лямія. Тут кожнай раніцай мы абсарвавалі вулкан Вэзувіюш. Тут таксама былі яшчэ іншыя нацыянальнасьці, Немцы, Палякі і г. д. Кармілі тут вельмі нас блага. Мы бачылі праз драты, як немцы насілі амаль што падвойныя пайкі ад нашых. Аказалася пазьней, што Польская адміністрацыя крала нашы прадукты і прадавала іх італьянцам. Былі мы вельмі задаволены, калі па якімсь тыдні часу нас зноў пагрузілі і перавязьлі ў порт Таранто, а тады ў вайсковы польскі абоз San Basilio. Тут нас прыпісалі да кампаніі цэнзусоўцаў, г. зн. тых, што могуць ісьці вучыцца ў афіцэрскай школе. Такая школа была ў Матэры. Нажаль па некаторым часе было паведамлена, што ў афіцэрскую школу прымуць толькі тых хто меў эдукацыю, прынамся да ўзроўня малой матуры, зробленую яшчэ за Польшчу, г. зн. ня прызнавалі эдукацыі з часоў нямецкай акупацыі. Такім чынам уся Беларуская часьць кампаніі цэнзусоўцаў (большая часьць) была не дапушчана да афіцэрскай школы. Некалькі Беларусаў былі прыняты ў афіцэрскую школу і хутка выехалі ў Матэру. Кіраўніком кампаніі цэнзусоўцаў быў паручнік Мороз. Быў ён украінцам з паходжаньня, але апалячаным. Беларусы тут чуліся вельмі свабодна. Вечарамі з намётаў разлягаліся беларускія нацыянальныя песьні. Далучылася было тут да нас некалькі ўкраінцаў львавянаў. Часта ў намётах праходзілі ажыўленыя дыскусіі паміж намі, палякамі і украінцамі. Амаль што кожную нядзелю ў Сан Басіліё адбываліся праваслаўныя багаслужбы, ня толькі для тых, што былі ў гэтым лягеры, але часта прывозілі на багаслужбы праваслаўных і з іншых лягераў. Была гэта добрая нагода вышукоўваць Беларусаў і мы адшукалі сяброў са школы БКА ў Менску, якія адбіліся ад нас.
Усіх нас што не прынялі на афіцэрскую школу аўтаматычна запісалі на падафіцэрскую, якая была тут-жа ў San Basilio. Аднак па некалькі тыдняў заняткаў было пастаноўлена выслаць большасьць з нас на фронт. Прыехалі мы ў горад Форлі і там зачалі пытаць, у якія аддзелы хто хоча прыпісацца. Мы сказалі, што мы чулі, што ёсьць аддзелы зложаныя ў большыні з Беларусаў і мы хацелі-б далучыцца да іх. Мяне прыпісалі ў 17-ты батальён львоўская брыгады 5-ай дывізіі якой камандаваў гэн. Сулік. Аддзел мой стаяў недалёка ад Форлі і давязьлі мяне туды самаходам пад вечар. Акружыла тут нас група жаўнераў і зачалі разпытваць хто і адкуль надзеючыся знайсьці сярод нас знакомых. Мы таксама распытвалі іх. Пасябраваў я з адным беларусам родам з-пад Беластока Плеўка па прозьвішчы. Сапраўды паказалася што тут было Беларусаў больш як Палякаў, хаця нацыянальна яны ня былі сьвядомымі. Былі гэта людзі якіх саветы саслалі ў Сібір па заняцьці Зах. Беларусі ў 1939 годзе. З Плеўкам у мяне завязалася гарачая дружба. Ён быў чалавекам душа ў разпашкі, вельмі адважным на фронце. Меў найвышэйшае польскае адзначэньне, Order Virtuti Militari. Раз ужо па заканчэньні вайны калі наш аддзел быў закватэраваны ў Maeske каля Вэнэцыі мы з ім ад’ехалі далёка ў мора і ён прызнаўся пад вялікім сакрэтам, што ён ёсьць Беларусам, а не Палякам, як гэта запісана ў яго эвідэнцыі. Мне зрабілася сьмешна і я яму сказаў, што я ведаў праз увесь час, што ён не Паляк а Беларус. Ён быў гэтым здзіўлены і запытаўся адкуль я мог гэта ведаць. Я яму адказаў, што я ведаў гэта па ягоным прыгожым беларускім акцэнце.
У гэтым часе паўночны фронт даўжэйшы час затрымаўшысь быў на лініі ракі Segno (Сэніё). Давезьлі нас самаходамі да т. зв. падставы выйсьцёвай а стуль дружынамі мы машыравалі да свайго адрэзку фронту. Навокал уся зямля нагадвала пэйзаж больш падобны да месячнага, чымся да якога з гэтай зямлі. Уся ваколіца была пакрыта кратэрамі створанымі снараднымі і бомбавымі ўзрывамі. Адрэзкам нашым аказалася адна італьянская casa (хата) у сярэдзіне якой было зроблена з мяшкоў з пяском некалькі бункераў. Пасярэдзіне хаты была аграмадная бочка з віном.
Аддзел які мы звальнялі са службы разказаў нам коратка, што і як. Мы разставілі варту з фронту і тылу і асталіся тут.
Былі мы на адным (правым) баку ракі Segno, а немцы ўкапаныя ў бункерах на левым баку. Прыслухаўшысь можна было чуць нямецкую гутарку і музыку з патэфонаў.
Так прабылі мы тут 3 тыдні. Яду і амуніцыю прыносілі нам з тылу начамі, бо днямі было немагчыма. Нават ноччу трэба было ісьці вельмі асьцярожна, так як амаль што ўся мясцовасьць была падмінавана. Заданьнем сапэраў было выкрываць гэтыя міны і або іх адкопваць і забіраць адтуль, або азначыць месца знаходжаньня міны спэцыяльнай белай стужкай з плястыку, каб усім было ведама іх месцазнаходжаньня. Увесь час было тут шмат страляніны, хаця было трудна сказаць хто калі страляў па кім. Нам сказалі не стаяць у франтавых вокнах, так як немцы іх добра мелі пад кулямётным абстрэлам. І сапраўды ў кожнае акно час ад часу прыходзіла сэрыя абстрэлаў з кулямётаў.
Аддзел наш меў быць звольнены ў ночы на Вербную нядзелю 1945 году. У сыботу па поўдні немцы зачалі нас моцна абстрэльваць з артылерыі. А мы сядзелі, як мышы пад мятлой, і лічылі снарады. Пару снарадаў пала дакладна на casa. Адзін з іх аказаўся нявыпалам. Страха хаты і столь поўнасьцю заваліліся і знішчылі франтавы бункер і жаўнеры з яго перайшлі ў наш тыльны, перапаўняючы яго па берагі. Навокал жаўнеры маліліся на каленях.
Мы спадзяваліся хуткага наступу пяхоты, аднак ён на шчасьце, ня прыйшоў. Ноччу прышоў аддзел звальняючы нас і яны не давалі веры вачам, што тут адбывалася. Адыходзячы мы пажадалі ім шчасьця. Спярша пехатой а пазьней самаходамі мы прыехалі назад у Форлі, дзе нам далі ў горадзе выгадныя кватэры.
Адпачывалі мы ў Форлі да часу покі не разпачалася зноў афэнзыва на паўночным фронце (здаецца ў красавіку 1945 г.). Здабываць пазіцыяў над ракой Segno нас не паслалі. Зрабілі гэта іншыя аддзелы. Наступным апорным пунктам была рака Santerno, працякаючая амаль-што паралельна да Segno. Бараніліся тут немцы вельмі заядла. Трэба было перацягваць саматужна на другі бок артылерыю. Некаторым танкам таксама ўдалося перайсьці на другі бераг. На другім беразе афэнзыва ішла ў поўным разгары. З нашага боку былі вялікія ахвяры. Асабліва вялікі апор ішоў з аднаго пункту. Было пастаноўлена акружыць гэты пункт. На гэта назначылі аднаго старшага стралка Леманчука, другога жаўнера Ванота і мяне. На каленях мы зайшлі на тыл, цывільныя італьянцы паказвалі нам дзе немцы былі схаваўшыся. Мы зайшлі поўнасьцю на тыл скуль нас раптам абстралялі. Леманчук паў забіты на месцы. Я атрымаў невялікую рану ў нагу. Мы раптоўна пачалі страляць у кірунку скуль ішлі стрэлы на нас. Немца, які вартаваў тыл мы ранілі. Даскочылі да дзьвярэй і загадалі тым унутры выходзіць пакідаючы ўнутры ўсю зброю і здавацца, так як яны поўнасьцю акружаныя. Па кароткіх перагаворах паміж сабой немцы зачалі выходзіць і здавацца. Мы іх перашукалі, сказалі закласьці рукі за патыліцу і сфармавалі іх усіх у адзін рад і я з пераду а Ванот з тылу павялі іх у Аддзел. Было ўсіх разам 17 немцаў. Адвялі мы іх у камандаваньне батальёну. Сабралася вялікая група польскіх жаўнераў з крыкамі і пагрозамі. Камандаваньне батальёну пастанавіла разстраляць усіх палонных, што хутка і было выканана. Быў гэта вельмі брыдкі і нялюдзкі ўчынак, і праз доўгі час я меў вялікі нясмак у роце.
Як закончылася вайна было паведамлена, што Леманчуку надалі пасьмертна Order Virtuti Militari. Мне і Ваноту надалі Кжыш Валечных. Я аднак ад свайго адмовіўся, як прычыну падаючы разстрэл 17-ці ваеннапалонных. Спрычыніла мне гэта шмат дробных непраемнасьцяў. Як закончыліся вайсковыя дзеяньні наш Аддзел быў усталяваны ў італьянскіх кашарах у Maedtre, прадмесьце Вэнэцыі.
Несьлі мы вартаўнічую службу над амэрыканскімі і ангельскімі вайсковымі складамі ў Вэнэцыі.
Некаторыя выкарысталі гэта, як спосаб зарабленьня грошай, прадаючы тавары італьянцам. Тавараў была маса і разнастайныя — бэнзіна ў бочках, самаходы, колы да іх, апоны, шыкалад, папяросы, напіткі, спажыўчыя прадукты. Ня ўсе аднак выйшлі з гэтай справы цэлымі. Адзін Беларус капрал Ломан быў здэградаваны за тое, што жаўнеры з яго дружыны прадавалі тавары італьянцам. Іншы Беларус Кастусь Амор папаў за крадзеж у вязьніцу.
Прадаваць тавары было вельмі лёгка. Перад тым як стаць на варту дагаворваліся з італьянцамі, каб а такой такой гадзіне яны былі там і там. Астальное ўжо толькі справа нагружэньня. Я выкарыстаў пастой у Вэнэцыі, каб добра пазнаць гэты цікавы горад. Пазнаў яго так добра, што ў канцы я мог прайсьці з аднаго канца ў другі. Тут мяне трохі пачала цягаць двойка, г. зн. вайсковая тайная служба. Аднаго разу мяне паклікалі ў камандаваньне батальёну і сказалі, што я мушу ехаць з жандармам у Балёнію. Заехалі мы ў Балёнію і жандарм завёў мяне вузкімі сходамі аж на апошні паверх блёку. У пакоі сядзеў паручнік жандармэрыі. Побач пры ім на стале ляжаў пісталет. Паручнік гаркнуў мне пытаньне: «Czy ty służyłeś w SS?» (Ці служыў ты ў СС?) Я адказаў, што не. Гартаючы паперы ён сказаў: «Ja mam ty zeznanie że ty służyłeś w SS» (Я маю паказаньне, што ты служыў у СС). Я адказаў, што гэта хлусьня. Так ён мяне дапытваў каля гадзіны часу. На заканчэньне прыказаў мне нікому нічога не гаварыць аб гэтым інтэрв’ю. Нават даў падпісаць у гэтым сэнсе бумажку. Паклікаў ён назад жандарма, які мяне прывёз сюды, і сказаў яму адвезьці мяне назад у Вэнэцыю. Як я прыехаў назад то шматлікія з маіх сяброў былі заклапоціліся аб маім лёсе.
У чэрвені 1945 г. прышло паведамленьне з Ген. Камандаваньня 5-ай Крэсовай Дывізіі, што ў Модэне адкрываецца польская гімназія і ліцэй і што жадаючыя могуць запісвацца. Я запісаўся і шматлікія Беларусы таксама. Як прыйшло да выезду, то аказалася, што былі тут толькі Беларусы. Як мы прыехалі ў Модэну, мяне запісалі ў 3-ю клясу гімназіі.
Прышлося тут спаткацца із сваімі сябрамі са школы БКА з якімі разлучыўся пад час рожных пераездаў. Некім спосабам мы атрымалі вестку, што адзін з выкладчыкаў гімназіі ёсьць Беларусам. Гэта нас вельмі ўцешыла. Беларусам гэтым аказаўся праф. Вінцук Грышкевіч. Хутка мы з ім навязалі сакрэтную лучнасьць, і мелі частыя сакрэтныя спатканьні. Спачатку прыходзілася труднавата з навукай, асабліва польскай мовай, якую я амаль поўнасьцю забыўся і з лацінай, якой я ніколі ня вучыўся, але ў хуткім часе я пераадолеў цяжкасьці. Грышкевіч выкладаў гісторыю. Ён канцэнтраваўся пераважна на гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У канцы школьнага году я здаў усе экзамены і быў пераведзены ў 4-ю клясу гімназіі. На перарыў паміж школьнымі гадамі я выехаў назад у свой аддзел у Maedtre. Мне сказалі там, што для мяне там німа ніякай работы. Таму я ўзяў доўгатэрміновы урлёп і выехаў у Вэнэцыю дзе затрымаўся ў гатэлі Allegro Stazione. Побыт у Вэнэцыі быў маімі найлепшымі ваеннымі часамі. Прыходзілася надалей езьдзіць на праваслаўныя службы і спатыкацца з Беларусамі. З распачацьцем новага школьнага году я паехаў назад у Mоdenu. Тут мы навязалі сувязь з беларускімі айцамі ў Рыме праз якіх мы атрымлівалі беларускую газэту, якую выдаваў у Францыі Сп. М. Абрамчык Беларускія Навіны. Газэта вельмі шмат падтрымала на духу. Мы яе перачытвалі і дыскутавалі над ёй. Было прыемна ведаць, што апрача нас іншыя людзі вядуць беларускую справу. У восень 1945 года прышоў час на выезд у Англію на сталае пражыцьцё і таму мы заядла зубрылі ангельскую мову, хаця яна прыходзіла надзвычайна трудна. Я думаў, што яе ніколі не наўчуся. Дзесьці ў кастрычніку мы выехалі з Нэаполю і па тыдні часу прыехалі ў Glasgow. У міжчасе было пастаноўлена спалучыць гімназію і ліцэй 5-ай дывізіі з такімі ў 3-й дывізіі, з седлішчам у Боднэй Камп у Норфольку (паўночна усходняя Англія). Не абышлося бяз прыкрасьцяў. Па прыезьдзе ў Англію мы залажылі арганізацыю пад назовам Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі, старшынёй якой стаў праф. В. Грышкевіч. Як аб гэтым даведалася кіраўніцтва гімназіі, то Грышкевіча адразу разлічылі з функцыі гісторыка, а Беларусаў студэнтаў усіх звольнілі. Грышкевіч пераехаў у Лёндан і зачаў весьці ўзмоцненыя захады, каб нас прынялі назад у школу. Да мяне ў абоз прыяжджаў асабіста гэн. Сулік на розпыты ў выніку чаго мяне прынялі назад у ліцэй. Пад час гутаркі са мной Сулік сказаў, што будучы студэнтам у Пецярбургу ён належыў да беларускага студэцкага аб’еднаньня. Бяз большых труднасьцяў я здаў канцавы экзамен на этыстат сьпеласьці або Matriсulation Examination, і запісаўся на інжынерны курс у Polish University College, P.U.C., які быў спэцыяльна зарганізаваны Лёнданскім Унівэрсытэтам для ўдзельнікаў Польскай Арміі, што былі на баку заходніх аліянтаў падчас вайны. На P.U.C. я пахадзіў да часу покі мы ня купілі Беларускі Дом на 52 Penn Rd. а тады ў восені 1948 г. запісаўся на Woolwich Politechnic дзе ўзяў студыяваць хэмію, фізіку і матэматыку на B. Sc. (Gen.) Degree (вучоная ступень бакалаўра навук) на два гады. Па заканчэньні Унівэрсытэту па двух гадох я стаў працаваць у індустрыі, спярша спажыўчых тавараў а пазьней industrial detergents (прамысловыя мыючыя сродкі), мяняючы фірмы час ад часу...